МАГІКА́НЫ,
племя паўночнаамерыканскіх індзейцаў алганкінскай моўнай групы. Да іх каланізацыі жылі ў даліне р. Гудзон (каля 3 тыс. чал.). Займаліся земляробствам, паляўніцтвам, збіральніцтвам, з пач. 17 ст. гандлем футрам. У выніку каланізацыі і набегаў іракезаў б. частка М. знішчана. Жывуць у ЗША у штаце Вісконсін (рэзервацыя Стокбрыдж, некалькі соцень чал., 1997). Гавораць на англ. мове; хрысціяне. Дзякуючы раману Ф.Купера «Апошні з магікан» тэрмін М. стаў сімвалам народа, які знікае з жыцця.
т. 9, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКАПО́ВІЧ (Мікола) (Мікалай Мікалаевіч; н. 1.11.1948, в. Пугачова Брэсцкага р-на, цяпер у межах Брэста),
бел. паэт. Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1970). Настаўнічаў, працаваў на радыё і тэлебачанні. З 1984 сакратар Брэсцкага абл. аддз. Саюза пісьменнікаў Беларусі, з 1994 працуе на Брэсцкай студыі тэлебачання.
Друкуецца з 1966. Зб-кі «Неад’емнае» (1982), «На кругі свае» (1986), «Мяжа надзеі» (1993) пра дабрыню, сяброўства, каханне, гісторыю роднага народа, клопат пра захаванне прыроды, складаныя праблемы сучаснасці.
т. 12, с. 544
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЕ́ДРЭ ((Niedre) Яніс) (24.5.1909, г. Ціхвін Ленінградскай вобл. — 8.12.1987),
латышскі пісьменнік, літ.-знавец. Засл. дз. культуры Латвіі (1959). Канд. філал. н. (1948). Вучыўся ў Латв. ун-це (1928—30), Рыжскім камерцыйным ін-це (1931—33). Друкаваўся з 1927. Першыя раманы «Вікінгі» (1931), «Віхура над Даўгавай» (1932) аб мінулым лат. народа. У кн. апавяданняў «Ератык у Латгаліі» (1932), «У камерах пяці карпусоў» (1941), «33 апавяданні» (1959), гіст.-біягр. трылогіях «Сяло Пушканы» (1947—61), «Ветэран» (1968—72, Дзярж. прэмія Латвіі 1972), гіст. раманах «Веснавыя воды» (1959), «За акном расце дзядоўнік» (1966), «Я быў, я ёсць, я буду» (1972), «У тую раніцу на золку» (1975), «І вятры гуляюць на папялішчы...», «Не кожнаму давяраюць самае цяжкае» (абодва 1978) і інш. трагічныя і драм. старонкі жыцця і барацьбы лат. народа за незалежнасць, праблемы міру і вайны, узаемасувязь чалавека і прыроды, экалогіі і маралі. Аўтар навук. даследаванняў «Латышскі фальклор» (1948), «Латышская літаратура» (т. 1—2, 1952—53), кн. мемуараў «Дзень за днём» (1965). Быў знаёмы з Я.Купалам, П.Броўкам, М.Лыньковым. На бел. мову асобныя творы Н. пераклалі У. і А.Васілевічы.
С.С.Панізнік.
т. 11, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́ДЗІН (Аляксандр Львовіч) (15.6.1872, г. Віцебск — 16.5.1947),
расійскі гісторык, філолаг-славіст. Д-р слав. філалогіі (1904). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1894). Праф. Варшаўскага (1902—08), Харкаўскага (1910—19) ун-таў. З 1919 у эміграцыі, да 1941 працаваў у Бялградскім ун-це. Аўтар прац па гісторыі і л-ры слав. народаў, «Руска-сербскай бібліяграфіі (1800—1925)» (т. 1—2, 1932—36). Цікавіўся нац.-вызв. рухам бел. народа, перапісваўся з рэдакцыяй газ. «Наша ніва». У час. «Вестник Европы» змясціў рэцэнзію на кнігу П.Бародкіна «Беларусы» (1902), арт. «Беларускія паэты» (1911) пра некаторыя заканамернасці развіцця бел. л-ры 19 — пач. 20 ст., яе цесную сувязь з жыццём народа, развіццём бел. нац.-вызв. руху, даў агульную характарыстыку творчасці Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча. Вітаў дзейнасць бел. навук.-літ. гуртка студэнтаў Пецярбургскага ун-та. Багдановіч прысвяціў П. «Санет» («Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...»).
Тв.:
Из истории славянских передвижений. СПб., 1901;
Адам Мицкевич. Т. 1—2. М., 1912—13;
Язык как творчество. Харьков, 1913;
Славянский мир. М., 1915;
Белорусские поэты // Александровіч С.Х., Александровіч В.С. Беларуская літаратура XIX — пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978.
М.І.Пратасевіч.
т. 11, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
гіпс, ‑у, м.
1. Мінерал белага або жоўтага колеру (абпалены і раздробнены прымяняецца ў будаўніцтве, лепцы і медыцыне). Здабыча гіпсу. Пласт гіпсу.
2. Скульптурны злепак з такога мінералу. Ля ўваходу .. застылі ўвекавечаныя ў гіпсе слаўныя сыны беларускага народа. «Маладосць».
3. Цвёрдая хірургічная павязка з такога мінералу, якую накладваюць пры пераломах, вывіхах для прыдання нерухомасці пашкоджанай частцы цела. Налажыць гіпс на пашкоджаную нагу.
[Грэч. gýpsos — мел, гліна.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ве́чна, прысл.
1. Без пачатку і без канца, заўсёды, бясконца, спрадвеку. Матэрыя існуе вечна. □ Сонца вечна людзям свеціць. Колас. // На працягу вякоў, вельмі доўга. Жыць вечна ў памяці народа.
2. Пастаянна, заўсёды. Пах смалы.. шырокай хваляй вечна плыве з густых хвояў лесу. Чорны. Бацька вечна заняты: то ў абходзе, то высочвае.. глушцоў ці лася, то вязе ў замак рыбу або качак. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
крывасмо́к 1, ‑а, м.
1. Кажан, які жывіцца кроўю жывёл (жыве ў Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы).
2. Пагард. Тое, што і крывапівец. Аўтар метка біў у гэты казённы шчыт царскай асобы і рашэціў яго, сцягваючы з цара далікатныя покрывы і паказваючы ў сапраўдным, непадмалёваным, грубым выглядзе чалавека-павука, найбольшага крывасмока на целе народа. Колас.
крывасмо́к 2, ‑у, м.
Шматгадовая лекавая расліна сямейства ружакветных.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ненасы́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якога цяжка накарміць; пражэрлівы. Ненасытны звер.
2. перан. Які не можа здаволіцца дасягнутым, тым, што мае; прагны. Я быў ненасытны ў сваёй творчасці і захапляўся адначасова стварэннем у адной п’есе некалькіх характараў, не падобных адзін на аднаго і процілеглых адзін аднаму. Сяргейчык. Багацелі год ад году Ненасытныя паны, Бо схавалі ад народа Шчасце з Праўдаю яны. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дэмакра́тыя
(фр. démocratie, ад гр. demos = народ + kratos = улада)
1) форма дзяржаўнага кіравання, заснаваная на прызнанні народа крыніцай улады (проціл. аўтарытарызм); 2) прынцып арганізацыі дзейнасці калектыву, заснаваны на раўнапраўным удзеле ўсіх яго членаў.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
Мосенж ’латунь’ (ТСБМ), мосенз ’бронза’ (Нас., Мядзв.), масензовік ’невялікі бронзавы грэбень’ (Мядзв.), мосанз (Кюнэ, Poln., 78), ст.-бел. мосязъ, мосендзъ, мосенц, мосиондзъ, мосяжъ ’латунь’ (XV ст.) запазычаны са ст.-польск. mosiądz ’тс’, якое з с.-в.-ням. messinc (Жураўскі, Бел. мова, 62; Булыка, Лекс. запазыч., 141) < ст.-в.-ням. massing < лац. massa (Шварц, ZfSlPh, 5, 400; там жа, 42, 304). Клюге₁₉ (388) выводзіць гэту лексему з Mοσσύνοικος χαλκός — назвы народа на паўн.-усх. Малой Азіі (Герадот, Ксенафонт), што Фасмер (ZfSlPh, 19, 450) лічыць беспадстаўным. Пра даўнюю сувязь з гэтым народам піша Махэк (LF, 72, 76), прыводзячы ў якасці доказу ст.-слав. сынъ ’башня’ = ст.-грэч. μόσσυν πύργος (Гесіхій), якое супастаўляецца з асец. mκsug, mκsyg ’вежа’ і лічыцца фракійска-фрыгійск. словам (Лідэн, Зб. П. Персану, Упсала, 1922, 393).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)