таргану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Рэзкім рухам крануцца з месца. Самалёт таргануўся і яшчэ больш заваліўся ўлева — шасі загразла. Хомчанка. Гулка страляючы круглымі колцамі шызага дыму, трактар шалёна зароў, таргануўся, як у ліхаманцы, наструніўся і асеў назад. Б. Стральцоў. // Зрабіць сутаргавы рух. — Даша! — У Загурскага раз-другі тарганулася шчака. — Ты жартуеш, Даша? Асіпенка. У маці нервова таргануліся вусны, яна памкнулася была сказаць ужо нешта злоснае... «ЛіМ». — Дачка... — Ігнатавы губы горка таргануліся. — П-памірае!.. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тфу, выкл.
Разм.
1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння гуку, які ўтвараецца пры пляванні. — Тфу! — плюнуў Шырокі і акінуў фельчара зняважлівым вокам. Колас.
2. Ужываецца для выказвання незадаволенасці, прыкрасці, злосці, расчаравання і пад., а таксама пагардлівых адносін да каго‑, чаго‑н. [Лазавік:] — Тфу, атрута. І як ты, Стась, смокчаш сваю люльку? Хомчанка. — Тфу! — зазлаваўся Міхалап. — Галоднай куме хлеб наўме. Алешка.
3. у знач. вык. Ужываецца для характарыстыкі каго‑, чаго‑н. нязначнага, дробязнага, нікчэмнага. Абрэзкі тыя — тфу! — метровыя шматкі. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узва́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.
1. Вызначыць вагу, цяжар каго‑, чаго‑н. Па дарозе дадому стары прапанаваў зайсці ў краму і ўзважыць ляшча. Ляўданскі. Клара ўзяла скрутак, здзівілася яго лёгкасці, узважыла на руцэ і разгарнула. Хомчанка.
2. перан. Абдумаць, ацаніць што‑н. Паходня з брыгадзірамі ўзважыў усе магчымасці, улічыў нават кожнага падлетка, які мог быць карысны ў гэты час, каб управіцца з касьбой. Хадкевіч. Тамара не спала ўсю ноч, усё перадумала да драбніц, усё ўзважыла. Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цадзі́цца, цэ́дзіцца; незак.
1. Павольна цячы праз вузкую адтуліну. Не льецца, а цэдзіцца. □ Густое, заспанае цэдзіцца з бочак Бычынай крывёю віно маладое. Барадулін. / Пра дробны невялікі дождж. З чорнага неба цадзіўся нудны дожджык. Мележ.
2. перан. Прасочвацца, паволі пранікаць праз шчыліны, адтуліны (пра святло, паветра, гукі). З тысячы шчылін цадзілася сонца. Лобан. Ад балотца з чорнымі азярынкамі скрозь хмызняк цадзіўся туман, месцамі перапаўзаў цераз дарогу. Хомчанка. З рэпрадуктара цадзілася тужлівая музыка. Капыловіч.
3. Зал. да цадзіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дваі́цца, двоіцца; незак.
1. Раздзяляцца надвое; раздвойвацца. Нітка пачала дваіцца. След двоіцца. // Быць накіраваным адначасова на два прадметы (пра думкі, пачуцці і пад.). Думка стала дваіцца. □ Пачуцці яе дваіліся: так хацелася, каб муж паехаў да сына, але не менш хацелася, каб ён хутчэй вярнуўся на працу. Шамякін.
2. Здавацца падвойным; падвойвацца (пра зрокавыя ўспрыманні). Варта было доўга паглядзець на што-небудзь, як яно пачынала дваіцца, расплывацца. Хомчанка.
3. Зал. да дваіць.
•••
Дваіцца ў вачах (звычайна безас.) — тое, што і дваіцца (у 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дыбкі́,
У выразе: на дыбкі — а) на заднія ногі (стаць, падняцца і пад.). Конь, пужаючыся незразумелай яму мітусні і музыкі, шарахаўся ў натоўп, станавіўся на дыбкі. Васілевіч. Здаравенны дварняк, бразгаючы ланцугом, падняўся на дыбкі, злосна забрахаў. Хомчанка; б) прама ўверх, дыбам. Зямля скаланулася. Гэта Таня ўзарвала шнурам міну. Паравоз стаў на дыбкі і паляцеў пад адхон. Новікаў; в) перан. рэзка запратэставаць, выказаць нязгоду. [Каб] Сяргей перапрасіў, дык усё і абышлося б, але той стаў на дыбкі і пачаў адмаўляць сваю віну. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
акуля́ры, ‑аў; адз. няма.
1. Аптычная прылада з двух шкельцаў з аглабелькамі. Служыць для выпраўлення недахопаў зроку або засцярогі вачэй ад пашкоджанняў. Ад шкельцаў акуляраў, як ад люстэрак, па траве скакалі сонечныя зайчыкі. Хомчанка. У пісара былі чорныя вусы, праўда, кароткія, і рэзка азначанае месца барады, заросшае кароткаю густою шэрсцю, невялікі задзёрты нос і прыплюшчаныя блізарукія вочы, прыкрытыя цёмнымі акулярамі. Колас.
2. Кружок больш светлай або цёмнай афарбоўкі вакол вачэй у жывёл.
•••
Акуляры наставіць гл. наставіць.
Глядзець праз ружовыя акуляры гл. глядзець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паблі́зу, прысл. і прыназ.
1. прысл. Блізка, непадалёку. Сам засценак стаяў сярод чыстага поля. Ні лугавінкі, ні гайка, ні ручайка паблізу. Чарнышэвіч. Недзе паблізу ў няскошанай дзялянцы рыпнуў драч. Хомчанка.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «паблізу» выражае прасторавыя адносіны: указвае на размяшчэнне блізка, на невялікай адлегласці ад чаго‑н. Сенажацяў паблізу засценкаў не было. Чарнышэвіч. Сушкевіч ажывіўся, зацікаўлены тым, што скажа Андрэй. Ён устаў з травы і сеў паблізу Салаўёва. Дуброўскі. Некалькі выхадных дзён Андрэй аб’язджаў машыну .. паблізу горада. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
набрыня́ць, ‑яе; зак.
1. Набраўшыся вільгаці, вадкасці, павялічыцца ў аб’ёме. Зямля набрыняла вадой, разбухла, як перастаялае цеста. Асіпенка. Лёд на рацэ набрыняў, зламаліся на ім і запоўніліся вадой пракладзеныя людзьмі сцяжынкі. Хадкевіч. // Наогул прасякнуць вільгаццю, вадкасцю. Штаны і ватоўка адразу ж набрынялі вадою і пачарнелі. М. Ткачоў. [Ігнацюк] гнаў аўтобус, гледзячы толькі наперад. Бінт на руцэ збіўся, набрыняў крывёю. Хомчанка.
2. Тое, што і набухнуць (у 1 знач.). Стаяла вясна. Яшчэ не распусціліся клейкія бярозавыя лісточкі, а пупышкі ўжо набрынялі. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
закаха́ны, ‑ая, ‑ае.
Які адчувае каханне да каго‑н.; улюбёны. Ліпа добра разумела настрой Чапідзе, ведала, што ён закаханы ў яе. Хомчанка. Як закаханыя людзі на час не зважаюць, Так падарожныя календароў не чытаюць. Куляшоў. / у знач. наз. закаха́ны, ‑ага, м.; закаха́ная, ‑ай, ж. [Нара] кахала [Якіма] і сама не ведала за што, як звычайна не ведаюць усе закаханыя, за што кахаюць сваіх абраных. Дуброўскі. // Які выражае закаханасць, захапленне. Закаханы позірк. □ Зося ўсё яшчэ ўсхліпвала і не зводзіла з сяброўкі радасных закаханых вачэй. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)