палітычная партыя ў Казахстане ў 1917—20. Названа па імю міфічнага продка казахаў. Утварылася ў ліп. 1917, мела абл. аддзяленні. Ідэалогія — панісламізм і панцюркізм. Дамагалася аўтаноміі Казахстана. У снеж. 1917 стварыла «партыйна-ўрадавы» цэнтр (урад) «Алашарда» на чале з А.Букейханавым (кадэт) і «Алашскую аўтаномію» (у ліст. 1918 скасавана Уфімскай дырэкторыяй), прыняла рашэнне пра стварэнне ўзбр. сіл. Атрады алаш-ардынцаў уваходзілі ў склад белагв. войскаў Дутава, Калчака, Аненкава і інш. У грамадз. вайну яе атрады разбіты, урад разгромлены ў сак. 1920 Кірг. (Казахскім) рэўкомам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗА́РЫЦКІЯ ЛА́ГЕРЫ СМЕ́РЦІ.
Тры лагеры, створаныя ням. фашыстамі ў сак. 1944, недалёка ад пярэдняга краю абароны, каля г.п. Азарычы, вёсак Дзерць і Падасіннік Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. Больш за 50 тыс. непрацаздольных грамадзян фашысты трымалі на адкрытых балоцістых мясцінах, размясціўшы сярод вязняў сыпна-тыфозных хворых з мэтай распаўсюдзіць эпідэмію сярод наступаючых часцей Чырв. Арміі. Да вызвалення (18—19.3.1944) жывымі асталіся 33 480 чал., з іх дзяцей да 13 гадоў 15 960, жанчын 13 072, старых 4448. На месцы лагераў каля г.п. Азарычы мемарыяльны комплекс.
Мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкіх лагераў смерці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НА-МЕКСІКА́НСКАЯ ВАЙНА́ 1846—48,
вайна ЗША супраць Мексікі. З’явілася вынікам экспансіі ЗША, якія, анексіраваўшы Тэхас (29.12.1845), прэтэндавалі на Каліфорнію і Новую Мексіку. 13.5.1846 ЗША абвясцілі Мексіцы вайну. У ходзе баявых дзеянняў (1846 — пач. 1847) амер. войскі занялі Каліфорнію і значную ч.Паўн. Мексікі. У сак. 1847 амер. дэсант высадзіўся ў порце Веракрус. 14.9.1847 была захоплена сталіца Мексікі. Паводле падпісанага ў лют. 1848 у Гуадалупе-Ідальга мірнага дагавора, мекс.-амер. граніца прайшла па р. Рыо-Грандэ, Мексіка страціла больш за палавіну сваёй тэрыторыі (Тэхас, Новую Мексіку, ч. Арызоны, Верхнюю Каліфорнію).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-БУ́РА-ЗУЛУ́СКАЯ ВАЙНА́ 1838—40,
захопніцкая вайна бурскіх і англ. каланізатараў супраць плямёнаў зулу на Пд Афрыкі. Ваен. дзеянні пачаліся ў крас. 1838. У снеж. буры з дапамогай англ. каланістаў нанеслі паражэнне зулусам. Пасля высадкі англ. рэгулярных войскаў зулускія кіраўнікі заключылі з іх камандаваннем пагадненне (сак. 1839), паводле якога землі на Пд ад р. Тугела адыходзілі бурам. На гэтай тэр. створана бурская рэспубліка Натал. На пач. 1840 буры аднавілі ваен. дзеянні і разграмілі зулускія войскі. У лют. 1840 да рэспублікі Натал далучаны землі паміж рэкамі Тугела і Блэк-Умфалозі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЕ́ЛА (Васіль Сцяпанавіч) (20.5.1901, в. Кішчына Слабада Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 4.12.1949),
дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Бел. політэхн, ін-т (1935). У 1922—24 у Чырв. Арміі, пасля на сав. і парт. рабоце. У 1938—45 нарком, з сак. 1949 міністр камунальнай гаспадаркі БССР. У 1945—49 нам. старшыні СМБССР. У Вял.Айч. вайну ўдзельнічаў у арганізацыі партыз. руху на Беларусі, чл. Мінскага падп. абкома КП(б)Б. Дэп. Вярх. СаветаБССР з 1947. Канд. у чл.ЦККП(б)Б у 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́НГІСЕП ((Kingissepp) Віктар Эдуардавіч) (24.3.1888, в-аў Саарэмаа, Эстонія — 4.5.1922),
эстонскі паліт. дзеяч. Скончыў Пецярб.ун-т (1917). З чэрв. 1917 адзін з кіраўнікоў бальшавіцкай арганізацыі Эстоніі, арганізатар Чырв. гвардыі. З ліст. 1917 нам. старшыні ВРК, чл. Выканкома Саветаў Эстляндскага краю. З сак. 1918 у Маскве, у Вярх. рэўтрыбунале і ВЧК, чл.ВЦВК. З ліст. 1918 адзін з кіраўнікоў Кампартыі Эстоніі, якая дзейнічала ў падполлі, на яе 1-м (1920) і 2-м (1921) з’ездах выбраны чл.ЦК і яго палітбюро. Арыштаваны эст. паліцыяй і паводле прыгавору ваен.-палявога суда расстраляны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́МЕР (Арон Іосіфавіч) (1865, г. Швенчоніс, Літва — 1935),
дзеяч рэв. руху; адзін са стваральнікаў Бунда і першых прапагандыстаў марксізму ў Расіі. У брашуры «Аб агітацыі» (1897, пад рэд. Ю.В.Мартава) аддаваў перавагу эканамічным, а не паліт. патрабаванням рабочых. У сак. 1898 дэлегат Першага з’езда РСДРП у Мінску ад Бунда. У 1898—1905 чл.ЦК Бунда. Пасля рэвалюцыі 1905—07 адышоў ад паліт. дзейнасці. Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняў, выехаў у Польшчу, дзе аднавіў актыўную дзейнасць у Бундзе, стаяў на пазіцыях правага крыла Апошнія гады жыў у Вільні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПРЫЕ́НКА (Ілья Кірэевіч) (28.8.1916, в. Сабалёўка Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 17.3.1988),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял.Айч. вайну з 1943 на Бранскім, Зах., Бел., 2-м Бел. франтах. Камандзір аддзялення яфрэйтар К. вызначыўся ў 1945 у баях ва Усх. Прусіі: 23 студз. на чале групы разведчыкаў вызначыў у варожым тыле размяшчэнне агнявых кропак і жывой сілы праціўніка; 29 студз. разведаў шляхі падыходу да нас. пункта Бішафсбург; 8 сак. выявіў рух на шашы варожай пяхоты і аўтамашын, ліквідаваў іх, часткова ўзяў у палон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́БІК (Лявон Сцяпанавіч) (1871, в. Кукавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — сак. 1918),
бел. паэт і публіцыст. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Настаўнічаў. За ўдзел у рэвалюцыі 1905—07 сасланы на 3 гады ў Краснаярскі край. Пасля жыў у Пінску, потым на радзіме. З 1910 друкаваўся ў газ. «Наша ніва» (вершы, нататкі). Аўтар вершаваных апавяданняў «Залом у жыце» (1911), «Лекар-вядзьмар» і «Калядны вечар» (1912), якія вызначаюцца вострай сац. накіраванасцю, крытычным пафасам.
Тв.:
У кн.: Беларуская дакастрычніцкая паэзія. Мн., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́НДАНСКІ ДАГАВО́Р 1854,
пагадненне паміж Вялікабрытаніяй, Францыяй і Турцыяй аб ваенным саюзе супраць Расіі. Падпісаны 10 крас. ў Лондане, у перыяд Крымскай вайны 1853—56, пасля аб’яўлення Вялікабрытаніяй і Францыяй вайны Расіі (15—16 сак. 1854). Л.д. дапаўняў і пашыраў Канстанцінопальскі саюзны дагавор, заключаны паміж гэтымі дзяржавамі 12.3.1854. Паводле Л.д. Вялікабрытанія і Францыя абавязаліся дапамагаць Турцыі, паслаць дастатковую колькасць сваіх войск на еўрап. і азіяцкі тэатры ваенных дзеянняў, дзейнічаць сумесна і неадкладна. Турцыя ў сваю чаргу пазбаўлялася права ўступаць у любыя перагаворы з Расіяй без паведамлення і згоды саюзнікаў.