НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ ТЭЛЕРАДЫЁКАМПА́НІЯ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ, Белтэлерадыёкампанія. Бярэ пачатак ад створанага ў 1924 акц.т-ва «Радыёперадача». Першая перадача Бел. радыё адбылася 15.11.1925. Назва, функцыі, структура арг-цыі мяняліся адпаведна з развіццём і задачамі радыёвяшчання і тэлебачання.
У пач. 1926 створана Радыёкалегія пры аддзеле агітацыі і прапаганды ЦККП(б)Б, з ліп. 1928 у веданні Нар. камісарыята поштаў і тэлеграфаў, з крас. 1932 — Усебел. к-т радыёвяшчання пры Наркамаце поштаў і тэлеграфаў, з снеж. 1933 К-т радыёфікацыі і радыёвяшчання пры СНКБССР (з сак. 1946 пры СМБССР), з жн. 1949 К-т радыёінфармацыі пры СМБССР, з мая 1953 Гал. ўпраўленне радыёінфармацыі Мін-вакультурыБССР, з чэрв. 1957 К-т па радыёвяшчанні і тэлебачанні пры СМБССР, з мая 1962 Дзярж.к-тСМБССР па радыёвяшчанні і тэлебачанні, з снеж. 1965 К-т па радыёвяшчанні і тэлебачанні пры СМБССР, з крас. 1967 Дзярж.к-тСМБССР па радыёвяшчанні і тэлебачанні, з ліп. 1970 Дзярж.к-тСМБССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні, з жн. 1978 Дзярж.к-т Беларускай ССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні, з студз. 1992 Нац.дзярж. тэлерадыёкампанія Беларусі Мін-ва інфармацыі Рэспублікі Беларусь. з сак. 1994 Дзярж.к-т Рэспублікі Беларусь па тэлебачанні і радыёвяшчанні, з жн. 1994 — сучасная назва.
Арганізуе і каардынуе работу разгалінаванай сеткі тэле- і радыёвяшчання, распрацоўвае і ўкараняе на практыцы канцэпцыю перспектыўнага развіцця нац. вяшчання і ўдасканалення тэхн. базы, вызначае прыярытэтныя кірункі ў рабоце калектыву. У складзе Белтэлерадыёкампаніі — Рэспубліканская студыя тэлебачання, Рэсп. радыё, рэсп. радыётэлецэнтр (РРТЦ), распарадчая дырэкцыя, рэкламна-камерцыйная дырэкцыя, Брэсцкае, Віцебскае, Гомельскае, Гродзенскае і Магілёўскае абл. тэлерадыёаб’яднанні. У склад Бел. радыё ўваходзяць дырэкцыя праграм, 6 вяшчальных рэдакцый, дырэкцыя вяшчання на 2-й праграме і радыёстанцыя «Сталіца», у склад Бел. тэлебачання — дырэкцыя праграм, 8 вяшчальных рэдакцый, творчае аб’яднанне «Тэлефільм». На базе рэдакцый інфарм. праграм тэлебачання і радыё створана Інфарм. агенцтва Белтэлерадыёкампаніі. Працуюць таксама сімф. аркестр, акад. і дзіцячы хары, ансамбль нар. музыкі «Бяседа», фальклор-тэатр «Госціца» і камерна-інстр. ансамбль. Белтэлерадыёкампанія — член Еўрапейскага вяшчальнага саюза 42 дзяржаў.
Літ.:
Радкевіч Я.Р. Беларускае радыё: Гісторыя, перспектывы развіцця. Мн., 1983.
нацыянальна-тэрытарыяльнае ўтварэнне ў складзе Рас. Федэрацыі, якое існавала ў 1918—41 у Ніжнім Паволжы, дзе з 18 ст. жылі ням. каланісты. Засн. паводле Дэкрэта СНК РСФСР ад 19.10.1918 як Аўт. вобласць (Прац. камуна) немцаў Паволжа, тэрытарыяльна аформілася ў 1918—19 і 1922. Пл. 28 тыс.км², нас. (1939) 605,5 тыс.чал., у т. л. 66,4% немцаў, 20,4% рускіх, 12% украінцаў. Сталіца — г.Энгельс (да 19.31 наз. Пакроўск). Падзялялася на 22 кантоны (раёны) і 2 самаст.адм.-гасп. адзінкі (г. Энгельс і р.п. Чырвоны Тэкстыльшчык). Раўнапраўныя дзярж. мовы — нямецкая, руская, украінская. Гаспадарка мела агр.-індустр. характар. У студз. 1919 у Варэнбургу (цяпер с. Прывольнае) пасля харч. рэквізіцыі адбылося антысав. сял. паўстанне (задушана, 32 паўстанцы расстраляны). У час голаду 1921—22 насельніцтву вобласці дапамагалі харчамі Міжнар. саюз дапамогі дзецям (кіраўнік Ф.Нансен) і Амерыканская адміністрацыя дапамогі. 6.1.1924 на XI абласным з’ездзе Саветаў абвешчана АССР немцаў Паволжа (пераўтварэнне вобласці ў АССР зацверджана сумеснай пастановай ВЦВК і СНК РСФСР ад 20.2.1924). 31.1.1926 на 3-м з’ездзе Саветаў рэспублікі прынята яе Канстытуцыя. У 1930-я г. ў рэспубліцы было 5 ВНУ, 11 тэхнікумаў, 172 калгасныя клубы, 121 б-ка, 20 дамоў культуры, 52 кінатэатры, 4 тэатры (ням., рус., укр., дзіцячы), выдаваліся 29 газет (з іх 21 на ням. мове). З 1938 пачалося закрыццё ням.нац. школ, рэпрэсіравана значная частка ням. інтэлігенцыі і кіруючых работнікаў. Пасля нападу фаш. Германіі на СССР рэспубліка скасавана (указ Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 28.8.1941), яе ням. насельніцтва прымусова вывезена на спецпасяленні ў Новасібірскую і Омскую вобл., Алтайскі край, Казахстан. Большасць раёнаў рэспублікі з г. Энгельс уключана ў Саратаўскую, астатнія — у Сталінградскую (цяпер Валгаградская) вобл. Рашэннямі Прэзідыума Вярх. Савета СССР адменены высунутыя ў 1941 беспадстаўныя абвінавачанні сав. немцаў у дапамозе гітлераўцам (указ ад 28.8.1964) і забарона вяртацца ў Паволжа (указ ад 3.11.1972). Канчаткова немцы Паволжа рэабілітаваны паводле Дэкларацыі Вярх. Савета СССР ад 14.11.1989 і Закона РСФСР ад 26.4.1991, якія датычыліся ўсіх б. рэпрэсіраваных народаў СССР.
Літ.:
Емельянов В.П. Нужна ли нам республика немцев Поволжья? Саратов, 1991;
Герман А.А. Немецкая автономия на Волге, 1918—1941. Ч. 1. Автономная область, 1918—1924. Саратов, 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРК (ад позналац. parricus абгароджанае месца),
зямельны ўчастак з натуральнай або спец. пасаджанай расліннасцю, з дарогамі, алеямі, вадаёмамі, прызначаны для адпачынку, прагулак, гульняў. П., як і сады, ствараюцца ў гар. і сельскай мясцовасці сродкамі ландшафтнай архітэктуры і з’яўляюцца асн. элементамі азелянення і садова-паркавага мастацтва. Могуць размяшчацца ў масавай гар. забудове, у буйных лесапаркавых зонах або водна-зялёных дыяметрах, якія аб’ядноўваюць унутрыгарадскую і прыгарадную сістэмы азелянення. Бываюць малыя (да 10 га), сярэднія (10—30 га) і вял. (больш за 30 га). Паркавую кампазіцыю ствараюць масівы дрэў, алеі, адзіночныя пасадкі, жывыя агароджы, газоны, баскеты, дэкар. расліны, кветнікі і інш.Вял. значэнне мае выкарыстанне архітэктуры малых формаў. Парадным месцам П. з’яўляецца партэр.
П. былі вядомы ў Стараж. Егіпце, Грэцыі, Рыме і інш. Дэкаратыўнасцю вызначаліся П. феад. эпохі ў Японіі, Кітаі, Індыі і інш. Перыяду класіцызму характэрны рэгулярны паркфранц. тыпу з дакладнай геам. планіроўкай (П. у Версалі, Францыя, 17 ст.). Уплыў рамантызму выявіўся ў пейзажных паркахангл. тыпу, якім уласціва свабодная планіроўка тэрыторыі і маляўнічая кампазіцыя аб’ектаў (П. Стоу у Англіі, 18 ст.). У 18 ст. ствараліся палацава-паркавыя ансамблі Сан-Сусі ў г. Патсдам (Германія), Пецяргофа, Летні сад у Пецярбургу (рэгулярныя П.), пейзажныя П. ў Паўлаўску (Ленінградская вобл.), Уманскі дэндрапарк«Сафіеўка» (Украіна).
На Беларусі найб. старадаўнія П., што захаваліся, адносяцца да 18 ст. Узоры рэгулярных П. — Бачэйкаўскі парк, Дубайскі парк, П. у в. Вялікае Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. У канцы 18—19 ст. былі пашыраны пейзажныя П. (гл.Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль і інш.). У 19 ст. з’явіўся новы тып П. — грамадскі «гарадскі сад» (у Мінску, Віцебску, Магілёве і інш.). З 1920-х г. ствараюцца паркі культуры і адпачынку, дзіцячыя (імя М.Горкага ў Мінску) і спартыўныя (у Баранавічах Брэсцкай вобл.), паркі мемарыяльныя, заалагічныя (у Гродне). Гл. таксама Садова-паркавае мастацтва.
Літ.:
Антипов В.Г. Парки Белоруссии. Мн., 1975;
Косаревский И.А. Искусство паркового пейзажа. М., 1977;
Горохов В.А., Лунц Л.Б. Парки мира. М., 1985;
Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989.
В.Р.Анціпаў, Г.С.Ларкін.
Дзіцячы парк імя М.Горкага ў Мінску.Парк Сан-Сусі ў г. Патсдам (Германія). 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ ЕЗУІ́ЦКАЯ АКАДЭ́МІЯ Існавала ў 1812—20. Засн. 10.6.1812 у Полацку на базе Полацкага езуіцкага калегіума. У сувязі з вайной 1812 заняткі пачаліся 8.1.1813. Акадэміі былі дадзены правы ун-та. Выпускнікі атрымлівалі чын 14-га класа і маглі паступаць на дзярж. службу. Мела права надаваць вучоныя ступені магістраў вольных навук і філасофіі, д-роў тэалогіі, цывільнага і кананічнага права. Падпарадкоўвалася Мін-ву асветы (навуч. працэс), па інш. пытаннях — генералу ордэна езуітаў Т.Бжазоўскаму. На чале стаялі рэктар і 4 дарадцы, ф-тамі кіравалі дэканы. Рэктарамі былі: А.Люстыг (з 1812), А.Ляндэс (з 1814), Р.Бжазоўскі (з 1817). Мела 3 ф-ты: тэалагічны, філал. і вольных навук, або філасофскі. Выкладаліся: лац., грэч., рус., франц., ням., італьян., польск., сірыйская, стараж.-яўр. мовы і л-ра на гэтых мовах, логіка, метафізіка, этыка, паліт. эканомія, геаметрыя, фізіка, хімія, матэматыка, астраномія, архітэктура, батаніка, заалогія і інш. Навучанне вялося па падручніках еўрап. ун-таў і ўласных, якія выдаваліся ў Полацкай друкарні. Колькасць студэнтаў дасягала 700 чал. Сярод выкладчыкаў былі вучоныя з Італіі, Францыі, Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Польшчы, а таксама ўраджэнцы Беларусі, у іх ліку праф. В.Бучынскі, І.Цытовіч, П.Гаўрыловіч, І.Залескі і інш. Акадэмія мела: 2 б-кі — адна з кнігамі на польскай мове, 2-я (больш за 40 тыс. тамоў) на рус. і інш. мовах; хім., фіз., заал., мінералагічны і натуральнай гісторыі кабінеты; карцінную галерэю і інш. Выдавала літ.навук. час. «Miesięcznik Połocki» («Полацкі месячнік»), Нягледзячы на шырокую вучэбную праграму, акадэмія не поўнасцю адпавядала тагачаснаму навук. ўзроўню з-за моцнага клерыкальнага ўплыву. Вучоныя Віленскага універсітэта крытыкавалі яе як «гняздо абскурантызму». Сярод выпускнікоў акадэміі Я.Баршчэўскі, В.Ваньковіч і інш. выдатныя дзеячы навукі і культуры. Закрыта 13.3.1820 у сувязі са скасаваннем ордэна езуітаў у Рас. імперыі. Частка студэнтаў пераведзена ў Пецярбургскі ун-т. Б-ка, друкарня і інш. маёмасць перададзены навуч. установам Полацка, Віцебска, Пецярбурга. У будынках акадэміі размясцілася Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча.
Літ.:
Шалькевіч В.Ф. З гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі ў першай трэці XIX ст. // Весн. БДУ. Сер. 3. 1992. № 2;
Giżycki J. Notatka o Akademii i szkołach jezuitów w Polocku. Poznań, 1899.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПШАНІ́ЦА (Triticum),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў, з якіх 12 эндэмічныя для Пярэдняй Азіі. Адзін з цэнтраў паходжання П. — Закаўказзе. Найб. пашыраны стараж. збожжавыя культуры, асн. прадукт харчавання амаль трэці насельніцтва зямнога шара П. цвёрдая (T. durum) і найб. урадлівая П. мяккая, або звычайная (T. aestivum). Маюць больш за 4 тыс. сартоў, азімыя і яравыя формы. На Беларусі вырошчваецца пераважна П. мяккая.
Аднагадовыя травы выш. 40—200 см (выш. вызначае ўстойлівасць да палягання і звязана з урадлівасцю). Каранёвая сістэма валасніковістая. Сцябло — прамастойная, полая або запоўненая парэнхімай саломіна. Лісце лінейнае. Кветкі двухполыя, аднадомныя, няправільныя, сабраныя ў суквецце — складаны колас. У П. цвёрдай каласкі размешчаны на стрыжні шчыльна, у мяккай — рыхла. Плод — зярняўка. Зерне голае або плевачнае, белае, чырв. ці фіялетавае, мучністае або шклопадобнае, падоўжанай ці шарападобнай формы з баразёнкай на баку. Мае ў сабе да 30% бялку, 60—64% вугляводаў, 2% тлушчу, вітаміны, ферменты, мінер. рэчывы і інш. Па хлебапякарных уласцівасцях адрозніваюцца слабыя, сярэднія і моцныя сарты П. мяккай. З зерня П. атрымліваюць муку, крупы, крухмал, спірт. Вотруб’е і інш. адходы памолу — канцэнтраваны корм, сыравіна для камбікормавай прам-сці. Салома — грубы корм і подсціл для жывёлы, выкарыстоўваецца таксама ў вытв-сці паперы, кардону, упаковачнага матэрыялу, для пляцення кошыкаў, капелюшоў, дэкар. вырабаў. Зялёная маса скормліваецца жывёле.
На Беларусі П. вядома з 6—8 ст.: апаленае зерне знойдзена на гарадзішчах Банцараўскае (Мінскі р-н) і Загорцы (Гарадоцкі р-н Віцебскай вобл.). Вырошчваецца 15 сартоў азімай і каля 12 сартоў яравой П. (2000). Культывуюцца сарты мясц. селекцыі, атрыманыя ў Бел.НДІ земляробства і кармоў Акадэміі агр. навук Беларусі, азімай П.: Бярэзіна, Каравай, Капылянка, Пошук і інш.; яравой П.: Беларуская 80, Ленінградка, Ростань і інш.
Літ.:
Вавилов Н.И. Мировые ресурсы сортов хлебных злаков, зерновых, бобовых, льна и их использование в селекции: Пшеница. М.; Л., 1964;
Носатовский А.И. Пшеница: Биология. 2 изд. М., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў ФОНАДАКУМЕ́НТАЎу Маскве.
Засн. ў 1932 як Цэнтр. архіў гуказапісаў, з 1934 у складзе Цэнтр. фотафонакінаархіва СССР (з 1941 Цэнтр.дзярж. архіў кінафотафонадакументаў СССР), у 1967 вылучаны як Цэнтр.дзярж. архіў гуказапісаў СССР, з 1992 сучасная назва. Зберагае маст. і дакумент. гукавыя запісы з 1898 да нашага часу. 92 фонды, 184 304 адзінкі захоўвання, у т. л. 591 васковы валік, больш за 130 тыс. грампласцінак, 1400 матрыц грампласцінак, 1100 тонфільмаў, 26 тыс. магнітных стужак, шарынафоны, лазерныя кампакт-дыскі. Асн. крыніцы камплектавання архіва: Дзяржтэлерадыё СССР, Усерас.дзярж. тэлерадыёкампанія «Астанкіна», кампанія «Радыё Расіі», арг-цыі па вытв-сці гуказапісаў (фірмы «Мелодыя», «Рускі дыск» і інш.) і кінапрадукцыі (Цэнтр. студыя навук.-папулярных фільмаў, Цэнтр. студыя дакумент. фільмаў і інш.), дамы творчых работнікаў, грамадскія і рэліг. арг-цыі, культ.-асв. ўстановы, тэатры і інш.Асн. частка архіўных збораў — маст. запісы муз. і літ.-драм. твораў. Зберагаюцца гуказапісы ўспамінаў членаў «Народнай волі», удзельнікаў рэвалюцыі 1905—07, Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917, грамадз. вайны; фанаграмы XX—XXVIII з’ездаў КПСС, Пленумаў ЦККПСС, XI—XXII з’ездаў ВЛКСМ, з’ездаў прафсаюзаў СССР. Значная колькасць фонадакументаў прысвечана Вял.Айч. вайне, у іх ліку ваен. рэпартажы, «гукавыя лісты» на фронт і інш. Захаваліся запісы 1941—42, дзе паведамляецца пра баявыя дзеянні бел. партызан. Партыз. рух асвятляецца ва ўспамінах У.Е.Лабанка (1965), А.Ф.Фёдарава (1965, 1968, 1975), П.К.Панамарэнкі (1975) і інш. Зберагаюцца фанаграма ўрачыстасцей у сувязі з уручэннем Брэсцкай крэпасці ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка» (1965), успаміны абаронцаў крэпасці (1956, 1965), фанаграма тэлеперадачы, прысвечанай 25-годдзю абароны Магілёва (1966), успаміны П.І.Батава (1972) і А.В.Гарбатава (1973) пра аперацыю «Баграціён» і вызваленне Беларусі, фанаграмы вечарын, прысвечаных вядомым военачальнікам. Ёсць фанаграма ўрачыстага пасяджэння, прысвечанага 50-годдзю БССР і КПБ (1968). Развіццё культуры асвятляецца ў фанаграмах і запісах асобных выступленняў на з’ездах пісьменнікаў СССР (у т. л. Я.Коласа на 1-м з’ездзе ў 1934), мастакоў, кампазітараў, архітэктараў, кінематаграфістаў, настаўнікаў і інш. Зберагаюцца запісы чытання пісьменнікамі сваіх твораў, выступленні вядомых вучоных, фанаграмы сесій і гадавых сходаў АНСССР і інш.
Літ.:
Центральный государственный архив звукозаписей СССР Очерк-путеводитель. М., 1991;
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 187—190.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЗАНАЎ (Васіль Васілевіч) (2.5.1856, г. Вятлуга Ніжагародскай вобл., Расія — 5.2.1919),
рускі філосаф, пісьменнік, публіцыст. Скончыў Маскоўскі ун-т (1882). У 1882—93 настаўнічаў. З 1899 супрацоўнік газ. «Новое время». У першым філас. творы «Пра разуменне» (1886) сфармуляваў ідэю пазнання прыроды як цэлага адзінства. Паводле Р., пазнанне прыроды, чалавека, гісторыі і культуры заснавана на суб’ектыўна-індывідуальным успрыманні, спосаб пазнання — ірацыянальны, хутчэй маст., чым навуковы. Асн. пытанні яго філасофіі: сувязь язычніцтва і хрысціянства, сінтэз «духоўнага» і «плоцевага», суб’ектыўнага светаадчування чалавека і касм. абсалюту. Першаасновай жыцця, на думку Р., з’яўляецца пол; істотная сувязь чалавека з Богам рэалізуецца менавіта праз пол, асвячэнне якога вядзе да сцвярджэння святасці сям’і («У свеце няяснага і нявырашанага», 1901; «Сямейнае пытанне ў Расіі», т. 1—2, 1903). Проціпастаўляў старазапаветнае і новазапаветнае хрысціянства, адзначаў у апошнім «авіталізм», які вядзе да разбурэння сувязі чалавека з Богам («Цёмны твар. Метафізіка хрысціянства», «Людзі месячнага святла. Метафізіка хрысціянства», абодва 1911). Абагаўленне сям’і ў яго звязана са сцвярджэннем самакаштоўнасці быт., прыватнага; звычайнае ўзводзіцца да агульназначнага, «глабальнае» — да мімалётнага. Адсюль асн. прынцыпы паэтыкі яго маст. прозы: абсалютызацыя суб’ектыўнага, сканцэнтраванасць на ўнутр. жыцці асобы, імкненне да фіксацыі мысліцельнага працэсу («Самотнае», 1912; «Смяротнае», 1913; «Апалыя лісты», т. 1—2, 1913—15; «Мімалётнае» 1915). Проза Р. — сінтэз рэліг. філасофіі і маст. л-ры, літ. крытыкі і публіцыстыкі, спалучэнне рыс эпасу і лірыкі, нарыса, рамана, эсэ, паэмы. Аўтар кн. «Апакаліпсіс нашага часу» (1917—18), літ.-крытычных артыкулаў «Легенда пра вялікага інквізітара Ф.М.Дастаеўскага» (1891), «На межах паэзіі і філасофіі» (1900), «Загадкі Гогаля...» (1909), «Апакаліптыка рускай літаратуры» (1918), у якіх разглядаюцца шляхі развіцця рус. і сусв. л-ры, праблемы «пісьменнік — пісьменніцтва — л-ра».
Тв.:
[Соч.] Т. 1—2. М., 1990;
О себе и жизни своей. М., 1990;
Религия. Философия Культура. М., 1992;
«Иная земля, иное небо...». М., 1994;
В мире неясного и нерешенного. М., 1995;
О писательстве и писателях. М., 1995;
Уединенное. М., 1998.
Літ.:
Фатеев В.А. В.В.Розанов: Жизнь. Творчество. Личность. Л., 1991;
Носов С. В.В.Розанов: Эстетика свободы. СПб., 1993;
В В.Розанов: pro et contra. СПб., 1995;
Синявский А. «Опавшие листья» В.В.Розанова. М., 1999;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЖА́НЫ,
гарадскі пасёлак у Пружанскім р-не Брэсцкай вобл., на р. Ружанка. На скрыжаванні аўтам. дарог Пружаны—Слонім і Ваўкавыск—Косава. За 45 км ад г. Пружаны, 130 км ад Брэста і 38 км ад чыг. ст. Івацэвічы на лініі Баранавічы—Брэст. 3,4 тыс.ж. (2000).
Вядомы з 1552. Належалі Тышкевічам. У 1598 Р. купіў канцлер ВКЛ Л.Сапега, які ўладкаваў там адну з гал. рэзідэнцый роду Сапегаў. Р. ўваходзілі ў Слонімскі пав. Навагрудскага ваяв.ВКЛ. 20.6.1637 атрымалі магдэбургскае права і герб. У 17 ст. ў Р. больш за 400 дамоў, Ружанская царква Пятра і Паўла і манастыр базыльян, Ружанскі Троіцкі касцёл кляштара дамініканцаў, кляштар кармелітаў, палац Сапегаў, дзе зберагалася значная б-ка. У 1698 Р. разбураны ў час вайны Сапегаў са шляхтай ВКЛ. У 18 ст. архітэктар Я.С.Бекер перабудаваў палац (гл.Ружанскі палацавы комплекс), выканаў праекты новых пабудоў. У Р. дзейнічаў прыгонны тэатр, працавалі паперня, палатняныя мануфактуры, Ружанскія суконныя прадпрыемствы. вырабляліся дываны. З 1795 Р. ў складзе Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Слонімскага пав. У 1831 за ўдзел Сапегаў у паўстанні 1830—31 Р. канфіскаваны і перададзены ў казну. У 19 ст. ў Р. 2 гарбарныя з-ды, палатняная і 3 суконныя ф-кі. У 1897 у Р. 5016 ж., 769 будынкаў, 5 дробных прадпрыемстваў, нар. вучылішча, у 1914—6815 ж., 26 прадпрыемстваў (341 рабочы), выраблялася ружанская кераміка. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Косаўскага пав. Палескага ваяв., 3622 ж. (1921). Дзейнічаў райком КПЗБ. З 1939 у складзе БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Ружанскага раёна. У Вял.Айч. вайну з 23.6.1941 да 13.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Р. і раёне 5491 чал., дзейнічаў падп. антыфашысцкі к-т. З 1962 у Пружанскім р-не.
Працуюць мэблевая ф-ка, вытворча-харчовы з-д, вытворча-гандлёвы камбінат; сярэдняя і муз. школы, 2 дашкольныя дзіцячыя ўстановы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, касцёл. Брацкая магіла сав. воінаў і партызана; брацкая магіла сав. воінаў і Курган Славы (за 2 км ад Р. каля шашы на Ваўкавыск). Помнікі архітэктуры: Петрапаўлаўская царква і манастыр базыльян, Троіцкі касцёл, Палацавы комплекс, сінагога (2-я пал. 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТСВА́НА (Botswana),
Рэспубліка Батсвана, (Republic of Botswana), дзяржава на Пд Афрыкі. Мяжуе на Пн і З з Намібіяй, на Пд і ПдУ з ПАР, на ПнУ з Зімбабве. Пл. 600,4 тыс.км². Нас. 1,4 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Габароне. Падзяляецца на 8 акруг. Афіц. мовы англійская і сетсвана. Нац. свята — Дзень незалежнасці (30 вер.).
Дзяржаўны лад. Батсвана — прэзідэнцкая рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканадаўчая ўлада належыць прэзідэнту і парламенту — Нац. асамблеі, выканаўчая — прэзідэнту і ўраду.
Прырода. Тэр. Батсваны займае вял. бяссцёкавую катлавіну пустыні Калахары, абмежаваную з усіх бакоў плато. Сярэдняя выш. 800—1000 м, на З да 1300 м. Рэльеф раўнінны, на У слабахвалісты. Карысныя выкапні: алмазы, золата, хром, серабро, плаціна, марганцавыя, медна-нікелевыя і кобальтавыя руды, каменны вугаль, азбест і інш. Клімат трапічны, з рысамі кантынентальнасці, гарачы і засушлівы. Сярэдняя т-растудз. 21—27, ліп. каля 16 °C. Ападкаў на Пн і У 500—700 мм, у Калахары менш за 250 мм. Дажджлівы перыяд у снеж.—красавіку. Рэкі малаводныя. На Пн — бяссцёкавы басейн р. Акаванга, на У — р. Лімпопа (упадае ў Індыйскі ак.) з прытокамі. Расліннасць пераважна саванная, на Пн — трапічнае рэдкалессе. Па далінах рэк на Пн, У, Пд — галерэйныя лясы. Нац. паркі — Гемсбак, Чобе, Нцкаі-Пан.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — народы сям’і банту: тсвана (каля 80%), машона, педы, герэра. У глыбіні Калахары карэнныя жыхары бушмены (кайсанская моўная група). Ёсць невял. колькасць англічан, афрыканераў, выхадцаў з Азіі і інш. 50% насельніцтва прытрымліваецца мясц.традыц. вераванняў, 50% — хрысціяне. Шчыльнасць насельніцтва 2,3 чал. на 1 км². Большая ч. яго сканцэнтравана на ПдУ. У гарадах жыве каля 20% насельніцтва. Найбольшыя гарады Габароне, Серове, Фрэнсістаўн, Мачуды.
Гісторыя. Стараж. гісторыя Батсваны даследавана мала. Вядома, што бечуаны, якія прыйшлі з сучаснага Трансвааля (правінцыя ПАР), выцеснілі ва ўнутр. раёны Калахары бушменаў — аўтахтоннае насельніцтва краіны. Бечуаны на працягу стагоддзяў вялі барацьбу з плямёнамі, што пранікалі на іх тэрыторыю. Асабліва жорсткія былі войны з плямёнамі зулу на пач. 19 ст. З 1820 (з заснаваннем першай хрысціянскай місіі) — пастаянныя кантакты з еўрапейцамі. З сярэдзіны 19 ст. землі Батсваны пачынаюць захопліваць буры, аднак бечуаны, умела выкарыстоўваючы англа-бурскія супярэчнасці, здолелі на працягу 3 дзесяцігоддзяў захаваць незалежнасць. У 1885 б.ч. зямель бечуанаў далучана да англ. уладанняў у Паўд. Афрыцы. Англ. ўлады абвясцілі паўн. землі бечуанаў (тэр. сучаснай Батсваны) пратэктаратам пад назвай Бечуаналенд.
Пад націскам нац.-вызв. руху брыт. ўрад у 1961 прыняў канстытуцыю Батсваны, у ліст. 1963 даў пратэктарату самакіраванне. На выбарах у заканадаўчы сход у 1965 перамагла Дэмакр. партыя. 30.9.1966 абвешчана незалежная рэспубліка Батсвана.
Асн.паліт. партыя — Дэмакр. партыя Батсваны (правячая). Федэрацыя прафсаюзаў Батсваны аб’ядноўвае 11 галіновых прафсаюзаў. Батсвана — чл.ААН (з 1966), Садружнасці і інш.міжнар. арг-цый.
Гаспадарка. Батсвана — аграрная краіна са значнай горнай прам-сцю. Доля ў валавым унутр. прадукце (у %) сельскай гаспадаркі 12, прам-сці каля 50, у т. л. горна-здабыўной каля 45. У сельскай гаспадарцы занята больш за 80% эканамічна актыўнага насельніцтва, захаваліся феад. і племянныя перажыткі. Апрацоўваецца 3% тэрыторыі, пад лугамі і пашай каля 70%. Гал. галіна — адгонна-пашавая мясная жывёлагадоўля (круглагадовы выпас жывёлы на натуральных пашах). Пагалоўе (млн.): буйн. раг. жывёлы 3,5, коз і авечак 1,7. Гадуюць таксама коней, аслоў, мулаў. Жывёла нізкапрадукцыйная. Росту пагалоўя перашкаджаюць засухі, недахоп вады, хваробы. За гады незалежнасці праведзены работы па паляпшэнні пашы, стварэнні вет. цэнтраў. Земляробства ў гаспадарках мясц. насельніцтва адыгрывае дапаможную ролю. Магчыма толькі на Пд і У краіны. Асноўныя с.-г.культуры — сорга, кукуруза, вырошчваюць пшаніцу, боб, проса, гародніну, садавіну. На ПдУ на плантацыях еўрап. фермераў вырошчваюць на арашальных землях экспартныя культуры: арахіс, тытунь, бавоўну, сланечнік, цытрусавыя. Некаторую ролю ў гаспадарцы карэннага насельніцтва адыгрываюць паляванне і рыбалоўства (асабліва на Пн). Гал. галіна прамысловасці — горназдабыўная. Батсвана займае 2—3-е месца ў свеце па здабычы алмазаў (да 20 млн. каратаў штогод, гал. радовішчы Арапа, Джваненг, Летлхакане). Здабываюць таксама медныя, нікелевыя (другі па велічыні вытворца ў Афрыцы) і марганцавыя руды, каменны вугаль, азбест, серу. З галін перапрацоўчай прам-сці найб. развіта мясная (буйны мясакамбінат у г. Лабацэ). Есць невял. прадпрыемствы па вытв-сці касцявой мукі, масла, мыла, піва і інш.Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млрд.кВт∙гадз. ЦЭС у Габароне і Селебі-Пікве. Трансп. сетка развіта слаба. Адзіная чыгунка (даўж. 714 км) перасякае ўсх.ч. краіны. Даўж. аўтадарог 15,5 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 3,5 тыс.км. Міжнар. аэрапорт каля Габароне, авіяц. сувязі з суседнімі краінамі. Экспарт: алмазы, медна-нікелевы канцэнтрат, мяса, скуры, прадукты плантацыйнай гаспадаркі. Імпарт: машыны, абсталяванне, паліва, збожжа і мука, тэкстыль, адзенне. Значнае месца ў эканоміцы займаюць турызм і грашовыя пераводы грамадзян Батсваны, якія працуюць у ПАР. Асн. гандлёвыя партнёры: ПАР, Вялікабрытанія, інш. краіны ЕЭС, ЗША. Грашовая адзінка — пула.
Ф.С.Фешчанка (прырода, гаспадарка).
Герб і сцяг Батсваны.Батсвана. Агульны выгляд сталіцы Габароне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАНЕ́ЗІЯ (Micronesia),
Федэратыўныя Штаты Мікранезіі (Federated States of Micronesia), дзяржава ў цэнтр. і ўсх.ч.Каралінскіх астравоў у Ціхім акіяне; уключае таксама асобны атол Капінгамарангі. Займае частку фіз.-геагр. вобласці Мікранезія. Пл. 701,4 км². Нас. 129,7 тыс.чал. (1999). Афіц. мова — англійская. Сталіца — г.Палікір на в-ве Понапе. Падзяляецца на 4 штаты. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 ліст.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1979 са зменамі 1990. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца членамі парламента з яго складу на 4 гады. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нац. кангрэсу (14 сенатараў), які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Пытанні абароннай і знешняй палітыкі ў кампетэнцыі ЗША.
Прырода. У М. 35 груп невял. вулканічных і каралавых а-воў (усяго 607). Астравы працягнуліся з 3 на У на 3 тыс.км, з Пн на Пд на 1 тыс.км, раскіданы ў зах.ч. Ціхага ак. на пл. больш за 3 млн.км². Вулканічныя астравы (найб. Понапе, Кусаіе, Трук і Яп) горныя, абкружаны каралавымі рыфамі. Найвыш. пункт на в-ве Понапе — 791 м.
На каралавых астравах выш. не перавышаюць 5 м. Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры паветра 27—28 °C. Выпадае штогод 3000—5000 мм ападкаў. Бываюць трапічныя цыклоны (пераважна ў ліп.—снежні) і землетрасенні. Невял. рэкі і ручаі толькі на вулканічных астравах. На іх асобныя ўчасткі ўзбярэжжа заняты мангравымі зараснікамі, на горных схілах растуць бамбук, какосавыя і арэкавыя пальмы, месцамі лясы або саванны. На каралавых астравах гаі какосавых пальмаў і панданусаў. Мора багатае рыбай, ракападобнымі, малюскамі.
Насельніцтва. Мікранезійцы складаюць больш за 90 %. Падзяляюцца на 9 этнічных груп, кожная з якіх насяляе асобную частку архіпелага. На атоле Капінгамарангі жывуць палінезійцы, на найб. астравах ёсць амерыканцы і кітайцы. Вернікі пераважна католікі (50%) і пратэстанты (47%). Сярэднегадавы прырост 2,2%. Сярэдняя шчыльн. 185 чал. на 1 км², на вулканічных астравах дасягае 300 чал. на 1 км². У адзіным горадзе Палікір жыве 33,4 тыс.ж. (1994). Большасць насельніцтва занята сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам, абслугоўваннем замежных турыстаў.
Гісторыя. М. заселена продкамі сучасных мікранезійцаў у 2—1-м тыс. да н.э. Першыя еўрапейцы (ісп. мараплаўцы), якія наведалі ў 1527 М., назвалі астравы Каралінскімі ў гонар ісп. караля Карла II. У 1565 намінальна абвешчана ўладаннем Іспаніі. У 1898 Іспанія прадала астравы Германіі. У 1-ю сусв. вайну М. акупіравана Японіяй, якая атрымала ў 1921 ад Лігі Нацый мандат на кіраванне. У 2-ю сусв. вайну акупіравана амер. войскамі. У ліп. 1947 ААН зацвердзіла апеку ЗША над Каралінскімі, Марыянскімі і Маршалавымі а-вамі, якія аб’ядноўваліся ў падапечную тэрыторыю Ціхаакіянскія а-вы. У 1965 створаны мясц. парламент — Кангрэс М. 10.5.1979 прадстаўнікі штатаў Яп, Трук, Понапе і Кусаіе зацвердзілі канстытуцыю Федэратыўных штатаў М. (ФШМ). У кастр. 1983 усенар. плебісцыт адобрыў пагадненне пра свабодную асацыяцыю з ЗША, паводле яе ФШМ атрымалі незалежнасць пры захаванні амер. кантролю над іх абаронай. У ліст. 1986 амер. ўрад абвясціў пра спыненне рэжыму апекі над ФШМ, у снеж. 1990 гэта зацвердзіла ААН. У 1991 прэзідэнтам М. выбраны Б.Олтэр, у 1997 — Я.Нена. Член ААН з 1991.
Гаспадарка. М. — слабаразвітая краіна. Валавы нац. прадукт на 1 чал. складае каля 1700 дол. за год. Найб. развіта земляробства. Асн. таварныя культуры: какосавая пальма, какава, агародніна, садавіна (цытрусавыя, папайя, манга, ананасы), чорны перац. Харч.культуры: маніёк, ямс, батат, бананы, тара, ароут, хлебнае дрэва, панданус, рыс, кукуруза, соя, сорга. Развіты свіна- і птушкагадоўля. Рыбалоўства задавальняе мясц. патрэбы. У рыбалоўнай зоне М. займаюцца ловам рыбы за вызначаную плату караблі ЗША, Аўстраліі, Японіі, Паўд. Карэі і інш. краін. Прамысл. прадпрыемствы заняты перапрацоўкай с.-г. сыравіны. Ёсць прадпрыемствы па перапрацоўцы какосавых арэхаў (вытв-сць копры і какосавага алею), какавы, кансервавыя (з рыбы, агародніны, фруктаў), мукамольныя і інш. Працуюць лесапільні, верфі па буд-ве і рамонце невял. суднаў і лодак, дробныя прадпрыемствы па выпуску цэменту і цэглы. На в-ве Понапе вядзецца здабыча баксітаў. Вытв-сць электраэнергіі каля 70 млн.кВт∙гадз за год. Кожны год М. наведвае каля 25 тыс. турыстаў (з Японіі, Аўстраліі, ЗША). Гал. від транспарту — марскі. Асн. групы астравоў звязаны паміж сабой і з інш. краінамі рэйсамі невял. суднаў. Працуюць 4 аэрапорты, у т. л. міжнародны на в-ве Понапе. У М. 226 км аўтадарог з цвёрдым пакрыццём. У 1994 экспарт склаў 29,1 млн.дол., імпарт — 141,1 млн. долараў. У экспарце пераважаюць копра (больш за 50% кошту), чорны перац, рыба і рыбапрадукты, вырабы мясц. промыслаў, какосавы алей, у імпарце — разнастайныя прамысл. і харч. тавары. Гал.гандл. партнёры Японія (32% экспарту, 80 % імпарту) і ЗША (адпаведна 56% і 9%). Краіна атрымлівае значныя субсідыі і фін. дапамогу ад ЗША. Грашовая адзінка — долар ЗША.
Літ.:
Малаховский К.В. Последняя подопечная: (История Микронезии). М., 1977.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).