МІ́ТЧЭЛ ((Mitchell) Уэслі Клэр) (5.8.1874, г. Рашвіл, штат Ілінойс, ЗША — 29.10.1948),

амерыканскі эканаміст і статыстык, прадстаўнік гарвардскай школы. Скончыў Чыкагскі ун-т. Праф. Каліфарнійскага (1909—12) і Калумбійскага (1914—19, 1922—44) ун-таў. У 1920—45 узначальваў Нац. бюро эканам. даследаванняў. Навук. працы і даследаванні ў галіне аналізу эканам. цыклаў і кан’юнктуры, па стат. даследаваннях, гісторыі грашовага абарачэння і інш. Спрабаваў выкарыстоўваць статыстыку для доказу палажэнняў інстытуцыяналізму. Пасля эканам. крызісу 1929—33 адзін з тэарэтыкаў «рэгулюемага капіталізму». Асн. праца «Эканамічныя цыклы» (1913).

т. 10, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГАЛЕ́НД,

штат на крайнім ПнУ Індыі. Пл. 16,5 тыс. км². Нас. 1,2 млн. чал. (1991), пераважна група роднасных плямён і народнасцей нага. Адм. ц. — г. Кахіма. На тэр. Н. Асама-Бірманскія горы (выш. да 3824 м). Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Да выш. 1000 м пераважаюць трапічныя вечназялёныя і мусонныя лістападныя лясы, вышэй — хвойныя лясы, на вяршынях — лугі. Амаль усё насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы. Пашырана лядна-агнявое земляробства. На тэрасаваных схілах вырошчваюць пераважна рыс. Лесанарыхтоўкі. Саматужная вытв-сць тканін. Транспарт аўтамаб. і ўючны.

т. 11, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́МНЕР ((Sumner) Джэймс Бэтчэлер) (19.11.1887, г. Кантан, штат Масачусетс, ЗША — 12.8.1955),

амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША і Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Д-р філасофіі (1914). Скончыў Гарвардскі ун-т (1910). З 1914 у Корнелскім ун-це (з 1929 праф., з 1947 дырэктар лабараторыі). Навук. працы па прэпаратыўнай хіміі бялкоў і ферментаў. Адкрыў (1926) фермент урэазу, які каталізуе расшчапленне мачавіны, вылучыў яго ў крышт. форме; паказаў бялковую прыроду ферментаў. Нобелеўская прэмія 1946 (разам з Дж.​Х.​Нортрапам і У.​М.​Стэнлі).

Дж.Самнер.

т. 14, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́РАК’ЮС, Сіракузы (Syracuse),

горад на ПнУ ЗША, штат Нью-Йорк. Засн. ў 1786, горад з 1847. 152,2 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 700 тыс. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на канале Эры (злучае Вялікія азёры з Атлантычным ак.). Аэрапорт. Прам-сць: чорная (высакаякасныя сталі і сплавы) і каляровая (пракат і ліццё алюмінію) металургія, эл.-тэхн., радыёэлектронная, аўтамаб., па вытв-сці цеплавога і інш. прамысл. абсталявання, хім. (шчолачы, хлор, фармацэўтычныя прэпараты), харчасмакавая, у т. л. лікёра-гарэлачная. Ун-т.

т. 14, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРСЕ́ЗЕ ((Scorsese) Марцін) (н. 17.11.1942, г. Флашынг, штат Нью-Йорк, ЗША),

амерыканскі кінарэжысёр. Скончыў кінафакультэт Нью-Йоркскага ун-та. Лепшыя фільмы С. адметныя аўтабіяграфічнасцю, дакладнай абмалёўкай асяроддзя, увагай да псіхалогіі персанажаў. Сярод фільмаў: «Злыя вуліцы» (1973), «Аліса тут больш не жыве» (1974), «Таксіст» (1976), «Нью-Йорк, Нью-Йорк», (1977), «Апошні вальс» (1978), «Шалёны бык» (1980), «Колер грошай» (1980), «Кароль камедыі» (1982), «Апошняе спакушэнне Хрыста» (1988), «Казіно» (1995) і інш. Творчасці С. прысвечаны дакумент. фільм «Кіно — гэта маё жыццё» (1978, рэж. П.​Хейдэн).

т. 14, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РМСТРАНГ ((Armstrong) Ніл) (н. 5.8.1930, г. Уапаканета, штат Агайо, ЗША),

касманаўт ЗША. Першы чалавек, які ступіў на паверхню Месяца. Скончыў ваенна-марское вучылішча лётчыкаў (1949), ун-т Перд’ю ў г. Лафеет (1955). З 1962 у групе касманаўтаў НАСА. Як камандзір карабля здзейсніў касм. палёты: 16.3.1966 з Д.Скотам на караблі «Джэміні-8», 16—24.7.1969 з М.​Колінзам і Э.​Олдрынам на Месяц на караблі «Апалон-11». На паверхні Месяца (21.7.1969) правёў 21 гадз 36 мін 21 с, у космасе 8,6 сут. Імем Армстранга названы кратэр на Месяцы.

Н.Армстранг.

т. 1, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ДЛ ((Beadle) Джордж Уэлс) (22.10.1903, Уаху, штат Небраска, ЗША — 9.6.1989),

амерыканскі генетык. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў Небраскі (1926) і Корнелскі (1931) ун-ты. З 1931 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це, з 1936 у Гарвардскім ун-це. З 1937 праф. Станфардскага ун-та, у 1946—61 — Каліфарнійскага тэхнал. ін-та, да 1968 прэзідэнт Чыкагскага ун-та. Навук. працы па біяхім. генетыцы. Адзін з аўтараў (1941) фундаментальнай канцэпцыі: «адзін ген — адзін фермент» (кожны ген адказвае за сінтэз толькі аднаго фермента). Нобелеўская прэмія 1958 (разам з Э.Тэйтэмам і Дж.Ледэрбергам).

Дж.У.Бідл.

т. 3, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІН ((Bean) Алан) (н. 15.3.1932, Уілер, штат Тэхас, ЗША),

касманаўт ЗША. Капітан 1-га рангу ВМС. Скончыў Тэхаскі ун-т (1955). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. З Ч.​Конрадам і Р.​Горданам здзейсніў 14—24.11.1969 палёт на Месяц, у час якога двойчы выходзіў (разам з Конрадам) на яго паверхню. 28.7—25.9.1973 разам з О.​Гэрыётам і Дж.​Лусмам ажыццявіў палёт на арбітальнай станцыі «Скайлэб» (з выхадам у адкрыты космас). Агульная працягласць палёту 69,7 сут. Уладальнік 11 сусв. рэкордаў у галіне касм. палётаў. Залаты медаль імя Ю.​А.​Гагарына.

т. 3, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РЛАЎГ ((Borlaug) Норман Эрнест) (н. 25.3.1914, Крэска, штат Аява, ЗША),

амерыканскі генетык і раслінавод. Скончыў ун-т у Мінесоце (1937). Чл. Нац. АН ЗША, замежны чл. УАСГНІЛ (1972). Праф. земляробства Тэхаскага ун-та з 1984. У сярэдзіне 1960-х г. — 1979 дырэктар Праграмы па даследаваннях і вытв-сці пшаніцы пры Міжнар. цэнтры па паляпшэнні сартоў кукурузы і пшаніцы (Мексіка). Вывеў сорт «карлікавай» пшаніцы, устойлівай у розных кліматычных умовах да захворванняў і з вял. ураджайнасцю, што дало магчымасць паменшыць харч. праблемы ў краінах Азіі, Паўд. Амерыкі і Афрыкі. Нобелеўская прэмія міру 1970.

т. 3, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙВЗ, Айвс (Ives) Чарлз Эдвард (20.10.1874, г. Данберы, штат Канектыкут, ЗША — 19.5.1954), амерыканскі кампазітар. Выпрацаваў своеасаблівы кампазітарскі стыль, незалежны ад еўрап. традыцый. На аснове мелодый амер. песень і гімнаў стварыў арыг. сінтэз папулярнай і прафес. музыкі. Выкарыстоўваў наватарскія прыёмы, многія з якіх прадвызначылі пошукі кампазітараў Зах. Еўропы.

Тв.:

Кантата «Нябесная краіна» (1889);

5 сімфоній (1898—1915), сюіты, уверцюра, праграмныя п’есы для сімф. арк.;

камерна-інстр. ансамблі;

п’есы для аргана і фп.;

хары, песні.

Літ.:

Ивашкин А. Чарльз Айвз и музыка XX в. М., 1991.

т. 1, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)