1) раздзел гідралогіі сушы, які вывучае і апісвае канкрэтныя водныя аб’екты і ўсю гідраграфічную сетку пэўнай тэрыторыі з характарыстыкай геагр. становішча, памераў, рэжыму, фізіка-геагр. умоў і гасп. выкарыстання. Выяўляе заканамернасці пашырэння вод сушы, асаблівасці рэжыму і гасп. значэнне іх у розных прыродных раёнах і ландшафтных зонах. Даследуе антрапагенныя змены рэжыму водных аб’ектаў. Цесна звязана з азёразнаўствам і гідралогіяй рэк.
2) Навука пра суднаходныя трасы, формы ложа акіянаў, мораў, азёр і рэк. Даследуе гідраметэаралагічныя ўмовы на трасах, абрысы берагоў, прапануе сукупнасць мерапрыемстваў па стварэнні ўмоў бяспечнага суднаходства. Падзяляецца на гідраграфічны вопіс і навігацыйнае абсталяванне.
На Беларусі першыя звесткі па гідраграфіі адносяцца да 2 ст.н. э. — на картах Пталамея паказаны рэкі Барысфен (Дняпро), Хранон (Нёман), Рубон (Зах. Двіна). Значныя гідраграфічныя работы пачаліся ў 1580-я г., у выніку іх у 1613 у г. Амстэрдам выдадзена Радзівілаўская карта Вял.кн. Літоўскага. У 1802 Дэпартамент водных камунікацый Рас. імперыі выдаў гідраграфічную карту ўнутр. водных шляхоў (маштаб 1: 4 200 000) і кнігу да яе, дзе даволі поўна апісаны рэкі Беларусі. Даследаванні па гідраграфіі засяроджаны ў Камітэце па гідраметэаралогіі пры Мін-ве па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, у БДУ і інш.
Літ.:
Булавко А.Г., Макаревич А.А. Развитие географических представлений о речной сети Беларуси с древних времен до 18 в. // Изв. Рус. геогр. о-ва. 1993. Т. 125, вып. 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРА́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1905—11,
антыабсалютысцкая і антыкалан. рэвалюцыя ў Іране. Выклікана самавольствам правіцеля-шаха і пагрозай пераўтварэння краіны ў паўкалонію Вялікабрытаніі і Рас. імперыі. На 1-м этапе рэвалюцыі (снеж. 1905—06) у выніку антышахскіх нар. дэманстрацый пад кіраўніцтвам духавенства ў гарадах Тэгеран, Шыраз, Мешхед і хваляванняў у інш., шах Мазафор од-Дзін 5.8.1906 выдаў указ пра ўвядзенне ў краіне канстытуцыйнага ладу. Першы іранскі меджліс (парламент) выпрацаваў канстытуцыйны Асн. закон (зацверджаны ў снеж. 1906), якім абмежавана ўлада шаха. На 2-м этапе (1907—08) меджліс прыняў дапаўненні да Асн. закона аб увядзенні дэмакр. свабод, стварэнні свецкіх судоў і інш.Рэв. масы (у т. л. байцы-федаі) стварылі свае мясц. органы ўлады (гл.Энджамены). Баючыся размаху рэв. руху, Вялікабрытанія і Расія дамовіліся пра размежаванне сфер уплыву ў Іране (гл. ў арт.Англа-расійскія пагадненні 1873, 1885, 1907). Новы шах Махамед-Алі 23.6.1908 разагнаў меджліс і энджамены ў Тэгеране. Цэнтр рэв. руху перамясціўся ў г. Тэбрыз. На апошнім этапе рэвалюцыі (1909—11) скінуты Махамед-Алі, шахам абвешчаны яго сын Ахмед; адноўлены канстытуцыя, меджліс і інш. Аднак у выніку сумесных намаганняў рас. (на Пн) і англ. (на Пд) войск, іранскай паліцыі рэвалюцыя задушана. У лют. 1912 іранскі ўрад абвясціў аб прызнанні англа-рас. пагаднення 1907. Нягледзячы на паражэнне, І.р. нанесла ўдар па феад.-абсалютысцкіх парадках у Іране і зрабіла значны ўплыў на суседнія краіны.
Літ.:
Арабаджян З.А. Иран: власть, реформы, революции (XIX—XX вв.). М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎСКІЯ ВО́ЙСКІ 1812,
узброеныя сілы, якія былі сфарміраваны Камісіяй Часовага ўрада ВКЛ на тэр. яго 4 дэпартаментаў у час вайны 1812 і прымалі ў ёй удзел на баку Францыі. 6 жн. ваенны к-т Часовага ўрада прыняў пастанову пра набор на 6-гадовую службу ў пяхоту 10 тыс. рэкрутаў з мужчын 17—34 гадоў, а 13 жн. — пастанову пра набор 4 тыс.чал. у кавалерыю. Былі створаны 4 уланскія палкі, арганізаваны 3-і гвардз. легкаконны полк і татарскі эскадрон, 3 егерскія батальёны з паляўнічых і палясоўшчыкаў, 24.10.1812 Камісія Часовага ўрада аб’явіла аб стварэннінар. гвардыі (старо́жы) у дэпартаменцкіх цэнтрах і ў нас. пунктах, якія мелі магдэбургскае права. Асобныя прадстаўнікі шляхты (І.Манюшка, Л.Пац, Д.Радзівіл, М.Абрамовіч, Любаўскі, Р.Тызенгаўз) арганізавалі палкі за свой кошт. У пач.кастр. Л.в. мелі каля 20 тыс.чал. Ген.-інспектарам арміі быў дывізіённы генерал кн. Р.Гедройц, інспектарам пяхоты — брыгадны ген. Несялоўскі, інспектарам кавалерыі — Ю.Ваўржэцкі. З Л.в. першым прыняў бой 3-і гвардз. легкаконны полк пад Слонімам (1.11.1812), дзе быў разбіты. Войскі ВКЛ удзельнічалі ў Бярэзінскай аперацыі 1812. Пакінуўшы Вільню, яны адышлі да Варшавы і Кёнігсберга; далей адступалі разам з напалеонаўскай арміяй праз Польшчу і Германію да Францыі, страцілі забітымі і палоннымі пераважную большасць асабовага саставу. Пасля Парыжскага міру 1815 рэшткі Л.в. у складзе польскага корпуса былі ўключаны ў армію Царства Польскага (у Рас. імперыі). У 1818, калі скончыўся тэрмін службы, вайскоўцы Л.в. былі дэмабілізаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЕ НАРО́ДНАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ 1941,
ваенізаванае фарміраванне, створанае паводле рашэння Магілёўскага абкома КП(б)Б у адпаведнасці з дырэктывай ЦККП(б)Б і СНКБССР ад 30.6.1941. Налічвала ў горадзе больш за 10 тыс.чал., аб’яднаных у батальёны. Створаны 2 штабы — гарадскі і абласны. Камандаваў нар. апалчэннем абласны ваен. камісар І.П.Ваяводзін. Атрады дзейнічалі на гарбарным, аўтарамонтным, косцеперапрацоўчым з-дах, чыг. вузле, у пед. ін-це і інш., сфарміраваны батальён (камандзір К.Р.Уладзіміраў) і атрад (Дз.С.Вольскі) з супрацоўнікаў абл. ўпраўлення НКУС і міліцыі. Апалчэнцы вобласці (каля 12 тыс.чал.) вялі барацьбу з дыверсантамі і шпіёнамі, ахоўвалі лініі сувязі і прамысл. аб’екты, удзельнічалі ў эвакуацыі насельніцтва і прадпрыемстваў, у стварэнні абарончых рубяжоў. 3—26 ліп. разам з часцямі і падраздзяленнямі Чырв. Арміі горад абаранялі апалчэнцы: на 3 дзейнічалі атрады ф-кі штучнага шоўку (страціў палову свайго складу), гарбарнага і косцеперапрацоўчага з-даў, на ПнЗ — батальёны супрацоўнікаў міліцыі (з 250 чал. жывымі засталіся 19), і знішчальны (камандзір М.І.Калугін), атрады чыг. вузла, з-даў трубаліцейнага і «Адраджэнне»; на левым беразе Дняпра (прыкрывалі тыл) атрады Вольскага (загінулі ўсе), аўтарамонтнага з-да, мясакамбіната і інш. прадпрыемстваў, пед. ін-та (гл.Магілёва абарона 1941). Выкарыстаўшы перавагу ў сілах і сродках, ням. захопнікі 26 ліп. ўварваліся ў Магілёў. Вайскоўцы і апалчэнцы пакінулі горад. Многія з іх прадаўжалі барацьбу ў радах Чырв. Арміі, партыз. атрадах і падполлі. На брацкіх магілах апалчэнцаў у Магілёве і пас. Гаі пастаўлены помнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКАЕ КАНСТРУЯВА́ННЕ,
творчы метад праектавання, які выкарыстоўваецца для арганізацыі прадметна-прасторавага асяроддзя і ўдасканалення прамысл. вытв-сці вырабаў утылітарнага прызначэння; праектная практыка дызайна. М.к. скіравана на гарманічнае дапасаванне інж.-тэхн. і эрганамічных характарыстык (канструктыўнасць, надзейнасць эксплуатацыі, камфортнасць, тэхналагічнасць, трываласць, эканамічнасць і інш.), функцыян. формы і маст. афармлення, павышэнне канкурэнтаздольнасці вырабаў. Творчы метад М.к. грунтуецца на выніках папярэдняга функцыян.-эрганамічнага, канструктарска-тэхнал., кампазіцыйнага аналізу і маст.-канструктарскага сінтэзу; удасканальваецца на аснове даследаванняў у розных галінах навукі і тэхнікі, праектавання і практычнай рэалізацыі інж.-тэхн. ідэй па стварэнні гарманічна-вытв. побытавага і сацыякультурнага асяроддзя. Аптымальны вынік дае метад аб’ёмнага мадэліравання (макетавання) з макс. набліжэннем да праектнага знешняга выгляду аб’екта. Вырашэннем задач М.к. займаецца мастак-канструктар — дызайнер.
М.к. ўзнікла ў працэсе пераходу ад ручной да машыннай вытв-сці. З пач. 20 ст. развіваецца ў кірунку навук. пошукаў і практычных распрацовак у творчасці вядучых мастакоў, архітэктараў, інжынераў. Важную ролю ў развіцці М.к. мела творчасць Э.Вандэрвельдэ, В.Гропіуса, Ле Карбюзье, Л.Міс ван дэр Роэ і інш.
На Беларусі тэарэтычныя асновы М.к. закладзены на пач. 20 ст. ў эксперыментах мастакоў аб’яднання «Сцвярджальнікі новага мастацтва». Уклад у развіццё М.к. зрабілі А.Барташэвіч, І.Герасіменка, А.Длатоўскі, С.Паланевіч, І.Селязнёў, А.Чарнышоў інш. Падрыхтоўка спецыялістаў па М.к. вядзецца ў Бел.АМ, Віцебскім тэхнал. ун-це, у шэрагу сярэдніх спец.маст. устаноў.
Літ.:
Барташевич А.А. Основы художественного конструирования. Мн., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЕ АПАЛЧЭ́ННЕў Вялікую Айчынную вайну,
добраахвотныя ваен. і ваенізаваныя фарміраванні з асоб, якія не падлягалі першачарговаму прызыву па мабілізацыі; адна з форм масавага ўдзелу народа ў абароне Радзімы. Ініцыятыва арганізацыі апалчэння належала жыхарам Ленінграда. Стваралася ў 1941—42 у Маскве, Ленінградзе і інш. гарадах. Складалася з дыв., палкоў, батальёнаў, у т. л. знішчальных. На Беларусі з першых дзён вайны грамадзяне непрызыўнога ўзросту звярталіся ў ваенкаматы, парт. і камс. арг-цыі з просьбай накіраваць іх на фронт. Таму 2.7.1941 ЦКВКП(б) і 6.7.1941 СНКБССР і ЦККП(б)Б прынялі рашэнні аб стварэнні з добраахвотнікаў Н.а. Фарміраванне падраздзяленняў і часцей Н.а. на Беларусі пачалося з ліп. 1941 (прымалі грамадзян ад 17 да 55-гадовага ўзросту). Камандаванне франтоў дапамагала камплектаваць падраздзяленні Н.а. камсаставам. У прыфрантавых раёнах ствараліся знішчальныя батальёны (іх было 78, больш за 13 тыс.чал.). Летам 1941 арганізавана больш за 200 атрадаў Н.а. (больш за 33 тыс. чал), якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы абарончых рубяжоў, знішчэнні жывой сілы і тэхнікі ворага, абясшкоджванні іх дыверсійных груп і інш. (гл.Віцебскае народнае апалчэнне 1941, Гомельскі полк народнага апалчэння, Магілёўскае народнае апалчэнне 1941). Для мясц. самаабароны ствараліся камуніст. рабочыя палкі і батальёны. Пры адыходзе Чырв. Арміі частка байцоў Н.а. ўключалася ў яе рады, а тыя, хто заставаўся на акупіраванай тэрыторыі, пераходзілі да партыз. або падп. метадаў барацьбы.
А.С.Жліуроўскі, І.А.Літвіноўскі.
Байцы Гомельскага народнага апалчэння на перадавой пазіцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ КАНСЕРВАТО́РЫІ,
першыя прафесійныя муз.навуч. ўстановы ў Расіі і на Беларусі. Існавалі ў пач. 20 ст. Першыя Н.к. адкрыліся ў Маскве (1906) і Пецярбургу (1908). Найб. пашырыліся пасля 1917. Давалі пач. і сярэднюю спец.муз. адукацыю. На Беларусі адкрыты ў Віцебску (1918, першы прыём 209 чал.), Гомелі, Мінску (абедзве 1919), Бабруйску (1921, першы прыём 211 чал.). Мелі выканальніцкія (фп., скрыпка, віяланчэль, духавыя інструменты, сольныя і хар. спевы) і кампазітарскі класы, у Гомелі і клас гісторыі музыкі і эстэтыкі. Навучаліся грамадзяне розных узросту і падрыхтоўкі. У праграме заняткаў былі толькі муз. дысцыпліны, якія выкладаліся на дастатковым прафес. узроўні. Існавалі кансерваторыі з праграмамі, агульнымі для ўсіх навучэнцаў і дыферэнцыраванымі паводле ўзроставага прынцыпу, і Н.к. з 2 курсамі навучання — прафес. і асветным (у Гомелі), што садзейнічала муз. і культ.-асв. адукацыі шырокіх нар. мас. У стварэнні і рабоце Н.к. удзельнічалі вядомыя рас. музыканты, у т. л. піяністы Э.Бай, М.Дубасаў, Е.Шуман, скрыпачы А.Бяссмертны, К.Грыгаровіч, кампазітар М.Анцаў, дырыжор М.Малько, выкладчыкі класаў духавых інструментаў О.Шуман, С.Браўдо (усе Віцебск), М.Назараў (Гомель). Выкладчыкі і навучэнцы Н.к. вялі вял.культ.-асв. работу, наладжвалі канцэрты, у т. л. сімфанічныя, гутаркі, лекцыі, масавыя святы і інш. У 1-й пал. 1920-х г. Н.к. пераўтвораны ў муз. тэхнікумы (Віцебскі, Гомельскі), школы (Бабруйская).
Літ.:
Масленікава В.П. Музычная адукацыя ў Беларусі. Мн., 1980. С. 40—55;
Пракапцова В.П. Мастацкая адукацыя ў Беларусі. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНАФРЫКАНІ́ЗМ,
міжнародны ідэйна-паліт. рух, які ўзнік на мяжы 19 і 20 ст. сярод негрыцянскага насельніцтва ЗША і Вест-Індыі. Напачатку знаходзіўся пад моцным уплывам М.Гарві, які лічыў, што негрыцянскае пытанне можна вырашыць толькі шляхам перасялення ўсіх неграў на «гіст. радзіму» — у Афрыку. Пасля 1-й сусв. вайны рух П. ўзначаліў У.Э.Б.Дзюбуа, пад кіраўніцтвам якога пачалася арганізаваная барацьба супраць расавай дыскрымінацыі, за роўныя правы для чорных і белых. У 1919, 1921, 1923 і 1927 адбыліся панафр. кангрэсы. З 1930-х г. усё большы ўдзел у панафр. руху прымаюць выхадцы з самой Афрыкі. Сенегалец Л.Сенгор прапанаваў канцэпцыю негрыцюду — самабытнасці афр. культуры. Адначасова ў П. ўзмацнілася сацыяліст. плынь на чале з Дж.Пэдмарам. У кастр. 1945 у Манчэстэры (Вялікабрытанія) адбыўся 5-ы Панафр. кангрэс, на якім прадстаўнікі Афрыкі, у т. л. будучыя дзярж. дзеячы К.Нкрума, Дж.Кеніята, Х.К.Банда, А.Авалова, мелі ўжо больш за палавіну месцаў. Кангрэс выпрацаваў паліт. праграму ліквідацыі еўрап.калан. сістэмы ў Афрьщы і стварэння незалежных афр. дзяржаў. Гэтым быў дадзены моцны штуршок стварэнню ў афр. калоніях мясц.паліт. партый і рухаў і працэсу дэкаланізацыі Афрыкі ў 1950—60-я г. Некаторыя радыкальныя прыхільнікі П. (Нкрума) заклікалі да стварэння адзінай афр. дзяржавы, але іх ідэі знайшлі ўвасабленне толькі ў стварэнні Арг-цыі афр. адзінства (1963) і шэрагу рэгіянальных афр. міждзярж. саюзаў. 6-ы Панафр. кангрэс (Дар-эс-Салам, 1969) канстатаваў моцныя рознагалоссі ў руху П. і знікненне яго як адзінага руху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАЯ АБ’ЯДНА́НАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ (ПАРП; Polska Zjednoczona Partia Robotnicza),
створана 15.12.1948 у выніку аб’яднання Польскай рабочай партыі і Польскай сацыялістычнай партыі. 1-ы з’езд ПАРП (снеж. 1948) ухваліў курс на паскораную пабудову ў Польшчы сацыялізму, хуткае развіццё цяжкай прам-сці, каапераванне сялянскіх гаспадарак. У выніку гэтага ў краіне быў усталяваны рэжым на ўзор тагачаснай сав. мадэлі на чале з 1-м сакратаром ЦК ПАРП Б.Берутам. Пасля выступлення рабочых у Познані (чэрв. 1956) пленум ЦК ПАРП у кастр. 1956 абраў кіраўніком ПАРП У.Гамулку. Была скарэкціравана эканам. лінія (адмова ад прымусовага кааперавання), прыняты меры па дэмакратызацыі паліт. і грамадскага жыцця, што спрыяла стабілізацыі эканомікі і грамадства. Пагаршэнне эканам. становішча ў канцы 1960-х г., забастоўкі на Балт. узбярэжжы ў снеж. 1970 прывялі да адстаўкі Гамулкі і прызначэння ген. сакратаром ЦК ПАРП Э.Герака. Новае кіраўніцтва ПАРП праводзіла палітыку пашырэння знешнеэканам. сувязей Польшчы, што спрыяла эканам. ўздыму краіны ў 1970-я г. Але з пачаткам у 1980 эканам. заняпаду ў грамадстве павялічылася незадаволенасць уладай ПАРП, што выявілася ў масавых забастоўках у жн. 1980 і адхіленні Герака ад пасады. Эканам. крызіс і супрацьстаянне з прафс. аб’яднаннем «Салідарнасць» прымусілі кіраўніцтва ПАРП на чале з В.Ярузельскім увесці ў Польшчы ў снеж. 1981 ваен. становішча. У студз. 1989 у выніку перагавораў з апазіцыяй лідэры ПАРП згадзіліся на правядзенне свабодных выбараў, якія адбыліся ў ліп. 1989. На іх ПАРП страціла большасць у сейме Польшчы. У студз. 1990 11-ы з’езд ПАРП прыняў рашэнне аб самароспуску і стварэнні партыі Сацыял-дэмакратыя Рэспублікі Польшча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАГРЭСІ́СТЫ»,
партыя ліберальнага кірунку ў Расіі ў 1911—17. Утворана па ініцыятыве мірнаабнаўленцаў, дэпутатаў 3-й Дзярж. думы і членаў фракцыі прагрэсістаў напярэдадні выбараў ў 4-ю Дзярж. думу. Ставіла за мэту стварэнне адзінага лагера ліберальнай апазіцыі пад заклікам «Барацьба за правядзенне ў жыццё палажэнняў Маніфеста 17 кастрычніка 1905». У склад створанага ў крас. 1912 Пецярб.к-та «П.» уваходзілі І.М.Яфрэмаў, М.М.Кавалеўскі, М.М.Львоў і інш., у Маскоўскую арг-цыю — А.І.Канавалаў, П.П. і У.П.Рабушынскія і інш. Друкаваны орган маскоўскіх «П.» — газ. «Утро России». К-ты партыі існавалі ў Адэсе, Казані, Самары, Тамбове, Туле, Вобласці Войска Данскога, у Брэсце і Гродне; у студз. 1912 узнік к-т у Вільні. У Мінскай губ. да «камітэта рускіх прагрэсіўных выбаршчыкаў» далучыўся к-тяўр. выбаршчыкаў. «П.» выступалі за галоснасць і перабудову састарэлых сац. і эканам. адносін, за стварэнне канстытуцыйнага цэнтра блока «П.», куды б яны ўвайшлі разам з кадэтамі і акцябрыстамі; наладжвалі кантакты з рэв. партыямі, каб арганізаваць выступленні рабочых з мэтай націску на ўрад. У гады 1-й сусв. вайны ўдзельнічалі ў стварэнні«Прагрэсіўнага блока», па іх ініцыятыве ўзніклі рабочыя групы пры ваен.-прамысл. к-тах. Некат. лідэры «П.» сталі міністрамі Часовага ўрада.
Літ.:
Вишневски Э. Либеральная оппозиция в России накануне первой мировой войны. М., 1993;
Забаўскі М.М., Пуцік У.С. Прадстаўніцтва ад Беларусі ў Дзяржаўнай думе Расіі (1906—1917 гг.). Мн., 1998.