аддзялённы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае дачыненне да аддзялення (у 4 знач.). Аддзялённы камандзір.

2. у знач. наз. аддзялённы, ‑ага, м. Камандзір аддзялення. У арміі Бяссонаў доўга служыў і салдатам, і аддзялённым, і ўзводным, і ротным — усё ў пяхоце, у танкавую часць ён трапіў многа пазней. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аксельба́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Наплечны шнур на мундзіры як прыналежнасць формы некаторых ваенных чыноў у дарэвалюцыйнай рускай арміі і ў арміях некаторых зарубежных краін. Тонкі афіцэр з аксельбантамі, і доўгай прылізанай галавой падышоў да стала, пасунуў вялікае крэсла і сеў. Самуйлёнак. // Наплечная нашыўка на адзенні лакеяў.

[Ням. Achselband.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АНТО́НАЎ (Аляксей Інакенцьевіч) (27.9.1896, г. Гродна — 18.6.1962),

ваенны дзеяч. Ген. арміі (1943). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1931) і Генштаба (1937). У арміі з 1916, у Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. З 1938 на выкладчыцкай рабоце. У Вял. Айч. вайну са жн. 1941 нач. штаба Паўд., Паўн.-Каўказскага і Закаўказскага франтоў, Чарнаморскай групы войскаў. З 1942 1-ы нам. нач. Генштаба і нач. Аператыўнага ўпраўлення, удзельнік распрацоўкі плана Беларускай аперацыі 1944, інш. важных аперацый. З лют. 1945 нач. Генштаба, удзельнік Крымскай і Берлінскай (Патсдамскай) канферэнцый. У 1946—48 і з 1954 1-ы нам. нач. Генштаба, з 1955 адначасова нач. Штаба Аб’яднаных узбр. сіл дзяржаў — удзельніц Варшаўскага Дагавора. Дэп. ВС СССР з 1946.

А.І.Антонаў.

т. 1, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІЯ «ВАРО́ТЫ», Суражскія «вароты»,

40-кіламетровы пралом у лініі фронту на стыку груп ням. армій «Поўнач» і «Цэнтр» паміж Веліжам (Смаленская вобл.) і Усвятамі (Пскоўская вобл.) у Вял. Айч. вайну. Утварыліся ў выніку наступлення 4-й ударнай арміі Калінінскага фронту і дзейнічалі з 10.2 да 28.9.1942. Подступы да іх утрымлівалі часці 4-й ударнай арміі, 1-я і 2-я Бел. партыз. брыгады. Праз «вароты» партызаны трымалі сувязь з камандаваннем 4-й ударнай арміі, у тыл ворага накіроўваліся партыз. групы, зброя. З акупіраванай тэр. выходзілі партыз. атрады на перафарміраванне, добраахвотнікі ў Чырв. Армію, насельніцтва. У памяць аб Віцебскіх «варотах» у в. Заполле Віцебскага р-на пастаўлены помнік.

І.​П.​Хаўратовіч.

Помнік у гонар Віцебскіх «варот» у в. Заполле Віцебскага раёна.

т. 4, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ФРОНТ ТРЭ́ЦІ ў Вялікую Айчынную вайну.

Створаны 19.4.1944 у выніку падзелу Зах. фронту на 2-і і 3-і Бел. франты. Камандуючыя: ген. арміі І.Д.Чарняхоўскі, з лютага 1944 Маршал Сав. Саюза А.М.Васілеўскі, з крас. 1945 ген. арміі І.Х.Баграмян; чл. ваен. савета ген.-лейт. В.Е.Макараў; нач. штаба ген.-палк. А.П.Пакроўскі. У розны час уваходзілі арміі: 3, 5, 21, 28, 31, 33, 39, 43, 48, 50, 2-я і 11-я гвардз., 5-я гвардз. танк., 1-я і 3-я паветраныя. Франтавая газ. «Красноармейская правда». Войскі фронту разам з інш. франтамі ў ходзе Беларускай аперацыі 1944 правялі Віцебска-Аршанскую, Мінскую, Вільнюскую, Каўнаскую (гл. адпаведныя арт.), Гумбіненскую, Інстэрбургска-Кёнігсбергскую, Кёнігсбергскую аперацыі, удзельнічалі ў Мемельскай і Усх.-Прускай аперацыях. 15.8.1945 фронт расфарміраваны.

М.​І.​Камінскі.

т. 2, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ЙЗЕР (Якаў Рыгоравіч) (4.11.1905, г. Варонеж, Расія —29.11.1969),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1941), ген. арміі (1962). Скончыў паскораны курс Ваен. акадэміі Генштаба (1941). У Чырв. Арміі з 1921. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Бранскім, Сталінградскім, Паўд., 4-м Укр., 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх, Ленінградскім франтах: камандзір дывізіі, нам. камандуючага, камандуючы арміямі. У ліп. 1941 у абарончых баях за Барысаў і Оршу 1-я Маскоўская мотастралк. дывізія на чале з К. затрымала на 2 сутак наступленне праціўніка на р. Бярэзіна, на некалькі сутак — у напрамку р. Дняпро. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі, узначальваў курсы «Выстрап». Дэп. Вярх. Савета СССР у 1962—66.

Я.Р.Крэйзер.

т. 8, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРА́ХІН (Сяргей Сцяпанавіч) (7.10.1911, в. Тотаршава Ардатаўскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 15.6.1972),

савецкі ваен. дзеяч, ген. арміі (1968). Скончыў Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1941) і Генштаба (1950). У Чырв. Арміі з 1931. У Вял. Айч. вайну на Паўн.-Зах., Бранскім, Варонежскім, 1-м Укр. франтах: нач. штаба танк. брыгады, штаба ўпраўлення бранятанк. і механіз. войск фронту, нач. аператыўнага аддзела танк. арміі, камандзір танк. брыгады. Пасля вайны на камандных пасадах у войсках, выкладчык Ваен. Акадэміі Генштаба. З 1960 1-ы нам. камандуючага, камандуючы Паўн. групай войск, у 1964—67 камандуючы войскамі БВА. З 1968 нам. міністра абароны — нач. тылу Узбр. Сіл СССР. Чл. ЦК КПСС у 1971—72, чл. ЦК КПБ у 1966—68. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1966—72.

т. 10, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІ́ЕЎ (Іса Аляксандравіч) (25.11.1903, с. Стары Батакаюрт Правабярэжнага р-на Паўн. Асеціі, Расія — 6.2.1979),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945), ген. арміі (1962), Герой МНР (1971). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1933) і Генштаба (1941). У Чырв. Арміі з 1922. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Паўд., Паўд.-Зах., Сцяпным, 3-м Укр., 2-м Бел., 2-м Укр. і Забайкальскім франтах. Пад яго камандаваннем конна-механіз. група ў час Бел. аперацыі 1944 удзельнічала ў вызваленні Глуска, Слуцка, Міра, Стоўбцаў, Нясвіжа, Баранавіч, Слоніма, Брэста; вызначылася пры знішчэнні паўд.-бугскай групоўкі праціўніка на Украіне і ў Маньчжурскай аперацыі. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1941—70.

І.А.Пліеў.

т. 12, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ХАЎ (Мікалай Паўлавіч) (25.1.1895, в. Грышова Бабынінскага р-на Калужскай вобл., Расія — 28.3.1958),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943), ген.-палк. (1944). Скончыў курсы «Выстрал» (1926), удасканалення Акадэміі Генштаба (1952). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. 1918—20 войнаў. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд.-Зах., Бранскім, Цэнтр., 1-м Укр. франтах. Войскі 13-й арміі на чале з ген.-лейт. П. вызначыліся ў вер. 1943 пры фарсіраванні Дняпра, вызвалілі г.п. Камарын Брагінскага р-на Гомельскай вобл., захапілі плацдарм на правым беразе Прыпяці. Пасля вайны на камандных пасадах у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1946—58. Аўтар успамінаў «Гады выпрабаванняў» (1959).

т. 13, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

канскры́пцыя

(лац. conscriptio = запіс)

спосаб камплектавання арміі ў шэрагу еўрапейскіх дзяржаў на аснове воінскай павіннасці з правам выкупіцца або паставіць на сваё месца іншага.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)