ФЛЮВІЯГЛЯЦЫЯ́ЛЬНЫЯ АДКЛА́ДЫ (ад лац. fluvius рака, паток + glacialis ледзяны), патокава-ледавіковыя адклады,

генетычны тып водна-ледавіковых адкладаў, сфарміраваных патокамі расталых ледавіковых вод. Прадстаўлены гарызантальна- і косаслаістымі пяскамі рознай зярністасці, жвірам, галькай, валунамі, радзей суглінкамі і супескамі. Складаюць зандры, камы, озы, камавыя тэрасы, флювіягляцыяльныя дэльты, краявыя насыпныя грады і інш. Магутнасць 10—20, зрэдку 30—45 м. На Беларусі пашыраны сярод антрапагенавых утварэнняў (​1/3 іх аб’ёму) на Пд і У Бел. Паазер’я, схілах Бел. грады, Сярэднянёманскай нізіне, Цэнтральнабярэзінскай раўніне і Бел. Палессі. На б.ч. тэрыторыі з’яўляюцца глебаўтваральнымі пародамі. З Ф.а. звязаны радовішчы пяску, жвіру, прэсных падземных вод (асн. аб’ём вады для водазабеспячэння Мінска).

т. 16, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭНЕРГЕТЫКА

Як галіна прамысловасці энергетыка з’яўляецца паліўна-энергетычным комплексам, які ахоплівае здабычу энергетычных рэсурсаў, выпрацоўку, перадачу, размеркаванне і выкарыстанне розных відаў энергіі. На Беларусі з энергетычных рэсурсаў ёсць пэўная колькасць нафты і спадарожнага газу, торф, гаручыя сланцы, драўніна (дровы), водная, ветравая і сонечная энергія. Вядучымі галінамі энергетыкі з’яўляюцца электра- і цеплаэнергетыка, ёсць таксама гідраэнергетыка.

Электраэнергетыка на Беларусі пачала развівацца ў канцы 19 ст. Першая электрастанцыя пабудавана ў 1889 на папяровай фабрыцы ў Добрушы. У 1894 уведзена ў эксплуатацыю эл. станцыя магутнасцю 225 кВт у Мінску, у 1898 — электрастанцыя 425 кВт бельгійскага акц. т-ва ў Віцебску, у 1910 — у Магілёве, у 1911 — дызельная малой магутнасці ў Гродне, у 1913 — паратурбінная каля 2200 кВт у Добрушы, у 1920—660 кВт у Брэсце, у 1923—350 кВт у Гомелі, у 1926—1720 кВт у Бабруйску. У 1913 працавала 11 эл. станцый агульнай магутнасцю 5,3 тыс. кВт; найбольшыя з іх — у Добрушы, Мінская (960 кВт), Магілёўская (430 кВт), Віцебская, Гомельская. Працягласць ліній электраперадачы складала да 200 км, выпрацоўка электраэнергіі 3 млн. кВт∙гадз (да 1917 каля 4 млн. кВт∙гадз). У выніку грамадзянскай вайны, акупацый і звязаных з імі разбурэнняў магутнасці электрастанцый знізіліся да 1 тыс. кВт.

Развіццё электраэнергетыкі паскорылася з ажыццяўленнем плана ГОЭЛРО. У 1926 на Беларусі дзейнічалі 22 электрастанцыі агульнага прызначэння і 92 на прамысл. прадпрыемствах агульнай магутнасцю 9,7 тыс. кВт. У 1927—30 пабудавана Беларуская ДРЭС (10 МВт). За 1-ю пяцігодку (1928—32) створаны невял. эл. станцыі ў Бабруйску, Крычаве, Магілёве і інш. У 1932 агульная магутнасць электрастанцый дасягнула 60 тыс. кВт, выпрацоўка электраэнергіі — 176,7 млн. кВт∙гадз. За 2-ю пяцігодку (1933—37) пабудаваны Мінская ЦЭЦ-2 (6 МВт), Барысаўская, Мазырская, Полацкая эл. станцыі, Слуцкая ЦЭЦ. У 1940 закончана будаўніцтва 2-й чаргі БелДРЭС, магутнасць станцыі дасягнула 34,5 тыс. кВт. У 1930—31 пачала фарміравацца Бел. энергетычная сістэма, магутнасць электрастанцый якой да 1940 склала 128,8 тыс. кВт, а выпрацоўка электраэнергіі — 508,4 млн. кВт∙гадз. У Вял. Айч. вайну энергетыка Беларусі амаль поўнасцю разбурана (знішчана больш за 150 электрастанцый рознага прызначэння). Магутнасць эл. станцый пасля вызвалення (1944) складала 3,4 тыс. кВт (2,6% даваен. ўзроўню).

У пасляваенны перыяд прадпрыемствы электраэнергетыкі аднаўляліся, будаваліся і ўводзіліся ў дзеянне эл. станцыі з сучасным айч. абсталяваннем. У 1946 пушчаны 1-ы агрэгат на БелДРЭС (12 тыс. кВт), Мінская ЦЭЦ-2 (33 тыс. кВт). Адбудаваны электрастанцыі ў Магілёве, Гомелі, Бабруйску. У 1951 здадзена ў эксплуатацыю Мінская ЦЭЦ-3 (435 тыс. кВт), у 1951—58 — пабудавана Смалявіцкая ДРЭС (у Жодзіне, 66 тыс. кВт), у 1954—58 — Васілевіцкая ДРЭС (у Светлагорску, 322 тыс. кВт), Усяго у 1945—61 адноўлена 13 электрастанцый (12 ЦЭЦ і 1 ДРЭС). Да канца 1960 устаноўленая магутнасць электрастанцый дасягнула 756 тыс. кВт, а выпрацоўка электраэнергіі — 2,6 млрд. кВт∙гадз. Асноўным відам паліва быў торф, часткова выкарыстоўваўся вугаль.

З 1960-х г. развіццё электраэнергетыкі значна паскорылася. У 1961 пушчаны 1-ы блок Бярозаўскай ДРЭС (будавалася з 1958, 6-ы блок пушчаны ў 1967, агульная магутнасць 940 тыс. кВт, працуе на мазуце і газе), у 1963 — Наваполацкай ЦЭЦ (будавалася з 1959, 8-ы турбаагрэгат уведзены ў дзеянне ў 1977, агульная магутнасць 505 тыс. кВт). За 1960—70 магутнасць электрастанцый вырасла з 765 да 3464 МВт — у 3,6 раза, выпрацоўка электраэнергіі з 2,6 млрд. да 14,7 млрд. кВт∙гадз — амаль у 6 разоў.

У 1966—70 пабудавана Гродзенская ЦЭЦ-2 (170 тыс. кВт), у 1969 пушчана Магілёўская ЦЭЦ-2 (60 МВт, праектнай магутнасці ў 345 МВт дасягнула ў 1981); пачаў працаваць 1-ы энергаблок (300 МВт) Лукомскай ДРЭС (будаўніцтва пачата ў 1964, праектнай магутнасці ў 2,4 млн. кВт дасягнула ў 1974, 3-я чарга здадзена ў 1978, агульная магутнасць больш як 2,5 млн. кВт). У 1974 пушчана Мазырская ЦЭЦ на мазуце (60 МВт), у 1977 здадзена ў эксплуатацыю Мінская ЦЭЦ-4 (турбіна на 60 тыс. кВт; да 1992 уведзены ў дзеянне 6 энергаблокаў праектнай магутнасцю 900 тыс. кВт), у 1994 уключаны 3-і энергаблок (180 МВт) Гомельскай ЦЭЦ-2 (будавацца пачала ў 1979, агульная магутнасць дасягнула 540 МВт). Усяго ў 1951—86 пушчана 13 новых электрастанцый (4 ДРЭС, 9 ЦЭЦ). У 1985 электрастанцыі Белгалоўэнерга спынілі спальванне вугалю і торфу; асноўным палівам для большасці эл. станцый стаў топачны мазут і газ.

З уводам новых энергетычных магутнасцей узнікла неабходнасць будаваць ЛЭП высокага напружання. Першыя ЛЭП напружаннем 35—110 кВ пачалі ўводзіцца ў дзеянне ў 1946. Створаны мясц. энергасістэмы: Цэнтральная (уключала асноўныя эл. станцыі Мінскай і Віцебскай абл.), Паўднёвая (аб’ядноўвала Гомельскую, Мазырскую, Васілевіцкую і Бабруйскую электрастанцыі), Паўночна-Заходняя (уключала Гродзенскую і Лідскую станцыі). У 1961—62 у асноўным закончылася фарміраванне адзінай энергет. сістэмы рэспублікі.

Лініяй электраперадачы Бярозаўская ДРЭС—Баранавічы—Мінск усе энергет. раёны Беларусі аб’яднаны ў адну эл. сетку. З ростам магутнасцей эл. станцый будаваліся новыя лініі электраперадачы высокага напружання: ЛЭП 220 кВ — у 1959, 330 кВ — у 1961, 750 кВ — у 1984. У 1961 уведзена ў дзеянне ЛЭП 330 кВ Мінск—Вільнюс. У 1963 Бел. энергасістэма злучана ЛЭП напружаннем 220 кВ з энергасістэмай Польшчы, у 1965 з энергасістэмамі Паўн. Захаду і цэнтра СССР і праз энергасістэму Польшчы — з энергасістэмай «Мір» (аб’ядноўвала энергасістэмы еўрапейскіх краін — членаў Савета Эканам. Узаемадапамогі). У 1983 уключана першая кабельная лінія 110 кВ у Мінску.

Лініі 220—330 кВ звязалі паміж сабой усе буйныя электрастанцыі Беларусі, а 38 ЛЭП рознага напружання забяспечылі сувязь з энергасістэмамі Расіі, Прыбалтыкі, Польшчы і Украіны. У 1986 уключана ЛЭП напружаннем 750 кВ паміж Ігналінскай АЭС і падстанцыяй «Беларуская» каля г. Старыя Дарогі (часова працуе на 330 кВ), у 1992 — ЛЭП 750 кВ паміж Смаленскай АЭС і падстанцыяй «Беларуская». З 1960 па 1990 агульная даўжыня паветраных электрасетак павялічылася ў 7,3 раза, а сістэмаўтваральных ЛЭП (220—330—750 кВ) — у 16 разоў і дасягнула 5875 км. На Мінскай ЦЭЦ-4 у 1992 пушчаны ў работу 6-ы блок магутнасцю 250 МВт, у 1993 закончаны мантаж 7-га катла прадукцыйнасцю 420 т пары за гадзіну. У 1994 на Гомельскай ЦЭЦ-2 уключаны 3-і энергаблок магутнасцю 180 МВт (магутнасць станцыі дасягнула 540 МВт). У 1999 пушчаны ў эксплуатацыю 1-ы блок (330 МВт) Мінскай ЦЭЦ-5. Усяго на канец 2000 у Рэспубліцы Беларусь эл. і цеплавую энергію выпрацоўваюць 25 цеплавых электрастанцый устаноўленай агульнай магутнасцю 783 8 МВт, працягласць сістэмаўтваральных ЛЭП высокага напружання складае каля 7 тыс. км. Працягваецца рэканструкцыя ЦЭЦ і ДРЭС: Аршанскай ЦЭЦ па парагазавай тэхналогіі (ПГУ 70 МВт), замена турбаўстановак на Пінскай, магілёўскіх ЦЭЦ-1 і ЦЭЦ-2, пераход на прыродны газ Бабруйскай ЦЭЦ-2, Наваполацкай, Полацкай і інш. ЦЭЦ. Уведзены ў эксплуатацыю першая ў краіне дэтандэр-генератарная ўстаноўка магутнасцю 5 МВт на Лукомскай ДРЭС. У канцы 2003 пушчаны мадэрнізаваны 4-ы энергаблок на Бярозаўскай ДРЭС. Выпрацоўка электраэнергіі ў 2003 склала 26 640 млн. кВт∙гадз (у т. л. цеплавымі электрастанцыямі 26 611 млн., гідраэлектрастанцыямі 29 млн.).

Гідраэнергетыка Беларусі дае менш за 0,1% выпрацоўкі электраэнергіі. Працуе 21 малая ГЭС з устаноўленай магутнасцю 10 МВт. Найб. значныя з дзеючых ГЭС: Асіповіцкая на р. Свіслач (2250 кВт, пушчана ў 1953), Чыгірынская на р. Друць (1500 кВт, 1960), Гезгальская на р. Моўчадзь (550 кВт, 1959). Вядуцца эксперыментальна-пошукавыя работы паветраэнергетыцы і сонечнай энергетыцы (геліятэхніцы).

На аснове электраэнергетыкі адбылася электрыфікацыя ўсіх галін нар. гаспадаркі Беларусі.

Спачатку электраэнергія выкарыстоўвалася пераважна для асвятлення. У пач. 20 ст. на некаторых прадпрыемствах (Альбярцінская шоўкакруцільная фабрыка каля Слоніма, рамонтныя майстэрні чыгунак у Пінску, Добрушская папяровая фабрыка) былі ўстаноўлены эл. рухавікі. У 1920—30-я г. з пабудовай дробных, а потым і буйных эл. станцый большасць электраэнергіі стала спажывацца на вытворчыя мэты. Найб. хуткімі тэмпамі расло выкарыстанне эл. энергіі ў прамысловасці: у 1-ю пяцігодку значная частка станочнага парка пераведзена на электрапрывод, удзельная вага спажывання электраэнергіі на вытв. мэты склала 70,5%. У 1898 пушчаны трамвай у Віцебску, у 1929 — у Мінску. У 1940 нар. гаспадаркай Беларусі спажыта 478,4 млн. кВт∙гадз эл. энергіі, у т. л. (млн. кВт∙гадз): прамысловасцю і будаўніцтвам 326,7, сельскай гаспадаркай 10,1, транспартам 41,2. У пасляваен. гады з аднаўленнем і развіццём электраэнергетыкі павялічылася выкарыстанне электраэнергіі ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Эл. энергія шырока выкарыстоўвалася для выплаўкі сталі, электразваркі, электралітычных працэсаў, на лесапільных рамах, млынах, для падымальна-транспартнага абсталявання і інш. З 1952 дзейнічае тралейбус у Мінску. З 1954 сельская гаспадарка атрымлівала электраэнергію не толькі ад уласных электрастанцый, а і ад дзяржаўнай сеткі.

Электрыфікацыя нар. гаспадаркі паскорылася з пач. 1960-х г. Будаваліся размеркавальныя электрычныя сеткі і трансфарматарныя падстанцыі, з дапамогай якіх да 1967 электрыфікаваны ўсе калгасы, саўгасы і іх населеныя пункты, якія мелі больш за 10 двароў.

Спажыта электраэнергіі ў 1975 (у млрд. кВт∙гадз): у прамысловасці 14,13 (у 1960—2,4), у сельскай гаспадарцы 2,32 (0,22), на транспарце 0,8 (0,12). Пушчаны тралейбусы ў Гомелі (1962), Магілёве (1970), Гродне (1974), Віцебску і Бабруйску (1978). Электрыфікаваны ўчасткі чыгункі ад Мінска да Маладзечна (1966), Асіповіч (1973), Барысава (1974), Стоўбцаў (1975).

Спажыванне электраэнергіі на Беларусі нарастала даволі хутка: за 25 гадоў (з 1965 да 1990) яно павялічылася (млрд. кВт∙гадз): у прамысловасці з 4,8 да 30,8 (у 6,4 раза), у сельскай гаспадарцы з 0,5 да 4,9 (у 9,8 раза), на транспарце з 0,2 да 0,9 (у 4,5 раза), у астатніх галінах з 1,2 да 7,3 (у 6 разоў; гл. таксама табл.). Электрыфікавана 900 км чыгунак. У 2001 сумарнае энергаспажыванне склала 33,34 млрд. кВт∙гадз. Значную долю энергаспажывання ў краіне займае вытворчасць прадукцыі хіміі і нафтахіміі — 12,1% у 1995 і 13,3% у 2001, а таксама машынабудаванне і металаапрацоўка — адпаведна 7,2 і 7,5%. Гэтыя вытворчасці складаюць асноўную даходаўтваральную частку ў бюджэце краіны, а таксама ўнутр. і знешняга гандл. абароту, хаця і з’яўляюцца энергаёмістымі, а асноўныя вытв. магутнасці (нафтаперапр. заводы, абсталяванне па вытворчасці хім. угнаенняў, здабычы калійных солей, нафты і спадарожнага газу) патрабуюць пастаяннай мадэрнізацыі і абнаўлення. Патрэбы ў электраэнергіі забяспечваюцца бел. электрастанцыямі і імпартам (у 2002 атрымана 3,7 млрд. кВт∙гадз з Расіі, 3,1 млрд. кВт∙гадз з Літвы). Асноўная спецыфіка электраэнергетыкі Беларусі — малая (каля 18%) доля энергарэсурсаў, што здабываюцца на яе тэр. (нафта, спадарожны газ, паліўны торф, дровы), астатнія купляюцца за мяжой (пераважна ў Расіі). У гэтых умовах найважнейшым з’яўляецца пошук альтэрнатыўных энергарэсурсаў і энергазберажэнне.

Цеплафікацыя забяспечвае камбінаваную выпрацоўку цеплавой і электрычнай энергіі на буйных і малых цеплаэлектрацэнтралях. На Беларусі пачалася ў 1936, калі цеплавую энергію для горада стала даваць Мінская ЦЭЦ-2. Будаваліся таксама цеплаэлектрацэнтралі пры буйных прамысл. прадпрыемствах. У 1950—60-я г. пушчана першая цеплаэлектрацэнтраль высокага ціску ў Мінску — ЦЭЦ-3 (25 МВт), пабудаваны ЦЭЦ у Віцебску, Пінску, Баранавічах, Полацку, Магілёве, Гродне, Бабруйску. Ва ўсіх абласных цэнтрах і буйных гарадах створаны магутныя цэнтралізаваныя сістэмы цеплазабеспячэння. Цяпло прадпрыемствам і насельніцтву даюць таксама раённыя цеплавыя вузлы і кацельныя прамысл. прадпрыемстваў. У 1990 магутнасць ЦЭЦ дасягнула 3426,9 МВт (супраць 530 МВт у 1960). Сумарная прадукцыйнасць энергетычных катлоў склала 40 510 т пары за гадзіну, воданагравальных — 10 850 Гкал за гадзіну, устаноўленая цеплавая магутнасць турбаагрэгатаў — 7819 Гкал за гадзіну. Цеплафікацыю забяспечваюць новыя магутныя ЦЭЦ, раённыя кацельныя і больш за 2 тыс. км цеплавых сетак. Сярэднегадавы расход паліва на выпрацоўку электра- і цеплаэнергіі ў 2000 склаў 274,8 г на 1 кВт∙гадз і 172,3 кг на 1 Гкал, што адпавядае лепшым сусветным стандартам. У 2000 завершаны работы па ўкараненні міні-ЦЭЦ: 3,5 МВт у Віцебску, 3 МВт у Пінску, 3,5 МВт у Гродне.

Кіраванне энергетыкай краіны забяспечвала Галоўнае вытв. ўпраўленне энергетыкі і электрыфікацыі — Белгалоўэнерга, створанае ў 1957. У 1992 яно пераўтворана ў Мін-ва энергетыкі, у 1994 — у Мін-ва паліва і энергетыкі. У 1995 пастановай Кабінета Міністраў створаны Беларускі дзярж. энергетычны канцэрн «Белэнерга». У яго складзе 140 раёнаў электрычных сетак (РЭС), 27 раёнаў цеплавых сетак; 2 кандэнсацыйныя электрастанцыі (устаноўленая магутнасць 3330 МВт), 20 цеплаэлектрацэнтралей (4293,5 МВт), 12 прамысл. блок-станцый (99,5 МВт), 11 гідраэлектрастанцый (7 МВт), 35 раённых кацельных. Працягласць паветраных ЛЭП 35—750 кВ — 34 936 км (у т. л. 2 ЛЭП 750 кВ працягласцю 753 км), ЛЭП 6—10 кВ — 117 458 км (у т. л. кабельных 12 504 км). Энергасістэма спажывае 9071,8 млн. м³ прыроднага газу, 167 млн. м³ спадарожнага і 1206,9 тыс. т мазуту (даныя на канец 2000). Гл. таксама Энергетыка, Электраэнергетыка і Электрыфікацыя.

Літ.:

Энергетика Белоруссии. Мн., 1968;

Белорусская энергетическая система(1931—1991). Мн., 1992;

Белорусская энергетическая система, 1998—2000. Мн., 2001.

Я.​П.​Забела.


Табліца 1
Асноўныя паказчыкі работы прамысловасці
1990 1995 2000 2001 2002 2003
Аб’ём прадукцыі (у фактычна дзеючых цэнах млрд. руб.) 42 131373 10501​1 18612 24912 32382
Вытворчасць спажывецкіх тавараў, млрд. руб.
у т. л.
23 44563 4200 7185 7957 10316
прадуктовых 6 20961 1754 2997 3803 4826
непрадуктовых 15 18949 1998 3463 3675 4952
Сярэднегадавая колькасць прамыслова-вытворчага персаналу, тыс. чал. 1536,9 1176,2 1156,2 1124,4 1078,2 1043,7
Прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі, млрд. руб. 6,9 9990 1081​1 1415 1813 2834
Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі 22,3 10,1 15,8 10,9 10,5 12,0

​1 З улікам дэнамінацыі (памяншэнне ў 1000 разоў)


Табліца 2
Індэксы агульнага аб’ёму прамысловай прадукцыі і вытворчасці спажывецкіх тавараў (у % да папярэдняга года)
1995 2000 2001 2002 2003
Уся прамысловасць 88 108 106 104 107
Па галінах прамысловасці
здабыўныя 103 95 111 103 110
апрацоўчыя 88 108 106 105 106
Вытворчасць спажывецкіх тавараў 75,8 106,5 106,8 104,7 107,8

Электрабаланс народнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь (млрд. кВт∙гадз)
Гады 1940 1950 1960 1970 1980 1985 1990 1995 2000 2003
Выпрацоўка электраэнергіі 0,51 0,75 3,64 15,08 34,1 33,2 39,5 24,9 26,1 26,6
Атрымана ад іншых дзяржаў — — — 0,67 3,9 9,8 14,2 10,1 10,0 10,8
Спажыта электраэнергіі, усяго 0,48 0,70 3,36 12,85 32,0 39,4 49,0 32,1 33,3 33,4
у т. л. прамысловасцю і будаўніцтвам 0,33 0,47 2,43 9,06 21,5 23,1 27,5 13,8 16,0 15,7
сельскай гаспадаркай 0,01 0,02 0,22 1,14 3,4 4,6 7,0 4,8 3,9 3,3
транспартам 0,04 0,04 0,12 0,63 2,8 2,6 3,1 1,8 1,9 2,2
іншымі галінамі 0,1 0,17 0,59 2,02 4,3 5,5 7,1 8,1 8,1 8,8
Страты ў электрасетках агульнага карыстання 0,03 0,05 0,2 1,41 3,1 3,6 4,3 3,4 3,4 3,4
Адпушчана за межы краіны — — 0,08 1,49 5,9 3,6 4,7 2,8 2,8 4,0
Беларускі шынны камбінат. Камерны цэх.
Беларуская ДРЭС. 1930.
Бярозаўская ДРЭС.
Лукомская ДРЭС: 1 — агульны выгляд; 2 — машынная зала.
Гомельская ЦЭЦ-2: 1 — агульны выгляд; 2 — блочны шчыт.
Падстанцыя 750 кВ «Беларуская» (1) і паветраная ЛЭП 750 кВ «Смаленская АЭС-ПС «Беларуская» (2).
Мінская ЦЭЦ-5 (агульны выгляд).
Найбольшыя ГЭС Беларусі: 1 — Асіповіцкая на р. Свіслач; 2 — Чыгірынская на р. Друць.
Мадэрнізацыя і рамонт энергаабсталявання супрацоўнікамі адкрытага акцыянернага таварыства «Белэнергарамналадка».

т. 18, кн. 2, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДОВА І ГІСТОРЫЯ РАЗВІЦЦЯ ПЛАТФОРМАВАГА ЧАХЛА.

У познім пратэразоі пачаў фарміравацца чахол платформы. Першыя яго ўтварэнні, прымеркаваныя да асобных паніжэнняў фундаменту, датуюцца раннім рыфеем (пачатак — каля 1,65 млрд. гадоў назад). Гэта вулканагенныя пароды і моцна змененыя катагенезам кварцавыя пясчанікі, якія залягаюць пераважна ў паўд.-ўсх. частцы Беларусі. Пазней на асобных участках Бабруйскага пахаванага выступу, Палескай седлавіны і Прыпяцкага прагіну ва ўмовах субарыднага клімату камяністай пустыні намнажаліся эолавыя пяскі, пазней ператвораныя ў пясчанікі. У сярэднім рыфеі (пачатак — каля 1,35 млрд. гадоў назад) адбылося залажэнне Валына-Аршанскага прагіну, які шырокай паласой перасек усю тэр. Беларусі з ПдЗ на ПнУ. Да прагіну быў прымеркаваны ўнутрыкантынентальны мелкаводны марскі басейн, у якім намножыліся чырванаколерныя сярэдне-, дробна- і тонкаабломкавыя асадкі магутнасцю больш за 400 м. На ПдУ і на ПнЗ ад басейна асадканамнажэння размяшчаліся вобласці зносу абломкавага матэрыялу. Да канца сярэдняга — пачатку позняга рыфею (каля 1 млрд. гадоў назад) асадканамнажэнне працягвалася толькі ў паўн.-ўсх. частцы Валына-Аршанскага палеапрагіну. Тэр. на поўдзень ад лініі Слуцк—Старобін—Жлобін стала сушай. На працягу позняга рыфею ў цэнтр. і ўсх. частках Беларусі (Аршанская ўпадзіна) асадканамнажэнне адбывалася ў невялікім мелкаводным басейне з нармальна марской або некалькі павышанай салёнасці вадой. Намнажаліся тэрыгенныя, тэрыгенна-карбанатныя і карбанатныя адклады, у т. л. першыя арганагенныя ўтварэнні — водарасцевыя даламіты. Да канца рыфею ўся тэр. Беларусі стала сушай.

У раннім вендзе (пачатак — каля 650 млн. г. назад) большая частка тэр. Беларусі была ахоплена покрыўным зледзяненнем, у час якога ўтварыўся магутны комплекс ледавіковых, патокава-ледавіковых і азёрна-ледавіковых адкладаў. Найб. магутныя тоўшчы (больш за 300 м) ледавіковай фармацыі ўстаноўлены на поўдні Аршанскай упадзіны і на паўн. схіле Жлобінскай седлавіны. У разрэзах перыядычна чаргуюцца гарызонты тылітаў (стараж. марэн), патокава-ледавіковых пясчаных парод і азёрна-ледавіковых слаістых глін, што сведчыць пра некалькі фаз зледзянення. На пачатку позняга венду (каля 620 млн. гадоў назад) тэр. Беларусі ўяўляла сабой перасечаную раўнінную сушу, на якой фарміраваліся маламагутныя пралювіяльна-алювіяльныя комплексы дрэннасартаваных буйна- і грубазярністых чырванаколерных пясчаных адкладаў. Такія комплексы ўстаноўлены на тэр. Падляска-Брэсцкай упадзіны і Палескай седлавіны. Позні венд адзначаны актыўным вулканізмам, гал. месцам яго дзеяння была Падляска-Брэсцкая ўпадзіна, дзе сфарміравалася трапавае плато, утворанае покрывамі базальтаў, дыябазаў, лавабрэкчый з праслоямі туфаў і туфітаў (магутнасць да 300 м). Вулканічныя вывяржэнні адбываліся ў кантынентальных і марскіх умовах. Вулканакластычны матэрыял быў вельмі пашыраны. Значныя тоўшчы туфаў, туфітаў, туфагенных асадкавых парод, прадуктаў гразевых вулканічных патокаў намножыліся на тэр. Палескай седлавіны, Аршанскай упадзіны, Беларускай антэклізы, ПнЗ Прыпяцкага прагіну. Пасля заканчэння вулканічнай актыўнасці абломкавы вулканічны матэрыял у выніку размыву трапавага плато яшчэ доўга паступаў на тэр. Падляска-Брэсцкай упадзіны, Палескай седлавіны, Аршанскай упадзіны і паўн.-ўсх. схілы Беларускай антэклізы, дзе ў марскіх умовах адбывалася намнажэнне пясчана-алеўрыта-гліністых асадкаў.

У кембрыйскі перыяд палеазойскай эры (пачатак — каля 570 млн. гадоў назад) неглыбокія марскія басейны, дзе намнажаліся пясчана-гліністыя асадкі, былі ў Падляска-Брэсцкай упадзіне (магутнасць адкладаў да 436 м) і на крайнім ПнЗ Беларусі (схілы Бел. антэклізы і Балтыйскай сінеклізы, адклады магутнасцю да 150 м). Гэтыя ж мелкаводныя басейны захоўваліся і ў ардовікскі (пачатак — каля 500 млн. гадоў назад) і сілурыйскі (пачатак — каля 440 млн. гадоў назад) перыяды. Але ў гэты час тут намнажаліся выключна карбанатныя адклады (вапнякі, мергелі, радзей даламіты). Магутнасць ардовікскіх утварэнняў на ПнЗ краіны больш за 150 м, на ПдЗ — да 40 м, сілурыйскіх адпаведна да 65 м і 650 м.

У дэвонскі перыяд (пачатак — каля 410 млн. гадоў назад) тоўшчы разнастайных горных парод намножыліся на большай частцы тэр. Беларусі. У Падляска-Брэсцкай упадзіне іх магутнасць 10—100 м, Аршанскай упадзіне да 450 м, у Прыпяцкім прагіне да 4500 м. У пачатку раннедэвонскай эпохі (лохкаўскі век) асадканамнажэнне адбывалася толькі ў Падляска-Брэсцкай упадзіне, дзе сфарміраваліся марскія карбанатныя адклады ва ўмовах, спрыяльных для існавання бентасу (імшанкі, брахіяподы, крынаідэі) і водарасцей. У канцы лохкаўскага веку мора поўнасцю адышло з тэр. Беларусі. У эмскі век раннедэвонскай эпохі Аршанская ўпадзіна, Латвійская і Жлобінская седлавіны, усх. схілы Беларускай антэклізы, асобныя ўчасткі Прыпяцкага прагіну былі заняты мелкаводным морам, дзе намнажаліся пясчанікі, гравеліты, мергелі, вапнякі, даламіты, у т. л. водарасцевыя і аалітавыя. Іх сучасная магутнасць больш за 20 м. Мора сярэднедэвонскай эпохі мела тыя ж межы, што і ў раннім дэвоне, а ў эйфельскім веку яно поўнасцю залівала Прыпяцкі прагін. Салёнасць вады ў ім мянялася ад некалькі паніжанай (акумуляваліся пясчаныя адклады) да вельмі высокай (утвараліся пласты гіпсу, ангідрыту, на асобных участках Прыпяцкага прагіну — каменнай солі). У месцах з нармальнай салёнасцю марской вады намнажаліся карбанатныя і глініста-карбанатныя пароды з рэшткамі фауны. Магутнасць эйфельскіх адкладаў ад 10 м на схілах Бел. антэклізы да 100 м у Аршанскай упадзіне і Прыпяцкім прагіне. У жывецкі век сярэдняга дэвону мора некалькі адступіла з усх. схілаў Бел. антэклізы, астатнія контуры захаваліся. Мора было мелкаводным; у 1-й палавіне веку ў ім намнажаліся пераважна пясчана-алеўрытавыя адклады, у 2-й — глініста-карбанатныя. Магутнасць жывецкай тоўшчы дасягае 185 м. У пачатку і сярэдзіне франскага веку познадэвонскай эпохі на ПнУ і ПдУ Беларусі ў мелкаводных марскіх умовах намнажаліся напачатку пясчана-гліністыя, потым карбанатныя асадкі, часам — сульфатны матэрыял. На пэўных адрэзках часу ствараліся ўмовы, спрыяльныя для жыцця страматапараідэй, каралаў, і фарміраваліся арганагенныя пабудовы (рыфы). У канцы франскага веку на У краіны сфарміраваліся 2 зоны (паўн. і паўд.), якія развіваліся да канца дэвону. Паўночная зона (усх. і паўд.-ўсх. раёны Аршанскай упадзіны) ахоплівала невялікую плошчу, занятую мелкаводным марскім басейнам, дзе ў тэктанічна спакойных умовах намножыліся маламагутныя карбанатныя і карбанатна-гліністыя адклады. У паўднёвай зоне ў гэты час фарміравалася тэктанічна актыўная структура — Прыпяцкі прагін (рыфтавы грабен), да якога прымеркаваны гал. карысныя выкапні Беларусі — каменная і калійныя солі, нафта, буры вугаль, гаручыя сланцы, прамысловыя расолы і інш. За перыяд з канца франскага веку па фаменскі век позняга дэвону ўключна ў Прыпяцкім прагіне сфарміраваліся верхняя частка падсалявой карбанатнай тоўшчы, ніжняя саляносная, міжсалявая, верхняя саляносная і надсалявая тоўшчы, а таксама звязаная з імі шчолачна-ультраасноўная — шчолачна-базальтоідная вулканагенная фармацыя. Гэты час характарызаваўся: найбольшым праяўленнем магматызму і галагенезу; максімальнымі магутнасцямі адкладаў (3000—3500 м) у сувязі з вельмі высокімі тэмпамі апускання тэрыторыі (да 780 м/млн. гадоў); фарміраваннем высокаамплітудных (сотні метраў) разломаў; утварэннем складанай плікатыўна-блокавай структуры; шырокім праяўленнем працэсаў саляной тэктонікі. Пароды, што намножыліся ў гэты перыяд, вельмі разнастайныя: пясчанікі, алеўраліты, гліны, аргіліты, вапнякі, даламіты, мергелі, ангідрыты, гіпсы, каменная соль, сільвініт, карналіт, гаручыя сланцы. Познадэвонскі вулканізм прывёў да ўтварэння ва ўсх. частцы Прыпяцкага прагіну і на Жлобінскай седлавіне пластоў туфаў, эфузіўных і субвулканічных парод і трубак выбуху. У канцы фаменскага веку завяршылася фарміраванне Прыпяцкага прагіну як рыфтавай структуры.

Пасля перарыву ў асадканамнажэнні на мяжы дэвону і каменнавугальнага перыяду (пачатак — каля 350 млн. гадоў назад) на тэр. Беларусі ў пачатку турнейскага веку раннекаменнавугальнай эпохі намнажэнне асадкаў аднавілася (у Прыпяцкім прагіне — да 1000 м, на Брагінска-Лоеўскай седлавіне і Валынскай монакліналі). У каменнавугальны перыяд ва ўмовах гарачага і вільготнага клімату адзначаліся шматразовыя змены марскіх, прыбярэжна-марскіх, лагунна-прэснаводных і кантынентальных палеагеаграфічных абставін. У гэты час намножыліся пяскі, пясчанікі, вапнякі, гліны, у т. л. каалінавыя, з праслоямі баксітаў, бурага вугалю і даўсанітзмяшчальных парод. У адкладах візейскага веку ніжняга карбону на тэр. Прыпяцкага прагіну сфарміравалася Заазернае радовішча даўсаніту.

Адклады пермскага перыяду (пачатак — каля 285 млн. гадоў назад) вядомы на тэр. Прыпяцкага прагіну, Брагінска-Лоеўскай седлавіны, Падляска-Брэсцкай упадзіны і паўд. схілах Балтыйскай сінеклізы. Ва ўмовах сухога і гарачага клімату ў марскіх і кантынентальных абставінах ішло намнажэнне пераважна тэрыгенных адкладаў (пяскі, гліны); перыядычна фарміраваліся праслоі і гнёзды гіпсу і ангідрыту. У раннепермскую эпоху ў цэнтр. частцы Прыпяцкага прагіну намножылася магутная (да 760 м) саляносная тоўшча, у якой прадстаўлены каменная соль, сільвініт, кізерыт і бішафіт.

Адклады трыясавага перыяду (пачатак — каля 230 млн. гадоў назад) пашыраны на ПдУ Беларусі (Прыпяцкі прагін, Брагінска-Лоеўская седлавіна) і на ПдЗ (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна). Седыментацыя адбывалася ў прэснаводных вадаёмах, дзе намножыліся чырвана- і стракатаколерныя тэрыгенныя адклады (пяскі, алеўраліты, кангламераты, гліны). Іх магутнасць на ПдУ дасягае 300—500 м, часам 700—1000 м, на ПдЗ — 8—50 м.

На працягу большай часткі позняга трыясу і ўсёй ранняюрскай эпохі (пачатак — каля 195 млн. гадоў назад) тэр. Беларусі была сушай і падвяргалася размыву. У сярэдняюрскую эпоху асадканамнажэнне аднавілася. Адклады юрскай сістэмы (максімальная магутнасць сотні метраў) залягаюць у Прыпяцкім прагіне, на Брагінска-Лоеўскай і Жлобінскай седлавінах, у паўд. частцы Аршанскай упадзіны, у Падляска-Брэсцкай упадзіне і на Бел. антэклізе. У сярэдня- і познаюрскую эпохі часта чаргаваліся фазы адступання і наступання мора; паступова моцна апрэснены басейн шляхам асадканамнажэння ператварыўся ў тыповы марскі. У юрскі час намножыліся гліны, алеўраліты і пяскі з праслоямі бурага вугалю, вапнякі, мергелі.

Мелавы перыяд (пачатак — каля 137 млн. гадоў назад) — час шматразовых марскіх трансгрэсій з 3 і У на тэр. краіны. Адклады мелавой сістэмы (магутнасць да 336 м) пашыраны па ўсёй паўд. палавіне Беларусі. У раннемелавую эпоху намнажаліся пераважна тэрыгенныя асадкі (пяскі, у т. л. з глаўканітам і фасфарытавымі жаўлакамі, гліны, алеўрыты); у познамелавую — выключна пісчы мел і мергельна-мелавыя пароды з канкрэцыямі і жаўлакамі крэменю. У другой палавіне каньякскага веку позняга мелу на крайнім У Беларусі ўтварыліся пласты трэпелаў і апок.

У адкладах палеагену (пачатак — каля 67 млн. гадоў назад), пашыраных у межах паўд. палавіны Беларусі, пераважаюць тэрыгенныя асадкі: кварцава-глаўканітавыя пяскі, алеўрыты з галькай фасфарытаў і крэменю. Іх магутнасць дасягае 220 м. На працягу палеацэнавай і эацэнавай эпох асадканамнажэнне адбывалася ў марскіх умовах. Клімат у палеагене быў цёплы і вільготны. Перыядычна ўзнікалі ўмовы, спрыяльныя для жыцця арганізмаў з крамянёвымі шкілетамі, у выніку чаго фарміраваліся апокі, апокападобныя гліны, алеўрыты. У першай палавіне алігацэнавай эпохі марскі басейн пачаў мялець, скарачацца, а ў канцы ранняга — пачатку позняга алігацэну мора назаўсёды пакінула тэр. Беларусі. У познім алігацэне адклады намножыліся ў далінах рэк, азёрах, катлавінах, звязаных з карставаннем пісчага мелу і салявых адкладаў у скляпеннях саляных купалаў. У замкнутых забалочаных азёрных катлавінах і западзінах утварыліся буравугальныя паклады.

У неагенавы перыяд (пачатак — каля 25 млн. гадоў назад) у паўд. палавіне Беларусі, якая ўяўляла сабой нізінную алювіяльную раўніну з забалочанымі плоскімі (плакорнымі) водападзеламі, працягвалася кантынентальнае асадканамнажэнне (пяскі, алеўрыты, гліны, у т. л. мантмарыланітавыя, тарфянікі). Працэсы торфаўтварэння спрыялі фарміраванню буравугальных радовішчаў на З Прыпяцкага прагіну. Магутнасць неагенавых адкладаў месцамі перавышае 100 м. Клімат на працягу большай часткі неагену быў цёплы і вільготны, у канцы перыяду пачалося пахаладанне, зменшылася колькасць атмасферных ападкаў; клімат стаў падобны да сучаснага.

Чацвярцічны (антрапагенавы) перыяд (пачатак — каля 1,65 млн. гадоў назад) на тэр. Беларусі падзяляюць на 3 этапы: перадледавіковы, ледавіковы і пасляледавіковы. Першыя 2 адпавядаюць плейстацэнавай эпосе, апошні — галацэнавай. Магутнасць адкладаў чацвярцічнага перыяду дасягае 300 м. У перадледавіковы этап плейстацэнавай эпохі ў Скандынавіі ўзнікалі ледавіковыя покрывы. Яны не дасягалі тэр. нашай краіны, але ўплывалі на яе клімат і абумовілі чаргаванне фаз пацяплення і пахаладання. Ледавіковы этап плейстацэнавай эпохі адзначаўся чаргаваннем зледзяненняў і міжледавікоўяў. На тэр. Беларусі вылучаюць 6 ледавіковых і 5 міжледавіковых перыядаў. Рух покрыўных ледавікоў моцна мяняў рэльеф тэрыторыі. Узнікалі працяглыя (дзесяткі кіламетраў) лагчыны ледавіковага выворвання і размыву. Акумуляцыя марэн пры раставанні ледавікоў утварала новыя формы рэльефу. Чацвярцічная тоўшча амаль напалавіну складзена з марэнных адкладаў. Масы рухомага лёду часта зрывалі і пераносілі на розныя адлегласці вялікія масівы карэнных парод, т.зв. адорвені. Пра геалагічную «моц» ледавікоў сведчаць валуны і глыбы крышталічных і трывалых асадкавых парод, прынесеныя на тэр. Беларусі ледавікамі са Скандынавіі. Пры раставанні ледавікоў узнікалі водныя патокі, якія неслі рыхлы абломкавы матэрыял (пясок, радзей гравій і гальку). Гэты флювіягляцыяльны матэрыял адкладаўся на паверхні ледавікоў, у іх тоўшчы або каля краёў. Часам водныя патокі сустракалі на сваім шляху перашкоды ў выглядзе марэнных утварэнняў (краявыя ледавіковыя грады, озы, друмліны і інш.). У выніку падпруджвання ўзнікалі азёры, у якіх намнажаліся азёрна-ледавіковыя (лімнагляцыяльныя) адклады, пераважна стужачныя гліны (чаргаванне тонкіх пясчаных і гліністых слаёў). Каля краю ледавіка фарміраваліся эолавыя ўзгоркі, грады, дзюны, намнажаліся тоўшчы лёсаў. У час міжледавікоўяў, калі ледавікі поўнасцю адступалі, асадканамнажэнне канцэнтравалася ў далінах рэк, шматлікіх азёрных і балотных катлавінах. Намнажаліся пяскі, гліны, сапрапелі, мергелі, торф, гіціі. Апошняе (паазерскае) зледзяненне пакінула тэр. Беларусі каля 15 тыс. гадоў назад. Яшчэ некалькі тысячагоддзяў працягваўся халодны пасляледавіковы перыяд і каля 10 тыс. гадоў назад пачаўся галацэнавы (сучасны) перыяд, у час якога намножылася тоўшча рыхлых асадкавых алювіяльных, азёрных, балотных і інш. адкладаў магутнасцю да 20—25 м. Апошнія стагоддзі галацэнавага этапу адметныя актыўным уплывам антрапагеннага фактару. З развіццём цывілізацыі гэты ўплыў становіцца ўсё больш значным і набывае характар пашыранага геалагічнага фактару. Разнастайныя сучасныя геалагічныя працэсы правакуюцца здабычай карысных выкапняў, прамысловым, жыллёвым, меліярацыйным і гідратэхнічным будаўніцтвам, звядзеннем лясоў, разворваннем зямель, складаваннем і пахаваннем прамысл. адходаў, забруджваннем атмасферы парніковымі газамі і інш. формамі ўплыву чалавека на прыроднае асяроддзе.

Літ.:

Геология Беларуси. Мн., 2001;

Нацыянальны атлас Беларусі. Мн., 2002;

Полезные ископаемые Беларуси. Мн., 2002.

А.​А.​Махнач.

т. 18, кн. 2, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ПТАЎ ДЗЯРЖА́ВА,

старажытнаіндыйская імперыя ў 4—6 ст. Назва ад дынастыі Гуптаў. Сталіца г. Паталіпутра (цяпер г. Патна). Утварэнне Гуптаў дзяржавы пачалося пры Чандрагупце I

[320 — каля 335],

які прыняў імператарскі тытул. Пры яго сыне Самудрагупце [каля 335 — 375] дзяржава стала адной з найбуйнейшых на стараж. Усходзе. Пад уладай Гуптаў была амаль уся Паўн. Індыя. У часы Скандагупты [455—467] Гуптаў дзяржава вяла барацьбу з плямёнамі пуш’ямітраў у Зах. Індыі і з эфталітамі на ПнЗ дзяржавы (у пач. 6 ст. яны авалодалі зах. ч. Індыі, але каля 528 былі разбіты). Войны і ўнутр. крызіс аслабілі магутнасць Гуптаў дзяржавы, і ў канцы 6 ст. яна распалася. Эпоха Гуптаў — час росквіту стараж.-інд. духоўнай культуры, яе называюць залатым векам Індыі.

т. 5, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫ́ЙСКАЯ ПЛАТФО́РМА, Індастанская платформа,

дакембрыйская платформа, займае п-аў Індастан, Інда-Гангскую раўніну да падножжа Гімалаяў і в-аў Шры-Ланка. Фундамент складзены з архейскіх крышт. парод (граніта-гнейсы, грануліты, сланцы) і асадкава-вулканагенных тоўшчаў. Асн. ч. платформавага чахла складзена з рыфейскіх карбанатна-тэрыгенных адкладаў. Фанеразойскія адклады (кантынентальныя покрыўна-ледавіковыя, вугляносныя, чырванаколерныя пясчаныя, вулканагенныя) запоўнілі грабенападобныя перыкратонныя прагіны і Дэканскую сінеклізу. Паўн. частка І.п. — пліта з глыбока апушчаным фундаментам і слаба дыслацыраванымі кайназойскімі тоўшчамі (магутнасць да 10—12 км), што запаўняюць Перадгімалайскі і Бенгальскі ўскраінныя прагіны. Буйныя радовішчы руд жалеза, марганцу, медзі, золата, рэдкіх металаў, таксама мускавіту, вугалю; баксітаў і каалінавых глін; тытану, цырконію, каштоўных і паўкаштоўных камянёў. Выяўлены алмазаносныя кімберліты.

т. 7, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЫНІ́ДЫ, Марыніды,

дынастыя берберскіх эміраў з племя бану-марын, якая правіла ў Марока ў 1269—1465. У 1248 у час праўлення Абу Ях’і [1244—58] занялі Фес і заснавалі незалежны эмірат; у 1269 захапілі Маракеш, скінулі дынастыю Альмахадаў і аб’ядналі пад сваёй уладай усю тэр. Марока. Найб. пашырэнне дзяржавы М. адбылося пры Абу-ль-Хасане [1331—51] і Абу Інане [1351—58], якія далучылі да яе тэрыторыі Сярэдні Магрыб, здзейснілі некалькі паходаў у Іспанію, Туніс (1347 і 1357). Дынастычныя спрэчкі і міжусобіцы падарвалі магутнасць М. У пач. 15 ст. частку іх тэрыторыі захапілі партугальцы. З 1420 ад імя М. краінай фактычна правілі Ватасіды (бакавая галіна М.), з 1465 да іх поўнасцю перайшла ўлада ў Марока.

т. 10, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОЎ Я́НА І ЦЭЦЫ́ЛІІ,

эразійная лагчына, геолага-геамарфалагічны і палеанталагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1998). Размешчаны каля зах. ускраіны в. Багатырэвічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл. Даўж. 700 м, шыр. да 100 м, глыб. да 10 м, пл. 0,3 км². Лагчына ўтварылася пры размыве азёрна-ледавіковай нізіны за 14 тыс. гадоў. Мае звілістую форму. Уключае помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963) Самастрэльнікі — апорнае геал. агаленне стараж. азёрных і балотных адкладаў муравінскага міжледавікоўя. Адклады (магутнасць 3,3 м) багатыя на рэшткі выкапнёвай флоры (больш за 100 відаў), што існавала каля 100 тыс. г. назад. На паверхні зах. схілу, паводле падання, знаходзяцца магілы герояў рамана Э.​Ажэшкі «Над Нёманам» Яна і Цэцыліі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 13, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІСТКІ́,

механічныя прыстасаванні для пераўтварэння кінетычнай энергіі струменя ў энергію акустычных ваганняў. У адрозненне ад сірэн не маюць вярчальных або рухомых частак. Аўтавагальны рэжым цячэння высокаскараснога струменя ствараюць тармажэннем полым рэзанатарам або клінам, які мае рэзанансную поласць. Акустычная магутнасць С. значна ніжэйшая, чым у газаструменных выпрамяняльніках (не перавышае некалькіх дзесяткаў ват).

Паводле рабочага цела С. бываюць газавыя (паветраныя, пераважна віхравыя, С. Гальтана, т. зв. губныя) і вадкасныя (з пласціністымі ці стрыжнёвымі вібратарамі). Газавыя С. выкарыстоўваюць пераважна для бясшумнай сігналізацыі, вадкасныя — для інтэнсіфікацыі цепламасаабменных працэсаў.

Схемы свісткоў: а — віхравога (1 — трубка для падачы газу, 2 — цыліндрычная камера, 3 — выхадная трубка); б — губнога (1 — шчылінападобнае сапло, 2 — востры край рэзанатара, 3 — рэзанансная камера).

т. 14, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІ́ФСКАЯ ПЛІТА́,

маладая платформа паўн. зоны Міжземнаморскага геасінклінальнага пояса. Займае Раўнінны Крым, Азоўскае м. і Перадкаўказзе. Мяжуе на Пн з Усх.-Еўрапейскай платформай, на Пд з Горным Крымам і краявымі прагінамі Вял. Каўказа. Складзена з фундамента (слабаметамарфізаваныя тэрыгенна-карбанатныя адклады сярэдняга палеазою; у паўд. ч. эпібайкальскія масівы метамарфічных парод), пераходнага познапермска-ранняюрскага комплексу і чахла (сярэдняюрскія — антрапагенавыя адклады, магутнасць 0,1—8 км). На С.п. вылучаюць Прычарнаморскую ўпадзіну, Сімферопальскае і Стаўрапольскае падняцці і інш. структуры. С.п. фарміравалася пераважна ў байкальскі, герцынскі і раннекімерыйскі тэктанічныя цыклы. На асадканамнажэнне ўплывала сумежная (на Пд) альпійская геасінкліналь. Радовішчы нафты (Перадкаўказзе), газу (Раўнінны Крым, Зах. Перадкаўказзе), буйныя рэсурсы артэзіянскіх вод, здабыча солей брому і лячэбных гразей (Зах. Крым).

В.​М.​Губін.

т. 14, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАІ́СТА-КУЧАВЫ́Я ВО́БЛАКІ [міжнар. назва Stratocumulus (Sc)],

воблакі ў выглядзе шэрых або белых (ці адначасова абодвух адценняў) слаёў і град, амаль заўсёды з больш цёмнымі часцінкамі, якія складаюцца з буйных акруглых або валападобных элементаў. Вертык. магутнасць невялікая, размешчаны на выш. да 2 км. Складзены з дробных кропель (пры адмоўных т-рах пераахалоджаных), зрэдку трапляюцца буйныя кроплі дажджу і ядры крупы, сняжынкі і снежныя камякі. Узнікаюць пры хвалевых рухах паветра, асабліва ў слаях інверсій і над падветранымі схіламі ўзвышшаў, пры турбулентным абмене, пры трансфармацыі воблакаў інш. тыпаў, асабліва кучавых і кучава-дажджавых. Часта трапляюцца адначасова з кучавымі воблакамі. Ападкі з большасці гэтых воблакаў не выпадаюць Гл. таксама Воблакі, Воблачнасць.

Слаіста-кучавыя воблакі.

т. 14, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)