гарадскі пасёлак у Беларусі, у Сенненскім раёне Віцебскай вобласці. За 37 км ад Сянна, 42 км ад Віцебска. Чыг. ст. Багушэўская на лініі Віцебск—Орша, аўтадарогамі злучаны з Сянном, Віцебскам, Оршай. 4,5 тыс.ж. (1995).
У 19 ст. вядомы як фальварак Багушэўка, дзе ў 1854—84 працаваў бровар. З пабудовай чыгункі Віцебск—Жлобін (1903) — чыг. ст. Багушэўская, вакол якой вырасла мяст. Багушэўск (Серакаротненская вол. Аршанскага пав.). З 1924 мястэчка Аршанскай акр. У 1926 у Багушэўску 1176 ж., у 1939 дзейнічалі арцель гнутай мэблі «Праца» (44 рабочыя) і вінзавод (34 рабочыя). З 27.9.1938 гар. пасёлак у Віцебскай вобл., у 1939 было 3,3 тыс.ж. З ліп. 1941 да 25.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў сувязі з блізкасцю да лініі фронту ператварылі Багушэўск у 1943 у апорны вузел абароны; тут адбыўся Багушэўскі бой 1941. У 1924—31, 1935—60 цэнтр Багушэўскага раёна, з 1960 у Сенненскім раёне.
Прадпрыемствы дрэваапр., харч. прам-сці і па сац.-быт. абслугоўванні. Брацкія магілы сав. воінаў і партызанаў. Помнік у гонар войскаў 20-й арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ АРХІ́Ў СТАРАЖЫ́ТНЫХ ГРА́МАТ», «Белорусский архив древних грамот»,
зборнік дакументаў па гісторыі ўсх. зямель Беларусі 16—18 ст. Першае археаграфічнае выданне дакументаў, амаль поўнасцю прысвечаных гісторыі Беларусі. Падрыхтаваны І.І.Грыгаровічам пры ідэйнай і фін. падтрымцы М.П.Румянцава, выдадзены ў Маскве (ч. 1, 1824). Змешчана 57 дакументаў, выяўленых у архівах Магілёва і Мсціслава і размешчаных у храналагічным парадку — ад сярэдзіны 15 ст. да 1768. Пераважаюць матэрыялы па сац.-эканам. гісторыі і царк.-рэліг. адносінах, у асн. датычаць Магілёва, радзей Мсціслава, Полацка, Віцебска (у т. л. прывілей вял.кн. Аляксандра правасл. духавенству 1499, Жыгімонта I правасл. епіскапам 1511, прывілей Магілёву на магдэбургскае права 1578 і інш.). 2-я частка захавалася ў рукапісе (у Бел.дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва); змяшчае 66 дакументаў за 1252—1707, у т. л. агульназемскі прывілей вял.кн. Казіміра 1447, дакументы да Брэсцкага сабора 1596, генеалагічную табліцу кн. Мсціслаўскіх. Для 3-й часткі прызначаліся дакументы 17 ст., але праца над ёю была спынена (смерць Румянцава, фін. цяжкасці, магчыма, умяшанне цэнзуры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬГА (пасля хрышчэння Алена; ? — 969),
вялікая княгіня кіеўская [945—957], жонка кн. Ігара. Паводле некаторых звестак, паходзіла з Пскова. Кіравала дзяржавай пры непаўналетнім Святаславе Ігаравічу, пазней — у час яго паходаў. Жорстка расправілася з драўлянамі, якія паўсталі ў 945 і забілі яе мужа за непамерную даніну: спаліла іх гал.г. Іскорасцень (946) і загадала забіць каля 5 тыс.чал. «Аповесць мінулых гадоў» расказвае пра паход Вольгі ўлетку 947 да Пскова. Паводле Віцебскага летапісу, заклала на месцы будучага г.Віцебска драўляны замак (наз. ад р. Віцьба), пабудавала ў Верхнім замку мураваную царкву св. Міхаіла, а ў Ніжнім — Благавешчання. Каб умацаваць гандл. і паліт. сувязі з Візантыяй, двойчы (946, 955) ездзіла ў Канстанцінопаль, была ўрачыста прынята візант. імператарам Канстанцінам VII, у час другой паездкі прыняла хрысціянства. Падтрымала дыпламат. адносіны з герм. каралём Атонам I, з якім абмянялася пасольствамі. Кананізавана рус.правасл. царквою.
Літ.:
Сахаров А.Н. «Мы от рода русского...»: Рождение рус. дипломатии. Л., 1986. С. 226—250;
Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. М., 1991. Т. 1. С. 97—104.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫСВЯ́ТЫ,
вёска ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., каля воз. Дрысвяты, на аўтадарозе Відзы—Даўгаўпілс. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 35 км на З ад Браслава, 255 км ад Віцебска, 65 км ад чыг. ст. Друя. 367 ж., 137 двароў (1997).
Упершыню ўпамінаюцца ў дакументах 15 ст. У розны час належалі Радзівілам, Сапегам, Агінскім, Лапацінскім і інш. У 14—17 ст. на востраве воз. Дрысвяты існаваў Дрысвяцкі замак. Пасля адм. рэформы ВКЛ 1565—66 у Браслаўскім пав. Віленскага ваяв. Паводле інвентара за 1722, у Д. каля 400 ж., 52 дымы, 25 корчмаў, касцёл, плябанія, царква. У канцы 19 ст. ў мястэчку Д. 205 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Браслаўскага пав. Віленскага ваяв. 74 дамы, 375 ж. (1931). З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Відзаўскага р-на. З 1960 у Браслаўскім р-не. 99 двароў, 275 ж. (1971).
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-га, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Дрысвяцкая царква (1908) і Дрысвяцкі Петрапаўлаўскі касцёл (1929). На востраве воз. Дрысвяты археал. помнікі Дрысвяты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУ́БІЧЫ,
вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Падсвілле—Докшыцы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на У ад г. Глыбокае, 200 км ад Віцебска, 6 км ад чыг. ст. Падсвілле. 485 ж., 195 двароў (1996).
Упамінаецца ў 1431. У 16 ст. — цэнтр маёнтка ў Полацкім ваяв.ВКЛ. У канцы 18 ст. ў Галубічах дзейнічала уніяцкая царква (згарэла ў 1882), у 1843 пабудавана царква Міколы Цудатворца. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. мястэчка Галубічы ў Пліскай вол. Дзісенскага пав. Віленскай губ.; 76 ж., праваслаўная царква, яўр. малітоўны дом, крама, шынок. З 1921 Галубічы ў складзе Польшчы, у Глыбоцкім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Пліскім р-не. У Вял.Айч. вайну ў маі 1943 і маі—чэрв. 1944 ням.-фаш. захопнікі загубілі 216 ж., вёску (46 двароў) спалілі. З 1962 Галубічы — цэнтр сельсавета ў Глыбоцкім р-не.
Лясніцтва. Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Каля вёскі магіла ахвяр фашызму, гарадзішча ранняга жал. веку і сярэднявечча, ландшафтны заказнік «Галубіцкая пушча».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБУЖЫ́НСКІ (Мсціслаў Валяр’янавіч) (2.8.1875, г. Ноўгарад, Расія — 20.11.1957),
рускі жывапісец, графік і тэатр. мастак. Вучыўся ў маст. школах Пецярбурга (1885—87) і Мюнхена (1889—1901). З 1922 праф. Пецярбургскай АМ. З 1919 узначальваў Віцебскае народнае мастацкае вучылішча. З 1925 жыў у Літве (у 1929—39 выкладаў у Каўнаскай маст. школе), з 1939 — у Англіі і ЗША. Чл. аб’яднання «Свет мастацтва». Працаваў у жанры станковай і кніжнай графікі, у тэатр.-дэкарацыйным мастацтве, манум.-дэкар. жывапісе. Аўтар серыі жывапісных і графічных партрэтаў, арх. пейзажаў (цыклы відаў Вільні, 1903—14; Віцебска, 1918, 1922—23), сюжэтных кампазіцый, кніжных ілюстрацый (творы Х.Андэрсена, Ф.Дастаеўскага і інш.). Творы Дабужынскага адметныя дакладна распрацаваным малюнкам, эмацыянальнай выразнасцю, лінейна-рытмічнай арганізацыяй плоскасці, дэкаратыўнасцю, стрыманым каларытам. Афармляў тэатр. спектаклі (у т. л. 12 спектакляў МХАТ, антрэпрызы С.П.Дзягілева і інш.).
Літ.:
Мстислав Добужинский: Живопись. Графика. Театр: [Альбом]. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ХАНАВА,
гарадскі пасёлак у Талачынскім р-не Віцебскай вобл. За 24 км на ПнУ ад г. Талачын, 112 км ад Віцебска, 3 км ад чыг. ст. Коханава на лініі Мінск—Орша, аўтадарогамі злучаны з Оршай і Талачыном. 5,0 тыс.ж. (1998).
Узнікла да пач. 16 ст. ў частцы Друцкага княства, якая належала кн. І.В.Друцкаму-Краснаму. З 1551 уладанне Гарнастаяў. У выніку адм. рэформы ВКЛ 1565—66 К. ўключана ў Аршанскі пав. Паводле інвентара за 1624 К. — мястэчка ў складзе маёнтка Стараселле Л.І.Сапегі. З 1772 у Рас. імперыі, у Копыскім пав. Магілёўскай губ. У 1785 у мястэчку К. 324 ж, 57 двароў. У пач. 20 ст. мястэчка, цэнтр воласці, 1,2 тыс.ж., нар. вучылішча, лячэбніца. У 1924—31, 1946—56 цэнтр Коханаўскага раёна, у 1931—46 і з 1956 у Талачынскім р-не. З 19.2.1947 гар. пасёлак.
Вытв. аб’яднанне «Будіндустрыялізацыя», ільнозавод. Сярэдняя, дзіцяча-юнацкая спарт., мастацтваў і тэхн. творчасці школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ДА-ЗАБЛО́ЦКІ (Заблоцкі-Лада) Тадэвуш Гіляравіч [27.8.1811, в. Лугінава (Лугінавічы) Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — жн. 1847], паэт. Пісаў на польск., рус., франц. і, магчыма, бел. мовах. Скончыў Віцебскую гімназію. З 1831 вучыўся ў Маскоўскім ун-це, член тайнага студэнцкага т-ва, зблізіўся з В.Бялінскім. У 1833 выключаны з ун-та, высланы на радзіму, зняволены ў Віцебскай турме; у 1837 сасланы ў Таганрог. З 1838 на Каўказе, служыў у Каўказскім асобным корпусе, кіраўнік на саляных капальнях. Там пазнаёміўся з груз., азерб., рус. пісьменнікамі і асветнікамі; перакладаў іх творы на польск., франц., рус. мовы. Выступаў як паэт-рамантык. У творах у алегарычнай форме заклікаў да барацьбы супраць самадзяржаўя. Паэтызаваў прыгажосць Віцебшчыны (паэмы «Ваколіцы Віцебска», вершы «Да Дзвіны», «Да Лучосы», «Даўжанскае возера», «Вілія»), Каўказа («Алазанская даліна»), У 1845 выдаў на польск. мове зб. «Паэзія». У рукапісах пакінуў «Матэрыялы да гісторыі славянскай цывілізацыі і літаратуры». На бел. мову асобныя яго творы пераклалі П.Бітэль, У.Мархель, К.Цвірка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́НСКІ (Валерый Яўгенавіч) (н. 20.2.1947, в. Вялікае Стахава Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1984). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1975). З 1974 рэжысёр, у 1976—89 гал. рэжысёр Бел.т-ра імя Я.Коласа, адзін з ініцыятараў стварэння пры т-ры бел.т-ра «Лялька» (1986). Заснавальнік, з 1993 маст. кіраўнік Рэсп. тэатра бел. драматургіі. Паставіў спектаклі: у т-ры імя Я.Коласа — «Званы Віцебска» (1974) і «Кастусь Каліноўскі» (1978) У.Караткевіча, «Сымон-музыка» (1976, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978) і «На дарозе жыцця» (1982) паводле Я.Коласа, «Блытаныя сцежкі» («На вастрыі»; 1983) К.Крапівы, «Парог» (1982), «Вечар» (1983; Дзярж. прэмія Беларусі 1986), «Радавыя» (1984) і «Вежа» (1990; нап. з У.Някляевым) А.Дударава; у тэатры бел. драматургіі — «Галава» (1992) І.Сідарука, «Паваліўся нехта» (1992) Л.Родзевіча і У.Галубка, «Барбара Радзівіл» (1994) Р.Баравіковай, «Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць...» (1997) Б.Брэхта. Работы М. адметныя метафарычнасцю, асацыятыўнасцю, гратэскавасцю, шматпланавасцю структуры, тонкім спалучэннем прыёмаў тэатра прадстаўлення і перажывання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́БАЛЬ,
гарадскі пасёлак у Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., на р. Обаль; чыг. станцыя на лініі Віцебск—Полацк, на аўтадарозе Віцебск—Полацк. За 23 км на З ад Шуміліна, 68 км ад Віцебска. 3,3 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў гіст. крыніцах у 1503 як сяло ў Полацкім ваяв.ВКЛ. Належала Зяновічам. З 1772 у Рас. імперыі. З пач. 19 ст. цэнтр Петрапаўлаўскай вол. Полацкага пав. Росту О. садзейнічала пабудова Рыга-Арлоўскай чыгункі (1886). У канцы 19 ст. ў О. царк.-прыходская школа, вадзяны млын, бровар, Обальская драўняна-хімічная мануфактура. З 1922 пачаў выпуск прадукцыі торфазавод. З 1924 О. — цэнтр сельсавета Сіроцінскага (з 1961 Шумілінскага) р-на. У Вял.Айч. вайну ў О. дзейнічала Обальскае камсамольскае падполле. У снеж. 1962 — ліп. 1966 О. у Полацкім р-не. З 30.9.1968 гар. пасёлак.
Обальскі керамічны завод, торфапрадпрыемства, лясніцтва. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, дзіцячы сад, Обальскага камсамольскага падполля музей, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну; магіла ахвяр фашызму. Помнік падпольшчыкам, помнік архітэктуры 19 ст. — сядзіба.