тале́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Сталовая пасуда круглай формы з шырокім дном і прыўзнятымі краямі. Дэсертная талерка. □ Стол заслалі, прынеслі талеркі з вяндлінаю .. і селі піць чай. Колас. На талерках дыміцца лёгкай парай вараная ружаватая трусяціна. Навуменка. // Колькасць стравы, якая ўмяшчаецца ў такую пасуду. [Дзядзька:] — Была б у калгасе сталовая, то капусты б міску вычарпаў, адбіўную б умяў ці верашчакі б талерку блінамі вымачаў. Бялевіч. У міг з’явіўся на стале «журавель» з гарэлкай, а поруч з ім міска мёду і талеркі маласольных агуркоў. Васілевіч.

2. толькі мн. (тале́ркі, ‑рак). Ударны музычны інструмент, які складаецца з двух металічных дыскаў. Аркестравыя талеркі.

3. Спец. Назва розных дэталей, якія маюць форму дыскаў. Буферныя талеркі.

•••

Не ў сваёй талерцы — у нязвычным стане, не ў звычайным для сябе настроі.

[Ад ням. Teller.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

яць, ‑я, м.

Назва літары «ѣ» у царкоўнаславянскім і дарэвалюцыйным рускім алфавіце, што абазначала гук, які пазней у беларускай мове супаў з «е». Шыльды з цьмянымі залачонымі надпісамі, часамі яшчэ з цвёрдымі знакамі і яцямі, старанна абвяшчалі, што за аднымі дзвярыма знаходзіцца майстэрня гадзіннікаў, за другімі — бакалея. Скрыган. Думаеце, сапраўдная грамата такая лёгкая. Не, ты спачатку папацей, патлумі сабе галаву, каб у яе ўвайшло, дзе трэба «яць» паставіць, дзе «фіту». Навуменка.

•••

На яць хто-што — вельмі добры, выдатны па сваіх якасцях. [Васіда:] — Вось, прашу! Дакуменцікі на яць! Лепш, чым сапраўдныя... С. Александровіч.

На яць (рабіць, зрабіць што‑н.) — вельмі добра, беззаганна, як патрабуецца. — Ну як жа, хлопцы, рэйд? Усё ў парадку, Міхась? — апошнім запытаннем звяртаецца.. [дзядзька Мірон] да свайго брыгадзіра. — На яць! А то што ж бы мы за гаспадары з табою былі? Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Барэ́ц1 (спарт.). Мабыць, запазычанне з рус. боре́ц (гэта слова, відаць, праславянскае — nom. agentis з суф. *‑ьcь ад *borti () ’змагацца’, гл. баро́цца; вельмі няпэўна Шанскі, 1, Б, 167: утварэнне ад *borъ ’барацьбіт’).

Барэ́ц2 ’расліна баршчэўнік сібірскі, Heracleum sibiricum L.’ (Кіс.). Укр. борец ’Heracleum Sphondylium L.’ (Макавецкі, Sł. botan., 178). Ад слав. *borьcь (< *borti (), гл. баро́цца). Матывацыя не зусім ясная. Магчыма, таму, што сцябло расліны пакрыта цвёрдымі валаскамі. Але не выключаецца, што назва дадзена ад моцнасці расліны (вышыня яе 90–200 см). Нарэшце, можна думаць і пра іншую матывацыю: расліна мае вострае лісце (адсюль і яе назвы ад асновы *bъrščь, Фасмер, 1, 198, гл. боршч, баршч; супраць такой этымалогіі Мяркулава, Очерки, 61–62). Цікава, што навуковая назва расліны — Heracleum узнікла ад імя антычнага героя Геракла (як думаюць, таму, што расліна вельмі моцная, высокая і мае лячэбныя ўласцівасці; Сімановіч, 229; Нейштадт, Определитель, 422).

Барэ́ц3 ’расліна мардоўнік, Aconitum L.’ (Інстр. II). Рус. боре́ц, укр. боре́ць, боре́ц. Бясспрэчна, ад *borti () (гл. баро́цца). Расліна Aconitum вельмі ядавітая і з яе рабілі атруту для ваўкоў. Нейштадт, Определитель, 254–255; Сімановіч, 8; Махэк, Jména rostl., 46. Параўн. яшчэ іншыя назвы для Aconitum: рус. волкобой, чэш. vlčí mor, psí mor, славен. pasja smrt, лац. aconitum lycoctonum, cynoctonum і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АРЛЕА́Н (Orléans),

горад у цэнтр. частцы Францыі, на р. Луара. Адм. ц. дэпартамента Луара і гал. горад гіст. вобласці Арлеанэ. 105,5 тыс. ж. (1982). Буйны трансп. вузел. С.-г., эл.-тэхн. машынабудаванне. Харч. цэнтр гароднінна-садавіннага рэгіёна, харчасмакавая (вытв-сць вінаў), тэкст., фармацэўтычная прам-сць. Ун-т. Музеі (у т. л. Жанны д’Арк).

У старажытнасці быў гал. горадам (наз. Цэнабум) кельцкага племя карнутаў. У 1 ст. да н.э. разбураны Цэзарам, адноўлены ў 3 ст. рым. імператарам Аўрэліянам (адсюль назва Аўрэліянум, Арлеан). У 6—7 ст. цэнтр Арлеанскага каралеўства. У 12 ст. буйны гандл. цэнтр з частковым самакіраваннем. У 1309 засн. ун-т. У Стогадовую вайну 1337—1453 Арлеан пасля 7-месячнай аблогі англічан у маі 1429 вызвалены франц. войскамі на чале з Жаннай д’Арк. У перыяд рэлігійных войнаў 16 ст. адзін з цэнтраў гугенотаў. У 1560 у Арлеане скліканы Ген. штаты. У 1870 яго двойчы займалі прускія войскі. Горад захаваў аблічча 18 ст., ёсць помнікі архітэктуры 10—18 ст. (гатычны сабор Сент-Круа, з 13 ст.; царква Сент-Эверт; рэнесансавая царква Нотр-Дамдэ-Рэкуўранс, 1513—19; класіцыстычныя, барочныя збудаванні і інш.).

т. 1, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНСК,

горад у Расіі, цэнтр Бранскай вобласці, на р. Дзясна. 478,1 тыс. ж. (1994). Чыг. вузел. Машынабудаванне і металаапрацоўка (с.-г., дарожныя і ірыгацыйныя машыны, цеплавозы, вагоны, рухавікі і інш.), хім., лёгкая (абутковая, швейная), дрэваапр., харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў (сілікатная цэгла, жалезабетонныя вырабы). 4 ВНУ. 3 т-ры. Гіст.-рэвалюцыйны музей.

Засн. ў 985 як слав. ўмацаванае паселішча. Першапач. назва Брынь, потым Дзебранск. Як горад упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе каля 1146, належаў чарнігаўскім князям. З 1159 у складзе Вшчыжскага княства, у 1167 зноў адышоў да чарнігаўскіх князёў. З 1252 цэнтр Бранскага княства. У 1356 захоплены Альгердам і ўключаны ў ВКЛ. У 1500 Бранск занялі войскі Івана III, горад увайшоў у Маскоўскую дзяржаву. У часы Пятра I у Бранску закладзена суднаверф, дзе ў 1737—39 будаваліся судны Бранскай флатыліі для паходу ў Турцыю. З 1709 у складзе Кіеўскай губ., з 1778 павятовы горад Арлоўскай губ. У 19 ст. — цэнтр Бранскага прамысл. раёна; у 1870-я г. створана т-ва Бранскага рэйкапракатнага, жалезаапрацоўчага і мех. з-даў. У Вял. Айч. вайну моцна разбураны. У бранскіх лясах дзейнічала каля 60 тыс. партызан. Вызвалены ў выніку Бранскай аперацыі 1943.

т. 3, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКЗА́Л (ад англ. Vauxhall — назва забаўляльнай установы каля Лондана ў 17 ст.),

будынак ці комплекс будынкаў, збудаванняў і прыстасаванняў для абслугоўвання пасажыраў, кіравання рухам транспарту і размяшчэння службовага персаналу. Адрозніваюць чыгуначныя, рачныя, марскія, аўта- і аэравакзалы, а таксама аб’яднаныя, ці комплексныя (напр., чыгуначна-аўтобусны). Першыя вакзалы з’явіліся з пачаткам пасажырскіх перавозак па чыгунцы (напр., вакзалы на лініі Стоктан—Дарлінгтан у Англіі, 1822—25).

На Беларусі чыгуначныя вакзалы будавалі адначасова з пракладкай чыгунак. Будынак вакзала (Віленскага) у Мінску адкрыты ў 1874 (перабудаваны ў 1939, пасля Айч. вайны адноўлены ў 1949, з 1980-х г. узводзяцца новыя будынкі), у 1866 пабудаваны Віцебскі чыгуначны вакзал, да 1867 — чыг. вакзал у Гродне (у 1948 рэканструяваны, у 1986 пабудаваны новы), у 1886 — Брэсцкі чыгуначны вакзал (у 1956 рэканструяваны), у 1-й пал. 20 ст. пабудаваны Магілёўскі чыгуначны вакзал, Слонімскага вакзала будынак. Адноўлены разбураныя ў Айч. вайну і рэканструяваны вакзал ў Баранавічах (1947), Гомелі (1948), Оршы (1951), Полацку (1953). Пабудаваны аэравакзалы: у Мінску (гл. Мінскія аэрапорты), Брэсцкі аэравакзал, у Гродне (1962), Салігорску (1965), Бабруйску (1966), Гомелі (1976), Магілёве (1971). У ліку буйных аўтавакзалаў Беларусі Мінскі аўтавакзал «Усходні». На суднаходных рэках будуюцца рачныя вакзалы (Мазырскі рачны вакзал).

т. 3, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЫЯЦЫ́ЙНАЕ ЗЛІЧЭ́ННЕ,

раздзел матэматыкі, які вывучае тэорыю экстрэмуму (найбольшых ці найменшых значэнняў) функцыяналаў, залежных ад адной ці некалькіх функцый, падпарадкаваных пэўным абмежаванням. Узнікла ў 18 ст. на аснове прац. Л.Эйлера і Ж.Лагранжа як развіццё метадаў рашэння экстрэмальных задач механікі і фізікі. Першымі былі задачы аб брахістахроне, паверхнях вярчэння, знаходжанні геадэзічнай лініі і ізаперыметрычная задача (напр., знаходжанне замкнёнай плоскай лініі зададзенай даўжыні, якая абмяжоўвае найб. плошчу).

Варыяцыйнае злічэнне грунтуецца на паняцці варыяцыі (абагульненне паняцця дыферэнцыяла на выпадак функцыяналаў; адсюль назва). Гал. пытанні даследаванняў класічнага варыяцыйнага злічэння — умовы існавання і метады знаходжання экстрэмальных функцый, а таксама неабходныя і дастатковыя ўмовы, якія яны павінны задавальняць. Значны ўклад у распрацоўку і развіццё варыяцыйнага злічэння зрабілі А.Лежандр, К.Веерштрас, Д.Гільберт, ням. матэматыкі К.​Якобі, К.​Каратэадоры і інш. Абагульненнем задач класічнага варыяцыйнага злічэння з’яўляюцца задачы аптымальнага кіравання, даследаванні якіх пачаліся ў 1950-я г. (Л.​С.​Пантрагін, Р.​В.​Гамкрэлідзе, У.​Р.​Балцянскі), на Беларусі вядуцца з 1960-х г. (Р.​Габасаў і Ф.​М.​Кірылава).

Літ.:

Лаврентьев М.А., Люстерник Л.А. Курс вариационного исчисления. 2 изд. М.; Л., 1950;

Янг Л. Лекции по вариационному исчислению и теории оптимального управления: Пер. с англ. М., 1974.

В.​В.​Гарохавік.

т. 4, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСТ-І́НДЫЯ (West Indies),

агульная назва астравоў Атлантычнага ак. паміж мацерыкамі Паўн. і Паўд. Амерыкі. Агульная пл. каля 240 тыс. км². Нас. больш як 35 млн. чал. (1993). Астравы выцягнуты дугой на 3500 км. Уваходзяць у склад Лацінскай Амерыкі. Вест-Індыя ўключае: Багамскія, Вялікія Антыльскія астравы, Малыя Антыльскія астравы, Трынідад, Табага і інш. а-вы; найб.в-аў Куба. Рэльеф моцна расчлянёны, пераважна гарысты. Выш. да 3175 км (на в-ве Гаіці). Рэгіён моцна сейсмічны (акрамя раўніннай часткі Кубы), шмат дзеючых і патухлых вулканаў (Суфрыер, Мантань-Пеле і інш.). Радовішчы марганцавай і жал. руды, храмітаў, нафты, баксітаў, фасфарытаў і інш. Клімат трапічны пасатны. На раўнінах вырошчваюць цукр. трыснёг, трапічныя культуры, у гарах ёсць участкі вечназялёных і лістападных лясоў, другасныя саванны. На астравах Вест-Індыі размешчаны дзяржавы: Антыгуа і Барбуда, Багамскія Астравы, Барбадас, Гаіці, Грэнада, Дамініка, Дамініканская Рэспубліка, Куба, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Сент-Кітс і Невіс, Сент-Люсія, Трынідад і Табага, Ямайка, а таксама шэраг уладанняў Вялікабрытаніі, ЗША, Нідэрландаў і Францыі. Астравы адкрыты Х.​Калумбам (1492—1502) і да пач. 16 ст. памылкова лічыліся часткай Азіі. Названы пазней у адрозненне ад Ост-Індыі.

т. 4, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1918 у Віцебску як губернскі на базе музеяў старажытнасцей пры Віцебскім губ. стат. к-це (засн. ў 1868), Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, матэрыялаў Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея, Віленскага ваен. збору, прыватнага музея В.​П.​Федаровіча, калекцый А.​Брадоўскага і інш. З 1924 — Віцебскае аддз. Бел. дзярж. музея, з 1929 Віцебскі культ.-гіст. музей, з 1951 сучасная назва. У Вял. Айч. вайну частка экспанатаў разрабавана ням.-фаш. захопнікамі. Адноўлены ў 1945. Займае будынак б. ратушы (18 ст.), мае 16 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 921 м²), каля 157 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). Аддзелы: н.-д. фондаў, навук асветны, рэстаўрацыйна-мастацкі. Сярод экспанатаў археал. знаходкі, берасцяная грамата 13 ст., кніга прывілеяў Віцебска, рыцарскі пояс караля Стафана Баторыя, кларнет караля Яна III Сабескага, старадрукі 17—18 ст., посуд Налібоцкай і Ўрэцкай мануфактур 18 ст., калекцыі манет 9—20 ст., у т. л. рэдкая — яфімкаў, стараж. зброі, атрыбутыкі масонаў, габеленаў 18—19 ст. Зберагаюцца асабістыя фонды гісторыка А.П.Сапунова, грамадскага дзеяча Ф.​Нікановіча, матэрыялы па гісторыі Вял. Айч. вайны, пасляваен. развіцця Віцебшчыны. Мае філіялы: мастацкі, літаратурны, музей прыватных калекцый, Рэпіна Ільі музей-сядзібав. Здраўнева).

В.​І.​Акуневіч.

т. 4, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. oppositio проціпастаўленне, пярэчанне),

1 супраціўленне, нязгода, процідзеянне, проціпастаўленне адных поглядаў, палітыкі інш. поглядам, палітыцы.

2) Агульная назва партый, арг-цый, грамадскіх рухаў і аб’яднанняў, дзейнасць і погляды якіх проціпастаўлены поглядам большасці або пануючай думцы. Існуе ў парламентах, партыях. Парламенцкая апазіцыя складаецца з партый і паліт. груп, якія не маюць большасці месцаў у парламенце і не ўдзельнічаюць у фарміраванні ўрада. Па шэрагу пытанняў выступае супраць палітыкі ўрада, з крытыкай яго дзеянняў. Можа фарміраваць ценявы кабінет міністраў на выпадак прыходу да ўлады. Унутрыпартыйная апазіцыяпарт. групоўкі, якія па некаторых прынцыповых пытаннях палітыкі партыі выступаюць са сваім пунктам гледжання і праграмай дзеяння, супрацьстаяць прынятаму большасцю курсу партыі, яе кіраўніцтву. Можа разглядацца як аснова для ўтварэння новай партыі. Апазіцыя — неабходная ўмова мірнага, здаровага развіцця грамадства. У бел. парламенце ўпершыню пра стварэнне апазіцыі абвешчана ў 1990 на 1-й сесіі Вярх. Савета Беларусі, дзе ў апазіцыі да палітыкі ўрада выступілі Бел. нар. фронт «Адраджэньне», Аб’яднаная дэмакр. партыя Беларусі, Бел. сац.-дэмакр. грамада і інш. Прадстаўнікі апазіцыі прымаюць удзел у заканатворчым працэсе, прапануюць шляхі ўмацавання суверэнітэту, незалежнасці дзяржавы, паглыблення рыначных адносін, духоўнага адраджэння і кансалідацыі нацыі і інш.

В.​І.​Семянкоў.

т. 1, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)