ОМ,
адзінка электрычнага супраціўлення ў Міжнар. сістэме адзінак (СІ). Названа ў гонар Г.С.Ома. Абазначаецца Ом. Для актыўнага (амічнага) супраціўлення 1 Ом роўны супраціўленню правадніка, у якім працякае ток сілай 1 А пры напружанні на яго канцах 1 В: 1 Ом = 1 В/1 А.
Для рэактыўнага (ёмістаснага і індуктыўнага) супраціўлення Xc = 1/ωC і XL= ωL, дзе C — эл. ёмістасць, L — індуктыўнасць участка эл. ланцуга; 1 Ом = 1 с/Ф і 1 Ом = 1 Гн/с адпаведна. У практыцы вымярэнняў выкарыстоўваюць кратныя і дольныя адзінкі: мегом (106 Ом) кілаом (103 Ом), міліом (10−3 Ом), мікраом (10−6 Ом) і інш.
А.І.Болсун.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛІ ПРЫ́НЦЫП,
прынцып забароны, паводле якога ў сістэме часціц з паўцэлым спінам (ферміёнаў) у адным і тым жа стане можа знаходзіцца не больш як адна часціца; адзін з фундаментальных законаў квантавай механікі. Сфармуляваны В.Паўлі (1925) для электронаў пры тлумачэнні структуры спектраў складаных атамаў. Пашыраны на ўсе ферміёны.
Вынікае з сувязі паміж спінам часціцы і статыстыкай: часціцы з паўцэлым спінам падпарадкоўваюцца Фермі—Дзірака статыстыцы і хвалевая функцыя сістэмы аднолькавых часціц антысіметрычная адносна перастаноўкі любых 2 ферміёнаў. П.п. вызначае парадак запаўнення электронных абалонак атама, на ім грунтуецца тлумачэнне атамных і малекулярных спектраў. На яго аснове створана статыстыка электроннага газу, якая тлумачыць большасць цеплавых, эл. і магн. уласцівасцей цвёрдага цела.
т. 12, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ АЎТАВАКЗА́Л «УСХО́ДНІ».
Пабудаваны ў 1983 у паўд.-ўсх. ч. Мінска (арх. Л.Пагарэлаў, Л.Кустова, В.Ягадніцкі). Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя вырашана ў выглядзе 3-павярховага дугападобнага ў плане аб’ёму з вынесенымі за межы плана пандусамі ў 2 узроўнях. Пластыку будынка з суцэльным зашкленнем фасадаў, расчлянёных метал. аконнымі пераплётамі, узбагачаюць гарыз. парапеты, 2 магутныя крывалінейныя ў плане пілоны, якія акцэнтуюць гал. ўваход, невял. аб’ём з процілеглага ад гал. ўвахода боку. Фасады і інтэр’еры апрацаваны дэкар. тынкоўкай з выкарыстаннем белага мармуру. Сцяна залы чакання ўпрыгожана мазаічным пано «Юнацтва Беларусі» (мастак В.Карнееў). Планіровачная структура вакзала падпарадкавана тэхнал. сістэме абслугоўвання пасажыраў. Іл. гл. да арт. Аўтавакзал.
В.Б.Ангелаў.
т. 10, с. 433
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАФТО́НГ (ад мана... + грэч. phthongos гук),
галосны, які характарызуецца артыкуляцыйнай і акустычнай аднароднасцю, г.зн. стацыянарным становішчам органаў, што артыкулююць гук, і стацыянарнымі частотамі фармант, чым адрозніваецца ад дыфтонга і трыфтонга. Аднароднасць М. адносная: артыкуляцыйны ўклад і фармантна-часавая структура галоснага залежаць ад акаляючых яго зычных. Так, уплыў мяккіх зычных на суседнія галосныя выражаецца ў тым, што пасля мяккіх зычных пераходны ўчастак любога галоснага мае частотныя характарыстыкі фармант, блізкія да характарыстык галоснага [і]. Бел. М. [а] паміж мяккіх зычных набывае асабліва неаднароднае (дыфтангічнае) гучанне. У сістэме галосных розных моў М. сустракаюцца часцей за дыфтонгі.
Літ.:
Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989.
Л.Ц.Выгонная.
т. 10, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
магістра́ль
(фр. magistral, ад лац. magistralis = галоўны)
1) асноўная, галоўная лінія ў чыгуначных, водных, паветраных, аўтамабільных і іншых шляхах зносін;
2) шырокая і прамая вуліца горада;
3) галоўная лінія ў сістэме водаправоднай, электрычнай, тэлефоннай ці іншай сеткі.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
сістэматы́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўтварае пэўную сістэму; пабудаваны паводле пэўнага плана. Сістэматычнае апісанне. Сістэматычны каталог. // Які заснаваны на пэўнай сістэме; строга паслядоўны, планамерны. Сістэматычныя заняткі па замежнай мове. □ Выхадзец з сацыяльных нізоў, чалавек, пазбаўлены магчымасці атрымаць сістэматычную адукацыю, [Купала] змог узняцца да вяршынь класічнай мастацкай думкі. Ярош.
2. Пастаянны, рэгулярны. Сістэматычнае павышэнне жыццёвага ўзроўню працоўных. Сістэматычнае наведванне заняткаў па фізкультуры. □ Аднак, калі трохі абціхла шуміха вакол гэтай справы, Таня і Вера наладзілі сістэматычную перапіску з Надзяй. Машара.
3. Які мае адносіны да сістэматыкі (у 2 знач.). Від — гэта ніжэйшая сістэматычная адзінка сучаснай класіфікацыі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
элева́тар, ‑а, м.
1. Збудаванне для захоўвання вялікай масы збожжа з механічным абсталяваннем для прыёму, ачысткі, сушкі і разгрузкі зерня. Удзень і ўночы стэпам пылілі грузавікі, везлі на элеватар у мяхах і проста ў кузавах золата — у поце запрацаваны хлеб. Даніленка. Асабліва важна, каб збожжаўборачны канвеер дзейнічаў зладжана і бесперабойна ва ўсіх звеннях — ад нівы да элеватара. «Звязда».
2. Канвеер для перамяшчэння грузаў вертыкальна або пад вялікім вуглом да гарызонта. З элеватара густа сыпалася ў .. кузаў [машыны] сіласная маса. Паслядовіч.
3. Водаструменная помпа, якая выкарыстоўваецца ў сістэме ацяплення для змешвання гарачай і халоднай вады.
[Ад лац. elevator — які падымае.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
марфатрапі́я
(ад гр. morphe = форма + -трапія)
змяненне крышталічнай структуры хімічнага злучэння пры замене ў яго малекуле аднаго з атамаў на суседні па групе ў перыядычнай сістэме элементаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
фрэатафі́ты
(ад гр. phrear, -atos = калодзеж + -фіты)
расліны, якія існуюць за кошт вільгаці грунтавых водаў дзякуючы глыбока пранікаючай у грунт карнявой каранёвай сістэме (напр. люцэрна, вярблюджая калючка).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ГУКАВО́Е КІНО́,
вытворчасць і паказ кінафільмаў з гукавым суправаджэннем, зафіксаваным на фанаграме; від кінематаграфіі. Фанаграма бывае аптычная і магн., адна- і шматканальная. З дапамогай кінапраекцыйнага апарата відарыс праецыруюць на экран з адначасовым (сінхронным) узнаўленнем фанаграмы праз гучнагаварыцелі, размешчаныя за экранам (звычайнае і шырокаэкраннае кіно) або за экранам, на сцэнах і столі (шырокафарматнае, стэрэаскапічнае, панарамнае кіно, кругавая кінапанарама).
Практычныя сістэмы гукавога кіно створаны ў канцы 1920-х г. амаль адначасова ў СССР (фанаграма пераменнай аптычнай шчыльнасці, П.Р.Тагер у 1926; фанаграма пераменнай шырыні, А.Ф.Шорын у 1927), ЗША і Германіі. Пры стварэнні фільмаў звычайна гук і відарыс запісваюць паасобку з дапамогай гуказапісвальных (гл. Гуказапіс) і кіназдымачных апаратаў; часам мову, музыку, шумы і інш. запісваюць паасобку, потым аб’ядноўваюць у адну фанаграму. Выкарыстоўваюць таксама дубліраванне фільмаў, спец. гуказапіс са стварэннем гукавых эфектаў і інш.
З’яўленне гуку мела вял. значэнне ў эстэтыцы кіно, узбагаціла яго маст. палітру, выявіла новыя магчымасці драматургіі фільма і акцёрскага мастацтва. Першы сав. поўнаметражны маст. фільм з запісам гуку па сістэме Тагера — «Пуцёўка ў жыццё» (1931, рэж. М.Эк).
У 1929 на кінастудыі Белдзяржкіно ў Ленінградзе створана гукавая лабараторыя пад кіраўніцтвам В.Ахотнікава і А.Машковіча. Па іх сістэме запісана бел. эксперым. гукавая праграма «Пераварот» (1930, рэж. Ю.Тарыч), якая дэманстравалася ў першым гукавым кінатэатры рэспублікі «Чырвоная зорка» ў Мінску. У далейшым запіс гуку пры здымцы бел. стужак рабіўся па сістэмах Тагера і Шорына. Першыя бел. гукавыя маст. фільмы — «Адбітак часу» і «Баям насустрач» (абодва 1932, рэж. адпаведна Г.Кроль і Э.Аршанскі).
т. 5, с. 523
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)