ПРЫ́ПЯЦКІ,

нацыянальны парк у Жыткавіцкім, Петрыкаўскім і Лельчыцкім р-нах Гомельскай вобл. Створаны ў 1996 з мэтай захавання і ўзнаўлення унікальных прыродных комплексаў Палесся, развіцця вытв.-гасп. базы рэгіёна, арганізацыі турызму і адпачынку насельніцтва. Пл. 82,4 тыс. га, у т. л. запаведная 29,2 тыс. га.

У склад парку ўвайшлі тэр. Прыпяцкага ландшафтна-гідралагічнага запаведніка і ўчастак р. Прыпяць з пойменнымі і прыпоймавымі землямі левабярэжжа. Займае ч. Палескай нізіны. Рэльеф раўнінны са шматлікімі паніжэннямі і эолавымі ўтварэннямі. Поймавыя і лесабалотныя комплексы складаюць 95% тэр. парку. Поймавыя (пераважна дробназлакавыя) лугі. Нізінныя, пераходныя і вярховыя балоты (у правабярэжнай ч. парку буйнейшы ў Еўропе масіў балот пераходнага і вярховага тыпаў). Расліннасць Палеска-Прыдняпроўскай геабат. акругі, падзоны шыракаліста-хваёвых лясоў. Лясы займаюць 70% тэр., уключаюць 25 відаў дрэвавых і 33 кустовых парод. Хвойныя, шыракалістыя, драбналістыя вытворныя, лісцевыя карэнныя балотныя і поймавыя лясы з хвоі, бярозы пушыстай і павіслай, дуба, вольхі чорнай, ясеня, асіны, граба, елкі (астраўныя мікрапапуляцыі і прымесь у мяшаных насаджэннях). Сярэдні ўзрост лясоў 70 гадоў. У падлеску ляшчына, рабіна, крушына ломкая, свідзіна, чаромха, вярба, парэчкі. Унікальныя поймавыя дубровы (сярэдні ўзрост перавышае 200 гадоў) і зараснікі вярбы (узрост асобных дрэў больш за 100 гадоў). У флоры 827 відаў вышэйшых раслін, 196 імхоў, 184 лішайнікаў, 321 водарасцей, каля 1000 відаў грыбоў. Зубніца клубняносная, купальнік горны, лілея кучаравая, касач сібірскі, сліва калючая, гарлачык белы, сальвінія плывучая і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У фауне 50 відаў млекакормячых, 246 птушак, 7 рэптылій, 11 амфібій, 36 рыб, больш за 2 тыс. насякомых. Звычайныя дзік, лось, казуля, бабёр, воўк, ліс, заяц-русак, куніцы звычайная і каменная, выдра, вавёрка, глушэц, цецярук, перапёлка, курапатка шэрая, вадаплаўныя птушкі і інш. Зубр, рысь, барсук, некалькі відаў лятучых мышэй, беркут, скапа, арлан-белахвост, пугач, сыч дамавы, бусел чорны, журавель шэры, гальштучнік, кулік-сарока, бугаі малы і вялікі, марадунка, чайка і крачка малыя, чарапаха балотная і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У П. створаны 2 вольнажывучыя статкі зуброў (завезены ў 1987 і 2000 з Белавежскай пушчы), у якім налічваецца больш за 40 жывёл. Адм. цэнтр П. ў г.п. Тураў.

А.​А.​Галдзянкоў.

т. 13, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВА́ННЫЯ ЗО́НЫ, саваннаў і рэдкалессяў зоны,

прыродныя зоны нізкіх шырот у субэкватарыяльным і трапічным (радзей — у субтрапічным) паясах Паўн. і Паўд. паўшар’яў. Займаюць каля 40% тэр. Афрыкі (на Пд ад Сахары), пашыраны ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы, Паўд. і Паўд.-Усходняй Азіі, Аўстраліі. С.з. уласціва пасатна-мусонная цыркуляцыя паветраных мас з выразным падзелам на сухі зімовы і вільготны летні сезоны. Працягласць дажджлівага сезону скарачаецца па меры аддалення ад экватарыяльнага пояса з 8—9 месяцаў да 2—3 месяцаў, колькасць ападкаў ад 2000 да 250 мм за год. Радыяцыйны баланс складае 250—335 кДж/см² (60—80 ккал/см²). Т-ра самага халоднага месяца 4—20 °C, самага цёплага — 20—35 °C. Сутачныя ваганні т-ры паветра да 25 °C. Рачная сетка рэдкая. Рэкі мялеюць у сухі сезон, у дажджлівы — расход вады павялічваецца ў 15—20 разоў, узрастае цвёрды сцёк, схілавы і плоскасны змыў.

Рэльеф прадстаўлены згладжанымі паверхнямі, над якімі ўзвышаюцца эразійныя астанцы, захаваныя ад разбурэння шчыльнымі фералітнымі корамі. Бяссцёкавыя ўпадзіны ў вільготны перыяд забалочваюцца. У сухі сезон зніжаецца ўзровень грунтавых вод, актыўна праяўляюцца працэсы фіз. выветрывання, у больш засушлівых раёнах — дэфляцыі. Глебы чырвоныя, чырвона-карычневыя, чырвона-бурыя. чорныя, шэра-карычневыя; з вял. колькасцю аксідаў жалеза, марганцу, алюмінію; характарызуюцца прамыўным рэжымам у дажджлівы сезон. Расліннасць: розныя тыпы саваннаў, саванныя лясы, ксерафітныя рэдкалессі і хмызнякі, уздоўж рэк галерэйныя лясы. Жывёльны свет: буйныя капытныя, драпежнікі, грызуны, бегаючыя птушкі, паўзуны і насякомыя Вышынная пояснасць у гарах С.з. прадстаўлена знізу — рэдкалессямі або саваннамі, вышэй — сухімі і мезафітнымі лістападна-вечназялёнымі лясамі, яшчэ вышэй — хмызнякамі і горным стэпам. У С.з. субэкватарыяльных паясоў вылучаюцца падзоны вільготных высакатраўных саваннаў і саванных лясоў, тыповых саваннаў, апустыненых саваннаў і рэдкалессяў. Вырошчваюцца збожжавыя і клубневыя культуры, бавоўнік, джут, арахіс, сізаль, цукровы трыснёг і інш. Жывёлагадоўля (пераважна ў больш засушлівых абласцях). Ландшафты С.з. моцна зменены антрапагенным уздзеяннем (звядзенне лясоў, разворванне, выпальванне траў і інш.), што прыводзіць да іх апустыньвання.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 14, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІ́РЫЯ,

старажытная рабаўладальніцкая дзяржава на тэр. сучаснага Ірака. Існавала з 2-га тыс. да нашай эры да 7 ст. да нашай эры. З даўніх часоў тут жылі субарэйцы, ці хурыты, якія каля 2-га тыс. да нашай эры змяшаліся з селіцкімі семіцкімі плямёнамі Паўд. Месапатаміі. Цэнтрам Асірыі ў сярэдзіне 2-га тыс. да нашай эры стаў г. Ашур (Асур) і яго калоніі. Асн. занятак насельніцтва — жывёлагадоўля, земляробства. Запасы лесу, каменю, метал. руды спрыялі развіццю рамёстваў. Выгаднае геагр. размяшчэнне зрабіла Ашур цэнтрам транзітнага гандлю паміж Паўд. Двухрэччам і М. Азіяй.

У сярэдзіне 18 ст. да нашай эры Асірыя трапіла пад уладу Вавілоніі, у 16—15 ст. да нашай эры — Мітані. У канцы 15 — пач. 14 ст. да нашай эры Асірыя зноў стала незалежная і падпарадкавала Вавілонію. Асірыйскія законы 14 ст. да нашай эры сведчаць пра панаванне патрыярхальнай сям’і, пра маёмаснае расслаенне абшчыны. Заваёўніцкія войны, якія Асірыя вяла ў 14—13 ст. да нашай эры, павялічылі прыток рабоў-ваеннапалонных. Пасля часовага заняпаду (12 ст.) у канцы 12 — пач. 11 ст. да нашай эры Асірыя вяла паспяховыя войны ў Вавілоніі, Паўн. Сірыі, Фінікіі, рабіла набегі на Армянскае нагор’е. Аднак рух плямёнаў арамеяў аслабіў і расчляніў Асірыю. У 10—9 ст. да нашай эры асірыйскія цары зноў вялі заваёўніцкія войны з Вавілоніяй, Урарту, Мідыяй, Сірыяй. Разарэнне с.-г. раёнаў у выніку бясконцых войнаў выклікала сац.-паліт. крызіс. Пасля грамадз. вайны царом стаў Тыглатпаласар III (745—727 да нашай эры), які правёў дзярж. рэформы: умацаваў войска, увёў сістэму масавага перасялення заваяваных плямёнаў, надзяліў зямлёй вольных земляробаў і абавязаў іх выконваць вайск. павіннасць. Пры ім зноў пачаліся заваёўніцкія войны. За 100 гадоў Асірыя заваявала амаль усю Пярэднюю (Зах.) Азію і ператварылася ў магутную ваен. дзяржаву. Унутрыпаліт. барацьба, класавыя супярэчнасці, вызв. барацьба заваяваных народаў аслабілі Асірыю. Пры цару Ашурбаніпале (669 — каля 633 да нашай эры) войны супраць кааліцыі дзяржаў на чале з Вавілонам падарвалі сілы Асірыі, у 605 да н.э. яна была пераможана і перастала існаваць. Яе насельніцтва змяшалася з арамеямі Месапатаміі.

Пра выяўл. мастацтва Асірыі гл. ў арт. Вавілона-Асірыйская культура.

Да арт. Асірыя. Паляванне Ашурбаніпала. Рэльеф у палацы Ашурбаніпала.

т. 2, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́СЛАЎСКІЯ АЗЁРЫ,

дзяржаўны нацыянальны парк Беларусі. Створаны ў 1995 на тэр. цэнтральнай ч. Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. ў мэтах захавання тыповага для Бел. Паазер’я прыроднага комплексу Браслаўскай групы азёр. Пл. 71,5 тыс. га, працягласць з Пн на Пд 56 км, з З на У ад 7 да 29 км. Найб. азёры (басейн р. Друйка): Дрывяты, Снуды, Струста, Войса, Неспіш, Недрава, Богінскае воз., Воласа Паўн., Воласа Паўд., Бярэжа, Абаб’е і інш. Лясы займаюць каля 33 тыс. га (46%), с.-г. ўгоддзі і азёры — па 12 тыс. га (па 17%).

Рэльеф Браслаўскіх азёр — узгорыста-марэнны азёрны; у паўн. і сярэдняй ч. — Браслаўская града, у паўд. — Дзісенская нізіна. Марэнныя грады, пагоркі мяжуюцца з глыбокімі міжпагоркавымі паніжэннямі з азёрамі, пашыраны камы, озы. Клімат умерана цёплы, вільготны. Іхтыяфауна азёр багатая: вугор, судак, рапушка еўрапейская (сялява) — усяго 30 відаў рыб, у т. л. 27 абарыгенных. У воз. Воласа Паўд. пашыраны лімнакалянус (рэліктавы рачок), мізіда рэліктавая, понтапарэя, бакаплаў Паласа, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі, з млекакормячых распаўсюджаны дзік, казуля, лось, зайцы, ліс, янотападобны сабака, воўк, лясная куніца, вавёрка, выдра, бабёр, норка. У арнітафауне да 85% усіх птушак, якія гняздуюцца на Беларусі: беркут, арлан-белахвост, скапа, малы падворлік, каршачок, шэры журавель, чорны бусел, малая паганка, вял. бугай, чорнаваллёвая гагара, белая курапатка, сярэдні кулон, залацісты сявец, дзербнік, касматаногі сыч, няясыць даўгахвостая (уральская), трохпальцы дзяцел, уюрок і інш., з якіх 45 відаў занесены ў Чырв. кнігу. Цецеруковыя, кулікі, вадаплаўная дзічына маюць прамысл. значэнне. У флоры рэгіёна больш за 500 відаў, з якіх каля 20 рэдкія і знікаючыя: карлікавая бяроза, ворлікі звычайныя (аквілегія), гарлачык жоўты малы, званочак персікалісты, марошка прысадзістая, лінея паўночная, чараўнік зеленакветкавы, неатыянта клабучковая, першацвет веснавы, пералеска высакародная, шпажнік чарапіцавы і інш. Адасоблены некалькі лясных масіваў: Багінскі (каля 17 тыс. га), Друйская лясная дача (каля 5,6 тыс. га), Бяльмонт (каля 12 тыс. га). Выяўлены асабліва каштоўныя біягрупы раслін лістоўніцы сібірскай, бярозы павіслай і карэльскай, ліпы драбналістай.

На тэрыторыі нац. парку і ахоўнай зоны 25 помнікаў прыроды (напр., участкі ландшафтаў — а-вы Гарадзішча і Церанцейка, Ахрэмавіцкі парк «Бяльмонты», валуны, дрэвы). Тут размешчаны дзіцячы санаторый «Браслаў», турбаза «Браслаўскія азёры», лагеры адпачынку студэнтаў і выкладчыкаў Бел. акадэміі фіз. выхавання і спорту і Бел. ун-та інфарматыкі і радыёэлектронікі.

П.​І.​Лабанок.

т. 3, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ААМЫ́НЬ (партуг. Макао),

тэрыторыя ва Усх. Азіі, на ўзбярэжжы Паўд.-Кітайскага м., у дэльце р. Сіцзян. Належыць Партугаліі. Уключае п-аў Аамынь і а-вы Тайпа і Калаане. Пл. 16 км². Адм. ц. — г. Аамынь. Нас. 497 тыс. чал. (1991); кітайцы (больш за 95%), партугальцы і інш. Афіц. мова партугальская. Вернікі пераважна католікі. Большая частка насельніцтва жыве ў г. Аамынь. Рэльеф узгорысты. Клімат мусонны; ападкаў 1800 мм за год, бываюць тайфуны.

Тэр. Аамыня са стараж. часоў належала Кітаю, мела розныя назвы. Тут знаходзіўся палац кіт. імператрыцы — Магэ (Палата Матухны, адсюль назва Макао). У 14—17 ст. Аамынь — гандл. гавань у пав. Сяншань (цяпер Чжуншань), прав. Гуандун. У 1553 у Аамыні з’явіліся партугальцы, з 1555 яны арандавалі Аамынь, у 1557 стварылі адміністрацыю пры захаванні суверэнных правоў Кітая. У 1849 партуг. ўрад абвясціў Аамынь незалежным ад Кітая. Паводле навязанага Кітаю ў 1887 Дагавора аб дружбе і гандлі Партугалія атрымала права на «вечнае кіраванне» Аамынем. У 1940 захоплены Японіяй. Пасля паражэння Японіі ў 2-й сусв. вайне — пад кантролем Партугаліі, якая ў 1951 абвясціла Аамынь сваёй «заморскай правінцыяй» на чале з губернатарам. Урад КНР неаднаразова заяўляў, што Аамынь — тэр. Кітая, і настойваў на вяртанні яго праз мірныя перагаворы. У 1987 прынята сумесная кіт.-партуг. заява, якой прадугледжана з 20.12.1999 аднаўленне суверэнных правоў КНР на Аамынь, а таксама дазволена стварыць асобны адм. раён у адпаведнасці з абвешчаным Пекінам прынцыпам «адна дзяржава — два лады». Паліт. партыі: Дэмакратычны цэнтр Аамыня, Асацыяцыя абароны Аамыня.

Аснова эканомікі — турызм і галіны, якія яго абслугоўваюць. Развіта вытв-сць тэкст., электронных вырабаў, феерверкаў, вырабаў са скуры, він, камфары. Аамынь — буйны пасрэдніцкі цэнтр міжнар. гандл. і валютна-фін. аперацый. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 2% тэрыторыі. Вырошчваюць агародніну, развіты птушкагадоўля і рыбалоўства. Асн. гандл. партнёры — Кітай, Сянган, ЗША і Канада. Экспартуе адзенне, тэкстыль, шоўк, прадукцыю саматужных промыслаў, тытунёвыя вырабы, чай, рыбу. Вял. ролю адыгрывае рээкспарт тавараў з Кітая. Імпартуе сыравіну, харч. прадукты, пітную ваду. Аамынь вядомы як перавалачны пункт кантрабанднага гандлю золатам і опіумам. Ігральны бізнес. Марскі курорт. Паромная сувязь Аамыня — Сянган. Штогод Аамынь наведваюць 5 млн. турыстаў. Грашовая адзінка — патака.

Ю.​В.​Ляшковіч, У.​С.​Кошалеў.

т. 1, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАГО́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

у Расійскай Федэрацыі. Утворана 23.9.1937. Пл. 145,7 тыс. км². Нас. 1362,4 тыс. чал. (1995), гарадскога 66%. Цэнтр — г. Волагда. Найб. гарады: Чарапавец, Сокал, Вял. Усцюг.

Прырода. Валагодская вобласць размешчана на ПнЗ Усх.-Еўрапейскай раўніны. Пераважаюць выш. 150—200 м. У зах. ч. вобласці ярка выяўлены марэнны рэльеф. На ПнЗ знаходзяцца Вепсаўскае (выш. да 304 м) і Андомскае ўзвышшы, Мягорская града, на ПдЗ — Андогская града (выш. да 299 м), у цэнтр. ч. — Валагодскае, Галіцкае, Верхняважскае ўзвышшы і шэраг град, на ПдУ — частка узв. Паўночныя Увалы. Карысныя выкапні: торф, флюсавыя вапнякі, даламіты, вогнетрывалыя гліны, кухонная соль. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -14 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў каля 500 мм за год. У Валагодскай вобласці больш за 2000 рэк, найб. — Сухона з прытокам Юг, Вага, Малога, Шэксна, Унжа. Азёр каля 4200, сярод іх Анежскае і Белае, Вожэ, Кубенскае, Рыбінскае і Шэкснінскае вадасховішчы. На Пн пашыраны падзолістыя, на Пд — дзярнова-падзолістыя глебы. Лясы займаюць каля ​2/3 тэрыторыі, пераважаюць хвойныя пароды. На тэр. вобласці частка Дарвінскага запаведніка.

Гаспадарка. Лен. галіны прам-сці: чорная металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтацягнікі-цыстэрны, рачныя сухагрузныя цеплаходы, буксіры-штурхачы, суднавыя краны; абсталяванне для лясной, дрэваапр. і харч. прам-сці; станкі для апрацоўкі драўніны, рухавікі, падшыпнікі, электраапаратура, дэталі для с.-г. машын, рамонт буд. і дарожных машын і інш.), дрэваапр. (піламатэрыялы, зрубы, домікі садовыя, мэбля), цэлюлозна-папяровая, хім. (вытв-сць азотных угнаенняў, аміяку, салетры, лакаў і фарбаў), лёгкая (апрацоўка льновалакна, трыкат. і швейныя вырабы), рыбная і харч. (масласыраробная, кансервавая) прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў (цэгла, жалезабетонныя канструкцыі). Вядучыя галіны сельскай гаспадаркі — малочная жывёлагадоўля і льнаводства. Развіты птушкагадоўля і свінагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя (жыта, пшаніца, ячмень) і кармавыя культуры. Пасевы бульбы і агародніны. Шырока вядомы традыцыйныя маст. промыслы: пляценне карункаў (гл. Валагодскія карункі), чарненне па серабры, маст. ткацтва, разьба і пляценне з бяросты. Па тэр. вобласці праходзяць чыг. Масква—Архангельск і Санкт-Пецярбург—Перм, аўтадарога Санкт-Пецярбург—Чарапавец—Волагда—Яраслаўль. Суднаходства па Волга-Балтыйскім водным шляху, Паўн.-Дзвінскай сістэме, па Сухоне, Волагдзе, Паўн. Дзвіне. Захаваліся ансамблі Гледзенска-Троіцкага (засн. ў 12 ст.), Міхаіла-Архангельскага (засн. ў 1212) і Спаса-Праабражэнскага (засн. ў 1422) манастыроў. Курорт — г. Тоцьма.

П.​І.​Рогач.

т. 3, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

на З Гродзенскай вобл.; зах. ч. Паўднёва-Заходняга адгалінавання Беларускай грады. На Пн і У мяжуе з Нёманскай ніз., ад Ваўкавыскага узв. аддзелена далінай Свіслачы, на З заходзіць на тэр. Польшчы (Сакольскае узв.). Пл. 1,4 тыс. км², з Пн на Пд працягнулася на 60 км, з З на У — да 40 км. Найб. выш. 247 м (паблізу в. Капцёўка, за 12 км на Пд ад Гродна), над урэзам Нёмана прыўзнята на 157 км.

У тэктанічных адносінах Гродзенскае ўзвышша прымеркавана да зах. ч. Беларускай антэклізы. Магутнасць асадкавага покрыва 400 м. У антрапагене ўвесь асадкавы чахол падвяргаўся магутнаму ўплыву ледавікоў. Уздзеянне бярэзінскага ледавіка на подсцільныя пароды прывяло да ўзнікнення каля Гродна вял. ледавіковых лагчын з адзнакамі днішча да -167,5 м, магутных мелавых гляцыядыяпіраў і буйных адорвеняў. Канчатковае фарміраванне канцова-марэнных град (Капцёўскай, Магілянскай, Кулеўскай, Дуброўскай і інш.) адбылося ў сярэднім антрапагене ў час дняпроўскага і сожскага зледзяненняў. Паўн. і паўн.-зах. часткі ўзвышша — маламагутныя краявыя ўтварэнні (камы) паазерскага ледавіка. Града мае пераважна хвалістую паверхню з невял. ўзгоркамі-астанцамі. На ўскраінах пашыраны буйны ўзгорыста-ўвалісты рэльеф з амплітудай вышынь да 20—25 м. Гродзенскае ўзвышша прарэзана шырокай далінай Нёмана і яго прытока Ласосны, да якой з У каля Гродна падыходзіць больш вузкая даліна прарыву Нёмана (шыр. рэчышча 50—100 м), што ўтварылася на ўчастку марэннага завалу ледавіковай лагчыны і прадаліны Нёмана стараж. ледавікамі. Па берагах даліны глыбокія яры (равы), адзін з якіх — Калодзежны Роў аб’яўлены помнікам прыроды. Будова даліны Нёмана складаная, вылучаюцца верхняя і 8 лакальных тэрас, 3 поймавыя ўзроўні. Карысныя выкапні: мел, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі. Гродзенскае ўзвышша дрэніруюць Нёман з прытокамі Гожка, Ласосна (з Татаркай і Каменкай), Горніца. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя супясчаныя і пясчаныя на канцова-марэнных градах, дзярнова-падзолістыя сугліністыя на другасных марэнных раўнінах, поймавыя ў далінах рэк. Прыродная расліннасць моцна зрэджаная. Пад лесам 9% тэр. Лясы хваёвыя са значнымі дамешкамі шыракалістых парод (дуб, клён, ясень, ліпа). У даліне Нёмана на схілах буйных яроў пашыраны барбарыс, глог, шыпшына, брызгліна. У поймах рэк вярба, бяроза, вольха, крушына, чаромха. Лугі пазапоймавыя са злакавых, разнатраўных, асаковых асацыяцый, на сухадолах пераважае сівец. Балоты пераважна нізінныя. Пад ворывам каля 40% тэрыторыі.

Гродзенскае ўзвышша каля в. Копцеўка Гродзенскага раёна.

т. 5, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДНЕПРАПЯТРО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана на ПдУ Украіны. Утворана 27.2.1932. Пл. 31,9 тыс. км². Нас. 3852 тыс. чал. (1996), гарадскога — 84%. Цэнтр — г. Днепрапятроўск. Найб. гарады: Крывы Рог, Днепрадзяржынск, Нікапаль, Новамаскоўск, Паўладар, Марганец, Жоўтыя Воды, Сінельнікава.

Прырода. Рэльеф пераважна раўнінны, на З Прыдняпроўскае ўзв. (выш. да 192 м), у цэнтр. ч. Прыдняпроўская нізіна, якая на Пд пераходзіць у Прычарнаморскую нізіну, на ПдУ Прыазоўскае ўзв. (выш. да 211 м). Карысныя выкапні: жалезныя, марганцавыя, нікелевыя і тытанавыя руды, каменны і буры вугаль, прыродны газ, графіт, баксіты, вапнякі, граніты, гнейсы, гліны і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -5 да -6,5 °C, ліп. ад 22 да 23,5 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 450 мм на Пн да 400 мм на Пд. Гал. рака Дняпро з прытокамі Арэль, Самара (злева), Мокрая Сура, Базаўлук, Інгулец (справа). Пабудаваны Днепрадзяржынскае і Кахоўскае вадасх., канал Дняпро—Крывы Рог, вадавод з Дняпра ў Кіраваградскую вобл. Глебы пераважна чарназёмныя, па далінах рэк чарназёмна-лугавыя. Стэп разараны. Лясы займаюць невял. плошчы (дуб, ясень, граб, клён).

Гаспадарка. Д.в. — адна з найб. індустрыяльна развітых на Украіне. Здабыча жал. (Крыварожскі бас.), марганцавых (Нікапальскі бас.), поліметал. руд, каменнага вугалю (зах. ч. Данбаса). Вядучыя галіны прам-сці: чорная (чыгун, сталь, пракат, стальныя трубы і інш.) і каляровая (уран) металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка (металургічнае і горна-шахтавае абсталяванне, электравозы, чыг. вагоны. станкі, прэсы, буракаўборачныя камбайны, прылады, радыётэхніка), коксахім., хім. і нафтахім. (азотныя ўгнаенні, пластмасы, шыны, лакі, фарбы і інш.), лёгкая (швейныя вырабы, верхні трыкатаж, абутак), дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая (у т. л. вытв-сць мэблі і паперы), харч. (алей, мука, крупы і інш.). Вытв-сць буд. (цэмент) і вогнетрывалых матэрыялаў. Прыдняпроўская, Крыварожская, Днепрадзяржынская і інш. ДРЭС, Днепрадзяржынская ГЭС. Пасевы пшаніцы, ячменю, кукурузы, проса, грэчкі; вырошчваюць сланечнік, сою, цукр. буракі, агародніну, бульбу. Пладаводства, вінаградарства. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Рыбалоўства. Буйныя арашальныя сістэмы. Асн. від транспарту — чыгуначны. Чыгункі: Крывы Рог—Днепрапятроўск—Чырвонаармейск, Далінская—Запарожжа і інш. Аўтамаб. транспарт выкарыстоўваецца ў асн. для ўнутр. перавозак. Газаправоды: Шабялінка (Харкаўская вобл.)—Днепрапятроўск—Крывы Рог, Перашчэпіна—Днепрапятроўск, Крамянчуг—Крывы Рог, транзітныя нафтаправоды. Суднаходства па Дняпры. Рачныя парты: Днепрапятроўск, Днепрадзяржынск, Нікапаль. Бальнеагразевы курорт Салёны Ліман.

Г.​С.​Смалякоў.

т. 6, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДАКІТА́Й,

паўвостраў на ПдУ Азіі. Абмываецца на З Бенгальскім зал., Андаманскім м. і Малакскім пралівам; на У — Паўд.-Кітайскім м. Паўн. граніца — ад дэльты рэк Ганг і Брахмапутра да дэльты р. Хангха. Пл. каля 2 млн. км². Берагі слаба парэзаныя, прыродных бухтаў мала. Рэльеф вельмі складаны, уяўляе сабой чаргаванне гор субмерыдыянальнага напрамку і шырокіх нізін і плато. На З Араканскія горы (г. Вікторыя 3053 м), на Пн Шанскае нагор’е, у цэнтр. частцы хр. Танентаўнджы, на У горы Чыянгшон (Анамскія). Найб. нізіны Іравадзійская, Менамская, Камбаджыйская; найб. плато Карат. Тэр. І. адносіцца да ўсх. геасінклінальнай вобласці Міжземнаморскага геасінклінальнага пояса, унутры якой вылучаюць Індасінійскі сярэдзінны масіў і познадакембрыйскія, палеазойскія, мезазойскія і кайназойскія складкавыя сістэмы, што акаймоўваюць яго. Ва ўсх. ч. масіву — дакембрыйскі фундамент. Б.ч. масіву перакрыта палеазойскімі і мезазойскімі кантынентальнымі і марскімі адкладамі чахла. Геасінклінальная стадыя развіцця рэгіёна завяршылася ў канцы трыясу — пач. юры падняццямі і гранітоідным магматызмам. З гэтага ж часу пачалося фарміраванне юрскіх і мелавых кантынентальных упадзін, грабенаў. Грабен Іравадзі запоўнены палеагенплейстацэнавымі кантынентальнымі (рачнымі і азёрнымі) і марскімі адкладамі магутнасцю да 11 км, змяшчае радовішчы нафты, газу і каменнага вугалю. У І. сканцэнтраваны буйнейшыя ў свеце радовішчы волава і вальфраму, а таксама медзі, цынку, жалеза і інш. Клімат субэкватарыяльны мусонны, на п-ве Малака экватарыяльны. На нізінах т-ра студз. больш за 20 °C, ліп. да 28 °C, крас. 29 °C. У гарах т-ры зніжаюцца да 15 °C у студз. і 25 °C у ліпені. Ападкі ў асноўным летнія: на З 2500—5000 мм, у цэнтр. ч. 1300—2000 мм, на У 2000 мм (пераважна зімой), на Пд (п-аў Малака) больш за 2000 мм за год. Буйнейшыя рэкі Меконг, Салуін, Іравадзі, Менам-Чао-Прая і воз. Танлесап. Вечназялёныя вільготныя лясы рознага відавога складу ў больш вільготных раёнах, мангравыя — на ўзбярэжжы, лістападныя, якія пераходзяць ў саванну на Пн і ва ўнутр. раёнах. На нізінах і ў перадгор’ях земляробства (рыс, цукр. трыснёг, бавоўна, чай, кава, бананы і інш.). Багаты жывёльны свет: арангутангі, макакі, сланы, насарогі, тыгры, мядзведзі, алені і інш. Птушкі: фазаны, дзікія куры, паўліны, папугаі і інш. Шматлікія паўзуны (у т. л. кракадзілы) і насякомыя. На тэр. І. дзяржавы Тайланд, Камбоджа, б.ч. М’янмы, Малайзіі, Лаоса, В’етнама і невял. ч. Бангладэш.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 7, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАГЕАГРА́ФІЯ (ад палеа... + геаграфія),

навука пра фізіка-геагр. ўмовы мінулых геал. эпох; частка гіст. геалогіі і адначасова фіз. геаграфіі. Асн. пытанні П. — размеркаванне сушы і мора ў стараж. эпохі, вобласці зносу і намнажэння асадкаў, рэльеф сушы і дна мораў, фіз.-хім. і дынамічныя асаблівасці марскіх басейнаў, клімат і інш. Метады П. грунтуюцца на вывучэнні горных парод (пашырэнне і магутнасці, структурныя і тэкстурныя асаблівасці, мінер. і хім. састаў, характар і ўмовы залягання, ізатопы кіслароду і вугляроду і інш.), а таксама арган. рэштак у іх, якія адлюстроўваюць умовы асяроддзя пры асадканамнажэнні. На аснове палеагеагр. даследаванняў складаюцца палеагеаграфічныя карты. П. цесна звязана з вучэннем аб фацыях, літалогіяй, палеанталогіяй, стратыграфіяй, геахіміяй, кліматалогіяй, геатэктонікай, геафізікай і інш. Падзяляецца на агульную П., якая вывучае асн. заканамернасці змены геагр. абалонкі Зямлі, і рэгіянальную П., якая даследуе фіз.-геагр. ўмовы пэўных тэрыторый у асобныя геал. перыяды.

П. ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. пасля распрацоўкі адноснай геахраналагічнай шкалы на аснове звестак біястратыграфіі, з’яўлення вучэння аб фацыях (швейц. геолаг А.​Грэслі) і абгрунтавання метаду актуалізму (англ. геолаг Ч Лаель). У самаст. галіну вылучылася ў пач. 20 ст., калі палеагеагр. рэканструкцыі сталі перадумовай пошуку карысных выкапняў. Уклад у развіццё П. зрабілі рас. і сав. вучоныя М.​І.​Андрусаў, А.​П.​Карпінскі, А.​Дз.​Архангельскі, Дз.​В.​Наліўкін, М.​М.​Страхаў, Л.​Б.​Рухін, К.​К.​Маркаў і інш.

На Беларусі палеагеагр. даследаванні пачаліся ў 1-й пал. 20 ст. (П.​А.​Туткоўскі, Ф.​В.​Лунгерсгаўзен, М.​Ф.​Бліадухо). У 1950—60-я г. складзены палеагеагр. карты верхняга пратэразою, палеазою, мезазою, кайназою (В.​С.​Акімец, Л.​М.​Вазнячук, В.​К.​Галубцоў, С.​С.​Маныкін, А.​С.​Махнач, І.​В.​Міцяніна, М.​М.​Цапенка і інш.), вывучаны этапы развіцця расліннасці ў дэвоне-карбоне (Г.​І.​Кеда), антрапагене (Н.​А.​Махнач), даследаваны стараж. палеарэкі (Г.​І.​Гарэцкі). Даследаванні па праблемах карысных выкапняў абагульнены ў працах Л.​Ф.​Ажгірэвіч, Я.​І.​Аношкі, У.​Я.​Бардона. М.​В.​Вераценнікава, Э.​А.​Высоцкага, Г.​У.​Зінавенкі, С.​А.​Кручака, М.​М.​Лявых, Э.​А.​Ляўкова, К.​М.​Манкевіча, В.​А.​Масквіча, А.​А.​Махнача, А.​В.​Мацвеева, І.​І.​Ур’ева, У.​І.​Шкуратава і інш).

Літ.:

Рухин Л.Б. Основы общей палеогеографии. 2 изд. Л., 1962;

Геология СССР. Т. 3. Белорусская ССР. Геологическое описание. М., 1971.

С.​А.​Кручак.

т. 11, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)