МАЛАЖА́Й (Галіна Мікалаеўна) (н. 15.3.1938, в. Кустын Брэсцкага р-на),

бел. мовазнавец. Чл.-кар. Акадэміі адукацыі Беларусі (1998). Канд. філал. н. (1971), праф. (1988). Скончыла Брэсцкі пед. ін-т (1960). Працавала настаўніцай, з 1963 у Брэсцкім ун-це (з 1981 заг. кафедры бел. мовазнаўства). Даследуе бел. літ. фразеалогію і асаблівасці мовы маст. л-ры: «Беларуская перыфраза» (1974), «Сучасная беларуская мова: Перыфраза» (1980), «Сучасная беларуская мова: Слова. Перыфраза. Фразеалагізм» (1992) і інш. Аўтар вучэбных дапаможнікаў «Лінгвістычны аналіз тэксту: Заданні, тэксты, парады» (1982, 2-е выд. 1992), «Беларуская мова» (1986, у сааўт.), «Пазакласная праца па беларускай мове» (1990, з С.Рачэўскім), «Практыкум па беларускай мове» (1993, у сааўт.) сааўтар школьных падручнікаў па бел. мове для 6-га і 7-га класаў і інш.

т. 9, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ КРЫШТА́ЛІ,

крышталі, утвораныя з малекул, звязаных паміж сабой слабымі Ван-дэр-Ваальса сіламі або вадароднай сувяззю. Унутры малекул сувязь паміж атамамі больш моцная, звычайна кавалентная, таму фазавыя ператварэнні М.к. (плаўленне, узгонка, паліморфныя пераходы) адбываюцца без разбурэння асобных малекул.

Большасць М.к. — крышталі арган. злучэнняў (нафталін і інш.); М.к. ўтвараюць некаторыя простыя рэчывы (H2, галагены, N2,O2, S8), бінарныя злучэнні тыпу CO2, металаарган. злучэнні, некаторыя комплексныя злучэнні. Да М.к. адносяцца крышталі многіх палімераў, у т.л. бялкоў і нуклеінавых кіслот. Для М.к. характэрны нізкія т-ры плаўлення (ад -150 да -350 °C), вялікія каэф. цеплавога расшырэння, вял. сціскальнасць, малая цвёрдасць. Большасць М.к. пры звычайнай т-ры — дыэлектрыкі, некаторыя М.к. (напр., арган. фарбавальнікі) — паўправаднікі. Гл. таксама Міжмалекулярнае ўзаемадзеянне.

Літ.:

Китайгородский А.И. Молекулярные кристаллы. М., 1971.

т. 10, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛО́Й МЕХАНІЗА́ЦЫІ СРО́ДКІ,

ручныя машыны, абсталяванне і прыстасаванні, якія разам з асн. тэхнал. абсталяваннем забяспечваюць комплексную механізацыю вытв. працэсаў. Выкарыстоўваюцца ў буд-ве, машынабудаванні, лясной, дрэваапрацоўчай і інш. галінах прам-сці, а таксама ў сферы быту і абслугоўвання насельніцтва.

Да М.м.с. адносяць транспартныя і грузападымальныя сродкі (пад’ёмныя краны, пад’ёмнікі, цялежкі, самаходныя шасі і інш.), грузазахопныя прыстасаванні, сродкі кантэйнерызацыі і пакетавання (кантэйнеры, паддоны, касеты, падхопы і інш.), захоўвання і падачы матэрыялаў (бункеры, бочкі, скрыні і да т.п.), арг-цыі рабочых месцаў (рыштаванні, памосты, люлькі, драбіны і інш.), спец. сродкі для мантажных, апалубачных. буд. работ і інш. Да М.м.с. адносяць таксама ручныя машыны і ручны інструмент.

Літ.:

Сухачев В.П., Каграманов Р.А Средства малой механизации и вспомогательное оборудование для производства строительно-монтажных работ. М., 1981.

І.Л.Леановіч.

т. 10, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗІК (Мікалай Фёдаравіч) (каля 1852, в. Лаўрышава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — пасля 1913),

бел. нар. прапаведнік-мараліст, паэт-самавук. Аўтар дыдактычнага, бытапісальнага верша «Сцяпан і Тацяна» (1889). У паперах А.Ельскага (Варшава, Гал. архіў стараж. актаў) захаваўся сшытак 1890 з вял. творам М. (каля 400 радкоў) «Сачыненне пад рыфму на п’янства і гультайства». У Цэнтр. б-цы АН Літвы (Вільнюс) зберагаюцца рукапісы М. «Чыгунка», «П’янлівага развага...», «Заключэнне для павучання», «Вясковыя дзяды, або Памінальныя дні» і інш. Творы М. напісаны мяшанай бел.-рус. моваю, пераважна невысокага маст. ўзроўню, кансерватыўнага зместу. Пісаў часта пад псеўд. Аляксандр Шункевіч.

Тв.:

Сцяпан і Тацяна / Публ. У.Казберука // Шляхам гадоў. Мн., 1994. [Вып. 4].

Літ.:

Н.Я.Н. [Нікіфароўскі М.Я.]. Глашатаи добрых начал в сельской среде // Живая старина. 1902. Вып. 3—4.

Г.В.Кісялёў.

т. 10, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІ́РА (галанд. mortier ад лац. mortarium ступа),

артылерыйская гармата буйнога калібру з кароткім ствалом, прызначаная пераважна для разбурэння асабліва моцных збудаванняў. М. вядомы з 15 ст.; спачатку былі гладкаствольныя, пазней наразныя. У 17—19 ст. выкарыстоўваліся для навясной стральбы па абарончых збудаваннях (аблогавыя і цытадэльныя М.), па палубах караблёў (берагавыя М.), па войсках за ўкрыццямі (палявыя М.). У 1-ю сусв. вайну выкарыстоўваліся М. калібру 152—420 мм. Незадоўга да 2-й сусв. вайны ў СССР створана 280 мм М. ўзору 1939, якая страляла на адлегласць да 10,7 км. У час 2-й сусв. вайны М. прымяняліся рэдка: іх ролю выконвалі гаўбіцы і мінамёты. У сучасных арміях не выкарыстоўваюцца.

Літ.:

Гл. да арт. Артылерыя.

280-міліметровая марціра ўзору 1939 (СССР).

т. 10, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЧУ́К (Гурый Іванавіч) (н. 8.6.1925, с. Петра-Херсонец Грачоўскага р-на Арэнбургскай вобл., Расія),

расійскі матэматык і фізік. Акад. Рас. АН (1968; чл.-кар. з 1962). Замежны чл. Нац. АН Беларусі (2000). Герой Сац. Працы (1975). Скончыў Ленінградскі ун-т (1949). У 1975—80 віцэ-прэзідэнт і старшыня Сібірскага аддз., у 1986—91 прэзідэнт АН СССР. У 1980—86 нам. старшыні СМ СССР і старшыня Дзярж. к-та па навуцы і тэхніцы, адначасова з 1980 дырэктар Ін-та вылічальнай матэматыкі Рас. АН. Навук. працы па вылічальнай і прыкладной матэматыцы, па метадах разліку ядз. рэактараў і матэм. мадэліраванні ў задачах фізікі атмасферы́ і акіяна, навакольнага асяроддзя, у імуналогіі і медыцыне. Ленінская прэмія 1961, Дзярж. прэмія СССР 1979.

Літ.:

Г.И.Марчук. М., 1985.

Г.І.Марчук.

т. 10, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РШАЛ ((Marshall) Джордж Кэтлет) (31.12.1880, г. Юніянтаўн, штат Пенсільванія, ЗША — 16.10.1959),

ваенны і дзярж. дзеяч ЗША, дыпламат. Ген. арміі (1944). Скончыў Віргінскі ваен. каледж (1901). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 2-ю сусв. вайну нач. штаба арміі ЗША (1939—45), удзельнік Касабланкскай, Квебекскай, Каірскай, Тэгеранскай (усе 1943), Квебекскай (1944), Крымскай (Ялцінскай) і Берлінскай (Патсдамскай; абедзве 1945) міжнар. канферэнцый. У снеж. 1945 — студз. 1947 спец. прадстаўнік (пасол) прэзідэнта ЗША Г.Трумэна ў Кітаі. У 1947—49 дзярж. сакратар ЗША, ініцыятар праграмы аказання Злучанымі Штатамі эканам. дапамогі пасляваен. Еўропе (гл. Маршала план). У 1950—51 міністр абароны ЗША. Нобелеўская прэмія міру 1953 (разам з А.Швейцэрам).

Літ.:

Ледовский А.М. Миссия Дж.Маршалла в Китай и советско-китайско-американские отношения // Вопр. истории. 1999. № 2.

Дж.Маршал.

т. 10, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́Ў УЛАДЗІ́МІРАВІЧ Вялікі

(у хрышчэнні Фёдар; 1.6.1076—15.4.1132),

вялікі князь кіеўскі [1125—32]. Сын вял. кіеўскага князя Уладзіміра Усеваладавіча Манамаха. У 1088—93 і 1095—1117 правіў Наўгародскай зямлёй, у 1093—95 — Растоўскай і Смаленскай. У 1117—25 князь белгарадскі і суправіцель бацькі. Удзельнічаў у ваен. паходах на полаўцаў (1093, 1107, 1111), у 1129 адцясніў іх за Дон і Волгу. У 1111, 1113, 1130 арганізаваў паходы на чудзь, у 1127 і 1129 — на Полацкае княства; у 1129 захапіў і выслаў у Візантыю разам з сем’ямі полацкіх князёў за адмову ад удзелу ў паходзе на полаўцаў. У 1131 зрабіў паход на Літву. Пасля смерці М.У. Кіеўская Русь канчаткова распалася на самастойныя княствы.

Літ.:

Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990. С. 172—189.

т. 10, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЎРО́ЦКІ (Алесь) (Аляксандр Піліпавіч; н. 12.2.1937, в. Давыдаўка Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі мед. ін-т (1962). Працаваў фельчарам у Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., урачом у Хойніцкім р-не Гомельскай вобл., з 1965 у Мінску на станцыі хуткай мед. дапамогі. Друкуецца з 1954. Яго вершы (зб-кі «Неба ўсміхаецца маланкаю», 1962; «Гарачы снег», 1968) вылучаюцца асацыятыўнасцю і метафарычнасцю, іроніяй і гратэскам, глыбінёй роздуму і свежасцю вобразнага ўспрыняцця свету. Аўтар рамана «Валун» (1994) пра жыццё пасляваен. вёскі, апавяданняў (зб. «Валун», 1976).

Тв.:

Пакаленні і папялішчы: Кн. вершаў. Мн., 1990.

Літ.:

Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968;

Шпакоўскі І. Структура вершаванага вобраза. Мн., 1972;

Ярош М., Бечык В. Беларуская савецкая лірыка. Мн., 1979.

І.У.Саламевіч.

т. 11, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАВІТАЛІ́ЗМ,

ідэалістычнае вучэнне ў біялогіі. Узнік у 2-й пал. 19 ст. (ням. біёлаг Г.Дрыш і інш.) як рэакцыя віталістаў (гл. Віталізм) на спрошчанае механістычнае тлумачэнне жыцця і немагчымасць звядзення жыццёвых праяўленняў да сукупнасці мех., фізіял. і хім. працэсаў. Дрыш лічыў, што жыццёвай сутнасцю з’яўляецца т.зв. энтэлехія (нешта, што нясе ў сабе мэту), якая дзейнічае па-за часам і прасторай і непазнавальная. Напр., развіццё зародка, што мае ў сабе мноства незалежных ч., кіруецца звышматэрыяльным фактарам, які абумоўлівае мэтанакіраванае развіццё арганізма. Праяўляецца Н. у выглядзе антыдарвінаўскіх канцэпцый эвалюцыі (напр., псіхаламаркізм, «творчая эвалюцыя» А.Бергсона і інш.).

Літ.:

Шмальгаузен И.И. Пути и закономерности эволюционного процесса: Избр. тр. М., 1983;

Воронцов Н.Н. Развитие эволюционных идей в биологии. М., 1999.

А.С.Леанцюк.

т. 11, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)