КАЛЕЙДАСКО́П (ад грэч. kalos прыгожы + eidos выгляд + ...скоп),

трубка з аднолькавымі люстранымі пласцінкамі, замацаванымі пад вуглом 60°, і кавалачкамі каляровага шкла. Пры вярчэнні трубкі кавалачкі перакочваюцца і ўтвараюць каляровыя фігуры, адбіццё якіх у люстэрках стварае каляровы ўзор з трохпрамянёвай сіметрыяй, які паўтараецца яшчэ 3 разы па краях поля зроку. Вынайдзены Д.Брустэрам у 1817; пазней стаў цацкай. У пераносным сэнсе — хуткая змена падзей, асоб і інш.

т. 7, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ВАЙ РУКІ́ ПРА́ВІЛА,

мнеманічнае правіла для вызначэння напрамку Ампера сілы і магн. часткі Лорэнца сілы.

Паводле Л.р.п. левую далонь размяшчаюць так, каб выцягнутыя пальцы былі накіраваны ўздоўж вектара шчыльнасці току (ці скорасці дадатнага зараду), а сілавыя лініі магн. поля ўваходзілі ў далонь, тады адагнуты вялікі палец пакажа напрамак сілы, якая дзейнічае на праваднік з токам (ці дадатна зараджаную часціцу).

Левай рукі правіла для сілы Лорэнца.

т. 9, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТААПТЫ́ЧНЫ ДЫСК,

разнавіднасць аптычных дыскаў, дзе запіс інфармацыі ажыццяўляецца тэрмамагн. спосабам.

Пры запісе інфармацыі рухомы носьбіт лакальна награваецца лазерным выпрамяненнем, у зоне разагрэву каэрцытыўная сіла рабочага слоя рэзка змяншаецца (гл. Тэрмамагнітныя з’явы) і нагрэты ўчастак перамагнічваецца пад уздзеяннем слабога знешняга магн. поля. Пры ўзнаўленні адбіты ад М.д. палярызаваны лазерны прамень перыядычна паварочвае плоскасць палярызацыі на вугал, значэнне якога залежыць ад намагнічанасці рабочага слоя (гл. Кера эфект).

т. 9, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЯ ПРАНІКА́ЛЬНАСЦЬ безразмерная фіз. велічыня, якая характарызуе сувязь паміж магнітнай індукцыяй B→ і напружанасцю магнітнага поля H→ у рэчыве. Абазначаецца μ. Для аднароднага і ізатропнага магнетыка вызначаецца формулай: μ = B μ0H , дзе μ0 — магнітная пастаянная. З магнітнай успрыімлівасцю χ звязана суадносінамі μ = 1+χ . Для фіз. вакууму μ=1, для ферамагнетыкаў μ≫1, для парамагнетыкаў μ>1 і для дыямагнетыкаў μ<1.

т. 9, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛО́ЎСКІ Аляксандр Іванавіч (27.6.1927, г. Запарожжа, Украіна — 12.2.1993),

расійскі фізік. Акад. Рас. АН (1991, чл.-кар. 1979). Герой Сац. Працы (1966). Скончыў Харкаўскі ун-т (1950). У 1951—86 у спец. НДІ. Навук. працы па нейтроннай фізіцы, фізіцы высокіх шчыльнасцей энергіі, уласцівасцях рэчыва пры экстрэмальных умовах звышмоцнага магн. поля і ціску, лазернай фізіцы, фізіцы паскаральнікаў зараджаных часціц. Ленінская прэмія 1966, Дзярж. прэміі СССР 1953, 1983.

т. 12, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТО́КСА ФО́РМУЛА,

адна з асн. інтэгральных тэарэм вектарнага аналізу, якая звязвае паверхневы інтэграл з крывалінейным. У вектарнай форме мае выгляд: ∮ L a→ ∙ dr→ = ∫ S rot a→ ∙ dS→ , дзе a→ = a→ ( M ) — вектарнае поле, зададзенае ў кожным пункце М на паверхні S; rota→ — ротар вектарнага поля a→, L — замкнёная крывая, якая абмяжоўвае паверхню S. Прапанавана Дж.​Г.​Стоксам (1854). Гл. таксама Астраградскага формула.

т. 15, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРО́МЕГР (ад фера... + метр),

прылада для выпрабаванняў магнітамяккіх матэрыялаў у пераменных магн. палях. Прынцып дзеяння заснаваны на вымярэнні значэнняў эрс індукцыі ў абмотках, якія ахопліваюць асяродак, выраблены з даследаванага матэрыялу. Па атрыманых даных вызначаюць імгненнае значэнне магн. індукцыі ў асяродку, значэнне току падмагнічвання (г.зн. напружанасць магн. поля), будуюць дынамічную пятлю гістэрэзісу і інш. З дапамогай Ф. вызначаюць таксама страты на гістэрэзіс і віхравыя токі.

т. 16, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЫШПРАВО́ДНАСЦЬ,

з’ява скачкападобнага знікнення эл. супраціўлення ў некаторых праводзячых матэрыялах пры ахаладжэнні іх ніжэй за т.зв. крытычную тэмпературу. Адкрыта нідэрл. фізікам Г.​Камерлінг-Онесам (1911).

Крытычныя т-ры Tk традыцыйных звышправаднікоў знаходзяцца ў інтэрвале 0,1—23 К. Вынікам адсутнасці супраціўлення з’яўляецца існаванне незатухальных токаў: у замкнутым току, наведзеным у кольцы са звышправадніка, доўгі час адсутнічаюць прыкметы затухання. З. суправаджаецца ідэальным дыямагнетызмам: магн. поле не пранікае ў тоўшчу звышправадніка, калі напружанасць поля не перавышае некаторае крытычнае значэнне (эфект Майснера). Адваротны пераход са звышправоднага стану ў нармальны (з канечным значэннем эл. супраціўлення) адбываецца пры павелічэнні т-ры або пры накладанні магутнага магн. поля. З. абумоўлена звышцякучасцю электронаў праводнасці, якая ўзнікае пры нізкіх т-рах дзякуючы ўтварэнню звязаных пар электронаў з процілеглымі спінамі — купераўскіх пар. Такія пары маюць нулявы спін і падпарадкоўваюцца Бозе—Эйнштэйна статыстыцы. Пры T<Tk адбываецца т.зв. бозе-кандэнсацыя купераўскіх пар. Гл. таксама Высокатэмпературная звышправоднасць, Купера эфект.

Літ.:

Буккель В. Сверхпроводимость: Пер. с нем. М., 1975;

Вонсовский С.В., Изюмов Ю.А., Курмаев Э.З. Сверхпроводимость переходных металлов, их сплавов и соединений. М., 1977;

Дмитренко И.М. В мире сверхпроводимости. Киев, 1981.

Л.​І.​Камароў.

т. 7, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́МА ЗАКО́Н,

адзін з асн. законаў электрычнага току. Устаноўлены Г.С.Омам (1826). Паводле О.з. сіла пастаяннага току I у правадніку прама прапарцыянальная напружанню электрычнаму U на канцах гэтага правадніка: I = U/R. Каэфіцыент R, залежны ад матэрыялу правадніка, яго геам. памераў і т-ры, наз. амічным супраціўленнем дадзенага правадніка. Для разгалінаваных эл. ланцугоў абагульненнем О.з. з’яўляецца 2-е Кірхгофа правіла.

У дыферэнцыяльнай форме О.з. запісваецца: j→ = σE→ , дзе j→ — шчыльнасць току, σ — электраправоднасць правадніка, E→ — выніковая напружанасць эл.-статычнага поля і эл. поля пабочных сіл. У агульным выпадку залежнасць паміж I і U нелінейная, аднак на практыцы для пэўнага інтэрвалу напружанняў карыстаюцца О.з. (для металаў і іх сплаваў гэты інтэрвал практычна неабмежаваны). Пры наяўнасці крыніц току (акумулятара, тэрмапары, генератара ці інш.) на дадзеным участку ланцуга О.з. вызначаецца формулай: I = (U + ε)/R, дзе ε — эрс крыніц току, уключаных у дадзены ўчастак. Для замкнутага ланцуга О.з. мае выгляд: I = ε/(R + r), дзе r — унутранае супраціўленне крыніцы току. Для сінусаідальных квазістацыянарных токаў выконваецца О.з. у камплекснай форме: I = U/Z, дзе Ζ — поўнае электрычнае супраціўленне, I і U — амплітудныя ці дзейныя значэнні сілы току і напружання.

т. 11, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯНГ (Yang) Чжэньнін (н. 1.10.1922, г. Хэфэй, Кітай),

кітайска-амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нац. АН ЗША (1965), Кітайскай АН (1994), Рас. АН (1994) і інш. Скончыў ун-ты Цыньхуа ў Пекіне (1944) і Чыкагскі (1948). З 1949 у Ін-це перспектыўных даследаванняў у Прынстане, з 1966 праф. ун-та штата Нью-Йорк (у 1966—99 дырэктар Ін-та тэарэт. фізікі ун-та). Навук. працы па фізіцы элементарных часціц, квантавай тэорыі поля, стат. механіцы, фізіцы кандэнсаваных асяроддзяў, гісторыі фізікі. Прапанаваў (з Э.Фермі) першую састаўную мадэль элементарных часціц (мадэль Фермі—Я., 1949). Пабудаваў (з Р.​Л.​Мілсам) неабелеву калібровачную квантавую тэорыю поля (тэорыя Я.—Мілса, 1954). Тэарэтычна даказаў (з Лі Цзундао) незахаванне прасторавай цотнасці ў слабых узаемадзеяннях (1956), выказаў гіпотэзу аб захаванні камбінаванай цотнасці (1957; незалежна ад Л.Д.Ландау і А.Салама). Нобелеўская прэмія 1957 (з Лі Цзундао). Яго імем названа малая планета.

Тв.:

Selected Papers 1945—1980. San Francisco; New York, 1983; Рус. пер. — Элементарные частицы: Краткая история некоторых открытий в атомной физике. М., 1963; Эйнштейн и физика второй половины XX века // Успехи физ. наук. 1980. Т. 132, вып. 1.

М.​М.​Касцюковіч.

Ч.Янг.

т. 18, кн. 1, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)