НЕ́РВЫ (лац. nervus ад грэч. neuron нерв, жыла),

цяжы нервовай тканкі, што звязваюць мозг і нервовыя вузлы з інш. тканкамі і органамі цела. Утвораны пучкамі нерв. валокнаў — адросткамі нейронаў (аксоны разам з іх абалонкамі), якія праводзяць нерв. імпульс. Звычайна Н. маюць 10​3—10​4 валокнаў. Па кожнаму валакну імпульс распаўсюджваецца ізалявана. Адрозніваюць Н. чуллівыя (аферэнтныя, цэнтраімклівыя), рухальныя (эферэнтныя, цэнтрабежныя) і змешаныя. У пазваночных жывёл і чалавека ад галаўнога мозга адыходзяць чэрапнамазгавыя нервы, ад спіннога — спіннамазгавыя нервы. Некалькі суседніх Н. утвараюць нерв. спляценні (сеткавыя злучэнні нерв. валокнаў, якія забяспечваюць чуллівую і рухальную інервацыю скуры, шкілетных мышцаў і ўнутр. органаў пазваночных жывёл і чалавека). Паводле характару інервацыі органаў Н. класіфікуюць на вегетатыўныя і саматычныя. Іх сукупнасць утварае перыферычную нерв. сістэму.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВА́ЛЬНАЕ ЗАПАЛЕ́ННЕ ЛЁГКІХ буйной рагатай жывёлы, перыпнеўманія ці плеўрапнеўманія буйной рагатай жывёлы,

высоказаразная інфекц. хвароба, якая выклікаецца грыбападобнай мікаплазмай. Пашкоджвае пераважна лёгкія (крупознае запаленне з захопам міждолькавай злучальнай тканкі і сасудаў, некрозам асобных участкаў) і плеўру (серозна-фіброзны плеўрыт). Найб. пашырана ў Афрыцы, адзначаецца ў Еўропе, Азіі, Аўстраліі. Каранцінная хвароба.

Узбуджальнік выдзяляецца з макротай, выцяканнямі з носа, малаком, мачой хворых жывёл. Заражэнне адбываецца праз бронхі паветрана-кропельным шляхам. Цячэнне звышвострае, вострае, падвострае ці хранічнае, часам абартыўнае (кароткачасовае, з няпоўным развіццём хваробы). Назіраюцца ліхаманка з высокай т-рай, прыгнечанасць, парушэнні дыхання, кашаль, балючасць у вобласці міжрэберных прамежкаў і пазваночніка, выцяканні з носа, расстройствы стрававальнага тракту, бледнасць слізістых абалонак, ацёкі канечнасцей і ніжняга боку цела і інш. Звычайна жывёлы гінуць.

т. 11, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАДО́ВАЯ ГНІЛЬ, манілёз,

хвароба пладовых дрэў, якая выклікаецца недасканалымі грыбамі з роду манілія. Найб. пашырана на вішні, чарэшні, сліве, грушы і яблыні. Пашкоджвае плады, кветкі, лісце, парасткі і інш. Пашырана ўсюды, моцна праяўляецца ў вільготныя і цёплыя гады.

Інфекцыя разносіцца ветрам, дажджом, насякомымі (пладажэрка, казарка), пранікае ў органы раслін праз мех. пашкоджанні. На пладах паяўляюцца невял. бурыя плямы, якія хутка разрастаюцца, тканкі плода размякчаюцца. На паверхні заражаных пладоў утвараюцца белавата-шэрыя, жаўтаватыя канцэнтрычныя падушачкі. Некат. пашкоджаныя плады не ападаюць, муміфікуюцца, робяцца чорнымі, зімуюць, праз іх адбываецца першаснае заражэнне дрэў наступным летам. Страты ўраджаю пладоў ад П.г. дасягаюць 50—70%. Меры барацьбы: знішчэнне ападу, перакопванне глебы вакол ствалоў, апырскванне бардоскай вадкасцю.

Пладовая гніль: 1 — вішні; 2 — грушы.

т. 12, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ФІЛІС, люэс,

хранічная венерычная хвароба, якая выклікаецца бледнай трэпанемай. Пашкоджвае ўсе органы і тканкі арганізма чалавека, мае шматгадовы хвалепадобны характар цячэння з перыядамі затухання і абвастрэння. Перадаецца пераважна палавым шляхам, бывае бытавы С. і ўнутрывантробны (прыроджаны, які можа развівацца ў любым узросце). Крыніца інфекцыі — хворы на С.

Адрозніваюць інкубацыйны, першасны, другасны і трацічны перыяды хваробы. У першасны перыяд на месцы пранікнення ўзбуджальніка развіваецца першасная язва (цвёрды шанкер), павялічваюцца бліжэйшыя лімфатычныя вузлы. Другасны перыяд найб. кантагіёзны, на скуры і слізістых абалонках хворага пашыраецца разнастайная высыпка (плямістая, вузельчыкавая, гнайнічковая), бывае пляшывасць. Трацічны ўзнікае, калі С. не лечаць. Утвараюцца гумы (спецыфічныя бугаркі і вузлы) у скуры, касцях, унутр. органах, нерв. сістэме. Лячэнне тэрапеўтычнае Гл. таксама Венерычныя хваробы.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 14, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

калаге́н

(ад гр. kolla = клей + -ген)

валакністы бялок, што з’яўляецца асноўнай састаўной часткай тканкі, з якой збудаваны косці, храсткі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

макрафа́гі

(ад макра- + -фаг)

клеткі злучальнай тканкі жывёльных арганізмаў, здольныя захопліваць і пераварваць бактэрыі і іншыя чужародныя арганізму часцінкі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

мастапа́тыя мастапаты́я

(ад гр. mastos = сасок + -патыя)

група захворванняў малочнай залозы, якая характарызуецца разрастаннем жалезістай або фібрознай тканкі залозы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

астэакла́сты

(ад астэа- + гр. klasis = зламанне)

клетачныя ўтварэнні, якія пры развіцці касцявой тканкі ўдзельнічаюць ў рассысанні асноўнага рэчыва косці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

біяпсі́я

(ад бія- + гр. opsis = разгляд)

узяцце невялікай колькасці тканкі ў хворага для лабараторнага даследавання, каб вызначыць характар захворвання.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гіпафу́нкцыя

(ад гіпа- + функцыя)

недастатковая дзейнасць якога-н. органа, тканкі, сістэмы, што прыводзіць да парушэння жыццядзейнасці арганізма (проціл. гіперфункцыя).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)