пакруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., што.

1. Прывесці ў кругавы рух; крутнуць. Пакруціць махавое кола. Пакруціць тачыла.

2. Кругавым рухам змяніць становішча чаго‑н. Пакруціць выключальнік. □ Канстанцін Міхайлавіч пакруціў рычажок прыёмніка, пашукаў іншае станцыі. Лужанін.

3. Разм. Туга звіць адно з другім.

4. Зламаўшы, паскручваць канцы паміж сабой, зблытаць усё, многае. Пакруціла бура пшаніцу ў полі.

5. і чым. Круціць некаторы час. Віктар Сяргеевіч пакруціў у руках бітон, потым зірнуў праз адчыненыя дзверы кухні некуды ў прастору і ўсміхнуўся. Гамолка. Палкоўнік прыжмурыўся.., пакруціў галавою. — Ты, Віктар, як заўсёды, гаворыш ісціну! Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

матля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

Разм.

1. чым. Тое, што і матаць ​1 (у 2 знач.). Жэнька сядзіць у дваровым садку на лавачцы, есць .. хлеб і матляе нагамі. Лужанін. Ззаду фыркалі і матлялі галовамі, адбіваючыся ад камароў, коні. Новікаў.

2. што. Часта рухаць з боку ў бок; хістаць. Вецер матляў мокрыя, цяжкія ад дажджу крысы паліто, зрываў шапкі. Васілеўская. Плуг выскокваў з баразны, матляў.. [Марыйчына] худзенькае цельца, нібы былінку. Місько. / у безас. ужыв. Коні ўсё набіралі бег, усё ляцелі, калёсы кідала, матляла так, што сэрца як не разрывалася. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кава́ны і ко́ваны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад каваць (у 1, 2 і 3 знач.).

2. у знач. прым. Зроблены з металу каваннем. Каваны меч.

3. у знач. прым. Абабіты палосамі жалеза. Каваная скрыня. Каваныя драбіны.

4. у знач. прым. З падковамі, падкаваны. Каваныя коні. // З металічнымі падкоўкамі (пра боты, абцасы і пад.). Наперадзе, як ступа, Ішоў млынар Ігнат; Каваным ботам стукаў, Масніцы ўгінаў... Панчанка.

5. перан.; у знач. прым. Дакладны, выразны, пластычны (пра верш, стыль і пад.). Янка Купала з уласцівым яму майстэрствам перакладаў каваныя радкі «Меднага конніца». Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасудзі́ць, ‑суджу́, ‑су́дзіш, ‑су́дзіць; зак.

Разм.

1. каго. Засудзіць усіх, многіх. — Цяпер пацішэла, і добра пацішэла, — пануквае каня фурман. — Зброю паадбіралі, пасудзілі за гэта. Лужанін.

2. заг. пасудзі́(це) (звычайна з займеннікам «сам», «самі»). Ужываецца ў значэнні: падумай(це), памяркуй(це), уяві(це) сабе. — Што ж болей рабіць, пасудзі? Колас. Голы, босы хадзіў дзіцем, — Цяпер стар, і ўсё ж не ўскрос. Паглядзіце, пасудзіце — Я таксама гол і бос. Купала.

3. Пагаварыць, папляткарыць некаторы час. [Куліна:] А які суд можа быць між сваімі.. Вядома, калі людзі пасудзяць языкамі, то жыць не захочаш, ну то і... разводзяцца. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прагуча́ць, ‑чыць; зак.

1. Утварыць гук, гукі. Два стрэлы прагучалі амаль адначасова. Марціновіч. // Раздацца, пачуцца. — Што вы робіце? Апомніцеся! — прагучаў чыйсьці моцны, абураны голас. Пестрак.

2. перан. Праявіцца, выявіцца (пра пачуццё, настрой). Марку здалося, што ў голасе Блінкова прагучалі ноткі дабрадушнасці. Васілеўская. Гукан не спытаў, а як бы канстатаваў факт, з іроніяй у голасе, у якой бадай-што прагучала пагроза. Шамякін. // Выклікаць уражанне, успрыняцца. Хоць і злажыў, а верш не прагучаў. Лужанін.

3. перан. Стаць шырока вядомым. [Віктар:] — Відаць, прагучыць твая гісторыя. Непрыемна будзе заводу... Савіцкі.

4. Гучаць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́шлы, ‑ая, ‑ае.

1. Які прыйшоў адкуль‑н., не тутэйшы, чужы. [Кравец] аддаў сваю хату нейкаму прышламу чалавеку. Чорны. Войскі прышлага племені Не змаглі, не зламалі Чалавечага крэменю, Чалавечае сталі. Лужанін. / у знач. наз. пры́шлы, ‑ага, м., пры́шлая, ‑ай, ж. Хлопцы спалохана пазіралі на прышлых, што натапырыліся чатырма вінтоўкамі. Асіпенка.

2. Які прыйдзе, наступіць; будучы. Ён супакойвае Марыну І хоча свой узняць настрой, Але за прышлую часіну Не-не, ды возьме непакой. Колас. // у знач. наз. пры́шлае, ‑ага, н. Прышласць, будучыня. Замкнуўшыся ў маленькай бакоўцы, адгароджаны ад свету, марыў .. [Багдановіч] пра прышлае краю. Клышка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раўня́, ‑і, ж.

Разм. (часцей з адмоўем). Чалавек, роўны другому па якіх‑н. прыкметах (па ўзросту, па сацыяльнаму становішчу, па ведах і пад.). Хоць Зубок быў і старэйшы за нас, а трымаўся, як наша раўня. І мы любілі Косцю за гэта. Вітка. [Кацярына:] Да мяне сватаюцца людзі — не табе раўня. Крапіва. — Мяне лёд не вытрымае, — апраўдваўся Міхась. — Я цяжкі. Не раўня табе. Хомчанка. / у знач. зб. Аднагодкі. У гарачыні вялікага клопату мінала жыццё ў мяне і ў мае раўці, у нас не было часу заўважаць, што яно мінае. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́ўніца, ‑ы, ж.

1. Спец. Пасма валакна, злёгку скручаная, з якой вырабляецца пража.

2. Разм. Тое, што і раўня. А вот ужо на весялосць ды прыткасць у скоках не было .. [Лукер’і] роўніцы. Ракітны. — Я казала і кажу: не роўніцу ўзяў сабе Даніла ў жонкі. Думаладая яна для яго. Сіняўскі.

3. Абл. Узровень (пры параўнанні). Войтава дарога і накіраванасць пераважнай большасці сялянства, у тым ліку і Аўгіні, ляжыць у розных роўніцах. Колас. Знайшлося і азначэнне [у К. Чорнага] — Камароўка, аднолькава трапнае, незалежна ад таго, прыкладаецца яно да мяшчанства ў местачковай ці ў сусветнай роўніцы. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спага́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Спачуванне і каму‑н. у сувязі з чым‑н. Але Стэпа была адна: ні помачы, ні спагады чакаць ёй не было адкуль... Гартны. У.. голасе [Кірылы] адчуваўся боль і спагада да жонкі, на лёс якой выпала гэтулькі клопатаў. Гурскі. // Добразычлівыя адносіны да каго‑, чаго‑н.; маральная падтрымка. Свет жорсткі, ніхто не разумее здольнага хлопца, нават свае людзі. Мае спагаду адно дзед. Лужанін.

2. Літасць да каго‑н. з чыйго‑н. боку. Я ведаю, спагады Ён ворагу не дасць. Глебка. Яе будзе спагады вяльможнаму гаду, Хай моліцца богу! Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спрат, ‑а і ‑у, М спраце, м.

Разм.

1. ‑а. Памяшканне, месца для захоўвання чаго‑н.; сховішча. Гаспадар сам выйшаў з хаты, Устрывожыўся ўвесь дом, Абышлі ўсе клеці, спраты.. Каб напасці хоць на след [хлопчыка]. Колас.

2. ‑у. Месца, дзе можна схавацца ад каго‑, чаго‑н.; прыстанішча. [Коласа] цешыла, што гэтае дрэва ўвачавідкі разрасталася і давала надзейны цень у спёку і спрат ад дажджу. Лужанін.

3. ‑а. Патаемнае месца для ўкрыцця чаго‑н.; тайнік. Тым больш, што цяпер.. [Алаізу] туды і моцна цягнула — паглядзець, ці ўсё там у парадку, ці не раскрыты яе спрат. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)