БАРАНКЕ́ВІЧ (Іван Міхайлавіч) (1888, в. Трасцівец Быхаўскага р-на Магілёўскай вобласці — 27.6.1942),

празаік, нарысіст, перакладчык. Пісаў на рус. мове. Удзельнік рэв. 1905—07. У 1931 і 1941 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1982. Друкаваўся з 1913. У 1914 супрацоўнік час. «Вестник Могилевского земства», у 1923—25 — газ. «Соха и молот» («Магілёўскі селянін»), дзе друкаваў апавяданні і нарысы пра жыццё вёскі. Перакладаў на рус. мову творы Я.Коласа, К.Чорнага, М.Зарэцкага.

Тв.:

Н. Ленин. Пг., 1919;

Старый Нил. М., 1920.

Літ.:

Скалабан В. Под псевдонимом «Белорус»: История одного поиска // Неман. 1983. № 12;

Яго ж. Сцежкі вяртання // Братэрства-83. Мн., 1983.

В.У.Скалабан.

т. 2, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫ́ДЖМЕН ((Bridgman) Персі Уільямс) (21.4.1882, г. Кеймбрыдж, штат Масачусетс, ЗША — 20.8.1961),

амерыканскі фізік і філосаф, заснавальнік фізікі высокіх ціскаў. Чл. Нацыянальнай АН ЗША. Скончыў Гарвардскі ун-т (1905), дзе і працаваў (у 1926—54 праф.). Распрацаваў метады атрымання ціскаў да 42,5 ГПа (425 тыс. атм), даследаваў уласцівасці многіх рэчываў пры высокіх цісках, што прывяло, у прыватнасці, да стварэння штучных алмазаў і цвёрдага (металічнага) вадароду. Заснавальнік аперацыяналізму — філас. кірунку, які тэарэт. веды зводзіць да эмпірычных працэдур вымярэння. Аўтар кніг «Аналіз размернасцяў» (рус. пер. 1934) і «Фізіка высокіх ціскаў» (рус. пер. 1935). Нобелеўская прэмія 1946.

т. 3, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛГРА́ДСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1793.

Падпісаны 29 вер. ў Бялградзе паміж Расіяй і Турцыяй, завяршыў руска-турэцкую вайну 1735—39. Паводле дагавора за Расіяй замацавана права на Азоў, Запарожжа, землі паміж Паўд. Бугам і Северскім Данцом. За Турцыяй засталіся Сербія і Малая Валахія. Вялікая і Малая Кабарда прызнаваліся нейтральнымі. Расіі забаранялася трымаць флот на Азоўскім і Чорным морах, гандаль на Чорным м. яна магла весці толькі на тур. караблях. Умовы міру не адпавядалі поспехам рус. войск і не вырашалі гал. задачы рус. дыпламатыі — атрыманне выхаду да Чорнага м. Ануляваны Кючук-Кайнарджыйскім мірам 1774.

т. 3, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВИ́ТЕБСКИЙ ВЕ́СТНИК»,

грамадска-паліт. газета. Выдавалася штодзённа з 1(14).7.1912 да 16(29) 4.1917 у Віцебску на рус. мове. Была рупарам мясц. арг-цыі Саюза рускага народа і правых акцябрыстаў. Выдавалася на ўрадавыя сродкі. Друкавала афіц. ўрадавыя матэрыялы, агляды рус. газет і часопісаў, хроніку, аб’явы. Лічыла Беларусь спрадвечным рускім краем з мясц. асаблівасцямі. У гады 1-й сусв. вайны прапагандавала патрыят. погляды. Пасля Лют. рэв. 1917 перайшла на памяркоўна-ліберальную пазіцыю. Публікавала этнагр. даследаванні Е.Раманава, апавяданні і нарысы А.Пшчолкі, гіст.-краязнаўчы нарыс А.Сапунова «Французы ў Віцебску» і інш. творы мясц. аўтараў.

т. 4, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́МЕЛЬСКАЯ МЫСЛЬ»,

грамадска-палітычная і літ. газета ліберальна-асветнага кірунку. Выдавалася 3 разы на тыдзень з 5(18).2.1913 да 17(30).7.1914 у Гомелі на рус. мове. Асн. месца адводзіла асвятленню мясц. праблем. Выступала супраць курсу на хутарызацыю, за свабоду друку, усеагульнае і бясплатнае пач. навучанне. Шмат увагі аддавала сац.-эканам. і юрыд. праблемам яўр. насельніцтва ў Рас. імперыі, у т. л. супраць нацыяналізацыі крэдытнай сістэмы, якая падрывала яўр. капітал. Вітала станаўленне бел. тэатр. мастацтва, адзначала багатую нац. паэзію, прапагандавала рус. л-ру. У час 1-й сусв. вайны займала пацыфісцкія пазіцыі.

т. 5, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЮЛІСТА́НСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1813,

паміж Рас. імперыяй і Персіяй (Іранам). Завяршыў рус.-іранскую вайну 1804—13 за ўплыў у Закаўказзі (гл. Руска-іранскія войны 19 стагоддзя). Падпісаны 5.11.1813 у с. Гюлістан у Карабаху. Прадугледжваў: прызнанне Іранам далучэння да Расіі Дагестана, Усх. Грузіі, Імерэты, Гурыі, Мегрэліі, Абхазіі, а таксама Карабахскага, Гянджынскага, Шэкінскага, Шырванскага, Дэрбенцкага, Кубінскага, Бакінскага і Талышскага ханстваў; выключнае права Расіі мець свой ваен. флот на Каспійскім м.; права свабоднага гандлю рас. і перс. купцам і інш. Ратыфікаваны ў 1814, набыў сілу ў 1818. У выніку новай рус.-іранскай вайны заменены Туркманчайскім дагаворам 1828.

т. 5, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́Д УСЯСЛА́ВІЧ (? — пасля 1129),

князь полацкі. Сын кн. Усяслава Брачыславіча. На думку некат. гісторыкаў, з 1101 княжыў у Менску. У 1103 разам з паўд.-рус. князямі ўдзельнічаў у паходах на полаўцаў. Гэты саюз насцярожыў Усяславічаў, верагодна, Давыд Усяславіч прагнаны з Менска. У 1104 з паўд.-рус. князямі ўдзельнічаў у няўдалым паходзе на свайго брата менскага кн. Глеба. Каля 1106—27 княжыў у Полацку. У выніку нападу на Полацкую зямлю ў 1127 кааліцыі князёў на чале з Мсціславам Уладзіміравічам Давыд Усяславіч пазбаўлены пасада, у 1129 разам з інш. полацкімі князямі сасланы ў Візантыю, дзе і памёр.

т. 5, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКАМА́РА,

паўкруглае ці кілепадобнае завяршэнне часткі сцяны будынка паміж 2 лапаткамі, якое адпавядае форме ўнутр. скляпення (звычайна паўцыркульнага).

Найб. характэрны для візант. крыжова-купальнай сістэмы, у 10—13 ст. шырока выкарыстоўваліся ў стараж.-рус. (сафійскія саборы ў Кіеве, Ноўгарадзе і інш.), рус. архітэктуры 14—17 ст. (Успенскі сабор Маскоўскага Крамля).

На Беларусі З. вядомы ў 11—12 ст. у Сафійскім саборы і Спаса-Ефрасіннеўскай царкве ў Полацку, Барысаглебскай у Гродне, а таксама ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ў храмах псеўдарус. стылю (цэрквы Аляксандра Неўскага ў Мінску, Сімяона ў Брэсце, у Камянцы, Бешанковічах і інш.).

Закамара.

т. 6, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІКА́ЗНЕНСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16—18 ст. у в. Іказнь Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Размяшчаўся на паўд.-ўсх. краі вострава Замак на воз. Іказнь. Закладзены ў 1504 браслаўскім старостам Я.Сапегам. У 1515 асаджаны войскамі рус. ваявод. Польскі гісторык А.Гваньіні ў 2-й пал. 16 ст. адзначаў, што «Іказнь — замак мураваны і места драўлянае... ад Браслава ў 2 мілях ляжыць». У Лівонскую вайну 1558—83 у І.з. размяшчаўся значны гарнізон наёмных войск. У 1654 замак узяты рус. войскамі, у 1655 тут знаходзіліся атрады шведаў. Разбураны ў Паўн. вайну 1700—21.

Іказненскі замак. Малюнак з карты пач. 17 ст.

т. 7, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСА́ЕЎ (Аляксей Мікалаевіч) (н. 1.2.1955, г. Ягор’еўск Маскоўскай вобл.),

бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Краснаярскі ін-т мастацтваў (1986). З 1986 артыст т-ра муз. камедыі ў Растове-на-Доне, з 1991 саліст Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Сярод партый у бел. т-ры; містэр Ікс, Эдвін, Тасіла («Прынцэса цырка», «Сільва», «Марыца» І.Кальмана), Даніла («Вясёлая ўдава» Ф.Легара), Барынкай, князь Арлоўскі («Цыганскі барон», «Лятучая мыш» І.Штрауса), Мікіта Батурын («Халопка» М.Стрэльнікава). У яго канцэртным рэпертуары вак. творы рус. і замежнай класікі, сучасных, у т. л. бел. (І.Лучанка, Э.Зарыцкага), кампазітараў, рус. нар. песні.

т. 7, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)