МІХА́ЙЛАЎСКІЯ КУРГАНЫ́,
група курганоў (больш за 400 насыпаў) каля с. Міхайлаўскае недалёка ад г. Яраслаўль (Расія). Датуюцца 2-й пал. 10 — пач. 11 ст. Даследаваліся ў 1896—1961. Належалі мясц. фінскаму насельніцтву і нетутэйшым слав. плямёнам. Пахавальны абрад — трупаспаленне і трупапалажэнне. Большасць даследаваных пахаванняў з бедным інвентаром, трапляюцца адзінкавыя багатыя пахаванні дружыннікаў і жанчын. Знойдзены керамічны посуд, узбраенне, упрыгожанні, гліняныя амулеты і інш.
Т.С.Скрыпчанка.
т. 10, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАМАСКО́ЎСК,
горад у Тульскай вобл., у Расіі, каля вытокаў рэк Дон і Шат. Да 1934 наз. Бобрыкі, да 1961 Сталінагорск. 142,9 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Цэнтр вытв-сці мінер. угнаенняў і інш. відаў хім. прам-сці; машынабудаванне, металаапр., дрэваапр., лёгкая, харч. прам-сць. Здабыча бурага вугалю. ГРЭС. Драм. тэатр. Музей гісторыі горада. Арх. помнікі; рэшткі манастыра 17 ст., драўляны Троіцкі сабор (2-я пал. 18 ст.).
т. 11, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́КЛЕНД (Oakland),
горад на З ЗША, у штаце Каліфорнія. Прыгарад г. Сан-Францыска. Засн. ў 1-й пал. 19 ст. Каля 380 тыс. ж., з прыгарадамі 2 млн. ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на ўсх. беразе зал. Сан-Францыска; злучаны з г. Сан-Францыска мостам цераз заліў. Аэрапорт. Прам-сць: суднабуд. і суднарамонтная, металаапр., харч., металургічная, хімічная. Аўтазборачныя з-ды. Ваенна-марская база.
т. 11, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЛЕ́ССЕ,
вёска ў Ляхавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Ляхавічы—Нясвіж. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на ПнУ ад г. Ляхавічы, 228 км ад Брэста, 4 км ад чыг. ст. Жарабковічы. 825 ж., 374 двары (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — Святадухаўская царква (2-я пал. 18 ст.).
т. 11, с. 500
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСУСЕ́ДНІКІ, падсуседзі, суседзі,
назва катэгорый насельніцтва ў Расіі і ВКЛ 16—17 ст. У ВКЛ 16—1-й пал. 17 ст. П. — беззямельныя сяляне, што жылі ў вёсках і гарадах на чужых дварах (адсюль назва; гл. ў арт. Каморнікі). У Расіі П. — сяляне і пасадскія людзі, што разарыліся і не мелі ўласнай гаспадаркі. Пасяляліся ў дварах цяглых сялян і дапамагалі весці гаспадарку іх уладальнікам.
т. 11, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖ (франц. page),
у сярэдневяковай Зах. Еўропе малады дваранін, які праходзіў першую ступень падрыхтоўкі да рыцарскага звання ў якасці асабістага слугі пры двары буйнога феадала ці караля. Пасля дасягнення 14-гадовага ўзросту ўзводзіўся ў збраяносцы. У 1711—1917 у Расіі прыдворнае званне. П. і камер-П. выконвалі розныя даручэнні царскай сям’і. З 2-й пал. 18 ст. П. — выхаванец пажскага корпуса (прывілеяваная ваен.-навуч. ўстанова).
т. 11, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМАТАЛО́ГІЯ (ад прыматы + ...логія),
раздзел заалогіі, які вывучае прыматаў, іх анатомію, эмбрыялогію, фізіялогію, паходжанне, сістэматыку, распаўсюджванне і лад жыцця. Як навук. дысцыпліна аформілася ў 2-й пал. 1950-х г. (М.Ф.Нестурх, 1960). П. медыцынская — адзін з навук. кірункаў у эксперым. медыцыне, які вывучае паталогію чалавека ў доследах на малпах. Гл. таксама Антрапалогія.
Літ.:
Нестурх М.Ф. Приматология и антропогенез. М., 1960;
Фридман Э.П. Приматы. М., 1979.
т. 13, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБО́ТНЫЯ ЛЮ́ДЗІ,
агульная назва рабочых на промыслах і прамысл. прадпрыемствах Расіі 17—1-й пал. 19 ст. Асн. масу Р.л. складалі работнікі рачных суднаў, рыбнага, салянога і інш. промыслаў; з канца 17 — пач. 18 ст. іх склад папаўнялі работнікі мануфактур. Кадры Р.л. фарміраваліся як за кошт прыгонных (сяляне-адыходнікі, пасэсійныя сяляне, прыпісныя сяляне), так і вольных наёмных работнікаў, якія з 1760-х г. колькасна пераважалі.
т. 13, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГУЛЯ́РНЫЯ ВО́ЙСКІ,
войскі пастаяннай кадравай арміі, якія існуюць у шэрагу краін свету. Узніклі ў дзяржавах Зах. Еўропы ў 17—18 ст., у Расіі ў пач. 18 ст. Р.в. адрозніваюцца ад ірэгулярных войск (напр., у Расіі казацкія і інш. часці і падраздзяленні, у т. л. міліцыйнай арміі). У 2-й пал. 20 ст. ў шэрагу дзяржаў адбылася прафесіяналізацыя рэгулярных армій і флатоў. Гл. Прафесійная армія.
т. 13, с. 550
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ННІКАВА ЗЯМЛЯ́,
гіпатэтычны востраў у Паўн. Ледавітым ак. на Пн ад Новасібірскіх а-воў. Упершыню пра яго паведаміў рус. прамысловец і даследчык Я.Саннікаў у 1811, потым у 1886 і 1893 — Э.Толь. Пасля доўгіх пошукаў, у 1-й пал. 20 ст. ўстаноўлена, што С.З. не існуе. Верагодна, яна была разбурана морам і знікла як шэраг інш. астравоў, складзеных гал. ч. з выкапнёвага лёду.
т. 14, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)