АЛЯКСЕ́ЕЎ (Міхаіл Васілевіч) (15.11.1857, Цвярская вобл. — 8.10.1918),

рускі ваенны дзеяч, адзін з арганізатараў белай гвардыі. Генерал ад інфантэрыі (1914). Удзельнік рус.-тур. (1877—78), рус.-яп. (1904—05) войнаў. Скончыў Акадэмію Генштаба (1890). У 1-ю сусв. вайну нач. штаба Паўд.-Зах. фронту, галоўнакамандуючы Паўн.-Зах. фронтам; у жн. 1915 — сак. 1917 нач. штаба Стаўкі вярх. галоўнакамандуючага ў Магілёве. У сак.—маі 1917 вярх. галоўнакамандуючы, потым ваенны саветнік Часовага ўрада, нач. штаба вярх. галоўнакамандуючага. Пасля Кастр. рэв. стварыў разам з Л.Г.Карнілавым і А.І.Дзянікіным і ўзначаліў на Паўн. Каўказе добраахвотніцкую армію і белагвардзейскі ўрад — «Асобую нараду».

т. 1, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМ’Е́НСКІ САБО́Р, сабор Нотр-Дам,

помнік гатычнай архітэктуры; адзін з буйнейшых гатычных сабораў у Еўропе. Пабудаваны ў г. Ам’ен (Францыя) у 1220—88 паводле плана Рабера з Люзарша пры ўдзеле Тома і Рэно з Кармона. 3-нефавая базіліка з 3-нефавым трансептам, з 3 галерэямі і 2 вежамі. Даўж. гал. нефа 143 м, выш. 42,5 м. Бакавыя капэлы дабудоўваліся ў 1292—1376, драўляны шпіль над сяродкрыжжам — пасля 1528. Гатычная скульптура парталаў — 13—14 ст., у т. л. знакамітыя статуі «Міласцівы Бог» і «Залатая Багародзіца». У інтэр’еры скульптура 13—17 ст., вітражы 13—14 ст.

Ам’енскі сабор. Заходні фасад.

т. 1, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАСТАСЕ́ВІЧ (Васіль Рыгоравіч) (11.3.1775, Кіеў — 28.2.1845),

бібліёграф, перакладчык, выдавец. Скончыў Кіеўскую акадэмію (1793). З 1795 на вайск. службе, з 1802 у Мін-ве нар. асветы, у 1803—10 пісьмавод папячыцеля Віленскай навуч. акругі А.​Чартарыйскага, у 1809—16 у Камісіі складання законаў, у 1826—28 у Гал. цэнзурным камітэце. У 1811—12 выдаваў час. «Улей», дзе надрукаваў першы ў Расіі тэарэт. артыкул па бібліяграфіі. З 1817 адзін з сакратароў М.​П.​Румянцава, уваходзіў у Румянцаўскі гурток. У 1811 ажыццявіў навук. выданне Статута ВКЛ 1588. Пераклаў з польск. мовы на рускую палітэканамічныя працы В. і І.​Страйноўскіх.

Дз.​У.​Караў.

т. 1, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНЕ́ВІЧ (Анатоль Барысавіч) (н. 9.1.1942, в. Мелаватка Валгаградскай вобл., Расія),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1989), праф. (1991). Скончыў БДУ (1963), дзе працуе з 1967. Навук. працы па функцыян. аналізе і дыферэнцыяльных ураўненнях. Распрацаваў новы падыход у даследаванні функцыянальна-дыферэнцыяльных ураўненняў і нелакальных краявых задач, заснаваных на вывучэнні адпаведных аператарных алгебраў. Адзін з аўтараў «Руска-беларускага матэматычнага слоўніка» (1993).

Тв.:

Функциональный анализ и интегральные уравнения. Мн., 1984 (разам з Я.​В.​Радынам);

Линейные функциональные уравнения: Оператор. подход. Мн., 1988;

Functional differential equations: I.C.-theory. New York, 1994 (разам з А.​У.​Лебедзевым).

т. 1, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТО́НАЎ-АЎСЕ́ЕНКА (Уладзімір Аляксандравіч) (21.3.1883, г. Чарнігаў — 1938),

савецкі ваенны, парт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Скончыў Пецярбургскае ваенна-інжынернае вучылішча (1904). За рэв. дзейнасць асуджаны на 20 гадоў катаргі. У 1910—17 у эміграцыі (Францыя). У кастр. 1917 сакратар Петраградскага ВРК, адзін з кіраўнікоў захопу Зімняга палаца і арышту Часовага ўрада. У грамадз. вайну галоўнакамандуючы Укр. фронтам. У 1922—24 нач. Палітупраўлення РВС рэспублікі. У 1924—33 паўпрэд СССР у Чэхаславакіі, Літве і Польшчы, з 1934 пракурор РСФСР, у 1936—37 ген. консул СССР у Барселоне (Іспанія), з 1937 нарком юстыцыі РСФСР. Рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна.

т. 1, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́ЕР ((Breuer) Марсель Лаяш) (22.5.1902, г. Печ, Венгрыя — 1.7.1981),

амерыканскі архітэктар. Адзін з лідэраў функцыяналізму. У 1920—28 вучыўся і працаваў у Германіі ў асн. як праекціроўшчык мэблі. З 1937 у ЗША. У сваёй творчасці імкнуўся да дакладнасці і выразнай структурнасці арх. кампазіцыі, кампактнасці планаў і аб’ёмаў. Сярод работ: будынкі ЮНЕСКА у Парыжы (1953—57, з Б.​Зерфюсам і П.​Л.​Нерві), Музея амер. мастацтва Уітні ў Нью-Йорку (1966), універмага «Дэ Беенкорф» у Ротэрдаме (1956—57). Распрацоўваў тыпы аднасямейнага дома (загарадны дом у штаце Масачусетс, 1947, і інш.), працаваў як дызайнер.

М.Л.Броер. Загарадны дом архітэктара. Штат Масачусетс. 1947.

т. 3, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУК ((Brook) Пітэр) (н. 21.3.1925, Лондан),

англійскі рэжысёр. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це. Рэжысёрскую дзейнасць пачаў у 1943 у Лондане. У Каралеўскім Шэкспіраўскім тэатры (з 1962 адзін з кіраўнікоў т-ра) паставіў п’есы У.​Шэкспіра «Мера за меру», «Зімовая казка», «Гамлет», «Кароль Лір» і інш. Працаваў у драм. т-рах Лондана, Бірмінгема, Парыжа. Ставіў оперы ў «Ковент-Гардэн» (Лондан) і «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк). З 1944 працуе ў кіно. Сярод фільмаў: «Опера жабракоў» (1953), «Мадэрата кантабіле» (1960), «Уладар мух» (1962), «Кароль Лір» (1971), «Трагедыя Кармэн» (1984). З 1971 кіраўнік Міжнар. цэнтра тэатр. даследаванняў у Парыжы.

т. 3, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫЯ́Н ((Briand) Арыстыд) (28.3.1862, г. Нант, Францыя — 7.3.1932),

дзяржаўны дзеяч Францыі, дыпламат. Адвакат па адукацыі. З 1880-х г. удзельнік сацыяліст. руху. У 1902 абраны ў парламент. У 1906 увайшоў у склад урада, за што быў выключаны з Сацыяліст. партыі. У 1909—31 займаў пост прэм’ер-міністра 11 разоў і міністра замежных спраў 17 разоў. Пасля 1-й сусв. вайны праводзіў палітыку раззбраення і бяспекі. У 1909—31 выступаў за «прымірэнне» з Германіяй. Адзін з ініцыятараў Лакарнскай канферэнцыі 1925, Келага—Брыяна пакта 1928, праекта стварэння «Пан-Еўропы». Нобелеўская прэмія міру 1926 (разам з Г.Штрэземанам).

т. 3, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРШ (Яша) (сапр. Анісяровіч Янка; н. 12.11.1929, г. Баранавічы Брэсцкай вобл.),

бел. паэт і мастак. Жыве ў Польшчы. Скончыў Варшаўскую акадэмію мастацтва (1957). Дэбютаваў вершамі ў беластоцкім зб. «Рунь» (1959). Аўтар паэт. кнігі «Прамень думкі» (Беласток, 1964). Друкаваўся ў альманаху «Белавежа» (1965, 1971) і інш. Вершы Бурша пра складаны духоўны свет сучаснага чалавека, выбар ім шляхоў у грамадстве, інтымныя пачуцці. Шмат месца займае пейзажная лірыка. Паэтычная мова Бурша ўскладненая, разлічана на вобразна-асацыятыўнае мысленне чытача. Адзін з арганізатараў бел. літ.-маст. руху на Беласточчыне. Жывапісныя творы Б. выстаўляліся ў Польшчы і за мяжой.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 3, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛО́Ў (Мікалай Васілевіч) (14.12.1891, г. Янаў, Польшча — 5.3.1982),

савецкі крышталёграф, геахімік, адзін з заснавальнікаў структурнай мінералогіі. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1946). Чл. Польскай АН (1978), Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Петраградскі політэхн. ін-т (1921). З 1938 у Ін-це крышталяграфіі АН СССР, з 1946 у Горкаўскім, з 1953 у Маскоўскім ун-тах. Навук. працы па тэорыі шчыльнай упакоўкі атамаў у крышталях, крышталяхіміі сілікатаў, метадах расшыфроўкі структур мінералаў. Пад кіраўніцтвам Бялова высветлена структура больш як 100 сілікатаў і іх аналагаў. Дзярж. прэмія 1952. Ленінская прэмія 1974. Залаты медаль імя М.​В.​Ламаносава АН СССР 1966.

т. 3, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)