до́ле, прысл.

Абл.

1. На падлозе, на зямлі. Адна белая палоска ляжала доле ад сярэдзіны хаты да парога, а другая .. упіралася ў дзіцячую пасцельку. Кулакоўскі. Яблыкі густа ляжалі і пад яблыняй, доле. Сачанка.

2. Уніз, дадолу. Уздыхнуў клён, пахіснуўся і са страшэннным трэскам і грукатам упаў доле. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на́чыста, прысл.

1. Без памарак, канчаткова. Лепшыя канспекты, як правіла, былі ў Васіна, які адзін рэгулярна перапісваў іх начыста. Карпаў. // Вельмі чыста. Аніводнай непатрэбнай зёлкі не расло пад .. [чайнымі кустамі] — усё было начыста выпала[т]а. Маўр.

2. Цалкам; поўнасцю. Спалілі фашысты ўсё начыста. Людзей каго пазабівалі, а каго ў Нямеччыну пагналі. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паго́йдваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што, чым.

Гайдаць злёгку або час ад часу. Пагойдваць нагой. □ Вада пагойдвае лодку, асабліва калі набліжаецца наш цеплаход. Сачанка. Фурман спяваў нешта сумнае і шырокае, пагойдваў у такт спевам галавою. Караткевіч. / у безас. ужыв. Аўтобус пагойдвала, ручка скакала па паперы, выводзячы каракулі. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пачака́льня, ‑і, ж.

Тое, што і чакальня. Прывялі нас ні то ў нейкі клуб, ні то ў пачакальню вакзала. Сачанка. Не так каб рэдка .. [Казімір] і сустракаўся з ёю — то ў сталоўцы, то на заводскім двары, то ў дырэктарскай пачакальні, — але ні разу не выпадала як след пагаварыць. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпо́л, ‑у, м.

Ніжні пярэдні край сукенкі, кашулі і пад. Воля падхапіла ручкамі шырокую сінюю спаднічку, і бацька пачаў сыпаць ёй у прыпол цукеркі. Арабей. Павольна хадзілі, падаткнуўшы прыполы шырокіх спадніц, кабеты — палолі траву, выбіралі агуркі. Сачанка. Праз акно было відаць, як гаспадар з прыполу кашулі сыпаў зерне. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разапрэ́лы, ‑ая, ‑ае.

Які разапрэў; распараны. Добра будзе досвіткам разбіваць зляжалы за ноч, разапрэлы тарфяны пыл. Мыслівец. Дзям’ян Хрысцюк пазіраў на разапрэлага ад духаты і хвалявання Антона Падлуцкага, пасміхаўся сам сабе. Дуброўскі. Прайшло вельмі мала часу і ногі мае ўміналі пад сябе, мералі разапрэлы ад гарачыні асфальт тратуара. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сябры́на, ‑ы, ж.

Разм. Кола, асяроддзе сяброў. Папрыходзілі сваякі і сябрына ўся. Чорны. Пападваконню ўжо вісла ўся Акілініна сябрына, што выспеўвала з ёй на бярвенні да позняй ночы. Вітка. // Сяброўская бяседа, пачастунак. Сябрына скончылася позна. І калі разыходзіліся па сваіх хатах, кожны ціснуў мне руку, запрашаў у госці. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уні́мак, ‑мку, м.

Разм. У выразах: без унімку — бесперастанку. Архіп Архіпавіч нешта ўсё гаварыў. Гаварыў без унімку. Сіняўскі; няма (не мець) унімку — нельга спыніць, стрымаць. З тыдзень унімку не было, жыць не давала [гаспадыня], поедам мяне ела. Сачанка. На ўсходзе неба запалавела, а грымучае пекла не мела унімку. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усо́хнуць, ‑не; пр. усох, ‑ла; зак.

1. Стаць, зрабіцца цвёрдым ад высыхання. Зямля ўсохла.

2. Зменшыцца ў вазе, аб’ёме пры высыханні; высахнуць.

3. Засохнуць, зачахнуць. Раніцаю ў сад прыйшоў гаспадар. Агледзеў яблыньку і са злосцю вылаяўся: праз адну галінку, маўляў, можа такая добрая яблыня без пары ўсохнуць... Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шарава́ры, ‑аў; адз. няма.

Доўгія шырокія штаны, сабраныя каля шчыкалатак, якія звычайна мужчыны засоўваюць у боты, а жанчыны носяць навыпуск. Мужчыны носяць шырокія, увабраныя ў боты шаравары, доўгія, ніжэй калена, вышываныя кашулі. Сачанка. // Шырокія спартыўныя штаны (доўгія ці кароткія). Хлопчыку цёпла ў шарсцяным світэры і лыжных шараварах. Шыловіч.

[Перс.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)