чо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае колер сажы, вугалю, самы цёмны з усіх колераў; проціл. белы. Чорны атлас. Чорная фарба. □ Над галовамі часта праляталі самалёты — цяжкія бамбардзіроўшчыкі з чорнымі крыжамі на бартах і вёрткія тупарылыя «ястрабкі» з чырвонымі зоркамі. Якімовіч. А над травою звіняць, таўкуцца жаўтаватыя камары, стаяць слупы чорных мошак. Бяспалы. / у перан. ужыв. Дарогу чорны снег заносіць — Загінуць можа чалавек. Чарот. // у знач. наз. чо́рныя, ‑ых. Шашкі, шахматы цёмнага колеру ў процілегласць белым. Гуляць чорнымі. // Апрануты ў адзенне такога колеру. Уперадзе коннікаў ціха пасоўваўся вялізны аўтобус. Праз адкрытыя вокны бачыў ён [Міколка] чорныя мундзіры, чорныя шапкі з чырвонымі кантамі. Лынькоў. // у знач. наз. чо́рнае, ‑ага, н. Адзенне, убранне такога колеру. Мужчына быў увесь у чорным. Чорны. // Які мае пер’е, поўсць такога колеру. Чорны сабака. □ Арол чорны ўецца ў высі. Чарот. / У назвах птушак, жывёл. Чорны бусел. Чорны дзяцел.

2. Цёмны, больш цёмны, чым звычайна. Чорная зямля. □ Зноў, як тады, гатоў да ранку ў цішы на беразе сядзець, і слухаць голас малдаванкі, і ў вочы чорныя глядзець. А. Вольскі. Даша павярнулася. На парозе стаяў высокі чалавек. Бровы над чорнымі вачамі многа цямнейшыя за светлыя валасы. Пішчыкава. // Смуглявы, чарнявы, цёмнавалосы. Банда ўвалілася ў хату.. Адзін з шапкі, чорны, калматы, як звер, узламаў шабляю скрыню і пачаў перабіраць і выкідваць адтуль рэчы, якія яму больш падабаліся, а больш дробныя і каштоўныя — клаў у кішэню. Колас. // Які пасмуглеў ад сонца. Тут, пад разгалістай вярбой на беразе ракі, іх двое: амаль чорны ад загару Ілья Нікіценка і крыху хударлявы Толя Ярмакоў. Шыловіч. // Які мае цёмную скуру (як адзнаку расы). А белыя, жоўтыя, чорныя расы Да мовы супольнай прачысцяць дарогу... Купала. Не ведалі .. [пані], што гэта не божыя слёзы, а слёзы маленькага голага чорнага Тубі з вострава Цэйлона. Маўр. // Вельмі цёмны, змрочны. Працавалі Пры вогнішчаў яркім святле, Слыхам сочачы Ворага ў чорнай імгле. Куляшоў. На чорным начным полі ляжала нешта белае, распластанае. Сабаленка. // Цёмны, неасветлены. А ў сяле яшчэ не спяць... Міма чорных вокнаў Давядзецца нам ступаць, Нібы пад канвоем. Жычка. // Непранікальны, шчыльны; цёмны (пра хмару, дым і пад.). Над усходнім краем лесу стаяла чорнае воблака. Кулакоўскі. Чорнай хмарай Кружаць галкі; — І ў аконца бачна мне: Грак з грачыхай У садзе ціха След пракладваюць вясне. Шуцько. У чорных снегавых хмарах з поўначы насоўвалася зіма. Мурашка. // Зроблены, прыгатаваны або выпечаны з цёмнай, жытняй мукі. Нічога ў жыцці не трэба. Са мной толькі будзьце заўжды, Лустачка чорнага хлеба, Глыточак крыштальнай вады. Матэвушаў.

3. Разм. Брудны, запэцканы, зашмальцаваны. Абціраючы чорныя рукі падолам, цётка Катрына патрухала ў хату. Брыль. [Вера:] — Лазню я і сёння яшчэ ўспею выпаліць. .. Сподняе зменіш. Што так мяняць без лазні — на чорныя плечы. Пташнікаў.

4. Некваліфікаваны, які не патрабуе пэўных ведаў і навыкаў, звычайна фізічна цяжкі і брудны (пра чарнавую работу і пад.). Памятае Змітрок і апошнія словы бацькі, які ўсё сваё жыццё аддаў аднойчы выбранай любімай справе: — Помні, сынку, што не чорная праца ганьбіць чалавека, а яго чорныя справы, душа. Ваданосаў. Чорная, самая цяжкая справа — найлепшая навука для чалавека. Лужанін. [Лірнік:] Чорная работа не сажа — душы не замажа. Вітка. [Дырэктар:] — А цяпер, у дадзены момант, такой [учотчыцы] работы няма. А на чорную на якую вы не пойдзеце. Сабаленка. // Найменш значны, дапаможны (пра адпаведную частку якой‑н. працы, справы). Інжынер Прыстром бачыў у рабочых толькі сілу, здольную на чорную работу, на выкананне задум і планаў інтэлігентаў. Арабей.

5. Не галоўны, не цэнтральны, не парадны, які выкарыстоўваецца для штодзённых патрэб (пра дзверы, ход, уваход і пад.). Праз чорны ход Эма знікла з дому. Машара. [Чарвякоў:] — Цяпер нам трэба ціхенька выйсці праз кухню на чорную лесвіцу, каб яны [вартавыя] не пачулі. Мяжэвіч.

6. перан. Дрэнны, адмоўны; які не выклікае адабрэння. Яны [сусед і вусаты] доўга шукалі ўсяго дрэннага ў былога парабка, а разам стараліся выказаць як найбольш чорных слоў і на цяперашні свет. Чорны.

7. перан. Нізкі, каварны, подлы. Хіба Колас мог заставацца спакойным! Гаварыць, расказваць свету аб чорным злачынстве! Лужанін. Не было б, уласна, мне і справы, Вытрымаў бы я нейтралітэт, Ды плануе новыя расправы Не адзін там чорны прайдзісвет. Панчанка. // Які губіць, знясільвае. У душы гарыць агонь нуды — пануры, чорны. Багдановіч.

8. перан. Крайне рэакцыйны, контррэвалюцыйны. [Апейка:] — Так, рэлігія — мы не тоім гэтага — адна з самых чорных сіл, якая перашкаджае нам, бальшавікам. Мележ.

9. перан. Цяжкі, змрочны, беспрасветны. Паэт непахісна верыць, што доля чорная людзей не з’яўляецца ўсемагутнай, таксама, як яна не ёсць і вечная на зямлі, налітай крывёю і потам гаротнага люду. Майхровіч. Гора складае свае калыханкі — Сумныя песні пра чорны прыгон. Танк. / Пра час, перыяд, звязаны з горам, няшчасцем. Аднойчы, як чорны выдаўся час, Юнак пакідаў айчыну. Лось. / у вобразным ужыв. Чорнай бездані чорны рот Разяўляеш [акіян] не ў час, відаць. Вельмі ж рана ў дваццаць год, Рана хлопцам пра смерць гадаць! Гілевіч.

10. Які ў дарэвалюцыйныя часы адносіўся да ніжэйшых слаёў грамадства, да простага народа. Вырвалі мы з коранем тое пустазелле, Што смактала сокі З чорнае галоты. Колас.

11. Гіст. У дарэвалюцыйнай Расіі — цяглавы, дзяржаўны. Чорныя землі. Чорныя двары.

12. Паводле забабонных уяўленняў — чарадзейны, звязаны з нячыстай сілай. Донна, донна! Вы ўзялі Ад маіх слядоў зямлі І зрабілі пагавары З чарадзейных чорных кніг. Багдановіч. Зайшла размова аб навуках — Старых, даўнейшых — і іх штуках, Аб кнігах з чорнаю пячаццю, Аб чараўніцтве, аб закляцці. Колас.

•••

Чорнае дрэва гл. дрэва.

Чорнае золата гл. золата.

Чорная біржа (чорны рынак) гл. біржа.

Чорная дошка гл. дошка.

Чорная ікра гл. ікра.

Чорная магіл гл. магіл.

Чорная меланхолія гл. меланхолія.

Чорны кофе (чорная кава) гл. кофе.

Чорны лес гл. лес.

Чорны шар гл. шар.

Чорныя металы гл. метал.

Чорныя сотні гл. сотня.

Чорныя спісы гл. спіс.

Зрабіць белае чорным гл. зрабіць.

Ні чорнага ні белага — не абазвацца, не сказаць ні слова каму‑н.

Трымаць у чорным целе гл. трымаць.

У чорным святле гл. святло.

Чорная гадзіна гл. гадзіна.

Чорная косць (костка) гл. косць.

Чорная кошка прабегла (перабегла) паміж кім гл. кошка.

Чорная няўдзячнасць гл. няўдзячнасць.

Чорны дзень гл. дзень.

Чорным па белым — дакладна, выразна, ясна, недвухсэнсава (сказаць, напісаць і пад.).

Як чорны вол гл. вол.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

святло́, ‑а, н.

1. Прамяністая энергія, якая вылучаецца палымнеючым целам і ўспрымаецца зрокам. Скорасць святла. □ Ужо зусім сцямнела, і месяц, выплыўшы недзе з-за лесу, свяціў зямлі сваім халодным белым святлом... Васілевіч.

2. Асвятленне, характэрнае для якой‑н. часткі сутак. Святло дня прабілася ў хату праз вокны, і лямпа траціць пачала святло сваё. Чорны. // Світанне, усход сонца. І незадоўга, яшчэ да святла, Чырвоная Армія У горад прыйшла. А. Александровіч.

3. Крыніца і прыстасаванне для асвятлення чаго‑н. У хаце прыцямнела. Лукаш уключыў святло і пацягнуўся рукой да кнігі, што ляжала ў куце. Чарнышэвіч. У нястрымнай ліхаманцы.. [Хадоська] не бачыла, як сышоў дзень, як наступіў вечар, запалілі святло. Мележ. Святло на камінку мільгала, і цень Хведаравай постаці варушыўся на сцяне. Пальчэўскі.

4. Асветленае месца, месца, адкуль ідзе прамень, дзе светла. Праходзіць хвіліна-дзве, і ў святле ад кастра паказаўся здаравенны бураваты ганчак. Ракітны.

5. Светлае месца, светлая пляма, блік на карціне, у адрозненне ад ценю. Калі вецер з далоні здзьмухвае Цэлы луг дзьмухаўцоў на каменні, Дзеці ціха, даверліва слухаюць Пра кантраснасць святла і ценю, А пасля — ўсе! — малююць сонца Без адзінай плямінкі, чыстае. Бондар.

6. перан. Ззянне, бляск вачэй; радасна ўзбуджаны выраз твару, вачэй пад уплывам якога‑н. пачуцця. [Зося] не ўздрыгнула, не схамянулася — паглядзела сухімі, але напоўненымі святлом удзячнасці вачыма, спакойна адказала: — Я думаю, як хораша, што ёсць на свеце такія людзі, як Антон Кузьміч, як вы... Дзякую вам. Шамякін. І ўспаміны гэтыя засвяціліся ў.. вачах [бацькі] мяккім пяшчотным святлом. Васілевіч. Але і праз густое сівае шчацінне відаць было, як на старым худым.. [дзедавым] твары прабівалася святло радасці. Якімовіч.

7. перан.; звычайна чаго. Тое, што робіць зразумелым навакольны свет; тое, што дае пачатак чаму‑н. радаснаму, шчасліваму, што служыць асновай для чаго‑н. Святло яго [Леніна] ідэй відаць ва ўсіх кутках зямнога шара. «Звязда». Лёсу ў жыцці не жадаю другога, Хоць і нялёгка парою было. Тым задаволены я, што дарога Вывела з ценю мяне на святло. Смагаровіч. Толькі святло аконнае! Толькі святло ад маці! Гэтым святлом азораны, Я і прайду па свеце... Тармола. // Сімвал прагрэсу, навукі, праўды, шчасця. Над логавам фашызму быў узняты чырвоны сцяг перамогі святла над цемрай. Брыль. // Аптымістычныя, радасныя пачуцці. Яму [гораду] мы неслі мужнасць і адвагу, Сваю любоў, душы сваёй святло. Прыходзька. Хай жа ў кожным чэсным воку Сонца свеціцца здалёку, Каб маглі пазнаць усе, Хто ў жыцці не любіць змроку, Хто ў душы святло нясе! Гілевіч.

•••

Карпускулярная тэорыя святла гл. тэорыя.

Лямпа дзённага святла гл. лямпа.

Кідаць святло на што гл. кідаць.

Праліць святло на што гл. праліць.

У ружовым святле — ідэалізавана, лепш, чым на самой справе (бачыць, падаваць і пад. што‑н.).

У святле чаго — з пазіцыі чаго‑н., выходзячы з пэўнага пункту гледжання на каго‑, што‑н.

У святле якім — у якім‑н. выглядзе, з якога‑н. боку, якім‑н. чынам (выстаўляць, падаваць і пад.). Прыпомніў ён падзеі мінулага дня. Цяпер яны ўсталі перад дзедам у другім святле. Колас. [Сухадольскі:] Крыўда засцілае вочы і перашкаджае бачыць рэчы ў іх сапраўдным святле. Крапіва.

У чорным святле — змрочным, непрыглядным, горш, чым па самой справе (бачыць, падаваць і пад. што‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзень, дня; Р мн. дзён; м.

1. Частка сутак, час ад усходу да заходу сонца, ад раніцы да вечара. Ціхія ясныя дні, пасля дажджоў, палалі сонцам. Чорны. Ад лагера да Кромані.. не больш дваццаці кіламетраў, аднак на гэты пераход быў затрачаны доўгі летні дзень. Брыль. // Дзённае святло. [Маці] устала да дня, напякла бліноў ды прылегла адпачыць. Ваданосаў. — Уцякай жа за пагодай, Донька маладая, Покі дзень засвеціць ясны, Покі сіл хапае! Купала.

2. Суткі, прамежак часу ў 24 гадзіны. У тыдні сем дзён. □ Ужо колькі дзён, як ціхімі вечарамі глуха гудзе зямля, і гэты гул нарастае штодня. Лынькоў. // Прамежак часу ў сутках або цэлыя суткі, прысвечаныя пэўнаму роду заняткаў, дзейнасці. Дзень адпачынку. Святочны дзень. Кірмашовы дзень. Прыемны дзень.

3. Дакладна вызначаны тэрмін, дата, прысвечаная якой‑н. падзеі, святкаванню чаго‑н. Дзень Канстытуцыі. Міжнародны жаночы дзень. □ У той вечар яны адзначалі дзень нараджэння аднаго з таварышаў; у брыгадзе з’явілася і такая традыцыя — калектыўна адзначаць дні нараджэння. Лось.

4. толькі мн. (дні́, дзён). Пэўны час, перыяд жыцця. Дні дзяцінства. □ Апошнія канікулы былі самымі шчаслівымі, светлымі днямі жыцця. Шамякін. Дні прайшлі, На галаву апалі Замаразкі першай сівізны. Панчанка.

•••

Дзень адкрытых дзвярэй — дзень вольнага доступу (з мэтай азнаямлення з прадпрыемствам, навучальнай установай і г. д.).

Павестка дня гл. павестка.

Палярны дзень — частка года за палярным кругам, на працягу якой сонца не заходзіць.

Парадак дня гл. парадак.

Посны дзень — дзень, у які згодна з царкоўнымі законамі нельга есці скаромнае.

Рабочы (працоўны) дзень — пэўная колькасць часу, прызначаная для работы, службы.

Разгрузачны дзень — дзень з аблегчанай дыэтай, які назначаецца для асоб, схільных да паўнаты.

Санітарны дзень — дзень, у які праводзіцца санітарны агляд службовага памяшкання.

Светлавы дзень — частка сутак, на працягу якой свеціць сонца.

Скаромны дзень — дзень, у які згодна з царкоўнымі законамі дазваляецца есці малочную і мясную ежу.

Абы дзень да вечара — абы-як, не выяўляючы старання, зацікаўленасці да работы, да жыцця.

Белым днём — удзень, днём.

Грош цана (у базарны дзень) гл. цана.

Гэтымі днямі; на гэтых днях — некалькі дзён таму назад або праз некалькі наступных дзён.

Да канца дзён (сваіх) гл. канец.

Дзень ада дня — а) з кожным днём, паступова. — Дык вот я нешта не бачу, каб дзень ада дня лепш рабілася, — падцвяліў Конан. Лобан; б) штодзень, кожны дзень. Ты гары, ты рвіся дзень ада дня, з цямна да цямна, а ёй — хоць бы што! Мележ.

Дзень добры!; Добры дзень! — прывітальны зварот пры сустрэчы раніцай або днём.

Дзень за днём — з кожным днём, паступова.

Дзень і ноч — увесь час, пастаянна, бесперапынна.

Дзень у дзень; дзень пры дні — штодзень, кожны дзень.

Дні злічаны чые — мала засталося жыць каму‑н.

Жыць сягонняшнім днём гл. жыць.

Заглянуць у заўтрашні дзень гл. заглянуць.

Заднім днём — больш раннім, чым было на самой справе.

Заўтрашні дзень — недалёкай будучыня; тое, што будзе.

З дня на дзень — а) у бліжэйшыя дні (чакаць каго‑, чаго‑н. і пад.). З дня на дзень чакаўся прыезд меліяратараў. Дуброўскі; б) увесь час, з аднаго дня на другі (адкладваць і пад.). [Ганна] збіралася з дня на дзень паўтарыць паездку, ды... усё не магла сабрацца. Гартны; в) з кожным днём, паступова.

З дня ў дзень — а) кожны дзень, некалькі дзён запар. Над полем, над дарогаю — з дня ў дзень пяшчотная сонечнасць. Мележ; б) з кожным днём, паступова. З дня ў дзень губляла блакітную празрыстасць неба. Краўчанка.

Злоба дня гл. злоба.

Кожны божы дзень — штодзённа.

Лічаныя дні — мала часу; нядоўга.

Навесці цень на ясны дзень гл. навесці.

На злобу дня гл. злоба.

На схіле дзён гл. схіл.

Не па днях, а па гадзінах гл. гадзіна.

Судны дзень — а) паводле рэлігійных уяўленняў, дзень «страшнага» суда, дзень канца свету; б) час расплаты за злачынствы. Судны дзень набліжаецца. З хмары хутка грозных маланак штыкі Па варожых галовах удараць. Куляшоў.

Сярод белага дня — удзень, днём.

Учарашні дзень — былое, мінулае.

Чорны дзень — перыяд нястачы, беднасці ў жыцці; цяжкая часіна.

Чуць дзень — вельмі рана, як толькі пачало світаць.

Як дзень белы — увесь дзень, цэлы дзень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схапі́ць, схаплю, схопіш, схопіць; зак., каго-што.

1. Узяць, злавіць хуткім, рэзкім рухам рук, зубоў і пад. Воўк схапіў авечку. □ Кандрат Бус, зачуўшы наезд польскай конніцы, схапіў кажух і шапку, адзеўся на хаду і кінуўся на задворкі. Колас. Боязна было зварухнуцца, думалася — гаспадар здагадаецца, што я там схаваўся, схопіць за каўнер і пачне лупцаваць. Бажко. [Вася] схапіў са сцяны бацькаву паляўнічую стрэльбу і без шапкі кінуўся на двор. Пальчэўскі. // Захапіць, злавіць як здабычу. — Унадзіўся падлюка-каршун лятаць, — паскардзіўся .. [дзед] бабцы Вікці. — Сёння зноў маладога пеўніка схапіў. Даніленка. / Пра дзеянне ветру, вады. А потым схопіць [вецер] снег шурпаты і сцебане ў шыбы ім. Свірка.

2. Сілай затрымаць каго‑н., не даючы пайсці, уцячы. Хлапчыну схапілі, выкруцілі назад рукі і адабралі гуркі. Карпаў. Да дзеда і Міколкі падскочылі салдаты, схапілі іх, звязалі рукі. .. Павялі ў склеп. Лынькоў. // Разм. Арыштаваць. — Сяргея схапілі, — дрыжачы ад узбуджэння, паведаміў [Лобік] як навіну. Навуменка. [Кірыл Іванавіч] яшчэ здолеў нейкім чынам перадаць аднаму з падпальшчыкаў, што яго збіраюцца схапіць, і такім чынам выратаваў чалавека ад смерці. Казлоў.

3. перан. Разм. Атрымаць, здабыць. Курорт яму [Мацею] падай, кватэру без чаргі, І прэмію схапіць не траціць ён надзею... Корбан. [Мікіта Мінавіч:] — А за ашуканства старога чалавека ты [Вара] ў мяне яшчэ спагнанне схопіш. Кулакоўскі. Але не заўсёды Лукашу шанцавала схапіць што. Бывалі дні, што, акрамя шчаўя, нічога больш не пападалася пад рукі. Лобан. Усе дзяўчаты вешаліся па яго [Сымона]. От і схапіла Аўдоцця шчасце. Чарнышэвіч. // Атрымаць дрэнную адзнаку на ўроку, экзамене. Схапіць двойку. // Нахапаць, узяць адкуль‑н., пераняць. [Астапчык:] — Пачопка кажа, што Павалковіч вялікі майстар кампіляцыі. Спіша, схопіць адтуль-адсюль, скампілюе і выдае за сваё. Машара.

4. Разм. Набыць, атрымаць, падчапіць (якую‑н. хваробу). [Ліда:] — Загадай .. [мужу] змоўкнуць, а то наглытаецца ветру і схопіць запаленне лёгкіх. Шамякін. — Яшчэ чаго не хапала! — фыркнула маці: — Схопіш якую-небудзь заразу і памрэш дачасна... Гарбук.

5. Разм. Раптоўна і моцна праявіцца ў каго‑н. (пра прыступ хваробы, болю). Памятаю, у той дзень бацьку нездаровілася — схапіў жывот. Дамашэвіч. На хвіліну якую Юрка ўспамінае, як яго схапілі былі дрыжыкі, калі ён, едучы з Разіна на Смыку, убачыў дым над сваёй хатай... Пташнікаў. / у безас. ужыв. Жывот схапіла. // Ахапіць раптоўна, адолець (пра пачуцці, стан і пад.). Дзядзьку схапіла злосць.

6. перан. Разм. Хутка ўспрыняць, зразумець, засвоіць. Схапіць думку субяседніка. □ Калгасныя курсанты, відаць, яшчэ сядзелі ў клубе над канспектамі, хапалі там тое, што не паспелі схапіць за дні вучобы. Шашкоў. Ты хочаш розумам схапіць, пра што зара з гарой гаворыць. Дубоўка. // Улавіць зрокам, слыхам. Часам Пятро схопіць вокам, непрыкметна ледзь павярнуўшы галаву, і кожны раз пазнае яе, Таццяну — у белым, вясельным убраны... Пестрак. Схопіць вачамі пачатак якога сказа, і ў думках самі сабой, як у той кінакарціне, адзін за адным мігцяць вабныя малюнкі. Шынклер.

7. перан. Разм. Прыкмеціўшы, раскрыць, адлюстраваць (звычайна ў творах мастацтва). На малюнку хлапчук даволі правільна схапіў прапорцыі. Асіпенка. Слова паэта імкнецца схапіць перажыванне ў момант яго працякання. Клышка.

8. Умела звязаць, абвязаць чым‑н. Схапіць валасы стужкай.

9. Спец. Змацаваць, злучыць. Схапіць бярвёны скрэпамі.

10. Спец. і разм. Застываючы, зацвердзяваючы, змацаваць, злучыць (пра якія‑н. рэчывы і пад.). Тарфяны попел схапіў, умацаваў пясок, атрымаўся рыхлы асфальт. Новікаў. // безас. Зацвярдзець, застыць (пра якое‑н. рэчыва). Бетон хутка схапіла. // Разм. Замарозіць. Лёд схапіў раку. / у безас. ужыв. Лужыны схапіла лёгкім марозікам.

11. (звычайна з адмоўем «не»). Разм. Паспець зрабіць што‑н. [Ульяна:] — А я, думаю, перабяру, а то калі будзем сеяць, дык потым усё не схопіш. Гаўрылкін. Была нядзеля. Праўда — як на заказ, і ўся вёска вываліла за Марозаву лазу схапіць і скласці ў стагі сваё сухенькае, як порах, сена. Ракітны. // Хутка арганізаваць, зрабіць што‑н. Схапіць таксі і паехаць.

•••

Схапіць бізуна — атрымаць лупцоўку.

Схапіць за руку — злавіць на гарачым учынку, на месцы злачынства.

Схапіць у абдымкі — абняць.

Трасцу схапіць — не атрымаць нічога.

Як вока схопіць гл. вока.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насі́ць, нашу, носіш, носіць; незак., каго-што.

1. Тое, што і несці ​1 (у 1 знач.), але абазначае дзеянне, якое пастаянна паўтараецца, адбываецца ў розных напрамках і ў розны час. Насіць ваду з рэчкі. Насіць дзіця на руках. □ Конь спачатку не хацеў насіць чалавека на сваёй спіне, іржаў, брыкаўся. Бядуля. // Трымаць нейкім чынам, у нейкім становішчы. Насіць руку на павязцы. □ [Старшыня] быў невысокага росту і можа таму заўсёды высока насіў галаву з чорным жорсткім вожыкам. Гаўрылкін. // Адносіць, дастаўляць куды‑н., каму‑н. Бацька вярнуўся ад солтыса, якому насіў падатак. Брыль. Жанчыны пайшлі раніцой .. здаваць малако, якое насілі яны .. штодня. Лынькоў. // Збіраць на кветках і дастаўляць у вулей (пра пчол). Жывуць сабе пчолкі і мядок носяць, і размнажаюцца... Кулакоўскі. // Трымаць доўгі час у чым‑н., дзе‑н. Насіць ліст у сумачцы. □ У хустачцы быў пачак новых трохрублёвак, крыху змятых ад таго, што іх насілі ў кішэні ці за пазухай. Чорны.

2. (звычайна ў спалучэнні са словамі «пад сэрцам»). Быць цяжарнай. Насіць дзіця пад сэрцам.

3. Перамяшчаць з месца на месца сілай свайго руху (пра вецер, ваду і пад.). Вецер насіў па вуліцах абрыўкі газет і папер, сыпаў пяском у вочы. Навуменка. // перан. Перадаваць, распаўсюджваць. Носяць .. [весткі] з сяла да сяла маладыя хлопцы і дзяўчаты — ганцы падполля. Пестрак.

4. Адзявацца пэўным чынам, надзяваць на сябе, а таксама мець на сабе. Насіць ваенную форму. Насіць акуляры. □ З свайго тавару былі боты, з свайго лыка і лапці: хто што мог насіць. Чорны. Шапку насіў [Коля] пераважна вайсковую і казырок насоўваў на вочы. Кулакоўскі. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аб прынятай модзе. Зараз носяць туфлі на шпільках. □ Неяк маці прыслала мне ў Вільню вышытую кашулю, якую насілі ў нас на вёсцы. Карпюк. // Аб прынятых правілах, форме нашэння. Ордэн Леніна носяць на левым баку грудзей. // Мець, захоўваць. Насіць косы. □ Бараду, кажуць, .. [старшыня] носіць з часоў партызанскай дзейнасці. Шамякін. // Трымаць, мець заўсёды пры сабе. Насіць пасведчанне ў кішэні. □ Сякера ў .. [Карпа] была свая, з ёй ён не разлучаўся ніколі — заўсёды насіў за поясам. Шамякін. // Мець як адзнаку прыналежнасці да якой‑н. арганізацыі. Я з твайго неспакойнага племені, Партыя, Хоць ля сэрца білет твой яшчэ не нашу. Бураўкін.

5. Мець якое‑н. імя, прозвішча, званне, тытул і пад. Насіць прозвішча мужа. □ Добрая справа здабыць сабе права Званне «мінчанін» горда насіць! Панчанка. Дзед Міцяй .. і ўся дзедава сям’я насілі вулічную мянушку Жыліны. Васілевіч. // Мець якую‑н. назву, называцца. Імя Леніна з гонарам носіць камсамол. □ Сюды [на Лісіныя горы] мы хадзілі ў арэхі. Назву такую насіла гэта месца з даўніх часоў. Грамовіч.

6. (часцей за ўсё ў спалучэнні з назоўнікам «характар»). Мець адзнакі чаго‑н., характарызавацца чым‑н. Навучанне носіць актыўны характар. □ Выдавецкая дзейнасць. Францішка Скарыны, насіла ў першую чаргу асветніцкі характар. С. Александровіч. // Мець сляды ад чаго‑н. А ў самой вёсцы Кармянцы яшчэ не паўміралі тыя, што носяць на целе пісагі ад .. плётак [стражніка]. Крапіва. // перан. Мець адзнакі чаго‑н. Будынак носіць сляды ўсходняй архітэктуры.

7. перан. Утрымліваць у сабе; адчуваць, што‑н., думаць што‑н. Я надзею нашу І ніколі не трачу, Што пабачу ізноў дарагія куткі.. Броўка. Наўрад ці ведае хто, якую вялікую крыўду насіла ў сваім сэрцы Ева. Колас. // Выражаць нейкае пачуццё. Памяты і нервовы твар .. [Зынгі] носіць на сабе ў гэтыя хвіліны адбітак нейкай прыніжанасці і просьбы. Чорны. Абрам на сваім бледным твары заўсёды насіў выраз ні то сарказму, ні то весялосці. Пестрак.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.), часта безас. Разм. Аб тым, што прымушае хадзіць, ездзіць дзе‑н., знаходзіцца далёка ад дому (часцей у пытальных і клічных сказах). Дзе цябе носіць?! □ Мама... Мама... Заўжды ёй хочацца, Каб пры доме былі ўсе дзеці. Іх жа носіць па белым свеце. Тармола.

9. (1 і 2 ас. не ўжыв.), часта безас. Разм. Быць вельмі ўзбуджаным. — Ой, дзядзька, цётка! — ён галосіць, І нейкі рух яго аж носіць. Колас.

•••

Дзе цябе (вас) бог носіць? гл. бог.

За плячамі не насіць — аб чым‑н. такім, што не абцяжарвае.

Ледзь ногі носяць гл. нага.

Насіць ваду ў рэшаце — займацца чым‑н. бескарысным, рабіць што‑н. заведама ўпустую.

Насіць камень за пазухай — мець злосць на каго‑н.; быць гатовым адпомсціць, зрабіць што‑н. дрэннае каму‑н.

Насіць маску — тое, што і надзяваць маску (гл. надзяваць).

Насіць на руках — надта песціць каго‑н., удзяляць многа ўвагі каму‑н.; балаваць.

Пакуль ногі носяць гл. нага.

Чэрці носяць гл. чорт.

Як (толькі) зямля носіць; каб зямля не насіла гл. зямля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАГДАНО́ВІЧ Максім Адамавіч

(9.12.1891, Мінск — 25.5.1917),

бел. паэт, перакладчык, літ.-знавец, празаік. Раннія дзіцячыя гады правёў у Гродне (1892—96), жыў і вучыўся ў Ніжнім Ноўгарадзе (1896—1908) і Яраслаўлі (1908—16). Скончыў Дзямідаўскі юрыд. ліцэй у Яраслаўлі (1916) і восенню прыехаў у Мінск. Працаваў сакратаром губ. харчовай камісіі. У лют. 1917 цяжка хворы выехаў на лячэнне ў Ялту. Там памёр і пахаваны. Першы друкаваны твор — алегарычная казка-прытча «Музыка» («Наша ніва», 1907, №24). Адзіны прыжыццёвы зб. вершаў «Вянок» (Вільня, 1913). Яго паэзія развівалася ва ўмовах рэакцыі, у атмасферы вострых сац.-паліт. канфліктаў. Асн. кірунак творчасці — патрыят. служэнне сац. і нац. вызваленню бел. народа, сцвярджэнне ідэй роўнасці і братэрства, барацьба за гуманіст. ідэалы. Не прымаючы тагачаснай рэчаіснасці, уціску чалавека-працаўніка, Багдановіч проціпастаўляў ім агульначалавечыя духоўныя пачаткі прыгожага і добрага (вобразы мадоннаў у «Вянку»). Дэмакратызм паэта эвалюцыянаваў да сцвярджэння ідэй гераічнага, самаахвярнага змагання за інтарэсы народа. У паэзіі Багдановіча моцна гучалі ідэі нац.-вызв. барацьбы супраць царскай імперыі як турмы народаў, супраць вялікадзярж. шавінізму. Багдановіч-мастак асн. сваёй задачай лічыў узбагачэнне роднай л-ры новымі тэмамі і формамі. Яго вершы — шматгранны паказ жыцця чалавека ў разнастайных сувязях з грамадствам і прыродай. Галоўнае ў іх — жыццялюбства («Прывет табе, жыццё на волі!», «Выйшаў з хаты»), актыўнае стаўленне да рэчаіснасці («Рушымся, брацця, хутчэй», «Кінь вечны плач свой аб старонцы!»), захапленне красой жыцця («Па-над белым пухам вішняў», «Зімой»), маладосцю («Маладыя гады»), мудрасцю, працавітасцю, таленавітасцю народа («Летапісец», «Слуцкія ткачыхі»). Але ў абставінах тагачаснай рэчаіснасці на першы план вылучаліся тэма паднявольнага жыцця прац. народа, роднага краю («Краю мой родны! Як выкляты богам», «Народ, Беларускі Народ!», «Беларусь, твой народ дачакаецца»), вобраз селяніна-працаўніка («Гнусь, працую, пакуль не парвецца», «Пан і мужык»), грамадзянскі сум («Мяжы», «Ой, чаму я стаў паэтам», «Вы, панове, пазіраеце далёка», «Эмігранцкая песня», «Пагоня»). Матывы смутку паглыбляліся асабістай драмай паэта, з 18 гадоў хворага на сухоты. У Багдановіча-лірыка моцная схільнасць да роздуму, развагі. Адсюль філас. заглыбленасць яго вершаў («Зразаюць галіны таполі адну за адной», «Калі зваліў дужы Геракл у пыл Антэя», «Жывеш не вечна, чалавек», санет «На цёмнай гладзі сонных луж балота», рандо «Узор прыгожы пекных зор», «Перад паводкай»). Багдановіч з Я.Купалам — заснавальнікі пейзажнай і інтымнай любоўнай лірыкі ў бел. паэзіі («Я бальны, бесскрыдлаты паэт», трыялет «Мне доўгае расстанне з Вамі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»). Вялікая заслуга паэта ў распрацоўцы гіст. тэмы («Летапісец», «Безнадзейнасць», «Перапісчык», «Агата», цыкл «Места», «Песня пра князя Ізяслава Полацкага») і урбаністычных матываў («Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць», «На глухіх вулках — ноч глухая»). Шырока развіваў у бел. лірыцы т.зв. вечныя тэмы жыцця, смерці, кахання, дружбы (нізка «Каханне і смерць», рандэль «На могілках», трыялет «С.Палуяну»). Творчасць Багдановіча мела першаступеннае значэнне ў гіст. самапазнанні народа і сцвярджэнні яго месца ў гісторыі чалавецтва. Яго вершы вызначаюцца майстэрскім выкарыстаннем вобразна-выяўленчых сродкаў класічнай і песенна-нар. паэтыкі. Выхаваны на паэзіі А.Пушкіна, А.Фета, Ф.Цютчава, добра знаёмы з сучаснай яму рус. паэзіяй, узбагаціў родную л-ру перадавымі ідэямі і багатым эстэтычным вопытам. Зб. «Вянок» стаў у бел. паэзіі ўзорам творчага засваення класічнай паэтыкі на нац. глебе. Школай высокага майстэрства з’яўляюцца змешчаныя тут санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, пентаметры. Класічную культуру нёс роднаму слову Багдановіч і як перакладчык Гарацыя, Авідзія, Ф.Шылера, Г.Гейнэ, А.Ф.Арвера, П.Верлена, Э.Верхарна, Ю.Святагора, А.Пушкіна, А.Майкава, А.Крымскага, М.Розенгейма, А.Алеся. Перакладаў на рус. мову творы Я.Купалы, Т.Шаўчэнкі, І.Франко, В.Стафаніка, У.Самійленкі. Вялікае месца ў творчасці Багдановіча займаў фальклор: выкарыстанне бел. міфалогіі («Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун», «Вадзянік», «Змяіны цар»), вобразаў, матываў, рытміка-інтанац. складу бел. нар. песні («Не кувай ты, шэрая зязюля», нізка «На сінім Дунаі»). Вершы т.зв. беларускага складу — узор лірыкі, стылізаванай пад песенна-нар. паэтыку («Бяседная», «Лявоніха», «Скірпуся»). Паэмы Багдановіча — пошук нац. эпасу: гераічнага — «Максім і Магдалена», «Страцім-лебедзь», сац.-бытавога — «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык». Пісаў у класічных і песенна-нар. формах іншых паэзій (песні «Руская», «Украінская», «Сербская», «Скандынаўская», «Іспанская», у форме рубаі — «Персідскія», у форме танкі — «Японскія»). Праца Багдановіча-крытыка накіравана на абарону рэалізму і народнасці — эстэт. асноў перадавой бел. л-ры пач. 20 ст. («Глыбы і слаі», 1911; «За тры гады», 1913; «Забыты шлях», 1915). Адзін з заснавальнікаў навук. гісторыі бел. л-ры («Кароткая гісторыя бел. пісьменнасці да XVI сталецця», «Новы перыяд у гісторыі бел. літаратуры»). Лепшыя апавяданні Багдановіча стаяць каля вытокаў бел. нац. прозы («Апокрыф», 1913; «Апавяданне аб іконніку і залатару...», 1914). Даследаваў л-ру і гісторыю слав. народаў (арт. пра Шаўчэнку, М.Ламаносава, Пушкіна, М.Лермантава, гіст.-этнагр. нарысы «Украінскае казацтва», «Галіцкая Русь», «Угорская Русь», «Браты-чэхі» і інш.). Яго публіцыстыка звязана з супрацоўніцтвам (1913—16) у яраслаўскай газ. «Голос». Прозу, літ.-знаўчыя і публіцыстычныя артыкулы часткова пісаў на рус. і ўкр. мовах. Паэзія Багдановіча ўвайшла ў духоўную скарбніцу бел. народа. Яна ўплывае на развіццё бел. паэзіі і сёння, асабліва сваім глыбокім пранікненнем у духоўны свет чалавека і высокай культурай паэт. слова. Некаторыя вершы сталі нар. песнямі («Зорка Венера», «Слуцкія ткачыхі»), многія пакладзены на музыку кампазітарамі. На лібрэта А.Бачылы кампазітар Ю.Семяняка напісаў оперу «Зорка Венера» (паст. 1970). У Мінску працуе Багдановіча М. літаратурны музей. Помнікі паэту ў Мінску і Місхоры.

Тв.:

Творы. Т. 1—2. Мн., 1927—28;

Збор тв. Т. 1—2. Мн., 1968;

Поўны зб. тв. Т. 1—3. Мн., 1991—95.

Літ.:

Замоцін І. М.А.Багдановіч: Крытыч.-біягр. нарыс // Узвышша. І927. № 2, 3, 5;

Грынчык М. Максім Багдановіч і народная паэзія. Мн., 1963;

Яго ж. Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі. Мн., 1969. С. 189—199, 269—286;

Яго ж. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973. С. 240—255;

Богданович А. Материалы к биографии Максима Богдановича // Богданович А. Страницы из жизни Максима Горького... Мн., 1965;

Лойка А. Максім Багдановіч. Мн., 1966;

Валасовіч-Гразнова Г. Успаміны пра брата // Полымя. 1966. № 10;

Стральцоў М. Загадка Багдановіча. Мн., 1969;

Ралько І.Д. Вершаскладанне. Мн., 1977. С. 69—140;

Кабаковіч А.К. Паэзія Максіма Багдановіча: Дыялектыка рацыянальнага і эмацыянальнага. Мн., 1978;

Бачыла А. Дарогамі Максіма Багдановіча. 2 выд. Мн., 1983;

Бярозкін Р. Чалавек напрадвесні: Расказ пра М.Багдановіча. Мн., 1986;

Каханоўскі Г. А сэрца ўсё імкне да бацькаўскага краю... Мн., 1991;

Конан У.М. Святло паэзіі і цені жыцця: Лірыка Максіма Багдановіча. Мн., 1991;

Шлях паэта: Зб. успамінаў і біягр. матэрыялаў пра М.Багдановіча. Мн., 1975;

Ватацы Н.Б. Максім Багдановіч: Паказ. твораў, аўтографаў і крытыч. літ. Мн., 1977.

А.А.Лойка.

т. 2, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

свет, ‑у, М свеце, м.

1. Зямля з усім тым, што на ёй існуе; сусвет (у 2 знач.). Падарожжа вакол свету. □ [Фрэйда:] — Мяне.. пачынае цікавіць увесь свет: дзе і як жывуць працоўныя. Бядуля. Колькі людзей, далёкіх, невядомых! Яны ж сабраліся сюды [на Сусветны кангрэс міру] з усяго свету. Маўр. // Усё жывое, усё навакольнае; усё, што акружае чалавека. Свет імгненна перастаў для.. [Івана] існаваць, саступіўшы месца бязладнай жудасці сноў. Быкаў. // Грамадства, людзі. Свякроў знала, што будзе бяда, і таму не пайшла ў лён, а выйшла палоць грады. «Ну ж і свет пайшоў, — мармытала яна, — абы трохі, дык і на табе»... Брыль.

2. Тое, што і сусвет (у 1 знач.). Каб быць пакарыцелем свету, Не толькі зямлёю трэба ўладаць, А трэба ўзняцца На сінюю гладзь — І неба павінна табе пакарацца! Чарот.

3. Шостая частка сусвету; планета. Шырокі малюнак недасяжных светаў раскрываўся перад вачамі маладога настаўніка ва ўсёй сваёй таемнасці і бязмежнасці. Колас. Мне разгадаць бы вечнасці сакрэт — адмоўнай сіметрычнасці прычыну: святло і цемра, свет і антысвет, хлусня і праўда часу, плюс і мінус. Русецкі.

4. які. Чалавечае грамадства, аб’яднанае пэўным грамадскім ладам, культурнымі і сацыяльна-гістарычнымі адзнакамі. Капіталістычны свет. Сацыялістычны свет. Антычны свет. // перан.; чаго або які. Лад жыцця. Хай свет стары шакалам вые. Кляшторны. Гарыць маяк Сусветнае Камуны, І з кожным днём Ярчэй яго прамень. І гімны творчых дум Імпэтам зв[а]нкаструнным Вітаюць новы свет, Вітаюць новы дзень. Хведаровіч.

5. чаго або які. Якая‑н. сфера жыцця ці з’яў у прыродзе. Неарганічны свет. Раслінны свет. □ Пярэстая кабылка, худая, нядужая, а натурыстасць у яе была такая, што ва ўсім жывёльным свеце падобнай не знойдзеш. Кулакоўскі. // чаго. Якая‑н. асобная галіна, сфера рэчаіснасці; сукупнасць якіх‑н. з’яў, прадметаў, што акружаюць чалавека. Свет гукаў. Свет фарбаў. □ [Марынка] схілілася над сшыткамі, паволі ўваходзячы ў знаёмы свет формул і вывадаў. Хадкевіч. // Кола з’яў псіхічнага жыцця (пачуццяў, перажыванняў і пад.). У алегарычных апавяданнях Я. Колас перадае погляды простага чалавека на жыццё, раскрывае свет яго ўяўленняў і мар. Пшыркоў. Паэт закліканы паказваць духоўны свет савецкага чалавека ва ўсёй яго велічы. «Полымя».

6. чаго або які. Якая‑н. сфера, галіна дзейнасці людзей. Ніякім забабонам не ўстояць перад светам навукі, якая дапамагае нам пазнаваць і перабудоўваць свет. «ЛіМ».

7. Кола людзей, аб’яднаных агульнай прафесіяй, прыналежнасцю да якога‑н. асяроддзя і пад. Артыстычны свет. Прыдворны свет. // У буржуазна-дваранскім грамадстве — кола асоб, якія належалі да прывілеяваных класаў. Вышэйшы свет. Вялікі свет.

8. Зямное жыццё ў процілегласць незямному. Разгадаць такую загадку і цяпер не магу, пражыўшы на свеце паўсотню гадоў. Шамякін.

•••

Геацэнтрычная сістэма свету гл. сістэма.

Геліяцэнтрычная сістэма свету гл. сістэма.

Новы свет — Амерыка.

Стары свет — Еўропа, Азія, Афрыка ў адрозненне ад Новага свету, Амерыкі, якую адкрылі пазней.

Частка свету гл. частка.

Адкрыты свет — усё даступна.

Адкрыць свет гл. адкрыць.

Адправіцца на той свет гл. адправіцца.

Адправіць на той свет гл. адправіць.

Баламуціць светам гл. баламуціць.

Белы свет — зямля, зямны шар; чалавечае грамадства.

Блізкі свет; не блізкі свет; за блізкі свет — далёка.

Брыдзіць светам гл. брыдзіць.

Выйсці ў свет гл. выйсці.

Гнаць на той свет гл. гнаць.

Гэты свет — зямны свет, жыццё як супрацьпастаўленне замагільнаму свету.

Да сканчэння свету гл. сканчэнне.

Загарадзіць свет гл. загарадзіць.

Загнаць (увагнаць, звесці) на той свет гл. загнаць.

За свет (ісці); за светам — далёка.

Звесці са свету гл. звесці.

Зжыць са свету гл. зжыць.

З-за свету — здалёк.

З усяго свету — здалёк, немаведама адкуль.

З’явіцца на свет гл. з’явіцца.

Ісці на той свет гл. ісці.

Край свету гл. край ​1.

На краі свету гл. край ​1.

На край свету гл. край ​1.

На свет глядзець не хочацца гл. глядзець.

На чым свет стаіць — вельмі моцна (лаяць, крычаць і пад.).

Ні за што на свеце гл. што.

Ні свет ні зара — да світання, самым ранкам, вельмі рана.

Пайсці (падацца) у белы свет гл. пайсці.

Пакінуць гэты свет гл. пакінуць.

Перавярнуць (увесь) свет гл. перавярнуць.

Перавярнуць усё на свеце гл. перавярнуць.

Пусціць на свет гл. пусціць.

Пусціць па белым свеце гл. пусціць.

Свет аб’ехаць гл. аб’ехаць.

Свет гарыць — тое, што і ліха гарыць (гл. ліха).

Свет завязаць гл. завязаць ​1.

Свет зачыніўся — аб наступленні цяжкага, неспакойнага перыяду ў жыцці.

Свет зачыніць гл. зачыніць.

Свет клінам (не) сышоўся на кім-чым — хто‑н. або што‑н. не з’яўляецца адзіным, ёсць і іншыя.

Свет не бачыў — надзвычай, незвычайна.

Свет стаіць на кім-чым — асноўваецца, грунтуецца жыццё на кім‑, чым‑н.

Свету белага (божага) не бачыць гл. бачыць.

Свету (белага) не відаць гл. відаць.

Сканчэнне свету гл. сканчэнне.

Смуродзіць свет гл. смуродзіць.

Стары як свет гл. стары.

Такі свет настаў — настала не тое жыццё.

Той свет — замагільны свет як супрацьпастаўленне зямному свету, жыццю.

Трубіць на ўвесь свет гл. трубіць.

Убачыць свет гл. убачыць.

У белы свет як у капейку — без мэты, не ведаючы куды, куды вочы глядзяць (ісці, садзіць і г. д.).

(Увесь) свет засланіць гл. засланіць.

Усё на свеце гл. усё.

Чуць свет — раніцай, на золку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АДЗЕ́ННЕ,

штучнае покрыва цела чалавека; у шырокім сэнсе ўключае галаўныя ўборы, абутак і інш. Яго агульны выгляд залежыць ад прыродна-кліматычных умоў, відаў і спосабу гасп. дзейнасці, нац. традыцый, узроўню развіцця вытв. сіл, маёмасна-прававых адносін, этычных поглядаў і патрабаванняў. У гісторыі грамадства выконвала і выконвае функцыі магічную, абрадавую, адрознення паводле полу, узросту, сямейнага становішча, саслоўнай, этн. і рэліг. прыналежнасці, паводле роду заняткаў і службовага становішча, найперш утылітарную і эстэтычную. Нясе ў сабе і маст. вобраз, таму выступае як від дэкар.-прыкладнога мастацтва і залежыць ад маст. стылю эпохі.

Адзенне ўзнікла ў сярэднім старажытнакаменным веку і прайшло складаны шлях эвалюцыі. Як сац. з’ява і як прадмет мастацтва ўвасабляла ўяўленні розных гіст. эпох аб ідэальным чалавеку, яго ўнутр. сутнасці і фіз. абліччы. Так, адзенне стараж. грэкаў з іх ідэалам доблеснага і прыгожага воіна-атлета толькі злёгку падкрэслівала гарманічнасць фігуры; адзенне сярэднявечча згодна з хрысціянскімі догмамі пра грахоўнасць цела хавала яго пад цяжкімі бясформеннымі тканінамі; у эпоху Адраджэння, калі нормай прыгажосці стаў прызнавацца чалавек, адзенне стала больш зручным, як бы выяўляла гармонію ўнутр. і знешняга ў чалавеку; у перыяд Асветніцтва, калі эталонам прыгожага была прырода, а ўзорам для пераймання антычнасць, адзенне набыло натуральныя спакойныя формы. Спалучэнне ў адзіным маст. стылі кампанентаў адзення і прадметаў, што яго дапаўняюць, стварае ансамбль, які наз. касцюмам. Касцюмы падзяляюцца на 3 асн. тыпы: драпіраваны (з абгорнутага вакол цела кавалка тканіны, замацаванага непасрэдна на фігуры), накладны (надзяваецца праз галаву і як бы накладаецца на плечы), раслінны (мае спераду разрэз зверху данізу).

Вытокі бел. адзення ў культуры ўсх.-слав. плямёнаў. Умерана кантынентальны клімат вымагаў закрытага, цёплага адзення. Тканіны выраблялі з лёну (радзей канапель) і воўны, упрыгожвалі нашываннем, натыканнем, вышываннем ці набіўным узорам. Баярства шыла адзенне пераважна з прывазных тканін (парча, аксаміт, тафта, камка); аздобаю служыла вышыўка шоўкам і жэмчугам. Амаль усе віды адзення былі накладныя. Аснову мужчынскага гарнітура складалі кашуля з поясам і нагавіцы, жаночага — кашуля (даўжэйшая за мужчынскую) і паясное адзенне тыпу панёвы; верхняя вопратка — світа (зімой падшытая футрам). Мужчыны насілі шапкі з футра, сукна ці лямцу, дзяўчаты — вянец, замужнія жанчыны — чапец, а паверх — убрус. Абуваліся ў пасталы, поршні ці боты (жаночыя часта вышывалі). Гэтыя асаблівасці перайшлі ў адзенне насельніцтва ВКЛ, дзе ў 13—16 ст. сфарміравалася бел. народнасць. У касцюме беларусаў адчуваецца блізкасць да касцюма літоўцаў і палякаў, а таксама рускіх і інш. еўрап. народаў. Выпрацоўка ў Зах. Еўропе асн. спосабаў і прыёмаў крою, удасканаленне кравецкага рамяства прывяло адзенне да істотных змен. Адзенне магнатаў, шляхты і гар. знаці развівалася ў рэчышчы зах.-еўрап. моды. Важнымі часткамі іх мужчынскага гарнітура былі атласны жупан, зверху кунтуш, падпяразаны доўгім поясам, воўчае (вільчура) і бабровае футра, жаночае — ферэзія, чамара, аблямаваныя карункамі або футрам собаля, куніцы, лісы, кабат з рукавамі. Спрашчэнне адзення арыстакратаў пачалося з канца 18 ст. Народнае адзенне больш яскрава, чым адзенне інш. слаёў грамадства, выяўляла маральныя нормы і эстэт. густы. Нар. касцюм уздзейнічаў на касцюм вышэйшых класаў і сам зазнаваў яго ўплыў. У ім найлепш захаваліся традыцыі нац. адзення. У 14—16 ст. бел. касцюм узбагаціўся новымі відамі (андарак, гарсэт) і прынцыпамі афармлення (спосабы завязвання наміткі). Ён меў характэрныя прыкметы касцюма готыкі і рэнесансу, а з найб. спецыфічных — тэндэнцыі да агульнай строгасці ансамбля, перавагі белага колеру, спалучэння белага з чырвоным у каларыстыцы, геам. узораў у арнаментыцы. Бел. касцюм у гэты час набыў сваю завершанасць, утылітарны і маст. вобраз. Яго развіццё ў 17 — сярэдзіне 19 ст. ішло па шляху мадыфікацыі асобных элементаў адзення, насычэння колеравай гамы, пераасэнсавання арнаментальных матываў, замацавання рэгіянальных адметнасцяў. У перыяд фарміравання бел. нацыі захоўвалася выразнае этнагр. аблічча бел. нар. адзення. Касцюм сялян той пары — класічны ўзор бел. нар. мастацтва. Даўнімі традыцыямі было вызначана, якое адзенне насіць у будні ці святы, надзяваць на вяселле ці на радзіны, падчас радасці ці жалобы. У традыц. комплекс мужчынскага адзення ўваходзілі кашуля, нагавіцы і камізэлька. Кашулю насілі навыпуск, падпяразвалі поясам, калошы абгортвалі анучамі і запраўлялі ў скураныя пасталы, лапці, боты, зімой — у валёнкі. Галаўнымі ўборамі былі саламяны капялюш (брыль) ці валеная магерка, зімой заечая ці аўчынная аблавуха. Мужчынскае адзенне мела сціплае аздабленне, у ім пераважаў белы колер. Найб. ўзлёту фантазіі і майстэрства бел. адзенне дасягнула ў жаночым касцюме, своеасаблівасць якога вызначае адметнасць нац. касцюма беларусаў увогуле. Жаночая кашуля кроілася з прамавугольных кавалкаў ільняной тканіны. Найб. ўвага аддавалася ўпрыгожанню рукавоў, што звязана з маст. тэктонікай і пластыкай касцюма, а таксама з верай у магічную сілу чырвонага рамбічнага арнаменту. Разнастайнае паясное адзенне жанчыны: многія віды спадніц (андарак, саян, палатнянік, летнік), а таксама панёвы, фартухі. Малюнак спадніцы і панёвы — клетка, падоўжныя або папярочныя палосы ў чырвоным, сіне-зялёным ці серабрыста-белым каларыце. Фартух гарманіраваў з кашуляй. У жаночае, асабліва святочнае, убранне ўваходзіў і гарсэт у выглядзе безрукаўкі. Шылі яго звычайна з крамных тканін (аксаміт, парча, шоўк), аздаблялі вышыўкай, аплікацыяй, нашыўкамі тасёмак, стужак, гузікаў. Касцюм мог дапаўняцца разнаколерным поясам з кутасамі. Галаўныя ўборы залежалі ад узросту і сямейнага становішча жанчыны. У дзяўчат гэта былі перавязкі накшталт вузкіх ручнікоў (скіндачка, шлячок), вянкі. Замужняй жанчыне не дазвалялася паказвацца на людзях з непакрытай галавой. Жаночыя галаўныя ўборы падзяляюцца на ручніковыя (намітка, сярпанка, хустка), рагацістыя (галовачка), каптуровыя (каптур, чапец, падвічка). Самы пашыраны і адмысловы — намітка. Будзённым абуткам жанчыны былі лапці, святочным — пасталы і чорныя хромавыя чаравікі. Верхняя мужчынская і жаночая вопратка мала адрознівалася. Яе шылі з валенага нефарбаванага сукна (світа, сярмяга, бурка, бурнос), аўчыны (кажух, кажушок). Насілі таксама бравэрку, каптан, кабат. Пранікненне ў вёску прамысловых вырабаў «размывала» жанравыя межы традыц. нар. касцюма. У 20 ст. многія віды і састаўныя часткі традыц. адзення выйшлі з ужытку. Нар. адзенне аднатыпнае на ўсёй тэр. Беларусі, але ў ім вылучаюць 4 асн. комплексы (залежна ад таго, з чым насілі кашулю ў жаночым касцюме): са спадніцай і фартухом; са спадніцай, фартухом і гарсэтам; са спадніцай, да якой прышыты ліф-гарсэт, і фартухом; з панёвай, фартухом, гарсэтам. Першыя 2 вядомыя ўсюды, 2 другія — ва ўсх. і паўд.-ўсх. раёнах. Комплексы маюць шэраг лакальных разнавіднасцяў, якія вылучаюцца як нар. строі. Найб. вывучаны строі Зах. і Усх. Палесся, Падняпроўя, Цэнтр. Беларусі, Панямоння, Паазер’я (пра кожны строй гл. адпаведны артыкул). Паасобныя матывы традыц. адзення выкарыстоўваюць мадэльеры пры распрацоўцы сучаснага касцюма.

Літ.:

Маслова Г.С. Народная одежда русских, украинцев и белорусов в XIX — начале XX в. // Восточнославянский эгнографический сборник. М., 1956;

Беларускае народнае адзенне. Мн., 1975;

Каминская Н.М. История костюма. М., 1977;

Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;

Яго ж. Народны касцюм Чачэрска і ваколіц: Канец XIX — сярэдзіна XX стст. Мн., 1993;

Раманюк М., Ліцвінка В., Раговіч У. Песні і строі Піншчыны. Слонім, 1994.

М.Ф.Раманюк.

Адзенне: 1 — княжацкае 11-12 ст.; 2 — баярскае 12-13 ст.; 3 — гараджан 12-13 ст.; 4-5 — магнатаў 16—17 ст.; 6 — сялян 15 ст.
Да арт. Адзенне. 1—2 — селянін і сялянка. Паводле Норбліна (канец 18 — пач. 19 ст.); 3—4 — дзяўчына і жанчына з Піншчыны. Паводле Рабцэвіча (канец 18 — пач. 19 ст.).
Да арт. Адзенне. 1 — селянін. Паводле А.Рыгельмана (канец 18 ст.); 2 — сялянка з цэнтральнай Беларусі. Паводле К.Вуйціцкага (пач. 19 ст.); 3—4 — селянін з Палесся і жанчына з-пад Кобрына. Паводле Ю.Крашэўскага (1-я чвэрць 19 ст.).
Да арт. Адзенне. К.Русецкі. Жняя. 1845.
Да арт. Адзенне. І.Рэпін. Беларус. 1892.

Да арт. Адзенне. Партрэт Лізаветы Соф’і Радзівіл. Невядомы мастак. 1-я пал. 17 ст.

Беларускае народнае адзенне. Строі Цэнтральнай Беларусі і Панямоння: пухавіцкі (1), ляхавіцкі (2), капыльска-клецкі (3), слуцкі (4), вілейскі (5), мастоўскі (6), навагрудскі (7), ваўкавыска-камянецкі (8—9).
Беларускае народнае адзенне. Строі заходняга і ўсходняга Палесся: дамачоўскі (10), маларыцкі (11), кобрынскі (12), пінска-івацэвіцкі (13), мотальскі (14), давыд-гарадоцка-тураўскі (15), турава-мазырскі (16), калінкавіцкі (17), брагінскі (18).
Беларускае народнае адзенне. Строі Прыдняпроўя і Наддзвіння: магілёўскі (19—20), краснапольскі (21), буда-кашалёўскі (22), неглюбскі (23), лепельскі (24), дубровенскі (25), астравецка-дзісенскага рэгіёна (26—27).

т. 1, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пусці́ць, пушчу, пусціш, пусціць; зак.

1. каго-што. Перастаць трымаць, утрымліваць рукамі каго‑, што‑н.; выпусціць. Стася ціха, але рашуча папрасіла: — Зелянюк, пусці маю руку. Я пайду. Зарэцкі. [Дзед] пусціў вёслы і выхапіў з-пад сябе дошчачку дарожкі. Брыль. // Перастаць трымаць дзе‑н., даць волю. Сам прыстаў трымаў .. [Адася Гушку] перад сабою нешта гадзін са тры, а пасля пусціў, загадаўшы сваім людзям не спускаць яго залішне з вока. Чорны. Ды лепш бы ўсё яны забралі, Пусцілі б толькі іх [палонных] жывых. Колас. // Дазволіць або даць магчымасць пайсці, паехаць і г. д. куды‑н. Пусціць у адпачынак. □ [Сястра] хацела пайсці разам з .. [Міколкам] у лес, але маці не пусціла: трохі прыхворвае малая. Лынькоў. // Даць магчымасць пасвіцца, выпусціць на пашу (пра жывёлу). І куды толькі не забярэцца.. [Цімох] са сваім статкам! І на ягаднік пагоніць, і па бары на верасы пусціць, і ўсе лужкі перабярэ. Колас. Гадзін праз дзве работы [Міхал] выпраг каня і пусціў на паплавец. Чорны.

2. каго-што. Дазволіць каму‑н. прайсці, увайсці куды‑н.; упусціць. Гэта я! Пусці! Яшчэ не верыш? Дык на ганак выбежы хутчэй. Танк. Мне ўдаецца ўгаварыць пляменніка спачатку падстрыгчыся — непадстрыжанага, маўляў, у магазін не пусцяць... Каршукоў. // Памясціць, пасяліць, здаючы ў найм памяшканне. Але браты нечага не падзялілі, і малодшы Шнур падаўся цераз раку. Цяпер ён шукаў хаты. І Харытоня пусціў яго ў сваю. Чыгрынаў. — Ці не пусцілі б вы ў .. [другую палавіну хаты] хлопца аднаго на які месяц ці два. Дроў мы неяк прыдбаем. Зарэцкі.

3. каго-што. Паслаць, накіраваць куды‑н. з якой‑н. мэтай. Трымаліся два дні, але раніцай трэцяга немцы пусцілі танкі. Навуменка. [Васіль:] — Трэба было абавязкова ўвосень выкарчаваць пні... Цяпер пусцілі б камбайн, жняяркі... Шамякін. // Даць магчымасць або прымусіць рухацца, перамяшчацца якім‑н. чынам. Гаспадар выцягнуў плуг з зямлі і пусціў плытчэй. Чорны. Наганяць шкадаваў, а пусціў паволі — і так утаміўся конь. Гартны. // Надаць пэўны ход, кірунак (размове, справе і пад.). Пусціць справу на самацёк. □ Маладая.. не раз пачынала гаворку, старалася аднавіць і пусціць яе ў ранейшае бесклапотнае рэчышча, але муж непадкупна маўчаў. Ракітны.

4. што. Кінуць, прымусіць рухацца ў якім‑н. напрамку. Схапіў Янка лук і пусціў стралу ў шуляка. Якімовіч. З воданапорнай вежы заўважылі крыкуна, пусцілі па ім некалькі куль. Хомчанка. // Выпусціць, даўшы магчымасць цячы, распаўсюджвацца. Пусціць газ. □ Праўда, .. [састаў] быў невялікі, з пяці вагонаў і платформы, але калі Лёдзя захацела была абысці яго, машыніст пусціў пару і даў кароткі свісток. Карпаў. Архіп сеў, пусціў дым у столь і загаварыў. Пестрак. // Быць прычынай чаго‑н., выклікаць што‑н. Падзьмуў ветрык, пусціў па вадзяным люстэрку рабацінне. Шыцік. Выплыў месяц з-за небасхілу і пусціў доўгі пералі[віс]ты бляск цераз усё мора. Кулакоўскі.

5. што. Прывесці што‑н. у дзеянне, у рух; прымусіць дзейнічаць. Пусціць аўтаматычную лінію. Пусціць пласцінку. □ Ахопленая трывогай, .. [Арына] таропка падсунула табурэтку, залезла на яе, завяла гадзіннік, пусціла маятнік. Карпаў. // у спалучэнні са словамі «аўтобус», «цягнік», «трамвай» і пад. Устанавіць пэўныя шляхі зносін. Пусціць тралейбус у мікрараён.

6. каго-што. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае; зрабіць што‑н. з чым‑н.; выкарыстаць з якімі‑н. мэтамі, якім‑н. чынам. Пусціць на продаж. Пусціць на племя. □ — Ну, а з пусткаю што будзе? Сеяць ярыною? Ці ў папар на лета пусціш? — Грышкаў брат пытае. Колас. Пільню Бама пусцілі даўно ўжо на злом. Зарыцкі. — Прадаць тое-сёе, канешне, не шкодзіць. Скаціну якую пусціць на кірмаш, малатарню можа збыць на ўсякі выпадак, да пары да часу. Мележ. // Разм. Выдаткаваць на што‑н. Праз паўгода цягне [Міхась] у хату музыку. Што зарабіў на рамонце аўтамашыны тое і пусціў на радыёлу. Б. Стральцоў.

7. што. Разм. Разнесці (чутку, пагалоску), зрабіць вядомым што‑н. Парашыў .. [пан] прадаць лес. Пусціў пагалоску, і пачалі прыязджаць купцы аглядаць лес. Якімовіч. Нехта пусціў сярод дзетдомаўцаў чутку, быццам у дупле дуба жывуць змеі. Пальчэўскі. // Сказаць (звычайна што‑н. вострае). Пусціць жарт. □ Вострачы мянташкай касу, Ганнін Васіль пусціў услед грабельнікам: — Сюды, бабкі, падналяжам разам. Васілевіч.

8. што. Даць парасткі, карані (пра расліны). Над страхою звісаў сук-рагач ад вярбы. Другі, адломаны, валяўся ў гародчыку. Даўно, бо пусціў атожылле, прырос. Пташнікаў.

9. Разм. Не вытрымаўшы напружання, цяжару, перастаць утрымліваць што‑н. — А ў мяшку ці шво пусціла, ці дзірка ў пару не агледжана. Прыехаў, а тут і малоць няма чаго. Арочка.

10. Разм. Адтаяць. Немцы загналі.. [Зіну] ў балота, якое месцамі пусціла ўжо, і чалавек правальваўся аж з галавой. Карпюк. // безас. Пра адлігу. Снегам было пацеру[шы]ла трохі зверху. А гэта зноў пусціла, зноў цёпла стала і мокра. Чорны.

•••

Не пусціць на парог (на вочы) — не прыняць у сябе дома, не дазволіць прыйсці ў свой дом.

Пусціць (з) агнём (дымам) — спаліць.

Пусціць з торбаю (па свеце) — давесці да жабрацтва.

Пусціць казла ў агарод — дапусціць каго‑н. туды, дзе ён можа нашкодзіць; дапусціць каго‑н. да таго, з чаго ён хоча мець выгаду.

Пусціць карэнне (карані) — а) трывала, надоўга абаснавацца дзе‑н., абзавесціся гаспадаркай. Разросся грынюкоўскі род, нібы тыя сосны ў барку над ракой, глыбока пусціў карэнне ў зямлю дзядоў і прадзедаў. «Работніца і сялянка»; б) набыць сілу, стаць пастаянным; укараніцца. Партызанскі рух пусціў глыбокія кар[ан]і ў народзе акупіраваных зямель. Колас.

Пусціць (паслаць) кулю ў малако — не папасці ў цэль пры стральбе.

Пусціць на вецер — растраціць дарэмна.

Пусціць на свет — нарадзіць, даць жыццё.

Пусціць па белым свеце — нарадзіць і, не давёўшы да самастойнасць выправіць у людзі.

Пусціць пад адхон — выклікаць крушэнне (цягніка).

Пусціць пыл (дым, туман) у вочы — стварыць ілжывае ўражанне, выстаўляючы сябе, сваё становішча ў лепшым выглядзе, чым ёсць на самай справе.

Пусціць (сабе) кулю ў лоб — застрэліцца.

Пусціць слязу — заплакаць.

Пусціць у дзела — прымяніць, выкарыстаць.

Пусціць у зіму (на зіму) каго — пакінуць на племя (пра свойскую жывёлу).

Пусціць у паветра — узарваць.

Пусціць у работу — даць прымяненне чаму‑н.

Пусціць у расход каго — расстраляць, знішчыць.

Пусціць у ход — а) прымяніць што‑н. (пра інструмент, зброю і пад.). Хлопцы ішлі і насцярожана азіраліся, гатовыя ў любы момант пусціць у ход зброю. Новікаў; б) выкарыстаць які‑н. сродак, прыём і г. д. Я слухаю дзядзьку: «Глядзі, якім стаў ён! Яго пачынае падтрымліваць сход. Хварэе, бач, ён за грамадскія справы І нават пусціў самакрытыку ў ход». Прыходзька.

Пусціць (чырвонага) пеўня — зламысна падпаліць (чыю‑н. хату, маёмасць і пад.).

Пусціць юшку — ударыць, збіць да крыві.

Хоць з ветрам пусці — такі лёгкі, што можа паляцець з ветрам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ АДКРЫ́ЦЦІ,

выяўленне новых геагр. аб’ектаў або геагр. заканамернасцей. На ранніх этапах развіцця геаграфіі пераважалі адкрыцці новых геагр. аб’ектаў, яны былі непарыўна звязаны з працэсам стварэння карты зямной паверхні і да сярэдзіны 20 ст. практычна завершаны (за выключэннем некат. цяжкадаступных раёнаў сушы і ч. дна Сусветнага ак.). Геаграфічныя адкрыцці цесна звязаны з працэсам грамадскага развіцця. Асабліва важная роля ў развіцці геагр. уяўленняў належыць мараплаўцам перыяду Вялікіх геаграфічных адкрыццяў, у Паўн. Азіі — дзейнасці рускіх землепраходцаў. З развіццём геаграфіі як навукі, асабліва з 2-й пал. 19 ст., усё большае значэнне набываюць адкрыцці, якія садзейнічаюць выяўленню геагр. заканамернасцей і ўзаемасувязей геагр. з’яў. Шырока выкарыстоўваюцца найноўшыя навук. дасягненні, у т. л. Касм. метады даследавання Зямлі.

Геаграфічныя адкрыцці і даследаванні

Азія. 330—325 да н.э. Паход праз Іранскае нагор’е ў Сярэднюю Азію і Зах. Індыю (Аляксандр Македонскі); 325—324 да н.э. Плаванне ад вусця р. Інд да вусця р. Еўфрат (Неарх і Анесікрыт); 921—922. Падарожжа з Харэзма з пасольствам у Волжскую Балгарыю праз Прыкаспій і Прыаралле (Ібн Фадлан); 1166—73. Падарожжа з Іспаніі ў Палесціну, Сірыю, Ірак, Іран (В.Тудэльскі); 1245—47. Падарожжа з Ліёна з папскім пасольствам у г. Каракарум у Манголіі (Дж. дэ Плана Карпіні); 1253—56. Падарожжа з Палесціны ў г. Каракарум (В.Рубрук); 1271—95. Падарожжа ў Кітай праз Цэнтр. Азію (Марка Пола); 1325—49. Падарожжы па краінах Азіі (Ібн Батута); 1405—31. Сяміразовыя плаванні флатылій з Кітая ў краіны Паўд. Азіі (Чжэн Хэ); 1466—72. Падарожжа ў Індыю (А.Нікіцін); 1498. Прыбыццё экспедыцыі Васка да Гама ў Індыю; 1500—20. Марскія экспедыцыі ў Індыю, Індакітай і Інданезію (П.А.Кабрал, Васка да Гама, Ф.Алмейда, А.Албукеркі і інш.); 1581—84. Паход у Зах. Сібір (Ярмак Цімафеевіч); 1618—19. Падарожжа ў Манголію і Кітай (І.Петлін); 1620—23. Дасягненне сярэдняга цячэння р. Лена (Пенда); 1639—41. Дасягненне Ахоцкага м. праз хр. Джугджур (І.Масквіцін); 1643. Дасягненне воз. Байкал (К.Іваноў); 1643—46. Плаванне па рэках Зея і Амур, Ахоцкім м. (В.Паяркаў); 1648. Плаванне з вусця р. Калыма ў Берынгава м. Праходжанне Берынгава прал. (С.Дзяжнёў); 1675—78. Падарожжа праз Сібір у Кітай (М.Спафарый); 1697—99. Апісанне Камчаткі (У.Атласаў); 1720—27. Экспедыцыя па Урале і Сібіры (Д.Месершміт); 1725—30. Камчацкая экспедыцыя. Праход цераз Берынгаў прал. з Пд на Пн (В.Берынг і інш.); 1733—43. Другая Камчацкая (Вял. Паўночная) экспедыцыя. Вывучэнне і картаграфаванне ўзбярэжжа і ўнутр. раёнаў Сібіры. Плаванні да Паўн. Амерыкі і Японіі (Берынг, А.Чырыкаў, Г.Мілер, І.Гмелін, В.Прончышчаў, Х. і Д.Лапцевы, С.Чэлюскін і інш.); 1768—74. Вывучэнне Урала, Сібіры, Казахстана (П.Палас, В.Зуеў); 1804—05. Апісанне берагоў Сахаліна, Японіі, Камчаткі (І.Крузенштэрн); 1830—56. Вызначэнне вышынь Гімалаяў, у т. л. г. Джамалунгма (Дж.Эверэст); 1848—49. Доказ астраўнога палажэння Сахаліна (Г.Невяльской); 1854—57. Падарожжа ў Індыю, Гімалаі, Каракарум (браты А., Г. і Р.Шлагінтвайт); 1856—57. Даследаванні Цянь-Шаня (П.П.Сямёнаў-Цян-Шанскі); 1868—71. Даследаванні пустыні Кызылкум, Цянь-Шаня, Алайскага і Заалайскага хрыбтоў (А.Федчанка); 1868—72. Падарожжы ва ўнутр. вобласці Кітая (Ф.Рыхтгофен); 1869—75. Фіз.-геагр. і геал. даследаванні шэрагу рэк Усх. Сібіры, хрыбтоў Усх. Саяна і Хамар-Дабана (А.Чаканоўскі); 1870—85. Цэнтральна-азіяцкія (Манголія, Джунгарыя, Тыбет) экспедыцыі (М.Пржавальскі); 1877—79. Пранікненне ў цэнтр. ч. Паміра (М.Северцаў); 1877—91. Даследаванні ўзбярэжжа Байкала, бас. рэк Селенга і Ніжняя Тунгуска, хрыбтоў Паўн.-Усх. Сібіры (І.Чэрскі); 1889—90. Падарожжы па Манголіі, пустыні Такла-Макан, гарах Куньлунь, Тыбет (М.Пяўцоў, У.Рабароўскі, П.Казлоў); 1892—94. Даследаванні Цэнтр. Манголіі, пустыні Гобі, гор Куньлунь, Наньшань, Манг. Алтай і інш. (У.Обручаў); 1893—1901. Падарожжы па Цэнтр. Азіі, Манголіі, Тыбеце (Казлоў); 1899—1902. Комплексныя даследаванні Аральскага м. (Л.Берг).

Афрыка. 15 ст. да н.э. Паходы ўверх па р. Ніл, да 5-га парога (старажытнаегіпецкія палкаводцы); не пазней 8 ст. да н.э. Адкрыццё паўн. ўзбярэжжа Афрыкі і Гібралтарскага прал. (фінікійскія мараходы); на мяжы 7 і 6 ст. да н.э. Трохгадовае плаванне вакол Афрыкі (фінікійскія мараходы); каля 500—470 да н.э. Плаванне ўздоўж берагоў Зах. Афрыкі да вулкана Камерун (Ганон); каля 50—100. Плаванні ўздоўж усх. берагоў Афрыкі да в. Занзібар (грэчаскія мараходы); каля 60. Паход уверх па Белым Ніле за 10° паўн. ш. (рымляне); 8—9 ст. Акрыццё Мадагаскара Адкрыццё Мадагаскара, узбярэжжа Мазамбіка, Каморскіх а-воў (арабскія мараходы); 1352—53. Перасячэнне Зах. і Цэнтр. Сахары (Ібн Батута); 1431—35. Адкрыццё Азорскіх а-воў (капітаны прынца Генрыха Мараплаўца); 1434—57. Адкрыцці Зялёнага мыса, рэк Сенегал і Гамбія, узбярэжжа Зах. Афрыкі да 10° паўн. ш. (капітаны прынца Генрыха Мараплаўца); 1456—62. Адкрыццё а-воў Зялёнага Мыса (А.Кадамоста); каля 1461—73. Адкрыццё вулкана Камерун, а-воў у Гвінейскім зал., апісанне ўзбярэжжа Афрыкі да 2° паўд. ш. (П.Сінтра, С.Кошта і інш.); 1487—88. Адкрыццё паўд. берага Афрыкі і мыса Добрай Надзеі (Б.Дыяш); 1497—98. Першае плаванне з Еўропы ў Індыю вакол Афрыкі (Баска да Гама); 1795—97, 1805—Об. Падарожжа ўверх па р. Гамбія, плаванне па р. Нігер (М.Парк); 1822—25. Двухразовае перасячэнне Сахары, даследаванне воз. Чад (Д.Дэнем, Х.Клапертан); 1850—55. Даследаванні Сахары, раёна воз. Чад, Цэнтр. Судана да р. Нігер (Г.Барт, Дж.Рычардсан); 1852—53. Перасячэнне Афрыкі з З на У ад г. Бенгела да вусця р. Рувума (А.Сілва Порту); 1854—56. Перасячэнне Цэнтр. Афрыкі ад г. Луанда да вусця р. Замбезі. Адкрыццё вадаспада Вікторыя (Д.Лівінгстан); 1856—63. Даследаванне воз. Танганьіка, адкрыццё воз. Вікторыя і р. Вікторыя-Ніл (Р.Ф.Бёртан, Дж.Спік, Дж.Грант); 1869—74. Даследаванне нагор’я Тыбесты (Г.Нахтыгаль); 1875—77. Адкрыццё р. Кагера, воз. Эдуард, масіву Рувензоры, плаванне па р. Конга ад вытокаў да вусця (Г.Стэнлі); 1880—83. Вывучэнне р. Уэле і водападзела паміж рэкамі Ніл і Конга (В.Юнкер).

Паўночная і Паўднёвая Амерыка. Каля 900. Першае плаванне да ўсх. берага Грэнландыі (Гунб’ёрн Ульфсан); 981—983. Адкрыццё паўд. і паўд.-зах. Грэнландыі (Эйрык Торвальдсан); 985. Плаванне да Паўн.-Усх. Амерыкі (Б’ярні Херульфсан); 1000—1001. Адкрыццё зямель «Маркланд» і «Вінланд» на ПнУ Паўн. Амерыкі (Лейф Эйрыксан); 1492—1504. Чатыры плаванні Х.Калумба — адкрыццё Багамскіх а-воў, Кубы, Гаіці, Пуэрта-Рыка, Ямайкі, берагоў Паўд. і Цэнтр. Амерыкі; 1499. Адкрыццё берагоў Гвіяны і карыбскага ўзбярэжжа Паўд. Амерыкі (А.Ахеда, А.Веспучы); 1500. Адкрыццё ўсх. ўзбярэжжа Бразіліі (Кабрал); 1513. Перасячэнне Панамскага перашыйка (В.Бальбоа); 1515—16. Адкрыццё зал. Ла-Плата і нізоўяў р. Парана (Х.Соліс); 1517—18. Адкрыццё п-ва Юкатан і зах. ўзбярэжжа Мексіканскага зал. (Ф.Кордава, Х.Грыхальва, А.Аламінас); 1519. Адкрыццё паўн. ўзбярэжжа Мексіканскага зал. (А.Пінеда); 1519—21. Заваяванне дзяржавы ацтэкаў, адкрыццё Мексіканскага нагор’я (Э.Картэс); 1520. Адкрыццё Патагоніі, Вогненнай Зямлі і Магеланава прал. (Ф.Магелан); 1529—36. Перасячэнне Прымексіканскай нізіны, Вялікіх раўнін і р. Рыо-Грандэ (А.Кавеса дэ Вака); 1532—34. Заваяванне Перу, адкрыццё Зах. і Цэнтр. Кардыльеры Андаў (Ф.Пісара, С.Белалькасар); 1535—37. Адкрыццё плато Пуна ў Андах, воз. Тытыкака, Чылійска-Аргенцінскіх Андаў і пустыні Атакама (Д.Альмагра); 1536—39. Завяршэнне адкрыцця бас. р. Магдалена і Паўн.-Зах. Андаў (Г.Кесада, Белалькасар); 1540—42. Адкрыццё бас. р. Каларада, Вял. Каньёна, Скалістых гор, паход па Вял. раўнінах да 40° паўн. ш. (Ф.Каранада, Г.Кардэнас); 1541—42. Перасячэнне Паўд. Амерыкі: паход ад зал. Гуаякіль да р. Амазонка, плаванне па ёй да вусця (Ф.Арэльяна); 1576—78. Пошукі Паўн.-Зах. праходу, адкрыццё Бафінавай Зямлі (М.Фробішэр); 1578—79. Дасягненне мора на Пд ад Вогненнай Зямлі — прал. Дрэйка (Ф.Дрэйк); 1609—10. Даследаванні ўсх. і паўн.-ўсх. берагоў Паўн. Амерыкі, адкрыццё заліваў Чэсапікскі, Дэлавэр, р. Гудзон, Гудзонава праліва і заліва (Г.Гудзон); 1615—28. Адкрыццё азёр Гурон і Антарыо, р. Саскуэхана (С.Шамплейн, Э.Бруле); 1616. Адкрыццё мыса Горн (В.Схаўтэн, Я.Лемер); 1678—81. Плаванне па р. Св. Лаўрэнція, Вял. азёрах, р. Місісіпі да мора (Р. Ла Саль); 1732. Адкрыццё крайняга паўн.-зах. выступу Паўн. Амерыкі (І.Фёдараў, М.Гвоздзеў); 1741. Адкрыццё Аляскі і Алеуцкіх а-воў (Берынг, А.Чырыкаў); 1792—94. Двухразовае перасячэнне Паўн. Амерыкі ў межах сучаснай Канады (А.Макензі); 1799—1804. Даследаванні Паўд. Амерыкі і Мексіканскага нагор’я (А.Гумбальт, Э.Банплан); 1804—06. Двухразовае перасячэнне Паўн. Амерыкі ў межах ЗША праз Скалістыя і Каскадныя горы (М.Льюіс, У.Кларк); 1819—20. Плаванне на З праз пралівы Ланкастэр, Бараў, Вайкаўнт-Мелвіл (У.Пары); 1832—35. Даследаванні Патагоніі, Вогненнай Зямлі, а-воў Галапагас (Р.Фіцрай, Ч.Дарвін); 1839—40. Даследаванні Кардыльер на тэр. Чылі (І.Дамейка); 1848—58. Даследаванні далін рэк Амазонка і Рыо-Негра (А.Уолес, Г.Бейтс); 1886. Перасячэнне ледзянога купала Грэнландыі па 64° паўн. ш. (Ф.Нансен); 1892—1909. Даследаванні на Пн Грэнландыі, дасягненне Паўн. геагр. полюса (Р.Піры).

Аўстралія і Акіянія. 1521. першае перасячэнне Ціхага ак., адкрыццё Марыянскіх а-воў (Магелан); 1526. Адкрыццё Н.Гвінеі (Ж.Менезіш); 1606. Адкрыццё Торэсава прал. (Л.Торэс); 1606. Адкрыццё зах. ўзбярэжжа п-ва Кейп-Йорк (В.Янсзан); 1642—44. Адкрыццё Тасманіі, Н.Зеландыі, а-воў Тонга, абследаванне паўн. берагоў Аўстраліі (А.Тасман); 1722. Адкрыццё в-ва Вялікадня (Я.Рогевен); 1769—78. Тры экспедыцыі ў Ціхі ак., адкрыццё і даследаванне многіх а-воў, усх. ўзбярэжжа Аўстраліі (Дж.Кук); 1797—1803. Адкрыццё Басава прал., падарожжа вакол Тасманіі, здымка берагоў Аўстраліі (Дж.Бас, М.Фліндэрс); 1824. Адкрыццё рэк Мурэй і Марамбіджы (Г.Юм, У.Ховел); 1829—30. Адкрыццё р. Дарлінг (Ч.Сцёрт); 1840. Адкрыццё піка Касцюшкі, даследаванне Аўстралійскіх Альпаў (П.Стшэлецкі); 1843—45. Даследаванне паўд. берагоў Н.Гвінеі, адкрыццё р. Флай (Ф.Блэквуд); 1860—61. Перасячэнне Аўстраліі ў мерыдыянальным напрамку да зал. Карпентарыя (Р.Бёрк); 1862. Двухразовае мерыдыянальнае перасячэнне Аўстраліі да п-ва Арнем-Ленд (Дж.Сцюарт); 1889—97. Даследаванні ўнутр. абласцей Н.Гвінеі (У.Мак-Грэгар).

Антарктыка. 1775. Адкрыццё а-воў Паўд. Георгія і Сандвічавых (Кук); 1820. Адкрыццё мацерыка Антарктыда (Ф.Белінсгаўзен, М.Лазараў); 1831—33. Адкрыццё Зямлі Эндэрбі, Антарктычнага п-ва і суседніх а-воў (Дж.Біска); 1833. Адкрыццё Берага Кемпа (П.Кемп); 1830—42. Адкрыццё Зямлі Вікторыя, хр. Адміралці, гор. Эрэбус і Тэрар, Ледзянога бар’ера Роса (Дж.Рос); 1893. Адкрыццё шэльфавага ледавіка Ларсена, Берага Оскара II, Берага Фойна (К.Ларсен); 1898. Адкрыццё Берага Данка (А.Жэрлаш); 1898—99. Зімоўка ў Антарктыдзе (К.Борхгрэвінк); 1902. Адкрыццё Заходняга шэльфавага ледавіка, Зямлі Вільгельма II (Э.Дрыгальскі); 1904. Адкрыццё Зямлі Котса (У.Брус); 1908. Адкрыццё ледавіка Бірдмара, дасягненне Паўд. магнітнага полюса (Э.Шэклтан, Д.Моўсан, А.Мак-Кей); 1911. Дасягненне Паўд. геагр. полюса (Р.Амундсен); 1911—12. Паўторнае дасягненне Паўд. геагр. полюса (Р.Скот); 1912. Адкрыццё шэльфавага ледавіка Фільхнера (В.Фільхнер); 1928—30. Адкрыццё Зямлі Мэры Бэрд, ледавіка Амундсена, хрыбтоў Эдсел-Форд, Гросенар, плато Рокфелер (Р.Бэрд); 1935. Адкрыццё Зямлі Элсуарта, гор Сентынел і інш. (Л.Элсуарт), 1956. Адкрыццё а-воў Гідрографаў, Геолагаў, п-ва Географаў, ледавіка Аненкава і інш. (М.Сомаў і інш.); 1957. Дасягненне Паўд. геамагнітнага полюса (А.Трэшнікаў і інш.); з 1965. Сістэм, комплекснае вывучэнне Антарктыды экспедыцыямі розных краін.

І.Я.Афнагель.

т. 5, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)