МАКА́РАЎ (Алег Рыгоравіч) (н. 6.1.1933, г. Удомля Цвярской вобл., Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1973, 1978), лётчык-касманаўт СССР (1973). Канд. тэхн. н. (1980). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя М.​Э.​Баўмана (1957). З 1966 у атрадзе касманаўтаў. 27—29.9.1973 з В.Р.Лазаравым здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Саюз-12»; 5.4.1975 з Лазаравым — субарбітальны палёт на КК «Саюз 18-1»; 10—16.1.1978 з У.А.Джанібекавым — палёт на КК «Саюз-27» і арбітальнай станцыі (АС) «Салют-6» з прыстыкаваным да яе КК «Саюз-26», на якім вярнуўся на Зямлю; 27.11—10.12.1980 з Л.​Дз.Кізімам і Г.М.Стракалавым — палёт на КК «Саюз Т-3» і АС «Салют-6». У палётах удзельнічаў як бортінжынер. Правёў у космасе 20,74 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 9, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРА́ХІН (Сяргей Сцяпанавіч) (7.10.1911, в. Тотаршава Ардатаўскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 15.6.1972),

савецкі ваен. дзеяч, ген. арміі (1968). Скончыў Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1941) і Генштаба (1950). У Чырв. Арміі з 1931. У Вял. Айч. вайну на Паўн.-Зах., Бранскім, Варонежскім, 1-м Укр. франтах: нач. штаба танк. брыгады, штаба ўпраўлення бранятанк. і механіз. войск фронту, нач. аператыўнага аддзела танк. арміі, камандзір танк. брыгады. Пасля вайны на камандных пасадах у войсках, выкладчык Ваен. Акадэміі Генштаба. З 1960 1-ы нам. камандуючага, камандуючы Паўн. групай войск, у 1964—67 камандуючы войскамі БВА. З 1968 нам. міністра абароны — нач. тылу Узбр. Сіл СССР. Чл. ЦК КПСС у 1971—72, чл. ЦК КПБ у 1966—68. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1966—72.

т. 10, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЫНО́СЫ (ісп. merinos),

пароды танкарунных авечак з вельмі тонкай белай воўнаю найвышэйшай якасці. Радзіма — Зах. Азія (вядомы за некалькі стагоддзяў да н.э). Гадуюць у большасці краін свету, найб. у Аўстраліі. На Беларусь завезены ў канцы 18 ст.

Па памерах належаць да сярэдніх і буйных парод. Маса бараноў 80—100 (да 180) кг, матак 40—60 (да 100) кг. Скура са складкамі на шыі. У самцоў большасці М. добра развітыя рогі. Руно штапельнай будовы. Воўна аднародная, з мяккіх пуховых валокнаў таўшчынёй 15—25 мкм (60—80-й якасці) з характэрнай звілістасцю. Кірункі прадукцыйнасці: воўнавы (сучасныя высокапрадукцыйныя пароды: азербайджанскі горны мерынос, грозненская парода, стаўрапольская парода, сальская і інш.) і воўнава-мясны (асканійская парода, савецкі мерынос, алтайская, каўказская, якіх абмежавана гадуюць на Беларусі, і інш.).

т. 10, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЛБАНДЗЯ́Н (Дзмітрый Аркадзевіч) (15.9.1906, Тбілісі — 1993),

савецкі жывапісец. Нар. маст. СССР (1969). Правадз. чл. АМ СССР (1953). Герой Сац. Працы (1976). Скончыў Тбіліскую АМ (1929). У натуралістычнай манеры пісаў карціны на рэв. і гіст. тэмы, парадныя партрэты: «Выступленне С.​М.​Кірава на 17-м з’ездзе партыі» (1935), партрэт І.​В.​Сталіна (1945, Дзярж. прэмія СССР 1946), «Улада Саветам — мір народам» (1950, у сааўт.; Дзярж. прэмія СССР 1951), «У.​І.​Ленін у 1919 годзе» (1957), «У.​І.​Ленін на 9-м з’ездзе партыі» (1969), «Напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі» (1970—73), «Малая зямля, Новарасійск» (1975), «Выступленне Л.​І.​Брэжнева ў Хельсінкі» (1976) і інш. Аўтар партрэтаў дзеячаў культуры (А.​Ісаакяна, 1940; «Вернатаўн», 1973—74, і інш.), пейзажаў і нацюрмортаў. Ленінская прэмія 1982.

т. 11, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАЛА́ЕЎ (Андрыян Рыгоравіч) (н. 5.9.1929, с. Шаршэлы Марыінска-Пасадскага р-на Чувашскай Рэспублікі, Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1962, 1970), лётчык-касманаўт СССР (1962), ген.-маёр авіяцыі (1970), канд. тэхн. н. (1975). Скончыў ваен. авіяц. вучылішча (1954), Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя Жукоўскага (1968). З 1955 ваен. лётчык. З 1960 у атрадзе касманаўтаў (у 1963—68 яго камандзір). 11—15.8.1962 здзейсніў палёт вакол Зямлі на касм. караблі (КК) «Усход-3», 1—19.6.1970 з В.І.Севасцьянавым — палёт (як камандзір) на КК «Саюз-9». У космасе правёў 21,6 сут. У 1974—94 першы нам. начальніка Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына. Дзярж. прэмія СССР 1981. Залатыя медалі імя Цыялкоўскага АН СССР і імя Гагарына. Імем Н. названы кратэр на Месяцы.

У.​С.​Ларыёнаў.

А.Р.Нікалаеў.

т. 11, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́Ў (Леанід Іванавіч) (н. 31.8.1945, г. Александрыя Кіраваградскай вобл., Украіна),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1980, 1981), лётчык-касманаўт СССР (1980). Палкоўнік. Скончыў Чарнігаўскае вышэйшае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1968), Ваенна-паветр. акадэмію імя Ю.​А.​Гагарына (1976). З 1970 у атрадзе касманаўтаў. Здзейсніў (як камандзір экіпажаў) палёты: 9.4—11.10.1980 з В.В.Руміным на касмічным караблі (КК) «Саюз-35» і арбітальнай станцыі (АС) «Салют-6» (пасадка на КК «Саюз-37»), 14—22.5.1981 з Д.Прунарыу на КК «Саюз-40» і АС «Салют-6», 19—27.8.1982 з А.А.Серабровым і С.Я.Савіцкай на КК «Саюз Т-7» і АС «Салют—7» (пасадка на КК «Саюз Т-5»). У космасе правёў 200,6 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 12, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯНЬКО́ЎСКІ (Валянцін Антонавіч) (14.4.1904, г. Магілёў — 26.4.1969),

савецкі военачальнік, ген. арміі (1961). Скончыў Аб’яднаную ваен. школу імя ЦВК БССР (1927), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1947). У Чырв. Арміі з 1920. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20. З 1933 на камандных пасадах у ППА. У Вял. Айч. вайну на Паўд.-Зах., Сталінградскім, Данскім, Варонежскім, Ленінградскім, 1-м і 2-м Прыбалт., 1-м Далёкаўсх. франтах. Удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў, вызвалення Украіны, Беларусі (Віцебск, Полацк), вайны з Японіяй 1945. Пасля вайны нач. штабоў шэрагу ваен. акруг, з 1961 камандуючы войскамі БВА. З 1964 нам. міністра абароны СССР. Чл. ЦК КПБ у 1961—66. Дэп. Вярх. Саветаў СССР з 1958, БССР у 1963—67. Ганаровы грамадзянін г. Полацк.

В.А.Пянькоўскі.

т. 13, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́Ў (Васіль Іванавіч) (н. 15.1.1917, с. Чарналескае Будзёнаўскага р-на Стаўрапольскага краю, Расія),

савецкі военачальнік. Маршал Сав. Саюза (1983), Герой Сав. Саюза (1982). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1948) і Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1969). У арміі з 1939. У Вял. Айч. вайну на Паўд., Крымскім, Паўн.-Каўк., Закаўк., Сцяпным, Варонежскім, 1-м і 2-м Укр. франтах. Пасля вайны на штабных і камандных пасадах. У 1972—76 каманд. войскамі Далёкаўсх. ваен. акругі, у 1976—80 1-ы нам. галоўнакаманд., у 1980—85 галоўнакаманд. Сухапутнымі войскамі — нам. міністра абароны СССР. У 1977—78 адначасова ўзначальваў сав. ваен. місію па аказанні дапамогі ўраду Эфіопіі ў адбіцці агрэсіі з боку Самалі. У 1985—86 1-ы нам. міністра абароны СССР.

т. 13, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУКАВІ́ШНІКАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (н. 18.9.1932, г. Томск, Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1971, 1974). Герой Манголіі (1972). Герой Балгарыі (1979). Лётчык-касманаўт СССР (1971). Канд. тэхн. н. (1980). Скончыў Маскоўскі інж.-фіз. ін-т (1957). У 1967—80 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў. У 1981—98 старшыня Федэрацыі касманаўтыкі СССР (Расіі). 23—25.4.1971 з У.​А.​Шаталавым і А.​С.​Елісеевым здзейсніў (як інжынер-выпрабавальнік) палёт на касм. караблі (КК) «Саюз-10» (стыкоўка з арбітальнай станцыяй «Салют»), 2—8.12.1974 з А.​В.​Філіпчанкам — палёт на КК «Саюз-16» (як бортінжынер), 10—12.4.1979 з Г.​Іванавым (Балгарыя) — палёт на КК «Саюз-33» (як камандзір). У космасе правёў 9,9 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 13, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРБЕ́ЛІ (Лявон Абгаравіч) (7.7.1882, Ерэван — 9.12.1958),

савецкі фізіёлаг. Акад. АН СССР (1935, чл.-кар. 1932). Акад. АН Арм. ССР (1943). Акад. АМН СССР (1944). Ген.-палкоўнік мед. службы. Герой Сац. Працы (1945). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію ў Пецярбургу (1904). Вучань і супрацоўнік І.П.Паўлава. Працаваў у н.-д. і вышэйшых навуч. установах Пецярбурга, Масквы, У 1936—50 дырэктар Ін-та фізіялогіі, з 1950 Ін-та эвалюц. фізіялогіі АН СССР. У 1942—46 віцэ-прэзідэнт АН СССР. Навук. працы па адаптацыйна-трафічнай ролі сімпатычнай нерв. сістэмы. Адзін са стваральнікаў сав. школы фізіёлагаў. Дзярж. прэмія СССР 1941. Прэмія імя І.​П.​Паўлава АН СССР (1937). Прысуджалася прэмія АН СССР яго імя.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—5. М.; Л., 1961—68.

Літ.:

Лейбсон Л.Г. Л.​А.​Орбели. Л., 1973.

т. 1, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)