лекавыя рэчывы, якія памяншаюць або знімаюць тэмпературу цела пры ліхаманцы; маюць таксама абязбольваючае і процізапаленчае дзеянне. Да іх належаць: аспірын, анальгін, бутадыён, фенацэцін, ібупрафен, вальтарэн, індаметацын і інш. Гарачкапаніжальныя сродкі парушаюць сінтэз простагландзінаў (медыятараў ліхаманкі), гэтым зменьваюць работу гіпаталамічнага цэнтра тэрмарэгуляцыі і павялічваюць працэс цеплааддачы. Выкарыстоўваюць гарачкапаніжальныя сродкі рацыянальна пры рэзкім павышэнні тэмпературы (да 39 °C і вышэй).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕКСАГЕ́Н,
цыклатрыметылентрынітрамін, высокабрызантнае выбуховае рэчыва C3H6N6O6. Бясколерны крышт. парашок, tпл 204,5—205 °C (з раскладаннем), шчыльн. 1816 кг/м³. Водаўстойлівы. Цеплата выбуху 5440 кДж/кг, скорасць дэтанацыі каля 8,4 км/с, т-ра ўзгарання каля 230 °C. Атрымліваюць уздзеяннем на уратрапін (гексаметылентэтрамін) канцэнтраванай азотнай к-ты. Выкарыстоўваюць для начынкі боепрыпасаў як кампанент прамысл. выбуховых рэчываў (скальны аманіт, тэрмаўстойлівыя выбуховыя рэчывы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТРЭ́Н (ад лац. vitrum шкло),
састаўная частка вуглёў выкапнёвых, характэрная для гумалітаў. Паводле хім. уласцівасцей падобны на гумусавыя рэчывы тарфоў. Колер чорны, мае моцны бляск, ракавінны або згладжаны злом. Крохкі. Утвараецца пры змене лігнінава-цэлюлозных тканак раслін у выніку раскладання ва ўмовах абводненых тарфяных балот пры недахопе кіслароду. У вуглях утварае лінзы і слаі. Асн. носьбіт спякаючых уласцівасцей выкапнёвых вуглёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАЛІЗІ́НЫ,
рэчывы, здольныя вызваляць гемаглабін з эрытрацытаў крыві. Пры гэтым гемаглабін раствараецца ў плазме або навакольнай вадкасці і кроў робіцца празрыстай (лакавая кроў). Гемалізіны — прадукты жыццядзейнасці многіх бактэрый паразітычных чарвей, насякомых, скарпіёнаў, некат. ядавітых змей (лізалецыціны). Адрозніваюць нармальныя гемалізіны (прысутнічаюць у сываратцы крыві і лізіруюць уласныя эрытрацыты — аўтагемоліз), ізалізіны — лізіруюць эрытрацыты, уведзеныя ўнутрывенна ад жывёл таго ж віду, і гетэралізіны — ад інш. віду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПУ́РАВАЯ КІСЛАТА́,
бензаіл-гліцын, C6H5CONH2CH2COOH, адзін з канчатковых прадуктаў абмену рэчываў у большасці пазваночных жывёл. Утвараецца ў печані і нырках з бензойнай к-ты і гліцыну пры ўдзеле каэнзіму A; выдаляецца з мачой (у норме ў чалавека за суткі выдаляецца 0,1—2 г гіпуравай кіслаты). Проба на сінтэз гіпуравай кіслаты выкарыстоўваецца ў клініцы для вызначэння здольнасці печані абясшкоджваць таксічныя рэчывы (Квіка—Пытэля проба).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВЫ РАСТВО́Р,
вільгаць глебы з растворанымі ў ёй арган. і мінер. рэчывамі і газамі. Пераносіць рэчывы ўнутры і паміж гарызонтамі глебы, забяспечвае расліны вадой і пажыўнымі элементамі, рухаецца пад уздзеяннем сілы цяжару, капілярных, сарбцыйных і асматычных сіл. У залежнасці ад складу раствораных рэчываў і характару ўзаемадзеяння глебавы раствор з цвёрдай фазай глеб, рэакцыя яго можа быць кіслай, шчолачнай або нейтральнай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛО́ЗІСТЫЯ ТКА́НКІраслін,
утварэнні, якія служаць для назапашвання і выдзялення з расліны кропельна-вадкай вады і розных рэчываў. Вылучаюць З.т.: гідатоды, нектарнікі, алейныя, камедзевыя, слізевыя, смаляныя і стрававальныя. Стрававальныя З.т. ў насякомаедных раслін выдзяляюць стрававальныя сокі, здольныя ператраўляць арган.рэчывы. Алейныя, смаляныя, слізевыя і камедзевыя залозкі (органы выдзялення або сховішча выдзяленняў) выдзяляюць бальзам, камедзь, смолы, эфірны алей, слізь і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЭХІ́НЫ,
арганічныя злучэнні расліннага паходжання з групы флаваноідаў; вытворныя флавану. Пашыраны ў прыродзе катэхін, калакатэхін, катэхінгалат, галакатэхінгалат, ёсць у многіх раслінах, асабліва ў лісці чаю, вінаграднай лазе, зернях какавы. Раствараюцца ў вадзе і спірце. Пры полімерызацыі ўтвараюць дубільныя рэчывы. Маюць высокую біял. актыўнасць (умацоўваюць сценкі капіляраў, спрыяюць засваенню аскарбінавай кіслаты), антыакісляльныя, антымікробныя антысклератычныя ўласцівасці. Выкарыстоўваюцца ў медыцыне і харч. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫПТА́НДЫ,
макрагетэрацыклічныя злучэнні, што маюць некалькі цыклаў, у якіх гетэраатамы (кісларод, азот, сера) злучаны паміж сабой этыленавымі масткамі. Вадкасці ці крышт.рэчывы. Раствараюцца ў вадзе і арган. растваральніках. Утвараюць з катыёнамі шчолачных, шчолачназямельных і некат. інш. металаў трывалыя комплексы — крыптаты. Выкарыстоўваюць як каталізатары, высокаселектыўныя сарбенты і экстрагенты для металаў.
Да арт.Крыптанды. Структурная формула 4,7,10,16,19,24-гексаокса-1, 13-дыазабіцыкла [11.8.5] гексказану.