КАГУРО́,

адно са стараж. карэйскіх плямён, пазней назва адной з трох карэйскіх раннефеад. дзяржаў (К., Пэкчэ, Сіла). Племя К. да пач. 1 ст. н.э. займала тэр. па сярэднім цячэнні р. Амнакан. Сталіца — г. Хвандо (сучасны Цзіань у паўн.-ўсх. Кітаі), з пач. 5 ст. — Пхеньян. Найб. магутнасці дзяржава К. дасягнула ў канцы 4 ст. У 668 яна разгромлена войскамі кіт. дынастыі Тан, якая выступіла ў саюзе з дзярж. Сіла: дынастыя Тан захапіла землі на Пн ад р. Тэданган, а паўд. ч. адышла да Сіла.

т. 7, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАКАРУ́М (манг. Хара-Хорын),

горад, сталіца стараж.-манг. дзяржавы ў верхнім цячэнні р. Орхан. Засн. Чынгісханам у 1220. Існаваў да 16 ст. Звесткі пра К. ёсць у кіт. летапісах і запісках еўрап. падарожнікаў 13 ст.: Дж. дэ Плана Карпіні, Марка Пола і В.​Рубрука. У выніку раскопак, праведзеных у 1948—49 у паўд.-зах. частцы горада, адкрыты рэшткі палаца Угедэя, пад палацам знойдзены рэшткі будыйскай кумірні канца 12 — пач. 13 ст. з насценнай размалёўкай. У цэнтр. частцы горада вывучаны гандл.-рамесніцкія кварталы і інш. аб’екты.

т. 8, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЙСКІ АРХІПЕЛА́Г,

аб’ядноўвае прыблізна 3,5 тыс. астравоў і скал у Жоўтым м. і пралівах Карэйскім і Чэджу, каля паўд. і паўд.-зах. берагоў Карэйскага п-ва. Найб. а-вы Каджэдо, Намхэдо, Чындо (Рэспубліка Карэя); пл. 300 км² і больш. Берагі моцна парэзаныя, шмат бухтаў. У рэльефе пераважаюць узгоркі і нізкагор’і. Выш. да 786 м (на в-ве Намхэдо). Клімат субтрапічны мусонны. Вечназялёныя лясы і хмызнякі. Прылівы (да 3 м) ствараюць паміж астравамі магутныя прыліўна-адліўныя цячэнні (да 17 км/гадз), што перашкаджае мараплаванню. Рыбалоўства, лоў малюскаў.

т. 8, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭМЕНЕЗДАБЫЎНЫ́Я ША́ХТЫ,

выпрацоўкі ў тоўшчы вапняковых або мелавых адкладаў, у якіх першабытныя людзі ў неаліце і бронзавым веку здабывалі крэмень — асн. сыравіну для вырабу прылад працы. К.ш. — пераважна вертыкальныя калодзежы дыяметрам 1,5 м, глыбінёй 2,5—3 м, асобныя да 5 м і больш. Па ходзе залягання крамянёвых канкрэцый ад калодзежа адыходзілі падбоі даўжынёй 1—2 м. Суседнія выпрацоўкі часам злучаліся пралазамі-штрэкамі. У Беларусі вядомы ў сярэднім цячэнні р. Рось каля г.п. Краснасельскі (гл. Краснасельскі археалагічны комплекс) і в. Карпаўцы Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл.

т. 8, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМА́,

рака на Паўн. Каўказе ў Расіі. Даўж. 802 км, пл. басейна 33,5 тыс. км². Вытокі на паўн. схілах Скалістага хр. У вярхоўі цячэ ў высокіх і стромкіх берагах, сярэдняе цячэнне ў шырокай даліне. Пасля выхаду на Прыкаспійскую нізіну рэчышча падзяляецца на рукавы, воды якіх звычайна не дасягаюць Каспійскага м. Гал. прыток — Падкумак. Высокія веснавыя паводкі. Сярэдні гадавы расход вады ў сярэднім цячэнні 11,9 м³/с. Воды вызначаюцца высокай мутнасцю. Выкарыстоўваецца для арашэння (Церска-Кумскі і Кума-Маныцкі каналы). Адказненскае вадасховішча. На К. гарады Мінеральныя Воды, Зеленакумск, Будзёнаўск.

т. 9, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ВАЯ ЛЯСНА́Я,

рака ў Пружанскім і Камянецкім р-нах Брэсцкай вобл. (бас. р. Зах. Буг). Даўж. 50 км. Пл. вадазбору 750 км. Пачынаецца на ПдЗ ад в. Мыльніск Пружанскага р-на. Зліўшыся з р. Правая Лясная, утварае р. Лясная. Цячэ па Прыбугскай раўніне. Асн. прыток — р. Вішня (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 1,6—2,5 км, у сярэднім цячэнні месцамі невыразная. Пойма шыр. 300—500 м, нізкая, забалочаная, перасечаная старыцамі і меліярац. каналамі. Рэчышча каналізаванае, шыр. 6—20 м. Берагі нізкія, параслі хмызняком. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,6 м³/с.

т. 9, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́НДАНСКІ БАСЕ́ЙН,

раўніна на ПдУ Вялікабрытаніі, па ніжнім цячэнні р. Тэмза. Выш. да 100 м. З’яўляецца сінклінальным паніжэннем паміж мелавымі ўзгоркамі Чылтэрн-Хілс (выш. да 261 м) на Пн і хр. Норт-Даўнс (выш. 296 м) на Пд; запоўнена трацічнымі глінамі, пяскамі, гравіем. Клімат умераны, марскі. Сярэдняя т-ра студз. +4 °C, ліп. +18 °C, ападкаў больш за 600 мм за год. Глебы бурыя лясныя. Захаваліся рэшткі дубовых лясоў, на пясках — хвоя і верасоўнікі. Культурныя ландшафты (палі, агароды, паркі); высокая шчыльнасць насельніцтва. У Л.б. — г. Лондан.

т. 9, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКО́МКА, Лукамка, Уюнок,

рака ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Ула (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 53 км. Пл. вадазбору 831 км². Выцякае з Лукомскага возера каля г. Новалукомль, цячэ ўздоўж усх. ускраіны Лукомскага ўзв. па Чашніцкай раўніне. Асн. прыток — р. Югна (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 400—600 м, у ніжнім цячэнні да 5 км. Пойма перарывістая, у вярхоўі і вусцевай ч. забалочаная, шыр. да 1,6 км. Рэчышча моцназвілістае. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 5,4 м³/с. Каля в. Рудніца Лукомскае вадасховішча.

т. 9, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЭ́ЙРА (Madeira),

рака ў Балівіі і Бразіліі, найбуйнейшы правы прыток р. Амазонка. Даўж. 3230 км (з р. Мамарэ), пл. бас. 1391 тыс. км². Пачынаецца ў Андах ад зліцця рэк Бені і Мамарэ, у верхнім цячэнні агінае Бразільскае пласкагор’е, утварае парогі і вадаспады, ад г. Порту-Велью (Бразілія) цячэ пераважна па Амазонскай нізіне. Разводдзе ў кастр.—маі (сезон дажджоў і раставанне снегу ў Андах). Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 21 800 м​3/с. Суднаходная (1060 км) ад вусця да г. Порту-Велью. На М. гарады Порту-Велью, Умайта, Манікарэ.

т. 9, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДО́ЎСКАЯ МУСЦЬЕ́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі мусцье (каля 70—60 тыс. г. назад) у сярэднім цячэнні Днястра. Назва ад стаянак каля в. Маладова ў Чарнавіцкай вобл. Украіны. Аснова гаспадаркі — паляванне на маманта і шарсцістага насарога. На помніках М.м.к. ўпершыню выяўлены рэшткі мусцьерскіх жытлаў — авальныя выкладкі спецыяльна падабраных вял. касцей мамантаў. У адным з жытлаў знойдзены сляды 15 вогнішчаў. Для М.м.к. характэрны крамянёвыя прылады, вырабленыя на пласцінах і пласцінкавых адшчэпах: скрэблы, скрэблы-нажы, вастрыі інш., апрацаваныя неглыбокай краявой рэтушшу. Пануе левалуазская тэхніка расшчаплення крэменю.

А.​В.​Іоў.

т. 9, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)