НА́ТАРП ((Natorp) Паўль) (24.1.1854, Дзюсельдорф, Германія — 17.8.1924),
нямецкі філосаф, адзін з гал. прадстаўнікоў марбургскай школы неакантыянства. Вучань Г.Когена. Праф. філасофіі Марбургскага ун-та (1885). Цэнтр. месца ў яго філас. поглядах займае трактоўка кантаўскага паняцця «рэчы ў сабе», якое ён лічыў «гранічным паняццем» і пабуджальным пачаткам навук. пазнання. Н. затушоўвае прынцыповую кантаўскую розніцу паміж апрыёрнымі формамі пачуццёвасці і катэгорыямі розуму і пераносіць яе ў разрад чыста лагічных праблем. Класічным прыкладам навукі, на яго думку, выступае матэм. аналіз, дзе канструкцыі чыстага мыслення выцясняюць усе спец. аб’екты. Н. даследаваў ант. філасофію, асабліва вучэнне Платона, якое разглядаў з неакантыянскіх пазіцый. Сац.-філас. погляды Н. спалучаюць у сабе характэрныя для марбургскай школы ідэі «этычнага сацыялізму» з лібералізмам. Галоўным у сац. педагогіцы Н. было палажэнне пра неабходнасць адукацыі індывіда ў якасці перадумовы яго ўдзелу ў агульначалавечым руху за пабудову ідэальнага грамадства. Аўтар прац: «Сацыяльная педагогіка» (1899), «Вучэнне аб ідэях Платона» (1903), «Філасофія як праблема і яе праблемы» (1911) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАШ ШЛЯХ»,
грамадска-палітычны і літ. часопіс, орган Беларускага студэнцкага саюза. Выдаваўся ў 1922—23 у Вільні на бел. мове. З-за фінансавых цяжкасцей выходзіў нерэгулярна. Адказныя рэдактары Б.Туронак, Л.Мазалеўскі. Гал. мэта выдання — больш глыбокае пазнанне Беларусі, адраджэнне нац. свядомасці, змаганне за дзярж. незалежнасць. Апубл. артыкулы А.Луцкевіча «Вялікае свята», «Студэнцкая моладзь у беларускім руху», канспект яго лекцыі «Развіццё палітычнай думкі ў Беларусі». Ідэйныя пошукі моладзі адлюстраваны ў арт. «Шляхі беларускай студэнцкай моладзі» М.Крывічонка (Туронка), «Наш шлях», «Аб нашым месіянізме» С.Радзіміча і інш. Актуальнасцю, творчым пошукам вылучаліся артыкулы і нарысы Ф.Маркотнага (Ф.Пяткевіча), М.М. (М.Марцінчыка). Інфармаваў пра культ.-асв. працу студэнтаў-беларусаў Віленскага ун-та, друкаваў хроніку з жыцця бел. студэнтаў у Маскве, Мінску, Празе, паведамляў пра лёс бел. асветы ў Латвіі. Змяшчаў вершы Н.Арсенневай, З.Верас, І.Дварчаніна, Г.Леўчыка, апавяданні Л.Леўскага, А.Пакуцкага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЯЛО́ЎСКІ (Францішак Ксаверы) (18.12.1771, г. Ляхавічы Брэсцкай вобл. — 15.9.1845),
дзяржаўны і ваен. дзеяч ВКЛ. Сын Ю.Несялоўскага. Вучыўся ў Гал. школе ВКЛ у Вільні (1785—88). З 1788 шэф 6-га рэгімента (палка) пяхоты войска ВКЛ. Удзельнічаў у вайне 1792 з Рас. імперыяй. У час паўстання 1794 вызначыўся са сваім палком у шэрагу бітваў. Трапіў у палон, адмовіўся прысягаць Кацярыне II і выехаў у Германію. У 1796 вярнуўся, у 1798 абвінавачаны ў падрыхтоўцы новага паўстання, зняволены ў Вільні. Падтрымаў план А.Чартарыйскага пра адбудову Польск. дзяржавы пад суверэнітэтам Расіі. У 1812 прызначаны Напалеонам чл. Вайсковага к-та ў Вільні, ген. брыгады, інспектар пяхоты арміі ВКЛ, паспалітага рушэння. Адступіў з напалеонаўскімі войскамі за мяжу. У 1814 пасля амністыі вярнуўся на Беларусь, прадаў родавыя маёнткі (Варончу і інш.) і з’ехаў у Польшчу. У 1830 выбраны паслом сейма Каралеўства Польскага. У час паўстання 1830—31 намеснік губернатара Варшавы, камандаваў брыгадай пры абароне горада, быў сенатарам-кашталянам. Пасля задушэння паўстання на некалькі гадоў дэпартаваны ў Волагду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЎРАЛО́ГІІ, НЕЙРАХІРУРГІ́І І ФІЗІЯТЭРАПІ́І НДІМіністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1924 у Мінску на базе клінікі нерв. хвароб мед. ф-таБДУ і псіханеўралагічнага дыспансера як Дзярж.ін-т фізіятэрапіі. У 1930 рэарганізаваны ў Ін-т фізіятэрапіі, артапедыі і неўралогіі, з 1946 НДІ фізіятэрапіі і неўралогіі, з 1949 Бел.НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, з 1995 сучасная назва. Асн. кірункі навук. даследаванняў: парушэнні мазгавога і спіннога кровазвароту; выкарыстанне розных метадаў дыягностыкі і лячэння гіпербарычнай аксігінацыі і дазіраванай гіпабарычнай гіпаксіі пры розных захворваннях нервовай сістэмы; асаблівасці клінікі, дыягностыкі і лячэння міястэніі; распрацоўка дыягностыкі і аператыўнага лячэння пухлін рознай этыялогіі, запаленчых працэсаў, а таксама абсцэсаў галаўнога і спіннога мозга; рэабілітацыя пацыентаў з рознымі захворваннямі нерв. сістэмы (выкарыстанне мануальнай і лазернай тэрапіі, генезатэрапіі, фонафарэзу і інш.). Пры ін-це працуюць цэнтры: спінальных захворванняў, міястэніі і мікранейрахірургіі, Рэсп. цэнтр па рэабілітацыі хворых з сасудзістымі парушэннямі галаўнога мозга. У ін-це працавалі М.І.Грашчанкаў, М.Б.Кроль, Д.А.Маркаў, працуе І.П.Антонаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ЧКІНА (Міліца Васілеўна) (25.2.1901, г. Нежын Чарнігаўскай вобл., Украіна — 16.5.1985),
расійскі сав. гісторык. Акад.АНСССР (1958), правадз.чл.АПНСССР з 1947. Скончыла Казанскі ун-т (1921). З 1921 у ВНУ і НДІ Казані і Масквы, у 1934—54 праф. Маскоўскага ун-та. З 1935 у Ін-це гісторыі АНСССР. Асн. творы па гісторыі рэв. руху і грамадскай думкі ў Расіі 19 ст., у т. л. дзекабрысцкага руху: «А.С.Грыбаедаў і дзекабрысты» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Рух дзекабрыстаў» (т. 1—2, 1955). Адзін з аўтараў прац па гістарыяграфіі і метадалогіі гісторыі. Гал.рэд. і аўтар «Нарысаў гісторыі гістарычнай навукі ў СССР» (т. 2—4, 1960—66).
Тв.:
В.О.Ключевский: История жизни и творчества. Мн., 1974;
Встреча двух поколений: Из истории рус. рев. движения конца 50-х — нач. 60-х гг. XIX в.: Сб. ст.М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЁМАНСКІ (Янка) (сапр.Пятровіч Іван Андрэевіч; 12.4.1890, в. Шчорсы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 30.10.1937),
бел. пісьменнік, грамадскі дзеяч. Акад.АН Беларусі (1928). Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1909), вучыўся ў Петраградскім ун-це (1915—16, 1918). З 1918 у Белнацкоме пры Наркамаце па справах нацыянальнасцей РСФСР. З Ц.Гартным рэдагаваў газ.«Дзянніца». У 1919—21 у Чырв. арміі. З 1922 у Мінску. Працаваў у планава-эканам. органах Беларусі, вучоным сакратаром Ін-та эканомікі АН Беларусі, нам. старшыні Дзяржплана БССР. У 1929—30 першы неадменны сакратар Прэзідыума АНБССР 26.4.1937 арыштаваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1918. Першае апавяданне «Над Кроманню» (1922). У зб. апавяданняў «На зломе» (1925), аповесці «Партызан» (1927), рамане «Драпежнікі» (1928—30, няскончаны) адлюстраваў жыццё розных класаў грамадства, рэв. рух напярэдадні 1-й сусв. вайны, грамадз. вайну, барацьбу бел. народа супраць польск. акупантаў. Выступаў у друку па пытаннях гісторыі, эканомікі і культуры Беларусі. Чл.ЦВКБССР у 1927—36.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІСНЕ́ВІЧ (Ізідар Герасімавіч) (21.12.1914, Мінск — 25.10.1977),
бел. музыказнавец, муз. крытык. Брат С.Г.Нісневіч. Скончыў Бел. кансерваторыю (1938), выкладаў у ёй (1938—40). З 1946 нам.маст. кіраўніка Бел. філармоніі, выкладчык Бел.тэатр.-маст. ін-та, у 1963—77 лектар Саюза кампазітараў Беларусі. Асн. працы па пытаннях нац. кампазітарскай творчасці, выканальніцтва, суадносін бел. паэзіі і музыкі. Аўтар сцэнарыяў навук.-папулярных і хранікальна-дакумент. фільмаў, у т. л. «Партытура жыцця» (1968, пра Я.Цікоцкага), «Мой сябар Ака Джураеў» (1969), «Песня нашай памяці» (1975, з Б.Бур’янам).
Тв.:
Белорусская ССР. 2 изд. М., 1958 (разам з Г.І.Цітовічам);
Творчасць Купалы і музыка беларускіх кампазітараў // Янка Купала ў беларускім мастацтве. Мн., 1958;
Невычэрпная крын ша натхнення // У сэрцы народным: (Жыццё і творчасць Якуба Коласа). Мн., 1967;
Очерки по истории советской белорусской музыкальной культуры. 2 изд. Л., 1969 (разам з С.Г.Нісневіч);
Г.Р.Ширма: Очерк жизни и творчества. 2 изд. Л., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВАЯ ВА́РТА»
(«Novaja varta»),
грамадска-навуковы і літ. часопіс бел. студэнцкай моладзі Віленскага ун-та, аб’яднанай у арг-цыю «Скарынія». Выдаваўся ў 1931—32 і 1934 у Вільні на бел. мове лацінкай. Выходзіў неперыядычна. Рэдактары-выдаўцы К.Глінскі, Т.Грышкевіч (з 3-га нумара). Асвятляў грамадскую і культ.-асв. дзейнасць бел. студэнтаў, узнімаў пытанні нац.-вызв. руху, супрацоўніцтва з польск. студэнцкімі арг-цыямі (арт. «Абавязак хвіліны» Я.Зенюка, «Адно з пытанняў» А.Бартуля, «Чвэрць веку існавання беларускай прэсы»). Змяшчаў дыскусійныя матэрыялы па розных паліт. кірунках развіцця сусв. грамадства, даследаванні па бел. гісторыі і л-ры («Леў Сапега — вялікі канцлер літоўскі» пад крыптанімам «Ш.», «Крытычныя моманты з жыцця Купалы і Коласа — паводле іх твораў» Ант. Навіны), творы Х.Ільяшэвіча, В.Багдановіча (Віцябляніна), Бартуля, Дж.Свіфта, хроніку культ-грамадскага жыцця моладзі Зах, Беларусі. Выйшлі 3 нумары. Выданне спынена ў сувязі з самаліквідацыяй арг-цыі «Скарынія».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́КСФАРД (Oxford),
горад у Вялікабрытаніі, на ПнЗ ад Лондана, на р. Тэмза. Адм. ц. графства Оксфардшыр. Каля 130 тыс.ж. (1999). Паліграф. і эл.-тэхн. прам-сць. Старажытны універсітэцкі горад (гл.Оксфардскі універсітэт). Арх. помнікі: рамана-гатычны сабор (12—16 ст.), арх. ансамблі універсітэцкіх каледжаў пераважна ў стылі англ. готыкі. Музей Ашмала (археал. і маст. калекцыі). У прыгарадзе Каўлі — аўтамабілебудаванне.
Упершыню згадваецца як крэпасць у 912. Да канца 12 ст. горад абкружаны валамі і драўлянымі ўмацаваннямі. Стварэнне ў 2-й пал. 12 ст. ун-та вызначыла яго развіццё як універсітэцкага горада. Як крэпасць і цэнтр навукі ў сярэднявеччы О. адыгрываў ролю 2-й сталіцы Англіі. У 1258 у О. збіраўся т.зв. «шалёны парламент», які абмежаваў уладу караля. З 1541 рэзідэнцыя англіканскага епіскапа. У час англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя рэзідэнцыя і штаб-кватэра караля Карла I. У 1646 горад заняты войскамі О.Кромвеля. У 1681 у час рэстаўрацыі Сцюартаў Карл II правёў тут апошняе пасяджэнне парламента.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОМ ((Ohm) Георг Сіман) (16.3.1787, г. Эрланген, Германія — 7.7.1854),
нямецкі фізік. Чл.-кар. Берлінскай АН (1839), чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1842). Вучыўся ў Эрлангенскім ун-це (1805—06), дзе атрымаў ступень д-ра (1811). Выкладаў у гімназіях. З 1833 дырэктар Політэхн. школы ў г. Нюрнберг, з 1849 праф. Мюнхенскага ун-та. Навук. працы па электрычнасці, оптыцы і акустыцы. Эксперыментальна ўстанавіў асн. закон эл. ланцуга (гл.Ома закон) і даў яго тэарэт. тлумачэнне (1827). Увёў паняцці электрарухальнай сілы (эрс), падзення напружання і эл. праводнасці, правёў першыя вымярэнні эрс крыніцы току. Паказаў, што найпрасцейшыя слыхавыя адчуванні выклікаюцца толькі гарманічнымі ваганнямі, на якія вуха раскладае складаныя гукі (акустычны закон О.). Яго імем названа адзінка эл. супраціўлення ом.
Літ.:
Голин Г.М.Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989. С. 339—347;
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 257—261.