горад у Цюменскай вобл. Расіі, порт на р. Іртыш, каля ўпадзення ў яе р. Табол. 97 тыс.ж. (1999). Чыг. станцыя. Аэрапорт. Прам-сць: дрэваапр., лёгкая, харчовая; нафтахім. і ёдавы камбінаты; суднаверф, суднарамонтны з-д; прадпрыемствы: мэблевая, дыванаткацкая ф-кі, маст. разьбы па косці, па вытв-сці буд. матэрыялаў. Пед.ін-т, філіял Казанскага тэхнал. ун-та. Драм. тэатр (з 1705). Гіст.-арх. музей-запаведнік (з 1870).
Засн. ў 1587 атрадам казакоў Д.Чулкова. Да 1590 адміністрацыйна падпарадкаваны г. Цюмень. У 1606—09 пабудаваны драўляны горад, які поўнасцю знішчаны пажарамі 1643, 1677, 1680. У 17—18 ст. Т. — гал. ваенна-адм., паліт., культ. (тут пісаліся летапісы, адкрыты першыя ў Сібіры школы, тэатр. друкарня, выдаваўся час. «Иртыш, превращающийся в Ипокрену») і царк. (у 1620 створана Сібірская епархія, у далейшым — Табольская мітраполія) цэнтр Сібіры. З 1708 горад, цэнтр Сібірскай губ., з 1782 — Табольскага намесніцтва, у 1796—1917 — Табольскай губ. Горад меў гандл. сувязі з Бухарой, Джунгарыяй, Кітаем. У 1773—74 апорны пункт урада пры задушэнні сял. вайны пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова. Месца паліт. ссылкі, у т. л.Авакума, П.С. і М.С. Бабрышчавых-Птушкіных, А.М.Радзішчава, В.К.Кюхельбекера, М.М.Мураўёва, М.А.Фанвізіна і інш. У канцы 19 ст.эканам. значэнне Т. паменшала. У жн. 1917 — крас. 1918 тут пад арыштам знаходзіўся апошні рас. імператар Мікалай II з сям’ёй.
Напачатку ў Т. пераважала драўляная забудова. З канца 17 ст. пачалося мураванае будаўніцтва: у нагорнай яго частцы ўзведзены першы ў Сібіры мураваны крэмль (17—пач. 18 ст.), Сафійска-Успенскі (1681—86) і Пакроўскі (1743—46) саборы. Захаваліся комплекс Гасцінага двара (1703—05), «Шведская палата» (1714—16); Святыя вароты (1748), цэрквы Спаская (1709—13), Андрэеўская (1744—59), Раства Багародзіцы (1744—61), Міхаіла Архангела (1745—54), Крыжаўзвіжанская (1754—71), Захарыя і Лізаветы (1759—76), Параскевы Пятніцы (1762), Пятра і Паўла (1768—88), жылыя і адм. будынкі ў стылі барока, класіцызму, эклектыкі і мадэрна. Помнік Ермаку (1839).
З Т. звязаны лёс многіх беларусаў, якія траплялі сюды пераважна прымусова ў выніку рус.-польскіх войнаў 17 ст. Яны адыгралі вял. ролю ў культ. развіцці Т., адрозніваліся больш высокай пісьменнасцю. Адзін з паплечнікаў Ермака полацкі шляхціц Корсак на мяжы 17 ст. склаў т.зв. Пагодзінскі спіс Есіпаўскага летапісу. Барысаўскі шляхціц С.Станкевіч, сасланы ў Т. у 1659, склаў летапіс «Сібірская гісторыя» задоўга да летапісу С.У.Рэмезава, якога лічаць першым гісторыкам Сібіры. Беларус І.Даніловіч быў у 1673 табольскім стралецкім галавой. У 18 ст. царскі ўрад працягваў выкарыстоўваць ваеннапалонных з ВКЛ з мэтай фарміравання ў Т. казацкіх атрадаў для Сібірскіх і Калыванскіх ліній. Праз перасыльную турму ў Т. ў 19 ст. прайшлі ссыльныя дзекабрысты. у т. л. ўраджэнцы Беларусі, на катаргу і пасяленне ў Сібір з Беларусі адпраўлена 12 483 удзельнікі паўстання 1863—64. Доўгі час у Т. жылі сасланыя А.Петрашкевіч, удзельнікі паўстання 1863—64 К.Кастравіцкі (у 1868 у яго нарадзіўся тут сын, вядомы бел. паэт К.Каганец). Я.Ф.Ястржэмбскі. Я.Дамель і інш.
Літ.:
400 лет Тобольску: Сб. док. и материалов. Свердловск, 1987;
Заварихин С.П. В древнем центре Сибири. М., 1987;
Белорусы в Сибири. Новосибирск, 2000;
Очерки истории белорусов в Сибири в XIX—XX вв. Новосибирск, 2001.
Г.А.Лаўрэцкі (архітэктура), В.А.Ярмоленка (беларусы ў Т.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАТАГРА́ФІЯ (ад фота... + ...графія),
атрыманне фотавідарысаў аб’ектаў на святлоадчувальных матэрыялах; галіна навукі, тэхнікі і мастацтва, якая распрацоўвае і выкарыстоўвае тэорыю і метады атрымання фотаздымкаў. Адрозніваюць чорна-белую (монахраматычную) і каляровую фатаграфію, сярэбраную (галагенідасярэбраную) і несярэбраную, плоскую (звычайную) і аб’ёмную (стэрэаскапічную), мастацкую (гл.Фотамастацтва) і навукова-тэхн. (аэра-, мікра-, астрафатаграфію, рэнтгенаўскую, інфрачырвоную і інш.), а таксама лічбавую фатаграфію, заснаваную на выкарыстанні лічбавай формы атрымання і захоўвання відарыса. Асобны від аб’ёмнай Ф. — галаграфія (падабенства яе са звычайнай Ф. у выкарыстанні святлоадчувальных слаёў для запісу відарыса). Ф. — найважнейшы сродак дакументавання і захоўвання інфармацыі, складае аснову кінематаграфіі, з’яўляецца асн.тэхн. сродкам паліграфіі, фоталітаграфіі і фотатэлегр. тэхнікі, факсімільнай сувязі.
Заснавана на здольнасці святла ствараць у фатаграфічных матэрыялах, якім уласціва святлоадчувальнасць (напр., у фатагр.плёнках, ПЗС-матрыцах), скрыты фатагр. відарыс аб’екта пры яго фотаздымцы з дапамогай фатаграфічнага апарата. Пасля хіміка-фатагр. апрацоўкі (праяўлення фатаграфічнага, замацавання фатаграфічнага і інш.) або камп’ютэрнай апрацоўкі гэты відарыс пераўтвараецца ва ўстойлівы да дзеяння святла бачны вобраз аб’екта — спачатку ў негатыў, а потым у пазітыў (адбітак з негатыва, на якім размеркаванне яркасцей або колераў такое ж, як на аб’екце здымкі). Фотаадбіткі друкуюць на паперы фатаграфічнай, павялічаныя адбіткі атрымліваюць з дапамогай фатаграфічнага павелічальніка У некаторых фатагр. працэсах выкарыстоўваюць абарачальныя матэрыялы, якія даюць пасля адпаведнай апрацоўкі непасрэдна пазітыўны відарыс. Створаны аднаступенны дыфузійны фатагр. працэс — адначасовае хуткае атрыманне негатыўнага і пазітыўнага відарысаў у самім фотаапараце (у выніку дыфузіі галагенідаў серабра негатыўнай плёнкі ў святлоадчувальны слой папяровай або палімернай асновы). Да аднаступенных працэсаў адносяць і ксераграфію.
Адкрыццё Ф. адносяць да 1839, калі франц. мастак Л.Дагер з франц. вучоным Ж.Ньепсам удасканалілі вынайдзены Ньепсам спосаб замацавання відарыса. атрыманага ў камеры-абскуры. Гэты фатагр. працэс (дагератыпія) дазваляў атрымліваць адразу пазітыўныя (перавернутыя) відарысы, што спрашчала працэс здымкі, аднак не дазваляла рабіць з іх копіі. У 1841 англ. вучоны У.Толбат вынайшаў калатыпію, паводле якой на святлоадчувальнай паперы напачатку атрымлівалі негатыў, а з яго рабілі любую колькасць пазітываў. Важныя этапы ў развіцці Ф.: пераход ад камеры-абскуры да фотаапарата са спец. аб’ектывам (створаны ў 1840 венг. вучоным І.Пецвалем), атрыманне каляровых фотавідарысаў (1868—69, Л.Дзюко дзю Арон, Францыя), адкрыццё з’явы фатагр.сенсібілізацыі (1873, Г.Фогель, Германія), стварэнне плёначных і бессярэбраных матэрыялаў. З 1950-х г. пачалося шырокае выкарыстанне несярэбранай Ф., у 2-й пал. 20 ст. адбыўся масавы пераход да каляровай Ф., з 1990-х г. пашырылася прамая пазітыўная чорна-белая Ф. без прамежкавага негатыва — на абарачальных святлоадчувальных матэрыялах. Узніклі новыя галіны выкарыстання Ф. — рэпраграфія, фоталітаграфія, фазавая рэльефаграфія і інш.
Літ.:
Поллак П. Из истории фотографии: Пер. с англ.М., 1983;
Чибисов К.В., Шеберстов В.И., Слуцкин А.А. Фотография в прошлом, настоящем и будущем. М., 1988;
Митчел Э. Фотография: Пер. с англ.М., 1988;
Вартанов А.С., Луговьер Д.А. Учись фотографировать. М., 1988;
Федин Л.А., Барский И.Я. Микрофотография. Л., 1971;
Вокулер Ж. Астрономическая фотография: Пер. с англ.М., 1975;
Власенко В.И. Техника объемной фотографии. М., 1978;
Гибсон Х. Фотографирование в инфракрасных лучах: Пер. с англ.М., 1982;
Слуцкин А.А. Электростатическая фотография. М., 1984;
Хокинс Э., Эйвон Д. Фотография: Техника и искусство: Пер. с англ.М., 1986;
Перспективы и возможности несеребряной фотографии. Л., 1988;
Морозов С.А. Творческая фотография. 3 изд. М., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУСЬФІ́ЛЬМ»,
кінастудыя Беларусі. Створана ў 1928 кінаарганізацыяй Белдзяржкіно пад назвай «Савецкая Беларусь» (напачатку ў Ленінградзе, з 1939 у Мінску), з 1946 сучасная назва. Выпускае фільмы маст. і тэлевізійныя ігравыя, хранікальна-дакумент. і навук.-папулярныя, анімацыйныя. У даваенны час на студыі створаны маст. фільмы: «Кастусь Каліноўскі» (1928), «Да заўтра» (1929), «Атэль «Савой» і «У агні народжаная» (1930), «Жанчына» (1932), «Першы ўзвод» (1933), «Двойчы народжаны» (1934), «Паручнік Кіжэ» (1934), «Палескія рабінзоны» (1935), «Дзяўчына спяшаецца на спатканне» і «Шукальнікі шчасця» (1936), «Дачка Радзімы» і «Балтыйцы» (1937), «Адзінаццатага ліпеня»; кінанавелы «Мядзведзь», «Маска» і «Мянтуз» (усе 1938), «Чалавек у футарале» (1939) і інш.
Сярод пачынальнікаў студыі рэжысёры Ю.Тарыч, У.Гардзін, аператары А.Кальцаты, М.Казлоўскі, Н.Навумаў-Страж, Д.Шлюглейт, мастак М.Літвак. У 1920—30-я г. на студыі здымаліся акцёры бел. т-раў У.Крыловіч, Л.Мазалеўская, П.Малчанаў, Б.Платонаў, В.Пола, У.Уладамірскі і інш., а таксама Л.Кміт, Б.Бабачкін, М.Сіманаў, М.Чаркасаў. На пачатку тут працавалі многія вядомыя майстры кіно: рэжысёры М.Данской, Р.Рашаль; кампазітары І.Дунаеўскі, В.Салаўёў-Сядой, А.Туранкоў; у 1930-я г. — сцэнарысты Б.Брадзянскі, А.Вольны, Р.Кобец, М.Таўбэ; рэжысёры М.Авербах, Э.Аршанскі, І.Аненскі, Я.Дзіган, У.Корш-Саблін, С.Сплашноў, А.Файнцымер; аператары А.Булінскі, С.Бяляеў, С.Іваноў, Б.Рабаў, А.Рагоўскі; мастакі С.Мандэль, У.Пакроўскі, Р.Фэдор.
У Вял.Айч. вайну аператары кінахронікі (І.Вейняровіч, М.Бераў, У.Цяслюк і інш.) працавалі ў франтавых кінагрупах, частка работнікаў — на студыях Алма-Аты і Масквы, дзе створаны кіназборнік «Беларускія навелы» (1942), фільм-канцэрт «Жыві, родная Беларусь» (1944), дакумент, фільм «Вызваленне Савецкай Беларусі» (1944). Першыя пасляваен. маст. фільмы здымаліся на студыях Кіева, Адэсы і Ленінграда, у Мінску ствараліся пераважна кіначасопісы і кінанарысы. З 1950-х г.маст. фільмы здымаліся ў Мінску. У 1954 створаны першы бел. каляровы маст. фільм «Дзеці партызана». У 1971 зняты першы бел. шырокафарматны фільм «Крушэнне імперыі». Студыя ажыццявіла сумесныя пастаноўкі з кінастудыямі Чэхаславакіі («Пушчык едзе ў Прагу», 1966; «Маленькі сяржант», 1977; «Заўтра будзе позна», 1972) і Балгарыі («Братушка», 1976).
Многія творы студыі атрымалі шырокае прызнанне і адзначаны прэміямі на міжнар. і ўсесаюзных кінафестывалях. Сярод іх: «Канстанцін Заслонаў», «Чырвонае лісце», «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Масква—Генуя», «Альпійская балада», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Анюціна дарога», «Іван Макаравіч», «Паланэз Агінскага», «Руіны страляюць...» (тэлевізійны), «Вянок санетаў», «Горад майстроў», «Праз могілкі», «Вазьму твой боль», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Людзі на балоце», «Хам», «Наш браняпоезд» і інш.; дакументальныя «Генерал Пушча», «Праз дзесяць гадоў, або Надзеі і трывогі 10 «А», «Боль мой — Хатынь», «А зязюля кукавала...», «Палескія калядкі», цыкл «У вайны не жаночы твор», «Паляванне на золата» і інш.
У 1940—50-я г. на студыі працавалі рэжысёры П.Васілеўскі, Л.Голуб, М.Фігуроўскі; аператары У.Акуліч, А.Аўдзееў, І.Пікман, Г.Удавянкоў; мастакі У.Белавусаў, Ю.Булычаў, Е.Ганкін; у 1960-я г. — рэжысёры У.Бычкоў, Р.Віктараў, В.Вінаградаў, І.Дабралюбаў, М.Калінін, Б.Сцяпанаў, В.Тураў, В.Чацверыкоў; аператары А.Забалоцкі, Ю.Марухін, І.Рамішэўскі; мастакі Ю.Альбіцкі, У.Дзяменцьеў, Я.Ігнацьеў; у 1970 — пач. 90-х г. — рэжысёры А.Карпаў. Л.Мартынюк, В.Нікіфараў, М.Пташук, В.Рыбараў, В.Рубінчык; аператары П.Аліфер, Дз.Зайцаў, Т.Логінава, Р.Масальскі, С.Пятроўскі, Ю.Ялхоў; мастак А.Чартовіч і інш.; стваральнікі дакумент. фільмаў В.Дашук, Ю.Лысятаў, М.Жданоўскі, С.Лук’янчыкаў, Дз.Міхлееў, В.Сукманаў, Ю.Цвяткоў, Р.Ясінскі; мультыплікатары А.Белавусаў, І.Волчак, А.Піткевіч і інш. У складзе «Беларусьфільма» працуюць творчыя аб’яднанні «Летапіс», «Тэлефільм», майстэрня анімацыйных фільмаў (з 1975). Пры «Беларусьфільме» працуе Тэатр-студыя кінаакцёра. Гл. таксама нарыс Кіно ў арт.Беларусь.
Л.І.Паўловіч.
Да арт.«Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Чырвонае лісце». 1958.Да арт.«Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Масква—Генуя». 1964.Да арт.«Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Іван Макаравіч».Да арт.«Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Палескія калядкі».Да арт.«Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Наш браняпоезд».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ВАЕ́ННАЯ АКРУ́ГА (БВА),
ваенна-адм. аб’яднанне вайск. часцей, злучэнняў, ваен. навучальных і інш.ваен. устаноў, улікова-мабілізацыйных органаў (ваенкаматаў), якія дыслацыраваліся на тэр. Беларусі. Існавала ў 1918—92. Утворана 28.11.1918 як Мінская ваен. акруга. 14.12.1918 перайменавана ў Зах.ваен. акругу, у склад якой увайшлі Мінская, Смаленская, Віцебская, Магілёўская і Віленскай губ. Кіраванне ажыццяўляў акруговы ваен. камісарыят (размяшчаўся ў Смаленску). 20.12.1918 створаны ваен.-акруговы штаб; фарміраваліся мясц. ваенна-адм. органы. Першыя акр. камісары — І.Я.Алібегаў і У.С.Селязнёў. У крас. 1918 ва ўмовах грамадз. вайны і іншаземнай інтэрвенцыі створаны Зах. ўчастак атрадаў заслоны, потым Заходні раён абароны 1918, які перайменаваны ў Заходнюю Армію 1918—19, з 19.2.1919 у Заходні фронт 1919—24. 8.4.1924 Зах. фронт перайменаваны ў Зах.ваен. акругу. У 1924—25 у войсках акругі праводзілася ваен. рэформа, якая прадугледжвала пераход да адзінаначалля, змену структуры кіравання акругай, перавод войскаў на новыя штаты, увядзенне тэр. прынцыпу камплектавання і падрыхтоўкі злучэнняў і часцей Чырв. Арміі, стварэнне нац. злучэнняў і часцей. Першае ў акрузе нац. фарміраванне — 2-я Бел.стралк. дывізія. 2.10.1926 Зах.ваен. акруга перайменавана ў БВА. У 1930-я г. на яе тэр. вялося будаўніцтва ўмацаваных раёнаў (Полацкага, Мінскага і Палескага), праводзілася тэхн. перааснашчэнне, упраўленне акругі аб’яднана са штабам. У 1935—38 тэрытарыяльныя стралк. дывізіі БВА пераўтвораны ў кадравыя. Беспадстаўныя рэпрэсіі ў 1937—38 супраць кіруючых работнікаў, камандзіраў і палітработнікаў сур’ёзна аслабілі ваен. кадры акругі. У 1938 БВА названа Бел. асобай ваен. акругай, у 1939 яе ўпраўленне пераведзена ў Мінск. 11.7.1940 БВА перайменавана ў Зах. асобую ваен. акругу, войскі пачалі аснашчацца новымі відамі зброі і тэхнікі. На пач.Вял.Айч. вайны 22.6.1941 акруга пераўтворана ў Заходні фронт 1941—44, які 24.4.1944 перайменаваны ў 3-і Бел. фронт. З 15.10.1943 на базе ўпраўлення Маскоўскай зоны абароны ў Смаленску (са жн. 1944 у Мінску) сфарміравана ўпраўленне БВА (камандуючы В.Ф.Якаўлеў). У ліп. 1944 у склад акругі ўключана тэр.Літ. ССР, і са студз. 1945 БВА стала называцца Бел.-Літ.ваен. акругай. 9.7.1945 яна падзелена на 2 акругі: Мінскую (аб’ядноўвала Мінскую, Полацкую, Маладзечанскую, Віцебскую і Магілёўскую вобл., упраўленне ў Мінску) і Баранавіцкую (Баранавіцкая, Брэсцкая, Гродзенская, Пінская, Бабруйская, Палеская і Гомельская вобл., упраўленне ў Бабруйску). 4.12.1946 яны зноў аб’яднаны ў адну акругу — БВА (упраўленне напачатку размяшчалася ў Бабруйску, са студз. 1947 — у Мінску). З 1950-х г. войскі БВА аснашчаліся новымі відамі зброі, у т. л. ракетнай зброяй рознага прызначэння, адбываліся змены ў арганізац. структуры існуючых злучэнняў, уведзены новыя роды войскаў, у т. л. ракетныя. 6.5.1992 БВА ліквідавана ў сувязі са стварэннем Мін-ва абароны Рэспублікі Беларусь і будаўніцтвам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ФЛЯ (ням. Kachel),
керамічныя пліткі для абліцоўкі печаў, камінаў, сцен у памяшканнях. З адваротнага боку маюць выгляд адкрытай скрынкі (румпы) для замацавання ў муроўцы. З пярэдняга (вонкавага) боку бываюць гладкія, рэльефныя, пакрытыя белай або каляровай глазурай (маёлікавая К.), а таксама неглазураваныя (тэракотавыя); паводле формы — плоскія, вуглавыя, карнізныя. Вырабляюцца з сярэднепластычных ганчарных мергелістых і фаянсавых глін у драўляных формах ці ўручную. Сфармаваную К. высушваюць, потым абпальваюць у печах пры т-ры да 1150 °C. К. часта няправільна называюць пліткі дэкаратыўныя без румпы на тыльным баку.
К. была вядома ў Егіпце і Асірыі э 1-га тыс. да н. э., пазней у Кітаі, Стараж. Грэцыі і Рыме, Іране, з 8 ст. ў многіх краінах Еўропы, з 10—11 ст. у Кіеўскай Русі (Дзесяцінная царква ў Кіеве). У еўрап. краінах пашырылася ў 16—17 ст. У Германіі, Галандыі, Швейцарыі выкарыстоўвалі пераважна белую К. з сінім малюнкам, напачатку арнаментальным, пазней з выяўл. матывамі. У Расіі вядома з 16 ст.
На Беларусі выраб К. пашыраны з 14 ст. Першапачаткова яе выраблялі рамеснікі-ганчары, з 18 ст. кафлярства вылучылася ў асобную галіну прам-сці. У 14—16 ст. выраблялі гаршковыя К. з вусцямі рознай канфігурацыі, дно зрэдку дэкарыравалі. З 15 ст. пачалі вырабляць каробчатую К., для якой характэрны высокая рамка і круглая румпа, прымацаваная да квадратнай пласціны; больш познія К. рабілі з невысокай прамавугольнай румпай і вял. квадратнай або прамавугольнай пласцінай. Яе звычайна аздаблялі геам. узорам, а таксама выявамі раслін, жывёл, сюжэтнымі кампазіцыямі на быт., гіст. і рэліг. тэмы. У канцы 16—1-й пал. 17 ст.бел. кафлярства дасягнула найб. росквіту. Маст. якасцямі вызначалася паліхромная К., пакрытая белай, жоўтай, светла- і цёмна-зялёнай, блакітнай, цёмна-сіняй, карычневай палівай. У яе аздабленні (асабліва ў 17 — пач. 18 ст.) пераважала расл. і геральдычная тэматыка, часам з надпісамі на лацінцы або кірыліцы, пазначэннем года вырабу. З 2-й пал. 17 ст. К. выраблялі ў т. зв. дывановым стылі, дзе кожная асобная К. складала частку агульнага малюнка паверхні печы. Бел. кафлярства 17 ст. значна паўплывала на развіццё вытв-сці К. ў Рус. дзяржаве, дзе працавалі бел. майстры з Копысі, Мсціслава, Дуброўны, Віцебска і інш. гарадоў, у т. л. Петр Заборскі і Сцяпан Палубес (іх вырабамі аздоблены Церамны палац Крамля, Круціцкі церам, царква Георгія Неакесарыйскага ў Маскве, Васкрасенскі сабор Новаіерусалімскага манастыра на Істры і інш.). У 18 ст. памеры К. павялічыліся, мадэліроўка рэльефаў ускладнілася. У аздабленні печаў і камінаў, якія рабілі ў выглядзе ярусных цыліндраў, абеліскаў і інш. на багата дэкарыраваных цокалях, выкарыстоўвалі вял. К.-ўстаўкі з гарэльефнымі выявамі раслін, жывёл, чалавека. Шырока выкарыстоўваліся гладкія, размаляваныя кобальтам К., т. зв. галандскія, у размалёўцы якіх пераважалі адлюстраванні гіст., батальных, жанравых сцэн, пейзажаў, кніжных ілюстрацый, абразоў. К. канца 19 — пач. 20 ст. вызначалася рысамі стылю мадэрн і мела форму рэльефных, паліхромных чатырохвугольных плітак або фасонных дэталей (медальёнаў, карыятыд, ільвіных галоў і інш.). У той час на Беларусі працавалі кафельныя заводы ў Бабруйску, Барысаве, Віцебску, Івянцы, Копысі, Мінску, Магілёве, Навагрудку і інш.
Паліваную К. вырабляе кафляны цэх Аршанскага камбіната сілікатных вырабаў. Гл. таксама Віцебская кафля, Гродзенская кафля, Заслаўская кафля, Зэльвенская кафля, Копыская кафля, Магілёўская кафля, Мірская кафля, Мсціслаўская кафля.
Літ.:
Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в. Мн., 1957;
Трусаў А.А., Угрыновіч У.В. Беларуская паліхромная кафля // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі 1983. № 4;
Беларуская кафля. Мн., 1989.
А.А.Трусаў, У.В.Угрыновіч.
Да арт.Кафля. Фрагмент печы ў будынку бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага ў Гродне. Пач. 20 ст.Мінская кафля (медальён). Пач. 20 ст.Кафля. Самарканд. 1340-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ ФРО́НТ,
1) аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне рас. армій на паўн.-зах. напрамку ў 1-ю сусв. вайну. Утвораны 1.8.1914 у складзе 1-й, 2-й і 10-й (са студз. 1915) армій; тылавым раёнам фронту былі Дзвінская ваенная акруга і Мінская ваенная акруга. 17.8.1914 фронт пачаў наступленне і ў ходзе Усходне-Прускай аперацыі 1914напачатку меў значны поспех, але потым пацярпеў паражэнне і да 15 вер. адведзены на рубеж рэк Нёман і Нараў. Нягледзячы на няўдачу, баявыя дзеянні садзейнічалі зрыву герм. наступлення ў Марнскай бітве 1914 у Францыі (гл.Марнскія бітвы). У вер.—ліст. 1914 войскі фронту паспяхова дзейнічалі ў Варшаўска-Івангародскай і Лодзінскай аперацыях; у пач. 1915 вялі абарончыя і наступальныя баі (Аўгустоўская і Праснышская аперацыі), адцяснілі праціўніка да межаў Усх. Прусіі. На пач. лета 1915 у склад фронту ўваходзілі 1-я, 2-, 3-, 4-, 5-, 12- і 13-я арміі. У ходзе Нараўскай аперацыі (13.7—2.8.1915) войскі фронту паспяхова абараняліся, аднак з-за пагрозы ўдараў з флангаў адышлі да Зах. Дзвіны. Паводле дырэктывы Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага ад 17.8.1915 П.-З.ф. падзелены на Заходні фронт 1915—18 і Паўночны фронт 1915—18. Яго галоўнакамандуючыя: генерал ад кавалерыі Я.Р.Жылінскі (1.8. — 16.9.1914), генералы ад інфантэрыі М.У.Рузскі (16.9.1914 — сак. 1915), М.В.Аляксееў (30.3.—17.8.1915).
Аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне сав. войск у савецка-фінляндскую вайну 1939—40. Утвораны 7.1.1940 на базе ўпраўлення Ленінградскай ваен. акругі для аб’яднання дзеянняў 2-й і 13-й армій. У склад фронту ўключаны вайсковыя часці, злучэнні і большасць устаноў акругі. Баявыя дзеянні пачаліся 30.11.1939, аднак наступленне Чырв. Арміі на «Манергейма лініі» было прыпынена. У лют.—сак. 1940 сав. армія з вял. стратамі прарвала фінл. абарончыя ўмацаванні і выйшла да г. Вііпуры (цяпер Выбарг, Расія), які быў узяты штурмам. 12 сак. 1940 у Маскве падпісаны мірны дагавор паміж СССР і Фінляндыяй. 26.3.1940 у сувязі з заканчэннем ваен. дзеянняў П.-З.ф. расфарміраваны. Камандуючы фронтам камандарм 1-га рангу (з 1940 Маршал Сав. Саюза) С.К.Цімашэнка.
Аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне сав. войск у Вял.Айч. вайну на паўн.-зах. напрамку. Створаны 22.6.1941 на базе ўпраўлення і войск Прыбалт. ваен. акругі (з 17.8.1940 — асобы) у складзе 8-й, 11, 27-й армій, ВПС акругі і інш. Удзельнічаў у прыгранічных бітвах 1941, стрымліваў удары ням.-фаш. войск групы армій «Поўнач» і часткі сіл групы армій «Цэнтр», у т. л. прыкрываў з поўначы тэр. Беларусі. Аднак пад націскам пераважаючых сіл праціўніка (па асабовым складзе ў 1,5 раза, па танках у 1,3 раза, па гарматах і мінамётах у 2 разы, па самалётах у 1,22 раза) войскі фронту 29 чэрв. адышлі да Зах. Дзвіны, а 8-я армія, адрэзаная ад гал. сіл, адступіла на Пн, да граніцы Эстоніі. Найб. жорсткія баі адбыліся пры абароне Ліепаі, Даўгаўпілса і Таліна. У першыя дні вайны ВПС фронту і далёкабамбардзіровачная авіяцыя наносілі бомбавыя ўдары па Кёнігсбергу (Калінінград, Расія), Мемелі (Клайпеда, Літва), Берліне (з 8 жн. па 4 вер. 1941). Войскі П.-З.ф. ўдзельнічалі ў бітве за Ленінград, у Таропецка-Холмскай, Старарускай, Дзямянскіх аперацыях 1942 і 1943. Расфарміраваны 20.11.1943, а яго злучэнні і часці ўвайшлі ў склад Прыбалтыйскага фронту. Камандуючыя фронту: ген.-палк. Ф.І.Кузняцоў (чэрв.—ліп. 1941), ген.-м. П.П.Сабеннікаў (ліп.—жн. 1941), ген.-лейт. (са жніўня ген.-палк.) П.А.Курачкін (жн. 1941 — кастр. 1942 і чэрв.—ліст. 1942), Маршал Сав. Саюза С.К.Цімашэнка (кастр. 1942 — сак. 1943), ген.-палк. І.С.Конеў (сак.—чэрв. 1943).
Літ.:
Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;
Губин И.А. Слово о Краснознаменном Прибалтийском. Рига, 1981;
Третьяк С. Зимняя кампания 1939—1940 гг. // Армия. 2000. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУКАПІ́СНАЯ КНІ́ГА,
кніга, тэкст і мастацкае афармленне якой выкананы ад рукі. Асн. формай Р.к. (як і друкаванай) быў кодэкс — блок змацаваных аркушаў (сшыткаў) пісчага матэрыялу (пергамент ці папера), звычайна заключаны ў пераплёт, які часам упрыгожваўся па-мастацку выкананым абкладам. Напачатку Р.к. перапісвалі ўставам, пазней паўуставам і скорапісам. Паводле прызначэння Р.к. падзяляюць на богаслужэбныя і чэцці (для чытання) рэліг. і свецкага зместу.
Р.к. былі вядомы ў стараж. Егіпце, краінах Пярэдняй Азіі. Яны мелі форму скрутка, пісаліся на папірусе, скуры, гліняных плітках. У 2—3 ст. пачалі ўжываць пергамент, пазней паперу. На працягу 3—15 ст. у Еўропе склаліся традыцыі візант., лац. і слав. Р.к. Перапісаныя ў італьян., франц., ням. майстэрнях (скрыпторыях), яны былі на Беларусі ў бібліятэках Радзівілаў, Сапегаў, Полацкай езуіцкай акадэміі. Візант. Р.к. паўплывала на знешні выгляд, тэхніку вытворчасці і аздобу слав. кнігі. Менавіта з грэч. рукапісаў браты Кірыла і Мяфодзій пераклалі на слав. мову хрысц. богаслужэбныя кнігі. Для напісання слав. Р.к. ўжываліся кірыліца і глаголіца. Самая стараж. датаваная слав. Р.к. — Астрамірава евангелле, перапісанае дыяканам Грыгорыем у 1056—57. Найб. раннімі помнікамі стараж.-рус. пісьменнасці, што дайшлі да нас, з’яўляюцца Ізборнікі Святаслава 1073 і 1076. Р.к. стараж. Русі спалучае тэкст і маст. аздобу, часта гэта помнік муз. культуры (з нотнымі запісамі). У аздобе стараж.-рус. Р.к. вылучаюць стылі стараж.-візант., тэраталагічны (звярыны), балканскі новавізант. і старадрукарскі.
На Беларусі Р.к. з’явілася ў 11 ст. і бытавала да 19 ст. Розныя веравызнанні і шматэтнічнасць абумовілі тое, што яна пісалася рознымі алфавітамі, на слав., лац., яўр. мовах. На развіццё кірылаўскай Р.к. паўплывалі культ. сувязі з Маскоўскай Руссю і Украінай. Бел. Р.к. ствараліся ў Полацку, Тураве, Друцку, Слуцку, Супраслі, Мінску, Навагрудку, Куцейне, Віцебску. Перапісчыкі былі рознага сац. паходжання — ад князёўны (Ефрасіння Полацкая) да простага гараджаніна (пісец Марцін з Гальшан). Р.к. — часта адзіная крыніца вывучэння бел. мовы і л-ры, гісторыі і права (зб-кі папулярных сярэдневяковых аповесцей «Александрыя», «Троя», Статуты ВКЛ, летапісы беларуска-літоўскія). Многія Р.к. маюць укладныя запісы і прыпіскі — важную крыніцу гісторыі культуры. Маст. аздоба Р.к. залежала ад яе прызначэння. Раскошна ўпрыгожваліся богаслужэбныя кнігі. Вядомы багата аздобленыя кнігі і свецкага зместу. Упрыгожванні складаюцца з заставак, ініцыялаў, мініяцюр і ілюстрацый. Найб. важныя помнікі маст. аздобы бел. Р.к. — Тураўскае евангелле, Лаўрышаўскае евангелле, Радзівілаўскі летапіс, Мсціжскае евангелле, Супрасльскі рукапіс, Ваўкавыскае евангелле, Евангелле Дабрахотава 16 ст., Пінскі зборнік 17 ст. Цэнтрамі збірання і вывучэння бел. Р.к. ў 19—пач. 20 ст. былі Віленская публічная б-ка (цяпер Цэнтр.б-каАН Літвы) і Беларускі музей у Вільні. Бел. Р.к. зберагаюцца ў Рас.Нац. (С.-Пецярбург) і дзярж. (Масква) б-ках, б-ках Расійскай АН (С.-Пецярбург), Маскоўскага ун-та, АН Украіны (Кіеў), Ягелонскага ун-та (Кракаў), у Рас.дзярж. архіве стараж. актаў. Нязначную колькасць Р.к. зберагаюць Цэнтр.навук.б-ка імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі, Нац.б-ка Беларусі, Нац.маст. музей Беларусі.
Літ.:
Добрянский Ф. Описание рукописей Виленской публичной библиотеки, церковнославянских и русских. Вильна, 1882;
Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі: Спроба паясьніцельнай кнігопісі ад канца X да пачатку XIX ст. Коўна, 1926;
Рукописная и печатная книга. М., 1975;
Розов Н.Н. Книга Древней Руси XI—XIV вв. Мн., 1977, Шматаў В.Ф. Мастацтва заходнерускіх рукапісаў (XI—XIII стст.) // Книговедение в Белоруссии. Мн., 1977;
Нікалаеў М. Палата кнігапісная: Рукапісная кніга на Беларусі ў X—XVIII стст. Мн., 1993;
Карскі Я. Беларусы. Мн., 2001.
М.В.Нікалаеў.
Да арт.Рукапісная кніга. Старонка грэчаскай рукапіснай кнігі «Хлудаўскі псалтыр». 8 ст.Да арт.Рукапісная кніга. Старонка старажытнарускай рукапіснай кнігі «Кіеўскі псалтыр». 1397.Рукапісная кніга. Старонка Мсціжскага евангелля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-ШВЕ́ДСКІЯ ВО́ЙНЫ 16—19 ст. войны паміж Расіяй і Швецыяй за Прыбалтыку, Фінляндыю і панаванне на Балтыйскім м.Узбр. сутычкі паміж гэтымі краінамі вядомы з 13 ст., але маштабныя ваен. дзеянні разгарнуліся з 16 ст.Вайна 1554—57 выклікана нежаданнем шведскага караля Густава I весці знешнія зносіны з Расіяй праз Ноўгарад. Баявыя дзеянні прычынілі абодвум бакам урон у гандлі, і Густаў прапанаваў мір; гэта адпавядала інтарэсам Івана IV (ён рыхтаваўся да вайны з Лівонскім ордэнам). Наўгародскі мір 1557 захаваў даваен. сістэму ўзаемаадносін і размежавання зямель. Вайна 1558—83, гл.Лівонская вайна 1558—83. Паводле Плюскага перамір’я 1583 шведы завалодалі паўн.ч. Эстоніі. Нявырашанасць пытання аб межах выклікала вайну 1590—93. Аблога рас. войскамі крэпасці Нарва зацягнулася. Толькі нечаканы рэйд. рас. атрадаў да Гельсінгфорса і Аба прымусіў шведаў заключыць Цяўзінскі дагавор 1595. Швецыя захавала Нарву, Рэвель, Везенберг і інш.эст. гарады, але вяртала Расіі Кексгольм (Карэлу), Івангорад, Ям, Капор’е, Нотэбург (Арэшак), Ладагу. За ваен. дапамогу ў гады «Смуты» Васіль Іванавіч Шуйскі перадаў Швецыі паводле Выбаргскага дагавора 1609 Карэльскі павет. Скарыстаўшы слабасць Расіі, шведы ў 1610—11 занялі ўсю Наўгародскую зямлю. Паводле Сталбоўскага міру 1617 Расіі вернуты Ноўгарад, Кексгольм, Івангорад, Ям, Капор’е, Нотэбург. Вайна 1656—58 выклікана імкненнем Расіі вярнуць і інш. страчаныя землі. Выкарыстаўшы аслабленасць Рэчы Паспалітай (гл.Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67), Расія заключыла з ёю Віленскае перамір’е 1656. Рус. войскі разгарнулі наступленне на швед. землі і дайшлі да Рыгі. Але контрнаступленне шведаў і аднаўленне вайны з Рэччу Паспалітай прывялі да заключэння са Швецыяй напачаткуВаліесарскага дагавора 1658 аб перамір’і на 3 гады, а потым — Кардыскага мірнага дагавора 1661, які фактычна замацаваў даваен. размежаванне зямель. Вайна 1700—21, гл.Паўночная вайна 1700—21. Вайна 1741—43 была спробай Швецыі вярнуць тэр., страчаныя пасля Паўн. вайны (гл.Ніштацкі мірны дагавор 1721). Рас. войскі атрымалі шэраг перамог і вясной 1743 падышлі да тэр. Швецыі, узнікла пагроза высадкі рас. дэсантаў. У гэтых умовах швед. ўрад падпісаў Абаскі мірны трактат 1743, які ўмацаваў становішча Расіі на Балт.м. і ў Прыбалтыцы; да Расіі далучана ч. Фінляндыі да р. Кюмене. Вайна 1788—90 пачата Швецыяй, калі асн. сілы Расіі вялі вайну з Турцыяй (гл.Руска-турэцкія войны 17—19 ст.). Швецыя запатрабавала вярнуць тэр., што перайшла да Расіі паводле мірных дагавораў 1721 і 1743. Шведскі флот падыходзіў да Пецярбурга. Аднак Рас. флот перамог у Гагландскай (1788) і Выбаргскай (1790) бітвах; не мела поспеху і швед. наступленне ў Фінляндыі. Вярэльскі мірны дагавор 1790 заключаны ва ўмовах захавання ранейшых граніц (гл. таксама Аньяльскі саюз). Вайна 1808—09 вялася Расіяй у саюзе з Даніяй супраць Швецыі і Вялікабрытаніі (гл.Руска-англійская вайна на моры 1807—12) за ўстанаўленне поўнага кантролю над Батнічным і Фінскім залівамі з мэтай умацавання бяспекі Пецярбурга. Рас. войскі захапілі ўсю Фінляндыю, Аландскія а-вы і высадзілі дэсант на ўзбярэжжы Швецыі. Скончылася Фрыдрыхсгамскім мірным дагаворам 1809 (да Расіі адышлі Фінляндыя і Аландскія астравы).
Літ.:
История внешней политики России, конец XV—XVII вв. М., 1999;
История внешней политики России XVIII в. М., 1998;
Коваленко Г.М. Кандидат на престол: Из истории полит. и культурных связей России и Швеции XI—XX вв. СПб., 1999;
Похлебкин В.В. Внешняя политика Руси, России и СССР за 1000 лет в именах, датах, фактах: Справ. Вып. 2. Войны и мирные договоры. М., 1998.
С.Л.Лугаўцова.
Да арт.Руска-шведскія войны 16—19 ст. Пераход расійскіх войск цераз Батнічны заліў у сакавіку 1809. Гравюра пач. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЯГ ВО́ІНСКІ,
знак, які аб’ядноўвае воінскую часць і ўказвае на яе прыналежнасць да ўзбр. сіл пэўнай дзяржавы; сімвал воінскіх гонару, доблесці і славы. Уяўляе сабой палотнішча пэўнага колеру і памеру, прымацаванае да дрэўка з метал. навершам (наканечнік накшталт кап’я ці інш. сімвалічнай выявы).
С.в. існавалі ў розных народаў, найб.стараж. ў краінах Усходу. Напачатку ролю С.в. выконвалі пэўныя фігуры (сава, сфінкс, арол і інш.), размешчаныя на версе дрэўка. У стараж. славян сцяг меў выгляд шаста з пучком травы ці конскай грывы на версе. У 9 ст. з’явіліся сцягі з тканіны (чатырох-. радзей трох або шматвугольнае палотнішча, звычайна шматкаляровае з простым малюнкам, які добра чытаецца; мацавалася на дрэўку або рэйцы, шнуры); з 11 ст. мелі выявы гербаў (крыжоў) і пэўныя геральдычныя колеры. Асн. разнавіднасці: напр., харугва — старадаўняя назва баявых сцягоў у вайск. падраздзяленнях шэрагу краін, у т. л.ВКЛ; штандар — С.в. ў сярэдневякоўі ў кав. часцях і злучэннях армій Рас. і Герм. імперый і інш. Існуюць сцягі больш дробных памераў (значок, вымпел, гюйс і інш.). У Расіі да пач. 20 ст. назва, форма і колер С.в. неаднаразова мяняліся. Сцягі Чырв. Арміі існавалі з 1918, рабіліся з чырв. тканіны, мелі розныя памеры, змест і характар малюнкаў. У 1926 зацверджаны адзіны ўзор сцягоў часцей РСЧА. У Вял.Айч. вайну зацверджаны новыя ўзоры Чырв. сцягоў для воінскіх часцей і злучэнняў (21.12.1942), для гвардыі (11.6.1943), для часцей і злучэнняў ВМФ (5.2.1944). З 1975 С.в. стаў называцца Баявым Сцягам.
На Беларусі С.в. вядомы з сярэдневякоўя. У час Грунвальдскай бітвы 1410, паводле апісання Длугаша, у войску ВКЛ 30 харугваў мелі выяву герба «Пагоня» на чырв. полі, а 10 — выяву герба «Калюмны» (белыя слупы або калоны на чырв. фоне). На карціне, прысвечанай Аршанскай бітве 1514 (створана ў 1520-х г. невядомым аўтарам і захоўваецца ў музеі Войска Польскага ў Варшаве), паказаны не толькі дзярж. сцяг ВКЛ з выявай «Пагоні», але і белыя флюгеры з намаляваным чырв. крыжам св. Георгія. У 16 ст. на вял. харугве ВКЛ з шоўку (згодна з паведамленнем А.Гваньіні, яна мела «сем локцяў кітайкі») была выява Божай Маці. Бела-чырвона-белы сцяг з’явіўся ў гады 1-й сусв. вайны 1914—18. С.в. (сцягі партызанскія) у 1918—20 і 1941—44 мелі партыз. атрады, палкі і брыгады, якія дыслацыраваліся на тэр. Беларусі.
С.в. (Баявы Сцяг) воінскай часці Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь складаецца з падвойнага прамавугольнага палотнішча чырвонага колеру, дрэўка з навершам і падтокам, шнура з кутасамі і сцягавых стужак. Уручаецца воінскай часці ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Заўсёды захоўваецца ў часці, а на полі бою — у раёне баявых дзеянняў воінскай часці. С.в. служыць напамінам кожнаму ваеннаслужачаму аб гераічных традыцыях і свяшчэнным абавязку абароны Айчыны. Пры страце Баявога Сцяга камандзір часці і непасрэдныя віноўнікі падлягаюць ваен. суду, а вайск. часць расфарміроўваецца.
Літ.:
Устав внутренней службы Вооруженных Сил Республики Беларусь. Мн. 2001;
Шатунов Г.П. Символ воинской чести, доблести и славы. М., 1975;
Маковеев М.С. О знамени: которому присягаем. М., 1974;
Топильский В.Ф. Знамя части. Л., 1974;
Басаў А.Н., Куркоў І.М. Флагі Беларусі ўчора і сёння. Мн., 1994.
С.А.Фамін, В.А.Юшкевіч.
Да арт.Сцяг воінскі. 1—2 — харугвы атрадаў ВКЛ у Грунвальдскай бітве 1410; 3 — сцяг штаба злучэння партызанскіх атрадаў Мінскай вобласці. Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны; 4 — Баявы Сцяг воінскай часці Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРАЖЫТНЫ ГОРАД.
Да найбольш стараж. паселішчаў на тэр. Беларусі належаць выяўленыя ў Падняпроўі рэшткі верхнепалеалітычных (24—20-е тыс. да н.э.) жытлаў з выкарыстаннем касцей маманта каля вёсак Бердыж Чачэрскага і Юравічы Калінкавіцкага р-наў. У жалезным веку (з 7 ст. да н.э.) насельніцтва жыло на гарадзішчах (ці выкарыстоўвала іх як сховішчы для навакольных паселішчаў); да нашага часу на Беларусі захавалася больш за тысячу такіх гарадзішчаў. Першыя ўласна гарады вырасталі з родаплемянных (Полацк, Гомель, Тураў) ці абарончых (Брэст, Мінск) цэнтраў. Яны ўяўлялі сабой умацаванае (агароджанае, адсюль назва «град», «горад») паселішча, якое нярэдка ўзнікала на месцах гарадзішчаў жалезнага веку (Полацк, Мінск). Многія гарады з’яўляліся гандл. і рэліг. цэнтрамі. Пасля прыняцця хрысціянства тут часам на месцы язычніцкіх капішчаў узнікалі першыя драўляныя, а пазней і мураваныя храмы. Ядром стараж. горада было ўмацаванне (дзядзінец), якое найчасцей размяшчалася на ўзвышаным месцы, на беразе возера ці ракі, на скрыжаванні гандл. шляхоў. Да дзядзінца прылягала ўмацаванае паселішча, т.зв. вакольны горад, у якім жылі гандляры, рамеснікі. Паводле такога прынцыпу фарміраваліся Полацк, Тураў, Мінск, Пінск і інш. гарады. Разам з хрысціянствам у буд-ве пашыраўся візантыйскі ўплыў, у 9—10 ст. прасочваюцца таксама арабскія і скандынаўскія ўплывы. У 11 ст. з’явіліся новыя буд. матэрыялы: плінфа, плітка для падлогі, вапна, цамянка, аконнае шкло, свінцовыя лісты для пакрыцця дахаў.
У перыяд удзельных княстваў (11—1-я пал. 13 ст.) гарады ўзнікалі пераважна як гандл.-рамесныя цэнтры сярод вясковай акругі (Слуцк, Клецк і інш.). часам ускладнялася іх тапаграфічная структура: дзядзінец (часам з асобным княжацкім дваром), вакольны горад, пасад ці прадмесце, гарадскі курганны ці бескурганны некропаль, загарадныя манастыры і наваколле. На княжацкіх дварах, на дзядзінцах Полацка, Гродна і Смаленска будавалі 2-павярховыя каменныя палацы (хорамы). Гарады развіваліся пераважна на аснове радыяльна-кальцавой ці радыяльна-веернай планіроўкі. З ростам заходнееўрапейскага, візантыйскага і кіеўскага імпарту адбывалася пранікненне навацый у матэрыяльную культуру гарадоў Беларусі, што прасочваецца ў інжынерна-фартыфікацыйнай справе і культавай архітэктуры. Гэта трывалыя канструкцыі абарончых збудаванняў у Віцебску, Мінску, Полацку і Гродне (напр., дзядзінец стараж. Гродна быў умацаваны каменнымі абарончымі сценамі вышынёй да 5 м), а таксама спроба збудаваць з дапамогай польскіх майстроў каменны храм у Мінску. У 13 ст. будавалі шмат’ярусныя прамавугольныя ці круглыя ў плане мураваныя вежы-данжоны — «стаўпы» (Камянец, Навагрудак, Гродна, Брэст, Тураў).
Горадабудаўніцтва эпохі ВКЛ. У 13—14 ст. адбывалася творчая перапрацоўка ўсходнеславянскіх і візантыйскіх традыцый. Пашырэнне і развіццё гэтых традыцый працягвалася на тэр. Беларусі і Украіны, а таксама яны інтэнсіўна пранікалі на землі, заселеныя балтамі, дзе бурна развіваліся гарады і ўзнік феномен новай гарадской культуры. На землях праваслаўных беларусаў і язычнікаў літоўцаў апрача храмаў узнікалі шматлікія праваслаўныя манастыры і каталіцкія кляштары. Пасля Крэўскай уніі 1385 на тэр.ВКЛ пачалі пранікаць і пашырацца традыцыі заходнееўрапейскай каталіцкай культуры. У 14 — пач. 17 ст. яе асяродкамі сталі Віцебск, Мсціслаў, Орша і Смаленск. У 14—15 ст. на тэр.зах. і цэнтр. Беларусі пабудаваны першыя драўляныя мячэці і сінагогі ў месцах кампактнага рассялення татараў і яўрэяў. Пасля Грунвальдскай бітвы 1410, калі знікла крыжацкая пагроза, гарадская культура ВКЛ канчаткова стала фарміравацца як неад’емная частка заходнееўрапейскай цывілізацыі. У гэты час пашыралася магдэбургскае права, таму адм. цэнтр горада паступова перамясціўся на рыначную плошчу, дзе ставілі ратушу (Віцебск, Чачэрск, Слонім, Мінск і інш.), часам у комплексе з гандл. радамі (Нясвіж). Часта захоўвалася суіснаванне двух цэнтраў гарадскога жыцця: княжацкая рэзідэнцыя на гарадскім (звычайна верхнім) замку і ратуша з гарадскім магістратам і рыначнай плошчай. Для гэтага часу характэрна з’яўленне мястэчкаў як прамежкавай формы паселішчаў паміж горадам (местам) і вялікім сялом. Пры мястэчках будаваліся мураваныя замкі тыпу кастэляў (Крэва Смаргонскага р-на, Ліда). Пашырыліся новыя буд. матэрыялы — буйнапамерная тоўстая цэгла і керамічная дахоўка, якія наблізілі тэхніку будаўніцтва да заходнееўрапейскіх узораў. З паяўленнем гармат ранейшыя мураваныя і драўляныя замкі перабудоўвалі з улікам выкарыстання агнястрэльнай зброі (Гродна, Ліда, Мір). З 15 ст. пашырыўся стыль готыкі. Яе ўзор — Троіцкі касцёл у в. Ішкалдзь Баранавіцкага р-на: мураваны храм зальнага тыпу, асноўны аб’ём якога накрыты высокім 2-схільным дахам са стромкімі шчытамі на тарцах. Яго пластычныя ступеньчатыя шчыт і контрфорсы на гал. фасадзе аздоблены плоскімі нішамі; нефы асноўнага аб’ёму перакрыты крыжовымі скляпеннямі, апсіда — зорчатым нервюрным. Да найб. значных храмаў абарончага тыпу належаць цэрквы-крэпасці ў вёсках Сынковічы Зэльвенскага і Мураванка Шчучынскага р-наў. Сынковіцкая царква (канец 15 — пач. 16 ст.) — 3-нефавы 4-стаўповы 3-апсідны мураваны зальны храм (у плане перакошаны прамавугольнік), па вуглах фланкіраваны 4 баявымі вежамі (з захаду гранёныя, з усходу круглыя) з цаглянымі вітымі ўсходамі ўнутры. Па версе сцен праходзіць пояс машыкуляў, дах 2-схільны, з вострымі тарцовымі шчытамі. Мураванкаўская царква (другая памылковая назва — Маламажэйкаўская; пач. 16 ст.) — 4-стаўповае збудаванне зальнага тыпу (у плане прамавугольнік, блізкі да квадрата), завершанае 2-схільным дахам са шчытамі на тарцах, з паўцыркульнай апсідай і 4 круглымі вуглавымі вежамі. Абарончы характар мелі Барысаглебская царква ў Навагрудку (пач. 16 ст.), кальвінскі збор у Заслаўі (2-я пал. 16 ст. — пач. 17 ст.), сінагога ў Быхаве (пач. 17 ст.), а таксама некаторыя жылыя дамы, вежы-званіцы, брамы і ратушы. Тэр. кальвінскага збору ў мяст. Койданава (цяпер г. Дзяржынск; пач. 17 ст.) была ўмацавана мураванай сцяной з 9 круглымі ў плане 2-яруснымі абарончымі вежамі. Манументальна» кампактныя аб’ёмы храмаў, умацаваныя контрфорсамі, кантраставалі з высокімі яруснымі вертыкальнымі вежамі: касцёлы ў вёсках Гнезна Ваўкавыскага (каля 1524), Дзераўная Стаўбцоўскага (1-я пал. 17 ст.) р-наў. У 15 — пач. 17 ст. развіццё архітэктуры і горадабудаўніцтва ВКЛ характарызуецца росквітам і агульнымі тэндэнцыямі, якія маюць выразнае заходнееўрапейскае паходжанне. З эпохай Адраджэння (Рэнесанс) звязаны спробы комплекснай рэканструкцыі гарадоў на аснове рэгулярнага плана, які формамі набліжаўся да прамавугольніка, авала, паўавала (Нясвіж, Быхаў, Слуцк). Цэнтрам кампазіцыі горада была плошча з ратушай і храмамі. Напачатку рысы стылю рэнесанс спалучаліся з элементамі готыкі. Свецкая і культавая архітэктура паступова страчвала абарончыя рысы, набывала аркадныя галерэі (палац у Рагачове, 2-я пал. 16 ст.); з’явіліся храмы-ратонды з купалам (кальвінскі збор у Смаргоні, сярэдзіна 16 ст.), вежы набылі дэкаратыўнае аздабленне. Інтэр’еры ўпрыгожвалі разнымі алтарамі, скляпенні — ляпнымі нервюрамі (храмы ў вёсках Чарнаўчыцы Брэсцкага, Вішнева Валожынскага р-наў). Драўляныя вулічныя маставыя замяняліся каменнымі, брукаванымі. У цэнтрах гарадоў з’явіліся першыя цагляныя жылыя будынкі. Рамеснікі і гандляры будавалі дамы фахверкавага тыпу («прускі мур»), простыя гараджане, як і сяляне — аднакамерныя «курныя хаты» або 2- ці 3-камерныя з прыбудаваным хлявом. Пашырэнне атрымалі феад. рэзідэнцыі: замкі ў вёсках Геранёны Іўеўскага (канец 15 — пач. 16 ст.), Смаляны Аршанскага (да 1626) р-наў і інш. Да 16 ст. будавалі пераважна драўляныя замкі, якія складаліся з гародняў, са шмат’яруснымі вежамі (Полацк, Орша, Магілёў), пазней — муравана-драўляныя. Пад уплывам фартыфікацыйнага дойлідства Італіі з 2-й пал. 16 ст. пашырылася буд-ва ўмацаванняў бастыённай сістэмы (Заслаўе, Нясвіж). Сярод унікальных манументальных ансамбляў — 5-вежавы мураваны замак з палацам у Міры, пабудаваны ў пач. 16 ст. з рысамі готыкі і рэнесансу. Напачатку замак быў мураванай крэпасцю, абнесенай абарончымі сценамі з 5-яруснымі вежамі па вуглах; пасярэдзіне размяшчалася пятая, 6-ярусная вежа-брама, якая мела герсу і пад’ёмны мост. Замак быў абкружаны землянымі валамі вышынёй каля 10 м і ровам з вадой. У 1580—90-я г. комплекс перабудаваны пад княжацкую рэзідэнцыю. Да паўд. і ўсх. сцен прыбудаваны 3-павярховы палац. На працягу існавання замак неаднойчы быў аб’ектам аблог і штурмаў, моцна пашкоджаны. З 1983 вядзецца яго рэстаўрацыя. Мірскі замкава-паркавы комплекс ЮНЕСКА аднесены да вышэйшай катэгорыі помнікаў сусветнай культуры (1994) і ўключаны ў спіс Сусветнай спадчыны (2000).