археолаг. Канд.гіст.н. (1937). Скончыла Ленінградскі пед.ін-т (1932). З 1937 працавала ў Ін-це гісторыі матэрыяльнай культуры, Ленінградскім аддз. Ін-та археалогіі АНСССР. У выніку вывучэння помнікаў археалогіі Бел. Панямоння выказала меркаванне, што да апошніх стагоддзяў 1-га тыс.н.э. яго засялялі ўсх.-балцкія плямёны. Распрацоўвала пытанні ўзнікнення і развіцця стараж. гарадоў Верх. Панямоння.
Тв.:
Древности Белорусского Понеманья. М.; Л., 1962;
Древний Новогрудок: Посад — окольный город. Л., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧА́РНЫ ГО́РАН,
печ для абпальвання ганчарных вырабаў, якая выкарыстоўваецца пры высокаразвітым ганчарстве. Абпальванне ажыццяўляецца гарачымі (700—900 °C) газамі, якія атрымліваюцца пры згаранні паліва. Працэс бывае акісляльны (найб. пашыраны) і ўзнаўляльны (пры недастатковым доступе кіслароду). У сучаснай вытв-сці выкарыстоўваюць горны верт. і гарыз. тыпаў (электрычныя, на мазутным або газавым паліве). Першыя ганчарныя горны вядомы з канца 4-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу. Былі адкрытага і закрытага тыпаў, 1-, 2-, 3-ярусныя. У Еўропе пашыраны з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э., на ўсходнеслав. землях — з 12—13 ст. На Беларусі выяўлены горны ў Мінску (16 ст.), Оршы (17 ст.), Міры (18 ст.). Іх муравалі з цэглы, камянёў, гліны, пераважна 1- і 2-ярусныя, круглыя (грушападобныя) ці чатырохвугольныя ў плане, з адкрытым і купалападобным (скляпеністым) верхам. Ніжні (топачны) ярус заглыблялі ў зямлю, верхні па баках засыпалі грунтам і агароджвалі зрубам, часам умацоўвалі бярвеннем, жэрдкамі, метал. прутамі, дротам, каменнем і дзёрнам. Для агню рабілі яму, у якую выходзіла вусце топкі. Ярусы (камеры) падзяляліся гарыз. перакрыццем (скляпеннем) з адтулінамі (люхтамі) для праходу гарачых газаў. Звычайна ганчарныя горны былі разлічаны на адначасовую тэрмічную апрацоўку 300—350 (часам 800—1000) вырабаў, якая працягвалася 9—14 гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДЫ́ЙСКІЯ ШКО́ЛЫ,
філасофскія школы будызму, розныя па кірунку, арганізацыі і назвах. У будызме існуе каля 30 філас. школ; найб. пашыраны: тхеравада (школа старой мудрасці), самая ранняя, найб. артадаксальная. Арганізавана паслядоўнікамі Буды пасля яго смерці (544 да н.э.), не арыентавалася на асоб недухоўнага звання. Дасягненне прасвятлення бачыла ў літаральным прытрымліванні ладу жыцця і характару медытацыі Сідхартха Гаўтамы (заснавальнік будызму). Пашырана ў Шры-Ланцы; Бірме, Тайландзе, Лаосе, Камбоджы, Індыі, Бангладэш, В’етнаме, Малайзіі, Непале; хінаяна (санскр. малая калясніца), сістэма школ Паўднёвага будызму, аднаго з асн. кірункаў будызму. Паводле хінаяны, гал. ўвага канцэнтруецца на вывучэнні прыроды дхарм (элементы, што ляжаць у аснове матэрыяльных і духоўных рэчаў і з’яў) і дасягненні нірваны (адсутнасць жаданняў, абс. адарванасць ад навакольнага свету) этычным шляхам; махаяна (вялікая калясніца), распрацавала тэорыю боскай субстанцыі і сляпой веры ў яе стваральныя магчымасці. Гэта прывяло да стварэння пантэона будаў, багоў, ускладнення культавых элементаў і дактрынальнай часткі вучэння. Арыентавана на адмаўленне ад асабістага выратавання дзеля дапамогі іншым істотам і агульнага выратавання. Больш простая і дасягальная для асоб недухоўнага звання. Пашырана ў Тыбеце, Карэі, Манголіі, Кітаі, Японіі; ваджраяна (алмазная калясніца) — эзатэрычнае вучэнне са спецыфічнай рытуальнай практыкай, звязана з традыцыяй тантры (свяшчэнныя тэксты; магія). Аддзялілася ад махаяны ў 1-м тыс.н.э. Пашырана ў Шры-Ланцы, Інданезіі, Кітаі, Японіі, Тыбеце, Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМЕ́Р
(Homēros),
паўлегендарны паэт Стараж. Грэцыі. З антычных часоў яму прыпісваецца аўтарства паэм «Іліяда» і «Адысея» — класічных узораў стараж.-грэч. эпасу, якія зрабілі вял. ўплыў на еўрап. і сусв. л-ру. Паводле легенды Гамер — сляпы вандроўны пясняр. Яго біяграфія, час і ўмовы стварэння паэм дакладна не высветлены, што спрыяла ўзнікненню т.зв. «гамераўскага пытання». Большасць сучасных даследчыкаў лічаць, што Гамер (ці іншы паэт, аўтар эпасу) жыў у г. Смірна (іанічная М. Азія) ці на в-ве Хіяс прыкладна ў 8 ст. да н.э.; выкарыстоўваючы фалькл. традыцыю — гераічныя песні, казанні і маст. сродкі нар. творчасці (яркія эпітэты, разгорнутыя параўнанні і інш.), ён стварыў «Іліяду». Паводле іх меркавання, «Адысея» з’явілася пазней (на мяжы 8—7 ст. або ў пач. 7 ст. да н.э.) і не належыць Гамеру. Абедзве паэмы грунтуюцца на матэрыяле міфаў пра Траянскую вайну, якая адбылася паміж траянцамі і грэкамі ў 13—12 ст. да н.э. «Іліяда» (назва ад г. Іліён (Троя)] апавядае пра падзеі дзесятага года вайны і ўслаўляе воінскую доблесць. У «Адысеі» пераважае быт. і казачны матэрыял, звязаны з падарожжамі, прыгодамі і вяртаннем Адысея на в-аў Ітака, услаўляецца чалавечы розум і прага да пазнання свету. Напісаныя гекзаметрам паэмы «Іліяда» і «Адысея» дэманструюць урачыстасць і велічнасць эпічнага стылю, з’яўляюцца выдатнымі ўзорамі паэтычнай творчасці. На Беларусі яны вядомы са стараж. часоў. На іх спасылаўся ў сваіх пропаведзях Клімент Смаляціч, Сімяон Полацкі назваў Гамера «пресловутым Омиром». Ф.Скарына выкарыстоўваў літ. форму экфразіса (маст. апісання твора), якая бярэ пачатак ад Гамера. Да «Іліяды» і «Адысеі» неаднаразова звяртаўся ў сваім творы «Пра свецкую ўладу» С.Будны. Цытаваў Гамера ў трактаце «Аб абавязках» С.Кашуцкі. На бел. мову ўрывак з «Іліяды» («Развітанне Гектара з Андрамахай») перакладаў Ю.Дрэйзін; цалкам пераклаў Б.Тарашкевіч, але захаваліся толькі ўрыўкі, фрагменты з «Адысеі» — А.Клышка.
Тв.:
Бел.пер. — У кн.: Тарашкевіч Б. Выбранае. Мн., 1991. С. 264—303;
Рус.пер. — Илиада;
Одиссея. М., 1967.
Літ.:
Лосев А.Ф. Гомер. М., 1960;
Сахарный Н.Л. Гомеровский эпос. М., 1976;
Ярхо В.Н. Гомеровский эпос // История всемирной литературы. М., 1983. Т. 1;
Малюковіч С.Д. Гамераўская традыцыя ў беларускай літаратуры // Славянские литературы в контексте мировой. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІЛО́Х
(Archilochos),
старажытнагрэчаскі паэт-лірык 2-й пал. 7 ст. да н.э. Нарадзіўся на в-ве Парос. Вёў вандроўніцкае жыццё, быў воінам-наёмнікам. Браў за ўзор паэзію Гамера, але супрацьпастаўляў эпічнаму ідэалу вобраз індывідуалізаванага чалавека. У яго сатыр. ямбах, элегіях, эпіграмах, гімнах (захаваліся ва ўрыўках) — роздум пра зменлівасць лёсу, гонар, доблесць, пасмяротную славу. Творчасць Архілоха адметная разнастайнасцю жанраў і рытмаў (упершыню выкарыстаў ямб). На радзіме ў гонар Архілоха было пабудавана свяцілішча (уцалелі рэшткі з надпісамі — біяграфічныя звесткі пра Архілоха і ўрыўкі з яго вершаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕНХАТЭ́П МАЛО́ДШЫ, Аменхатэп, сын Хапу (каля 1460, Атрыбіс, Ніжні Егіпет — каля 1380 да н.э.),
старажытнаегіпецкі архітэктар, быў на ваен. і дзярж. службе. Дарадца Аменхатэпа III, настаўнік малалетняга Аменхатэпа IV. Пабудаваў храм бога Амона-Ра ў Луксоры (разам з арх. братамі Горы і Суці), храмы ў Салебе і Седэінгу, грандыёзныя помнікі ў Карнаку — храм бога Хансу, храм багіні Мут, алею сфінксаў паміж Луксорам і Карнакам (захаваліся калосы Мемнана). Недалёка ад храма Тутмоса II узведзены храм у гонар Аменхатэпа Малодшага.
Літ.:
Жак К. Египет великих фараонов: История и легенда: Пер. с фр. М., 1992. С. 182—183.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАКРЭО́НТ, Анакрэон (Anakreōn),
старажытнагрэчаскі паэт-лірык сярэдзіны 6 ст. да н.э. Паходзіў з г. Тэас (М.Азія). Жыў на в-ве Самасе, потым у Афінах. Ствараў гімны, элегіі, эпіграмы, бяседныя песні. Вершы пісаў на іанійскім дыялекце стараж.-грэч. мовы. Паэзія Анакрэонта вызначаецца жыццярадаснасцю, прыгажосцю формы і дасціпнасцю; асн. матывы — бестурботная весялосць, віно, каханне. Вершы на гэтыя тэмы пазней атрымалі назву анакрэантычных (гл.Анакрэантычная паэзія). Да творчасці Анакрэонта часта звяртаўся М.Багдановіч.
Тв.:
Рус.пер. — Первое полное собр. соч. в переводах русских писателей / Сост. А.Тамбовский. Спб., [1896];
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́ПТЫКА
(грэч. glyptikē ад glyphō выразаю),
мастацтва разьбы па каштоўных і паўкаштоўных каляровых камянях; адзін з відаў дэкар.-прыкладнога мастацтва. Разныя камяні (гемы) з глыбокай старажытнасці служылі пячаткамі, амулетамі і ўпрыгажэннямі. Гемы з паглыбленымі выявамі наз.інталіямі, з выпуклымі — камеямі. Вядома ў Месапатаміі, Пярэдняй Азіі, Стараж. Егіпце з 4-га тыс. да н.э., была развіта ў Стараж. Грэцыі і Рыме. У сярэднія вякі развівалася гал. чынам у краінах Усходу. Новы ўздым гліптыкі прыпадае на перыяды Адраджэння і класіцызму. У 19 ст. як від мастацтва заняпала, яе змяніў механічны выраб гем з танных матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАСЕ́КА
(Golasecca),
археалагічная культура эпохі жалеза (каля 900—15 да н.э.) на тэр. П’емонта і Ламбардыі, у вярхоўях р. По (Італія). Назва ад могільніка каля г. Мілан. Вядома па грунтавых могільніках тыпу палёў пахавальных урнаў культур. Пахавальны абрад — трупаспаленне, рэшткі якога ссыпаліся ў урну, часам абкладзеную камянямі, ці камеру з каменных пліт. У большасці пахаванняў бедны інвентар, сустракаюцца серыі метал. вырабаў (наканечнікі коп’яў, посуд, вазы з характэрным арнаментам, конская збруя, калясніцы і інш.). На познім этапе культуры трапляюцца надмагільныя стэлы з надпісамі этрускага пісьма (магчыма, гэта італьян. мова, якая зведала значны кельцкі ўплыў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЬМЕ́Н
(франц. dolmen ад брэтонскага tol стол + men камень),
старажытнае пахавальнае збудаванне, адзін з відаў мегалітычных збудаванняў. Складзены з вялізных каменных глыб і пліт да некалькіх дзесяткаў тон, пастаўленых вертыкальна і накрытых адной або некалькімі плітамі зверху. Найчасцей у Д. рэшткі некалькіх памерлых з каменнымі або бронзавымі прыладамі і ўпрыгожаннямі. Некат. Д. выкарыстоўваліся для пахаванняў на працягу дзесяткаў і нават соцень гадоў. Пашыраны ў прыморскіх абласцях Паўн. Афрыкі, Еўропы, у т.л. на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа і ў Крыме (бронзавы век), і Азіі (жалезны век).