КАНКІСТАДО́РЫ (ад ісп. conquistador заваёўнік),

іспанцы (збяднелыя дваране, наёмныя салдаты, часам крымін. злачынцы), якія заваёўвалі тэрыторыі ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы ў канцы 15—16 ст. Паходы (экспедыцыі) К. суправаджаліся вынішчэннем і занявольваннем індзейскіх плямён і народаў, рабаваннямі і інш. гвалтоўнымі і прымусовымі дзеяннямі. Частку здабычы камандзіры К. адпраўлялі ісп. каралю, ад якога атрымлівалі вял. прывілеі аж да права самастойна кіраваць заваяванымі землямі. Найб. вядомымі кіраўнікамі К. былі П. дэ Вальдывія, Э.Картэс, Ф.Пісара і інш.

Літ.:

Олива де Коль Х. Сопротивление индейцев испанским конкистадорам: Пер. с исп. М., 1988.

т. 7, с. 586

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВА́ЦКІ (Апанас Зіноўевіч) (1902, в. Карнілаўка Хіславіцкага р-на Смаленскай вобл., Расія — 3.3.1980),

генерал-лейтэнант (1944). Скончыў Ленінградскую ваенна-тэарэт. школу (1925), Качынскую 1-ю ваен. школу лётчыкаў, Серпухаўскую школу паветр. бою (1927), курсы ўдасканалення камандуючага саставу пры Акадэміі імя Жукоўскага (1933), Ліпецкую вышэйшую лётна-тактычную школу (1937). У Чырв. Арміі з 1919. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Паўн.-Зах., Крымскім, Паўн.-Каўказскім, Бранскім, Цэнтр., Бел., 1-м Бел. франтах; камандзір дывізіі, корпуса, якія вызначыліся пры вызваленні Бабруйска, у баях пад Берлінам. Да 1954 у Сав. Арміі.

т. 8, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАКАРУ́М (манг. Хара-Хорын),

горад, сталіца стараж.-манг. дзяржавы ў верхнім цячэнні р. Орхан. Засн. Чынгісханам у 1220. Існаваў да 16 ст. Звесткі пра К. ёсць у кіт. летапісах і запісках еўрап. падарожнікаў 13 ст.: Дж. дэ Плана Карпіні, Марка Пола і В.​Рубрука. У выніку раскопак, праведзеных у 1948—49 у паўд.-зах. частцы горада, адкрыты рэшткі палаца Угедэя, пад палацам знойдзены рэшткі будыйскай кумірні канца 12 — пач. 13 ст. з насценнай размалёўкай. У цэнтр. частцы горада вывучаны гандл.-рамесніцкія кварталы і інш. аб’екты.

т. 8, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РЛСРУЭ (Karlsruhe),

горад на ПдЗ Германіі, зямля Бадэн-Вюртэмберг. Засн. ў 1715. 279 тыс. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Каналам злучаны з р. Рэйн, рачны порт. Рэзідэнцыі некат. федэральных устаноў ФРГ, у т. л. Вярх. суда і Канстытуцыйнага трыбунала. Прам-сць: нафтаперапр. (нафтаправод з Марселя), хім., маш.-буд. (цяжкае, прылада-, вагона-, лакаматывабудаванне, вытв-сць швейных машын, эл.-тэхн.), харчовая. Ун-т. У прыгарадзе Леапольдхафен — цэнтр ядзерных даследаванняў. Дзярж. акадэмія выяўл. мастацтваў. Маст. галерэя. Музей зямлі Бадэн (калекцыя старажытнасцей). Барочны палац (18 ст., знішчаны ў 1945, адноўлены).

т. 8, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛУ́КІ,

цюркскае племя, якое складалася з 3 родаў. Узвысілася ў 8 ст. пасля распаду Цюркскага каганата. Займалася качавой жывёлагадоўляй, паляваннем, паступова пераходзіла да аселага земляробства. Насялялі тэр. ў Сямірэччы ўздоўж караваннага шляху з Сярэдняй Азіі ў Кітай. У 757—766 занялі ўсю тэр. дзяржавы цюргешаў. Правіцелі К., якія насілі тытул ябгу, зрабілі сваёй сталіцай г. Суяб (на р. Чу) і правілі тут да 940, потым цэнтр перанесены ў г. Кайлык (даліна р. Ілі). У 861 авалодалі Кашгарыяй. У 10 ст. ўвайшлі ў склад Караханідаў дзяржавы. У 960 прынялі мусульманства.

т. 8, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРО́ЛЬ (Сцяпан Георгіевіч) (2.12.1894, в. Дварэц Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 20.1.1975),

генерал-лейтэнант авіяцыі (1944). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны Скончыў Ваенна-паветр. акадэмію імя Жукоўскага (1935), Ваен. акадэмію Генштаба (1940). У 1933—37 камандзір і камісар авіябрыгады ў Бел. і Кіеўскай ваен. акругах. У Вял. Айч. вайну на Цэнтр., Варонежскім, Сцяпным і 1-м Укр. франтах: нам. камандзіра, камандзір авіядывізіі знішчальнага авіякорпуса. Удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Кіева, Корсунь-Шаўчэнкаўскай аперацыі. У 1947—51 нач. ф-та Ваен. акадэміі.

т. 8, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПА́ЦКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

у Закарпацкай вобл., Украіна. Засн. ў 1968 для аховы прыродных комплексаў высакагор’я Усх. Карпат. Пл. 19,9 тыс. га. Вылучаюць 3 участкі: Чарнагорскі, Вугальска-Шырокалужанскі, Даліну нарцысаў. На тэр. К.з. г. Гаверла (2061 м). Характэрны яловыя і мяшаныя букава-піхтава-яловыя лясы, карэнныя букавыя (найбуйнейшыя па плошчы лясы ў Цэнтр. Еўропе). На вяршынях лугі — паланіны. Шматлікія віды жывёл утвараюць мясц. формы: карпацкія высакародны алень, казуля, вавёрка; з птушак — глушэц, даўгахвостая няясыць, цецярук, рабчык і інш. Частка К.з. ўваходзіць у склад Карпацкага прыроднага парку.

т. 8, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСІ́МАЎСКАЕ ЦА́РСТВА,

удзельнае княства ў Расіі ў 15—17 ст. Створана каля 1450—56 вял. князем маскоўскім Васілём II Цёмным для тат. ханаў, што перайшлі ў маскоўскае падданства. Займала тэрыторыю ўздоўж р. Ака (цяпер паўн.-ўсх. ч. Разанскай вобл.), населеную мешчарой, мардвой і часткова татарамі. Цэнтрг. Гарадзец-Мяшчэрскі, перайменаваны ў гонар першага ўладальніка — казанскага царэвіча Касім-Хана — у Касімаў (адсюль назва). «Цары» і «царэвічы» прызначаліся маскоўскім урадам. Страціла ваен.-паліт. значэнне пасля далучэння да Расіі Казанскага ханства (1552) і стала фактычна кіравацца маскоўскімі ваяводамі. Скасавана ў 1681.

т. 8, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАНЯ́Н (Васіль Васілевіч) (н. 21.2.1924),

расійскі кінарэжысёр. Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1950). Працаваў на Цэнтр. студыі дакумент. фільмаў. Ставіў пераважна фільмы пра дзеячаў культуры: «Сяргей Эйзенштэйн» і «Усевалад Вішнеўскі» (абодва 1958), «Поль Робсан» і «Зоркі сустракаюцца ў Маскве» (абодва 1959), «Мая Плісецкая» (1964 і 1982), «Аркадзь Райкін» (1967), «Кампазітар Радыён Шчадрын» (1970), «Наш Пушкін» і «Перачытваючы Стасава» (абодва 1974), «Кампазітар Аляксандра Пахмутава» (1977), «На канцэрце Людмілы Зыкінай» (1978); а таксама прысвечаныя Вял. Айч. вайне — «Партызаны. Вайна ў тыле ворага» (1979, Ленінская прэмія 1980), з кінаэпапеі «Вялікая Айчынная...».

т. 8, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІМЕРЫ́ЙСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,

эпоха тэктанічных працэсаў складкавасці, гораўтварэння і гранітоіднага інтрузіўнага магматызму ў мезазойскую эру. Папярэднічала альпійскай складкавасці. Вылучаюць 2 фазы К.с.: раннекімерыйскую (старажытнакімерыйскую), што адбывалася ў канцы трыясавага — пачатку юрскага перыядаў, і познакімерыйскую (новакімерыйскую), якая мела месца ў канцы юрскага — пач. мелавога перыядаў. Раннекімерыйская праявілася ў Паўн. Дабруджы, на Таймыры, у Паўн. Афганістане, Паўднёва-Усх. Азіі, Патагонскіх Андах, паўн.-ўсх. Аргенціне, на крайнім Пд Афрыкі; познакімерыйская — на Каўказе, у Верхаяна-Чукоцкай вобл., Цэнтр. Іране, Афганістане, Тыбеце, Зах. Кардыльерах Паўн. Амерыкі, Андах і інш. абласцях.

т. 8, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)