ЗО́МБАРТ ((Sombart) Вернер) (19.1.1863, г. Эрмслебен, Германія — 18.5.1941),
нямецкі эканаміст, сацыёлаг і гісторык, філосаф культуры. Адзін са стваральнікаў тэорыі «арганізаванага капіталізму». У 1890 праф. у Вроцлаве, з 1906 — у Берліне. Працы З. прысвечаны даследаванню эканам. гісторыі Зах. Еўропы, у прыватнасці, узнікненню капіталізму, праблемам сац. стратыфікацыі і сац. мабільнасці. З. распрацаваў катэгорыю «эканамічнай сістэмы» ў сэнсе акрэсленай цэласнасці, якая ўключае спецыфічныя эканам. ін-ты, што ў сваю чаргу з’яўляюцца ўвасабленнем «духу грамадства». Вядучая ідэя яго творчасці — ідэя аб паступовай мірнай эвалюцыі капіталізму ў грамадства «сацыяльнага плюралізму», дзе доўгі час побач суіснуюць элементы капіталізму і сацыялізму. Асн. працы З.: «Сацыялізм і сацыяльны рух у 19 ст.» (1896), «Будучыня капіталізму» (1932).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ТА ((Otto) Крысцін) (н. 7.2.1966, г. Лейпцыг, Германія),
нямецкая спартсменка (плаванне). Чэмпіёнка XXIV Алімп. гульняў (1988, Сеул, Рэспубліка Карэя) на дыстанцыях 50 і 100 м вольным стылем, 100 м на спіне і батэрфляем, у эстафетах 4 × 100 м вольным стылем і камбінаванай. Чэмпіёнка свету (1982 — на дыстанцыі 100 м на спіне і ў эстафетах 4 × 100 м вольным стылем і камбінаванай; 1986 — на дыстанцыях 100 м вольным стылем, 200 м у комплексным плаванні, у эстафетах 4 × 100 м вольным стылем і камбінаванай), сярэбраны прызёр на дыстанцыях 50 м вольным стылем і 100 м батэрфляем. Чэмпіёнка Еўропы (1983) у эстафетах 4 × 100 м і 4 × 200 м вольным стылем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛЬ ((Paul) Герман) (7.8.1846, Зальбке, каля г. Магдэбург, Германія — 29.12.1921),
нямецкі мовазнавец-германіст. Выкладаў ва ун-тах Фрайбурга (з 1874; праф.) і Мюнхена (1893—1916). Адзін з асн. тэарэтыкаў школы младаграматызму, асн. пастулаты якой сфармуляваў у кн. «Прынцыпы гісторыі мовы» (1880). Аўтар прац па праблемах гісторыі герм. моў, «Слоўніка нямецкай мовы» (1897), «Граматыкі нямецкай мовы» (т. 1—5, 1916—20). Разам з В.Браўне заснаваў і рэдагаваў час. «Beiträge zur Geschichte der deutschen Sprache und Literatur» («Пытанні гісторыі нямецкай мовы і літаратуры», з 1874). Пад рэд. і пры ўдзеле П. выдавалася калект. праца «Асновы германскай філалогіі» (т. 1—3, 1891—93, з 1911 аднайм. серыя манаграфій), якая змяшчала багаты матэрыял па герм. філалогіі і этнаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЗЕР ((Moser) Лукас) (каля 1390, г. Вейль-дэр-Штат, Германія — пасля 1434),
нямецкі жывапісец. Працаваў у Швабіі. Аўтар алтара св. Марыі Магдаліны ў царкве ў Тыфенброне каля г. Бадэн (жывапісныя кампазіцыі «Падарожжа па моры», «Сон святых, якія прыбылі ў Марсель», «Яўленне св. Магдаліны жонцы князя», «Апошняе прычашчэнне св. Магдаліны ў саборы Экса», «Св. Марта», «Св. Лазар», «Магдаліна выцірае ногі Хрысту ў час балю ў Сімона», «Хрыстос з дзевамі разумнымі і неразумнымі», усе 1432). Вял. дакладнасцю і назіральнасцю вызначаецца перадача тыпажу персанажаў, арх. і пейзажнага фону, светлавых эфектаў, што сведчыць пра блізкасць мастака да жывапісных прыёмаў ранняга нідэрл. Адраджэння.
Я.Ф.Шунейка.
Л.Мозер. Алтар св. Марыі Магдаліны ў царкве ў Тыфенброне. 1432.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РЫЦ АРА́НСКІ (Maurits van Oranje; 14.11.1567, г. Дыленбург, Германія — 23.4.1625),
нідэрландскі дзярж. дзеяч, палкаводзец. Прынц, граф Насаўскі. Сын Вільгельма I Аранскага. Пасля забойства бацькі старшыня Дзярж. савета Генеральных штатаў і ген.-адмірал ВМС (з 1584), статхаўдэр (правіцель) Галандыі і Зеландыі (з 1585), потым таксама Утрэхта і Аверэйсела (з 1590), Гелдэрна (з 1591) і Гронінгена (з 1621). З 1590 галоўнакамандуючы. Рэфармаваў армію (увёў новую тэхніку аблогі, выкарыстанне малых баявых падраздзяленняў, строгую дысцыпліну), на чале яе вызваліў ад ісп. панавання паўн. правінцыі Нідэрландаў (1591—94). Перагаворы пра заключэнне перамір’я з Іспаніяй (1609) і інш. падзеі ў Нідэрландах выклікалі канфлікт М. з вял. пенсіянарыем (фактычным правіцелем) Галандыі Я. ван Олдэнбарневелтам, якога М. загадаў пакараць смерцю (1619).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́КА (Mucke, Muka) Арнашт (10.3.1854, г. Угіст, Германія — 10.10.1932), лужыцкі мовазнавец-славіст, культ. і грамадскі дзеяч. Чл. Пецярбургскай АН, АН у Празе, Заграбе і інш. З 1870-х г. адзін з лідэраў серба-лужыцкага нац.-культ. руху, належаў да групы «младасербаў». З 1882 заснавальнік і рэдактар літ.-грамадскага час. «Lužica» («Лужыца»), з 1894 — рэдактар навук. «Časopis Mačicy Serbskeje» («Часопіса Маціцы Сербскай»), Асн. працы ў галіне мовазнаўства, краязнаўства, дэмаграфіі, літзнаўства, гісторыі, фалькларыстыкі лужыцкіх сербаў, у т. л. «Статыстыка лужыцкіх сербаў» (1884—86), «Параўнальная і гістарычная фанетыка і марфалогія ніжнелужыцкай мовы» (1891), «Слоўнік ніжнелужыцкай мовы і яе дыялектаў» (т. 1—3, 1911—28). Выдавец «Тэатральнай лужыцкай бібліяТЭЧКІ» (1876).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́ЛЕР ((Müller) Герман) (18.5.1876, г. Мангейм, Германія — 20.3.1931),
германскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1899 рэдактар с.-д. друкаванага органа «Görlitzer Volkszeitung» («Гёрліцкая народная газета»). З 1906 чл. праўлення, у 1919—27 адзін са старшынь С.-д. партыі Германіі (СДПГ). У 1916—18 і 1920—28 дэп. рэйхстага (у 1920—28 адначасова старшыня фракцыі СДПГ у рэйхстагу). У 1919—20 міністр замежных спраў, ад імя Германіі 28.6.1919 падпісаў (разам з міністрам зносін І.Белам) Версальскі мірны дагавор 1919. У сак.—чэрв. 1920 і чэрв. 1928 — сак. 1930 рэйхсканцлер Веймарскай рэспублікі. Выступаў за вырашэнне пытання аб выплаце Германіяй рэпарацый пасля 1-й сусв. вайны (зацвярджэнне закона аб ажыццяўленні Юнга плана). Аўтар працы «Лістападаўская рэвалюцыя» (1928).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЖЫНАЛІ́ЗМ (ад франц. marginal гранічны),
выкарыстанне гранічных велічынь у аналізе эканам. працэсаў. Увесці маржынальны аналіз у эканам. тэорыю спрабавалі ў сярэдзіне 19 ст. А.Курно (Францыя), І.Цюнен, Г.Госен (Германія). Матэматычны апарат у значнай ступені распрацаваны прадстаўнікамі матэматычнай школы (У.Джэванс, Л.Вальрас, В.Парэта). Паводле дактрыны М., эканоміка ўяўляе сабой комплекс індывід. гаспадарак; даследаванне законаў яе развіцця заснавана на аналізе гасп. рашэнняў індывідаў (спажыўца, які імкнецца максімізаваць карыснасць даброт, што знаходзяцца ў яго распараджэнні, і вытворцы, які спрабуе атрымаць максімум прыбытку пры дадзеных рэсурсах або мінімізаваць выдаткі пры дадзеных цэнах і інш.) і іх вынікаў. Асн. катэгорыі М. (гранічныя карыснасць, прадукцыйнасць і інш.) выкарыстоўваюцца ў сучасных тэорыях попыту, цаны, фірмы, рыначнай раўнавагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРК ((Marc) Франц) (8.2.1880, г. Мюнхен, Германія — 4.3.1916),
нямецкі жывапісец; адзін з заснавальнікаў экспрэсіянізму. Вучыўся ў АМ у Мюнхене (1900—02). Стваральнік (з В.Кандзінскім) маст. аб’яднання «Сіні коннік» (1911). Зазнаў уплывы мадэрну, кубізму, футурызму, таксама В. ван Гога, Р.Дэланэ. Захапляўся пантэізмам, пісаў пераважна выявы жывёл у натуральным прыродным асяроддзі. Творы вызначаюцца дынамічнасцю кампазіцыі, сімвалічнасцю вобразнага ладу і яркага, насычанага каларыту: «Конь у пейзажы» (1910), «Жоўтыя коні» (1911), «Сон», «Тыгр» (абодва 1912), «Конь на беразе мора», «Кампазіцыя з бычкамі», «Ціроль» (усе 1913—14) і інш. Ствараў абстрактныя кампазіцыі «Маленькая кампазіцыя I», «Лань у лесе II», «Формы ў змаганні» (усе 1913—14) і інш., малюнкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІШЧЫМУ́КА (Пётр Сямёнавіч) (4.2.1879, г. Лубны Палтаўскай вобл. Украіна — 2.5.1965),
вучоны ў галіне арган. хіміі. Чл.-кар.АН Беларусі (1940), д-рхім.н. (1939), праф. (1917). Скончыў Новаалександрыйскі с.-г.ін-т (1904), Брэслаўскі ун-т (1914, Германія). З 1904 у Новаалександрыйскім, з 1916 у Харкаўскім с.-г. ін-тах, у 1928—33 заг. аддзела Ін-та лясной гаспадаркі ў г. Харкаў, у 1943—50 і 1957—63 заг. кафедры Харкаўскага с.-г. ін-та. Устанавіў, што пры зброджванні амінакіслот дражджавымі і плесневымі грыбкамі атрымліваюцца спірты і складаныя эфіры (як прамежкавыя прадукты). Распрацаваў сінтэз алкалоіду гардэніну.
Тв.:
Материалы по вопросу об анализе живицы (разам з Л.І.Каркузакі) // Лесохим. промышленность. 1934. №8 (20).