ГІДРАЦЭ́ЛЕ (ад гідра... + грэч. kēlē пухліна),
збіранне серознай вадкасці ў абалонках яечка з прычыны цяжкага адтоку яе па лімфатычных вузлах. Бывае прыроджаным (пры парушэннях эмбрыягенезу) і набытым (пры траўмах, запаленчых працэсах, пухлінах яечка і яго прыдатка, сардэчнай дэкампенсацыі). Пры вострым гідрацэле — раптоўны боль, прыпухласць, пачырваненне скуры; хранічнае гідрацэле развіваецца павольна, гадамі. Машонка пры гідрацэле грушападобнай формы, межы вадзянкі акрэслены пахвінным каналам, скура расцягнутая, без складак, бліскучая, яечка можа не вызначацца. Лячэнне: пры вострым гідрацэле — устараненне асн. захворвання, пры хранічным — хірургічнае.
М.З.Ягоўдзік.
т. 5, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎЧА́НКА туберкулёзная,
найбольш цяжкая форма туберкулёзу скуры. Узбуджальнік (туберкулёзная палачка) трапляе ў скуру праз яе пашкоджанні, часцей — з раней пашкоджаных туберкулёзам унутр. органаў і лімфатычных вузлоў. Хвароба пачынаецца ў дзіцячым і юнацкім узросце з бугаркоў (3—4 мм у дыяметры) чырвонага ці жоўта-чырвонага колеру. З цягам часу бугаркі зліваюцца; на іх месцы застаецца стончаны белы рубец, на якім могуць з’явіцца новыя бугаркі. Лакалізацыя: скура твару, вушных ракавін, шыі, іншы раз скура ягадзіц, рук і ног. Лячэнне: супрацьтуберкулёзныя прэпараты, полівітаміны, агульнаўмацавальныя сродкі.
т. 4, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРАТААКАНТО́МА [ад грэч. keras (keratos) рог, рэчыва рога + akantha калючка, шып, вастрыё + ...ома],
дабраякасная эпідэрмальная пухліна валасяных фалікул. Мяркуюць, што прырода К. вірусная. Найчасцей бывае ў людзей сярэдняга ўзросту, якія маюць кантакт з вугляродам і прадуктамі каменнага вугалю. На твары, кісцях рук узнікае шчыльнае, паўшарападобнае зацвярдзенне, 2—3 см у дыяметры, з уцісканнем у цэнтры, запоўненым рагавымі масамі, якія лёгка выдаляюцца. Праз 3—6 месяцаў пасля К. застаюцца рубцы, магчыма перараджэнне ў пласкаклетачны рак. Лячэнне: рэнтгенатэрапія, электракаагуляцыя, хірургічнае.
М.З.Ягоўдзік.
т. 8, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЯТЭРАПІ́Я (ад крыя... + тэрапія),
лячэнне з выкарыстаннем нізкіх для арганізма тэмператур. Грунтуецца на даных крыябіялогіі і агульнай медыцыны аб уплыве холаду на цеплакроўных жывёл і чалавека. Здаўна прымянялася ў форме абгортвання цела ці яго частак мокрымі халоднымі прасцінамі, абкладвання лёдам. Мае станоўчы эфект пры запаленчых працэсах, вонкавых і ўнутр. крывацёках, абсцэсах, ацёках, траўмах і інш. Мясц. (лакальнае) замарожванне тканак — адзін з дапаможных метадаў агульнай крыяхірургіі; у мікрахірургіі К. іншы раз выкарыстоўваецца як асн. метад лячэння, асабліва пры аперацыях на воку і галаўным мозгу.
т. 8, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕРАФТАЛЬМІ́Я (ад грэч. xēros сухі + ophthalmos вока),
пашкоджанне вока, якое характарызуецца сухасцю кан’юнктывы і рагавіцы. Бывае пры парушэннях слёзавыдзялення, слізістых залоз кан’юнктывы і рэзкім парушэнні абмену рэчываў у рагавіцы, гіпа- і авітамінозе А, у дзяцей — іншы раз пры страўнікава-кішачных хваробах. Найчасцей прычына К. — трахома, апёкі вачэй і інш. Праяўляецца сухасцю і рэзямі ў вачах; кан’юнктыва сухая, шурпатая, цьмяная, з матава-белымі плямамі; рагавіца без бляску, мутная, прарастае сасудамі; вастрыня зроку паступова зніжаецца. Лячэнне тэрапеўтычнае, іншы раз — хірургічнае.
Л.М.Марчанка.
т. 8, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎНУХАІДЫ́ЗМ (ад грэч. eunuchos кастрат + eidos від),
спалучэнне недаразвіцця палавых органаў і другасных палавых прыкмет з дыспрапарцыянальным целаскладам. Абумоўлены гіпафункцыяй палавых залоз. Найчасцей бывае ў мужчын. Адрозніваюць 2 формы Е.: еўнухаідны гігантызм і еўнухаіднае атлусценне; звычайна назіраецца змешаны тып. Прыкметы Е.: парушэнне росту — гігантызм і дыспрапорцыі шкілета (доўгія канечнасці, асабліва ніжнія, пры кароткім тулаве), тонкія косці, вузкія плечы, шырокія памеры таза (у жанчын — вузкі таз), атлусценне, адсутнасць расліннасці на твары, лабку, у падпахавых упадзінах, высокі тэмбр голасу; палавыя пачуцці рэзка зніжаны. Лячэнне: гармонатэрапія.
т. 6, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙКО́З (ад грэч. leucos белы),
белакроўе, лейкемія, пухліннае захворванне крывятворнай тканкі ў жывёл і чалавека, пры якім пашкоджваюцца касцявы мозг, лімфатычныя вузлы, селязёнка, кроў і інш. Апісаны Р.Вірхавым (1845). Адрозніваюць Л. вострыя і хранічныя. Вострыя падзяляюцца на міэла-, лімфа-, мона-, эрытрабластавыя і інш.; хранічныя — на міэлалейкоз, міэлафіброз, лімфалейкоз, эрытрамію, тромбацытамію і інш. Прыкметы Л.: малакроўе, слабасць, хуткая стамляльнасць, павелічэнне селязёнкі, печані, лімфатычных вузлоў, боль у касцях, бластоз крыві і парушэнне абмену рэчываў. Лячэнне — аўта- і алатрансплантацыя касцявога мозга.
Я.П.Іваноў.
т. 9, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́МПУЛЬСНАЯ ТЭРАПІ́Я,
лячэнне хвароб з выкарыстаннем імпульсаў эл. току, ультрагуку, светлавых, механічных, эл.-магнітных і інш.). Віды І.т.: электрастымуляцыя нерв.-мышачнага апарату, кардыястымуляцыя (у т. л. з мэтай дэфібрыляцыі сэрца пры цяжкіх парушэннях рытму сардэчнай дзейнасці), ультрагукавая тэрапія, электрасон і інш. Таксама І.т. называюць выкарыстанне высокіх доз гармонаў, часцей глюкакартыкоідаў, з мэтай «тэрапіі адчаю», калі тэрмінова неабходна памяняць вострае, пагражальнае для жыцця цячэнне хваробы на непагражальнае. Ужываецца пры цяжкай форме астматычнага статусу, анафілактычнага шоку, дысемінаванай ваўчанкі і інш.
М.А.Скеп’ян.
т. 7, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЎРО́ЗЫ [ад неўра... +...оз(ы)],
група пераважна абарачальных нервова-псіхічных расстройстваў, якія ўсведамляюцца хворым і абумоўлены ўздзеяннем псіхатраўміруючых фактараў (канфлікты паміж людзьмі ці ўнутрыасобасныя душэўныя). Да агульных (т.зв. «вялікіх») Н. адносяць істэрыю, неўрастэнію, неўроз неадчэпнага стану; вылучаюць таксама Н. страху, іпахандрычны і дэпрэсіўны. У дзіцячым узросце адрозніваюць сістэмныя Н. — псіхагенна абумоўленыя цікі, заіканне, начное нетрыманне мачы і інш. Праявы Н.: эмацыянальна-паводзінныя парушэнні, павышаная стамляльнасць, парушэнні сну; бываюць паралічы, слепата, глухата і інш. Лячэнне: псіхатэрапія ў спалучэнні з тэрапіяй, фізіятэрапіяй. Гл. таксама Нервовыя хваробы.
Г.Г.Шанько.
т. 11, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУСКАВА́ТЫ ЛІША́Й, псарыяз,
хранічная незаразная хвароба скуры, слізістых абалонак, пазногцяў, суставаў чалавека. Узнікненню Л.л. спрыяюць парушэнні дзейнасці залоз унутр. сакрэцыі, нерв. сістэмы, псіхічныя траўмы і генет. фактары. Пачынаецца з высыпкі (вузельчыкі-папулы, укрытыя серабрыста-белымі лусачкамі), найчасцей на галаве, каленях, локцях. Вузельчыкі зліваюцца ў бляшкі розных памераў ружова-чырвонага ці чырв. колеру. Можа ўзнікаць на месцы траўмаў, здрапванняў. Цяжкія формы захворвання — пустулёзны Л.л. (гнайнічкі), артрапатычны (пашкоджванне суставаў), эрытрадэрмічны (дыфузнае пашкоджванне скуры). Лячэнне тэрапеўтычнае, вітаміны, пры неабходнасці курортатэрапія.
М.З.Ягоўдзік.
т. 9, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)