арганічныя злучэнні, малекулы якіх маюць цыклы, што змяшчаюць адначасова атамы вугляроду і атамы інш. элементаў (гетэраатамы), найчасцей азоту, кіслароду, серы. Самы шматлікі клас злучэнняў (уключае каля ⅔ усіх вядомых прыродных і сінт.арган. рэчываў). Уваходзяць у састаў нуклеінавых кіслот, бялкоў, ферментаў, вітамінаў, якія адыгрываюць выключную ролю ў працэсах жыццядзейнасці раслін, жывёл і чалавека.
Разнастайнасць тыпаў гетэрацыклічных злучэнняў абумоўлена тым, што яны могуць адрознівацца: агульным лікам атамаў у цыкле; прыродай, колькасцю і размяшчэннем гетэраатамаў; наяўнасцю або адсутнасцю замяшчальнікаў ці кандэнсаваных цыклаў; насычаным ці ненасычаным характарам гетэрацыклічнага кальца, якое вызначае іх хім. ўласцівасці. Насычаныя гетэрацыклічныя злучэнні хім. ўласцівасцямі блізкія да сваіх аналагаў з адкрытым ланцугом: простых эфіраў, амінаў, сульфідаў і інш. Ненасычаныя гетэрацыклы (пераважна 5- і 6-членныя), якія праяўляюць араматычнасць (напр., фуран, тыяфан, пірол, пірыдзін) наз.гетэраараматычнымі злучэннямі. Для іх, як і для араматычных злучэнняў раду бензолу, найб. характэрныя рэакцыі замяшчэння. На Беларусі даследаванні гетэрацыклічных злучэнняў і іх вытворных праводзяцца ў Ін-тах фізіка-арган. хіміі, біяарган. хіміі Нац.АН, БДУ і Бел.дзярж.тэхнал. ун-це.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ШНЯ (Cerasus),
род дрэвавых і кустовых раслінсям. ружавых. Каля 150 відаў у Еўропе, Цэнтр. Азіі, Паўн. Амерыцы. У культуры найб. пашырана вішня звычайная (Cerasus vulgaris), да якой належыць большасць сартоў, якія культывуюцца. На Беларусі ў садоўніцтве выкарыстоўваюць таксама вішню лямцавую, або кітайскую (Cerasus tomentosa), і чарэшню, для азелянення — вішню японскую (Cerasus japonica), вішню куставую, або вішарнік (Cerasus fruticosa). Плады большасці відаў маюць харч. і лек. значэнне. Растуць хутка. Святлалюбныя, засуха- і газаўстойлівыя. Размнажаюцца дзікарослыя віды насеннем, садовыя формы — прышчэпкамі, каранёвымі парасткамі і зялёнымі чаранкамі.
Вішня звычайная — дрэва выш. 5—7 м або кустападобныя формы выш. 3—4 м. Форма кроны набліжаецца да круглай. Лісце эліпсоіднае, чаргаванае, кветкі пераважна белыя, сабраныя па 2—4 у парасонападобныя суквецці, плады — сакаўныя касцянкі рознай велічыні ад ружовай (сарты групы амарэляў) да амаль чорнай (сарты групы грыётаў, або марэляў) афарбоўкі. У пладах 6—20% вугляводаў, 0,8—2,4 арган. кіслот, 0,15—0,88% дубільных рэчываў, вітаміны C, групы B. Выкарыстоўваюць іх свежыя і кансерваваныя, перапрацоўваюць на варэнне, джэм, кандытарскія вырабы. Меданос. Добра расце на лёгкіх сугліністых і супясчаных глебах, непатрабавальныя да ўмоў вырошчвання. Раянаваныя сарты: Любская, Сеянец №1, Навадворская.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬХА (Alnus),
род кветкавых раслінсям. бярозавых. Каля 40 відаў. Пашырана пераважна ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі, Паўн. Амерыкі, таксама ў гарах Паўд. Амерыкі (Анды). Ва ўмераных шыротах утварае альховыя лясы. На Беларусі па ўсёй тэр. трапляецца вольха чорная, або клейкая (Alnus glutinosa), утварае чорнаальховыя лясы; у паўн.ч. — вольха шэрая, або белая (Alnus incana), якая мае ў цэнтр.ч. рэспублікі паўд. мяжу суцэльнага пашырэння, утварае другасныя (вытворныя пасля яловых) шэраальховыя лясы. Зрэдку трапляецца гібрыд паміж гэтымі відамі — вольха апушаная (Alnus pubescens). У Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны 14 відаў і формаў вольхі (барадатая, пушыстая, сібірская, японская, цвёрдая, чырвоная, камчацкая і інш.).
Аднадомныя лістападныя ветраапыляльныя дрэвы і кусты. Лісце круглаватае, эліптычнае або адваротнаяйцападобнае, цэласнае (у садовых формаў бывае рассечанае). Тычынкавыя кветкі падоўжаныя, звіслыя, у каташках; песцікавыя — у «шышачках», летам зялёных, шчыльных, пры выспяванні чорна-бурых, дравяністых, якія ператвараюцца ў суплоддзі. Плады — аднанасенныя арэшкі з 2 перапончатымі крылцамі. На каранях часта ўтвараюцца клубеньчыкі з азотфіксавальнымі бактэрыямі. Тэхн. (драўніна выкарыстоўваецца ў вытв-сці мэблі, фанеры, тары, як буд. матэрыял), лек. (суплоддзі і кара вяжучы, кроваспыняльны і процізапаленчы сродак), дубільныя, фарбавальныя, дэкар., меліярацыйныя (глебапаляпшальныя) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СЕНЬ,
пара года і пераходны кліматычны сезон паміж летам і зімой. Астранамічная восень у Паўн. паўшар’і — прамежак часу ад 23 вер. (асенняе раўнадзенства) да 22 снеж. (зімовае сонцастаянне), у Паўд. паўшар’і — ад 21 сак. да 22 чэрвеня. Асеннія месяцы ў Паўн. паўшар’і верасень, кастрычнік, лістапад, у Паўд. — сак., крас., май (гл.Каляндар). Паводле феналагічных з’яў восень падзяляецца на залатую (пажаўценне лісця), глыбокую і перадзім’е. Ва ўмераных шыротах восень характарызуецца паступовым зніжэннем т-ры паветра да адмоўнай сярэднямесячнай, працяглымі дажджамі, адлётам птушак у вырай, лістападам, замярзаннем глебы, з’яўленнем снегавога покрыва, ледаставам на рэках і азёрах.
На Беларусі пачаткам восені лічыцца дата ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 10 °C, а канцом — праз 0 °C у бок паніжэння. Пачынаецца восень у канцы 2-й — пач. 3-й дэкады вер. на Пн і У, у канцы 3-й дэкады вер. — 1-й дэкадзе кастр. на Пд і ПдЗ. Часам бывае вяртанне цёплага надвор’я — «бабіна лета». Канец восені супадае з паяўленнем снегавога покрыва ў пач. 2-й дэкады ліст. на ПнУ, у канцы ліст. на ПдЗ. Восень — час уборкі ўраджаю, сяўбы азімага жыта, канец вегетацыі раслін, падрыхтоўкі жывёл да зімы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГЛЯРО́Д (лац. Carboneum),
C, хімічны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат. н. 6, ат. м. 12,011. Складаецца з 2 стабільных ізатопаў 12C (98,892%) і 13C (1,108%). Ізатопам 12C карыстаюцца для вызначэння атамнай адзінкі масы. У верхніх слаях атмасферы ўтвараецца радыеактыўны ізатоп 14C. У зямной кары ў выглядзе мінералаў і гаручых выкапняў знаходзіцца 2,3∙10−2% вугляроду па масе, у атмасферы ў выглядзе вугляроду дыаксіду — 1,2∙10−2%. Вельмі шмат вугляроду ў космасе; на Сонцы па распаўсюджанасці займае 4-е месца пасля вадароду, гелію, кіслароду. Злучэнні вугляроду — асн. састаўная частка тканак раслін і жывёл (гл.Біягены).
Існуюць 2 крышт. мадыфікацыі вугляроду (алмаз, графіт, 3-я — карбін — атрымана штучна) і аморфны (кокс, сажа, драўняны вугаль). Пры звычайных т-рах хімічна інертны, пры высокіх — рэагуе з многімі элементамі: з металамі і некаторымі неметаламі (напр., бор, крэмній) утварае карбіды. Аморфны вуглярод хімічна больш актыўны (моцны аднаўляльнік). Атамы вугляроду здольныя злучацца адзін з адным і ўтвараюць вял. колькасць злучэнняў, якія вывучае арганічная хімія.
Выкарыстоўваюць у вытв-сці алмазных інструментаў (гл. таксама Алмазная прамысловасць), вогнетрывалых матэрыялаў, эл.-тэхн. вырабаў, у ядз. тэхніцы, гумавай, паліграф., лакафарбавай прам-сці, металургіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЗ, лём (Ulmus),
род кветкавых раслінсям. вязавых. Каля 45 відаў. Многія віды вяза вядомы пад назвамі бераст, карагач, лём і інш. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 4 віды: вяз гладкі, або звычайны (Ulmus laevis); голы, або горны (Ulmus glabra); малы, або грабалісты, бераст, карагач (Ulmus minor); шурпаты (Ulmus scabra). Растуць як дамешак у падросце і другім ярусе пераважна ў шыракалістых лясах на глебах з праслойкамі карбанатаў, асабліва ў далінах рэк. У паўд. раёнах трапляецца разнавіднасць вяза малога з коркавымі нарасцямі на ствалах і галінках, якую іншы раз разглядаюць як асобны від — вяз коркавы (Ulmus suberosa). У Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны 10 відаў, з іх у зялёным будаўніцтве выкарыстоўваюцца вяз амерыканскі (Ulmus americana), прысадзісты (Ulmus pumila) і чырвоны (Ulmus rubra).
Лістападныя, рэдка шматгадовазялёныя аднадомныя ветраапыляльныя дрэвы і кусты з шырокацыліндрычнай густой кронай. Лісце суцэльнае, чаргаванае, двухзубчастае з ланцэтнымі прылісткамі. Кветкі двухполыя, дробныя, непрыкметныя, у пучках або галоўках. Цвітуць ранняй вясной да распускання лісця. Плод — сухі сціснуты крылападобны арэшак (крылатка). Выкарыстоўваюцца для азелянення і ў дэкар. садоўніцтве, добра пераносяць падстрыганне, перасадку, маюць шмат садовых формаў. Драўніна ідзе на сталярныя вырабы, вытв-сць мэблі і інш. Добрыя дубільнікі, меданосы і перганосы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́ШАК (Vicia),
род кветкавых раслінсям. бабовых. Больш за 150 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі 11 дзікарослых відаў. Найб. вядомыя гарошкі: валасісты — V. hirsuta, вузкалісты — V. angustifolia, кашубскі — V. cassubica, мышыны — V. cracca, зараснікавы — V. dumetorum, гарохападобны — V. pisiformis, плотавы — V. sepium, лясны — V. sylvatica, танкалісты — V. tenuifolia, чатырохнасенны — V. tetrasperma і 4 інтрадукаваныя (гарошак буйнакветны — V. grandiflora, нарбонскі — V. narbonensis, панонскі — V. pannonica, пацеркападобны, або франц. сачавіца, — V. ervilla) віды. Дзікарослыя віды трапляюцца ў лясах, на лугах, у хмызняках, уздоўж дарог, на пустках, у населеных мясцінах і як пустазелле; інтрадукаваныя вырошчваюць ў Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі і на доследных дзялянках. Да культ. відаў гарошку адносіцца і віка. Да роду гарошку іншы раз адносяць боб.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны са слабым узыходным, ляжачым, зрэдку прамастойным галінастым сцяблом Лісце парнаперыстаскладанае, з прылісткамі, вусікамі ці шчацінкамі. Кветкі адзіночныя або па 2—3 у пазухах лісця ці ў гронкападобных суквеццях. Вяночак рознага колеру (найчасцей сіні, фіялетавы, блакітны, пурпурны, бэзавы). Плод — струк на ножцы, лінейны ці падоўжаны, шматнасенны. Каштоўныя кармавыя, зернефуражныя, лек. меданосныя і дэкар. расліны, некат. віды – пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫ́ЧКА (Gentiana),
род кветкавых раслінсям. гарычкавых. Каля 400 відаў. Пашыраны ў нетрапічных краінах зямнога шара. На Беларусі трапляюцца: гарычка веснавая (G. verna) — вельмі рэдкі сярэднееўрапейскі горны рэліктавы від, адзначаны ў Пухавіцкім і Капыльскім р-нах Мінскай вобл., расце на вільготных лугах; гарычка крыжападобная, або сакаліны пералёт (G. cruciata), — рэліктавы лесастэпавы від, трапляецца рэдка, пераважна ў паўн. раёнах, расце на астэпаваных схілах узгоркаў, сухіх лугах, на лясных палянах і ўзлесках; гарычка лёгачная, або звычайная (G. pneumonanthe), трапляецца зрэдку па ўсёй тэр., расце на лугах, у хмызняках. гарычка веснавая і крыжападобная занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Гарычка лёгачная патрабуе прафілактычнай аховы. У Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі вырошчваюцца 2 інтрадукаваныя віды — гарычка трохкветная (G. tricolor) і тыбецкая (G. tibetika).
Шматгадовыя травяністыя і паўкусцікавыя расліны з голым пустым прамаслойным ці прыўзнятым сцяблом. Лісце суцэльнае, супраціўнае, звычайна падоўжана-ланцэтнае, ніжняе часта ў разетцы. Кветкі адзіночныя або сабраныя ў верхавінкавыя ці пазушныя суквецці, звычайна буйныя, ярка афарбаваныя (сінія, блакітныя, фіялетавыя, радзей пурпуровыя і жоўтыя), 4—5-членныя. Вяночак трубчасты або трубчаста-лейкападобны. Плод — каробачка. Лек. (выкарыстоўваюцца ў афіцыйнай і нар. медыцыне), харч., фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны, некат. віды — ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНА́Т (Punica),
род кветкавых раслінсям. гранатавых. 2 віды. Пашыраны ў Пярэдняй, Сярэдняй і Малой Азіі. Растуць у гарах на сухіх скалістых, друзаватых і гліністых схілах, у далінах рэк. Найб. вядомы гранат звычайны (P. granatum). На Беларусі яго вырошчваюць у аранжарэях.
Лістападныя галінастыя кусты або невял. дрэвы выш. да 5—10 м з шарападобнай кронай і калючымі парасткамі. Лісце скурыстае, вясной афарбавана ў чырв. колер. Кветкі адзіночныя або сабраныя ў пучкі па 3—5 на канцах галінак, ярка-пурпуровыя, аранжава-чырвоныя (зрэдку белыя ці жаўтаватыя, ёсць дэкар. формы з махрыстымі кветкамі). Плод несапраўдны ягадападобны (гранаціна), са скурыстым покрывам (каляплоднікам) і 6—12 гнёздамі, якія напоўнены насеннем з сакавітым вонкавым слоем насеннай лупіны; маса да 800 г (у культ. сартоў) і болей. Размнажаецца вегетатыўна, рэдка насеннем. З даўніх часоў гранат культывуюць у субтрапічных краінах як пладовыя і дэкар. расліны. Вядома больш за 100 сартоў. Плады спажываюць, перапрацоўваюць. Сакаўная абалонка насення мае да 75% соку, багатага вітамінам C. У кары ёсць дубільныя рэчывы (да 32%), алкалоіды і інш., у скурцы пладоў — дубільнікі і фарбавальнікі, выкарыстоўваецца ў медыцыне як процігліставы і проціцынготны сродак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНГІБІ́ТАРЫ (ад лац. inhibeo спыняю, затрымліваю) у біялогіі, рэчывы рознай хім. прыроды, якія прыгнятаюць актыўнасць ферментаў у жывым арганізме і ў бясклетачных сістэмах. Адрозніваюцца характарам дзеяння, спецыфічнасцю і інш. Інгібіраванне адбываецца на генетычным (прыгнечваецца біясінтэз аднаго з ферментаў) і кінетычным (паніжаецца актыўнасць ферменту) узроўнях. Узаемадзейнічаюць з актыўным цэнтрам ці з інш. часткамі малекулы і перашкаджаюць утварэнню прамежкавага ферментна-субстратнага комплексу (напр., фторысты натрый запавольвае працэсы вугляводнага абмену). Бываюць натуральныя і сінтэтычныя. Натуральныя І. ў чалавека і жывёл — прадукты абмену рэчываў. У раслін І. росту (фенольнай і тэрпеноіднай прыроды) назапашваюцца восенню ў тканках насення і пупышак пры пераходзе ад працэсаў росту да спакою, вясной іх колькасць зніжаецца. Дзеянне І. процілеглае натуральным (аўксіны, гіберэліны) і сінт.стымулятарам росту. Сінт. І. (морфактыны, рэтарданты, дэфаліянты, гербіцыды і інш.) спыняюць рост сцёблаў, выклікаюць ападанне лісця, падсушваюць расліны на карані, прадухіляюць паляганне злакаў. Выкарыстанне І. у якасці ядахімікатаў для барацьбы са шкоднымі насякомымі і пустазеллем звязана з іх уласцівасцю прыгнятаць жыццёва важныя для гэтых арганізмаў працэсы. Выкарыстоўваюцца для вывучэння механізму каталітычнага дзеяння ферментаў, устанаўлення прыроды функцыян. груп бялкоў, для лячэння парушэнняў абмену рэчываў (некат. лекі і фармакалагічныя сродкі прыгнятаюць ферментатыўныя рэакцыі паталаг. працэсаў).