населены пункт, які адрозніваўся ад горада меншай колькасцю насельніцтва, адсутнасцю абарончых збудаванняў, агр. рысамі, ад сяла і вёскі — наяўнасцю гандлю і рамяства як сталых заняткаў часткі жыхароў. На Беларусі актыўна ўзнікалі з 14 ст. каля месцаў традыц. кірмашоў, на бойкіх гандл. скрыжаваннях, у вял. сёлах і вёсках (каралеўскія таргі). У 15—16 ст. на тэр. Беларусі было больш за 200 М., з іх каля 70 у Панямонні, больш за 40 у цэнтр. рэгіёне і Паазер’і, больш за 30 у Падняпроўі і прыкладна столькі ж на Палессі. Пэўны час падаткі ад местачковага гандлю ішлі выключна на карысць казны. Феадалам забаранялася ствараць прыватнаўладальніцкія таргі без дазволу вял. князя ці караля, праводзіць прыватнаўладальніцкія кірмашы бліжэй чым за тры мілі ад каралеўскіх М. У 1588 шляхта дамаглася скасавання абмежаванняў і забароны буд-ва прыватнаўладальніцкіх таргоў у М. Жыхары, якія вырашылі сяліцца ў М., вызваляліся на некалькі гадоў ад натуральных і грашовых падаткаў. Некат. М. будаваліся каля замкаў ці ствараліся разам з імі (Іказнь, 1504; Дзісна, 1566). Многія ўзнікалі каля кляштараў і вял. прыходаў (Жыровічы, 1643). З часу скасавання абмежаванняў у 16 ст. ў М. пачалі пераўтварацца вял. сёлы і вёскі (Моталь, 1554; Дзівін, 1566; Станькава, 1585, і інш.). Найб. хутка раслі М. на буйных шляхах і скрыжаваннях дарог, каля перапраў і прыстаней (Нача, Барань, Старобін, Стары Свержань, Свіслач, Петрыкаў і інш.). У абавязкі местачкоўцаў уваходзілі нагляд за дарогамі, будаўніцтва корчмаў і заезных дамоў. У 16—18 ст. на Беларусі было ўжо каля 400 М. На чале адміністрацыі М. стаяў войт. М. падзяляліся паводле прыналежнасці (дзярж., прыватнаўласніцкай, царк.), ландшафтнай прывязкі (берагавыя, сухадольныя, балотныя). Магнаты і заможныя паны стваралі свае М. побач з замкамі, палацамі, сядзібамі (Шчучын, Паставы, Варняны, Лужкі і інш.). Ва ўзнікненні М. пэўную ролю адыгрывала наяўнасць прамысл. і інш. аб’ектаў.
Планіровачную структуру вызначалі асн.гандл. шляхі (вуліцы-дарогі). Звычайна на іх перасячэнні стваралася гандлёвая плошча, дзе будавалі гандлёвыя рады, крамы, корчмы, аўстэрыі, у М., якія мелі магдэбургскае права, — ратушы, важніцы (напр., Койданава, цяпер г. Дзяржынск, в. Цімкавічы Капыльскага р-на, г. Клецк Мінскай вобл., г.п.Вял. Бераставіца Гродзенскай вобл.). У цэнтр. частцы М., дзе сяліліся рамеснікі і гандляры, жылыя дамы злучаліся з крамамі і майстэрнямі, часам уключалі ў свой аб’ём шынкі. Пад жыллё шырока выкарыстоўвалі мезаніны і мансарды. Асн.дэкар. элементы аздаблення жылых дамоў — высокі ашаляваны франтон, часам складанай формы, і падчэні пры ўваходзе. Перыферыйныя часткі М. займалі сядзібы сельскага тыпу. М., утвораныя магнатамі і заможнымі панамі побач з замкамі, палацамі, сядзібамі (гарады Шчучын Гродзенскай вобл., Паставы, в. Лужкі Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.), мелі 2 кампазіцыйныя ядры: ансамбль забудовы плошчы і ансамбль палацава-замкавага комплексу. У асобных выпадках абодва цэнтры зліваліся (Лужкі, Паставы). У пач. 19 ст. для многіх М. распрацоўваліся т.зв. ўзорныя планы [напр., гарады Быхаў, Клімавічы, Крычаў, Прапойск (цяпер г. Слаўгарад), Чавусы Магілёўскай вобл., Маладзечна, Вілейка Мінскай вобл., Сянно Віцебскай вобл. і інш.], паводле якіх забудова арганізоўвалася квартальным прынцыпам. Найб. развітую планіровачную структуру на У Беларусі мелі М., што раней былі пав. цэнтрамі (гарады Быхаў, Горкі, Чавусы Магілёўскай вобл., Рагачоў Гомельскай вобл.) ці т.зв. пазаштатнымі гарадамі (гарады Бялынічы, Крычаў, Мсціслаў Магілёўскай вобл.). Астатнія М. Падняпроўя захоўвалі традыц. вясковае аблічча, нярэдка з адной вуліцай. Заходнебел. М. вызначаліся больш развітым цэнтрам, які ўтваралі брукаваная плошча з гандл. радамі, царква ці касцёл, карчма, валасная ўправа (гміна). Непадалёку маглі размяшчацца сінагога, часам — мячэць, пажарная служба з дазорнай вежай. Дамы-крамы ставілі па перыметры плошчы і на асн. вуліцах надзвычай шчыльна, дах да даху. Будынкі часцей былі драўляна-каменныя (фахверкавыя, 15—18 ст.), з мураваным 1-м паверхам (сутарэннем) ці поўнасцю мураваныя (в. Гальшаны Ашмянскага р-на, г.п. Дзятлава, Іўе, Любча, г. Навагрудак Гродзенскай вобл.). Шырока выкарыстоўваліся ўзорныя праекты местачковых дамоў (Варняны, Дзятлава, Іўе, Паставы). У структуры М. зах. рэгіёнаў пэўную ролю адыгрывалі мясц. прадпрыемствы: валюшні, крупадзёркі, млыны, бровары, суднабуд. верфі. Гэта найб. характэрна для М. Радзівілаў (г.п. Урэчча Любанскага р-на Мінскай вобл., Целяханы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.), Сапегаў (г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.). На працягу 20 ст. ў М. адбыліся пэўныя арх.-планіровачныя пераўтварэнні. У тых, што сталі раённымі цэнтрамі, рэканструяваны (зах. рэгіёны) ці зноў створаны (усх. рэгіёны) плошчы, дзе важнае месца занялі адм. будынкі, дамы культуры, рэстаран, гасцініца, універсальныя магазіны. У заходнебел. М. пад новыя патрэбы часам прыстасоўваліся і старыя збудаванні: гандл. рады ў Іўі, Навагрудку, Пружанах — пад магазіны, дамы-крамы ў Ваўкавыску, Іўі Гродзенскай вобл., Валожыне, Нясвіжы, Ракаве Мінскай вобл. — пад майстэрні, пункты харчавання, невял. гандл. пункты. Развіццё былых М. вядзецца паводле індывід. праектаў. Добраўпарадкоўваюцца плошчы, ствараюцца кветнікі і скверы, ставяцца помнікі. Жылая забудова прадстаўлена секцыйнымі 2—5-павярховымі дамамі. У канцы 19 ст. ў М. жыло каля 150 тыс.чал. У 1920—30-я г. многія М. БССР пераўтвораны ў гарады і гар. пасёлкі, астатнія — у вёскі. У Зах. Беларусі М. існавалі да 1939.
Літ.:
Лакотка А.І. Дойлідства. Мн., 1997 (Беларусы;
Т. 2);
Яго ж. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мн., 1999.
А.І.Лакотка.
Да арт.Мястэчка. Маладзечна. Рынак. Пач. 20 ст.Да арт.Мястэчка. Гандлёвая плошча ў Клецку (Мінская вобл.). 1930-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛЛЁ,
збудаванні для жыцця і арганізацыі побыту чалавека, аховы ад неспрыяльных уздзеянняў прыродных фактараў. Тыпы Ж. вызначаюцца ўзроўнем развіцця прадукц. сіл грамадства, буд. тэхнікі, характарам сац. адносін, геагр. асяроддзя і традыцый арганізацыі сямейнага ладу; разнавіднасці, маст. і кампазіцыйныя асаблівасці, абсталяванне і ўпрыгожанне інтэр’еру — эстэт. густам чалавека.
Найб. простыя тыпы Ж. вядомы з часоў каменнага веку (пячоры, зямлянкі, паўзямлянкі, буданы, пабудовы на палях і інш.). Краінам з цёплым кліматам характэрны тып Ж. з групоўкай замкнёных звонку памяшканняў вакол унутр. адкрытых дворыкаў (мегароны Стараж. Грэцыі, атрыумна-перыстыльныя дамы Стараж. Рыма); у краінах з умераным і халодным кліматам будавалі прамавугольныя ў плане дамы з асвятленнем праз вокны ў сценах. З паяўленнем гарадоў вылучыліся тыпы гар. і сельскіх пабудоў. У гарадах побач з індывід. 1—2-павярховымі дамамі будавалі шматпавярховыя на некалькі сем’яў (інсулы Стараж. Рыма). Для сярэдневякоўя характэрны замкі і палацы — Ж. феадалаў. Складваліся тыпы сялянскага Ж., якое захавала свае характэрныя рысы на многія стагоддзі; у гарадах сфарміраваўся тып дома, дзе спалучаліся жылыя, гандл. і складскія памяшканні, майстэрні рамеснікаў. У буд-ве такіх дамоў выкарыстоўвалі драўляныя канструкцыі (на аснове каркаса ці зруба), а таксама цагляныя, каменныя і мяшаныя (тэхніка «прускага муру»). Высокім маст. узроўнем вызначалася архітэктура рэнесансу (гл.Адраджэнне), барока, класіцызму. Рост гарадоў і гар. насельніцтва ў 19 ст. прывялі да разбурэння структуры старых феад. гарадоў і, як вынік, да змены традыц. тыпаў Ж. Гар. Ж. 20 ст. развіваецца ў рэчышчы асн.арх. стыляў (мадэрн, канструктывізм, функцыяналізм і інш.; гл. таксама Урбанізм і Дэзурбанізм).
На Беларусі з прымітыўных відаў Ж. (ямы, пячоры, буданы) развіліся яго найб.стараж. формы, што адносяцца да эпохі палеаліту. Пабудовы мелі канструкцыйную аснову з касцей маманта (паселішча Бердыж Чачэрскага р-на). Для неаліту і бронз. веку характэрны паглыбленыя ў зямлю жылыя збудаванні з шатровымі дахамі (каля воз. Ліцін Калінкавіцкага, в. Лучын Рагачоўскага р-наў). Вядомы таксама збудаванні на палях і памостах (в. Асавец Бешанковіцкага р-на). У жал. веку будавалі паўзямлянкі слупавой канструкцыі (в. Малышкі Вілейскага р-на), якія з 5—8 ст. паступова змяніліся невял. наземнымі дамамі слупавой і зрубнай канструкцый, разлічанымі на адну сям’ю (в. Гарадзішча Мядзельскага, в. Тайманава Быхаўскага р-наў). Такое аднакамернае Ж. забяспечвала патрэбы сям’і і стала асновай для развіцця ўсіх тыпаў жылых сельскіх і гар. дамоў на Беларусі. У сярэдневякоўі вядомы зрубныя 1-, 2-, 3-камерныя дамы, якія разам з гасп. будынкамі складалі сядзібу. Архітэктура Ж., яго планіроўка і маст. асаблівасці вызначаліся заможнасцю гаспадара і арх.-буд. традыцыямі асобных гіст.-этнагр. рэгіёнаў (Паазер’е, Падняпроўе, Панямонне і інш.). Гар. Ж. 9—13 ст. у асноўным складалася з невял. адназрубных пабудоў, якія ставілі вельмі шчыльна (Брэст, Віцебск, Мінск, Полацк і інш.). Ж. феадалаў 14—16 ст. мела элементы абарончых збудаванняў (замкі, дамы-крэпасці). У 16—18 ст.гар. і местачковае Ж. характарызавалася ўскладненнем планіроўкі, пашырэннем мураванага буд-ва, буд-ва ў тэхніцы «прускага муру» і змешаных канструкцый. Дамы гандляроў і рамеснікаў стваралі аснову забудовы цэнтр. вуліц і плошчы (рынку), часам мелі на гал. фасадзе галерэю на слупах — падчэні (Іўе, Мір). У 18 ст. атрымаў пашырэнне гар. дом з мураваным гал. фасадам і драўлянай часткай у глыбіні двара (Нясвіж, Гродна, Паставы). З 17 ст. пашырылася буд-ва палацава-паркавых комплексаў. Асн. элементам іх стаў палац ці сядзібны дом з элементамі ордэрнай сістэмы, а таксама ў стылі рамантызму. З 2-й пал. 19 ст. ў сувязі з распрацоўкай планаў забудовы гарадоў структура гар. Ж. змянілася. Павялічылася буд-ва шматкватэрных жылых дамоў. У 1920-я г.буд-ва і рэканструкцыя Ж. пачалі ажыццяўляцца на планавай аснове. З’явіліся рабочыя пасёлкі (імя Камінтэрна ў Мінску і інш.). У канцы 1920 — пач. 1930-х г. сталі будаваць шматпавярховыя шматкватэрныя дамы. Сац. ўмовы садзейнічалі з’яўленню новых тыпаў Ж.: інтэрнаты, дзіцячыя дамы, дамы-камуны, якія ўключалі і прадпрыемствы камунальна-быт. абслугоўвання. У Вял.Айч. вайну на Беларусі знішчана каля 400 тыс. жылых будынкаў, што патрабавала значных намаганняў для аднаўлення жылога фонду. З сярэдзіны 1950-х г. пашырылася буд-ва Ж. індустр. метадамі, выкарыстанне вял.арх. элементаў (панэльныя і аб’ёмныя блокі і інш.), што дало магчымасць паскорыць тэмпы ўзвядзення будынкаў. Значныя аб’ёмы жыл.буд-ва садзейнічалі прагрэсіўным метадам планіроўкі і забудовы раёнаў. Сучасныя жылыя дамы маюць адпаведнае быт. і інж. забеспячэнне, адпавядаюць нормам сан. гігіены. Сталі пашыранымі малапавярховыя (1—2 паверхі), сярэдняй паверхавасці (3—5), шматпавярховыя (6—10), павышанай паверхавасці (11—16) і вышынныя (больш за 16 паверхаў), адна- ці шматсекцыйныя, калідорныя, галерэйныя, змешанай планіроўкі будынкі. Больш сталі будаваць дамоў катэджавага тыпу і аднаго з відаў часовага Ж. — садовых домікаў. Асн. тыпам сял. Ж. заставаліся зрубныя хаты пач. і сярэдзіны 20 ст. (гл.Драўлянае дойлідства). Сучасныя вясковыя жылыя дамы па планіровачнай арганізацыі і ўзроўні інж. абсталявання набліжаюцца да гарадскіх, у іх аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі і маст. вырашэнні адчуваецца імкненне да захавання традыц. вырашэнняў.
Літ.:
Воинов А.А. Жилищное строительство в Белорусской ССР. Мн., 1980;
Трацевский В.В. История архитектуры народного жилища Белоруссии. Мн., 1989;
Рэшткі жылля старажытнага Бярэсця. 12—13 ст.Да арт.Жыллё. Дом рамесніка ў г. Нясвіж Мінскай вобл. 1721.Да арт.Жыллё. Дом канца 19 — пач. 20 ст. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.Да арт.Жыллё. Жылы дом у г.п. Ветка Гомельскай вобл. 1950-я г.Да арт.Жыллё. Сядзібны дом у в. Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна Гомельскай вобл.Да арт.Жыллё. Жылы дом у Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАСТЫ́Р (грэч. monastērion келля пустэльніка),
рэлігійная абшчына манахаў або манашак (гл.Манаства) у хрысціянстве (акрамя пратэстантызму), індуізме, будызме, ісламе, а таксама тэрыторыя, храм і ўсе будынкі, якія належаць такой абшчыне. Падзяляюцца на мужчынскія і жаночыя. Існавалі з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. ў Егіпце (культ. Серапіса), з 2—1 ст. да н.э. ў Індыі. На Русі з’явіліся ў 11 ст. ў сувязі з прыняццем хрысціянства. Паводле царк. рэформы, праведзенай у 1764 у Рас. імперыі, кіраванне манастырскімі землямі перададзена Калегіі эканоміі, а М. падзелены на лаўры, кафедральныя, 1-га, 2-га і 3-га класаў, пазаштатныя, прыпісныя, скасаваныя.
На Беларусі правасл. М. з’явіліся ў 12 ст. (паводле інш. звестак, у 10 ст.): Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр і 2 на берагах Палаты, якія заснавала Ефрасіння Полацкая. У 12 ст. з’явіліся 2 М. ў Тураве — Варварынскі і Барысаглебскі. у канцы 13 — сярэдзіне 16 ст. заснавана каля 40 новых. 17 М. дзейнічала ў Полацкім пав., 7 — у Навагрудскім, па 5 — у Пінскім і Аршанскім, па 4 — у Віцебскім і Мінскім, па 3 — у Брэсцкім, Гродзенскім, Мсціслаўскім, па 2 — у Ашмянскім, Браслаўскім, Мазырскім, Слонімскім. У рымска-каталіцкай царкве М. наз.кляштар. У выніку Брэсцкай уніі 1596 створана уніяцкая царква, да якой паступова пераходзілі правасл. М. і будаваліся новыя. У канцы 17 — пач. 18 ст. на Гомельшчыне з’явіліся стараверскія М. — скіты. У 1795 1-га класа быў Пінскі Богаяўленскі брацкі мужчынскі М., 2-га класа — Віленскі Святадухаўскі манастыр і Слуцкі Спаса-Ільінскі жаночы М.; 28 М. аднесены да пазаштатных і 3 да скасаваных. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. колькасць М. зменшылася з 60 да 37. У гэты перыяд заснаваны або адноўлены жаночы Мінскі Спаса-Праабражэнскі, мужчынскія Бялыніцкі Раства Багародзіцы, Няклюдаўскі Барысаглебскі (Талачынскі р-н), Мінскі Святадухаўскі і інш. Рашэннем Полацкага царкоўнага сабора 1839 уніяцкая царква ліквідавана, а яе М. закрыты або пераўтвораны ў праваслаўныя. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 Дэкрэтам СНК РСФСР ад 23.1.1918 царква аддзелена ад дзяржавы, маёмасць М. аб’яўлена нар. здабыткам. Адпаведны дэкрэт ад 11.1.1922 прыняў СНКБССР і М. тут пачалі хутка закрывацца. Толькі на тэр.Зах. Беларусі дзейнічаў Жыровіцкі Успенскі манастыр. У 2-й пал. 1980-х г. пачалося адраджэнне рэліг. жыцця: аднаўленне храмаў, М., духоўных навуч. устаноў. На Беларусі існуе 5 мужчынскіх і 9 жаночых М. (1999).
Архітэктура М. адлюстроўвае іх функцыю і ролю ў грамадскім жыцці, звязана з нац. рэгіянальнымі асаблівасцямі дойлідства розных краін і народаў. Найб.стараж. М. — будыйскія, з’явіліся ў 2—1 ст. да н.э. ў Індыі і пашырыліся ў краінах Паўд. і Усх. Азіі. У Індыі, Кітаі (Лунмынь, Майцзішань) пячорныя М. 2 ст. да н.э. — 5 ст. складаліся з высечаных у скале малітоўнай залы, келляў, трапезнай, б-кі, манаскага інтэрната (віхара) і інш. Наземныя М. ў Кітаі, Японіі, Паўд.-Усх. Азіі (Лінгусы ў Нанкіне, Кітай, 14—17 ст., Салін у Мандалаі, М’янма, 2-я пал. 19 ст.) уяўлялі сабой маляўнічыя комплексы з малітоўных і жылых пабудоў, мемар. храмаў і пагад ці рэгулярна-восевыя ансамблі сумежных двароў, абкружаных драўлянымі храмамі-павільёнамі. Ламаісцкія М. Тыбета (размешчаныя звычайна амфітэатрам па схілах гор), Манголіі, Бураціі, Калмыкіі складаліся з рэгулярных комплексаў з ярусных храмаў і дамоў лам. У 4—6 ст. у Паўн. Афрыцы і на Б. Усходзе з’явіліся першыя хрысц. М. абарончага тыпу. Іх абкружалі магутнымі сценамі, уключалі храмы (3-нефавыя базілікі), памяшканні для жылля, трапезы, чытання. У 6—9 ст. у Зах. Еўропе сфарміраваўся класічны тып каталіцкага М. — кляштара. Правасл. М. Візантыі, балканскіх краін, Грузіі, Украіны, Расіі, а таксама Беларусі мелі больш свабодную і разнастайную планіроўку, якая фарміравалася часам на працягу стагоддзяў (Гелацкі манастыр, М. Хора ў Канстанцінопалі, 10—11 ст.). Комплекс М. абкружалі сцены з вежамі, уздоўж сцен размяшчаліся келлі, у цэнтры — сабор, трапезная, званіца, калодзеж. Арх. формы службовых і гасп. пабудоў (шпіталі, лазні, пральні) часта звязаны з нар. дойлідствам. Пры заснаванні і пашырэнні М. улічвалі іх размяшчэнне (пры зліцці рэк, каля возера, на востраве і г.д.), прыроднае наваколле, характар рэльефу, што арганічна звязвала комплекс з ландшафтам. Абкружаныя сцяной і вежамі М. стваралі на стратэг. напрамках абарончыя фарпосты вакол гарадоў, з’яўляліся важнымі элементамі іх планіроўкі. Да сярэдзіны 16 ст. формы М. былі строгія, лаканічныя, у канцы 17 ст. іх дэкор і архітэктура ўзбагаціліся. У перыяд Адраджэння і барока М. страцілі абарончае значэнне. Пачалі ўзводзіць парадныя ансамблі М.-палацаў, пабудаваных кампактна, паводле адзінага плана (Смольны М. у С.-Пецярбургу). Вял. і ўплывовыя М. наз. лаўрамі. Найбольшыя М. ў Расіі: Данскі манастыр, Іосіфа-Валакаламскі манастыр, Кірыла-Белазерскі манастыр, Міражскі манастыр, Новадзявочы манастыр, Новаіерусалімскі манастыр, Салавецкі манастыр, Спаса-Праабражэнскі ў г. Яраслаўль (засн. ў канцы 12 ст.), Спаса-Прылуцкі каля г. Волагда (16—17 ст.) і інш. У 19—20 ст. новыя М. будавалі рэдка (М. Ла-Турэт у Эвё, Францыя, 1956—59, арх. Ле Карбюзье), яны не адыгрывалі значнай ролі ў забудове гарадоў, старыя М. часта станавіліся музеямі. На Беларусі найб. буйныя М.: у Полацку Барысаглебскі, Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, Пінскі Ляшчынскі манастыр. У 17—20 ст. існавалі Магілёўскі Богаяўленскі манастыр, Магілёўскі Спаскі манастыр, Слуцкі Троіцкі манастыр і інш. Шэраг бел. М. — выдатныя арх. ансамблі, большасць з іх створана ў стылі барока, у інтэр’еры многіх захаваліся творы манум. пластыкі і жывапісу (Успенскі М. у Жыровічах, Полацкі Богаяўленскі манастыр і інш.). Гл. таксама Культавыя збудаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕІ
Да першых на Беларусі музеяў можна аднесці музейны збор, што існаваў пры канцылярыі вял. князя ВКЛ 14—16 ст., дзе нешматлікім наведвальнікам дэманстравалі ўзоры ўзбраення, вайск. трафеі, творы выяўл. мастацтва, габелены, дываны, медалі, манеты і інш. Свае багатыя музейныя зборы мелі магнаты Радзівілы ў Мірскім і Нясвіжскім замках, Сапегі ў Ружанах, Тышкевічы ў Лагойску, Алелькавічы, Войны, Слушкі, Хадкевічы, а таксама некат. заможныя шляхціцы, мяшчане. Музеі адпаведнага профілю мелі навуч. ўстановы: Полацкі езуіцкі калегіум (з 1580; у 1812—20 акадэмія), Гродзенская мед. акадэмія (канец 18 ст.), Горы-Горацкі земляробчы ін-т (1840—60-я г.), губ. гімназіі. У 1856 намаганнямі Я.П.Тышкевіча адкрыты Віленскі музей старажытнасцей — першы агульнадаступны музей. Да 1-й сусв. вайны на тэр. Беларусі існавала больш за 50 музеяў, якія ствараліся навук. т-вамі, статыстычнымі к-тамі, земствамі, царк.-археал. к-тамі і навуч. ўстановамі (у Мінску, Магілёве, Віцебску і інш.). Актыўны ўдзел у зборы і стварэнні музеяў прымалі Дз.І.Даўгяла, І.І.Луцкевіч, Е.Р.Раманаў, А.М.Семянтоўскі, А.К.Снітка, Я.П.Тышкевіч і інш.
У 1921 у БССР утворана музейная камісія (Галоўмузей), якая ўпершыню паставіла задачу стварэння дзярж. музейнай сеткі з цэнтр. кіраўніцтвам. У жн. 1923 створаны Бел.дзярж. музей з філіяламі ў Віцебску, Гомелі, Магілёве, Дом-музей 1 з’езда РСДРП у Мінску. Акрамя таго, у музейную сетку ўваходзілі музеі розных ведамстваў і ўстаноў, у т. л. Інбелкульта, крымінальнага вышуку, працы Важнымі падзеямі ў гісторыі музейнай справы былі 1-ы з’езд даследчыкаў бел. археалогіі і археаграфіі (Мінск, 1926) і Усебел. нарада музейных работнікаў (Мінск, 1932). Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР музейны фонд Беларусі папоўніўся каштоўнымі калекцыямі, лепшая з якіх належала Бел. музею імя І.І.Луцкевіча ў Вільні (з 1921). Да пач.Вял.Айч. вайны працавала каля 60 музеяў, дзейнасць якіх пераважна была звязана з краязнаўчым рухам. У час вайны 1941—45 музейным фондам прычынены велізарныя страты.
У пасляваенны час развіццё музейнай справы актывізавалася. Да 1950 працавала 20 музеяў. Асаблівая ўвага ў іх дзейнасці аддавалася ваенна-патрыят. тэматыцы. У адпаведнасці з пастановай ЦККПСС «Пра павышэнне ролі музеяў у камуністычным выхаванні працоўных» (1964) былі замацаваны ўжо сфарміраваныя да таго часу асн. кірункі музейнай палітыкі: канцэнтрацыя ўвагі на стварэнні аддзелаў гісторыі сав. перыяду, адлюстраванне перамог у камуніст. будаўніцтве, пашырэнне прапагандысцкай работы і інш. Важкія змены ў структуры музейнай сеткі і ўсіх кірунках дзейнасці музеяў адбыліся ў 2-й пал. 1980 — пач. 90-х г. На канец 2003 на Беларусі дзейнічалі 131 дзярж. музей сістэмы Мін-ва культуры з 74 філіяламі (каля 2,6 млн. адзінак асноўнага фонду і каля 1 млн. — навукова-дапаможнага), сярод якіх найбуйнейшыя: Нац. музей гісторыі і культуры Беларусі, Бел.дзярж. музей гісторыі Вял.Айч. вайны, Музей ваен. гісторыі Рэспублікі Беларусь, Нац.маст. музей Рэспублікі Беларусь (усе ў Мінску), Бел.дзярж. музей гісторыі рэлігіі (Гродна), Музей Брэсцкай крэпасці-героя; абласныя краязнаўчыя музеі ў Брэсце, Віцебску, Гродне (гісторыка-археалагічны), Гомелі, Магілёве, Мінскі (у Маладзечне). Працуюць дзярж. музеі: археалагічны «Бярэсце»; геалагічны Парк камянёў (у Мінску); ваенна-гістарычныя — Ваўкавыскі, Кобрынскі, Лоеўскі музей бітвы за Дняпро, Музей воінаў-інтэрнацыяналістаў (Віцебск), Музей баявой садружнасці беларускіх, рускіх, латышскіх і літоўскіх партызан (г.п. Расоны Віцебскай вобл.), Музей Обальскага камсамольскага падполля (Шумілінскі р-н), Музей партыз. славы (каля в. Корачын Івацэвіцкага р-на), Музей савецка-польскай баявой садружнасці (в. Леніна Горацкага р-на), Музей К.С.Заслонава (Орша), Музей М.П.Шмырова (Віцебск); гісторыі гарадоў Магілёва, Наваполацка, Оршы, Светлагорска; Музей гісторыі Нац.АН Беларусі, Музей гісторыі медыцыны; літаратурныя музеі М.Багдановіча, Я.Купалы, П.Броўкі, Дзярж. літаратурна-мемарыяльны музей Я.Коласа, Дзярж. музей гісторыі бел. л-ры (усе ў Мінску), Гудзевіцкі літаратурна-этнаграфічны музей (Мастоўскі р-н), літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба Ф.К.Багушэвіча (в. Кушляны Смаргонскага р-на), мемарыяльны музей П.М.Лепяшынскага (в. Ліцвінавічы Кармянскага р-на), Дом-музей А.Міцкевіча (Навагрудак), Музей-лабараторыя Ф.Скарыны (Гомель), Полацкі музей бел. кнігадрукавання; мастацтвазнаўчыя — Музей-сядзіба «Здраўнёва» І.Рэпіна (Віцебскі р-н), Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры (Мінск); этнаграфічныя — Бел.дзярж. музей нар.дойлідства і побыту (Мінскі р-н), музей нар. мастацтва і. рамёстваў імя П.В.Багрыма (в. Крошын Баранавіцкага р-на), Веткаўскі дзярж. музей нар. творчасці, Дудзіцкі музей матэрыяльнай культуры («Дудуткі»), Мотальскі музей нар. творчасці, Музей Бел. Палесся (Пінск), Музей старажытнабел. культуры (Мінск), Музей этнаграфіі (Магілёў), Нараўлянскі этнаграфічны музей, музей нар. культуры Мазыршчыны «Палеская веда»; карцінныя галерэі ў Магілёўскім абл.маст. музеі імя П.В.Масленікава, маст. музеі імя В.К.Бялыніцкага-Бірулі (г.п. Бялынічы Магілёўскай вобл.), у в. Гурыны Мазырскага р-на. Акрамя таго, дзейнічаюць музеі мін-ваў і ведамстваў, грамадскія (у школах, навук. і навуч. установах), колькасць якіх перавышае колькасць дзярж. музеяў Мін-ва культуры.
Літ.:
Гужалоўскі А.А. Нараджэнне беларускага музея. Мн., 2001;
Яго ж. Музеі Беларусі (1918—1941 гг.). Мн., 2002;
Яго ж. Музеі Беларусі, 1941—1991. Мн., 2004;
Грицкевич В.П., Гужаловский А.А. История музеев мира. Мн., 2003.
А.А.Гужалоўскі.
Музеі
1990
1995
2000
2003
Усяго музеяў (уключаючы філіялы)
111
146
134
136
у т. л.: гістарычныя
28
34
32
31
мемарыяльныя
17
22
14
14
краязнаўчыя
56
68
70
71
прыродазнаўчанавуковыя
2
3
3
3
мастацтвазнаўчыя
7
12
11
13
літаратурныя
1
6
2
2
галіновыя
—
1
2
2
Колькасць наведванняў музеяў (за год), млн.
4,6
2,8
3,8
3,6
Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі.Будынак Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.Літаратурны музей М.Багдановіча ў Мінску.Фрагмент экспазіцыі Магілёўскага мастацкага музея В.К.Бялыніцкага-Бірулі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦТВА,
духоўна-творчае адлюстраванне і пераўтварэнне быцця ў вобразах і сімвалах, якія ацэньваюцца паводле эстэт. катэгорый прыгожага і агіднага, узнёслага і нізкага, трагічнага і камічнага, этычных катэгорый дабра і зла, сінтэтычных паняццяў пазнання (маст. праўда, фальш, амбівалентнасць). Ў сістэме мастацкай культуры займае цэнтр. месца, у культуры як універсальнай дзейнасці грамадства з’яўляецца сярэднім, злучальным звяном паміж вытв-сцю і пазнаннем, навукай і мараллю, філасофіяй і верай. У шырокім навук. сэнсе паняцце М. ахоплівае ўсе віды і жанры маст. творчасці — ад літаратуры і музыкі да архітэктуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; у вузкім сэнсе гэтым паняццем часта абазначаюць толькі выяўл. віды творчасці або з агульнай сістэмы М. вылучаюць л-ру ў вызначэннях тыпу «літаратура і мастацтва». М. даследуецца эстэтыкай, мастацтвазнаўствам.
Паводле шырокай гіст. тыпалогіі вылучаюцца тры стадыі развіцця сусв. М.: шматвяковы перыяд першапачатковага сінкрэтызму (мастацтва ў сістэме этн. культуры), эпоха класічнага росквіту (маст. класіка), позні перыяд разгалінаванай спецыялізацыі, у рамках якога ўзнікаюць тэндэнцыі да рэдукцыі і спрашчэння класічных тыпаў творчасці, выцяснення іх масавымі і электронна-тэхн. відамі маст. культуры. Гэтыя працэсы, як правіла, асінхронныя ў розных рэгіёнах і нац. культурах. Як і інш. формы культуры, М. здольнае ў спрыяльных гіст. і этнакульт. умовах адраджаць сваю класічную спадчыну, уключаць яе ў кантэкст сучаснасці.
Марфалогія М., г.зн. яго разгалінаванне на віды. роды і жанры, складвалася паступова на працягу гіст. развіцця. Вобразная сістэма ўсіх відаў і жанраў М. двухмерная, існуе ў часе і прасторы. Пры вызначэнні суадносін маст. часу і маст. прасторы ўлічваюць падзел усіх М. на аднародныя і неаднародныя (сінкрэтычныя на ранніх і сінтэзаваныя на позніх стадыях развіцця). З улікам перавагі прасторы або часу аднародныя М. падзяляюцца на прасторавыя (архітэктура, выяўл., дэкар.прыкладное, садова-паркавае М.), ча́савыя (л-ра, музыка, красамоўства) і комплексныя, прасторава-часавыя (акцёрскае і харэаграфічнае М.). Маст. сінкрэтызм фальклору, інш. ранніх форм маст. культуры — гэта першаснае адзінства яшчэ не вылучаных у самастойныя віды М. (наяўнасць паэзіі, музыкі, элементаў тэатра і харэаграфіі ў абрадавым фальклоры), а маст. сінтэз — вынік узаемадзеяння і спалучэння развітых аднародных М, напр., драматургіі, акцёрскага, выяўл., муз. і дэкар.-прыкладнога М. ў драм. тэатры, оперы, балеце, кінематографе, тэлебачанні. Усе неаднародныя М. адносяцца да тыпу прасторава-часавых. Спецыфічнае для кожнага віду М. і гіст. тыпу маст. культуры адзінства часу і прасторы стварае іх хранатопы: пластычная дамінанта і слабая канкрэтызацыя часу, характэрныя для стараж., асабліва ант. тыпаў культуры. Арыентацыя на архетыпы і спрадвечнасць — прыкметы сярэдневяковага М.; аднак тады ж у хрысц. свядомасці спасцігаліся духоўная каштоўнасць асобы і непаўторнасць кожнай падзеі, гэта адкрыццё выявілася ў летапіснасці хрысц. л-ры, інш. відаў М. Рамантычнае і рэалістычнае М. арыентуецца на канкрэтна-гіст. хранатоп, разам з тым дазваляе творцу спалучаць рэальныя і сімвалічныя прасторы, мінулыя і сучасныя падзеі.
У фундаментальных «Лекцыях па эстэтыцы» Г.Гегель даказаў, што ўсе вядомыя сусв. цывілізацыі і культ.-гіст. тыпы маюць свае эстэт. дамінанты і адпаведныя ім дамінуючыя віды М., якія вызначаюць агульную інтанацыю і змястоўную структуру маст. культуры пэўнай эпохі — арх. сімвалізм Стараж. Усходу, скульпт. пластычнасць ант.М., муз.-паэт. рамантызм хрысц. цывілізацыі. Неадназначнае М. розных эпох і маст. кірункаў паводле сваіх мэт і грамадскіх функцый. Ант.маст. культура адкрыла пластычную прыгажосць быцця і чалавека як вяршыні яго, арыентавалася на гармонію, меру і адпаведную ім сістэму маральна-эстэт. выхавання, пазначаную паняццямі калакагатыя і катарсіс. Сярэдневяковае хрысц. М. перанесла акцэнты на ўзнёслую красу духоўных сутнасцей. Эпоха гуманіст. Адраджэння здолела сінтэзаваць ант. гармонію і меру з хрысц. духоўнасцю, арыентавалася на эстэтыка-пазнавальную функцыю М. Для культуры барока характэрна перавага маст. штучнасці і дасціпнасці над класічнай натуральнасцю. Сацыяльна-выхаваўчая функцыя. прыярытэт грамадз. абавязку над асабістымі пачуццямі — эстэт. імператывы класіцызму і асветніцкага М. Рамантызм адкрыў каштоўнасць індывідуальнасці, непаўторнасць душэўнага жыцця асобы, духоўную самабытнасць народаў. Крытычны рэалізм арыентуецца на сацыяльна-пераўтваральную) функцыю М. Нарматыўная эстэтыка сацыяліст. рэалізму стала пралетарска-класавай трансфармацыяй класіцызму, сцвярджала прыярытэт партыйна-дзярж. дыктатуры. Урэшце, мадэрнізм парадаксальна спалучае эстэтызм і адмову ад сац. функцый М. з арыентацыяй на тэхн. утылітарызм (творчасць і эстэтыка К.С.Малевіча). Постмадэрнізм адмаўляецца ад класічнай маст. традыцыі. хрысц.гуманіст. маралі, арыентуецца на геданізм, анархізм і абездухоўлены гратэск.
Бел. маст. традыцыя складвалася на працягу тысячагадовай хрысц. цывілізацыі на прасторы ўсх.-слав. і цэнтральнаеўрап. макрарэгіёнаў. У рамках этн. культуры тут сфарміраваліся нар.-паэт. міфалогія, абрады і фальклор, інш. віды маст. творчасці. У эпоху сярэднявечча развіваліся прафес. М. — архітэктура (полацкая і гродзенская школы дойлідства), л-ра і красамоўства (творчасць Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча, Грыгорыя Цамблака і інш.), ствараліся летапісы і хронікі, захаваліся шэдэўры царк. жывапісу (фрэскі Полацкага Сафійскага сабора, інш. храмаў), графікі (рукапісныя кнігі), помнікі замкавай архітэктуры. Эпоха гуманіст. Адраджэння дала Беларусі кнігадрукаванне (асветніцкая дзейнасць Ф.Скарыны і яго паслядоўнікаў), стымулявала развіццё свецкай л-ры (шматстылявая старабел. мова, юрыд. і навук.л-ра, новалац. паэзія М.Гусоўскага, Я.Вісліцкага, сілабічная паэзія і аратарская проза Сімяона Полацкага), публіцыстыкі (палемічная і мемуарная л-ра). Захаваліся шматлікія помнікі царк. і палацава-замкавай архітэктуры ў стылі готыкі і рэнесансу. У 2-й пал. 17—18 ст. склалася школа бел. барока і класіцызму ў архітэктуры, садова-паркавым М., школьным і прыватных тэатрах, свецкай музыцы і харэаграфіі. Пасля страты бел. мовай дзярж. статуса (канец 17 ст.) і падзелаў Рэчы Паспалітай (1772—95) л-ра, навука, тэатр. М. развіваліся пераважна на польскай, лац. і рус. мовах, якія паўплывалі на станаўленне новай бел. л-ры ў 19 ст. (творчасць П.Багрыма, ананімная л-ра, Я.Чачот, Я.Баршчэўскі і інш.). Станаўленне бел. класічнай л-ры, тэатра, інш. відаў прафес. М. адбывалася ў перыяд Адраджэння нацыянальнага.
Літ.:
Гегель Г. Эстетика: Пер. с нем. Т. 1—4. М., 1968—73;
Каган М.С. Морфология искусства. Л., 1972;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Яго ж. Славянская міфалогія ў кантэксце беларускай культуры // Мастацтва. 1998. № 4, 6—8, 10—12;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЯКО́ЎСКІ Уладзімір Уладзіміравіч (19.7.1893, г. Багдаты, Грузія — 14.4.1930),
расійскі паэт, драматург. Вучыўся ў кутаіскай (з 1902) і маскоўскай (1906—08) гімназіях, у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1911—14), дзе зблізіўся з Д.Бурлюком. У 1923—28 узначальваў літ.-маст. аб’яднанне ЛЕФ, у 1929—30 — Рэв. фронт мастацтваў. Рэдагаваў час. «ЛЕФ» (1923—25) і «Новый ЛЕФ» (1927—28). Дэбютаваў вершамі «Ноч» і «Ранак» (1912). Першая кніга «Я!» (1913). У ранняй лірыцы, трагедыі «Уладзімір Маякоўскі» (паст. 1913, рэжысёр і выканаўца гал. ролі М.), паэмах «Воблака ў штанах» (1915), «Флейта-пазваночнік» (1916), «Чалавек» (1918) супярэчнасць паміж рамант.-утапічным ідэалам паэта і рэальнасцю, багаборніцкія матывы. Разуменне вайны як сусветнай бяды, найвялікшага злачынства перад чалавекам у вершах і паэмах перыяду 1-й сусв. вайны («Вайна аб’яўлена», 1914; «Вам!», 1915; паэма «Вайна і мір», 1915—16, выд. 1917). Пасля 1917 спроба стварэння міфа пра сацыяліст. светабудову (п’еса «Містэрыя-буф», 1918; паэмы «150 000 000» 1921; «Уладзімір Ільіч Ленін», 1924; «Добра!», 1927). З 1919 выпускаў у Маскве агітплакаты «Вокны РОСТА» (ствараў паэт. тэксты і малюнкі). Многія сюжэты браў з падзей на Беларусі і Зах. фронце («Што павінен ведаць чырвонаармеец Заходняга фронту», «Радуецца пан, растапырыў рот...» і інш.). У гэтых плакатах, вытворчай і кніжнай графіцы 1920-х г. ярка выявіўся талент М. як мастака (з 1910-х г. рабіў партрэтныя замалёўкі, эскізы лубкоў, тэатр. работы). У лірычных паэмах «Люблю» (1922) і «Пра гэта» (1923) сцверджанне непадзельнасці жыцця і кахання. З 2-й пал. 1920-х г. пераважаюць сатыр. творы: камедыі «Клоп» (1928, паст. 1929, экранізавана 1962) і «Лазня» (1929, паст. 1930) — антыутопія, не зразумелая сучаснікамі. Паэма «На ўвесь голас» (1930) — сцверджанне шчырасці свайго шляху і надзея на разуменне. Аўтар аўтабіяграфіі «Я сам» (1922, 2-я рэд. 1928), кн. «Савецкая азбука» (1919), нарысаў «Маё адкрыццё Амерыкі» (1925), сцэнарыяў фільмаў «Паненка і хуліган» паводле «Настаўніцы рабочых» Э.Д’Амічыса, «Не для грошай нарадзіўся» паводле «Марціна Ідэна» Дж.Лондана, (абодва 1918, зняўся ў гал. ролях), артыкулаў па пытаннях л-ры («Як рабіць вершы», 1926), мастацтва і інш. Пісаў для дзяцей («Што такое добра, што такое дрэнна», 1925). Творчай манеры М. ўласцівы рамант. светаадчуванне, гранічная аголенасць пачуцця, зліццё аўтара з лірычным героем, устаноўка на прамы зварот да аўдыторыі, канцэнтраваная эмацыянальнасць і энергія верша. М. — рэфарматар паэт. мовы. Зрабіў вял. ўплыў на паэзію 20 ст. Да вопыту М. звярталася не адно пакаленне бел. паэтаў. Ёсць падставы гаварыць пра пэўную тыпалагічную сувязь акцэнтнага верша Я.Купалы і М. ўжо ў дакастр. перыяд іх творчасці, што вынікала з характэрнага для іх абвостранага адчування свету ў процістаянні і барацьбе высокага і нізкага, чалавечнага і бесчалавечнага. Яго ўплыў адчулі М.Чарот, М.Грамыка, А.Куляшоў, П.Броўка, М.Лужанін, У.Хадыка, П.Глебка, якія шукалі новых сродкаў выразнасці. М. неаднаразова прыязджаў на Беларусь, выступаў перад чытачамі (у 1914, 1925 і 1927 у Мінску, у 1924 у Гомелі, у 1927 у Віцебску). На бел. матэрыяле стварыў сатыр. верш «Піва і сацыялізм» (пач. назва «Віцебскія думкі») і антырэліг. верш «Не для вас папоўскія святы» (па просьбе рэдакцыі газ. «Красная смена», дзе ўпершыню апубл. 12.4.1923). У газ. «Звязда» 4.2.1923 надрукаваны яго арт. «Сённяшні Берлін». На працягу 1923—24 у перыяд. выданнях Беларусі публікаваліся творы М., атрыманыя ад Прэс-бюро Агітпропа ЦК РКП(б). На першамайскім свяце 1921 у Мінску рэжысёры Е.Міровіч і Л.Літвінаў паставілі масавае дзейства «Праца і капітал» з выкарыстаннем тэкстаў з агітплакатаў «Вокны РОСТА». Уздзеянне М. на бел. паэзію было надзвычай дабратворным, за выключэннем выпадкаў, калі ўплыў падмяняўся простым перайманнем элементаў яго паэтыкі, верша (т. зв. «лесвічка»). Пачатая ім традыцыя паказу абагульнена-маштабнага чалавека не перарвалася (паэзія П.Панчанкі, М.Танка, К.Кірэенкі, А.Русецкага, Р.Барадуліна, В.Зуёнка, П.Макаля, С.Гаўрусёва, У.Паўлава і інш.). П’есы М. ставіліся ў т-рах Беларусі: «Клоп» у Бел. т-ры юнага гледача (1962), у Бел. т-ры імя Я.Коласа (1968), у Дзярж. т-ры лялек (1975); «Лазня» ў Брэсцкім абл.драм. т-ры (1974), у Рускім дзярж. т-ры (1977); фольк-опера «Клоп» У.Дашкевіча па матывах твораў М. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі (1988). У ліку першых перакладчыкаў твораў М. на бел. мову былі А.Дзяркач, М.Хведаровіч («Левы марш», 1930; пазней гэты верш пераклалі М.Лужанін, Р.Лынькоў), Т.Кляшторны (уступ да паэмы «На ўвесь голас», 1930; вядомы і пераклады гэтага твора Глебкі, Лужаніна), Ю.Таўбін («Марш ударных брыгад», 1930). Броўка пераклаў паэму «Уладзімір Ільіч Ленін», В.Вітка і Р.Лынькоў — паэму «Добра!», Кірэенка — п’есы «Клоп» і «Лазня». Асобныя вершы М. пераклалі А.Астрэйка, А.Вялюгін, В.Жуковіч, К.Крапіва, Куляшоў, Г.Пашкоў, М.Танк, У.Шахавец, А.Якімовіч (вершы для дзяцей) і інш. М. прысвечаны многія вершы бел. паэтаў.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—13. М., 1955—61;
Семья Маяковского в письмах: Переписка 1892—1906 гг.М., 1978;
Маяковский — художник: [Альбом]. М., 1963;
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1940;
Выбр. творы. Мн., 1952;
Кім быць? Мн., 1932;
Як узяць да ладу, што добра, што блага? Гомель, 1932;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОСТ,
збудаванне, якое пракладвае шлях над перашкодай. Узводзяць цераз рэкі і інш. вадацёкі (уласна М.), цераз дарогі (пуцеправоды), яры і цясніны (віядукі), а таксама замест насыпаў і плацін (эстакады). Паводле прызначэння адрозніваюць пешаходныя, аўтадарожныя, чыгуначныя масты, сумешчаныя, для водазабеспячэння (акведукі), пропуску водных шляхоў (М.-каналы), газа- і нафтаправодаў; паводле працягласці бываюць малыя (да 25 м), сярэднія (25—100 м), вялікія (больш за 100 м), пазакласныя (больш за 500 м, у якіх ёсць пралёты болей за 100 м); паводле канструкцыі — арачныя, бэлечныя масты, вантавыя масты, вісячыя масты, рамныя масты, камбінаваныя. Асобную групу ўтвараюць наплаўныя масты, развадныя масты, зборна-разборныя, а таксама масты ваенныя.
М. падзяляюць таксама на: адно-, двух- і шматпралётныя; з яздой па версе, па нізе, па сярэдзіне; нізка- і высакаводныя; жалезабетонныя, стальныя, сталежалезабетонныя, бетонныя, драўляныя (пераважна часовыя). М. звычайна складаецца з пралётных канструкцый і апор (прамежкавых быкоў і канцавых устояў). Апоры М. бываюць масіўныя, ражавыя, па́левыя, на па́левых абалонках, апускных калодзежах і кесонах; устоі спалучаюць М. з земляным палатном дарогі. На пралётнай канструкцыі размяшчаюць праезную ч., пешаходныя праходы, трубаправоды. Асн. параметры М.: агульная даўжыня, даўжыня пралётных канструкцый, шырыня праезнай ч. і тратуараў, падмаставы габарыт. Будуюць па тыпавых або індывід. праектах, выпрабоўваюць на статычныя і дынамічныя нагрузкі. Будаваць М. (драўляныя і каменныя) пачалі са стараж. часоў, на Русі — з 10 ст. драўляныя (пераважна наплаўныя), з пач. 16 ст. — каменныя. Першы метал. (чыгунны) М. пабудаваны ў Англіі ў 1779, у Расіі — у 1784 у Пецярбургу; вял. ланцуговы М. — у 1847—53 у Кіеве. З пач. 20 ст. значнае пашырэнне набылі жалезабетонныя М. З пач. 19 ст. пачалі будаваць вісячыя масты, пралёты іх хутка павялічваліся. У 1937 цераз праліў у Сан-Францыска (ЗША) пабудаваны унікальны вісячы М. з пралётам 1281 м. У тэорыю і практыку мостабудавання значны ўклад зрабілі працы рас. і сав. вучоных М.А.Белялюбскага, Дз.І.Жураўскага, С.В.Кербедза, Л.Ф.Нікалаі, Я.А.Патона, Р.П.Перадзерыя, Л.Дз.Праскуракова, Ф.С.Ясінскага; Э.Фрэйсінэ (Францыя), Р.Маяра (Швейцарыя) і інш.
Многія М. з’яўляюцца помнікамі дойлідства і інж. мастацтва. М. стараж.-рым. дасягнулі адзінства архітэктуры і інжынерыі: выразная архітэктоніка масіўнай шматарачнай канструкцыі, амаль пазбаўленай дэкору, надавала ім выгляд суровай магутнасці (М. Алькантара цераз цясніну р. Таха ў Іспаніі, 98—106 н.э., будаўнік Гай Юлій Лацэр). Найб. пашыраныя да сярэдзіны 19 ст. каменныя М. мелі масіўныя ўстоі і пралёты, што стварала ўражанне ўстойлівасці і надзейнасці. Метал. М. сталі менш грувасткімі і набылі ажурнасць сілуэта (М. цераз р. Дору ў г. Порту ў Партугаліі, 1881—85, інж. А.Г.Эйфель). Яны паўплывалі на стылістыку М. 20 ст.Вял. пластычнай выразнасцю адметныя жалезабетонныя М. Іх дынамічнасць і зрокавая лёгкасць форм надаюць буйным збудаванням своеасаблівую элегантнасць (М. цераз р. Арв у Швейцарыі, 1936, інж. Р.Маяр). Арыгінальныя сілуэты М. істотна ўплываюць на арх. аблічча горада (напр., М. ў Празе, Будапешце, Пецярбургу, Кіеве і інш.).
Сярод найб. значных і прыгожых М.: цераз р. Дзебед каля манастыра Санаін у Арменіі (1192), цераз р. Эльба ў г. Дрэздэн (Германія; 1260), Карлаў М. у Празе (1357), Санта-Трыніты ў Фларэнцыі (Італія; 1567), вісячы Бруклінскі М. у Нью-Йорку (1869—83), Таўэрскі ў Лондане (1886—94), чыг. арачны Мюнгстэнскі цераз даліну р. Вупер каля г. Золінген (Германія; 1897, выш. каля 107 м), цераз р.Св. Лаўрэнція ў г. Квебек (Канада; 1899—1917, пралёт 549 м), Вял. Маскварэцкі ў Маскве (1938), Патона ў Кіеве (1951), цераз праліў Басфор (Турцыя; 1973), цераз эстуарый Хамбер на У Вялікабрытаніі (даўж. 1410 м, 1981). Шэдэўрам цяслярнага мастацтва з’яўляюцца драўляныя рыштаванні і кружала Чортавага М. на аўтамагістралі Гера—Іена ў Германіі (1937). Самыя высокія М.: у свеце — на выш. 321 м перасякае Каралеўскі каньён у штаце Каларада, ЗША (пралёт 218 м, 1929), у Еўропе — М. «Еўропа» (выш. 190 м, даўж. 820 м) цераз р. Зіль у г. Інсбрук, Аўстрыя (1959—63). Найб. колькасць М. у г. Гамбург (Германія) — 2,5 тыс., у С.-Пецярбургу — каля 800, у т. л. М. Анічкаў, Банкаўскі, Ільвіны мосцік і інш. У Еўропе захавалася некалькі забудаваных М.: Лонданскі цераз р. Тэмза (1209; да 14 ст. ўяўляў сабой своеасаблівы гар. квартал з 5-павярховымі дамамі), у Парыжы на М. Мянялаў асталяваліся банкіры; М. Понтэ-Векіо ў Фларэнцыі (Італія) з ювелірнымі крамамі; М. крамнікаў у г. Эрфурт (Германія) пабудаваны ў 1325 цераз р. Гера, дзе абапал яго стаяць 34 адрэстаўрыраваныя 2- і 3-павярховыя фахверкавыя дамы. Сярод вядомых стваральнікаў М.: у Англіі Т.Тэлфард, А.Дэрбі, Дж.Уілкінсан, Р.Стэфенсан, у Францыі Эйфель, у Італіі Л.Б.Альберці, Б.Аманаці, у Швейцарыі І.У.Грубенман, у ЗША В.Роблінг і яго сын Дж.А.Роблінг, Дж.Фінлей, на Украіне Я.А.Патон.
На Беларусі драўляныя М. вядомы з 10—11 ст. Іх будавалі цераз рэкі, каналы, балоты, замкавыя равы і інш. Яны мелі 2 асн. апорныя канструкцыі — на палях і ізбіцах. Замкавыя М. падымаліся на спец. ланцугах (узводах). У 1567 у Гродне цераз Нёман пабудаваны драўляны М. з каменнымі падпорамі. У 18—19 ст. узведзены каменныя арачныя М. ў Брэсце, Віцебску і інш. Шэраг чыг. М. пабудаваны з пракладкай Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі (участак Парэчча—Гродна ўведзены ў эксплуатацыю ў 1862) і ўчастка Смаленск—Брэст (у 1871). У 1950—80-я г. пабудаваны: М. цераз р.Зах. Дзвіна ў Віцебску, цераз р. Дняпро ў Магілёве і Рэчыцы (усе арх. В.Ладыгіна), цераз р. Свіслач на праспекце Скарыны і вул. М.Багдановіча ў Мінску, пуцеправоды цераз яр Дзебра ў Магілёве і чыгунку станцыі Мінск-Пасажырскі ў Мінску і інш. На Беларусі больш за 4600 аўтадарожных і каля 2000 чыг. М. (1999). Найб. М. цераз р. Прыпяць каля г. Мазыр Гомельскай вобл.даўж. 947 м пабудаваны ў 1995.
Літ.:
Кётэ Р. Мосты: Пер. с нем. [М., 1991].
І.І.Леановіч, Т.Р.Мартыненка (архітэктура).
Карлаў мост у Празе. 1357.Таўэрскі мост у Лондане. 1886—94.Мюнгстэнскі чыгуначны арачны мост цераз даліну р. Вупер каля г. Золінген. Германія. 1897.Драўляныя рыштаванні і кружала «чортавага» моста на аўтамагістралі Гера—Іена. Германія. 1937.Мост цераз р. Заходняя Дзвіна ў Віцебску. 1953—55.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВАЯ АРХІТЭКТУ́РА,
праектаванне і буд-вапрамысл. прадпрыемстваў і вытв. збудаванняў. Сродкамі П.а. ствараецца матэрыяльна і эстэтычна арганізаванае асяроддзе, неабходнае для ажыццяўлення чалавекам вытв. працэсу. Пры праектаванні аб’ектаў. П.а. ўлічваюцца рацыянальнае размяшчэнне прадпрыемстваў у сістэме горада, арх.-планіровачная арг-цыя і забудова саміх прадпрыемстваў і комплексаў, арг-цыякульт.-быт. абслугоўвання і камфортных умоў працы ў сферы вытв-сці, добраўпарадкаванне тэрыторый, а таксама эфектыўнасць капіталаўкладанняў.
Станаўленне і развіццё П.а. звязана з развіццём прамысл. вытв-сці і нар. гаспадаркі на ўсіх гіст. этапах. Да 18 ст.вытв. працэс быў засн. на ручной працы, вытв. пабудовы не вылучаліся ў самаст. тып будынкаў. У эпоху прамысловага перавароту (з 1760-х г.), калі вытв. працэс быў звязаны з выкарыстаннем машыннай тэхнікі, узнікла неабходнасць у буйных памяшканнях для машын, абсталявання, рабочых. Першыя прамысл. будынкі былі прамавугольныя ў плане, з нясучымі цаглянымі ці каменнымі сценамі і драўлянымі перакрыццямі (ф-кі ў Вялікабрытаніі). Пераважалі утылітарныя вырашэнні: падоўжаныя масіўныя сцены, якія часам чляніліся пілястрамі, упрыгожваліся паясамі фігурнай муроўкі. Выкарыстанне ў канцы 18—19 ст. каркасных канструкцый з металу і жалезабетону паспрыяла стварэнню вытв. будынкаў з рацыянальнай планіроўкай унутр. аблегчанымі сценамі, павелічэнню колькасці паверхаў і памераў светлавых праёмаў, што істотна змяніла вонкавае аблічча вытв. будынкаў. У П.а. пач. 20 ст. пашыраліся новыя канстр. сістэмы, якія давалі магчымасць перакрываць без апор вял. пралёты, выкарыстоўваліся новыя буд. і аддзелачныя матэрыялы. Лепшыя аб’екты П.а. (напр., турбінная ф-ка фірмы «АЭГ» у Берліне, 1909—12, арх. П.Берэнс, ф-ка «Фагус» у г. Альфельд, Германія, 1911—16, арх. В.Гропіус) з выразным рытмам калон, каркаснымі канструкцыямі, вялікапралётнымі перакрыццямі, новымі прыёмамі члянення вял. паверхняў сцен палосамі зашклення ў метал. пераплётах істотна паўплывалі на архітэктуру 20 ст. Сучасныя прамысл. будынкі і збудаванні вылучаюцца буйным маштабам, аб’ёмна-планіровачным вырашэннем і сілуэтам, становяцца важным арх. акцэнтам у гар. забудове.
На Беларусі з 9 ст. вядомы выраб прадметаў з дрэва, каменю, гліны, жалеза і інш., заснаваны на ручной працы. Першымі т.зв.вытв. збудаваннямі былі дамы-майстэрні: драўляныя пабудовы ў традыцыях нар.дойлідства, якія ўключалі жылую, вытв. і гасп. часткі (у Полацку, Віцебску, Магілёве, Гродне і інш.). Развіццё П.а. звязана з паяўленнем у 1-й пал. 18 ст. мануфактур (шкляныя ў Налібаках Стаўбцоўскага і Урэччы Любанскага р-наў, шаўковых паясоў у Слуцку, суконная ў Нясвіжы; усе Мінская вобл.). У 2-й пал. 18 ст. драўляныя 1-павярховыя будынкі мануфактур пастаўлены ў Гродне, Паставах і інш. У канцы 19 — пач. 20 ст., калі ў П.а. пачалі выкарыстоўвацца новыя буд. матэрыялы (чыгун, пракатнае жалеза, бетон, жалезабетон), пабудаваны шэраг прадпрыемстваў (пераважна на берагах рэк або побач з чыгункай), у т. л.Добрушская папяровая фабрыка, Віцебская лёнапрадзільная фабрыка «Дзвіна», суконная ф-ка ў в. Парэчча Пінскага р-на Брэсцкай вобл. і інш. У пач. 20 ст. рэканструяваны старыя (папяровая ф-ка «Папірус» і хрусталёвы з-д у Барысаве, шклозавод «Старава» ў Бабруйскім пав.) і пабудаваны новыя прадпрыемствы. Пошук новых арх. форм вёўся ў кірунку стварэння арх. вобраза лаканічнымі і простымі маст. сродкамі, абапіраючыся на традыцыі. Адна з першых прамысл. пабудоў — станкабуд. з-д «Энергія» (1920) у Мінску. 1930-я г. адметныя буд-вам новых прадпрыемстваў і тэхнал. пераабсталяваннем старых. Больш шырокае ўжыванне металу і жалезабетону дазволіла якасна змяніць формы і арх. аблічча прамысл. будынкаў. Шматпралётныя карпусы з адносна вял. пралётамі, выразнай арх. кампазіцыяй і дакладнай арг-цыяй унутр. прасторы, з выяўленнем функцыян. і канстр. зместу будавалі без лішніх дэкар. дэталей у афармленні фасадаў (ф-кі панчошна-трыкат. імя КІМ у Віцебску, штучнага валакна ў Магілёве, кандытарская «Камунарка» ў Мінску, з-д «Гомсельмаш» у Гомелі). Пасляваен. аднаўленне і рэканструкцыя вяліся паралельна з увядзеннем новых будынкаў, абсталяваных новай тэхнікай. Пабудаваны аўтамаб. і трактарны заводы-гіганты ў Мінску, буйныя прадпрыемствы радыётэхн., прыладабуд., паліграф. прам-сці. Прамысл. аб’екты ўключаліся ў асн. горадабуд. вузлы і структуру старых і новых гарадоў, дапаўнялі і ўзмацнялі арх.-вытв. кампазіцыю гар. забудовы. У 1950-я г. паляпшалася аб’ёмна-планіровачнае вырашэнне вытв. будынкаў, узведзены першы на Беларусі паўназборны шматпавярховы вытв. будынак — гал. корпус Мінскага гадзіннікавага завода. У кампазіцыі выкарыстоўваліся элементы класічнай спадчыны (Мінскі паліграфічны камбінат, з-д электронных выліч. машын у Мінску). Пашырыліся блакіроўка прамысл. будынкаў, уніфікацыя і тыпізацыя іх канструкцый, стварэнне карпусоў пад адным дахам (дывановы камбінат, з-ды электрамех. і электралямпавы ў Брэсце, комплекс харч. прадпрыемстваў у раёне Дражні ў Мінску). У 1960—70-я г. пабудаваны буйныя аб’екты вытв. аб’яднанняў «Палімір» у Наваполацку, «Хімвалакно» ў Магілёве, «Азот» у Гродне, «Беларуськалій» у Салігорску, «Гідрааўтаматыка» ў Гомелі і інш. На базе існуючых прадпрыемстваў створаны сучасныя вытв. комплексы з макс. блакіроўкай і кааперацыяй службаў і камунікацый, з эфектыўным выкарыстаннем тэрыторый, неабходнымі эстэт. і сан.-гігіенічнымі ўмовамі. Вял. перавагу мела аб’яднанне дробных прадпрыемстваў у камбінаты, замена старых 1-павярховых пабудоў сучаснымі шматпавярховымі будынкамі са свабоднай унутр. прасторай, што давала магчымасць мадэрнізаваць тэхнал. працэс, ствараць выразныя планіровачныя структуры і арх. прадстаўнічасць. Ствараюцца аб’яднаныя прамысл. комплексы — прамысл. вузлы, упарадкоўваюцца існуючыя прамысл. раёны. У павышэнні эстэт. і арх. выразнасці будынкаў і збудаванняў важнае месца належыць маст. выяўленню ўласцівасцей матэрыялаў і канструкцый, сістэме чляненняў сцен фасадаў, фактуры і колеру канстр. і аддзелачных матэрыялаў, колераваму вырашэнню інтэр’ераў. У арх.-кампазіцыйным вырашэнні выкарыстоўваецца прыём кантрасту падоўжаных 1-павярховых аб’ёмаў і шматпавярховых кампазіцыйных дамінантаў інж.-лабараторных карпусоў (Барысаўскі завод «Аўтагідраўзмацняльнік», Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній, Мінскі завод халадзільнікаў, Мінскі тонкасуконны камбінат і інш.). Новыя прамысл. будынкі гарманічна ўключаюцца ў прыродны ландшафт. Вядучая арг-цыя па праектаванні прамысл.буд-ва на Беларусі — ін-т«Белпрампраект» (засн. ў 1949). Значны ўклад у П.а. зрабілі архітэктары С.Баткоўскі, Э.Бацян, І.Боўт, У.Караль, С.Корчык, У.Некрашэвіч, Н.Шпігельман і інш.
Літ.:
Ким Н.Н. Промышленная архитектура. 2 изд. М., 1988;
Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986.
І.І.Боўт.
Да арт.Прамысловая архітэктура. Будынкі суконнай фабрыкі ў вёсцы Парэчча Пінскага раёна Брэсцкай вобл. З малюнка Н.Орды. 19 ст.Да арт.Прамысловая архітэктура. Будынак гадзіннікавага завода ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТУРА 2-й ПАЛ. 18 — СЯРЭДЗІНЫ 19 ст.
Гэты перыяд адметны з’яўленнем на Беларусі стылю класіцызму, які ўзнік і развіваўся пад уплывам ідэй Асветніцтва, а з 19 ст. — і пад уплывам рамантызму. Ён пашыраны практычна ва ўсіх сферах архітэктуры і горадабудаўніцтва і характарызуецца выкарыстаннем дасягненняў антычнай класікі Грэцыі і Рыма. Асноўны ўклад у архітэктуру класіцызму зрабілі дойліды-прафесіяналы, выпускнікі вышэйшых навуч. устаноў мастацтваў Вільні, Варшавы, Полацка, Пецярбурга, Рыма, Парыжа. Заказчыкамі былі пераважна імператарскія і каралеўскія двары, а таксама дзяржава, дваранства і шляхта. Вылучаюць некалькі кірункаў класіцызму: барочны, строгі стыль, паладыянства, ампір, рацыянальны і неарэнесансавы. Асобныя элементы гэтага стылю выявіліся ўжо ў познабарочным дойлідстве пач. 18 ст. пад уплывам ідэалогіі асветнага сарматызму, калі ў архітэктуру палацаў Радзівілаў у Нясвіжы і Сапегаў у Высокім уключаліся антычныя порцікі як знак рымскага паходжання іх уладальнікаў. Станаўленне класіцызму адносіцца да 1760—90-х г., калі яго стылістыка развівалася ад барочнага класіцызму да строгага стылю. На бел. землях, што ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай, пабудовы барочнага класіцызму звязаны з заказамі каралеўскага двара і магнатаў, уплывам Берліна і Варшавы, дзейнасцю архітэктараў Дж.Сакі, Я.С.Бекера і К.Шыльдгаўза. Да іх належаць комплексы мануфактур у Ласосне (каля Гродна), каралеўскія палацы ў Станіславове, Аўгустове і Панямуні (у наваколлі Гродна); перабудова А.Сапегам свайго палаца, буд-ва уніяцкай царквы, манастыра і карчмы ў Ружанах; «Акадэмія» ў Дзярэчыне, палац І.Храптовіча і касцёл у Шчорсах, палац Ю.Валовіча ў Свяцку, ратуша ў Віцебску (1775). З 1780-х г. пад уплывам віленскай архітэктуры дзякуючы творчасці К.Спампані і Я.Падчашынскага з’яўляюцца пабудовы строгага стылю: сядзібныя дамы ў Сёмкаве, Беніцы, Кухцічах, Радзівілімонтах, Гародні, касцёл у Жырмунах. На ўсх. землях Беларусі, што ўваходзілі ў склад Рас. імперыі, асновай развіцця класіцызму стала перабудова бел. гарадоў паводле планаў, зацверджаных у Пецярбургу ў 1778. Гарады набывалі пераважна прамавугольную сетку кварталаў, прамыя вуліцы, плошчы набылі выразныя геаметрычныя абрысы. Многія павятовыя гарады (Клімавічы, Беліца, Бабінавічы, Гарадок, Веліж і інш.) ствараліся з выкарыстаннем «ідэальных» сіметрычных планіровачных схем прамавугольнага ці квадратнага абрысу. У іх цэнтр. частцы паводле праектаў архітэктараў І.Зігфрыдана і І.Зэйдэля ў стылі барочнага класіцызму ўзводзілі будынкі новай адміністрацыі — губернскія і павятовыя дзярж. ўстановы, дамы губернатараў і віцэ-губернатараў, урачэбных упраў, судоў. Пабудовы строгага стылю ствараліся з 1780-х г. па ўказах Кацярыны II (Іосіфаўскі сабор і будынак семінарыі ў Магілёве, арх. М.Львоў; корпус келляў і царквы Богаяўленскага манастыра ў Полацку, арх. Дж.Кварэнгі) і для рас. вяльмож (касцёл і 3 царквы ў Чачэрску, царква ў Прапойску, палацы П.А.Румянцава ў Гомелі, Р.А.Пацёмкіна ў Крычаве, абодва арх.
І.Староў) у іх новых бел. маёнтках. Перыяд вышэйшага ўзроўню класіцызму ахоплівае 1800—20-я г., характарызуецца пранікненнем стылю ва ўсе сферы дойлідства і стылістычным развіццём ад строгага стылю да ампіру. Гарады цэнтр. і зах. зямель Беларусі набылі рэгулярную планіроўку, у большай ступені падпарадкоўваліся ўмовам мясцовасці (планы Мінска, Слуцка, Барысава, Пінска, Навагрудка і інш.). У цэнтры ставілі будынак ратушы (Мінск, Гродна, Гомель).
Паводле праекта К.Падчашынскага ўзведзены гімназія ў Свіслачы, павятовае вучылішча ў Брэсце. Архітэктар ваен. ведамства А.Штаўберт стварыў ансамбль Бабруйскай крэпасці. Строгі стыль у палацава-сядзібнай архітэктуры характарызаваўся простымі прамавугольнымі абрысамі планаў будынкаў з порцікамі дарычнага ордэра на гал. фасадзе (палацы І.Тышкевіча ў Валожыне, І.Грабніцкага ў г.п. Обаль Шумілінскага, М.К.Агінскага ў в. Залессе Смаргонскага р-наў. Культавае буд-ва арыентавалася пераважна на паўтор аб’ёмнай кампазіцыі знакамітых помнікаў мінулага (Пантэона ў Рыме, Парфенона ў Афінах і інш.). Развіццё строгага стылю звязана з творчасцю дойлідаў віленскай школы (касцёлы ў г. Свіслач, 1802, арх. М.Шульц; Валожыне, 1816, арх. А.Касакоўскі; капліца ў Залессі, арх. М.Шульц), а таксама пецярбургскай і маскоўскай школ — ампір (праект царквы ў Мсціславе, 1811, арх. В.Стасаў; цэрквы ў Бабруйскай крэпасці, 1823, арх. А.Штаўберт; Троіцкая ў Гомелі, 1824). Перыяд згасання стылю прыпадае на 1830—50-я г. і адметны пашырэннем т.зв. узорных праектаў у сферы дзярж.буд-ва і яго поўнай рэгламентацыяй, развіццём стылістыкі ад ампіру да рацыянальнага кірунку. Практычна ўсе праекты ў сферы дзярж.буд-ва разглядаліся, карэкціраваліся ці выконваліся ў Камісіі праектаў і каштарысаў у Пецярбургу. У забудову гарадоў уключалі буйныя комплексы адм., лячэбных і гандлёвых будынкаў. Асноўная ўвага звярталася на функцыянальнае ўладкаванне і тэхн. пытанні, а не на дэкарыраванне фасадаў (губернскія дзярж. ўстановы ў Мінску, 1839—40-я г., арх. К.Хршчановіч; бальніца, 1848, арх. В.Морган, і шпіталь, 1849, арх. Бернштэйн, у Магілёве; гасціны двор у Полацку, 1836). У сувязі з развіццём дарожнага буд-ва паводле «ўзорных праектаў» 1831 і 1843 узводзіліся паштовыя станцыі па дарогах Пецярбург—Кіеў, Масква—Варшава, Магілёў—Бабруйск. У кампазіцыі праваслаўных храмаў выкарыстоўвалася пераважна выпрацаваная ў рус. дойлідстве 17 ст. схема з паслядоўным размяшчэннем на падоўжнай восі званіцы, трапезнай, асноўнага аб’ёму і апсіды (цэрквы ў Мазалаве каля Віцебска, 1827, і Рэчыцы, 1835, арх. А.Мельнікаў; Горках, 1839, арх. А.Порта). Уніяцкія і каталіцкія храмы перабудоўваліся ў праваслаўныя; у іх ліквідаваліся высокія вежы на фасадзе, франтоны, з’яўляліся купалы, у інтэр’ерах — іканастасы. Для перабудовы выбіраўся рацыянальны варыянт класіцызму (Успенскі сабор у Жыровічах, касцёл кляштара бернардзінцаў у Мазыры, Васкрасенская уніяцкая царква ў Віцебску). У буд-ве палацаў і сядзіб развівалася шырокая тыпалогія будынкаў ад раскошных палацавых комплексаў да невялікіх дамоў з порцікам на фасадзе і разнастайная стылістыка — строгі стыль, ампір, паладыянства, рацыянальны кірунак, пошукі мясц. каларыту і неарэнесанс. Іх стваральнікі — дойліды віленскай і варшаўскай архітэктурных школ А.Ідзкоўскі, А.Галонскі, К.Падчашынскі, Ф.Яшчалд і інш. Ампірная стылістыка ўжывалася для дэманстрацыі амбіцый і багацця родавага дваранства (палацы Булгакаў у в. Жылічы Кіраўскага р-на, Паскевічаў у Гомелі, Абуховічаў у Сваятычах). Уплыў неарэнесансу выяўляецца ў стварэнні новага тыпу палацаў-віл (П.Янчына ў в. Вістычы Брэсцкага р-на, 1840, арх. Ф.Яшчалд; В.Пуслоўскага ў Альбярціне пад Слонімам, 1833). Рацыянальны кірунак развіваўся пад уплывам берлінскай школы і творчасці К.Падчашынскага, ён выяўляўся ў адмаўленні ад порцікаў і каланад, выкарыстанні плоскіх элементаў дэкарыроўкі фасадаў, аконных праёмаў з паўцыркульным завяршэннем (палац О.Вагнера ў Вялікіх Салечніках, сядзібны дом Тарасевіча ў в. Гнезна Ваўкавыскага р-на, 1840-я г., арх. А.Градзецкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАТАРСТА́Н, Рэспубліка Татарстан,
Татарыя. Размешчана на Уеўрап.ч.Рас. Федэрацыі. Пл. 67,8 тыс.км²Нас. 3782 тыс.чал. (2000), гарадскога 74%. Сярэдняя шчыльн. 56 чал. на 1 км². Жывуць татары (48,5%), рускія (43,3%), чувашы (3,7%), мардва, марыйцы, удмурты, башкіры, беларусы (0,2%) і інш. Сталіца — г.Казань.
Прырода. Рака Волга падзяляе Т. на правабярэжжа і левабярэжжа. Большая ч.тэр. на левабярэжжы (Заволжа) — слабахвалістая раўніна (выш. 120—150 м). На ПдУ Бугульмінска-Белебееўскае ўзв. (выш. да 364 м). Правабярэжжа занята паўн. адгалінаваннямі Прыволжскага ўзв. (выш. да 266 м). Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (частка Волга-Уральскага нафтагазаноснага басейна), торф, буры вугаль, гаручыя сланцы, прыродныя бітумы, буд. матэрыялы (вапнякі, даламіты, гіпс, гліны і інш.), фасфарыты. Крыніцы мінер. вод, лекавыя гразі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -13 °C на З да -14,8 °C на У, ліп. ад 18,7 °C на Пн да 19,6 °C на Пд. Ападкаў на правабярэжжы больш за 500 мм, на левабярэжжы 360—400 мм за год. Гал. рэкі: Волга, Кама, Белая, Вятка. Куйбышаўскае і Ніжнякамскае вадасховішчы. Глебы чарназёмныя (32%), дзярнова-падзолістыя і шэрыя лясныя, па далінах рэк алювіяльныя. Лясы пераважна лісцевыя (дуб, ліпа, клён), займаюць каля 19% тэр. У складзе жывёльнага свету воўк, ліс, лось, вавёрка, бурундук, зайцы і інш.; з птушак глушэц, рабчык, драфа і інш. У вадаёмах 52 віды рыб. Нац. парк Ніжняя Кама, Волжска-Камскі запаведнік.
Гісторыя. Чалавек на тэр. Т. вядомы з палеаліту. Да 8—7 ст. да н.э. ў Волга-Кам’і склалася ананьінская, у пачатку н.э. ў Ніжнім Прыкам’і — п’янаборская культуры. У час Вял. перасялення народаў у Сярэдняе Паволжа праніклі цюрка-угорскія плямёны. У 6—8 ст. павялічылася колькасць цюркамоўнага насельніцтва, культура якога звязана з Цюркскім каганатам, Хазарскім каганатам і Вял. Балгарыяй. У 9—10 ст. цюркамоўныя балгары стварылі ў Сярэднім Паволжы дзяржаву Балгарыя Волжска-Камская, якая ў 922 прыняла іслам. У 1236—37 яна заваявана войскамі Батыя і ўключана ў склад Залатой Арды. У час яе існавання адбыліся асн. працэсы кансалідацыі цюрк. народаў у адзіную супольнасць. У 1-й пал. 15 ст. на тэр. Т. ўтварылася Казанскае ханства, у якім склалася народнасць паволжска-прыуральскіх татар. Працяглая барацьба паміж Рус. дзяржавай і Казанскім ханствам скончылася падзеннем апошняга ў 1552 і далучэннем яго зямель да Расіі. Пачалося інтэнсіўнае пранікненне рускіх на тэр. краю, рабіліся захады па яго прымусовай хрысціянізацыі, для чаго ў 1555 створана Казанская епархія. Карэннае насельніцтва ператворана ў ясачных людзей. Захоп зямель, рост павіннасцей, канфесіянальны прыгнёт сталі прычынай нар. паўстанняў (Еналееўскае паўстанне 1605—16, удзел татар у Сялянскай вайне 1670—71 і Сялянскай вайне 1773—75). Гэта прымусіла царскі ўрад пайсці на некат. ўступкі: у 1773 абвешчана аб рэліг. цярпімасці, у 1784 тат. мурзы ўраўнаваныя ў правах з рус. дваранамі. У 1708 створана Казанская губ., якая ўключала ўсё Сярэдняе Паволжа і Зах. Прыуралле. У 1-й пал. 19 ст. тут склаўся шэраг прамысл. прадпрыемстваў, фарміравалася тат. купецтва і клас прадпрымальнікаў. У канцы 19 ст. склалася тат. нацыя, узмацніліся пазіцыі нац. буржуазіі. Рэвалюцыя 1905—07 дала магутны штуршок развіццю нац. культуры і самасвядомасці тат. народа, руху за нац. роўнасць і дэмакр. свабоды. З’явіўся тат.перыяд. друк. Створана першая агульнамусульм. паліт. партыя «Іттыфак аль-муслімін». Тат.нац.-вызв. рух актывізаваўся ў ходзе Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917. Створаны нац. парламент — Мілет мэджлісі і органы нац. самакіравання.
27.5.1920 СНК РСФСР прыняў дэкрэт аб утварэнні Татарскай АССР. За гады сав. улады Т. ператварыўся ў край з развітымі сельскай гаспадаркай, шматгаліновай прамысловасцю, сучаснымі навукай і культурай. Татары і інш. народы краю зрабілі буйны крок у развіцці сваіх нац. культур. Разам з тым з 1930-х г. назіраліся захады кіраўніцтва СССР да абмежавання нац. развіцця нярус. народаў, выцяснення іх моў з афіц. ўжытку. У Вял.Айч. вайну больш за 170 ураджэнцаў Т. сталі Героямі Сав. Саюза (у т. л. адзін з абаронцаў Брэсцкай крэпасці П.Гаўрылаў). Нямала воінаў з Т. ўдзельнічала ў партыз. руху на Беларусі (у т. л. З.Нуры, Т.Муратаў). У Т. працавалі эвакуіраваныя з Беларусі прадпрыемствы (абутковая ф-ка, кандытарскі камбінат «Спартак» і воскавашчынны з-д з Гомеля, цагельны з-д з Віцебска). У ліст. 1942 — чэрв. 1943 У ліст. 1941 — чэрв. 1942 у Т. жыў Я.Купала. З сярэдзіны 1980-х г. пачаўся новы ўздым нац. самасвядомасці тат. народа. 30.8.1990 Вярх. СаветТат. АССР змяніў статус рэспублікі і прыняў дэкларацыю аб яе дзярж. суверэнітэце. 12.6.1991 выбраны 1-ы прэзідэнт Рэспублікі Татарстан М.Шайміеў (у 1996 і 2001 пераабраны). 21.3.1992 рэсп. рэферэндум вызначыў дзярж. статус Т., у ліст. 1992 прынята яго канстытуцыя.
Гаспадарка. Т. — адна з найб. развітых у эканам. адносінах рэспублік Рас. Федэрацыі. У структуры валавога рэгіянальнага прадукту прам-сць і буд-ва складаюць 51,7%, сельская гаспадарка — 3,7%, сфера паслуг — 44,6%. Асн. галіны прам-сці (паводле кошту прамысл. прадукцыі, 1999): паліўная (33,8%), хім. і нафтахім. (22,5%), маш.-буд. і металаапрацоўка (19,6%), электраэнергетыка (7,1%). Здабыча нафты і газавага кандэнсату (26,3 млн.т, 1999, Рамашкінскае, Новаелхоўскае, Первамайскае, Бандзюжскае і інш. радовішчы). Вытв-сць электраэнергіі 22,1 млрд.кВт∙гадз пераважна на ДРЭС (Заінская, Урусінская); Ніжнякамская ГЭС. Выраб шын (8,3 млн.шт., 1-е месца ў Расіі) у Ніжнякамску, пластмасы і сінт. смалы (365 тыс.т, 2-е месца), газаправодных поліэтыленавых труб, сінт. каўчуку (190 тыс.т), кінафотаплёнкі і магнітных стужак, мыйных сродкаў, лакафарбавых матэрыялаў, хіміка-фармацэўтычных прэпаратаў у Казані, мінер. угнаенняў у Мендзялееўску. Маш.-буд. і металаапр. прадпрыемствы вырабляюць велікагрузныя (14,8 тыс.шт., Набярэжныя Чаўны) і легкавыя (28,4 тыс.шт., Елабуга) аўтамабілі, самалёты, верталёты, авіяматоры, газавую апаратуру, вакуумную тэхніку, кампрэсары, ЭВМ, радыёпрыёмнікі (Казань), судны, халадзільнікі і маразільнікі (26,9 тыс.шт., Зеленадольск), машыны і абсталяванне для нафтаздабыўной прам-сці, электралямпы, трубы (100 тыс.т., Альмецьеўск), электратэхн. і нафтавае абсталяванне (Бугульма), гадзіннікі, аўтаспецабсталяванне (Чыстапаль). Харч. і харчасмакавая прам-сць дае 9,5% валавой прадукцыі Т. Развіты вытв-сць мяса (52 тыс.т), масла (17,1 тыс.т, 1-е месца ў Расіі), гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў (8,7 млн. дэкалітраў, 2-е месца), піва, алею, цукру (160 тыс.т), малочнай прадукцыі, тытуню. Прадпрыемствы лёгкай прам-сці ў Казані (футравы к-т, абутковая і швейная ф-кі), Чыстапалі (абутковая ф-ка), Елабузе, Зеленадольску (швейная ф-ка), Альмецьеўску (панчошна-шкарпэткавая ф-ка) і інш. Лясная, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая прам-сць (вытв-сць дзелавой драўніны, піламатэрыялаў, фанеры, мэблі, паперы, кардону). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Фарфора-фаянсавая прам-сць. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытв-сці жывёлагадоўчай прадукцыі і збожжа. С.-г. ўгоддзі займаюць 4,1 млн.га, у т. л. ворныя землі 3,6 млн.га, сенажаці і пашы 0,5 млн.га. Гадуюць (тыс. галоў, 2000) буйн. раг. жывёлу (1190), свіней (752), авечак і коз (513). Развіты птушкагадоўля, футравая зверагадоўля, трусагадоўля, спарт. і племянная конегадоўля, пчалярства (1253 т мёду, 2000), рыбаводства. Пасяўныя пл. 3 млн.га (1999), пад збожжавымі культурамі 54%, тэхн. 3,5%, бульбай і агароднінай 3,7%, кармавымі культурамі 39%. Сярод пасеваў збожжавых пераважаюць пшаніца, жыта, ячмень, авёс, гарох, з тэхн. — цукр. буракі, сланечнік. Пладаводства. Збор (тыс.т, 1999): збожжа 2584, цукр. буракоў 891, сланечніку 5,1, бульбы 1143 (1-е месца ў Расіі), агародніны 303, пладоў і ягад 39. Т. мае развітую трансп. сетку. Даўж. чыгункі 879 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 12,4 тыс.км (2000). Асн. чыгунка Масква—Казань—Екацярынбург.
Суднаходства па рэках Волга, Кама, Вятка, Белая ў межах Т. на 976 км. Рачныя парты: Казань, Ніжнякамск, Набярэжныя Чаўны. Аэрапорты ў Казані, Бугульме, Набярэжных Чаўнах. Даўж. магістральных трубаправодаў (нафта- і нафтапрадуктаправоды) 6,5 тыс.км. Альмецьеўск — пач. пункт нафтаправодаў «Дружба», у Ніжні Ноўгарад, Перм, Самару. Рэспубліка пастаўляе ў інш. рэгіёны Расіі і за мяжу паліва, хім. і нафтахім. прадукцыю, аўтамабілі, дзелавую драўніну, харч. прадукты; завозіць машыны і абсталяванне, чорныя і каляровыя металы, харч. прадукты. Курорты: Бакірава, Васільеўскі, Іжэўскія Мінер. Воды.
Літаратура. Развіваецца на татарскай мове. Вытокі ў фальклоры і помніках сярэдневяковай цюркскай культуры. Вядомы помнікі культуры Балгарыі Волжска-Камскай, у т. л. паэма Кул Галі «Кыса-і-Юсуф» (13 ст.). У развіцці маст. л-ры важнае месца належыць золатаардынскаму перыяду (гуманіст. творы Кутба, М.Булгары, С.Сараі і інш.). З распадам Залатой Арды асн. цэнтрам культ. жыцця стаў г. Казань. Перыяд Казанскага ханства звязаны з творчасцю Мухамедзьяра, Умі Камала, Кул Шарыфа. Новы перыяд у развіцці тат. культуры і л-ры пачаўся пасля далучэння Казанскага ханства да Расіі (1552). У л-ры пераважалі рэлігійна-суфійскія матывы, аднак значнае месца належала свецкай тэматыцы. У 2-й пал. 17 ст. ў творчасці Маўля Кулы, Утыза Імяні, Ш.Закі, Г.Чакрыя і інш. складваецца вобраз ідэальнага ў маральных адносінах чалавека, усхваляюцца розум, гуманізм, асуджаюцца заганы ўладатрымальнікаў. Дамінуючым маст. метадам заставаўся традыц.ўсх. рамантызм. З 2-й пал. 19 ст.л-ра засвойвае еўрап. рэалізм (паэзія Г.Кандалыя, М.Акмулы, Я.Емяльянава, проза М.Ак’егетава, З.Бігеева, драматургія Г.Ільясі, Ф.Халідзі). Пач. 20 ст. — перыяд узнікнення і фарміравання новых кірункаў і маст. метадаў. Пераўтвараліся традыц. жанры, узніклі новыя, пашыралася тэматыка твораў, фарміравалася літ. крытыка, актыўна выкарыстоўваліся вопыт і дасягненні ўсх., рус. і ўсх.-еўрап. л-ры (Г.Тукай, Ф.Амірхан, М.Гафуры, Дэрдменд, Г.Ібрагімаў, Г.Камал, Ш.Камал, С.Раміеў, Ш.Бабіч, М.Файзі і інш.). У 1920—40-я г. развівалася творчасць Ф.Бурнаша, К.Наджмі, Х.Такташа, К.Тынчурына, М.Галяў, А.Шамава, Х.Туфана, А.Кутуя, М.Джаліля, А.Аліша, Ф.Карыма, Н.Ісанбета і інш. У 1950-я г. іх традыцыі працягвалі І.Башыраў, І.Газі, А.Файзі, Ф.Хусні, М.Амір, С.Батал, А.Енікі, С.Хакім, А.Абсалямаў, Х.Вахіт, А.Расіх. З 1960-х г. пашырыліся магчымасці для маст. аналізу з’яў мінулага і сучаснасці, у абнаўленні л-ры значную ролю адыграла плеяда «шасцідзесятнікаў» (Р.Тухватулін, А.Плязаў, Г.Ахунаў, Н.Фатах, Ш.Галіеў, І.Юзееў, Ш.Хусаінаў), якія прынеслі ў яе надзённыя сац.-маральныя праблемы. У 1970—80-я г. праявілі сябе М.Магдзееў, Т.Мінулін, Р.Мухамадзіеў, М.Хабібулін, Ш.Бікчурын, М.Хасанаў, В.Нурулін, Р.Файзулін, Р.Харысаў, Р.Батула, Р.Гатаулін, Зульфат, М.Аглямаў і інш. У 1990-я г. ўзмацнілася ўвага да адраджэння шматвяковай гісторыка-культ. спадчыны. Вызваленае ад ідэалагізаваных прынцыпаў літаратуразнаўства імкнецца да рознабаковага асвятлення літ. працэсу, навукова-аб’ектыўнай ацэнкі маст. з’яў і тэндэнцый. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў Т. На бел. мове выдадзены зб-кі вершаў «Радасць сустрэч» З.Нуры (1973), «Маабіцкі сшытак» (1975, пер. А.Пысін і С.Гаўрусёў) і «Я гляджу на зоры» (1985, пер. Э.Агняцвет) Джаліля, аповесці «Адкуль ты, Жан?» Ш.Ракіпава (1976, пер. У.Мехаў), «Зялёная мая калыска» Башырава (1981, пер. А.Васілевіч). Паэзію і прозу перакладалі і перакладаюць М.Аўрамчык, Э.Валасевіч, В.Жуковіч, Х.Жычка, А.Звонак, І.Калеснік, В.Коўтун, П.Прыходзька, Ю.Свірка, Н.Тулупава і інш.
Архітэктура. Ад 10—14 ст. захаваліся рэшткі пабудоў на тэр. гарадзішчаў Сувара, Біляра, Болгара, драўляных абарончых сцен, зрубных жылых дамоў з 2-схільным дахам і глінабітных дамоў з плоскім дахам, руіны дамангольскіх каменных пабудоў. У перыяд Залатой Арды (з сярэдзіны 13 ст.) з каменю і цэглы будавалі крэпасці, палацы, мячэці (саборная мячэць, т. зв. Чорная палата ў Болгары і інш.), маўзалеі, лазні (т. зв. Чырвоная палата ў Болгары), стылістычна звязаныя з дойлідствам Сярэдняй Азіі. Будынкі ўпрыгожвалі фрэскавай размалёўкай, каляровай керамікай, арнаментальнай разьбой па камені і тынкоўцы. Пасля далучэння Казанскага ханства да Расіі архітэктура Т. развівалася ў рэчышчы рас.дойлідства: крэмль (16 ст.), кафедральны сабор (1723—26), ун-т (1825—30-я г., арх. П.Пятніцкі, М.Карынфскі) у Казані. Архітэктуры 19 — пач. 20 ст. ўласцівы эклектызм. Для нар.дойлідства характэрны драўляныя дамы (6- або 5-сценныя) з размалёўкай дэкар. дэталямі. Гасп. пабудовы падзелены на асобныя групы, ізаляваныя ад жылога дома. У 1910-я г. пашырылася грамадз. і прамысл. будаўніцтва, рэканструяваліся старыя і будаваліся новыя гарады (Набярэжныя Чаўны, Ніжнякамск і інш.). У 1920—30-я г. з’явіліся рысы канструктывізму (Дом друку ў Казані, арх. С.Пэн), пазней пачаўся зварот да традыц. форм нар.дойлідства (Тат.т-р оперы і балета імя М.Джаліля, 1953—46, арх. Н.Скварцоў, І.Гайнутдзінаў), да больш рацыянальных аб’ёмна-прасторавых вырашэнняў (рачны вакзал, арх. Гайнутдзінаў; канцэртная зала кансерваторыі, арх. М.Агішаў; цырк, арх. Г.Пічуеў і інш., усе ў Казані). З 1990-х г. у архітэктуры адраджаюцца традыц. планіровачныя прыёмы, нац. асаблівасці ў будынках жыллёвага, культавага і грамадскага прызначэння. У 1938 засн. Саюз архітэктараў Т.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб.стараж. помнікі мастацтва на тэр. Т. — неалітычныя крамянёвыя зааморфныя фігуркі, кераміка з геам. арнаментам, пасудзіны і ўпрыгожанні эпохі бронзы. Да 19 ст.выяўл. мастацтва не развівалася (іслам забараняе выявы жывых істот). Сярод вырабаў дэкар.-прыкладнога мастацтва пераважалі сярэбраныя ўпрыгожанні з каштоўнымі і паўкаштоўнымі камянямі, залатое шыццё гладдзю, шматколерная вышыўка тамбурам, аплікацыя па тканіне, скуры, лямцы, разьба па камені і дрэве, бязворсавыя дываны, узорыстыя вырабы са скуры. З выразанымі на камені выслоўямі з Карана (т. зв. шамаілі) і першымі друкаванымі кнігамі (канец 18 — пач. 19 ст.) звязана мастацтва каліграфіі (буйнейшы майстар Алі Махмудаў). У 19 ст. жывапіс і графіка развіваліся ў творчасці рас. мастакоў, што жылі ў Казані (Л.Крукаў, В.Турын і інш.). У 1895 адкрыта Казанская маст. школа. У 1900-я г. з’явіліся тат. графікі-ілюстратары (М.Галееў, Г.Гумераў). Пасля стварэння ў Казані ў 1923 філіяла Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі пачалі рыхтавацца нац. кадры мастакоў (Б.Урманчэ, С.Ахун, Н.Валіулін, Ф.Тагіраў і інш.). У гады Вял.Айч. вайны працавалі М.Васільева, Г.Жыткоў, К.Максімаў, Г.Рахманкулава, Н.Сакольскі, В.Цімафееў; пашырыўся агітплакат (І.Бабравіцкі, Э.Гельмс). У 1950—80-я г. ў гіст. і быт. жанрах працавалі І.Зарыпаў, І.Рафікаў, Рахманкулава, Л.Фатахаў, І.Халілулаў, Х.Якупаў і інш.; у жанры партрэта — В.Кудзелькін, С.Ратніцкі; пейзажа — М.Кузняцоў, С.Лывін, Максімаў, М.Усманаў; у скульптуры — Урманчэ, В.Малікаў, Н.Адылаў, Г.Зябліцаў, Р.Нігматуліна; у станковай і кніжнай графіцы — Л.Кісялёва, І.Калмагорцава, Л.Пацягунін і інш. Мастацтва 1990-х г. адметнае пашырэннем жанравага і стылявога дыяпазонаў, з’яўленнем новых творчых кірункаў, адраджэннем тат. і мусульм.традыц. вобразнай сістэмы. У 1939 засн. Саюз мастакоў Т.
Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва Т. ў нар. гульнях і відовішчах. Першыя публічныя тэатр. пастаноўкі вядомы з 1728 (Казань). У 1791 створаны пастаянны публічны т-р. З 1802 дзейнічала антрэпрыза П.Есіпава. З пач. 19 ст. ў Казані пачалі будаваць спец.тэатр. будынкі. З 1830-х г. тут пастаянна працавалі трупы прыватных антрэпрэнёраў. Існавалі і гурткі аматараў тэатр. мастацтва. Антрэпрэнёрская дзейнасць П.Мядзведзева і М.Барадая вывела казанскі т-р на значны ўзровень выканаўчага майстэрства (ставіліся п’есы А.Грыбаедава, М.Гогаля, А.Астроўскага, А.Пісемскага, Л.Талстога, А.Чэхава і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Казані дзейнічалі оперныя і драм. трупы, т-ры аперэты і мініяцюр, гастраліравалі рус. акцёры (Г.Фядотава, В.Андрэеў-Бурлак і інш.). На казанскай сцэне пачыналі сваю творчую дзейнасць дзеячы рус. тэатра У.Давыдаў, П.Стрэпетава, М.Пісараў, В.Качалаў і інш. З сярэдзіны 19 ст. развіваўся тат. аматарскі т-р. У 1906 спектаклі аматараў з асяроддзя тат. інтэлігенцыі паклалі пачатак тат.прафес. т-ру (тэатр. трупы «Саяр», «Нур», «Шыркат», «Яшлек»). Сярод акцёраў і рэжысёраў Г.Балгарская, Б.Балгарскі, Ф.Ільская, Камал Першы, Г.Карыеў, Ш.Кудашаў-Іманскі, М.Муцін, З.Султанаў і інш. Творы для сцэны пісалі Ф.Амірхан, Г.Ільясы, Г.Ісхакі, Г.Камал, Ш.Камал, Г.Кулахметаў, С.Раміеў, М.Файзі, К.Тынчурын і інш. У 1920 арганізаваны Першы паказальны тат.т-р (Тат.т-р імя Г.Камала). Былі пашыраны т-ры рабочай моладзі, эксперым. трупы, дзе вяліся пошукі новых выразных сродкаў тэатр. мастацтва. Ствараліся тэатр. студыі, у 1923 у Казані адкрыўся тэатр. тэхнікум. У 1930-я г. склалася шырокая сетка перасоўных т-раў, якія пазней атрымалі статус дзярж. (Альмецьеўскі тат.драм.т-р, Мензелінскі тат.драм.т-р, Тат.рэсп. перасоўны т-р і Казанскі т-р лялек). У 1950—60-я г. пашырылася аматарскае тэатр. мастацтва. Рэпертуар тат.т-ра папоўніўся п’есамі А.Аміра, Ф.Бурнаша, Х.Вахіта, А.Гілязава, Т.Гізата, Н.Ісанбета, Р.Ішмурата, Т.Мінуліна, З.Хакіма, Р.Хаміда, І.Юзеева і інш. З імёнамі акцёраў Х.Абжалілава, Н.Арапавай, Ш.Біктэмірава, Ф.Ільскай, Г.Камскай, Х.Салімжанава, З.Султанава, Р.Тазетдзінава, Х.Уразікава, Ф.Халітава, Н.Шагідарава, Ш.Шамільскага, К.Шаміля, Г.Шамукава, Р.Шарафіева і інш. звязана фарміраванне школы самабытнага акцёрскага майстэрства; Г.Дэвішаў, Г.Ісмагілаў, М.Салімжанаў, Ш.Сарымсакаў, Р.Тумашаў, Г.Юсупаў і інш. склалі школу нац. рэжысуры. У канцы 1990-х г. у Т. дзейнічалі 13 дзярж. і муніцыпальных т-раў. Праводзяцца тэатр. фестывалі, найбуйнейшы з якіх імя Ф.Тынчурына. У т-рах пастаўлены бел. п’есы: «У ціхім завулку» А.Маўзона, «Гэта было ў Мінску» А.Кучара (1956, 1963, Чыстапальскі рус. вандроўны т-р), «Зацюканы апостал» і «Трыбунал» А.Макаёнка (1972, 1973, Вял.драм.т-р імя Качалава).
Музыка. Традыц.тат.нар. музыка аднагалосая. Ладавая аснова — пентатоніка. Сярод характэрных песенных жанраў: озын кюй (працяжныя), кыска кюй (кароткія хуткія і танц. прыпеўкі — такмакі), аўыл кюе (сялянскія напевы), баіт (стараж. рэчытатыўна-апавядальныя песні-сказы). Сярод нар. інструментаў: курай (род флейты), кубыз (варган), з 19 ст. скрыпка і гармонік. Запісы тат. песень пачаліся ў 19 ст. У пач. 20 ст. закладзены асновы прафес.муз. мастацтва (Ф.Латыпаў, З.Ярулін, С.Габашы). Значную ролю ў яго станаўленні адыгралі муз.-драм. пастаноўкі тат.драм. труп. У ліку заснавальнікаў кампазітарскай школы Т. — С.Сайдашаў. Сярод першых тат. опер «Санія» (1925), «Рабочы» (1930) Г.Альмухамедава, В.Вінаградава, Габашы. У 1930-я г. створаны філармонія імя Г.Тукая, Дзярж. ансамбль песні і танца, Дом нар. творчасці (1937), Тат.т-р оперы і балета і Саюз кампазітараў Т. (1939). Значны ўклад у развіццё опернага жанру Н.Жыганава («Уцякач», 1939; «Золатавалосая», 1941; «Намус», 1950; «Джаліль», 1956, і інш.); лірыка-псіхал. оперу «Самат» (1956) на сучасную тэму стварыў Х.Валіулін. Аўтар першага нац. балета Ф.Ярулін («Шурале», 1941), муз. камедыі — Д.Файзі («Чаравічкі», 1942). Развіваецца сімф. і камерна-інстр. музыка, харавыя і песенныя жанры. Уклад у развіццё муз. мастацтва 20 ст. зрабілі кампазітары Ф.Ахметаў, Э.Бакіраў, Р.Бялялаў, А.Валіулін, Р.Губайдулін, Р.Енікееў, Жыганаў, А.Ключароў, А.Леман, А.Манасыпаў, М.Музафараў, Б.Мулюкоў, Файзі, З.Хабібулін, Л.Хайрутдзінава, Ш.Шарыфулін, Р.Яхін, Ярулін і інш., спевакі А.Абасаў, А.Асадулін, З.Байрашава, М.Булатава, Р.Ібрагімаў, А.Ізмайлава, Г.Кайбіцкая, Ф.Насрэтдзінаў, М.Рахманкулава; выканаўцы нар. песень Р.Вагапаў, Г.Сулейманава, І.Шакіраў і інш. Працуюць (2002): кансерваторыя (з 1945), муз.ф-т у пед. ін-це (з 1960), Ін-т культуры (з 1969, усе ў Казані), муз. вучылішча і школы. Праводзяцца фестывалі: сучаснай музыкі Еўропа—Азія, оперны імя Ф.Шаляпіна, класічнага балета імя Р.Нурыева (усе ў Казані). У 1997 муз. калектывы Т. прынялі ўдзел у святочных мерапрыемствах Беларусі з нагоды 600-годдзя пасялення тут абшчыны татар.
Літ.:
История Татарской АССР (с древнейших времен до наших дней). Казань, 1968;
Каримуллин А. Татары: этнос и этноним. Казань, 1989;
Исхаки Г. Идель-Урал. Казань, 1991;
Халиков А.Х. Происхождение татар Поволжья и Приуралья. Казань, 1978;
Валеев Ф.Х. Архитектурно-декоративное искусство казанских татар... Йошкар-Ола, 1975;
Изобразительное искусство Советской Татарии: Альбом. М., 1983;
Файнберг А.Б. Художники Татарии. Л., 1983;
Червонная С.М. Искусство Татарии. М., 1987;
История советского драматического театра. Т 1—6. М., 1966—71;
Исхакова-Вамба Р.А. Народные песни казанских татар. Казань, 1976;
Сайдашева З.Н. Татарская советская песня. Казань, 1984;
Композиторы и музыковеды Советского Татарстана. Казань, 1986.
Я.А.Якубоўскі (прырода, насельніцтва, гаспадарка), І.Б.Канапацкі (гісторыя, літаратура, архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, тэатр).
Да арт.Татарстан. Куйбышаўскае вадасховішча.Да арт.Татарстан. Панарама г. Казань.Да арт.Татарстан. Ніжнякамскі нафтахімічны камбінат.Да арт.Татарстан. Панарама Казанскага крамля.Да арт.Татарстан. Будынак Татарскага тэатра оперы і балета.Да арт.Татарстан. Будынак Казанскага універсітэта.Да арт.Татарстан. Кафедральны сабор у Казані. 1723—26.Да арт.Татарстан. Старонка Карана. 19 ст.Да арт.Татарстан. Н.Бікулаў. На жніве.