БРО́НХІ (ад грэч. bronchos дыхальнае горла),

дыхальныя шляхі наземных пазваночных, якія адыходзяць ад трахеі. У земнаводных (за выключэннем піпаў і гатэрый) адсутнічаюць. У млекакормячых і чалавека ўтвараюць шкілетную аснову лёгкіх, т.зв. бранхіяльнае дрэва з адгалінаваннямі на бронхах. да 18—19-га парадкаў. Самыя дробныя бронхі, што ўваходзяць у долькі лёгкага, падзяляюцца на бранхіёлы.

Аснова фіброзных сценак бронхаў — паўкольцы гіялінавых храсткоў (у млекакормячых злучаны ззаду пучкамі гладкіх мышцаў), якія па меры разгалінавання бронхаў ператвараюцца ў храстковыя пласцінкі і знікаюць на ўзроўні дробных бронхаў. Са змяншэннем калібру бронхаў мышачны слой становіцца больш развітым. Слізістая абалонка бронхаў унутры ўкрыта цыліндрычным эпітэліем і клеткамі мігальнага эпітэлію. У падзалозістым слоі размешчаны залозы, лімфоідная тканка. Дробныя бронхі не маюць храстка і залоз, іх унутр. паверхня ўкрыта аднаслойным мігальным эпітэліем. У злучальнатканкавай пласцінцы слізістай абалонкі бронхаў многіх млекакормячых і чалавека размешчаны сакраторныя аддзелы бранхіяльных залоз, у падслізістай аснове развіты сеткі крывяносных і лімфатычных капіляраў, сасудзістыя і нерв. спляценні. Стан бронхаў вызначаюць бронхаскапіяй, бранхаграфіяй. Запаленне бронхаў — бранхіт.

А.​С.​Леанцюк.

Да арт. Бронхі: 1 — агульная схема будовы і разгалінавання бронхаў; 2 — частка бранхіяльнага дрэва чалавека.

т. 3, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗАСТРУМЕ́ННЫЯ ВЫПРАМЯНЯ́ЛЬНІКІ,

механічныя генератары гукавых (або ультрагукавых) ваганняў, крыніцай энергіі якіх з’яўляецца высокаскарасны газавы струмень. Адрозніваюць свісткі (напр., Гальтана свісток), генератары (Гартмана генератар) і сірэны. Выкарыстоўваюцца ў кантрольна-вымяральнай і сігналізавальнай апаратуры, для распылення вадкасцей, атрымання або асаджэння аэразоляў, у розных тэхнал. устаноўках для інтэнсіфікацыі цепла- і масаабмену і інш.

Гальтана свісток мае сапло з вузкай кальцавой шчылінай, перад якой размешчаны пустацелы цыліндрычны рэзанатар з вострымі клінападобнымі краямі. Газ, што выходзіць пад невял. ціскам, накіроўваецца на востры край рэзанатара і ўзбуджае ў ім перыядычныя віхры. У Гартмана генератары з сапла выцякае звышгукавы газавы струмень. Рэзанатар размешчаны сувосна з саплом у зоне няўстойлівасці газавага струменя. Частата выпрамененага гуку залежыць ад памераў рэзанатара і адлегласці паміж ім і саплом. Прынцып дзеяння сірэн заснаваны на мех. перыядычным перарыванні газавага (або вадкаснага) струменя з дапамогай заслонкі, цыліндра або дыска з адтулінамі.

Газаструменныя выпрамяняльнікі: а — свісток Гальтана (1 — сапло, 2 — кальцавая шчыліна, 3 — рэзанатар, 4 — рухомы поршань); б — генератар Гартмана (1 — сапло, 2 — скачок ушчыльнення газу, 3 — рэзанатар); в — восевая сірэна (1 — рухавік, 2 — камера, 3 — вярчальны дыск з адтулінамі, 4 — нерухомы дыск).

т. 4, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

вентра́льны

(лац. ventralis, ад venter = жывот)

анат. брушны, размешчаны на брушной паверхні цела жывёлы або чалавека (пра орган або анатамічнае ўтварэнне); параўн. дарсальны 1.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

дале́йшы, ‑ая, ‑ае.

Які з’яўляецца працягам чаго‑н. папярэдняга; наступны. Цэлае лета жыла Аленка думкаю аб новай школе, аб далейшай сваёй навуцы. Колас. Хлопцы пусціліся ў далейшую дарогу. Маўр. // Размешчаны за чым‑н., далей чаго‑н. [Макара] пацягнула паглядзець, што напісана там, на тых далейшых шчытках. Дуброўскі. // у знач. наз. дале́йшае, ‑ага, н. Будучае. У далейшым будзем рабіць інакш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

правафланго́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да правага фланга; размешчаны на правым флангу. — Як ідуць, Вася! Як ідуць! — шаптаў.. [Волкаў]. — Ты паглядзі толькі! І сам палкоўнік. Бачыш, правафланговая машына яго, як заўсёды... Шамякін.

2. у знач. наз. правафланго́вы, ‑ага, м. Той, хто знаходзіцца на правым флангу і з’яўляецца першым у радзе. На ўроках фізкультуры .. [Кузя] стаіць у страі правафланговым. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ру́бка 1, ‑і, ДМ рубцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. рубіць ​2.

ру́бка 2, ‑і, ДМ рубцы; Р мн. рубак; ж.

1. Надбудоўка на верхняй палубе судна, дзе знаходзяцца пасты кіравання суднам. І ўжо капітаны сапраўднага флоту У рубках стаялі, гатовыя ў рэйс. Калачынскі.

2. Кабіна ў дырыжаблі, дзе знаходзіцца камандзір і размешчаны прылады кіравання.

[Ад гал. roef — каюта.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супрацьле́глы, ‑ая, ‑ае.

1. Размешчаны насупраць; які ідзе, вядзе ў адваротным кірунку. [Шыпшына] квітнее перад акном, з якога відаць рака і далёкая роўнядзь супрацьлеглага нізкага берага. В. Вольскі. Лабановіч спыніўся, сказаўшы: «Стой!», і зірнуў у супрацьлеглы бок. Колас.

2. Які супярэчыць чаму‑н., карэнным чынам адрозніваецца ад чаго‑н., не сумяшчальны з чым‑н. Самаахвярнасць і карыслівасць — паняцці супрацьлеглыя. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВЯЛІ́КАЕ БАЛО́ТА,

біялагічны заказнік у Расонскім р-не Віцебскай вобл. Засн. ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін і падтрымання экалагічнай раўнавагі і гідралагічнага рэжыму прылеглых тэрыторый. Пл. 650 га (1996). Размешчаны на балотным масіве Выдрын Мох на тэр. Юхавіцкага лясніцтва. Рэльеф цэнтр. ч. балотнага масіву градава-балоцісты. У раслінным покрыве пашыраны хваёва-кустова-сфагнавыя фітацэнозы і журавіны. Лясы пераважна хваёвыя, на асобных мінер. участках бярэзнік і ельнікі.

т. 4, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПО́ЛЬСЫ,

біялагічны заказнік на тэр. Віцебскага р-на. Створаны ў 1979 як заказнік-журавіннік рэсп. значэння для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 794 га (1997). Размешчаны на вярховым балоце са значнымі мінер. ўчасткамі. У складзе балотнай расліннасці хваёва-кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы з вял. пашырэннем журавін, хвойнікі асаковыя, асакова-сфагнавыя, багуновыя і інш. На мінер. участках пераважаюць яловыя, бярозавыя і асінавыя лясы чарнічнага і кіслічнага тыпаў.

т. 6, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЕ-ІНДЫ́ЙСКІ ХРЫБЕ́Т,

падводны сярэдзінны акіянічны хрыбет на ПдЗ Індыйскага ак. Размешчаны паміж Афрыканска-Антарктычным і Цэнтральнаіндыйскім хрыбтамі. Даўж. каля 3600 км, шыр. да 700 км, адносная выш. 1000—2000 м, найменшая глыб. над хрыбтом 251 м, пераважныя глыб. над грэбенем 2000—3000 м. Восевая зона мае характэрныя рысы рыфта. Паверхня расчлянёная. Пашыраны выхады карэнных парод, у т. л. ультраасноўных (серпенцініты, перыдатыты). Характэрна павышаная сейсмаактыўнасць для восевай зоны.

т. 7, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)