выгляда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Мець які‑н. выгляд; здавацца каму‑н. кім‑, чым‑н. Выглядаць героем. □ Каця хадзіла заўсёды ў камбінезоне, у простых чаравіках, і выглядала звычайнай трактарысткай. Чарнышэвіч. Усе [сяляне] выглядалі так, як бы неўзабаве павінна было штось зрабіцца. Колас.
2. Віднецца, быць відным. Сонца зайшло.. за.. таполі, верхавіны якіх ледзь выглядалі з-за ўзгорка. Шамякін.
3. Разм. Незак. да выглянуць (у 1 знач.).
4. Разм. Незак. да выглядзець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
руйнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак., што.
Ператвараць у руіны; разбураць. Б’юцца князі між сабою за ўладу і багацці, пустошаць сваімі войскамі суседнія землі, паляць і руйнуюць гарады, нішчаць людзей. В. Вольскі. Бывае і так, што руйнуе Плаціну вада; у гэтую пору Струяцца апошнія хвалі І сохне няшчасны ставок. Багдановіч. // Ліквідаваць, знішчаць. А лепш за ўсё гаіла .. [Зосіны] душэўныя раны дабрата людская. Яна руйнавала рэшткі недаверу яе да людзей і жыцця. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самалю́бства, ‑а, н.
Пачуццё ўласнай годнасці, якое звычайна спалучаецца з раўнівымі адносінамі да думкі пра сябе іншых людзей. Мужчынскае самалюбства. □ А цяпер.. [Платон], бадай, з аднаго самалюбства, хацеў давесці, што і ў яго галава не так сабе на плячах. Ракітны. З-за самалюбства, баючыся, каб не стаць смешным, Кузьма таіў сваю рэўнасць, нічым не выказаў яе нават Веры. Дуброўскі. // Нястрымная прага да славы. Хворае самалюбства нараджала хворыя думкі... Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сатле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Гніючы, разбурыцца; згнісці, струхлець, спарахнець. Труп сатлеў ужо напалову, час знішчыў рысы твару. Лынькоў. Дакументы настолькі сатлелі, што прачытаць іх было амаль немагчыма. «Беларусь».
2. Тлеючы, згарэць, ператварыцца ў попел. Старая [лазня] згарэла тры гады назад. Не тое каб агнём, а проста — так ужо напалілі, такі быў у ёй мятны ды густы дух з парай, што яна ціха сабе сатлела за ноч, не вытрывала. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
блазно́та, ‑ы, ДМ ‑ноце, ж.
Разм.
1. Тое, што і блазан (у 1 знач.); малакасос. Дзіва што: ён жа ўжо не якая блазнота і яму смела можна даручыць такую важную справу! Якімовіч. [Гарашчэня:] — Малако матчына па губах не абсохла. Ай, блазнота! Гурскі. // зб. Малеча, драбяза (пра дзяцей). Ды смех пачуецца блазноты: Вясне так рады малышы. Колас.
2. Дураслівасць. Прафесар бачыў у паводзінах Сымонкі не зласлівасць і не простую дзіцячую блазноту. Кавалёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
буга́й, ‑я, м.
1. Самец буйной рагатай жывёлы; бык. Хутка займеў Мікіта пару коней, ды ажно шэсць штук кароў і свайго бугая. Галавач.
2. Начная балотная птушка сямейства чапляў, празваная так за тое, што вясной самец яе, апусціўшы дзюбу ў ваду, утварае вельмі гучныя гукі, падобныя да рову бугая. У зацішку на лужынах тужліва кумкалі зялёныя жабы, а далей у балотах, між лесу, пераклікаліся бугаі, бухаючы, як у пустыя кадушкі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бунто́ўны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Які па-бунтарску настроены, схільны да бунту. Бунтоўны чалавек.
2. Неспакойны, трывожны. [Дзяўчыне] і самой захацелася раптам сустрэць і пакахаць бунтоўнае, мяцежнае сэрца. Мехаў. І ў дні блакітна-роўныя, Калі гудуць станкі, Яшчэ жывуць бунтоўныя У сэрцы аганькі! Лявонны.
3. Які заклікае да бунту. Ёсць такое жаданне: калі загрыміць Непадкупнай расправы бунтоўная песня, Каб вы так жа ўпарта, як некалі мы, Роўны сонцу штандар рэвалюцыі неслі. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзярка́ч 1, дзеркача, м.
Стары венік без лісця; галень. Косцік і Тома так выскраблі дзеркачамі двор і вуліцу, што было хоць каціся. Васілевіч. [Якаў] стаяў каля парога і дзеркачом абмятаў з ботаў снег. Чарнышэвіч.
дзярка́ч 2, дзеркача, м.
Тое, што і драч. Было маўкліва вакол, толькі часам дзяркач на сенажаці, быццам пілкай, пераразаў паветра. Броўка. Здавалася, што ўсё жывое перамясцілася туды, на балота: там было шумна — крычалі дзеркачы, ржалі коні. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
до́пыт, ‑у, М ‑пыце, м.
Апытанне падследнага, сведкі і пад. для высвятлення чаго‑н., атрымання патрэбных звестак аб кім‑, чым‑н. Выклікаць на допыт. □ Допыт вёў Гнядкоў і рабіў гэта паважна, па ўсіх правілах. Шамякін. Немцы і пасаджаныя ў вёску паліцаі цягалі на допыт жонку Міхала і яго суседзяў. Васілевіч. // Разм. Настойлівае падрабязнае распытванне. Тут, вядома, пачаліся допыты: як і што, дзе быў, чаму загуляўся так позна? Няхай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
е́днасць, ‑і, ж.
1. Адзінства, згуртаванасць. Так у жорсткіх баях за камуну Непарушная еднасць расла. Глебка. Нашу эпоху можна назваць эпохай вялікай еднасці .. славянскіх народаў. «Полымя». // Непадзельнасць, неразрыўнасць. Еднасць партыі з народам. □ Андрэй адчувае еднасць з польскімі рабочымі ў Беластоку, да якіх ён прыехаў па заданню партыі папярэдзіць аб правакатары. Хромчанка. // Адпаведнасць, узгодненасць. Балада «Да дня» [М. Танка] вызначаецца еднасцю формы і зместу. У. Калеснік.
2. Агульнасць, супольнасць. Еднасць інтарэсаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)