БАРУ́ЗДЗІН (Сяргей Аляксеевіч) (22.7.1926, Масква — 4.3.1991),

рускі пісьменнік. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага (1958). У 1966—91 гал. рэдактар час. «Дружба народов». Аўтар раманаў «Паўтарэнне пройдзенага» (1964), «Аповесці пра жанчын» (1967), «Лізавета Паўлаўна» (1979), аповесцяў «Само сабой» (1980), «Час лістападу» (1982; пра партыз. рух на Беларусі ў Вял. Айч. вайну), зб-каў апавяданняў і аповесцяў «Я люблю нашу вуліцу...» (1969), «Тое, што было ўчора» (1975), «Вершы мінулых гадоў» (1983), а таксама кн. «Людзі і кнігі. Літаратурныя нататкі» (1978). Пісаў творы для дзяцей. Выступаў з артыкуламі пра творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, П.​Броўкі, І.​Мележа, М.​Танка, А.​Адамовіча, В.​Быкава, І.​Шамякіна, І.​Чыгрынава, В.​Казько. На бел. мову перакладзены кн. Баруздзіна «Месяц і сонца» (1972; пер. А.​Марціновіч), «Краіна, дзе мы жывём» (1977; пер. Е.​Лось).

т. 2, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЛЕТЫ́ЗМ,

разнастайныя фіз. практыкаванні, накіраваныя на ўмацаванне здароўя, гарманічнае развіццё сілавых якасцяў і паляпшэнне целаскладу чалавека. Умоўна атлетызм падзяляюць на 2 віды: спарт., да якога належаць культурызм (бодыбілдынг), армрэстлінг, паўэрліфтынг, гіравы спорт, цяжкая атлетыка, і ўласна атлетызм, ці атлетычную гімнастыку (сістэму рознабаковых сілавых практыкаванняў са штангай, гірамі, гантэлямі, эспандэрам, гумавым жгутом, на універсальных станках, трэнажорах, блочных прыстасаваннях, з уласнай вагой, без снарадаў і інш.). Разнавіднасцю атлетычнай гімнастыкі жанчын з’яўляецца шэйпінг (ад англ. shape форма) — заняткі па карэкцыі жаночай фігуры.

Атлетызм узнік у Стараж. Грэцыі, дзе існаваў культ прыгожага цела, фіз. дасканаласці. Сучасны атлетызм зарадзіўся ў канцы 19 ст. ў Вялікабрытаніі (паводле інш. звестак на амер. кантыненце). У Расіі першы «Гурток аматараў атлетыкі» стварыў у 1885 ураджэнец Беларусі ўрач У.​Ф.​Краеўскі. Беларуская федэрацыя атлетызму ўзнікла ў 1987.

т. 2, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРСЕКСУА́ЛЬНАСЦЬ (ад гіпер... + сексуальнасць),

значна павышаная палавая схільнасць. Асобы, у якіх адзначана гіперсексуальнасць, маюць высокую палавую ўзбуджальнасць і гатовыя да сексуальных рэакцый пад уздзеяннем нязначных (але адэкватных) знешніх раздражняльнікаў. Звычайна абумоўлена расстройствам нейрагумаральнай або псіхічнай функцыі пры палавым акце. Праяўленні гіперсексуальнасці характэрны для некаторых узроставых перыядаў (гіперсексуальнасць пубертатная, або юнацкая, гіперсексуальнасць клімактэрычнага перыяду). Выражаная гіперсексуальнасць назіраецца пры некаторых эндакрынных (пухліны наднырачнікаў, палавых залоз і інш.) і псіхічных (маніякальна-дэпрэсіўны псіхоз, шызафрэнія і інш.) захворваннях, дыэнцэфальных парушэннях. Характэрна таксама для німфаманііжанчын) і сатырыязу (у мужчын), што часта развіваюцца на фоне розных псіхічных ненармальнасцей. Для юнацкай гіперсексуальнасці (з узростам праходзіць) характэрна празмерная фіксацыя псіхікі на сексуальна-эратычных уражаннях і фантазіях, якія суправаджаюцца спантаннымі эрэкцыямі і частымі палюцыямі. Мастурбацыя пры гэтым мае сурагатнаахоўную накіраванасць на пазбаўленне ад залішняй палавой узбуджальнасці.

т. 5, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕСІЁД (Hēsiodos),

старажытнагрэчаскі паэт 8—7 ст. да н.э. Большую ч. жыцця пражыў у Аскры (вобл. Беотыя). Для сваіх паэм абраў форму эпічнага гекзаметра і мову гамераўскага гераічнага эпасу. У «Тэагоніі» («Радаслоўная багоў») выклаў гісторыю стварэння свету з хаосу, генеалогію багоў і паслядоўнасць трох дынастый, апошняя з якіх прадстаўлена ў рацыянальным уладкаванні свету Зеўсам. У дыдактычнай паэме «Дні і турботы» спалучыў разам практычныя парады, жыццёвую мудрасць, сял. каляндар і міфалагічныя ўстаўкі, у т. л. міф пра Праметэя. Услаўляючы сумленную працу сялян, выкрываў сац. няроўнасць, адстойваў ідэю справядлівасці як вышэйшы эстэт. прынцып. Фрагментарна захаваўся твор «Шчыт Геракла», т.зв. «Эоя», — каталог жанчын-прамаці знатных родаў.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Эллинские поэты в переводах В.​В.​Вересаева. М., 1963;

Античная литература: Греция: Антология. Ч. 1—2. М., 1989.

т. 5, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КА́РЛСБАД»

(«Karlsbad»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і цывільнага насельніцтва ў Круглянскім, Аршанскім, Талачынскім, Шклоўскім р-нах 10—23.10.1942 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі 1-й матарызаванай брыгады СС, 2 паліцэйскіх палкоў СС, 2 ахоўных батальёнаў, асобнага батальёна СС Дырлевангера, інш. спец. каманд пад кіраўніцтвам обергрупенфюрэра СС, начальніка СС і паліцыі групы армій «Цэнтр» Бах-Зелеўскага. Група аб’яднаных партыз. атрадаў пад камандаваннем С.Г.Жуніна і адзін з атрадаў партыз. брыгады «Чэкіст» 20.10.1942 каля в. Гоенка Круглянскага р-на прарваліся праз загараджальныя ланцугі гітлераўцаў і выйшлі на шашу Магілёў—Мінск у Клічаўскую партыз. зону. Карнікі не здолелі знішчыць партызан, затое расправіліся з цывільным насельніцтвам у вёсках Падар, Ваўкоўшчына, Задні Бор, Казёл, спалілі вёскі Гоенка і Паляжаеўка, расстралялі 1051 чал., пераважна жанчын, дзяцей і старых.

т. 8, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЭРЛІ́ФТЫНГ (англ. powerlifting ад power сіла, моц + lift падымаць),

трохбор’е сілавое, сілавы від спорту па падыманні цяжару. Уключае 3 практыкаванні: прысяданні са штангай, жым штангі лежачы, станавую цягу.

Узнік у 1950-я г. ў Вялікабрытаніі, Аўстраліі і ЗША Еўрап. федэрацыя П. існуе з 1978. Мужчыны выступаюць у 11, жанчыны ў 10 вагавых катэгорыях. Штогод праводзяцца чэмпіянаты свету і Еўропы сярод мужчын і жанчын, ветэранаў і юніёраў, сярод інвалідаў — у жыме лежачы. Першы чэмпіянат свету (адкрыты нац. чэмпіянат ЗША) адбыўся ў 1964.

Федэрацыя П. Беларусі засн. ў 1994. Сярод бел. спартсменаў — чэмпіёны свету ў трохбор’і У.​Мінаў (1998), А.​Пашалюк (сярод юніёраў, 2000), у жыме лежачы — 3-разовая чэмпіёнка свету, 2-разовая чэмпіёнка Еўропы Л.​Бялова, чэмпіёны свету Э.​Грынкевіч (1994), Ю.​Жыльская (1999), У.​Бубен (сярод інвалідаў, 1998).

т. 12, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКІХ (Галіна Аляксандраўна) (н. 27.11.1939, Масква),

расійская кінаактрыса. Нар. арт. Расіі (1979). Скончыла Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1964). З 1964 у Т-ры-студыі кінаакцёра. У кіно з 1962 («Дзікі сабака Дзінга»). Творчая манера П. адметная псіхал. глыбінёй, шчырасцю, лірызмам, эмацыянальнасцю. Знялася ў фільмах: «Я крочу па Маскве» (1964), «Вернасць» (1965), «Журналіст» (1967), «Аўтамабіль, скрыпка і сабака Клякса» (1975), «Фронт без флангаў» (1975) і «Фронт за лініяй фронту» (1978; за абодва Дзярж. прэмія Расіі 1978), «Партрэт з дажджом» (1978), «Коней на пераправе не мяняюць» (1981), «Белыя росы» (1983), «Мордачка» (1990), «Амерыканскі дзядуля» (1993), «Любіць па-руску» (1995), «Любіць па-руску 2» (1996), «Любіць па-руску 3» (1999), «Афінскія вечары», «Жанчын крыўдзіць не рэкамендуецца» (абодва 2000), тэлесерыялах «Пецярбургскія тайны» (1994—95), «Развязка пецярбургскіх тайнаў» (1997), «Прыпынак па патрабаванні» (2000) і інш.

т. 12, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

амазо́нка

(ад гр. amazones, ад a- = без + mazos = грудзі)

1) паводле старажытнагрэчаскай міфалогіі, прадстаўніца жанчын-воінаў, якія жылі ля берагоў Чорнага мора;

2) жанчына-коннік;

3) доўгая жаночая сукенка для язды на конях;

4) расліна сям. шальнікавых, від эхінадоруса.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

бурно́с

(фр. bournous, ад ар. burnus = шырокі плашч)

1) доўгі ваўняны плашч арабаў белага колеру з капюшонам;

2) даўгаполая з шырокімі рукавамі вопратка беларускіх жанчын з саматканага сукна, якую апраналі ў халоднае надвор’е як святочную замест світкі ці кажуха.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Каса́1 ’каса ў жанчын’, косы ’валасы’ (З нар. сл.), укр. коса ’каса’, коси ’валасы’, рус. коса ’каса’, косы ’валасы’, ст.-чэш. kosa ’валасы на галаве’, палаб. tʼösa ’каса’, ст.-польск. kosa ’каса’, балг. коса ’валасы на галаве’, мак. коса ’валасы’, серб.-харв. ко̀са ’валасы’, ко̏се ’косы’, славен. kosa ’каса’. Прасл. kosa ’валасы на галаве’ генетычна суадносіцца з česati ’часаць, прычэсваць’ як розныя ступені аблаўту. Але прасл. kosa рэгулярна адпавядае літ. kasà ’каса’, лат. kasa. Балтыйскія паралелі сведчаць аб тым, што значэнне ’каса ў жанчын’ з’яўляецца найбольш старажытным. Гэта адпавядае значэнню славянскага дзеяслова česati (Трубачоў, Эт. сл., 11, 132). Іншыя індаеўрапейскія паралелі да прасл. kosa: ст.-в.-ням. haro (сучас. Haar ’валасы’) < прагерм. hazwa ’часанне’, ірл. cass ’кудзер’ і інш. Нельга разглядаць літ. kasà і лат. kasa як запазычанні з славянскіх моў толькі на падставе таго, што ў балтыйскіх мовах адсутнічаюць паралелі да прасл. česati і, значыць, няма фармальнай і семантычнай пары тыпу cesati‑kosa (наяўнасць балтыйскай пары літ. rankà riñkti ’рука — збіраць’ не з’яўляецца аргументам на карысць балтыйскага паходжання прасл. rǫka, якая таксама не мае пары). Адносна карэляцыі kǫsavolsъ ’волас’ гл. Мартынаў, Язык, 51.

Каса́2 ’прылада для кашэння’, укр. коса, рус. коса, чэш. kosa, славац. kosa, в.-луж. kosa, польск. kosa, балг. коса, макед. коса, серб.-харв. ко̀са. Бліжэйшая паралель да прасл. kosaст.-інд. śásati ’рэжа’. У сувязі з гэтай паралеллю ўзнікае пытанне аб нерэгулярнасці пачатковага зычнага ў славянскай лексеме. Тлумачэнне к у прасл. kosa (павінна было быць *sosa) дысіміляцыяй нельга разглядаць як доказ, паколькі такой заканамернасці не існуе, хоць спарадычна такія замены магчымы. Намі зроблена спроба растлумачыць kosa ў рамках агульнай тэорыі акамадацыі (Мартынаў, Слав. акком., 159). Шэраг даследчыкаў разглядае прасл. kosa ’прылада для кашэння’ як метафарычны перанос ад kosa ’каса ў жанчын’, лічачы такім чынам каса1 і каса2 адной лексемай з двума значэннямі (Брукнер, 259; Якабсон, Word, XI, 4, 1955, 611).

Каса́3 ’селязёнка’ (Шат., Касп.). Названа так на сваёй форме, гл. косы. Уліваючы абмежаваны арэал распаўсюджання слова, не выключана балтыйскае яго паходжанне (Параўн. Сакалоўская БЛ, 16, 1979, 3–4).

Каса́4 ’прамень’ (Шат., Яруш., Шатал.). Чыста метафарычны перанос ад каса1. Параўн. Шатал., 76: «косы сонейка папаускала аж да самэй землі».

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)