КУЛЬМ (Kulm, цяпер Хлумец — Chlumec),
населены пункт у Чэхіі, каля якога 29—30.8.1813 адбылася бітва паміж саюзнай Багемскай арміяй (да 44—50 тыс. рас., прускіх і аўстр. вайскоўцаў, камандуючы ген. М.Б.Барклай дэ Толі) і франц. корпусам пад камандаваннем ген. Д.Вандама (35—37 тыс. чал.) у час напалеонаўскіх войнаў (кампанія 1813). 29 жн. корпус Вандама, які праследаваў Багемскую армію пасля яе паражэння каля Дрэздэна (26—27.8.1813), спынены каля К. рас. ар’ергардам на чале з ген. А.І.Остэрманам-Талстым (12—17,5 тыс. чал., страчана 6 тыс. чал.). 30 жн., падцягнуўшы да К. гал. сілы, саюзнікі разбілі корпус Вандама (забіта і паранена да 10 тыс. франц. вайскоўцаў, 12 тыс., у т. л. Вандам, трапілі ў палон; саюзнікі страцілі каля 3,5 тыс. чал.). Пасля паражэння каля К. армія Напалеона адышла да Лейпцыга (гл. Лейпцыгская бітва 1813).
т. 9, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯВО́НЦЬЕЎ (Мікалай Сцяпанавіч) (30.5.1862, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. —4.7.1910),
вайсковец, падарожнік, дыпламат. Граф Абісінскай імперыі (1896). Вучыўся ў Мікалаеўскім ваен. вучылішчы ў Пецярбургу, служыў у Гродзенскім гусарскім палку (да 1892). У 1894—95 арганізаваў на свае сродкі (дзеля чаго прадаў свае маёнткі) разам з падарожнікам А.В.Елісеевым рас. геагр. экспедыцыю ў Эфіопію (Абісінію). Наладзіў сяброўскія адносіны з імператарам Менелікам ІІ, садзейнічаў пасылцы ў ліп. 1895 эфіопскай місіі ў Пецярбург і ўсталяванню дыпламат. адносін паміж Расіяй і Эфіопіяй. Быў ініцыятарам адпраўкі ў Эфіопію летам 1895 вял. партыі рас. зброі. У час італа-эфіопскай вайны 1895—96 ваен. саветнік Менеліка II. У 1897—99 ген.-губернатар Экватарыяльнай вобл. Эфіопіі, пасля чаго вярнуўся ў Расію. Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05. Апошнія гады жыў у Парыжы.
Літ.:
Бобрович В. Граф Абиссинской империи // Полит. собеседник. 1991. № 4.
В.Д.Бабровіч.
т. 9, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІТ (Pitt) Уільям Малодшы
(28.5.1759, Хейс, цяпер у межах Лондана — 23.1.1806),
англійскі дзярж. дзеяч. Сын У.Піта Старэйшага. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1776). З 1781 чл. парламента, лідэр «новых торы», звязаных з фін. буржуазіяй і калан. дзялкамі. У 1782—83 міністр фінансаў, у 1783—1801 і 1804—06 прэм’ер-міністр. У 1784 правёў закон, які абмежаваў правы Ост-Індскай кампаніі і паставіў пад дзярж. кантроль кіраванне Індыяй. Каб паслабіць міжнар. пазіцыі Расіі, спрыяў развязванню рас.-тур. вайны 1787—91 і рас.-швед. вайны 1788—90, аказваў дыпламат. падтрымку Турцыі і Швецыі. З пачаткам французскай рэвалюцыі 1789—99 П. — адзін з гал. арганізатараў дыпламат. ізаляцыі Францыі і ваен.-паліт. кааліцый супраць яе. Садзейнічаў задушэнню дэмакр. руху ўнутры краіны і нац.-вызв. руху ў Ірландыі, правядзенню «Акта аб уніі» (1801), які скасаваў аўт. ірл. парламент.
т. 12, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1776—96. Утворана паводле ўказа Кацярыны II ад 4.9.1776 і ўказа Сената ад 2.4.1777 на землях ВКЛ, далучаных да Рас. імперыі ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772). Цэнтр — г. Полацю. Уключала 11 паветаў, вылучаных з Пскоўскай губерні: Веліжскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Дынабургскі, Люцынскі, Невельскі, Полацкі, Рэжыцкі, Себежскі, Суражскі. З 1778 да 1796 складала асобнае Полацкае намесніцтва. У 1784 у П.г. было 15 мястэчак, 144 сялы, 1125 сяльцоў, 61 пагост, 21 слабада, 14042 вёскі, у 78 070 дварах пражывала 620 266 чал. падатковага насельніцтва. У 1777 мелася 22 правасл., 153 уніяцкія, 44 каталіцкія прыходы. У 1793 у губерні ўтвораны Лепельскі павет, у 1795 да яе далучана частка тэр. Мінскай губ. Паводле ўказа ад 23.12.1796 П.г. аб’яднана з Магілёўскай губерняй у Беларускую губерню.
Я.К.Анішчанка.
т. 12, с. 458
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАЛО́ДАК,
акалотак, 1) у Рас. імперыі частка (раён) горада, якая замацоўвалася за паліцэйскім чынам (акалодачным наглядчыкам) для адм. і паліт. нагляду за насельніцтвам. Сістэма акалодачнага паліцэйскага нагляду ўведзена паводле паліцэйскай рэформы 1862, была адным з яе элементаў; існавала да 1917.
2) Лекарскі пункт пры вайсковых часцях, падраздзяленнях, лазарэтах у царскай арміі.
т. 1, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЖЫ́-МАГАМЕ́Д (? — 1877),
імам Дагестана і Чэчні. Сын шэйха Абдурахмана Хаджы Сагратлінскага, паплечніка Шаміля. Вучоны-багаслоў, аўтар паэмы ў гонар трох імамаў (Газі-Магамед, Гамзат-бек і Шаміль). У 1877 узначаліў паўстанне горцаў у Дагестане і Чэчні супраць рас. улад. 4.11.1877 узяты ў палон, паводле рашэння ваенна-палявога суда пакараны смерцю.
т. 4, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМГА́ЛЕ, Земгалія,
гістарычная вобласць на Пд Латвіі, на левым беразе р. Даўгава. Стараж. насельніцтва земгалы. У 13 ст. захоплена ням. рыцарамі (гл. Мечаносцы) разам з ч. Лівоніі (гл. Лівонскі ордэн). З 1561 у Курляндскім герцагстве, у 1596—1617 самаст. Земгальскае герцагства, у 1795—1917 усх. ч. Курляндскай губ. Рас. імперыі.
т. 7, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМАНА́ЎТАЎ МО́РА,
ускраіннае мора Індыйскага ак., каля берагоў Усх. Антарктыды, паміж Зямлёй Эндэрбі і м. Рысер-Ларсена. Пл. 698,6 тыс. км². Найб. глыбіня 4798 м. Пастаянна ўкрыта дрэйфуючымі льдамі, шмат айсбергаў. На беразе К.м. — рас. метэаралагічны цэнтр Маладзёжная і яп. навук. станцыя Сёва. Названа ў гонар першых сав. касманаўтаў у 1962.
т. 8, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙБ-ГВА́РДЫЯ (ад ням. Leib цела + гвардыя),
асабістая ахова манарха і ганаровае найменне адборных прывілеяваных вайск. часцей у некат. краінах. У Расіі ўведзена ў канцы 17 ст. У далейшым гэта найменне мелі амаль усе гв. часці рас. арміі. Часціца «лейб» дадавалася таксама да назвы часцей, шэфамі якіх былі імператар або імператрыца.
т. 9, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКЛУ́ХА-МАКЛА́Я БЕ́РАГ,
участак паўн.-ўсх. ўзбярэжжа на в-ве Новая Гвінея, паміж зал. Астралейб і п-вам Хуен (дзяржава Папуа — Новая Гвінея). Даўж. каля 300 км. Трапічныя лясы, плантацыі каўчуканосаў. Названы ў гонар рас. вучонага М.М.Міклуха-Маклая, які праводзіў тут этнагр. даследаванні ў 1871—72, 1876—77 і 1883.
т. 10, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)