САКАЛО́ЎСКІ Уладзімір Эдуардавіч (н. 13.9.1930, Мінск),

бел. архітэктар. Засл. арх. Беларусі (1979). Канд. архітэктуры (1966). Скончыў БПІ (1958). З 1958 працаваў у ін-це «Белдзяржпраект», з 1965 гал. архітэктар, з 1972 дырэктар БелНДІдзіпрасельбуда. З 1965 адначасова выкладаў у БПА. У 1992—2000 гал. эксперт Галоўэкспертызы Мін-ва архітэктуры і буд-ва Беларусі. Асн. работы: праект дэталёвай планіроўкі і забудовы г. Салігорск, праекты дэталёвай планіроўкі зон адпачынку на Заслаўскім вадасховішчы і воз. Нарач (усе 1959—60), дом адпачынку на воз. Нарач (1959—61), будынак БелНДІдзіпрасельбуда і лабараторны корпус з-да імя Вавілава (1969) у Мінску, праект і забудова в. Малеч у Бярозаўскім р-не (1969—81, усе ў сааўт.).

Тв.:

Архитектура Советской Белоруссии. М., 1973 (у сааўт.);

Проектирование и строительство промышленных комплексов. Мн., 1975 (разам з І.​Г.​Малковым);

Архитектура нового белорусского села. Мн., 1979 (разам з Р.​М.​Алімавым);

Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986 (у сааўт.).

т. 14, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАЎЁЎ Анатоль Якаўлевіч (н. 16.1,1948, Рыга, Латвія),

расійскі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1988). Лётчык-касманаўт СССР (1988), палкоўнік. Скончыў Чарнігаўскае вышэйшае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1973), школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў (1977). У 1976—2000 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. Здзейсніў (як камандзір) 5 палётаў у складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 7—17.6.1988 на КК «Саюз ТМ-5» (старт), «Саюз ТМ-4» (пасадка) і арбітальнай станцыі (АС) «Мір»; 11.2—9.8.1990 на КК «Саюз ТМ-9» і АС «Мір»; 27.8.1992—1.2.1993 на КК «Саюз ТМ-15» і АС «Мір»; 27.6—11.9.1995 на КК «Атлантыс», АС «Мір» і КК «Саюз ТМ-21» (пасадка); 5.8.1997—19.2.1998 на КК «Саюз ТМ-26» і АС «Мір». У космасе правёў 651 сут (3-і вынік у свеце, 2001). Здзейсніў 16 выхадаў у адкрыты космас агульнай працягласцю 77,8 гадз (1-ы вынік у свеце, 2001).

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 14, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАСУ́Д Самуіл Абрамавіч (14.5.1884, Тбілісі — 6.11.1964),

расійскі дырыжор. Нар. арт. СССР (1937). Скончыў Тыфліскае муз. вучылішча (1906), вучыўся ў Празе і Парыжы. З 1910 дырыжор опернага т-ра пецярбургскага Нар. дома. У 1917—19 у Марыінскім т-ры, з 1918 гал. дырыжор і маст. кіраўнік Ленінградскага Малога опернага т-ра, з 1936 гал. дырыжор Вял. т-ра, у 1943—50 — Муз. т-ра імя К.​Станіслаўскага і У.​Неміровіча-Данчанкі. З 1953 узначальваў сімф. аркестр Маскоўскай філармоніі; з 1957 арганізатар і маст. кіраўнік оперна-сімф. аркестра Усесаюзнага радыё і тэлебачання. З яго дзейнасцю звязана станаўленне сав. опернага мастацтва. Сярод твораў, пастаўленых пад яго кіраўніцтвам, оперы «Нос» (1930) і «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» (1934) Дз.​Шастаковіча, «Іван Сусанін» М.​Глінкі (1939) і інш.; 7-я сімф. Шастаковіча (1942) і 7-я сімфонія С.​Пракоф’ева (1952) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1947, 1952.

т. 14, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЮ́З ПО́ЛЬСКІХ ПАТРЫЁТАЎ (СПП; Związek Patriotów Polskich),

масавая антыфашысцкая грамадска-паліт. арг-цыя палякаў-эмігрантаў у СССР у 1943—46. Створаны ў сак.—чэрв. 1943 у Маскве па ініцыятыве палякаў-камуністаў В.​Васілеўскай (старшыня), С.​Ендрыхоўскага, А.​Завадскага, А.​Лямпе і інш. СПП налічваў каля 100 тыс. членаў. Друкаваны орган газ. «Wolna Polska» («Свабодная Польшча»). Выступаў за дэмакр. парламенцкі лад у пасляваен. Польшчы, яе цесны саюз з СССР, прызнаваў правы СССР на Зах. Беларусь і Зах. Украіну, адмаўляў законнасць Польскага ўрада ў эміграцыі. СПП ініцыіраваў стварэнне Першай польскай пяхотнай дывізіі імя Т.​Касцюшкі (1943), удзельнічаў у фарміраванні (21.7.1944) Польскага камітэта нацыянальнага вызвалення. Паліт. дзейнасць спалучаў з культ.-асв. і апякунскай працай: за гады існавання стварыў 248 школ, 52 дзіцячыя прытулкі, 636 бібліятэк і інш. У 1944—46 заахвочваў перасяленне палякаў з СССР у Польшчу. Спыніў існаванне ў жн. 1946.

Ю.​В.​Грыбоўскі.

т. 14, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛЬВІ́Н (ад Sylvius — лацініз. імя галанд. ўрача і хіміка Ф.​Боэ),

мінерал класа хларыдаў, хларыд калію, KCl. Мае калію да 52,5%, хлору да 47,5%, прымесі натрыю і аміяку. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае шчыльныя зярністыя масы, шаставатыя і валакністыя агрэгаты, радзей кубічныя і кубаактаэдрычныя крышталі і інш. Бясколерны або малочна-белы, з прымесямі гематыту — жоўта-чырвона-ружаватых адценняў. Часта празрысты. Бляск шкляны. Цв. 2. Шчыльн. 2 г/см³. Крохкі. Характэрны горка-салёны смак, лёгкая растваральнасць у вадзе, моцная гіграскапічнасць. Разам з галітам, карналітам і інш. ўтварае сільвініт. Гал. радовішчы хемагенна-асадачнага генезісу. Пашыраны ў выкапнёвых марскіх саляносных фармацыях і кантынент. эвапарытавых. Трапляецца ў вулканічных узгонах, сучасных азёрах, экзагенных выцвітах. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці калійных угнаенняў і хім. прам-сці. З празрыстых крышталяў вырабляюць прызмы для інфрачырвонай спектраскапіі. Прамысл. радовішчы на Беларусі, Украіне, у Расіі, Германіі, ЗША і інш.

Э.​А.​Высоцкі.

Сільвін.

т. 14, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУХІ́Н Аскольд Аўрамавіч (2.5.1941, г. Архангельск, Расія — 19.2.1994),

бел. спявак (бас). Засл. арт. Беларусі (1971). Скончыў Ін-т мастацтваў у Кішынёве (1965). З 1965 саліст ансамбля песні і танца БВА, з 1966 — Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1980 — Дзярж. к-та Беларусі па тэлебачанні і радыёвяшчанні, у 1985—90 — Крымскай філармоніі. Валодаў голасам рэдкай прыгажосці і пластычнасці. Сярод партый: Мечык («Калі ападае лісце» Ю.​Семянякі), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Барыс, Дасіфей («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Канчак, Галіцкі («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Рэнэ, Грэмін («Іаланта», «Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Рамфіс, Мантэроне («Аіда», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Камандор («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта). У камерным рэпертуары рамансы і песні бел. кампазітараў. Лаўрэат міжнар. конкурсаў вакалістаў у Празе (1967) і Сафіі (1968, залаты медаль), міжрэсп. конкурсу вакалістаў імя Я.​Вітала (1964).

Т.​Б.​Варфаламеева.

т. 15, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЕПАНЦЭ́ВІЧ Калерыя Іосіфаўна (н. 21.3.1926, г. Ніжні Ноўгарад, Расія),

бел. музыказнавец, педагог. Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1977). Канд. мастацтвазнаўства (1982). Праф. (1982). Скончыла Маскоўскі муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1953). З 1945 выкладчык муз. навуч. устаноў у Горкім і Маскве, з 1957 — Бел. акадэміі музыкі (у 1963—86 прарэктар, заг. кафедры, з 1987 праф.). Даследуе праблемы муз. выхавання і адукацыі, выканальніцтва, творчасць рус. і бел. кампазітараў. Аўтар прац: «Варыяцыйнасць у опернай творчасці М.​І.​Глінкі» (1966), «Новыя тэндэнцыі ў развіцці беларускага музычнага мастацтва: (Канец 50-х — першая палова 70-х гг.)» (1981). Сааўтар «Гісторыі беларускай савецкай музыкі» (1971), «Гісторыі беларускай музыкі» (М., 1976) і інш. Складальнік кн. «З гісторыі музыказнаўства ў Беларусі: Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, 1932—1992» (2002), складальнік і рэдактар н.-д. зб-каў «Пытанні музыказнаўства» (1981), «Даследаванні пра музыку» (1985), метадычных дапаможнікаў, праграм для дзіцячых муз. школ, ВНУ.

М.​Р.​Солапаў.

т. 15, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯМЁНАЎ Юрый Паўлавіч (н. 20.4.1935, г. Таропец Цвярской вобл., Расія),

расійскі вучоны ў галіне ракетна-касм. тэхнікі. Акад. Рас. АН (2000, чл.-кар. 1987). Герой Сац. Працы (1976). Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1958). Працаваў у КБ М.К.Янгеля. З 1964 у КБ С.П.Каралёва. З 1989 гал. канструктар, з 1991 ген. дырэктар НВА «Энергія». З 1994 прэзідэнт і гал. канструктар ракетна-касм. карпарацыі «Энергія». Кіраўнік рас. часткі работ па стварэнні Міжнар. касм. станцыі. Навук. працы па касм. тэхніцы і энергетыцы пілатуемых касм. комплексаў. Удзельнічаў у стварэнні касм. апаратаў для даследавання Месяца, арбітальных станцый і пілатуемых касм. караблёў для працяглых палётаў. Узначальваў работы па стварэнні касм. карабля шматразовага выкарыстання «Буран». Ленінская прэмія 1978. Дзярж. прэмія СССР 1985. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР (1987).

Тв.:

Новые российские технологии в ракетно-космической технике последних лет // Вестн. РАН. 2000. Т. 70, № 8.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 15, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАКАМБА́ЕЎ Аалы (7.11.1904, с. Чон-Кемін Кемінскага р-на Чуйскай вобл., Кіргізія — 19.6.1988),

кіргізскі пісьменнік. Нар. паэт Кіргізіі (1945). Акад. АН Кіргізіі (1954). Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Сярэднеазіяцкі камуніст. ун-т (1927). Друкаваўся з 1924. Для ранняй творчасці Т. характэрны рэв. пафас: зб-кі вершаў «Пра Леніна» (1927), «Атака» (1932); аповесць «Днестр упадае ў глыбокае мора» (1939) і інш. У пасляваен. гады выступаў як майстар рэаліст. паэмы: «Сваімі вачыма» (1952), «Мелодыя камуза» (1960), зб-кі вершаў «Голас часу» (1966), «Мой падарунак» (1974). Аўтар гіст. рамана ў вершах «Перад світаннем» (1935—47). На бел. мову яго асобныя творы перакладалі Р.​Барадулін, В.​Іпатава, У.​Шахавец. Дзярж. прэмія Кіргізіі імя Тактагула Сатылганава 1967.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Братэрства, 86. Мн., 1986;

Рус. пер. — Мастер. Стихи. М., 1982;

Надежда: Лирика и поэмы. Фрунзе 1983.

Літ.:

Уметалиев Ш. А.​Токомбаев. Фрунзе, 1964.

т. 15, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУР,

першы летапісны князь Тураўскага княства. «Аповесць мінулых гадоў» пад 980 паведамляе, што «...бе бо Рогволод пришел из заморья имяше волость свою Полотьске, а Тур Турове, от него же и Туровци прозвашася...». Адны вучоныя (В.​М.​Тацішчаў, В.​В.​Ключэўскі, У.​З.​Завітневіч, М.​М.​Ціхаміраў) лічаць Т. гіст. асобай на той падставе, што яго імя змешчана ў летапісе побач з гістарычна сапраўдным Рагвалодам. Другія вучоныя (А.​А.​Шахматаў, М.​В.​Доўнар-Запольскі, А.​С.​Грушэўскі, Дз.​С.​Ліхачоў) лічаць паведамленне летапісу этымалагічнай легендай для тлумачэння паходжання назвы г. Тураў, а Т. асобай легендарнай. На думку гісторыка П.​В.​Галубоўскага, Т. — мясцовы язычніцкі бог, раўназначны Ярылу. Канчаткова пытанне пра гістарычнасць Т. не вырашана. Магчыма, гэта прозвішча мясц. князя, бо ў слав. мовах пашыраны тапонімы з коранем «тур», а горад, несумненна, мае назву, звязаную з імем асобы.

П.​Ф.​Лысенка.

Тур. Малюнак Я.​Куліка. 1980.

т. 16, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)