ПАДКАМО́РЫ,

службовая асоба ў ВКЛ. П. прыдворны адказваў за парадак і ўбранства ў пакоях вял. князя, быў яго дарадчыкам і ўваходзіў у склад Рады Вялікага княства Літоўскага. Прызначаўся з буйных феадалаў. П. павятовы разглядаў зямельныя спрэчкі паміж шляхтай у падкаморскім судзе, удзельнічаў у разглядзе спраў у каптуровым судзе. Прызначаўся вял. князем з 4 кандыдатаў, выбраных шляхтай на павятовым сейміку. Гэту пасаду мог займаць толькі шляхціц-хрысціянін, ураджэнец ВКЛ, які валодаў маёнткам у гэтым павеце, ведаў права. П. прызначаў сабе з мясц. шляхты 1—2 памочнікаў — каморнікаў, якія вымяралі спрэчныя землі, а таксама па яго даручэнні разглядалі дробныя справы.

Я.​А.​Юхо.

т. 11, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ЛЕПКА ((Nálepka) Ян) (псеўд. Рэпкін; 20.9.1912, в. Сміжані, Славакія — 16.11.1943),

арганізатар і кіраўнік славацкага партыз. атрада, які дзейнічаў на тэр. Беларусі і Украіны ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945), Герой Славацкага нац. паўстання (1945). Скончыў афіцэрскую школу (1936). У Вял. Айч. вайну з 1941 у складзе войск марыянетачнага ўрада Славакіі на тэр. акупіраваных Беларусі і Украіны, нач. 101-га славацкага палка. Створаная ім антыфаш. падп. група ў 1942 наладзіла сувязь з партызанамі і ў пач. 1943 перайшла да іх. Н. стаў камандзірам атрада партыз. злучэння А.​М.​Сабурава, які дзейнічаў у раёне Оўруч—Ельск—Мазыр—Алеўск. Загінуў у баі.

Я.Налепка.

т. 11, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАХО́МАЎ (Мікалай Ільіч) (17.4.1919, в. Вольшчына Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 29.3.1988),

удзельнік партыз. руху на тэр. Гомельскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, журналіст, гісторык. Канд. гіст. н. (1954), праф. (1978). Скончыў Усебел. газетную парт. школу (1938), БДУ (1951), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1954). У Вял. Айч. вайну ў жн. 1942 — ліст. 1943 радавы і палітрук разведкі ў партыз. атрадзе Рэчыцкай брыгады, потым рэдактар падп. газ. «Гомельская праўда», на журналісцкай рабоце. З 1948 рэдактар газ. «Гомельская праўда», «Віцебскі рабочы». З вер. 1956 сакратар Віцебскага абкома КПБ, у 1968—85 рэктар Мінскай ВПШ. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1971—88.

т. 12, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАПТО́МЕТР (ад адаптацыя + ...метр),

аптычная прылада для вызначэння адаптацыі вока: змены яго святлоадчувальнасці пры пераходзе ад вял. асветленасці паверхні ці яркасці аб’екта да цемнаты. Адаптометрам вымяраюць парог (мінім. сілу) светлавога раздражнення, якое ўспрымаецца вокам.

т. 1, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯДА́ШАВА,

вёска ў Магілёўскім р-не. Цэнтр сельсавета. За 20 км на ПдУ ад Магілёва. 160 ж., 83 двары (2000). Сярэдняя школа, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛХАЦЗЕ́,

вяршыня ў Вял. Гімалаях, на мяжы Непала і Кітая. Выш. 8545 м (па інш. звестках 8501 м). Складзена з крышт. парод. Ледавікі. Упершыню пакорана швейц. альпіністамі Э.​Рэйсам і Ф.​Лусінгерам у 1956.

т. 9, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКТ (ад лац. pactum дагавор, пагадненне),

тэрмін, які выкарыстоўваецца для абазначэння рознага роду дагавораў міжнародных, як правіла, тых, што маюць вял. паліт. значэнне па пытаннях узаемнай або калектыўнай бяспекі, узаемадапамогі, ненападу і да т.п.

т. 11, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЧНІК, мечны,

пасада (урад) у ВКЛ у канцы 15—18 ст. У час вял. урачыстасцей М. ВКЛ нёс перад манархам аголены меч, што сімвалізаваў вайск. ўладу. Існавалі таксама павятовыя М.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 10, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬША́НСКІЯ,

старажытны княжацкі род герба «Кітаўрас» («Гіпацэнтаўр») у ВКЛ. Магчыма, паходзілі ад кагосьці з родзічаў вял. князя ВКЛ Трайдзеня [1270—82], пазбаўленых улады дынастыяй Гедзімінавічаў. Радавым гняздом Гальшанскіх быў Гальшанскі палац недалёка ад Ашмян. Валодалі таксама Глускам і Парэччам на р. Пціч, Раманавам у Аршанскім пав., Станькавам, Жыцінам, Сутокамі, Заазер’ем у Менскім пав., Воўпай у Гарадзенскім пав., Хожавам, Лебедзевам, Далькевічамі, Дунілавічамі ў Ашмянскім пав., Свіранамі, Шашоламі, Кроштамі ў Літве, Сцяпанню, Дубровіцай на Украіне і інш. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Іван (упамінаецца ў 1379—1401), сын Альгімонта, першы вядомы прадстаўнік роду. Актыўны прыхільнік Вітаўта ў час яго барацьбы за велікакняжацкую ўладу, уваходзіў у гаспадарскую раду. З 1396 намеснік у Кіеве. Меў сыноў Андрэя Вязынскага, Сямёна Лютага, Аляксандра Нялюба, Міхаіла і дачку Ульяну (1378—1448), якая другім шлюбам з 1418 была жонкай вял. кн. Вітаўта. Андрэй Вязынскі (каля 1365—каля 1410). Меў 3 дачок, з якіх сярэдняя Соф’я была польск. каралевай. Сямён Люты (?—1433), удзельнік барацьбы паміж Жыгімонтам Кейстутавічам і Свідрыгайлам за вял. княжанне. Намеснік Вітаўта ў Вял. Ноўгарадзе (каля 1420), у 1432 удзельнічаў у змове супраць Свідрыгайлы на карысць Жыгімонта. Верагодна, у жн. 1433 трапіў у палон да Свідрыгайлы і пакараны смерцю. Міхаіл (?—1433), намеснік кіеўскі ў 1422. На чале войска Свідрыгайлы ў чэрв. 1433 разграміў войскі Жыгімонта Кейстутавіча, аднак пасля перайшоў на яго бок. Верагодна, быў пакараны смерцю Свідрыгайлам. Соф’я (1405?—21.9.1461) у 1422 выйшла замуж за польскага караля Уладзіслава II (Ягайлу), нарадзіла сыноў Уладзіслава і Казіміра, заснавальніца дынастыі Ягелонаў. Юрый (каля 1410—каля 1457), сын Сямёна Лютага. Адзін з арганізатараў выбрання вял. князем Казіміра IV Ягелончыка ў 1440, аднак у 1456 далучыўся да апазіцыі, якая хацела абраць вял. князем Сямёна Алелькавіча. Аляксандр (каля 1440—1511), сын Юрыя, крайчы ВКЛ да 1488, падчашы з 1488, кашталян віленскі з 1493, намеснік гродзенскі ў 1486—1505, староста берасцейскі з 1506. Сямён (каля 1445—1505), сын Юрыя, староста луцкі з 1490, маршалак валынскі з 1494, часовы спраўца пасад найвышэйшага гетмана ВКЛ і ваяводы новагародскага (1500—01). Юрый (каля 1480—1536), сын Івана Дубровіцкага, ваявода кіеўскі ў 1508—10. Павел (каля 1490—1555), сын Аляксандра. У 1504 вучыўся ў Кракаўскім ун-це, пазней у Рыме. Пасля вяртання ў ВКЛ стаў прэлатам-архідыяканам касцёла св. Станіслава ў Вільні. Выхавацель будучага вял. князя Жыгімонта Аўгуста. З 1530 біскуп луцкі, з 1536 — віленскі. Адыгрываў значную ролю ў дзярж. і грамадскім жыцці ВКЛ, актыўна супрацьдзейнічаў Рэфармацыі. Януш Дубровіцкі (каля 1505—1549), сын Юрыя, дзяржаўца горвальскі з 1531, стольнік ВКЛ з 1540, ваявода кіеўскі з 1542 і трокскі з 1544, адначасова дзяржаўца магілёўскі з 1547. Сямён (каля 1515—1556), апошні мужчынскі прадстаўнік роду Гальшанскіх. Пасля яго смерці вялізныя вотчыны роду былі падзелены паміж 6 яго сёстрамі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 5, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Падпольныя перыядычныя выданні на Беларусі (у гады Вял. Айч. вайны) 2/119, 552; 3/290; 4/288; 8/12—17, 282; 9/56; 12/165, 401

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)