АЎТАРЫТАРЫ́ЗМ (франц. autoritarisme ад лац. auctoritas улада, уплыў),
устаноўлены або навязаны палітычны рэжым з такой формай улады, якая сканцэнтравана ў руках аднаго чалавека або ў адным яе органе; форма паліт. свядомасці, сфарміраваная на аснове адносін да аўтарытэту наогул і да аўтарытэту ўлады ў прыватнасці.
Паняцце «аўтарытарызм» распрацавана прадстаўнікамі франкфурцкай школы на аснове сац.-псіхал. аналізу адпаведнага тыпу асобы — чалавека «натоўпу», які атаясамлівае сябе з аўтарытэтам групы, дзяржавы, з харызматычным лідэрам і праз іх навязвае грамадству свае густы і норавы. Паводле даследаванняў ісп. філосафа Х.Артэгі-і-Гасета, аўтарытарызм спараджае псіхалогія «аўтарытарнай асобы», яе нястомнае жаданне кіраваць грамадствам «пры поўнай да таго няздольнасці». Да гіст. формаў аўтарытарызму адносяцца антычныя і азіяцкія дэспатыі і тыраніі (Персія, Спарта і інш.), абсалютысцкія рэжымы сярэднявечча і Новага часу. Ідэя абсалютысцкага аўтарытарызму, манархічнага «парадку» набыла тэарэт. абгрунтаванне ў творах ультракансерватыўных ідэолагаў пач. 19 ст. Ж. дэ Местра і Л.Банальда як рэакцыя на франц. рэвалюцыю і сацыяліст. Рухі. У ням.паліт. думцы 19 ст. аўтарытарызм разглядаўся як моцны сродак нац. і сац. мабілізацыі і кіравання зверху працэсамі дзярж. будаўніцтва. У шматлікіх канцэпцыях 1-й пал. 20 ст. аўтарытарызм усё больш набываў нацыяналіст. і антыдэмакр. характар і звязваўся з месіянскай ідэалогіяй выключнасці адной нацыі або дзяржавы, усталявання «новага парадку», дыктатуры пралетарыяту і да т.п. Пры ваенна-паліцэйскіх і фаш. рэжымах, розных варыянтах «казарменнага сацыялізму» тэорыя і практыка аўтарытарызму была даведзена да яго крайняй формы — таталітарызму, дзе панаваў усеабдымны, татальны кантроль адной партыі, групы, ідэалогіі за жыццём усяго грамадства і не існавала ніякага інш. аўтарытэту, акрамя аўтарытэту правадыра, фюрэра, дучэ і гэтак далей
Тыповыя прыкметы і асаблівасці аўтарытарызму: празмерны цэнтралізм улады, беспярэчнае паслушэнства, безапеляцыйныя метады кіравання, паліт. бяспраўнасць асобы, прамая апора на ваенна-рэпрэсіўны апарат. Рэальная ўлада пры аўтарытарызме канцэнтруецца ў руках кіруючай эліты, якая складае аснову іерархічнай верт. структуры кіравання і падбіраецца ў адпаведнасці са спец. працэдурай. Для дасягнення сваіх паліт. мэтаў наменклатура насаджае ў масах фанатызм і рабалепныя адносіны да ўлады, абмяжоўвае свабоду слова і інфармацыі, шырока выкарыстоўвае пазаправавыя, гвалтоўныя метады расправы з апазіцыяй, перакладае віну за правалы ў сваёй палітыцы на міфічных унутр. і знешніх ворагаў. Аўтарытарныя метады кіраўніцтва праяўляюцца ў тых постсацыяліст. краінах Усх. Еўропы і б.СССР, дзе неэфектыўна дзейнічаюць дэмакр. механізмы дзярж. улады, дзе пашыраны сац. дэмагогія, масавая апеляцыя да «моцнай» улады і «моцнага» лідэра. Тут назіраецца тэндэнцыя да ўстанаўлення трох разнавіднасцяў аўтарытарызму: рэжыму рэстаўрацыі, які маюць намер аднаўляць ці ствараць блокі левых сіл і неакамуністаў; рэжыму т.зв. «нацыянал-патрыётаў», якія арыентуюцца на вялікадзярж. ідэі «саборнасці» і абмежавання нац. суверэнітэту; рэжыму, які манеўруе паміж рознымі паліт. сіламі і ствараецца прадстаўнікамі выканаўчай улады.
Літ.:
Ортега-и-Гассет Х. Эстетика;
Философия культуры: Пер. с исп. М., 1991;
Фромм М.Э. Душа человека: Пер. с нем. М., 1992;
Восточная Европа: политический и социокультурный выбор: Материалы междунар. науч.-практ. конф. Мн., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІЯ́НА ФРАНЦУ́ЗСКАЯ (Guyane Française),
краіна на ПнУПаўд. Амерыкі, уладанне Францыі (заморскі дэпартамент). На З мяжуе з Сурынамам, на Пд і У — з Бразіліяй, на Пн абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 2 акругі. Пл. 91 тыс.км². Нас. 132 тыс.чал. (1993). Цэнтр — г.Каена. Афіц. мова — французская.
Прырода. Гвіяна Французская займае крайні ПнУ Гвіянскага пласкагор’я. Паверхня ў асн. раўнінная, з асобнымі купалападобнымі масівамі выш. да 830 м, на ПнУ — вузкая берагавая нізіна. Карысныя выкапні: баксіты, золата, кінавар, каалін. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячная т-ра паветра ў Каене 28—29 °C. Ападкаў больш за 3000 мм за год. Рачная сетка густая, рэкі парожыстыя, суднаходныя толькі ў вусцях. Найб. Марані і Аяпок. Густыя вільготныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў займаюць каля 90% тэрыторыі. На Пн і ў цэнтр. раёнах — участкі высакатраўных саваннаў.
Насельніцтва. Жывуць негры, мулаты, крэолы (нашчадкі выхадцаў з Еўропы), ва ўнутр. раёнах — індзейцы. Вернікі пераважна католікі. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 1,5 чал. На 1 км², амаль усё яно засяроджана на ўзбярэжжы. Там жа знаходзяцца ўсе гарады.
Гісторыя. Карэнныя жыхары Гвінеі Французскай — індзейцы. У 1499 гэту тэр. адкрылі іспанцы. Першае франц. паселішча засн. на в-ве Каена ў 1604, у 1635 тут пабудавана крэпасць, якая стала адм. цэнтрам Гвіяны. У пач. 17 ст. захоплена французамі, у 1654 — галандцамі, у 1667 — англічанамі. У 1674 абвешчана ўладаннем Францыі. У 1809 захоплена англічанамі і партугальцамі, у 1817 канчаткова замацавана за Францыяй. З канца 17 ст. сюды прывозілі неграў-рабоў для працы на плантацыях (рабства адменена ў 1794, адноўлена ў пач. 19 ст., канчаткова ліквідавана ў 1848). У 1852—1938 месца ссылкі франц. зняволеных. У 1877 Гвіяна Французская атрымала прадстаўніцтва ў франц. парламенце. З 1946 заморскі дэпартамент Францыі. З 1983 ідзе пашырэнне аўтаноміі Гвіяны Французскай. Дзейнічаюць Гвіянская сац. партыя (засн. ў 1956; выступае за аўтаномію Гвіяны), Гвіянскі нар. рух, а таксама мясц. арг-цыі франц. партый (Аб’яднанне ў падтрымку Рэспублікі, Саюз за франц. дэмакратыю і інш.).
Гаспадарка. Гвіяна Французская — аграрная краіна. Апрацоўваецца менш за 0,1% тэр., пераважна на ўзбярэжжы. Гал. таварныя культуры — цукр. трыснёг, бананы, какава; спажывецкія — кукуруза, маніёк, рыс, агародніна. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і свіней. Здабыча золата і баксітаў. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Дрэваапр. і цукр. прадпрыемствы. Вытв-сць рому, эсенцыі ружавага дрэва. Лоўля рыбы і крэветак. Даўж. аўтадарог каля 700 км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 350 км. Гал. марскі порт Каена. На тэр. Гвіяны Французскай касмічны палігон Францыі ў г. Куру. Экспарт: крэветкі і інш. морапрадукты (41% па кошце), золата (10%), лесаматэрыялы, ром, баксіты, эсенцыя ружавага дрэва. Імпарт: прамысл. вырабы і харч. тавары, паліва. Асн.гандл. партнёры: Францыя, ЗША, Японія. Грашовая адзінка — франц. франк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЮ́ ((Camus) Альбер) (7.11.1913, г. Мандові, Алжыр — 4.1.1960),
французскі пісьменнік, філосаф, прадстаўнік экзістэнцыялізму. Скончыў Алжырскі ун-т (1937). З 1939 у Францыі. Займаўся журналістыкай, тэатр. дзейнасцю. Загінуў у аўтамаб. катастрофе. Творчасць умоўна падзяляюць на 3 перыяды: «абсурду» (зб-кіфілас.-лірычных эсэ «Ніцво і твар», 1937; «Шлюбны баль», 1938; філас. эсэ «Міф пра Сізіфа». 1942; раманы «Шчаслівая смерць», нап. 1938, выд. 1971; «Чужаніца», 1942; п’есы «Калігула», «Непаразуменне», абедзве 1944), «бунту» (раман «Чума», 1947; п’есы «Аблога», 1948; «Праведныя», 1950; філас.-гіст. трактат «Чалавек, які бунтуе», 1951), «выгнання» (раман «Падзенне», 1956; зб-кі эсэ і апавяданняў «Лета», 1954, «Выгнанне і царства», 1957). Аўтар кніг «Злабадзённыя нататкі» (т. 1—3, 1950—58), «Шведскія прамовы» (1958), інсцэніровак твораў Ф.Дастаеўскага, У.Фолкнера і інш. У творах пераважаюць тэмы абсурднасці існавання, адзіноты, закінутасці чалавека і адначасова яго адказнасці за свае паводзіны, непазбежнасці маральнага выбару. Філас. глыбіня спалучаецца ў іх з моўным лаканізмам, амаль поўнай адсутнасцю метафар, рэмінісцэнцый. Зыходны пункт філас. разважанняў К. — трагічнае перажыванне смерці Бога, абвешчанай у свой час Ф.Дастаеўскім і Ф.Ніцшэ. Для К. яна азначала страту метафізічнага сэнсу жыцця чалавека.
На яго думку, вопыт чалавечага існавання, якое непазбежна заканчваецца смерцю, прыводзіць мыслячую асобу да ўсведамлення абсурднасці зямнога быцця; аднак гэта не павінна абяззбройваць чалавека, і ён выбірае бунт супраць усіх багоў, які надае каштоўнасць індывідуальнаму жыццю. Чалавек мусіць жыць і дзейнічаць так, каб адчуць сябе шчаслівым у гэтым абсурдным свеце. Трагічны вопыт вайны і Супраціўлення прывёў К. да эстэтыкі бунту, якая адраджала колішняе, антычнае значэнне л-ры і мастацтва, усёй духоўнай культуры, значэнне адзінства прыгажосці, дабра і справядлівасці ў жыцці як асобнага чалавека, так і ўсяго грамадства. Менавіта яны надаюць сэнс і веліч чалавечаму жыццю, творчасці і самой смерці; усведамленне абсурду прыводзіць да бунту, а бунт — да свабоды, у якой чалавек знаходзіць сэнс жыцця. К. лічыў, што жыццё чалавека — гэта пастаянная і няспынная творчасць, магчымая толькі ва ўмовах свабоды; без свабоды няма творчасці і ўсяго таго, што складае асноўныя вымярэнні чалавечых каштоўнасцей.
На бел. мову прозу К. перакладаў З.Колас. У Бел. т-ры імя Я.Коласа пастаўлена п’еса К. «Непаразуменне». Нобелеўская прэмія 1957.
Калігула // Пры зачыненых дзвярах: Драм. творы. Мн., 1995;
Рус.пер. — Избранное. Мн., 1989;
Сочинения. М., 1989;
Избр. произв.М., 1993;
Бунтующий человек. М., 1990;
Творчество и свобода: Статьи, эссе, зап. книжки. М., 1990.
Літ.:
Великовский С.И. Грани «несчастного сознания»: Театр, проза, филос. эстетика, эстетика А.Камю. М., 1973: Яго ж. В поисках утраченного смысла. М., 1979;
Кушкин Е.П. Альбер Камю: Ранние годы. Л., 1982;
Акудовіч В. Камень Сізіфа;
Білацэрківец Н. Ганебная «чалавечнасць» гісторыі;
Лявонава Е. Дастаеўскі і Камю // Крыніца. 1994. № 11(5);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКІ РАЁН,
на З Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1962). Пл. 1,8 тыс.км². Нас. 43,6 тыс.чал. (1997), гарадскога 32,3%.
Сярэдняя шчыльнасць 24 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Камянец; г.Высокае, 234 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 14 сельсаветаў: Агародніцкі, Белавежскі, Відамлянскі, Войскі, Воўчынскі, Вярховіцкі, Дзмітравіцкі, Каленкавіцкі, Камянюцкі, Навіцкавіцкі, Пелішчанскі, Раснянскі, Ратайчыцкі, Рэчыцкі.
Раён размешчаны ў межах Прыбугскай раўніны. Паверхня плоска-хвалістая з агульным нахілам з Пн на Пд. Пераважаюць выш. 140—170 м. Найвыш. пункт 198 м (за 5 км на ПнЗ ад в. Войская). Карысныя выкапні: торф, гліны, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -4,6 °C. ліп. 18,4 °C. Ападкаў 535 мм за год. Вегетац. перыяд 203 сут. Найбольшая р.Зах. Буг (на мяжы з Польшчай) з прытокамі Лясная (утвараецца ад зліцця рэк Правая Лясная і Левая Лясная), Пульва; прыток Правай Лясной — р. Белая. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (49,4%). дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,6%), тарфяна-балотныя (13,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (13,6%). Пад лесам 27,9% тэрыторыі. Пераважаюць хваёвыя лясы. Найб. лясістасць на ПнУ. Балоты займаюць 1,1% тэрыторыі. На Пн частка нац. парку Белавежская пушча.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 110,6 тыс.га, з іх асушаных 22,7 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 23 калгасы, 2 саўгасы. міжгас па вытв-сці кармоў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, буракі. Прадпрыемствы харч. (крухмал, сыр, кансервы мясныя і з агародніны), дрэваапр. (піламатэрыялы) і буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы) прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыгунка Брэст—Высокае—Беласток (Польшча), аўтадарогі Высокае—Пружаны, Камянец—Жабінка, Брэст—Камянюкі. У раёне 18 сярэдніх, 10 базавых, 7 пач. школ, вышэйшае прафес. вучылішча, 2 школы-інтэрнаты, 29 дашкольных устаноў, 37 клубаў, 50 б-к, 5 бальніц, 4 амбулаторыі, 25 фельч.-ак. пунктаў, 2 санаторыі. Помнікі архітэктуры: Крыжаўзвіжанская царква (канец 19 ст.) у в. Амелянец; Ануфрыеўская царква (1840) у в. Баршчэва; Мікалаеўская царква (1933) і царква (пач. 20 ст.) у в. Вярховічы; царква Раства Багародзіцы (1751—75) у в. Войская; Троіцкі касцёл (1733) у в. Воўчын; Петрапаўлаўская царква (канец 18 ст.) у в. Гарадзішча; сядзіба (сярэдзіна 19 ст.) у в. Грымяча; Спаса-Праабражэнская царква (1786) у в. Дзмітравічы; царква Іаана Хрысціцеля (19 ст.) у в. Лісоўчыцы; царква (19 ст.) у в. Мікалаева; касцёл (18 ст., перабудаваны ў 19 ст.) у в. Новая Расна; Успенская царква (19 ст.) у в. Паніквы; Прачысценская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Пашукі; касцёл Сэрца Ісуса (пач. 20 ст.) у в. Пелішча; хата (1880) у в. Ражкоўка; Міхайлаўская царква (1816) у в. Такары; Праабражэнская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Трасцяніца. Музеі: філіял Брэсцкага абл. краязнаўчага музея «Камянецкая вежа», прыроды Белавежскай пушчы ў в.Камянюкі. Выдаецца газ. «Навіны Камянеччыны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛІЦКІ РАЁН.
На У Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940 як Валеўскі (з цэнтрам у в. Валеўка), з 25.11.1940 — Карэліцкі; 25.12.1962 скасаваны, 6.1.1965 адноўлены. Пл. 1,1 тыс.км². Нас. 31,7 тыс.чал. (1998), гарадскога 32,8%. Сярэдняя шчыльн. 29 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Карэлічы; г.п.Мір, 159 сельскіх нас. пунктаў, Мірскі пасялковы Савет і 9 сельсаветаў: Варанчанскі, Жухавіцкі, Красненскі, Луцкі, Малюшыцкі, Райцаўскі, Турэцкі, Цырынскі, Ярэміцкі.
Пераважная частка раёна занята Нёманскай нізінай і Стаўбцоўскай раўнінай, на З ад р. Сэрвач — схілы Навагрудскага ўзвышша. Паверхня раўнінная і дробнаўзгорыстая. Пераважаюць вышыні 150—200 м, найвыш. пункт 261,7 м (каля в. Малюшычы). Карысныя выкапні: жал. ільменіт-магнетытавыя руды, мел, вапнякі, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, торф. Сярэдняя т-растудз. -6,6 °C, ліп. 17,5 °C Ападкаў 695 мм за год. Вегет. перыяд 189 сут. Гал. рака Нёман, яго левыя прытокі Уша (з Міранкай) і Сэрвач (з Нёўдай і Рутай). Найб. пашыраны дзярнова-падзолістыя (61,6%) і тарфяна-балотныя (14,1%) глебы. Пад лесам 21% тэр. раёна (буйны масіў Графская пушча на крайнім ПнУ), пераважаюць хваёвыя, яловыя, бярозавыя і дубовыя лясы. Балоты займаюць 1,8% тэрыторыі, асушана 16 078 га. Найб. балотныя масівы Карэлічы (Галае балота), Зарэчча, Воўчае балота. Рэсп. гідралагічны заказнік Міранка. Помнікі прыроды: парк «Мір», каштан васьмітычынкавы ў в. Райца, геал. агаленне Цімошкавічы.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 73,8 тыс.га, з іх асушаных 15,4 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 12 калгасаў, племзавод «Карэлічы», птушкафабрыка «Чырвонаармейская», 11 фермерскіх гаспадарак. Мяса-малочная жывёлагадоўля (буйная раг. жывёла, свінагадоўля), ільнаводства, бульбаводства. Пасевы збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харчовай прам-сці (вытв-сць масла, сыру, мясных вырабаў, спірту), буд. матэрыялаў, ільнозавод. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Навагрудак—Карэлічы—Мір—Стоўбцы, Навагрудак—Нясвіж, Карэлічы—Малюшычы—Наваельня. У раёне 14 сярэдніх, 9 базавых, 9 пач., 4 муз., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 2 прафес.-тэхн. вуч., 17 дашкольных устаноў, 14 дамоў культуры, 25 клубаў, 42 б-кі, 5 бальніц, 24 фельч.-ак. пункты, 2 паліклінікі, 5 амбулаторый. Помнікі архітэктуры: палацава-замкавы комплекс (16—18 ст.) у г.п. Мір; Казанская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Беражна; будынак бровара (канец 18 ст.) і касцёл Ганны (1773) у в. Варонча; царква Ушэсця (пач. 19 ст.) у в.Вял. Мядзведка; Петрапаўлаўская царква (1745) у в.Вял. Жухавічы; Усясвяцкая царква (1935) у в. Дольная Рута; царква (канец 18 — пач. 19 ст.) у в. Заполле; сядзібны дом (2-я пал. 19 ст.) у в. Кальчычы; Успенская царква (пач. 20 ст.) у в. Любанічы; царква Іаана Прадцечы (19 ст.) у в. Мал. Жухавічы; Міхайлаўская царква (пач. 19 ст.) у в. Міратычы; сядзіба (канец 19 — пач. 20 ст.) у пас. Першамайскі; жылы і сядзібны дамы (19 ст.) у в. Райца; капліца (канец 19 ст.) у в. Сэрвач; Пакроўская царква (1888) у в. Турэц; капліца і царква Ушэсця (2-я пал. 19 ст.) у в. Ярэмічы. Выдаецца газ. «Полымя».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́МЕРАЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана ў Расійскай Федэрацыі на ПдУЗах. Сібіры. Утворана 26.1.1943. Пл. 95,5 тыс.км². Нас. 3037 тыс.чал. (1997), гарадскога 87%. Цэнтр — г.Кемерава. Найб. гарады: Новакузнецк, Пракоп’еўск, Бялова, Ленінск-Кузнецкі, Кісялёўск, Анжэра-Суджанск.
Прырода. К.в. займае Кузнецкую катлавіну (выш. да 500 м), размешчаную паміж Салаірскім кражам (выш. да 590 м) і Кузнецкім Алатау (выш. да 2178 м). На Пд хрыбты Горнай Шорыі, на Пн частка Зах.-Сіб. раўніны. Карысныя выкапні: каменны вугаль (найбуйнейшы ў Расіі Кузнецкі вугальны басейн), буры вугаль (зах.ч.Канска-Ачынскага вугальнага басейна), сідэрытавыя (на ПнУ), магнетытавыя (радовішча Таштагол і Шэрэгеш у Горнай Шорыі), марганцавыя (Усінскае), поліметал. (Салаір) руды, золата, нефеліны (Кія-Шалтыр), вермікуліт, трэмаліты, баксіты, фасфарыты, тальк, прыродныя цэаліты, буд. матэрыялы (больш за 135 радовішчаў, з іх 50 эксплуатуюцца). Крыніцы мінер. вод. Клімат кантынентальны з працяглай зімой і кароткім цёплым летам. Сярэдняя т-растудз. ад -17 °C да -22 °C, ліп. 17—20 °C. Ападкаў 300—500 мм, у гарах да 900 мм за год. Рэкі належаць да бас.р. Об (найб. Том, Іня, Кія, Яя, Чумыш), багатыя гідраэнергіяй (гідрарэсурсы 261 тыс.кВтгадз на 1 км², 2-е месца ў Расіі пасля Іркуцкай вобл.). Глебы на раўніне ў Кузнецкай катлавіне чарназёмныя, у перадгорнай і горнай частках шэрыя лясныя, падзолістыя, у далінах рэк алювіяльныя. Пад лесам 4,5 млн.га (запасы драўніны 598 млн.м³), пераважаюць хвойныя (піхта, кедр, хвоя), лесастэпы з бярозава-асінавымі колкамі, стэпы — кавыльна-ціпчаковыя.
Гаспадарка. Гал. галіна прам-сці — вугальная, сканцэнтравана ў Кузбасе (94,4 млн.т, 1996, 40% здабычы Расіі). Асн. цэнтры здабычы: Пракоп’еўск, Новакузнецк, Анжэра-Суджанск, Ленінск-Кузнецкі, Кісялёўск, Бялова, Междурэчанск і інш.Вытв-сць электраэнергіі 27 млрд.кВтгадз (1996). Кемераўская, Том-Усінская, Паўд.-Кузбаская, Бялоўская ДРЭС. Вытв-сць чорных металаў на Кузнецкім металургічным камбінаце, з-дах: Зах.-Сібірскім поўнага цыкла, Новакузнецкім ферасплаваў і металургічным няпоўнага цыкла ў Гур’еўску. Каляровая металургія прадстаўлена вытв-сцю алюмінію і цынку. Хім.прам-сць пашырана ў Кемераўскім вузле: коксахім. з-д, Новакемераўскі хім. камбінат, азотна-тукавы з-д, аніліна-фарбавы, капронавай пражы. Металаёмістае машынабудаванне арыентавана на патрэбы вугальнай, металургічнай і хім. прам-сці. Прам-сцьбуд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, шыферу, шкла, жалезабетонных канструкцый і дэталяў). Развіта лясная, дрэваапр. (у т. л. мэблевая), харч. і лёгкая прам-сць. Сельская гаспадарка прыгараднага характару. Больш за 65% с.-г. прадукцыі дае малочна-мясная жывёлагадоўля. Свінагадоўля. Развіты пчалярства, пушны промысел, зверагадоўля. Пад с.-г. ўгоддзямі 2,7 млн.га (60% займаюць ворныя землі). Вырошчваюць збожжавыя культуры (пшаніца, ячмень, авёс), бульбу, агародніну. Аснову трансп. сеткі складаюць чыгункі. Транскантынентальная чыг. магістраль, Паўладар—Барнаул—Новасібірск—Абакан і шэраг чыг. ліній на Кузбас: Новасібірск—Бялова—Новакузнецк з адгалінаваннямі на Кемерава, Гур’еўск, Таштагол. Даўж. чыгунак 1,8 тыс.км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 8,7 тыс.км. Суднаходства па р. Том. Нафтаправод Ніжнявартаўск—Анжэра-Суджанск—Краснаярск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУ́РНАЯ МО́ВА,
асноўная наддыялектная форма існавання мовы, якая характарызуецца агульнанац. значнасцю, поліфункцыянальнасцю. разнастайнасцю пісьмовых і вусных жанраў яе выкарыстання ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, тэндэнцыяй да рэгламентацыі. Як вышэйшая форма нацыянальнай мовы паводле свайго сац. і культ. статусу процістаіць тэр.дыялектам і прастамоўю. Л.м. — катэгорыя гістарычная. Яна складваецца на пэўным этапе сац.-эканам. і культ. развіцця этнасу, калі ўзнікае грамадска ўсвядомленая неабходнасць у больш дасканалым, чым асобныя мясц. гаворкі, агульназразумелым сродку зносін з мэтай абслугоўвання патрэб маладой нацыі ў сферы дзярж. кіравання, эканомікі, адукацыі, навукі, мастацтва і культуры. Гістарычнасць Л.м. выяўляецца ў паступовай зменлівасці норм моўных, складванні функцыян.стыляў мовы і падстыляў, стылістычнай дыферэнцыяцыі сродкаў выражэння, павелічэнні лексіка-фразеалагічнага фонду мовы, фарміраванні тэрміналогіі, з’яўленні пісьменнасці, назапашванні рознажанравых пісьмовых помнікаў (тэкстаў), стварэнні заканадаўча-прававых актаў, накіраваных на ахову Л.м. як агульнанац. духоўнай каштоўнасці. Л.м. павінна мець абавязковую пісьмовую фіксацыю (гл.Пісьмовая мова), кніжна-пісьмовую форму пры натуральным захаванні і вуснай формы яе бытавання (гл.Вусная мова). Нарматыўнасць Л.м. выступае ў якасці рэгулятара яе сінхранічнага функцыянавання і дыяхранічнага развіцця. Яна абумоўлена знешнімі, сац. фактарамі (стандартызацыяй дакументацыі, агульнасцю дыдактычных задач школы, адзінствам правапіснай сістэмы і інш.) і ўнутрымоўнымі, сістэмна-структурнымі фактарамі (наяўнасцю моўна-маўленчых варыянтаў, дыялектнымі і іншамоўнымі ўплывамі, праяўленнямі тэндэнцый фанет. і лексіка-грамат. развіцця і інш.). Агульнаабавязковасць моўных норм адлюстроўваецца ў іх кадыфікацыі, г.зн. фіксацыі ў слоўніках розных тыпаў, навуч. і навук. граматыках, агульных і галіновых энцыклапедыях, тэрміналагічных і інш. моўных даведніках.
У аснову літ.бел. мовы леглі гаворкі Цэнтр. Беларусі (зона Ашмяны—Мінск—Барысаў; гл. ў арт.Дыялект). У працэсе развіцця яна ўвабрала і ўбірае ў сябе найб. тыповыя рысы паўд.-зах, і паўн.-ўсх.бел. дыялектаў, адначасова ўзбагачаецца запазычаннямі з роднасных рус. і ўкр., а таксама інш. моў. Л.м. цесна ўзаемадзейнічае з дыялектамі, пастаянна папаўняецца за іх кошт. Адначасова яна ўплывае на дыялекты, спрыяе іх уніфікацыі. Паняцці Л.м. і мова мастацкай літаратуры суадносныя, але не тоесныя. Маст.л-ра — толькі адна са сфер выкарыстання Л.м. У маст. л-ры могуць выкарыстоўвацца словы і формы слоў з прастамоўя, мясц. дыялектаў, жаргонаў, а таксама элементы індывідуальнай словатворчасці пісьменніка. На станаўленне шматлікіх Л.м. уплывае творчасць пісьменнікаў (напр., А.Пушкіна на рус. Л.м., У.Шэкспіра на англ. мову, Я.Купалы, Я.Коласа і інш. на бел. Л.м.). Пра асн. этапы развіцця і сучасны стан бел. Л.м. гл. ў арт.Беларуская мова.
Літ.:
Виноградов В.В. Проблемы литературных языков и закономерностей их образования и развития. М., 1967;
Жураўскі А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967;
Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968;
Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд.Мн., 1984;
Міхневіч А.Я. Да характарыстыкі беларускай літаратурнай мовы ў яе сучасным стане // Slavia. 1984. R. 53, № 3—4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЮ́ШКА ((Moniuszko) Станіслаў) (5.5.1819, б. фальварак Убель Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 4.6.1872),
польскі і бел. кампазітар, дырыжор, педагог. Стваральнік польскай нац. класічнай оперы, першых нац.сімф. твораў, класік польск. вак. лірыкі. Пачатковую муз. адукацыю атрымаў у Д.Стафановіча ў Мінску. З 1840 арганіст, дырыжор, выкладчык музыкі ў Вільні, у 1858—72 дырыжор і дырэктар «Т-ра Велькі», з 1864 адначасова праф.Муз. ін-та ў Варшаве. Стварэнне першых вадэвіляў, муз. камедый і камічных опер звязана з Беларуссю. У 1834 мінскімі аматарамі пастаўлены «Канторскія служачыя», у 1841 у Гродне і ў 1843 у Мінску — «Латарэя». На лібрэта В.Дуніна-Марцінкевіча напісаны «Рэкруцкі набор» (з К.Кжыжаноўскім; паст. 1841, Мінск), «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада», «Ідылія» («Сялянка», з Кжыжаноўскім; паст. 1852, Мінск; асобныя нумары — 1994, Нац.акад.т-р імя Я.Купалы). «Сялянка», дзякуючы выкарыстанню ў лібрэта бел. мовы (разам з польскай) і апоры на бел. муз.фальклор, мела вял. значэнне для бел.муз.культуры. М. пастаянна падтрымліваў сувязі з бел. музыкантамі, пісаў пра іх, садзейнічаў выданню іх твораў (даслаў творы Ф.Міладоўскага Ф.Лісту), памагаў атрымаць муз. адукацыю, наладжваў канцэрты, дасылаў у Мінск Стафановічу і Міладоўскаму свае творы. Са сталых опер найб. папулярная «Галька» (1847, паст. 1854, 2-я рэд. 1859; 1856, Мінск; 1975, Дзярж.т-р оперы і балета Беларусі), якая адлюстроўвае сац. канфлікты і мае дэмакр. накіраванасць. Сярод інш. твораў: оперы «Графіня» (1860), «Вербум нобіле» («Слова гонару», 1861), «Страшны двор» (1865; у 1952 упершыню ў СССРпаст.Дзярж. т-рам оперы і балета Беларусі, пераклад на бел. мову М.Танка), «Парыя» (1869); балеты «Монтэ-Крыста» (1866), «На пастоі» (1868), «Хітрыкі сатаны» (1870); кантаты. «Мільда» (1848), «Ніёла» (1865), «Крымскія санеты» на словы А.Міцкевіча (1868); месы, 4 «Вострабрамскія літаніі», рэквіем; арк. уверцюры і танцы; 2 стр. квартэты; творы для фп., у т. л. цыкл «Забаўкі» (1843), транскрыпцыі паланэзаў М.К.Агінскага; больш за 400 сольных песень (увайшлі ў 12 «Хатніх спеўнікаў», 12 песень на вершы Я.Чачота), музыка да драм. спектакляў і інш. Творам М. ўласцівы яскравая меладычнасць, лірызм, даступнасць муз. мовы, операм і аперэтам — майстэрства стварэння індывід. характарыстык і будовы масавых, ансамблевых і сольных сцэн. Вытокі яго муз. мовы ў польск. і бел. фальклоры (многія з яго арыгінальных мелодый лічацца народнымі). У Мінску выдадзены зб. рамансаў і песень М. на словы У.Сыракомлі «Ліра мая для спеваў» (1998).
Літ. тв.: Listy zebrane. Kraków, 1969.
Літ.:
Станислав Монюшко. М.; Л., 1952;
Рудзинский В. Монюшко: Пер. с под. М., 1960;
Яго ж. Монюшко и его связи с русской культурой // Русско-польские музыкальные связи. М., 1963;
Мальдзіс А. Станіслаў Манюшка // Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX ст.Мн., 1969;
Смольский Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963. С. 52—63;
Бравер Л. Продкі і сваякі Манюшкі // Маладосць. 1967. № 9;
Фукс М. Манюшка на Беларусі: Пер. с пол. // Полымя. 1967. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКІ ВО́БРАЗ,
спосаб і форма адлюстравання і стварэння свету ў мастацтве; катэгорыя маст. дзейнасці. Існуе ў канкрэтна-пачуццёвай форме, г. зн. у працэсе станаўлення М.в. адбываецца абагульненне канкрэтнага, адзінкавая з’ява паўстае адначасова як асаблівая і як усеагульная. Гэта абагульненне адметнае цэласнасцю, у якой рацыянальны пачатак цесна зліваецца з эмацыянальным. М.в. мае шматгранную прыроду. Т.зв. мікравобраз — малая часцінка маст. тканіны твора (у паэзіі — метафары, метаніміі, у музыцы — такты ў мелодыі, у выяўл. мастацтве — фрагмент і г.д.). У больш буйным плане М.в. — вобраз героя, дзеючай асобы маст. твора (вобразы Яўгена Анегіна А.Пушкіна, Сымона-музыкі Я.Коласа, Караля Стаха У.Караткевіча, вобразы зняволеных у канцлагеры ў цыкле карцін М.Савіцкага «Лічбы на сэрцы»), Максімальны маштаб вобраза — цэласнае ўтварэнне мастацкасці ўвогуле (спектакль, скульптура, раман, будынак ці сістэма будынкаў). Як дыялектычна супярэчлівае, рухомае адзінства зместу і формы М.в. суадносіцца з асн.эстэт. катэгорыямі (прыгожае, трагічнае, агіднае, камічнае, узнёслае). У залежнасці ад характару гэтага адзінства — гарманічнай тоеснасці ці антаганістычнай проціпастаўленасці — атрымлівае адпаведную эстэт. ацэнку, што прадвызначае ролю М.в. ў працэсе маст. выхавання. Стылявыя разнавіднасці, выкарыстанне розных метадаў мастацкіх, рэалізацыя ідэалаў эстэтычных (грамадскага, выпрацаванага эпохай і часам, і асабістага, індывідуальнага ідэалаў мастака) у маст. творчасці спараджаюць шматлікія сістэмы маст. вобразнасці. Рэалізацыя ў мастацтве сац. і эстэт. ідэалаў садзейнічае стварэнню мадыфікаваных сістэм маст. вобразнасці ў межах нават аднаго кірунку: маст.-вобразная сістэма ў творчасці першых прадстаўнікоў бел. рамантызму (В.Дунін-Марцінкевіч, В.Каратынскі, Я.Чачот) значна адрозніваецца ад сістэмы маст. вобразаў у творах больш позніх прадстаўнікоў рамантызму (раннія вершы і паэмы Я.Купалы і Я.Коласа, большасць твораў М.Багдановіча). Першапачаткова М.в. узнікае ў свядомасці мастака. Пры яго стварэнні важнае значэнне набывае светасузіральная пазіцыя творцы, якая разам з маст. вымыслам, інтуіцыяй, густам эстэтычным выступае ў якасці кампанента маст. творчасці. М.в. знаходзіць пэўнае рэчыўнае афармленне ў розных відах мастацтва, дзе яго інтэрпрэтацыя абумоўлівае выкарыстанне спецыфічнай мовы пэўнага віду мастацтва (слова ў маст. л-ры, фарбы ў жывапісе, лініі ў графіцы, гук у музыцы і г.д.), раскрываецца ў мастацкай ідэі, якая дыктуе вырашэнне тэмы і сюжэта, кампазіцыю твора. Сваё пэўнае завяршэнне М.в. набывае ў працэсе яго ўспрымання, перажывання і ацэнкі рэцыпіентам мастацтва.
Літ.:
Выготский Л.С. Психология искусства. 2 изд. М., 1968;
Горанов К. Художественный образ и его историческая жизнь: Пер. с болг. М., 1970;
Гачев Г.Д. Жизнь художественного сознания: Очерки по истории образа. М., 1972;
Храпченко М.Б. Горизонты художественного образа // Контекст, 1980. М., 1981;
Малахов В.А. Искусство и человеческое мироотношение. Киев, 1988;
Малинина Н.Л. Диалектика художественного образа. Владивосток, 1989;
Салеев В.А. Искусство и его оценка. Мн., 1977;
Яго ж. Нацыянальная самасвядомасць і мастацкая культура. Мн., 1990;
Яковлев Е.Г. Художник: личность и творчество. М., 1991;
Махлина С.Т. Язык искусства в контексте культуры. СПб., 1995;
Лихачев Д.С. Очерки по философии художественного творчества. СПб., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРО́ВІЧ (сапр.Дунаеў) Еўсцігней Афінагенавіч
(10.8.1878, С.-Пецярбург — 16.2.1952),
бел. драматург, рэжысёр, педагог, адзін са стваральнікаў бел.т-ра. Нар.арт. Беларусі (1940). Праф. (1945). Скончыў школу малявання пры Акадэміі мастацтваў і курсы Пецярбургскага гуртка аматараў драм. мастацтва імя Волкава. Прафесійную сцэн. дзейнасць пачаў у 1900 у Пецярбургу як акцёр і рэжысёр. З 1919 працаваў на Беларусі. Акцёр і рэжысёр Мінскага гарнізоннага т-ра (1919), Т-рарэв. сатыры («Тэрэўсат», 1921), рус.т-ра «Шануар» (1922). Маст. кіраўнік Бел.т-ра імя Я.Купалы (1921—31, у 1941—45 рэж.), Гомельскага ТРАМа (з 1932), Гомельскага калгасна-саўгаснага (з 1935) і Бел. юнага гледача (1937—40) т-раў, Рэсп.тэатр. вучылішча (1938—41). З 1945 маст. кіраўнік і заг. кафедры майстэрства акцёра Бел.тэатр. ін-та. З 1904 выступаў як драматург. Першыя п’есы «Алекуны» (нап. 1904), «Гнілыя ўстоі» (нап. 1905), «Сучасны вампір» («Жах часу») і «Ноч мільянера» (абедзве нап. 1906, забаронены царскай цэнзурай). З дакастр. п’ес і сатыр. сцэнічных мініяцюр папулярнасцю карысталіся «Графіня Эльвіра», «Тэатр купца Япішкіна» (паст.Бел. тэлебачаннем 1978, Т-рам-студыяй кінаакцёра 1993), «Вова прыстасаваўся», «Крутавертаў і сын». Некаторыя персанажы гэтых п’ес сталі назыўнымі. У п’есах «Машэка» (першая п’еса на бел. мове, пач. назва «У часы даўнейшыя», паст. 1923) і «Каваль-ваявода» (паст. 1925) шырока выкарыстаў фалькл. сюжэты, традыцыі бел.нар. драмы. Драм. творы М. вызначаліся жанрава-тэматычнай шырынёй, сцэнічнасцю, глыбінёй пранікнення ў псіхалогію герояў. Укладам у развіццё сатыр. жанраў бел. л-ры з’явілася яго камедыя «Кар’ера таварыша Брызгаліна» (паст. 1925). П’еса «Кастусь Каліноўскі» (паст. 1923, экранізавана 1928) — першая спроба стварэння гіст. драмы на Беларусі. У драме «Перамога» (паст. 1926) упершыню ў сав. драматургіі выкарыстаў «кінематаграфічныя» кампазіцыйныя элементы. Паслядоўнік вучэння К.Станіслаўскага, рэжысёр высокай тэатр.культуры, М. узбагаціў бел. сцэну лепшымі традыцыямі сусв. і рус.рэаліст. мастацтва. Гал. прынцып рэжысуры — творча асэнсаваная і ўвасобленая на сцэне жыццёвая праўда, дакладная распрацоўка псіхалогіі характараў, стварэнне сцэн. твора ў суладдзі з аўтарскай канцэпцыяй, логікай паводзін персанажаў, ансамблевасць выканання. Шырока апіраўся на нар. традыцыі, выкарыстоўваючы элементы фальклору і этнаграфіі як вобразны кампанент спектакля, сродак вобразнага ўздзеяння на гледача. Шмат увагі аддаваў распрацоўцы нар. масавых сцэн. Зрабіў вял. ўплыў на фарміраванне бел.нац. акцёрскай школы і рэжысуры. Сярод пастановак: «На Купалле» М.Чарота (1921), «Пасланец» Л.Родзевіча, «Вучань д’ябла» Б.Шоу (абодва 1922), «Мешчанін у дваранах» Мальера (1924), «Змрок» В.Шашалевіча, «Мяцеж» Дз.Фурманава і С.Паліванава (абодва 1927), «Гута» Р.Кобеца (1930), «Гадзіншчык і курыца» І.Качаргі (1935), «Даходнае месца» А.Астроўскага (1936), «Цудоўная дудка» В.Вольскага (1939) і інш. Пра М. зняты дакумент. фільм «Праз усё жыццё» (1978). У 1998 у Нац. т-ры імя Я.Купалы пастаўлена п’еса «Інтымны тэатр Еўсцігнея Міровіча» паводле твораў М., створаных для «Інтымнага тэатра», якім ён кіраваў у Пецярбургу.