ЛОЙД ДЖОРДЖ ((Lloyd George) Дэвід) (17.1.1863, г. Манчэстэр, Вялікабрытанія — 26.3.1945),
брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Граф Двайфар (1945). Юрыст. З 1890 дэп. палаты абшчын ад Ліберальнай партыі, выступаў супраць англа-бурскай вайны 1899—1902. З 1905 міністр гандлю, з 1908 міністр фінансаў (на ўзор Германіі правёў у 1908 сац. рэформу — закон аб пенсіі па ўзросце, абавязковае страхаванне ад хвароб і беспрацоўя з 1911), з 1915 міністр ваен. забеспячэння, у 1916—22 прэм’ер-міністр (у 1916 і ваен. міністр) Вялікабрытаніі. Адзін з гал. удзельнікаў Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 і аўтараў Версальскага мірнага дагавора 1919. Падтрымліваў Грэцыю ў час грэка-тур. вайны 1919—22, садзейнічаў заключэнню кампраміснага англа-ірландскага дагавора 1921. Кіраўнік брыт. дэлегацыі на Генуэзскай канферэнцыі 1922. У 1926—31 лідэр Ліберальнай партыі. Пасля прыходу да ўлады ў Германіі А.Гітлера (1933) выступаў у яго падтрымку, аднак хутка зразумеў сваю памылку. У 1945 чл. палаты лордаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОСК,
вёска ў Гародзькаўскім с/с Валожынскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 25 км на Пн ад Валожына, 100 км ад Мінска, 8 км ад чыг. ст. Валожын. 400 ж., 187 двароў (1999).
У «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (канец 14 ст.) згадваецца пад назвай Лошаск. Паводле археал. даследаванняў у 11—13 ст. тут існавала паселішча, у 14—18 ст. — Лоскі замак. У 1480 у Л. заснаваны касцёл. Уладанне Карыбутавічаў, Я.П.Мантыгірдавіча, Кішкаў, пры якіх дзейнічаў кальвінскі збор. У 1574 дзярж. дзеяч ВКЛ Я.Кішка заснаваў Лоскую друкарню. З канца 16 ст. мястэчка. З 1793 у Рас. імперыі. З 19 ст. ў Забрэжскай вол. Ашмянскага пав. Віленскай губ. У 1880-я г. 592 ж., 65 дамоў, 2 царквы, касцёл. З 1921 у складзе Забрэжскай гміны Валожынскага пав. Навагрудскага ваяв. Польшчы, з 1939 у БССР. У 1972—820 ж., 242 двары.
Базавая школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Георгіеўская царква (1856), касцёл Сэрца Ісуса (1930). На тэр. вёскі — гарадзішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОСЬ (Алена Георгіеўна) (н. 22.1.1933, Вільнюс),
бел. графік. Скончыла Дзярж.маст.ін-т Літвы (1955). Творам уласцівы сувязь з бел.нар. традыцыямі, прастата і яскравасць выяўл. мовы. Вядома як мастак дзіцячай кнігі («Вераб’ёвы госці» А.Якімовіча, 1960; «Дударык», 1964, і «Ладачкі-ладкі», 1977, В.Віткі; «Скарб» З.Бядулі, 1965, 1975; «Кую-кую ножку», 1967, «Азбукі», 1997, А.Дзеружынскага; «Калыханкі», 1995; «Грыбок, грыбок, выстаў лабок» У.Ягоўдзіка 1997; бел. казкі «З рога ўсяго многа», 1968, «Залатая яблынька», 1974, «Разумная дачка», 1988; «Канёк-гарбунок» П.Яршова, «Крылаты цэх» В.Лукшы, абедзве 1982; «Слова пра паход Ігаравы», 1986). Сярод станковых твораў серыі «Дзеці Белавежы» (1966), «Песні заходніх славян» (1974), «Партрэты беларускіх пісьменнікаў» (1979), «Пад палескімі дубамі» (1981), на ляўкоўскія вершы Я.Купалы (1982), «Людзі на Прыпяці» (1984—89), «Ружанскія паданні» (1991), «Народныя беларускія калыханкі» (1992—93), цыкл малюнкаў да твораў Я.Коласа «Казкі жыцця» (1998). Некаторыя творы стылістычна пераклікаюцца з нар. лубком. Працуе таксама ў жывапісе.
Тв.:
Дзесяць дзён у Барку. Мн., 1984.
Літ.:
Латун З.І. Алена Лось. Мн., 1977.
А.Лось. Ілюстрацыя да «Слова пра паход Ігаравы». 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«П-2»,
«Прапаганда-2», сакрэтная масонская ложа (гл.Масонства) у Італіі, раскрытая паліцыяй у сак. 1981. Налічвала 953 (па інш. звестках 1600) членаў, сярод якіх былі прадстаўнікі вышэйшых органаў улады і важнейшых сектараў эканомікі. Кіраўнік — былы ўдзельнік фаш. руху Л.Джэлі. Час заснавання невядомы. На думку некат. даследчыкаў, «П-2» працягвала традыцыі прэстыжнай ложы «Прапаганда», што дзейнічала ў Стараж. Егіпце (г. Александрыя), або, што больш верагодна, аднайменнай сакрэтнай рым. ложы 1860-х г.Асн. задача, сфармуляваная Джэлі, — «масонства павінна стаць уплывовым цэнтрам нябачнай улады, здольным аб’ядноўваць людзей, якія вырашаюць лёс нацыі»; гал. мэта — падрыхтоўка дзярж. перавароту з мэтай захопу ўлады ў Італіі правымі сіламі. Лічыліся годнымі любыя сродкі, у т. л. тэрор (ёсць звесткі пра ўдзел Джэлі ў падрыхтоўцы выбуху на вакзале ў г. Балоння 2.8.1980, калі загінулі 85 чал.). Ложа падтрымлівала сувязі з замежным масонствам і спецслужбамі ЗША. 15.6.1981 «П-2» абвешчана па-за законам.
Літ.:
Малышев В.В. За ширмой масонов. Мн., 1985;
Росси Дж., Ломбрасса Ф. Во имя ложи: Пер. с итал. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗБАЎЛЕ́ННЕ БАЦЬКО́ЎСКІХ ПРАВО́Ў,
мера, накіраваная на абарону дзяцей. Паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб шлюбе і сям’і» ад 9.6.1999, бацькі (або адзін з іх) пазбаўляюцца правоў у адносінах да непаўналетніх дзяцей, калі ўстаноўлена, што яны ўхіляюцца ад выканання сваіх абавязкаў па выхаванні дзяцей або злоўжываюць бацькоўскімі правамі, жорстка абыходзяцца з дзецьмі, вядуць амаральны лад жыцця (хранічныя алкаголікі, наркаманы і інш.) або падалі пісьмовую заяву пра адмаўленне ад дзіцяці. П.б.п. праводзіцца ў суд. парадку, справа разглядаецца з удзелам пракурора і прадстаўніка органа апекі і папячыцельства. Пазбаўленыя бацькоўскіх правоў трацяць правы на дзіця (дзяцей), у т. л. правы на атрыманне забеспячэння ад іх, на іх спадчыну і на пенсіённае забеспячэнне пасля смерці дзяцей. П.б.п. не вызваляе бацькоў ад абавязкаў па ўтрыманні непаўналетніх дзяцей. Аднаўленне ў бацькоўскіх правах дапускаецца, калі гэтага патрабуюць інтарэсы дзяцей і калі дзеці не ўсыноўлены. Іск аб П.б.п. мае права прад’явіць адзін з бацькоў, апякун, папячыцель дзіцяці, пракурор, орган апекі і папячыцельства, камісія (інспекцыя) па справах непаўналетніх, інш.дзярж. органы, на якія ўскладзены абавязак па абароне правоў і інтарэсаў непаўналетніх дзяцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛТАРА́Н (Ляпеская) Вера Сямёнаўна
(28.3.1919, в. Бабунічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 28.3.1989),
бел. пісьменніца. Засл. работнік культ. Беларусі (1979). Вучылася ў Мінскім пед. ін-це (1937—41), скончыла БДУ (1945). Працавала ў газ. «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», з 1953 у час. «Маладосць», з 1973 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкавалася з 1949. За кн. нарысаў «Ключы ад Сезама» (1967) і нарыс «Дзівасіл» (1968) Дзярж. прэмія Беларусі імя П.М.Лепяшынскага 1970. Аўтар зб. «Дзівасіл» (1974). Асн. тэма нарысаў — жыццё вёскі. Творы П. узнімаюць праблемы адказнасці чалавека перад грамадствам, сваім сумленнем. Яны напісаны з глыбокім пранікненнем у душу чалавека-працаўніка, з любоўю да народа і яго духоўнай спадчыны, з тонкім адчуваннем роднай мовы. Пісала пра творчасць А.Адамовіча, В.Карамазава, А.Кудраўца, І.Мележа, І.Пташнікава, М.Стральцова і інш.
Тв.:
Чалавек на вятрах часу: Публіцыстыка. Літ. крытыка. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПА́МЯЦЬ»,
шматтомнае серыйнае выданне энцыклапедычнага характару гісторыка-дакументальных хронік раёнаў і гарадоў Беларусі. Выдаецца паводле пастановы ўрада Рэспублікі Беларусь «Аб выданні ў рэспубліцы кніг Памяці» на бел. мове (асобныя дакументы і матэрыялы на рус. мове). Для падрыхтоўкі рукапісаў створаны гар. і раённыя камісіі з удзелам вучоных і краязнаўцаў. Выданне пачата выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі ў 1985 («Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Шумілінскага раёна»). На 2000 над выданнем кніг серыі працуюць усе дзярж. выд-вы, выдадзена больш за 70 кніг. Кожная кніга мае раздзелы: «Ад часоў першабытных — 1917», «1917—1941», «1941—1945», «1945 — да нашых дзён». Цэнтр. месца ў выданні прысвечана перыяду Вял.Айч. вайны, у якім змешчаны спісы воінаў Чырв. Арміі, што загінулі ў час абароны і вызвалення раёна (горада) і пахаваны на яго тэрыторыі; воінаў-землякоў, якія загінулі ці прапалі без вестак; партызан, падпольшчыкаў, удзельнікаў антыфаш. руху, асоб, якія садзейнічалі партыз. руху і падполлю. У апошнім раздзеле вельмі значныя падраздзелы «Матэрыяльная і духоўная спадчына» і «З гісторыі населеных пунктаў». У кнізе вял. месца адведзена дакумент. матэрыялам. Кожнае выданне багата праілюстравана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ХАЎ (сапр.Няхамкін) Уладзімір Львовіч
(н. 25.3.1928, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1950). З 1946 працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена», у 1960—62 і 1975—88 на Бел. радыё. Друкуецца з 1946. Піша пра гіст. мінулае Беларусі, рэв. рух, эпізоды з гісторыі бел. культуры, на маральна-этычныя тэмы, пра Вял.Айч. вайну (кнігі апавяданняў, аповесцей, нарысаў «Сцяг над рэўкомам», 1958; «Апошняя яўка», 1959; «Помнік герою», 1961; «Станцыя паблізу Тамбова», 1964; «Добры вечар, камбат», 1970; «Слухаецца справа аб замаху...», 1972; «Старадаўняя гравюра», 1974; «Сустрэчы ў радыёстудыі», 1985; «...Пра якіх я вельмі клапачуся», 1988; «Далучэнне», 1992). Аўтар радыёп’ес «Гавайская легенда» (паст. 1966), «Паром на бурнай рацэ» (паст. 1982) і інш. п’ес і інсцэніровак для радыё, п’ес для тэатра «Чырвоны губернатар» (паст. 1967) і «Палёт» (паст. 1969). Працуе ў дакумент. кіно. За сцэнарыі фільмаў (з Ю.Цвятковым) «Гісторыя адной тэлеграмы», «Чарвякову... спешна... Ленін» (абодва 1982), «Мост» (1984), «Рэвалюцыя дае нам права» (1985) Дзярж. прэмія Беларусі 1986. Перакладае з інш. моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАЛА́ЙЧЫК ((Mikołajczyk) Станіслаў) (18.7.1901, Гольстэргаўзен, Германія — 13.12.1966),
польскі паліт. і дзярж. дзеяч. Удзельнік Велікапольскага паўстання 1918 супраць прускага панавання, савецка-польскай вайны 1920. У 1920—31 чл. партыі Польске стронніцтва людовэ-«Пяст» (у 1930—31 чл.Гал. рады), у 1931—39 чл.Гал. рады партыі Стронніцтва людовэ. Адзін з заснавальнікаў (1927) Велікапольскага Саюза сял. моладзі. Дэпутат сейма (1930—35). За кіраўніцтва сял. забастоўкай 1937 быў зняволены. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік вераснёўскай кампаніі 1939. Пазней у эміграцыі. У 1940—43 віцэ-прэм’ер, у 1943—44 прэм’ер-міністр польскага эмігранцкага ўрада. З 1946 віцэ-прэм’ер і міністр земляробства кааліцыйнага Часовага ўрада нац. адзінства. У 1945 засн. партыю Польскае стронніцтва людовэ (ПСЛ, у 1945—47 яе старшыня). Дэпутат Краёвай рады нарадовай (1945—47), сейма (1947). Арганізатар легальнай антыкамуніст. апазіцыі ў Польшчы. Пад пагрозай арышту выехаў у ЗША. У 1947—66 старшыня ПСЛ у эміграцыі. Аўтар успамінаў «Згвалтаваная Польшча» (1948), прысвечаных падзеям 1939—47.
Літ.:
Paczkowski A Stanisław Mikołajczyk, czyli Klęska realisty. Warszawa, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛА́ШКІНА (Тамара Андрэеўна) (н. 13.9.1934, г. Астрахань, Расія),
расійская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар.арт.СССР (1973). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1959, клас А.Катульскай). У 1958—89 салістка Вял.т-ра. Валодае голасам прыгожага цёплага тэмбру вял. дыяпазону (больш за 2 актавы), роўным ва ўсіх рэгістрах, сцэн. абаяльнасцю. Выкананню ўласцівы шчырасць у перадачы пачуццяў, глыбокі псіхалагізм. Сярод партый: Ліза, Таццяна, Марыя, Іаланта («Пікавая дама», «Яўген Анегін», «Мазепа», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Аіда, Лізавета, Леанора, Дэздэмона («Аіда», «Дон Карлас», «Трубадур», «Атэла» Дж.Вердзі), Валхава, Фяўроння («Садко», «Казанне пра нябачны горад Кіцеж...» М.Рымскага-Корсакава), Яраслаўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Донна Анна («Каменны госць» А.Даргамыжскага), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні), Наташа Растова, Любка («Вайна і мір», «Сямён Катко» С.Пракоф’ева), Катарына («Утаймаванне свавольніцы» В.Шабаліна). Выступала ў «Ла Скала» і інш. замежных т-рах, выконвала партыю драм. сапрана ў «Рэквіеме» Вердзі. Яе творчасці прысвечаны фільм «Чараўніца з горада Кіцежа» (1966). Дзярж. прэмія Расіі 1978.
Літ.:
Грошева Е. Тамара Милашкина // Певцы Большого театра СССР. М., 1978.