ЛЮНЬЕ́-ПО (Lugné-Poe; сапр. Люнье; Lugné) Арэльен Мары
(27.12.1869, Парыж — 19.6.1940),
французскі рэжысёр, акцёр. З 1888 працаваў у Вольным т-ры і адначасова вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі. Заснавальнік (1893, разам з К.Маклерам) і кіраўнік (да 1929) т-ра «Эўр» (Парыж). Імкнуўся да абнаўлення і абагачэння выразных сродкаў тэатр. мастацтва, выступаў як прыхільнік паэт. т-ра, які процістаіць «прозе» тагачаснай рэчаіснасці, сцвярджаў эстэтыку сімвалізму. У 1930-я г. ставіў спектаклі ў розных т-рах Парыжа. Аўтар успамінаў аб франц. т-ры 1890-х г. — пач. 20 ст.
т. 9, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕ́НЗІ КІНГ ((Mackenzie King) Уільям Лаян) (17.12.1874, г. Кітчэнер, Канада — 22.7.1950),
канадскі паліт. і дзярж. дзеяч. У 1909—11 міністр працы. У 1919—48 лідэр Ліберальнай партыі. У 1921—26, 1926—30 і 1935-48 прэм’ер-міністр Канады. У 2-ю сусв. вайну праводзіў курс на супрацоўніцтва Канады з дзяржавамі антыгітлераўскай кааліцыі, пасля вайны — на ажыццяўленне сац. рэформ у краіне, умацаванне яе міжнар. прэстыжу (у 1945 Канада была адной з дзяржаў-заснавальніц ААН) і адзінства кан. нацыі (у 1946 прыняты закон аб кан. грамадзянстве).
т. 9, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́Я НАРО́ДНЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ двухгадовыя пач. навуч. ўстановы ў Рас. імперыі ў 1786—1803. Засн. паводле Статута 1786 пераважна ў пав. гарадах (доследныя ствараліся ў Пецярбургу з 1782). Прымаліся дзеці ўсіх саслоўяў, акрамя прыгонных сялян. Выкладаліся пісьмо, чытанне кнігі «Аб пасадах чалавека і грамадзяніна», катэхізіс, арыфметыка, граматыка, чыстапісанне, маляванне. Утрымліваліся на мясц. сродкі. Навучанне бясплатнае. У канцы 18 ст. існавала каля 300 М.н.в. (17 тыс. навучэнцаў). На Беларусі ў пач. 19 ст. такія вучылішчы існавалі ў Полацку, Оршы, Мсціславе, Чэрыкаве, Чавусах і Копысі. У 1803 яны рэарганізаваны ў прыходскія і пав. вучылішчы.
т. 10, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РФА-ПАСА́ДНІЦА (Марфа Барэцкая; 7—?),
наўгародская баярыня, удава пасадніка І.А.Барэцкага. Вызначалася розумам, энергіяй і красамоўствам. У 1470-я г. разам з сынамі ўзначальвала варожую маскоўскаму вял. кн. Івану III групоўку баяр — прыхільнікаў пераходу Наўгародскай феадальнай рэспублікі ў падданства ВКЛ (гл. Барэцкія). У 1477 М.П. і яе прыхільнікі сарвалі ратыфікацыю вечам дагавора аб прызнанні Івана III неабмежаваным уладаром Ноўгарада. У студз. 1478 Ноўгарад капітуляваў перад войскам Івана III, які выслаў М.П. ў Маскву, потым у Ніжні Ноўгарад, дзе яна пад імем Мар’і пастрыжана ў манашкі.
т. 10, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ ЖАНО́ЧЫ ДЗЕНЬ 8 САКАВІКА́,
дзень міжнар. салідарнасці жанчын у барацьбе за эканам., сац. і паліт. роўныя правы з мужчынамі. Рашэнне аб штогадовым святкаванні М.ж.д. прынята ў 1910 на 2-й Міжнар. канферэнцыі жанчын-сацыялістак у Капенгагене (Данія) па прапанове К.Цэткін. Упершыню праводзіўся ў 1911 у Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі і Даніі. У Расіі ўпершыню праведзены ў 1913, у Беларусі — у 1914. У СССР з 1965 паводле рашэння Вярх. Савета СССР непрацоўны дзень; захаваў такі статус пад інш. назвамі і ў многіх краінах СНД, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь.
т. 10, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ПЛА ПАЎСТА́ННЕ 1921,
выступленне мопла — мусульм. ч. народа малаялі акругі Малабар Мадраскай прав. Брыт. Індыі (цяпер штат Керала, Індыя) супраць брыт. улад. Узнікла як ч. Халіфацкага руху. Пачалося з сутыкнення мусульм. вернікаў і англ. войск у мяст. Тырурангадзі 20.8.1921. Паўстанцы захапілі раёны Эрнад і Валуванад і абвясцілі аб стварэнні «халіфацкага царства» на чале з А.Мусальярам (потым — Х.Кунахмедам). Паўстанцы жорстка распраўляліся з памешчыкамі-індусамі, але моцна пацярпелі і простыя індусы, якіх прымушалі прыняць іслам. Задушана англ. войскамі ў канцы 1921, асобныя атрады працягвалі супраціўленне да лют. 1922.
т. 10, с. 520
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РГАН ((Morgan) Льюіс Генры) (21.11. 1818, Нью-Йорк — 17.12.1881),
амерыканскі этнограф, гісторык. Чл. Нац. АН ЗША (1875). Заснавальнік т-ва для вывучэння і дапамогі індзейцам (1840). Даследчык першабытнага грамадства, сцвярджаў ідэю прагрэсу і адзінства гіст. шляху чалавецтва. Першым паказаў значэнне роду як асн. ячэйкі першабытнага грамадства, эвалюцыю сям’і і шлюбу ад групавых форм да індывідуальных, абгрунтаваў палажэнне аб развіцці ўласнасці ад калектыўных форм да прыватных. Аўтар прац «Ліга іракезаў» (1851), «Старажытнае грамадства, або Даследаванне ліній чалавечага прагрэсу ад дзікасці праз варварства да цывілізацыі» (1877).
т. 10, с. 521
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й ПРЫРО́ДЫ І ЭКАЛО́ГІІ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.
Засн. ў 1991 у Мінску на базе аддзела прыроды Нац. музея гісторыі і культуры Беларусі. Мае больш за 40 тыс. экспанатаў (1999). Пл. экспазіцыі 350 м². У 6 тэматычных залах (мінералагічны, феналагічны, аховы прыроды, рэкі, азёры, лес) экспанаты расказваюць аб прыродных багаццях, эвалюцыі жывёльнага і расліннага свету ад старажытнасці да нашых дзён. Вядзе н.-д. работу па ацэнцы сучаснага стану прыроды, стварае па ім банк даных (калекцыі расліннага, жывёльнага свету, мінералагічная, палеанталагічная), прапагандуе экалагічныя веды.
А.М.Петрыкаў.
т. 11, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУШКЕ́ТАЎ (Іван Васілевіч) (19.1.1850, ст. Аляксееўская Валгаградскай вобл., Расія — 10.1.1902),
расійскі геолаг і географ. Скончыў Пецярбургскі горны ін-т (1872), дзе выкладаў з 1877. З 1882 у Ін-це інжынераў шляхоў зносін (з 1897 праф.). Навук. працы па тэктоніцы, геамарфалогіі, сейсмалогіі і інш. Вывучаў геалогію Сярэдняй Азіі, Урала, Паволжа і Каўказа. Вызначыў навук. канцэпцыю аб геал. будове Сярэдняй Азіі і склаў геал. карту Туркестана. Імем М. названы хрыбет ў горнай сістэме Наньшань, вяршыня ў вярхоўях р. Віцім, 2 ледавікі на Цянь-Шані і інш.
т. 11, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАНКІ́НСКІ ДАГАВО́Р 1842.
Падпісаны 29.8.1842 у г. Нанкін (Кігай) прадстаўнікамі кіт. і брыт. ўрадаў аб сканчэнні англа-кітайскай вайны 1840—42. Першы з серыі нераўнапраўных дагавораў паміж Кітаем і развітымі дзяржавамі Захаду. Паводле Н.д. кіт. ўлады адчынялі для англ. гандляроў парты Гуанчжоў, Сямынь (Амой), Фучжоў, Нінбо і Шанхай; усталёўваліся выгадныя для брыт. падданых мытныя падаткі; в-аў Сянган (Ганконг) адыходзіў да брыт. кароны. У 1843 Вялікабрытанія прымусіла Кітай падпісаць дадатковае пагадненне да Н.д., паводле якога атрымала правы на канцэсіі і экстэрытарыяльнасць для сваіх грамадзян у Кітаі.
т. 11, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)