аптычны дыск невял. дыяметра (звычайна 120 мм) з інфармацыяй, закадзіраванай у лічбавай форме і нанесенай на адзін ці абодва яго бакі адным ці двума слаямі ў выглядзе спіральнай дарожкі, запрасаванай паміж 2 слаямі аптычнага пластыку. Сувязь паміж К.-д. і сістэмай яго выкарыстання адбываецца праз лазерны прамень. Пачаткова К.-д. распрацаваны транснац. фірмамі «Філіпс» і «Соні» як носьбіт муз. аўдыёінфармацыі. У 1983 зацверджаны як міжнар. стандарт.
Існуюць 1-баковыя 1-слаёвыя быт. аўдыё- і відэа К.-д. (працягласць запісу да 74 мін). З 1997 выпускаюцца відэа К.-д. (DVD) новага пакалення з запісам у фармаце MPEG 2; аднабаковы 1-слаёвы DVD змяшчае да 4,7 Гбайт інфармацыі, што дазваляе размясціць на ім 134 мін відэазапісу высокай якасці, 8 моўных варыянтаў 4-канальнага гуку і 32 моўныя варыянты субцітраў (2-баковы 2-слаёвы DVD змяшчае да 512 мін аналагічнага запісу). З 1984 вядомы камп’ютэрныя К.-д. Найб. пашыраны з іх т. зв. сідыромы (CD-ROM) з запісанай у працэсе вытворчасці аўдыё-, відэа-, фота-, тэкставай і інш. інфармацыяй, а таксама камп’ютэрнымі праграмамі (з 1995 выпускаюцца падобныя К.-д. з магчымасцю перазапісу) Альтэрнатыва К.-д. — міні-дыск дыяметрам 80 мм (MD, з 1992), які дае магчымасць аўдыёзапісу, яго рэдагавання, сцірання, перазапісу, нанясення дадатковай інфармацыі (выкарыстоўваецца ў стацыянарнай і рухомай апаратуры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАНЦІ́Н (ад італьян. quaranta giorni сорак дзён),
комплекс адм. і медыка-сан. мерапрыемстваў, накіраваных на ізаляцыю эпідэмічнага ачага, з мэтай папярэдзіць пашырэнне і ліквідаваць інфекцыйныя хваробы ў ім. Уведзены ў Італіі ў 14 ст., калі судны, што прыбывалі з мясцовасці, небяспечнай на чуму, трымалі на рэйдзе 40 дзён (адсюль назва). Пазней К. пачалі выкарыстоўваць для барацьбы з каранціннымі хваробамі.
Каранцінныя адм.-сан. мерапрыемствы: забарона прыезду і выезду за межы дзяржавы, прыёму пасылак, закрыццё дзярж. граніц і інш.; мед.-сан.: агляд пасажыраў і экіпажаў, ізаляцыя падазроных на хваробу і хворых, абсервацыя асоб, якія былі ў кантакце з хворымі, прышчэпкі Пры ўзнікненні асабліва небяспечных інфекц. хвароб на К. пераводзяцца асобныя парты, чыг. станцыі, нас. пункты. У штодзённай практыцы сап. органы ўводзяць К. і пры інш.інфекц. хваробах (не каранцінных) у дзіцячых установах, бальніцах. Працягласць К. не меншая, чым макс. інкубацыйны перыяд хваробы.
Ветэрынарны К. — сістэма абмежавальных мерапрыемстваў, каб папярэдзіць занясенне і пашырэнне інфекц. хвароб жывёлы. Бывае прафілакт. і пры выяўленні інфекц. хваробы. Устанаўліваецца пры сібірскай язве, сапе, яшчуры, шаленстве, чуме і інш. На Беларусі першае каранціннае аддзяленне арганізавана ў Магілёве ў 1825. Адзіныя каранцінныя мерапрыемствы зацверджаны Вет. статутам БССР (1924). К. раслін — сістэма дзярж. мерапрыемстваў па ахове тэрыторыі ад пранікнення з інш. дзяржаў небяспечных шкоднікаў, узбуджальнікаў хвароб і шкоднага пустазелля, па ліквідацыі ачагоў заражэння. Гл.Санітарная ахова, Санітарная ахова граніц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́ЙМІК, сеймік,
сход шляхты павета (зямлі, ваяводства) у ВКЛ y 16—18 ст., дзейнасць якога рэгламентавалася нормамі права; форма самарэалізацыі шляхецкай супольнасці павета і дзярж.-прававы ін-т, дзякуючы якому шляхецкая супольнасць была здольная прымаць рашэнні. Генетычна ўзыходзіць да веча і з’ездаў баяр-шляхты пэўнай зямлі. Віленскі прывілей 1565 і Статут ВКЛ 1566 стварылі павятовыя перадсоймавыя С., на якіх выбіраліся па 2 паслы ад павета на сойм, і элекцыйныя С., на якіх выбіраліся кандыдаты на пасады павятовага земскага суда і на павятовыя шляхецкія пасады (урады). Перадсоймавыя С. збіраліся не пазней як за 4 (з 1588 за 6) тыдні да сойма, а працягласць — 3—4 дні. Пасля сойма, не пазней як праз 4 тыдні, збіраліся пасоймавыя (рэляцыйныя) С. У час міжкаралеўя збіраліся каптуровыя С., якія стваралі канфедэратыўную ўладу і каптуровы суд. Дэпутацкія (трыбунальскія, грамнічныя) С. выбіралі суддзяў у склад Трыбунала Вялікага княства Літоўскага. Гаспадарчыя С. прымалі ўхвалы па справах павета, размяркоўвалі падаткі, выбіралі паборцаў і камісараў у Трыбунал скарбовы ВКЛ. На падобных на С. попісавых з’ездах шляхты адбываліся шляхецкія попісы войска Вялікага княства Літоўскага.
Літ.:
Лаппо И.И. Великое княжество Литовское во второй половине XVI столетия: Литовско-русский повет и его сеймик. Юрьев, 1911;
Kriegseisen W. Sejmiki Rzeczypospolitej szlacheckiej w XVII i XVIII w. Warszawa, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБЭКВАТАРЫЯ́ЛЬНЫЯ ПАЯСЫ́,
прыродныя паясы Паўн. і Паўд. паўшар’яў Зямлі, паміж экватарыяльным поясам і трапічнымі паясамі. Характарызуюцца сезонным чаргаваннем сухога і вільготнага перыядаў (мусонна-пасатнай цыркуляцыяй атмасферы). Летам знаходзяцца пад уздзеяннем вільготных экватарыяльных паветраных мас (мусонаў), зімой — сухіх трапічных пасатаў. У напрамку ад экватарыяльнага да трапічнага паясоў мяняецца колькасць ападкаў ад 2000 да 250 мм за год і працягласць дажджлівага перыяду ад 9—10 да 2—3 месяцаў. Т-ры паветра пастаянна высокія, сярэднямесячныя — 15—32 °C. У тым жа напрамку паступова мяняюцца ландшафтныя зоны: пастаянна вільготныя лістападна-вечназялёныя лясы, сезонна вільготныя летнезялёныя лясы, саваннавыя светлыя паркавага тыпу лясы (саванны пальмавыя, баабабавыя, акацыевыя і інш.), ксерафітныя апустыненыя рэдкалессі і хмызнякі. Глебы мяняюцца ад слаба ападзоленых латэрытных да чырв.-карычневых і чырв.-бурых. Для горных краін у С.п. характэрны леса-лугавы (у вільготных раёнах) і рэдкалесна-стэпавы (у сухіх раёнах) спектры вышыннай пояснасці. Жывёльны свет прадстаўлены пераважна жвачнымі парнакапытнымі, драпежнымі, грызунамі, тэрмітамі, двухкрылымі і перапончата-двухкрылымі насякомымі і інш. У акіяне С.п. фіксуюцца межамі Паўн. Пасатнага цячэння. Сярэдняя т-ра вады 25 °C. Салёнасць памяншаецца ў напрамку да экватара да 37 ‰. Слабае перамешванне вады вызначае недахоп кіслароду і нізкую колькасць планктону (50—70 мг/м³). Ландшафты моцна зменены чалавекам, асабліва ў Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. Тэрыторыі асвойваюць пад пашавую жывёлагадоўлю, земляробства і плантацыйныя гаспадаркі (вырошчваюць рыс, бавоўнік, трапічныя і інш. культуры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫВА́ННЕ ДЗЕЯСЛО́ВА,
лексіка-граматычная катэгорыя, якая паказвае на завершанасць або незавершанасць дзеяння.
У бел. і інш.слав. мовах вылучаюць 2 віды Т.дз.: незакончанае. якое выражае працягласць. паўтаральнасць дзеяння без указання на яго вынік або мяжу («жыву, жыў, буду жыць») і закончанае, якое абазначае абмежаванасць дзеяння ў часе — пачатак або канец, завершанасць дзеяння. адзін з момантаў яго працякання («пражыў, пражыву»). Дзеясловы незакончанага і закончанага трыванняў з аднолькавым лексічным значэннем утвараюць пары («вучыць — вывучыць», «жаць — зжаць»). Утварэнне трывальнай пары можа ісці двума шляхамі: перфектывацыяй (ад дзеяслова незакончанага трывання ўтвараецца дзеяслоў закончанага трывання) або імперфектывацыяй (ад дзеяслова закончанага трывання ўтвараецца дзеяслоў незакончанага трывання). Трывальныя пары дзеясловаў утвараюцца пераважна з дапамогай прыставак («вячэраць — павячэраць») і суфіксаў («натхніць — натхняць»), чаргавання гукаў у словах («збіраць — сабраць», змены месца націску («накіда́ць — накі́даць»), суплетывізму асноў («гаварыць — сказаць»). Большасць дзеясловаў бел. мовы парныя паводле трывання («рабіць — зрабіць», «спазняцца — спазніцца»). Есць дзеясловы, што маюць форму толькі аднаго трывання — незакончанага («залежаць», «паважаць») або закончанага («абнародаваць», «схамянуцца»). Такія дзеясловы не ўтвараюць трывальныя пары і называюцца няпарнымі або аднатрывальнымі. У некат. дзеясловах значэнне закончанага і незакончанага Т.дз. супадае ў адной форме («атакаваць», «сігналізаваць»). Такія дзеясловы лічацца двухтрывальнымі. З катэгорыяй трывання цесна звязана катэгорыя часу дзеяслова.
Літ.:
Сучасная беларуская літаратурная мова: Марфалогія. 2 выд.Мн., 1980;
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;
Сучасная беларуская літаратурная мова: Марфалогія. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІХААКІЯ́НСКІ ГЕАСІНКЛІНА́ЛЬНЫ ПО́ЯС,
найбуйнейшы ўскраінна-мацерыковы рухомы пояс зямной кары, які акаймоўвае Ціхі акіян. Ад ложа акіяна аддзелены сістэмай глыбакаводных жалабоў. Працягласць (па знешнім кальцы) каля 56 тыс.км, шыр. ад соцень да 3—5 тыс.км. Уключае глыбакаводныя жалабы, астраўныя дугі, ускраінныя моры, горныя складкавыя сістэмы Андаў; Кардыльераў Паўн. Амерыкі (з Аляскай); Чукоцкага і Камчацкага п-авоў; Сіхатэ-Аліня; а-воў Сахалін, Японскіх, Тайвань, Філіпінскіх, Новая Гвінея; Паўд.-Усх. Кітая; Усх. Аўстраліі; а-воў Новая Каледонія і Новая Зеландыя; Трансантарктычных гор і Антарктычнага п-ва. Ц.г.п. — поле максімальнай сейсмічнай і вулканічнай актыўнасці Зямлі. Ц.г.п. фарміраваўся з позняга дакембрыю (рыфею), што пацвярджаецца наяўнасцю афіялітаў у саставе складкавых сістэм, да пачатку кайназою.
Адэлаідская складкавая сістэма Аўстраліі і Яе працяг на в-ве Тасманія і ў Трансантарктычных гарах — найб. ранняй генерацыі, якая завяршылася ў ардовіку; Катазіяцкая сістэма Кітая — у дэвоне, Лахланская ва Усх. Аўстраліі — у познім дэвоне, унутр. зоны Японскіх а-воў, Новай Гвінеі і Новай Зеландыі, Новаанглійская сістэма Усх. Аўстраліі, усх. зоны Цэнтр. Анд, складкавасць Антарктычнага п-ва — у познім палеазоі і раннім мезазоі. Заключныя дэфармацыі ўнутр. зон Кардыльераў Паўн. Амерыкі, на а-вах Японскіх, Новай Гвінеі і Новай Зеландыі адбыліся ў канцы юры — пачатку мелу; складкава-насоўныя структуры Сіхатэ-Аліня і Пенжынска-Анадырскай зоны Каракіі — у познамелавы перыяд; астатняй Каракіі, зах. Камчаткі, усх. Сахаліна, зах. Філіпін, усх. зон Кардыльераў Паўн. Амерыкі і Анд — у раннепалеагенавы перыяд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗІФІКА́ЦЫЯ,
працэс выкарыстання гаручых газаў у розных галінах тэхнікі і на быт. патрэбы. Садзейнічае росту эфектыўнасці вытв-сці, паляпшэнню сан.-гігіенічных умоў працы і побыту.
Зараджэнне газіфікацыі адносіцца да 18 — пач. 19 ст., калі сталі скарыстоўваць газ для асвятлення гарадоў у Вялікабрытаніі, Францыі, Бельгіі і інш. краінах. З развіццём газавай прамысловасці пачалося планамернае і мэтанакіраванае выкарыстанне прыроднага газу ў хім. прам-сці, металургіі, машынабудаванні, энергетыцы, буд-ве, жыллёва-камунальнай гаспадарцы і інш.Найб. развіта ў ЗША, Расійскай Федэрацыі, Канадзе, Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі, ФРГ, Нідэрландах, Венгрыі, Польшчы, Румыніі, Алжыры, Лівіі і інш.
На Беларусі шырокая прамысл. і бытавая газіфікацыя пачалася з 1960, пасля буд-ва магістральнага газаправода Дашава—Мінск. Да 1964 прыродны газ атрымалі Брэст, Гродна, Баранавічы, Бярозаўская ДРЭС, Ваўкавыскі цэментны і Бярозаўскі вапнавы з-ды, на пач. 1971—52 гарады рэспублікі. Агульная працягласцьгазаправодаў на Беларусі каля 17 тыс.км (1995). Звадкаваны нафтавы газ пастаўляецца з Расійскай Федэрацыі. У 1995 прыродны газ выкарыстоўваўся ў 97 гарадах і пасёлках, амаль у 700 населеных пунктах. З агульнай колькасці рэалізаванага прыроднага газу выкарыстана: прамысл. прадпрыемствамі і электрастанцыямі 83%, камунальна-бытавымі прадпрыемствамі і насельніцтвам каля 8% (гл.табл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАФТАПРАВО́Д,
комплекс збудаванняў для перапампоўкі сырой нафты з раёнаў нафтаздабычы да месцаў перапрацоўкі. Складаюцца з трубаправодаў, нафтаперапамповачных станцый, сродкаў сувязі, дапаможных збудаванняў. Адрозніваюць Н. мясцовыя (на промыслах падаюць нафту на невял. адлегласці — ад месца здабычы да пунктаў збору і падрыхтоўкі), магістральныя (транспартуюць нафту на далёкія адлегласці — да месцаў перапрацоўкі), унутраныя (на нафтаперапр. з-дах).
Дыяметр труб Н. 60—1220 мм, рабочы ціск 0,7—8 МПа, скорасць руху нафты 0,9—2,6 м/с. Магістральныя Н. бываюць даўжынёй некалькі тысяч кіламетраў (напр., Н. «Дружба» больш за 5 тыс.км, 1-я нітка яго ўведзена ў 1964, 2-я — у 1974). Трубаправоды магістральных Н. укладваюцца ў грунт, для засцярогі ад карозіі ўкрываюцца бітумнай масцікай, маюць таксама эл. сродкі засцярогі. Трубаправоды і інш. збудаванні для перамяшчэння прадуктаў перапрацоўкі нафты (бензіну, газы, дызельнага паліва і інш.) наз.нафтапрадуктаправодамі.
На тэр. Беларусі агульная працягласць магістральных Н. рознага дыяметра (630, 720, 820, 1020 мм) у аднаніткавым вылічэнні складае 2,9 тыс.км. Па мясцовых Н. нафта ад усіх радовішчаў (іх больш за 40) перапампоўваецца да ўстаноўкі прамысл. падрыхтоўкі нафты, дзе яна праходзіць абязводжванне, абяссольванне, сепарацыю і падаецца ў Н. «Дружба». Праз сістэму магістральных Н. «Дружба» расійская нафта транспартуецца ў краіны СНД (Украіна, Беларусь), Прыбалтыкі (Літва, Латвія — порт Вентспілс), Усх. і Зах. Еўропы (Польшча, Германія, Венгрыя, Чэхія, Славакія, Югаславія).
В.А.Вядзернікаў.
Схема магістральнага нафтаправода: 1 — нафтавы промысел; 2 — пункт збору і падрыхтоўкі нафты; 3 — помпавая станцыя; 4 — калодзеж з рэгулявальнымі прыстасаваннямі; 5 — размеркавальны пункт; 6 — нафтаперапрацоўчы завод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРЫ́ННАЯ АСТРАФІ́ЗІКА,
раздзел астрафізікі, які вывучае фіз. працэсы ў касм. аб’ектах, што адбываюцца з удзелам нейтрына.
У Сусвеце адрозніваюць нейтрына: касмалагічныя (рэліктавыя), зоркавыя і касм. нейтрына вял. энергій. Рэліктавыя нейтрына знаходзіліся ў цеплавой раўнавазе з рэчывам на працягу ~I с пасля пачатку расшырэння Сусвету. Гарачы газ рэліктавых нейтрына з таго часу астыў, цяпер яго т-ра 1,9 К і сярэдняя энергія нейтрына ~5∙10−4эВ. Зоркавыя нейтрына ўзнікаюць ад 2 крыніц. Зоркі ў стацыянарным стане атрымліваюць сваю энергію ад ядз. рэакцый у асноўным т.зв. вадароднага цыкла (гл.Тэрмаядзерныя рэакцыі). Па свяцільнасці Сонца можна вылічыць агульны паток нейтрына, які роўны 1,8∙1038 нейтрына/с. Зоркі з масай, большай за масу Сонца ў 1,2—8 разоў, трансфармуюцца ў нейтронную зорку альбо чорную дзіру. Асн. механізм выпрамянення энергіі на завяршальных стадыях эвалюцыі такіх зорак — выпрамяненне нейтрына, утвораных у ядз. рэакцыях. Пры гравітацыйным калапсе зоркі з масай, роўнай 2 масам Сонца, каля 15% усёй энергіі зоркі пераходзіць у энергію нейтрына. Энергія асобных нейтрына 10—12 МэВ, працягласць нейтрыннага імпульсу 10—20 с. Касмічныя нейтрына вял. энергій утвараюцца ў касм. аб’ектах у выніку сутыкнення касм. прамянёў з ядрамі атамаў ці з фатонамі малых энергій. Асн. галактычныя крыніцы нейтрына — падвойныя зоркі, маладыя абалонкі звышновых зорак, пульсары і чорныя дзіры.
Літ.:
Зельдович Я.Б., Новиков И.Д. Релятивистская астрофизика. М., 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНГУЛЯ́РНАСЦЬ (ад лац. singularis асобны, асаблівы) касмалагічная, асаблівы стан у пачатку касмалагічнага расшырэння Сусвету ў фрыдманаўскіх і некаторых інш. касмалагічных мадэлях агульнай адноснасці тэорыі (АТА), што ляжаць у аснове сучаснай касмалогіі. Характарызуецца разбежнымі значэннямі шчыльнасці энергіі матэрыі, інварыянтаў тэнзара крывізны і інш. параметраў.
Існаванне Сусвету ў часе ў рамках гэтых мадэлей у мінулым абмежавана касмалаг. С. Наяўнасць яе ў касмалаг. рашэннях АТА сведчыць аб непрыдатнасці класічнай АТА у вобласці экстрэмальных умоў. Рабілася мноства спроб рашэння праблемы С., якія прывялі да пабудовы некаторых рэгулярных касмалаг. мадэлей, у прыватнасці, пабудаваны рэгулярныя закрытыя інфляцыйныя касмалаг. мадэлі ў рамках АТА і калібровачных тэорый гравітацыі. Існаванне Сусвету ў такіх мадэлях у мінулым і будучым не абмежавана ў часе. Стадыі касмалаг. расшырэння папярэднічае стадыя сціскання, а замест С. выступае стан з экстрэмальна вялікімі (магчыма, планкаўскімі) значэннямі шчыльнасці энергіі, т-ры і інш. параметраў. З гэтага стану пачынаецца расшырэнне Сусвету, якое падобна да Вялікага Выбуху і мае экспаненцыяльны характар у інфляцыйных мадэлях. Згодна з тэарэт. і назіральнымі данымі працягласць касмалаг. расшырэння («узрост Сусвету») у межах 10—20 млрд. гадоў.
Літ.:
Силк Дж. Большой взрыв: Пер. с англ.М., 1982;
Вайнберг С. Первые три минуты: Пер. с англ.М., 1981;
Хокинг С. Краткая история времени: От большого взрыва до черных дыр: Пер. с англ. СПб., 2000;
Minkevich A.V. Vacuum gravitational repultion effect and regular inflationary cosmology // X Intematioual Seminar «Nonlinear Phenomena in Complex Systems». Minsk, 2001.