пабаранава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., што.
1. Апрацаваць пры дапамозе бараны. Як толькі з поля сышоў снег, калгаснікі пабаранавалі пасевы ў два сляды. «Беларусь».
2. і без дап. Баранаваць некаторы час. Пабаранаваць да абеду.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазасланя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.
Засланіць усіх, многіх або ўсё, многае. У доме ўсё было так, як і да Казікавага ад’езду.. Толькі разлапушыліся фікусы і пазасланялі вокны. Грахоўскі. // Закрыць засланкамі (пра печы).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тру́фель, ‑я, м.
1. Клубнепадобны падземны грыб, які не расчляняецца на шапачку і ножку; выкарыстоўваецца як прыправа да стравы.
2. толькі мн. (тру́фелі, ‑яў). Назва шакаладных цукерак, якія сваёй формай падобны на гэты грыб.
[Ням. Trüffel.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́сечка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. высечы (у 1–3 знач.).
2. Р мн. ‑чак. Месца, дзе высеклі лес; высека. [Макар] начаваў і дняваў на высечках ля казённага лесу, зрэдку толькі прыходзячы ў хату па харчы. Асіпенка. Свежую высечку, як толькі растане снег і прагрэецца зямля, з краю ў край запоўняць маладыя сасонкі. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
за́едзь, ‑і, ж., зб.
Крылатыя насякомыя, якія смокчуць кроў (авадні, сляпні, мошкі і інш.). Пякло ўвесь час неміласэрна сонца, у лесе стаяла страшэнная заедзь: авадні, камары і сляпні насіліся роем і гулі, як чмялі. Нікановіч. Каня апанавалі мухі і авадні, і ён, бедны, бараніўся ад заедзі як толькі мог. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перакалаці́цца, ‑лачуся, ‑лоцішся, ‑лоціцца; зак.
Разм.
1. Калаціцца некаторы час. Маёр курыць цыгарэту, і яму падсунуў пачак, але Андрэй не ўзяў. Яму крыху моташна. Пакуль везлі сюды — перакалаціўся. Арабей. — Як настане дзень, — гаварыла Гануля, — дык уся перакалоцішся. Як толькі скажуць: «немцы»!, хапаеш дзяцей і ў лес. Гурскі.
2. Перастаць, скончыць калаціцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
СУ́ТНАСЦЬ І З’Я́ВА,
філасофскія катэгорыі, якія адлюстроўваюць дыялектычна ўзаемазвязаныя, агульныя і неабходныя бакі ўсіх прадметаў і працэсаў аб’ектыўнай рэальнасці. Сутнасць уяўляе сабой сукупнасць глыбінных, заканамерных, адносна ўстойлівых унутр. сувязей пэўнага прадмета, якія аб’ядноўваюць у адзінае цэлае яго істотныя рысы і тэндэнцыі развіцця, увасабляе якасную акрэсленасць пэўнай з’явы ці працэсу. З’ява служыць формай выяўлення сутнасці ў канкрэтных падзеях, знешніх уласцівасцях прадмета, якія даступны эмпірычнаму пазнанню, нясе ў сабе частковую, няпоўную інфармацыю пра законы, што фарміруюць сутнасць. Паняцці С. і з. цесна звязаны; аб’ектыўная сувязь паміж імі мае характар супярэчнасці дыялектычнай, калі адзін з бакоў пэўнага прадмета абумоўлівае існаванне інш. боку. Працэс пазнання чалавекам навакольнага асяроддзя ўяўляе сабой працэс пераходу мыслення ад разнастайнасці наяўных форм прадмета (з’ява) да іх унутр. зместу і адзінства (сутнасць).
У гісторыі філасофіі да разумення прыроды С. і з. існавалі розныя падыходы. У ант. філасофіі сутнасць разглядалася як крыніца існавання рэчаў, а з’ява — як бачны ілюзорны вобраз рэчаў. У сярэдневяковай філасофіі С. і з. рэзка супрацьпастаўляліся як божая (сапраўдная) рэальнасць і ілюзорнае зямное існаванне. І.Кант разумеў пад сутнасцю непазнавальную «рэч у сабе», а з’яву лічыў суб’ектыўным уяўленнем чалавека. Як дыялектычна звязаныя катэгорыі С. і з. разглядаў Гегель. У неапазітывізме абвяргаецца аб’ектыўнасць сутнасці і прызнаюцца рэальнымі толькі з’явы, у постпазітывізме сутнасць тлумачыцца як тэарэт. канструкт, неабходны для сістэматызацыі фактаў. У фенаменалогіі з’явы разглядаюцца як самавыяўляльнае быццё, а сутнасць — як ідэальнае ўтварэнне. У экзістэнцыялізме катэгорыя сутнасці выцясняецца паняццем існавання (гл. Сутнасць і існаванне).
В.І.Боўш.
т. 15, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСІЁМА (грэч. axiōma),
палажэнне, якое прымаецца без лагічных доказаў на падставе непасрэднай пераканаўчасці; сапраўднае зыходнае палажэнне, на якім грунтуюцца доказы інш. палажэнняў навук. тэорыі. Сістэма аксіёмы не з’яўляецца раз і назаўсёды закончанай і, як і самі аксіёмы, змяняецца з развіццём чалавечага пазнання. Тэрмін «аксіёма» ўпершыню сустракаецца ў Арыстоцеля, потым праз працы паслядоўнікаў і каментатараў Эўкліда трывала ўвайшоў у геаметрыю. У сярэднявеччы пранік у інш. навукі, а праз іх — у штодзённы побыт, дзе аксіёмай наз. суджэнні, шмат разоў правераныя на практыцы. Доўгі час аксіёма разглядалася як вечная і непарушная ісціна, што не патрабуе доследу і не залежыць ад яго. Лічылася, што спроба абгрунтавання можа толькі падарваць яе відавочнасць. Пераасэнсаванне праблемы абгрунтавання аксіёмы змяніла і змест самога тэрміна, паводле якога аксіёма не зыходны пачатак пазнання, а хутчэй яго прамежкавы вынік. Яна абгрунтоўваецца не сама па сабе, а як неабходны састаўны элемент тэорыі, пацвярджэнне якой ёсць адначасова і пацвярджэнне яе аксіёмай. У сучаснай навуцы пытанне пра ісціннасць аксіёмы вырашаецца ў рамках іншых навук. тэорый або шляхам інтэрпрэтацыі дадзенай тэорыі.
У.К.Лукашэвіч.
т. 1, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛІЙ (лац. Kalium),
K, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 19, ат. м. 39,0983, належыць да шчолачных металаў. Прыродны складаецца з 2 стабільных ізатопаў 39K (93,259%), 41K (6,729%) і радыеактыўнага 40K. У зямной кары 2,41% па масе, трапляецца толькі ў выглядзе злучэнняў (гл. Калійныя солі). Найважнейшы пажыўны элемент для раслін (гл. Калійныя ўгнаенні). Адкрыты ў 1807 англ. хімікам Г.Дэві, назва ад араб. аль-калі — паташ.
Мяккі серабрыста-белы метал, tm 63,51 °C, шчыльн. 862,9 кг/м³. Хімічна вельмі актыўны. З вадой і разбаўленымі к-тамі ўзаемадзейнічае з выбухам і загараннем. Лёгка ўзаемадзейнічае з кіслародам паветра (утварае аксід K2O, пераксід K2O2, надпераксід KO2), галагенамі, пры награванні — з вадародам, халькагенамі, фосфарам, графітам (гл. Калію злучэнні). Не ўзаемадзейнічае з азотам. Захоўваюць пад слоем абязводжанай газы ці мінер. масла. Атрымліваюць узаемадзеяннем метал. натрыю з расплавам калію гідраксіду ці хларыду KCl, электролізам расплаву KCl ці карбанату K2CO3. Выкарыстоўваюць як матэрыял электродаў у хім. крыніцах току, як гетэр у вакуумных радыёлямпах, сплаў К. і натрыю — як цепланосьбіт у ядз. рэактарах. Пры кантакце выклікае моцныя апёкі скуры і слепату.
т. 7, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
what [wɒt] pron. што; які́;
What’s your name? Як вас зваць?;
What are you? Кім вы працуеце?;
What’s the time? Каторая гадзіна?;
What books do you want? Якія кніжкі вам патрэбны?
♦
and what not infml і чаго́ то́лькі не было́;
what a pity! як шкада́!;
what for? нашто́ ?; наво́шта?; чаму́?;
what if а што, калі́;
what of it?/so what?infml ну і што з гэ́тага?;
what’s what? infml што да чаго́?
Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)