БРЫТА́НСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ (British Empire),

назва Вялікабрытаніі разам з яе каланіяльнымі і паўкаланіяльнымі ўладаннямі.

Шырокую калан. экспансію Англія пачала ў перыяд станаўлення капіталізму (17 ст.), але першыя тэр. захопы былі яшчэ ў 12 ст. (заваяванне Ірландыі). У войнах 17 ст. з Галандыяй, 1701—14 з Іспаніяй, Сямігадовай вайне 1756—63 Англія дамаглася панавання ў Паўн. Амерыцы, завалодала Канадай, Гібралтарам, Ямайкай, пачала заваёўваць Індыю. Да пач. 1760-х г. былі закладзены асновы Брытанскай імперыі. У выніку вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 ад Брытанскай імперыі аддзялілася 13 паўн.-амер. калоній, якія ўтварылі ЗША. Гэтыя страты Англія кампенсавала за кошт новых тэр. захопаў канца 18 — пач. 19 ст. Венскі кангрэс 1814—15 замацаваў за ёю захопленыя тэрыторыі. У 1-й пал. 19 ст. вялася каланізацыя Аўстраліі і Новай Зеландыі, у асноўным заваявана Індыя (гл. Англа-сікхскія войны, Англа-маратхскія войны, Англа-майсурскія войны), захоплены в-аў Сянган (Ганконг), атрыманы шэраг прывілей у Кітаі (гл. Англа-кітайская вайна 1840—42 і Англа-франка-кітайская вайна 1856—60 і інш.). Асабліва шпаркімі тэмпамі англ. калан. экспансія развівалася ў апошняй трэці 19 ст.: Вялікабрытанія набыла шэраг уладанняў у Афрыцы (гл. Англа-бурская вайна 1899—1902, Англа-бура-зулуская вайна 1838—40), у Азіі заваявала Бірму (гл. Англа-бірманскія войны), устанавіла пратэктарат над Афганістанам (гл. Англа-афганскія войны). Хуткае развіццё капіталізму ў т.зв. перасяленчых калоніях, дзе значную частку насельніцтва складалі еўрапейцы, імкненне гэтых калоній да самавызначэння прымусілі Англію пайсці на ўступкі. Статус самакіравання дамініёнаў атрымалі Канада (1867), Аўстралійскі Саюз (1901), Новая Зеландыя (1907), Паўд.-Афрыканскі Саюз (1910), Ірландыя (1921, без Ольстэра). Але роля калоній у эканоміцы і палітыцы Англіі заставалася надзвычай вялікай (капіталаўкладанні, вываз сыравіны, размяшчэнне ваен. баз і інш.). Нац.-вызв. рух калан. народаў у час і пасля 2-й сусв. вайны прывёў да заваявання незалежнасці большасцю калоній. Тэрмін Брытанская імперыя заменены на Брыт. садружнасць нацый (яе юрыд. статус вызначаны Вестмінстэрскім статутам 1931), потым на Садружнасць.

т. 3, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУ́СТЫКА (ад грэч. akustikos слыхавы),

раздзел фізікі, які вывучае пругкія ваганні і хвалі ад самых нізкіх частот (умоўна ад 0 Гц) да самых высокіх (10​12—10​13 Гц), іх узаемадзеянне з рэчывам і выкарыстанне.

Першыя звесткі аб акустыцы — у Піфагора (6 ст. да н.э.). Развіццё акустыкі звязана з імёнамі Арыстоцеля, Г.Галілея, І.Ньютана, Г.Гельмгольца. Вынікі класічнай акустыкі падагульніў Дж.Рэлей. Значны ўклад у развіццё акустыкі зрабілі М.М.Андрэеў, А.А.Харкевіч, Л.М.Брэхаўскіх, Л.І.Мандэльштам, М.А.Леантовіч і інш. Новы этап развіцця акустыкі ў 20 ст. звязаны з развіццём электра- і радыётэхнікі, электронікі.

Агульная акустыка на аснове лінейных дыферэнцыяльных ураўненняў вывучае заканамернасці адбіцця і пераламлення акустычных хваляў на паверхні, распаўсюджванне, інтэрферэнцыю і дыфракцыю іх у суцэльных асяроддзях, ваганні ў сістэмах з засяроджанымі параметрамі. Акустыка рухомых асяроддзяў і статыстычная разглядаюць уплыў руху і нерэгулярнасцяў асяроддзя на распаўсюджванне, выпрамяненне і прыём гукавых хваляў. Фізічная акустыка вывучае залежнасць характарыстык хваляў ад уласцівасцей і стану асяроддзя; яе падраздзелы: малекулярная акустыка (паглынанне і дысперсія гуку), квантавая акустыка (разглядае пругкія хвалі як фаноны, пры нізкіх т-рах, ва ультра- і гіпергукавым дыяпазонах). Псіхафізіялагічная акустыка вывучае ўздзеянне гуку на чалавека. Асн. задача электраакустыкі (магнітаакустыкі) — распрацоўка гучнагаварыцеляў, мікрафонаў, тэлефонаў і інш. выпрамяняльнікаў і прыёмнікаў гуку. Гідраакустыка і атмасферная акустыка — выкарыстанне гуку для падводнай лакацыі, сувязі, зандзіравання атмасферы і інш. Задачы архітэктурнай і будаўнічай акустыкі — паляпшэнне распаўсюджвання і ўспрымання мовы і музычных гукаў у памяшканнях, памяншэнне шуму (гл. Акустыка архітэктурная, Акустыка музычная). Нелінейная акустыка, акустаоптыка і акустаэлектроніка вывучаюць узаемадзеянне акустычных хваляў з фіз. палямі і часціцамі. Новыя магчымасці візуалізацыі гукавых палёў дала акустычная галаграфія. На Беларусі даследаванні па акустыцы праводзяцца з 1950-х г. у ін-тах фіз. і фізіка-тэхн. профілю АН. Найб. значныя вынікі атрыманы Ф.І.Фёдаравым у тэорыі пругкіх хваляў у крышталях.

Літ.:

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Механика сплошных сред. М., 1953;

Стретт Дж.В. (лорд Рэлей). Теория звука: Пер. с англ. Т. 1—2. 2 изд. М., 1955;

Скучик Е. Основы акустики: Пер. с нем. Т. 1—2. М., 1958—59;

Фёдоров Ф.И. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965;

Красильников В.А., Крылов В.В. Введение в физическую акустику. М., 1984.

А.​Р.​Хаткевіч.

т. 1, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭДЫТО́РСКАЯ ЗАПАЗЫ́ЧАНАСЦЬ,

часова прыцягнутыя грашовыя сродкі пэўнага прадпрыемства (фірмы, арг-цыі, установы), якія неабходна вярнуць ва ўстаноўленыя тэрміны; сума запазычанасці крэдыторам. Вылучаюць нармальную запазычанасць, якая вынікае з правіл разлікаў паміж пакупнікамі і пастаўшчыкамі (прадаўцамі), крэдыторамі і пазычальнікамі, рэгламентавана па тэрмінах адпаведнымі нарматыўнымі дакументамі (дагаворамі, кантрактамі і інш.), але час выплаты якой яшчэ не настаў, і пратэрмінаваную. К.з. з’яўляецца адной з крыніц часова прыцягнутых (пазычаных) сродкаў прадпрыемства, якія адлюстроўваюцца ў яго балансе як запазычанасць па каротка- ці доўгатэрміновых абавязацельствах. Да кароткатэрміновых абавязацельстваў (менш за 12 месяцаў) адносяцца: банкаўскія пазыкі і банкаўскія овердрафты (крэдыты, прадастаўленыя кліенту звыш астаткаў на бягучым рахунку ў межах папярэдне абумоўленай сумы); вэксалі да аплаты (запазычанасць па вэксалях, якія належыць аплаціць да даты складання балансу); рахункі да аплаты (запазычанасць пастаўшчыкам ці разлікаў з імі); авансы ад пакупнікоў (арэндная плата і інш.); запазычанасць па выплаце падаткаў, зарплаты, прэмій, акцыянерам па дывідэндах, узносаў у сацыяльныя фонды, а таксама рэзервы на будучыя расходы і запазычанасць па выплаце працэнтаў па доўгатэрміновых абавязацельствах (больш за адзін год). Большасць кароткатэрміновых абавязацельстваў (за выключэннем банкаўскіх крэдытаў) не патрабуюць выплаты працэнтаў і таму лічацца таннымі крыніцамі фінансавання прадпрыемства. Да доўгатэрміновых абавязацельстваў адносяць: адтэрмінаваныя падатковыя плацяжы (калі падаткі выплачваюцца не рэгулярна, такія плацяжы з’яўляюцца формай крэдыту, таму іх часам называюць інвестыцыйным падатковым крэдытам); доўгатэрміновыя банкаўскія пазыкі і крэдыты (пазыковы капітал, які атрыманы ў банках, шляхам эмісіі аблігацыйных пазык і выплаты па іх працэнтаў); запазычанасць па аблігацыях (уключае выпушчаныя фірмай аблігацыі з пагашэннем у вызначаным годзе); пазыкі пад нерухомасць; абавязацельствы па пенсіённых выплатах (узнікаюць, калі фірма мае свой пенсіённы фонд, які фарміруецца за кошт узносаў работнікаў і работадаўцаў); падаходны падатак наступных перыядаў; датэрміновыя вэксалі да аплаты; іншая доўгатэрміновая запазычанасць (напр., па пазыках і авансах на тэрмін больш за адзін год). Доўгатэрміновыя абавязацельствы прадугледжваюць выплату працэнтаў або інш. плацяжоў. Яны, як правіла, забяспечваюцца нерухомай маёмасцю ці наяўнымі актывамі прадпрыемства. К.з. — гэта страты ў будучым, паколькі абавязацельствы прадпрыемства прадугледжваюць вяртанне сродкаў (аказанне паслуг) контрагентам па заключаных раней здзелках, а таму іх неабходна пагашаць своечасова. Па сканчэнні тэрміну іскавай даўнасці яна падлягае пералічэнню ў бюджэт.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯХІ́МІЯ (ад радые... + хімія),

раздзел хіміі, які вывучае фізіка-хім. і хім. ўласцівасці радыеактыўных ізатопаў элементаў (радыенуклідаў), метады іх выдалення і канцэнтравання. Асн. раздзелы: агульная Р., якая вывучае агульныя заканамернасці паводзін радыенуклідаў, іх стан у ультрамалых канцэнтрацыях у растворах, газах і цвёрдых рэчывах; хімія радыеактыўных элементаў, якая вывучае хім. ўласцівасці радыеактыўных элементаў, прыкладная Р., якая ўключае сінтэз мечаных злучэнняў, выкарыстанне радыенуклідаў у хім., біял. і інш. даследаваннях (гл. Ізатопныя індыкатары), а таксама праблемы атрымання і перапрацоўкі ядз. гаручага, перапрацоўкі радыеактыўных адходаў і інш. У Р. выкарыстоўваюцца спецыфічныя высокаадчувальныя метады вымярэння колькасці радыенуклідаў, што абумоўлена радыеактыўнасцю даследуемых рэчываў.

Станаўленне Р. звязана з адкрыццём у 1898 радыеактыўных элементаў радыю і палонію (П.Кюры, М.Складоўская-Кюры). У 1-й трэці 20 ст. ўстаноўлены законы суасаджэння і адсорбцыі радыенуклідаў з ультраразбаўленых раствораў (К.Фаянс, Ф.А.Панет, В.Р.Хлопін, О.Ган і інш.), распрацаваны асновы метаду ізатопных індыкатараў (Дз.Хевешы і Панет) і эманацыйны метад даследавання фіз.-хім. уласцівасцей цвёрдых цел. Адкрыццё ў 1934 штучнай радыеактыўнасці (І. і Ф. Жаліо-Кюры) стала пачаткам новага этапу ў развіцці Р.; былі атрыманы радыенукліды нерадыеактыўных рэчываў пры апрамяненні іх нейтронамі (Э.Фермі з супрацоўнікамі), першыя штучныя радыеактыўныя элементы тэхнецый (1937), астат, нептуній, плутоній (1940). Далейшае развіццё Р. звязана з атрыманнем штучных радыенуклідаў усіх элементаў перыяд. сістэмы (акрамя гелію і літыю), што ёсць у прыродзе, актыноідаў, а таксама трансактыноідных элементаў.

На Беларусі развіццё Р. пачалося ў 1969, калі ў Ін-це ядз. энергетыкі АН была створана радыехім. лабараторыя па даследаванні радыенуклідаў у растворах, вывучэнні працэсаў гідролізу катыёнаў і сорбцыі гідракомплексаў радыенуклідаў, па распрацоўцы метадаў ачысткі раствораў радыеактыўных рэчываў, а таксама спосабаў дэзактывацыі. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) даследаванні фіз.-хім. стану, хім. трансфармацыі і міграцыі радыенуклідаў у глебе, глебава-раслінным покрыве, вадзе, паветры праводзяцца ў Ін-це радыеэкалагічных праблем і Ін-це радыебіялогіі Нац. АН і БДУ.

Літ.:

Несмеянов А.Н. Радиохимия. 2 изд. М., 1978;

Келлер К. Радиохимия: Пер. с нем. М., 1978;

Нефедов В.Д., Текстер Е.Н., Торопова М.А. Радиохимия. М., 1987.

Ю.​П.​Давыдаў.

т. 13, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

запаве́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які па-асабліваму цэніцца, старанна аберагаецца. На зямлі куточак запаветны, Родны ўтульны матчын агародчык... Кляўко. Зграя сабак ахоўвае Скарбы, дабро запаветнае. Дзяргай. // Патаемны, вядомы не ўсім. Каля непрыкметных Сцежак запаветных Раніцай вясковай Я знайшоў падкову. Танк. // Дарагі для каго‑н., задушэўны. У .. [Ермакова] тады жыла запаветная мара — стаць лётчыкам. Мележ. // Жаданы, доўгачаканы. Якуб.. прыйшоў у атрад з вінтоўкай, якую ён сам раздабыў і збярог да гэтага запаветнага часу. Брыль.

2. Атрыманы ў спадчыну ад мінулых пакаленняў; старадаўні. Запаветныя песні. □ Серадзібор можа нават пахваліцца, што там ніхто не замыкае дзвярэй нанач.. Так гэты запаветны звычай пачаў вяртацца і пасля вайны. Пестрак. // Казачны, легендарны. Усё жыццё шукаў мой дзед прыгонны Ад шчасця запаветныя ключы. Звонак.

3. Звязаны з запаветам, наказам, тайнай умовай. [Ганна Сяргееўна] аб многім хацела сказаць людзям, каб не забыцца, і дзецям запаветнае слова сказаць, калі з ёю што здарыцца. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хво́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае лісце ў выглядзе іголак. Дзесяткі парод дрэў, лісцяных і хвойных, разложыстых і вастраверхіх, то шарэнгамі, то купкамі спускаліся па схілах узгоркаў да рэчкі. Хадкевіч.

2. у знач. наз. хво́йныя, ‑ых. Падклас голанасенных дрэў і кустоў, пераважна вечназялёных, у які ўваходзяць сасна, елка, кіпарыс і інш.

3. Які складаецца з раслін, што маюць іголкападобнае ці лускападобнае лісце. А за Глінішчам — пачынаецца лес, не кусты, не алешнік які, а высокі і густы хвойны лес. Марціновіч. // Які належыць хвоі, уласцівы ёй. Хвойная кара. □ Прызвычаеным рухам.. [жанчына] зняла хустку з галавы, .. асцярожна выняла з потнага дзіцячага кулачка каменьчык, прыліпшую да далонькі хвойную ігліцу. Лынькоў. Хай аддае вада балотам І лезе ў вочы хвойны дым, Мы пасля бою ў ахвоту І ў смак харчы свае ядзім. Астрэйка. // Атрыманы з драўніны або ігліцы хвоі. Хвойная мука. // Прыгатаваны з экстрактам хвоі. Хвойнае мыла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вецер (КТС, БРС, Касп., Нас., Яруш.), ві͡етёр (Бес.), ве́цір (Бяльк.), жыт. вецёр ’веснавы вецер’, слаўг. ве́цер ’адкрытае ветранае месца’; ’віхор’ (Яшк.), ве́цер ’ветрагон’ (КТС, Нас., З нар. сл.). Сюды ж ветрык, ветрычак, ветрік, вецярок (КТС, Гарэц., Шат., Нас., Кліх, Бяльк.), вятрыска (Яруш., КТС). Укр. ві́тер ’вецер’, рус. ве́тер ’тс’, арханг. ’кірунак свету’; ’хвароба свойскіх жывёл’, ст.-рус. вѣтръ, вѣтеръ ’вецер, кірунак свету’; ’паветра’; ’газы ў кішках’, польск. wiatr, палаб. votr, н.-луж. wjetš, в.-луж. wětr, чэш. vítr, славац. vietor, славен. véter, серб.-харв. ве̏тар ’вецер’, макед. ветар ’вецер’, (мед.) ’рожа’, балг. вятър ’вецер’, паўн.-зах. ветър ’рэўматызм’, ст.-слав. вѣтръ ’вецер’. Прасл. větrъ мае адпаведнікі ў і.-е. мовах: літ. vė́tra ’бура’, лат. vę̄tra ’тс’, прус. wetro ’вецер’, гоц. winds, ст.-в.-ням. wint ’тс’, ст.-англ. wind ’непагадзь’, ст.-нарв. vindr ’вецер’, ст.-ісл. veðr ’вецер, паветра’, ірл. feth ’паветра’, грэч. ἄησι ’вее’ (*ἄϜησι), ἄήτης ’вецер’, кімр. gwynt, лац. ventus, ст.-інд. vā́taḥ, авест. vā́ta‑ ’вецер’, асец. wād, vād ’бура’, тахар. A wänt, тахар. B yente, хец. hu (*Hwe); да і.-е. асноў *u̯e‑/*u̯o‑/aue/*au̯‑ ’веяць’. Прасл. větrъ утворана ад větati/větiti і суф. Nomina agentis ‑rъ, які атрыманы ў спадчыну з і.-е. (Слаўскі, SP, 2, 20). Адсюль вецер выступае ў міфалогіі як дзеючая сіла; параўн. бел. ве́тры. Роднаснае да веяць (гл.). Гл. таксама Праабражэнскі, 1, 109; Вальдэ, 817; Мюленбах-Эндзелін, 4, 572; Мейе, 407; Траўтман, 345; Барталомэ, 1408; Брукнер, 611; Махэк₂, 692; Голуб-Копечны, 408, 418; Фасмер, 1, 306; Шанскі, 1, В, 77; КЭСРЯ, 78.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АРЫФМЕ́ТЫКА (ад грэчаскага arithmos лік),

навука, галоўны аб’ект якой цэлыя, рацыянальныя лікі і дзеянні над імі. Узнікла ў старажытныя часы з практычных патрэб чалавека лічыць і вымяраць. Для падліку вялікай колькасці аб’ектаў створаны сістэмы лічэння. Найбольш зручная дзесятковая сістэма лічэння; існуюць таксама сістэмы лічэння з асновамі 5, 12, 20, 40, 60 і нават 11 (Новая Зеландыя). З пашырэннем вылічальнай тэхнікі выкарыстоўваецца двайковая сістэма лічэння.

Да пачатку нашай эры былі атрыманы дастаткова глыбокія вынікі: даказана бесканечнасць мноства простых лікаў, несувымернасць стараны квадрата і яго дыяганалі (па сутнасці доказ ірацыянальнасці ліку √2), створаны алгарытм выяўлення агульнай меры двух адрэзкаў і найбольшага агульнага дзельніка, Піфагорам знойдзены агульны выгляд цэлалікавых катэтаў і гіпатэнузы прамавугольных трохвугольнікаў, значны ўплыў на развіццё арыфметыкі зрабіў Архімед. Фундаментальнае значэнне арыфметыкі як навукі стала зразумелым у канцы 17 стагоддзя ў сувязі з далучэннем да яе паняцця ірацыянальнага ліку. Развіццё апарату сувязяў паміж гэтымі лікамі і іх рацыянальнымі набліжэннямі (у прыватнасці, дзесятковымі), а таксама вынаходства і дастасаванне лагарыфмаў (шатландскі матэматык Дж.​Непер) значна пашырылі тэматыку даследаванняў. Шматлікія пытанні знайшлі вырашэнне ў лікаў тэорыі. Спроба Г.Грасмана аксіяматычнай пабудовы арыфметыкі (сярэдзіна 19 стагоддзя) завершана італьянскім матэматыкам Дж.​Пеана ў выглядзе 5 аксіём: 1) адзінка ёсць натуральны лік; 2) наступны за натуральным лікам ёсць таксама натуральны лік; 3) у адзінкі няма папярэдняга натуральнага ліку; 4) калі натуральны лік a стаіць за натуральным лікам b і за натуральным лікам c, то b і c тоесныя; 5) калі якое-небудзь сцвярджэнне даказана для адзінкі і калі з дапушчэння, што яно праўдзівае для натуральнага ліку n, вынікае, што яно выконваецца і для наступнага за n натуральнага ліку, то гэта сцвярджэнне справядліва для адвольнага натуральнага ліку (аксіёма поўнай матэматычнай індукцыі). Па-за прапанаванай сістэмай аксіём застаюцца многія пытанні, у якіх вывучаецца ўся бесканечная сукупнасць натуральных лікаў, што патрабуе даследавання несупярэчлівасці адпаведнай сістэмы аксіём і больш дэталёвага аналізу сэнсу сцвярджэнняў, якія вынікаюць з яе. Як навука арыфметыка часам атаясамліваецца з тэорыяй лікаў.

Літ.:

История математики с древнейших времен до начала XIX столетия. Т. 1—3. М., 1970—72. Депман И.Я. История арифметики. 2 изд. М., 1965.

В.​І.​Бернік.

т. 2, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІЯНАЛО́ГІЯ (ад акіян + ...логія),

акіянаграфія, сукупнасць навуковых дысцыплін аб фізічных, хімічных, геалагічных і біялагічных працэсах у Сусветным акіяне. Гал. задачы акіяналогіі: высвятленне агульных заканамернасцяў прыроды акіяна, вывучэнне трансфармацыі і абмену рэчываў і энергіі ў акіянскіх водах і ахова іх ад забруджвання, выкарыстанне харчовых, хім. і энергет. рэсурсаў акіяна, распрацоўка доўгатэрміновых прагнозаў надвор’я на Зямлі, папярэджанне катастрафічных з’яў, звязаных з акіянамі, забеспячэнне эфектыўнасці і бяспекі надводнага і падводнага мараплавання.

Першымі даследчыкамі акіянаў былі стараж. мараплаўцы. Стараж.-грэч. вучоныя Герадот, Арыстоцель, Гіпарх і інш. выказвалі меркаванні аб адзінстве Атлантычнага і Індыйскага акіянаў, кругавароце вады ў прыродзе, прылівах і інш. з’явах. Перыяд інтэнсіўнага вывучэння звязаны з эпохай Вял. геагр. адкрыццяў (сярэдзіна 15—18 ст.; Х.​Калумб, Ф.​Магелан, Дж.​Кук і інш.). Важныя вынікі атрыманы рус. Антарктычнай экспедыцыяй Ф.​Белінсгаўзена і М.​Лазарава на суднах «Усход» і «Мірны» (1820) і першай комплекснай акіянаграфічнай экспедыцыяй на карвеце «Чэленджэр» (1872—76; Дж.​Мерэй склаў першую карту акіянскіх глеяў). Даследаванні розных ч. Сусветнага ак. праводзілі С.​Макараў на «Віцязі» (1886—89) і ледаколе «Ярмак» (1899, 1901), Ф.​Нансен на «Фраме» (1891—96), ням. экспедыцыя на «Метэоры» (1925—27), Антарктычная англ. экспедыцыя на «Дысковеры 11» (1929—39) і інш. Пасля 2-й сусв. вайны акіяналогія становіцца адной з важных навук у сувязі з пачаткам выкарыстання рэсурсаў Сусветнага акіяна. Даследаванні акваторыі акіяна, складанне схемы рэльефу дна праводзяць н.-д. экспедыцыі розных краін (амер. з 1956 «Віма», з 1957 «Атлантык»; рус. з 1957 «Віцязь», з 1967 «Акадэмік Кніповіч», з 1974 «Дзмітрый Мендзялееў» і інш.). Грунтуецца акіяналогія на фактычных даных вымярэнняў, атрыманых з суднаў надвор’я, дрэйфуючых аўтам. гідраметэаралагічных станцый і акіянаграфічных платформаў, штучных спадарожнікаў Зямлі і падводных лабараторый. У сучаснай акіяналогіі пашыраны матэм мадэліраванне фіз., хім. і біял. працэсаў, даследаванне зменлівасці іх на падставе тэорыі імавернасці і матэм. статыстыкі.

Фізіка акіяна даследуе фіз. працэсы ў акіянскіх і марскіх водах, заканамернасці ўзаемадзеяння акіяна і атмасферы; хімія акіяна вывучае хім. ўласцівасці, састаў, фіз. і хім. працэсы водаў; геалогія акіяна — паходжанне ложа акіяна, яго эвалюцыю і будову, рэльеф дна, заканамернасці ўтварэння карысных выкапняў; біялогія акіяна — жывёльны і раслінны свет акіянаў і мораў, фарміраванне біял. прадукцыйнасці акіянскіх і марскіх водаў. Вылучаюць акіяналогію рэгіянальную, якая займаецца фізіка-геагр. і эканоміка-геагр. даследаваннем акіянаў і мораў; прамысловую, звязаную з акіяналагічным забеспячэннем марскіх промыслаў; спадарожнікавую (касмічную), якая атрымлівае вымярэнні разнастайных параметраў акіяна са штучных спадарожнікаў. Акіянскія даследаванні каардынуюцца Навук. к-там па акіянскіх даследаваннях, Міждзярж. акіянаграфічнай камісіяй пры ЮНЕСКА, нац. гідраметэацэнтрамі і н.-д. ін-тамі.

А.​М.​Вітчанка.

т. 1, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫГІМО́НТ III Ваза

(20.6.1566, Грыпсхальм, Швецыя —30.4.1632),

вялікі князь ВКЛ і кароль польскі [1587—1632], у ВКЛ Жыгімонт IV; кароль Швецыі [1592—99]. Сын караля Швецыі Юхана (Яна) III Вазы і Кацярыны Ягелонкі, дачкі Жыгімонта I Старога. Абраны на трон Польшчы і ВКЛ пасля смерці Стафана Баторыя. Каб замацаваць свае пазіцыі сярод бел.-літ. магнатаў і шляхты, Ж. III выдаў 28.1.1588 у Кракаве прывілей, які зацвярджаў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Пасля смерці бацькі ў 1592 заняў шведскі трон. Палітыка Ж. III па аднаўленні пазіцый каталіцкай царквы ў Швецыі правалілася, у 1599 пратэстанты скінулі яго з трона. Да канца жыцця рабіў намаганні вярнуць швед. карону, пачаў вайну Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29. Падтрымаў Брэсцкую унію 1596, але быў вымушаны паспрыяць прыняццю пастаноў сеймаў Рэчы Паспалітай 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўным. Прапаноўваў планы далучэння Маскоўскай дзяржавы да Рэчы Паспалітай як члена федэрацыі разам з Польшчай і ВКЛ. Падтрымаў Ілжэдзмітрыя I, Ілжэдзмітрыя II. Пасля запрашэння царом Васілём Шуйскім швед. корпуса для барацьбы з войскамі Лжэдзмітрыя II Ж. III пачаў вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У выніку разгрому рас. арміі каля Клушына (1610) Васіль Шуйскі быў скінуты з трона, маскоўскія баяры і гараджане абвясцілі царом сына Ж. III — каралевіча Уладзіслава Жыгімонтавіча (гл. Уладзіслаў IV Ваза). Да Дэулінскага перамір’я 1618 Ж. III дапамагаў сыну як «маскоўскаму цару». Намаганні Ж. III увесці ў Рэчы Паспалітай абсалютную манархію, спадчыннасць трона (а не выбары караля), зменшыць ролю палаты дэпутатаў (пасольскай ізбы), выклікалі ў 1606 рокаш (легальны мяцеж шляхты), які ўзначаліў гетман надворны каронны М.​Зебжыдоўскі. У ліп. 1607 каля Гузава ракашане пацярпелі паражэнне. Рокаш скончыўся кампрамісам. Сейм абвясціў амністыю, зацвердзіў шляхецкія вольнасці, непарушнасць права выбару караля, пастаянную прысутнасць сенатараў для кантролю за яго дзеяннямі. Ж. III праводзіў актыўную палітыку ў паўд. напрамку. З-за свайго ультракаталіцызму падтрымліваў імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» ў яго барацьбе супраць Чэхіі і Трансільваніі, што выклікала пастаянныя напады на Украіну і паўд. Польшчу крымскіх татар і туркаў, саюзнікаў Трансільваніі. У 1620 польск. войска было разбіта туркамі каля Цацоры. Рэванш, атрыманы ім у 1621 пад Хацінам, не быў выкарыстаны з-за нерашучасці Ж. III. Шмат у чым палітыка Ж. III прывяла да далейшага заняпаду дзяржавы і змяншэння яе ролі ў еўрап. паліт. жыцці 17 ст.

Літ.:

Podhorodecki L. Wazowie w Polsce. Warszawa, 1985;

Wisner H. Zygmunt III Waza. Wrocław etc., 1991.

А.​П.​Грыцкевіч.

Жыгімонт III Ваза.

т. 6, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)