прырасці́ ‑расту, ‑расцеш, ‑расце; ‑расцём, ‑расцяце; пр. прырос, ‑расла, ‑ло; зак.

1. Зросшыся з чым‑н., утварыць адно цэлае; прыжыцца. Прышчэп прырос. □ Пяць груш і яблынь пасадзілі Мы ў гонар дружбы і любві. І пастаялі ў задуменні, І пажадалі без прамоў, Каб прырасло мацней карэнне, Як наша прырасла любоў. Панчанка. // перан. Моцна прывыкнуць, прывязацца да чаго‑н. — Прырасла ты, Наташа, да свайго гэтага агарода моцна, а парваць з ім усё ж давядзецца. Асіпенка. [Ксавэру Блецьку] ужо цяжка было на старасці год выбівацца з той каляіны, да якой прырос за доўгія гады. Чорны.

2. перан. Шчыльна прыстаць да чаго‑н., застацца на месцы, стаць нерухомым. Ульяна ўстала з ложка, падышла да стала, дзе, расставіўшы ногі ў чорных валёнках-бурках, прырос да падлогі дзед Тодар. Пташнікаў. Той бедны дзяцел да сука прырос, аж па спіне прайшоў мароз. Дубоўка.

3. Разм. Павялічыцца ў колькасці, у памерах. Толькі за сем месяцаў з ліменскіх лясоў вывезена шаснаццаць тысяч кубаметраў драўніны, у паўтара раза больш, чым за год прырасце. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скру́так, ‑тка, м.

1. Прадмет, згорнуты, скручаны трубкай; рулон. Скрутак сукна. Скрутак ватманскай паперы. □ [Цярэшка] паддаваў на плечы мяхі, насіў доўгія скруткі дываноў. Грахоўскі. Сяргей кідаў работу і насіў на воз скруткі толю, скрынкі з цвікамі, хамуты, атосы. Адамчык. [Паходня] ўявіў Марынку ў яе пакоі, столік, завалены кнігамі, сшыткамі, скруткамі чарцяжоў. Хадкевіч. // Прадмет, звіты, скручаны колцам. Да хаты збочыла з шашы яшчэ адна грузавая машына са скруткамі калючага дроту. Хомчанка. Большы брат згатаваў добры абед, нават два скруткі каўбасы на стол палажыў. Якімовіч. Андрэй, узлёгшы на самую высокую яліну, увесь вечар паліў, начапіўшы на доўгую палку, скруткі бяросты. Скрыпка. // перан. Пра тое, што падобна на скрутак (скруткі). Дровы гарэлі кепска. Са шчылін .. выпаўзалі скруткі дыму. Савіцкі.

2. Прадмет або некалькі прадметаў, загорнутых у паперу, тканіну і пад.; пакунак. Мама разгортвае скрутак і ўсё, што ў ім ёсць, раскладвае на паперы. Брыль. // Наогул скручаныя або звязаныя разам прадметы; клунак. На .. [муле] высока сядзіць на нейкіх скрутках і мяшках жанчына. В. Вольскі. З-пад .. [ложкаў] віднеліся дошкі, скруткі вопраткі. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скры́ня, ‑і, ж.

1. Вялікая чатырохвугольная (звычайна драўляная) пасудзіна для складвання ці ссыпання чаго‑н. Зерне высыпалі ў скрыню. □ [Лубяніха:] — А ўжо мукі гэтай пшанічнай — і ў мяхах, і ў кублах, і ў скрынях поўна насыпана... Ракітны.

2. Прадаўгаватая пасудзіна (звычайна з акенцам) для перавозкі сельскагаспадарчых матэрыялаў, прадуктаў і пад. Параконкі вязуць к бровару доўгія скрыні з бульбаю. Грахоўскі. Пачалася марудная праца — вылузванне рыбы з вочак сеткі ў скрыні: для адпраўкі, калі падыдзе рыбгасаўскі катэр. Брыль. // чаго. Колькасць грузу, якая можа змясціцца ў такой пасудзіне. Да абеду накапалі пяць скрынь [бульбы]. Навуменка.

3. Драўляная пасудзіна з вечкам і замком для захоўвання рэчаў, каштоўнасцей; куфар. Мар’я пакапалася на дне скрыні між сувояў палатна, дастала нешта загорнутае ў белы паркаль і падала старому. Сабаленка. У сенях стаяла скрыня Матроны. У гэтай скрыні былі сх[а]ваны яе лепшыя рэчы: адзенне, палотны, абрусы, рублёў дваццаць срэбра і дзве залатыя пяцёркі. Колас. Алеся засмяялася і пайшла да скрыні, што стаяла паміж ложкам і грубкай, падняла века. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лагожы, лаґожы, лагошы, лого́шы, лоґошы́, лаґошы, лагяшы́ ’сані-развалкі для перавозкі грузаў, розвальні’ (ТС, ТСБМ, Нар. сл., Шатал., Сл. паўн.-зах.), ’вялікі воз для возкі сена, снапоў’ (Касп.), ’лёгкія сані’ (КЭС, лаг.; Жд. 2), бярэз. ’выязныя сані’ (Сл. паўн.-зах.), ’сані з надбудаванай скрыняй або возам для перавозу тавараў’ (КЭС, лаг.; Жд. 2), ’доўгія палкі, якія ўстаўляюцца ў драбіны воза, каб больш палажыць снапоў’ (Сіг.), ’прыстасаванне для пашырэння саней’ (Нар. сл., З нар. сл.), ’рама для воза, саней’ (Сл. паўн.-зах.), ’старыя, паламаныя сані’ (Нар. сл.), лагоша ’воз з бакавымі дошкамі замест драбін’, лаґажы́ ’драўлянае прыстасаванне з палазамі для транспарціроўкі сельскагаспадарчых прылад’ (Сл. паўн.-зах.). З такой семантыкай толькі беларускае. Pluralia tantum пад уплывам сані. Узыходзіць да венг. lógós ’дадатковы конь у запрэжцы’, ’свабодны, які свабодна звісае’, lógó ’тс’, ’дышаль, да якога запрагаюць дадатковага каня’. З тымі ж значэннямі ўжываецца гэта слова ў серб.-харв. (ло́гов), балг. (ло́гой) і славац. (logoš) мовах. У ст.-польск. łogosz (з XVII ст.) азначае ’дадатковы конь у запрэжцы’, ’лаўка ззаду воза, саней для гайдука’. Апошняе значэнне і ў ст.-бел. лагошъ, локгошъ. Паводле гэтага Булыка (Запазыч., 191) выводзіць бел. лексему са ст.-польск. Гл. таксама Міклашыч, 172; Бернекер, 727; Брукнер, 310; Скок, 2, 313; MNy, 2, 60, 370. Балтыйскі адпаведнікі, дадзеныя А. Грынавецкене (Сл. паўн.-зах., 2, 604) да лагошы, а іменна літ. lùgės ’благія сані ці воз з кузавам’, lùgnios ’прыгожыя сані’, супадаюць толькі семантычна, таму што нельга растлумачыць агульнасць вакалізму кораня. Фрэнкель (1, 388) суадносіць іх з lubà ’стальнічына’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Струна́ ‘туга нацягнуты адрэзак дроту, жылы ў музычных інструментах’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Бяльк.), ‘хорда’ (Байк. і Некр.), ‘пругкая вяроўка і пад. у розных прыстасаваннях, цеціва’ (ТСБМ, Ласт.), стру́ныдоўгія вяроўкі, якімі ўвязваюць калоду на санях і падсанках’ (ТС), сюды ж стру́нкі ‘стройны’, струні́ць ‘вучыць, настаўляць’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. укр., рус. струна́ стараж.-рус. струна ‘волас, струна’, польск. struna, в.-луж. truna ‘цеціва’, н.-луж. tšuna ‘жыла’, чэш., славац. struna ‘струна’, серб.-харв. стру̏на ‘конскі волас; струна’, славен. strúna ‘тс’, балг. струна́ ‘струна; доўгі волас з конскага хваста або грывы’, макед. струна ‘струна; конскі волас’, ст.-слав. строуна ‘жыла, струна’. Прасл. *struna, дэрыват ад і.-е. кораня *streu̯‑ < *ster — ‘паласа, пруг, пасма, прамень’ з суф. ‑na; гл. Слаўскі, SP, 1, 116; Борысь, 582. Роднасныя ст.-в.-ням. stroum, strōm ‘канат’, с.-в.-ням. strieme ‘паласа, рубец’, далей, лац. struō, struere ‘накладваць, будаваць’ (Младэнаў, 613; Фасмер, 3, 784 з іншай літ-рай). Борысь (тамсама) параўноўвае яшчэ з літ. struniti ‘будаваць, ставіць’ і, звяртаючы ўвагу на семантыку слова ў паўднёваславянскіх мовах, мяркуе, што значэнне ‘струна ў музычным інструменце’ другаснае, яно было перанесена з дэсігната ‘жыла, волас (жывёліны)’ і да т. п. Гл. яшчэ Махэк₂, 583 (параўноўвае з авест. snāvar ‘нерв’, ст.-інд. snā‑van ‘цеціва’ і дапускае развіццё *sno‑ver > *sroven‑ > *srouna > *struna); Сной₁, 616 (параўноўвае з укр. посторо́нок, чэш. postranek ‘вяроўка для запрагання’, якія да і.-е. кораня *ster‑, *stre‑ ‘прамень’); ЕСУМ, 5, 452–453.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЕЛАРУ́СКІЯ НАРО́ДНЫЯ ГУ́ЛЬНІ,

адна са стараж. формаў нар. творчасці беларусаў. Узніклі з язычніцкіх уяўленняў чалавека пра навакольны свет і звязаны з яго імкненнем паўплываць на незразумелыя прыродныя сілы. Пазней нар. гульні сталі забавай, сродкам маральнага, эстэт. і фіз. выхавання. Вядома больш за 400 беларускіх народных гульняў, якія не маюць строгіх правілаў, у розных месцах адну і тую ж гульню называюць і ладзяць па-рознаму. Гульні сінтэзуюць элементы песеннага і славеснага фальклору, танца, нар. тэатра, прац., ваен. і спарт. майстэрства. Найбольш стараж. з іх звязаны з паляваннем і паходзяць ад рытуальных скокаў, у якіх чалавек, імітуючы паводзіны жывёл і птушак, імкнуўся з магічнымі мэтамі ўвасобіцца ў інш. істоту (гульні «Каршун», «Мядзведзь», «Пастух і воўк», «Гусі», «Каза», «Журавель»). Многія гульні заснаваны на імітацыі прац. працэсаў («Проса», «Лён», «Канапелькі», «Рэдзька», «Млынок» і інш.), большасць з іх трансфармавалася ў гульнёвыя карагоды. Вытокі вял. колькасці традыц. гульняў ляжаць у абрадавай паэзіі. Асабліва многа іх звязана з нар. календаром. Гэта і веснавыя гульні — гуканне вясны, валачобніцтва (гл. Валачобнікі), Юр’е, ваджэнне і пахаванне «стралы», провады русалкі, траецкія гульні і інш. Шмат гульнёвых забаў адбывалася на Купалле — скокі праз вогнішча, качанне па жыце, пошукі папараць-кветкі. У час іх правядзення выбіралі арганізатара — Купаліша. Гульнёвы характар у час жніва набылі цырымоніі першага і апошняга снапа, «завіванне барады». Зімой у доўгія калядныя вечары наладжвалі шматлікія забавы, гульні з выкананнем песень, пераапрананнем у «цыгана», вадзілі «Казу», «Каня», «Кабылу», «Жураўля», «жанілі Цярэшку» (гл. «Жаніцьба Цярэшкі»), гулялі ў «Яшчура» і шчадравалі. Багаццем гульнёвых рытуалаў вылучаецца вяселле, магчыма, таму ў народзе кажуць «гуляюць вяселле». Сватанне, выкуп месца для маладой, падзел каравая і інш. дзеянні, страціўшы свой стараж. сэнс, сталі вясельнымі гульнямі. На вяселлі адбываюцца тэатралізаваныя жартоўныя паказы, у час якіх госці «жэняць» падстаўных маладых, і гульня ператвараецца ў звычайную пацеху. Гульні далі жыццё многім бел. танцам («Бычок», «Качан», «Падушачка» і інш.). Нар. гульні вызначаліся свабоднай імправізацыяй, лёгкасцю пераходу ад сур’ёзнага да жартоўнага, вясёлага, што стала асновай мастацтва вандроўных прафес. акцёраў — скамарохаў. Многія гульні дарослых перайшлі ў дзіцячую аўдыторыю і сталі дзейсным сродкам нар. педагогікі, развіваюць здольнасць да творчай імправізацыі, узаемавыручку, калектывізм і інш. лепшыя якасці («У гусі», «Жмуркі», «У жорава», «Вецер», «Лось», «Пячэнне хлеба», «Грушка» і інш.). У аснове спарт. гульняў ляжаць разнастайныя спаборніцтвы, яны развіваюць спрыт, звычку да псіхічных і фіз. намаганняў (гл. Азярод, Апука, Бабкі, Гула, «Гуські», «Калаўрот», Барацьба «да крыжа», Барацьба «на крыжы» і інш.). Многія традыц. гульні захаваліся ў сучаснай культуры, асабліва ў разнастайных формах нар. тэатра, з часам яны ўвабралі ў сябе элементы сучаснасці, многія з іх сталі асновай для развіцця бел. харэаграфічнага мастацтва, драмы і тэатра.

Да арт. Беларускія народныя гульні. Медалі з выявамі гульняў «Барацьба «да крыжа», «Апука», «Гула». Мастак А.​Зіменка.

т. 2, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

паба́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. каго. Убачыць, сустрэць каго‑н. З самай раніцы мы таўкліся каля саўгаснай канцылярыі, каб як пабачыць загадчыка саўгаса. Нікановіч. Ахрэму хацелася пабачыць старшыню, дазнацца пра ўсё падрабязна, што там на вечар запланавана. Кавалёў.

2. каго-што. Убачыць многае. Малодшы брат.. паспеў пабываць ужо ў Заходняй Беларусі, пабачыў Бесарабію і недзе цяпер, мабыць вызваляе Румынію ад фашыстаў. Асіпенка. Твар стаў калючым, суровым, нібы пражыў Міколка доўгія дзесяткі год, усё перажыў, усё пабачыў на свеце. Лынькоў. // перан.; што, чаго і з дадан. сказам. Зазнаць, перажыць. Хоць шмат мы пабачылі гора За годы праклятай вайны, Але не хілілі ў пакоры Прад катам сваёй мы спіны. Астрэйка.

3. каго-што, з дадан. сказам і без дап. Успрыняць зрокам, убачыць; паглядзець на каго-што. [Ігнась] ужо нецярпліва чакаў, каб хутчэй пабачыць.. таемны багаж. Мурашка. Самым цікавым для мяне было пабачыць, як з высокага яруса бярвення кацілі ў Нёман калоды. Колас.

4. што і без дап. Даведацца, упэўніцца ў чым‑н. [Маці:] — Пабачыш, застанецца.. [Андрэйка] на другі год. Гамолка. [Максім Сцяпанавіч:] — Ды не хвалюйся, калі ласка, пабачыш, усё будзе добра. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пук 1, ‑а, м.

1. Звязка, ахапак якіх‑н. аднародных прадметаў. Андрэй і Іван граблямі скручвалі радкі вылежалага лёну, рабілі з іх вялізныя пукі, а Алена круціла доўгія перавяслы і звязвала тыя пукі. Чарнышэвіч. [Валька] агледзела ўсё і ўбачыла на стале велізарны пук кветак у белым бліскучым гладышы. Мікуліч. // Пасма (валасоў, поўсці і пад.). Яна была вельмі прыгожая, гэтая дзяўчына. З-пад пілоткі выбіваўся пук залацістых [валасоў]. Асіпенка.

2. Сукупнасць чаго‑н., што разыходзіцца, пачынаецца з аднаго месца, адной кропкі. Шчаняты спалі ў цесным клубку на падлозе, у пуку сонечнага прамення з акна. Чорны. Зрабіўшы разварот на пожні, Змітрок выраўняў машыну і ўключыў фары — два пукі святла прабілі цемру перад трактарам. Хадкевіч. [Правады] збягаліся ў адзін пук і хаваліся ў круглай адтуліне. Шыцік.

3. Разм. Сцябло зялёнай цыбулі з суквеццем наверсе. Цыбуля пайшла ў пукі.

пук 2, ‑а, м.

Разм. Самая высокая, аддаленая частка, кропка чаго‑н. І тут на горцы, на самым пуку, дзе яна [жанчына] была з гадзіну назад, узнялася раптам вялікая хмара пылу. Місько. Месяц заплыў яшчэ вышэй і як бы на хвіліну прыпыніўся, застыў у самым пуку неба. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рабо́тнік, ‑а, м.

1. Чалавек, заняты работай; працаўнік. І на жніве, і на малацьбе паказаў [старшыня] аднавяскоўцам тое ўмельства хлебароба, якое жыве, не памірае ў сэрцы добрага работніка праз доўгія гады. Бялевіч. Дзед Баўтрук работнік сумленны. Гарачкі ў рабоце не пароў, а рабіў паважна, але гладка і акуратна. Колас. // Той, хто можа выконваць работу, працаваць. «Які з цябе работнік, — гаварылі гаспадары. — Вецер свісне, дык упадзеш». Бядуля.

2. чаго або які. Той, хто пастаянна працуе дзе‑н., прафесійна займаецца якой‑н. дзейнасцю. Партыйны работнік. Работнікі сельскай гаспадаркі. Работнікі друку. □ Работнікі музея любоўна захоўваюць усё, што звязана з жыццём Леніна. «Звязда». Работнік літаратуры і мастацтва нямала і нядрэнна расказалі аб подзвігах і героях фронту і тылу. Брыль.

3. Той, хто абслугоўвае каго‑н. сваёй працай. Наняць работніка. □ [Бародзіч:] — Мы не проста чужыя, панятыя работнікі, мы робім .. самі на сябе. Чорны. Забегаліся вятры — служакі-гаротнікі: Ніхто не ідзе да зімы ў работнікі. Тармола. // Наёмны сельскагаспадарчы рабочы; парабак. — На лішняга работніка грошай у мяне няма, а падсвінкі аж зямлю грызуць ад голаду... Бажко.

•••

Наменклатурны работнік — работнік, які значыцца ў спісе кіруючых асоб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вал1 ’хваля’ (КТС, Мядзв., Яшк.), валам валіць (Некр.). Рус. вал, укр. вал, польск. wał, в.-луж. wała, н.-луж. wał, чэш. val, слав. val, балг. валям ’катаць, варочаць’, макед. вала ’валяць, катаць’, серб.-харв. ва̄л, ва̑ла, славен. val, ц.-слав. валъ. Прасл. *val‑, роднаснае з літ., võlioti ’катаць’, алб. vale ’хваля’, ст.-в.-ням. wuolên ’рыцца’, ст.-інд. válati ’кру́ціцца’ (Праабражэнскі, 1, 63–64; Фасмер, 1, 268; Шанскі, 1, В, 9; Рудніцкі, 1, 297; БЕР, 1, 116; Махэк₂, 676).

Вал2 ’вал; штучныя земляныя ўзгоркі’ (КЭС); ’штучны земляны насып у выглядзе вялікага бурта з грэбнем’ (Пал.); ’узгорак’ (Яшк.); ’высокае месца, груд пасярод балота’ (Янк. II). Рус. вал, укр. вал, польск. wal, чэш. val, слав. val. Праз польскае з с.-в.-ням. wall ’тс’ (Праабражэнскі, 1, 63; Фасмер, 1, 268; Шанскі, 1, В, 8–9; Рудніцкі, 1, 298, 304; Махэк₂, 675).

Вал3 (тэхн.) ’вал’ (БРС); ’вал у калодзежы’ (Сцяшк.). Паводле Булыкі., Запазыч., 56, праз польск. wal < ст.-в.-ням. wal. Больш верагодна, што гэта ўсходнеславянскае ўтварэнне ад запазычанага з ням. мовы Walze ’вал, цыліндр’ (Шанскі, 1, В, 9). У спецыяльных значэннях (карданны вал, агнявы вал і пад.) — семантычнае запазычанне з рускай мовы.

Вал4доўгія вузкія кучы сена’ (Шатал.); ’сена з некалькіх пакосаў, складзеных разам’ (Выг. дыс.). Да валіць і вал1.

Вал5 ’тоўстая пража з дрэннага валакна і само такое валакно’ (КЭС); ’адходы, якія астаюцца пры апрацоўцы льну мяліцай’ (Сцяшк. МГ); ’кудзеля, якая аддзяляецца ад кужалю пры трапанні льну’ (Янк. II); ’грубая пража’ (Шн., 3). Да валіць. Семантычны пераход няясны. Параўн. Рудніцкі, 1, 298.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)