майстэ́рня, ‑і, ж.

1. Прадпрыемства па рамонту або вырабу чаго‑н., а таксама памяшканне такога прадпрыемства. Зранку пасля праверкі Лазар ішоў пад канвоем у турэмную шавецкую майстэрню шыць і рамантаваць абутак. Колас. Нездарма пані Пшысецкая прапанавала .. [Насі] пайсці швачкай у яе майстэрню. Васілевіч.

2. звычайна мн. (майстэ́рні, ‑яў). Прамысловае прадпрыемства, якое займаецца галоўным чынам рамонтнымі работамі. Рамонтныя чыгуначныя майстэрні. □ Выступаць перад людзьмі .. [Сяргей] навучыўся ў арміі, робячы палітінфармацыю ў артылерыйскіх майстэрнях, дзе ён быў між майстроў маладзейшы за ўсіх. Грамовіч.

3. Аддзел цэха ці завода. Інструментальная майстэрня.

4. Памяшканне для работы мастака, скульптара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́сяц, ‑а, м.

1. Планета, самая блізкая да Зямлі. Месяц-маладзік. □ Ноч была цёмная — ні месяца, ні зорак на небе. Шыловіч.

2. Дванаццатая частка астранамічнага года, у якой ад 28 да 31 дня. Пёк добры мароз, хоць і быў ужо красавік месяц. Шамякін. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца. Лынькоў. // Адрэзак часу ў 30 дзён, калі лічыць ад якога‑н. дня. Месяц прамінуў, як дзень. Гартны. Ішлі спачатку месяцы, потым мінуў год, другі. Ракітны.

•••

Поўны месяц — поўня.

Мядовы месяц — першы месяц пасля шлюбу ў маладых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навастры́цца, ‑ваструся, ‑вострышся, ‑вострыцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пасля наточвання зрабіцца вострым. Піла добра навастрылася.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Стаць, зрабіцца больш адчувальным (пра органы пачуццяў).

3. перан. Разм. Стаць, зрабіцца больш уважлівым; насцеражыцца. — Ой, Мішка, што нядаўна было! — Сяргей аж за галаву схапіўся. — Што? — навастрыўся Міша. Курто.

4. Разм. Набыць уменне, спрыт, стаць спрактыкаваным у чым‑н. У адной хаце славіўся на ўсё сяло пчаляр, які так навастрыўся ў пчалярскай справе сваёй, што нават гаварыць з пчоламі ўмее. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ніжэ́йшы, ‑ая, ‑ае.

1. Выш. ст. да прым. нізкі (у 1–3 і 7 знач.).

2. Самы просты, прымітыўны. Ніжэйшыя арганізмы.

3. Які знаходзіцца на першай, пачатковай ступені развіцця. Ніжэйшая стадыя таварнай вытворчасці.

4. Пачатковы. Ніжэйшая школа.

5. Малодшы па пасадзе, падначалены. У супрацоўніка, ніжэйшага па чыну, Сцяпан Сцяпанавіч абедаў раз... Корбан.

6. У класавым грамадстве — які не адносіцца да пануючых класаў. Сяляне засталіся і пасля вызвалення «ніжэйшым» саслоўем, падатным быдлам, чорнай косцю, з якой здзеквалася пастаўленае памешчыкамі начальства, выкалачвала подаці, біла розгамі, пускала ў ход рукі і нахабнічала. Ленін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нясто́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не ведае стомы; вынослівы. Нястомная і няўрымслівая Каця запісалася ва ўсе гурткі і ўсюды паспявала. Шамякін. Леанід Васільевіч, трапны стралец і нястомны хадок, ідзе далей па падсохламу балоту, уважліва разглядаючы сляды. В. Вольскі. // Настойлівы, упарты. Паэт быў шчырым у сваіх ацэнках і нястомным у пошуках новага, што магло б узбагаціць паэзію. Майхровіч.

2. Неаслабны, пастаянны. Я прыпамінаю Палессе з яго нястомным гоманам птушак. Галавач. Павел, калі яго пасля брыгадзірства паслалі кіраваць работай клуба, выдатна спраўляўся і з гэтым абавязкам. Патрэбны былі нястомная выдумка, кемлівасць і душа. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падму́рак, ‑рка, м.

1. Каменная або цагляная кладка пад што‑н.; фундамент. А вунь відзён і падмурак нейкай стадолы: значыць, і тут, у гэтай баравой глушэчы, распачалі нешта будаваць. Сабаленка. Домік стаіць на высокім, складзеным з камення падмурку і зухавата пазірае да бляску прамытымі акенцамі на пасёлак. Бяганская.

2. перан. Апора, аснова чаго‑н. Падмурак сацыялістычнай эканомікі. □ Магутнай партыі падмурак, Яе хрыбет і дыктатура, Яе граніт — рабочы клас. Бялевіч. Кірыла Тураўскі быў першы пасля Іларыёна сярод тых, хто закладваў падмурак старажытнай рускай эстэтыкі. Майхровіч.

•••

Закласці падмурак гл. закласці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паздава́ць, ‑здаю, ‑здаеш, ‑здае; ‑здаём, ‑здаяце, ‑здаюць; зак., каго-што.

1. Аддаць, здаць, перадаць куды‑н., каму‑н. усё, многае. Пазнаваць збожжа дзяржаве. Паздаваць кнігі ў бібліятэку. □ Па загаду цара Ўсіх здаровых і дужых Ад малых да старых Паздавалі ў салдаты. Глебка. Тут жа.. адпускалася поўная норма [малака] тым калгаснікам, што паздавалі свае каровы ў калгас. Колас.

2. Здаць у часовае карыстанне ўсё, многае. Паздаваць кватэры кватарантам.

3. Здаць, раздаць усе карты ў гульні.

4. Здаць усе іспыты. Мы, выпускнікі, пасля таго, як паздавалі экзамены, адчулі сябе вольнымі казакамі. Сабаленка.

5. Спыніць супраціўленне ўсіх, многіх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пало́н, ‑у, м.

1. Няволя, у якую трапляе чалавек, захоплены ворагам у час вайны. — Мы акружэнне прабавалі двойчы, Пасля, кантужаны, я трапіў у палон. Смагаровіч. Быў сакавік сорак першага года. Для нас, жаўнераў польскай арміі, поўз другі год палону. Маладыя — нічога, трымаліся. А са старых — сямейных мужчын, .. двое ўжо звар’яцелі. Брыль.

2. перан. Стан залежнасці, падпарадкаванасці каму‑, чаму‑н.; знаходжанне ў гэтым стане. Дзе ты, шчасце, дзе прапала? Дзе твой радасны палон? Колас. Самае страшнае, калі чалавек, асвоіўшы гатовыя формы работы, знаходзіцца ў палоне іх і баіцца шукаць новага. Сіўцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папуля́рнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць папулярнага (у 1 знач.). Папулярнасць лекцыі.

2. Вядомасць, сімпатыі грамадскасці да каго‑, чаго‑н. Заваяваць шырокую папулярнасць. □ Судакову і на самым пачатку не вельмі падабалася агульная ўвага да яго асобы, таму што быў ён чалавек сціплы, нават сарамлівы, а цяпер, пасля многіх гадоў, на працягу якіх яму нязменна спадарожнічала спартыўнае шчасце, папулярнасць зрабілася яго пакутай, пастаянным неспакоем. Радкевіч. За два гады «Калгасны вожык» вылечыў нямала гультаёў, злодзеяў, п’яніц, парушальнікаў дысцыпліны, набыў вялікую папулярнасць сярод калгаснікаў. Дуброўскі. Нашы суботнія вечары карысталіся вялікай папулярнасць. Мядзёлка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што.

1. Зрабіць усё, многае. Сабралася жонка ў поле і кажа мужыку: — Толькі ж глядзі, каб усю работу нарабіў. Якімовіч. Мы парабілі цяпер такія галубятні, што ніхто не далезе, ніхто не дастане. Брыль.

2. і без дап. Папрацаваць некаторы час. Малады цыган трохі парабіў у калгасе і пасля падаўся ў горад. Чыгрынаў.

•••

Нічога не паробіш; што (ж) паробіш — пра неабходнасць зрабіць не так, як хочацца, змірыцца з тым, што ёсць. Турсевіч цмокнуў, журботна паківаў галавою. — Гуляў і дагуляўся!.. Эх, Андрэй!.. Ну, ды нічога не паробіш. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)