Схіл ’нахіленая паверхня; пакаты спуск’ (ТСБМ, Гарэц., Бяльк.), ’спад’ (Некр. і Байк.), ’пакаты бок узгорка’ (БРС), схі́лак ’сыход, край, канец’ (Нас.). Параўн. укр. схил ’спадзісты бок гары’, польск. schyłek ’заняпад, канец; схон, адхон’. Дэвербатыў ад схіліць < хіліць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тал ’праталіна’ (Гарэц., Байк. і Некр.), та́ло ’зямля, дзе сышоў снег’ (ТС), тало́ ’палонка, у якой багата рыбы’ (Касп.). Архаізмы на базе першаснай формы назоўніка, тоеснай кароткай форме прыметніка м. і н. р., параўн. поўную форму талы, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Траншэ́я ’выкапаны глыбокі роў для абароны’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Праз рус. транше́я ’тс’ з франц. tranchée ’роў, траншэя для закладкі фундамента, катлаван’, ’траншэя’ < trancher ’рэзаць, адсякаць’ (Фасмер, 4, 94; Чарных, 2, 258; Даза, 759; ЕСУМ, 5, 621).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэк ‘збудаванне для вела- і мотаспорту’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), першая фіксацыя ў 1902 г.: трэк … на лісапедах ганяюцца адзін за другім (К. Каганец). Запазычана з англ. track ‘тс’, ‘след, дарога’, відаць, праз рус. трек ‘збудаванне для веласпорту’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэці́раваць ‘пагардліва абыходзіцца з кім-небудзь; гнібіць’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Праз рускую мову (трети́ровать) і ням. traitieren з франц. traiter ‘абыходзіцца, адносіцца’ < лац. tractāre ‘абыходзіцца з кім-небудзь’ (Фасмер, 4, 101; ЕСУМ, 5, 632; Арол, 4, 101).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сму́так ‘пачуццё суму, маркоты, жалю’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Касп., Ласт., Байк. і Некр., ашм., Стан.), ‘цяжкі час, цяжкі стан, цяжкія абставіны’ (Растарг.), ‘нуда, сум, цяжкія думкі’ (Варл.), смуто́к ‘тс’ (ТС), сму́тны ‘сумны, невясёлы’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Касп., Шат., ТС, Сл. ПЗБ), смуткава́ць ‘сумаваць, маркоціцца’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Гарэц., Сл. ПЗБ), ст.-бел. смуток ‘сум, маркота’ (Альтбаўэр), смутныи ‘сумны, невясёлы’ (XVII ст., Карскі 2–3, 446). Укр. сму́ток ‘смутак’, сму́тний ‘смутны’, рус. сму́тный ‘няяркі, невыразны’, польск. smutek, smętek, smutny, чэш. smutek, smutný, славац. smótok, smutny, балг. смътен ‘невыразны, няясны’, макед. сматен ‘тс’, ст.-слав. съмѫтьнъ ‘устрывожаны, збянтэжаны’. Прасл. *smǫtъkъ, *sъmǫtьnъ ад *sъmǫtiti (гл. смута). Мяркуецца, што *sъmǫtek раней уяўляўся як бажаство, якое ўвасабляла ‘смутак, маркоту’, параўн. каш. smątk ‘д’ябал’, укр. гуц. смуч ‘чорт’ (Н. Хобзей, Гуцульска міфологія, 2002, 167), і сму́ток ‘чорт’ (КСТ), параўн. a smútki jehó wiedajuć (Федар. 4). Гл. Цыхун, Бел.-польск. ізал., 148; SEK, 4, 324. Борысь (SEK, 4, 325) і Брукнер (329) лічаць міфалагічнае значэнне другасным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Турча́ць, турчэ́ць ‘адзывацца гукамі (пра насякомых, земнаводных, птушак, хатніх жывёл і інш.)’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Варл., Растарг., Шатал., Сл. ПЗБ, Юрч. Вытв., Мат. Гом.), ‘муркаць, варкатаць’ (Байк. і Некр., Растарг.): кошка турчы́ць (Сержп. Прымхі), ‘крычаць, шумець’ (Абабур.), ‘гаварыць пустое’ (рагач., Мат. Гом.), ‘туркатаць, тарахцець, татахкаць (пра гукі машын у час работы)’ (ТСБМ, Бяльк., Байк. і Некр., Сцяшк., ДАБМ, камент., 895; ашм., Сл. ПЗБ), ‘цуруліць’ (жлоб., добр., ветк., Мат. Гом.), ‘дзюрчаць’ (воран., Сл. ПЗБ, Юрч. Сіш), турчы́ць ‘бурліць (пра бягучую ваду)’ (в.-дзв., воран., слонім., клец., слаўг., чавус., ЛА, 2). Да ту́ркаць1 (гл.), дзеяслоў працяглага дзеяння на гукапераймальнай аснове. Параўн. Фасмер, 4, 126; ЕСУМ, 5, 681. Сюды ж вытворныя турча́нне ‘пранізлівы крык жабаў’ (Нас.), ‘балбатня, пустое плявузганне’ (Нас.), турчэ́нне ‘птушыны свіст’ (Юрч. Вытв.), турчо́к ‘цвыркун’ (смарг., Шатал.; полац., ЖНС; в.-дзв., луцэ., Сл. ПЗБ, Рэг. сл. Віц.), турчу́к, ту́рчык ‘мядзведка’ (Сл. ПЗБ), ту́рчык ‘голуб, туркаўка’ (Байк. і Некр.), турчы́ца ‘жаба, якая ўвесну моцна квакае’ (Сцяшк. Сл.), ту́рчалка ‘туркаўка’ (лельч., Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Насту́пны ’наступаючы, чарговы, прышлы, які мае наступіць’ (Нас., Гарэц., Некр. і Байк., ТСБМ), насту́пнік ’нашчадак, пераемнік; намеснік’ (Нас., Гарэц., Некр. і Байк., ТСБМ), насту́пца ’тс’ (Нас.), укр. насту́пний ’наступаючы, чарговы’, насту́пник ’пераемнік; нашчадак’, польск. następny ’наступны, маючы адбыцца; спадчынны; наступальны, агрэсіўны’ następnik, następca ’нашчадак, пераемнік; агрэсар’. Арэал распаўсюджання сведчыць аб беларуска-ўкраінска-польскай семантычнай інавацыі, параўн. славен. nastopen ’уступны’, серб.-харв. на́ступни ’наступальны; што мае характар прыступаў’ і іншыя ўтварэнні на базе *nastǫpiti, гл. ступа́ць. У іншых славян значэнне ’наступны’ перадаецца словамі, утворанымі ад *slědъ, *slěditi, параўн. рус. сле́дующий, балг. сле́дващ, макед. следен, серб.-харв. слѐдећи, славен. naslednji.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сла́нец1 ‘лён, які сцелюць у процілегласць мочанаму’ (ТСБМ, Жд. 2; дзісн., Яшк. Мясц.), слане́ц ‘тс’ (Нас., Касп., Байк. і Некр.), сланцы́ ‘маніцы’ (мядз., Нар. сл.). Да слаць2. Аналагічна рус. стла́нец, сла́нец, сла́нцы ‘лён і маніцы, якія сцелюць пад дождж і расу’.

Сла́нец2 ‘горная парода, якая мае слаістую будову’ (ТСБМ). Запазычанне з рус. сла́нец ‘тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 73). Рус. слова з *стьланъ: стелю, стлать (Фасмер, 3, 666), таму што гэта парода ляжыць пластом (Праабражэнскі, 2, 387).

Слане́ц ‘слонка, вальдшнэп’ (Гарэц., Байк. і Некр.). Утварэнне ад запазычанага слонка (гл.), відавочна, ужо на беларускай глебе з суф. ‑ец.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спа́дкі мн. л. ‘маёмасць, якая пасля смерці ўладальніка пераходзіць у карыстанне каго-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Касп., Байк. і Некр., Нік. Очерки, Сержп., Янк., Шат., Нар. сл.; в.-дзв., гродз., круп., докш., пруж., Сл. ПЗБ), ‘рэчы, якія застаюцца пасля ад’езду гаспадароў з дому’ (Сцяшк.). Ст.-бел. спадокъ ‘спадчына’ з ст.-польск. spadek ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 78). Форма мн. л. ужо ў беларускай мове. Польск. spadek < spaść ‘дастацца некаму ў спадчыну пасля памерлага’ < padać (гл. падаць); гл. Борысь, 568. Гл. яшчэ Кюнэ (Poln., 98). Спадкае́мец ‘той, хто атрымлівае спадчыну’ (ТСБМ, Байк. і Некр.) (ад спадкі і мець) — калька польск. spadkobierca ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)