РАЗДРАЖНЯ́ЛЬНАСЦЬ,
здольнасць жывых клетак, тканак або цэлага арганізма рэагаваць на вонкавыя і ўнутраныя ўздзеянні — раздражняльнікі; аснова прыстасаванасці да змен навакольнага асяроддзя. Праяўляецца на ўсіх узроўнях жыццядзейнасці ва ўсіх біял. сістэмах. Суправаджаецца комплексам неспецыфічных змен — зрухам абмену рэчываў, эл. патэнцыялу, стану пратаплазмы, а ў высокаарганізаваных жывёл звязана з выкананнем спецыфічных функцый (правядзенне нерв. імпульсу, скарачэнне мышцы, выдзяленне сакрэту залозістай тканкай і інш.). У жывёл, якія не маюць нерв. сістэмы, рэакцыя на раздражненне ахоплівае ўсю пратаплазму і выяўляецца пераважна ў выглядзе рухальных рэакцый (таксісаў). У мнагаклетачных жывёл нерв. і мышачная тканкі забяспечваюць хуткія і дакладныя рэакцыі ў адказ на раздражненне. Таксама развіваюцца формы апасродкаванай рэактыўнай сувязі з раздражняльнікам (рэфлекторна) праз вышэйшую нерв. дзейнасць і свядомасць. Здольнасць нерв. і мышачных клетак адказваць на раздражненне наз. ўзбудлівасцю. Часам мясц. рэакцыі тканак або клетак наз. рэактыўнасцю, а ўзнікненне працэсу, які хвалепадобна распаўсюджваецца — узбудлівасцю. Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца і як сінонім узбудлівасці. У раслін Р. абумоўлена структурнымі і функцыян. зменамі клетачных мембран і з’яўляецца асновай іх рэгулятарнай сістэмы. Праяўляецца рэакцыяй на святло (фотатрапізм, фотаперыядызм), гравітацыйнае поле (геатрапізм), у рухальных рэакцыях (настыі) і інш.
А.С.Леанцюк.
т. 13, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
дра́га
(фр. drague, ад англ. drag)
1) плывучая землечарпальная машына, прызначаная для паглыблення дна рэк і азёр, а таксама для распрацоўкі рассыпных залежаў золата і плаціны;
2) спецыяльная сетка для здабывання з дна глыбокіх вадаёмаў жывёл і раслін.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
аскаміцэ́ты
(н.-лац. ascomycetes, ад гр. askos = сумка + mykes, -etos = грыб)
клас вышэйшых грыбоў, для якога характэрна размнажэнне спорамі, што развіваюцца ў асках, пашыраны па ўсім зямным шары; пераважна сапратрофы, многія — паразіты раслін, жывёл і чалавека; сумчатыя грыбы.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
аналагі́чны
(гр. analogikos)
1) заснаваны на аналогіі (напр. а. метад);
2) падобны, адпаведны;
а-ыя органы — органы жывёл і раслін, якія выконваюць аднолькавыя функцыі, хоць і адрозніваюцца па будове (напр. лёгкія і жабры, лісты і калючкі); параўн. гамалагічны.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
па́рус
(гр. pharos)
1) умацаваны на мачце кавалак моцнай тканіны, які надзімаецца ветрам і прыводзіць у рух судна;
2) верхні, самы буйны пялёстак у кветак бабовых раслін;
3) архіт. трохвугольнае сферычнае скляпенне, якое нагадвае па форме надзьмуты парус.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
полімарфі́зм
(ад полі- + -марфізм)
1) здольнасць аднаго і таго ж рэчыва крышталізавацца ў розных формах (параўн. таксама дымарфізм 1);
2) наяўнасць у межах аднаго віду раслін або жывёл асобін, якія рэзка адрозніваюцца паміж сабой (параўн. таксама дымарфізм 2).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
фа́вус
(лац. favus = пчаліныя соты)
1) заразная хвароба скуры чалавека, выкліканая паразітычнымі грыбамі; парша;
2) заразная грыбковая хвароба жывёл (сабак, катоў, трусоў, птушак);
3) захворванне раслін (яблыні, грушы, цытрусавых, бульбы і інш), выкліканае рознымі відамі грыбоў і бактэрый.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
фітацэно́з
(ад фіта- + -цэноз)
сукупнасць відаў раслін на тэрыторыі з больш-менш аднароднымі кліматычнымі, грунтавымі і іншымі ўмовамі, што знаходзяцца ў складаных узаемаадносінах як паміж сабой, так і з навакольным асяроддзем (напр. сасновы лес, дуброва і г. д.).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬ ЖЫЦЦЯ́,
працягласць існавання асобіны (часам клону), якая абумоўлена генетычна і залежыць ад розных фактараў. У жывёл і раслін адрозніваюць П.ж. фізіялагічную, экалагічную і сярэднюю. Фізіялагічная — макс. П.ж. для асобін дадзенага віду пры аптымальных умовах існавання, абумоўленая генетычна. Экалагічная П.ж. характарызуе мяжу ўзросту асобін у прыродных умовах і залежыць ад шматлікіх знешніх фактараў. Сярэдняя П.ж. — узрост, якога ў сярэднім дасягаюць асобіны пэўнай выбаркі аднаго віду. У раслін найб. П.ж. ў хвоі асцістай і баабаба — 4—5 тыс. гадоў, секвоядэндрана, ціса, кіпарыса — да 3 тыс. гадоў, дуба, каштана, грэцкага арэха — больш за 2 тыс. гадоў. Сярод жывёл — у чарапахі (больш за 150 гадоў), пласцініста-жаберных малюскаў (да 100 гадоў), некаторых рыб (асятровыя — да 100 гадоў, шчупак — больш за 80 гадоў), сланоў (60—70 гадоў), птушак (філін — да 70, клондар — да 40 гадоў). У некаторых амёб у спрыяльных умовах П.ж. не абмежавана, клоны парамецый жывуць да 10 гадоў. П.ж. чалавека вызначаецца яго біял., спадчыннымі асаблівасцямі, сацыяльнымі (побыт, праца, адпачынак, харчаванне) і экалагічнымі ўмовамі. У дэмаграфічнай статыстыцы выкарыстоўваецца шэраг сярэдніх характарыстык П.ж., якія разлічваюцца з дапамогай табліц смяротнасці. Чакаемая П.ж. паказвае — колькі гадоў можа пражыць у сярэднім адзін чалавек з пакалення народжаных або дасягнуўшых пэўнага ўзросту, калі на працягу далейшага жыцця гэтага пакалення ў кожным узросце захаваецца інтэнсіўнасць смяротнасці дадзенага перыяду. Паводле даследаванняў П.ж. і стан здароўя насельніцтва залежаць на 51,2% ад спосабу жыцця, на 20,4% ад біял. даных чалавека, у т. л. спадчыннасці, на 19,9% ад стану навакольнага асяроддзя і на 8,5% ад узроўню развіцця аховы здароўя. Паводле даных на 1999 найб. высокую чакаемую П.ж. мелі: Японія 80,5 гадоў, Швецыя 79,5, Канада і Швейцарыя 79 гадоў. Найменшы паказчык чакаемай П.ж. адзначаны ў краінах Афрыкі: Малаві 36 г., Замбія 37,5, Эфіопія і Уганда па 41,5 года. У большасці краін свету чакаемая П.ж. ў жанчын перавышае аналагічны паказчык у мужчын. Беларусь па ўзроўні П.ж. займае адно з апошніх месц у першай сотні краін свету. Паказчыкі чакаемай П.ж. пасля значнага росту амаль да канца 1960-х г. (П.ж. вырасла да 72,9 года ў 1964—69) стабілізаваліся ў канцы 1980-х г., а потым пачалі зніжацца. У 1999 узровень чакаемай П.ж. стаў ніжэй узроўню 1958—59 (70,3 года) і склаў 68,5 года. П.ж. адрозніваецца вял. дыферэнцыяцыяй паводле полу: у мужчын 64, у жанчын 74 гады. Мае месца і доўгажыхарства. Перапіс насельніцтва (1999) зарэгістраваў у групе людзей узростам 100 і болей гадоў 104 мужчыны, 877 жанчын.
Дз.М.Кудзелька.
т. 13, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
бальза́м
(лац. balsamum, ад гр. balsamon = пахучая жывіца)
1) густы пахучы сок некаторых раслін, які мае ў сваім складзе смолы, эфірны алей; выкарыстоўваецца ў медыцыне і парфумерыі;
2) пахучая настойка на лекавых травах;
3) перан. тое, што прыносіць заспакаенне.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)