ГО́ЛЯДЗЬ,
балцкае племя, якое жыло ў бас. р. Протва (правы прыток р. Масква) паміж вяцічамі і крывічамі. Упамінаецца ў рус. летапісах 11—12 ст. Большасць голядзі ў 12 ст. асімілявана славянамі.
т. 5, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЬЯ́РД (франц. milliard),
тысяча мільёнаў, лік, які ў дзесятковым запісе мае выгляд адзінкі з 9 нулямі (лік 109). У рус., франц. і амер. л-ры М. іншы раз наз. більёнам.
т. 10, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МОЛОДО́Й ПАРТИЗА́Н»,
камсамольска-маладзёжная газета, орган Беластоцкага падп. абкома ЛКСМБ. Вядомы 24 нумары за 29.10.1943—3.6.1944 на рус. мове. Тыраж 600—800 экз. Рэдактар Я.І.Качан. Выпускала таксама баявы лісток «Вперед на врага».
т. 10, с. 515
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБХА́ЗСКАЯ МО́ВА,
адна з іберыйска-каўказскіх моў (абхаза-адыгская група). Пашырана пераважна ў Абхазіі і некаторых краінах Бл. Усходу. Мае 2 дыялекты: абжуйскі (аснова літ. мовы) і бзыбскі, блізкія да абазінскай мовы.
Фанетыка багатая сістэмай зычных (58) пры наяўнасці 2 галосных фанем («а», «ы»). Націск інтэнсіўны, нефіксаваны. Граматычны лад аглюцінатыўна-сінтэтычны. У марфалогіі няма сістэмы скланення; структура дзеяслова вызначаецца мноствам грамат. катэгорый. Пісьменства створана ў 1862 на рус., у 1928 на лац. аснове, у 1938 пераведзена на груз., з 1954 — на рус. графіку.
Літ.:
Ломтатидзе К.В. Абхазский язык // Языки народов СССР. М., 1967. Т. 4.
т. 1, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗНАБІ́ШЫН (Дзмітрый Пятровіч) (1804, с. Троіцкае, Карсунскі р-н Ульянаўскай вобл. — 14.8.1877),
рус. паэт. Скончыў Маскоўскі універсітэцкі пансіён (1824). У 1827 заснаваў (з С.Я.Раічам) альманах «Северная лира». Першыя арыгінальныя і перакладныя вершы і аповесці друкаваў у альманахах і час. «Вестник Европы», «Северные цветы», «Отечественные записки». Любоўную і пейзажную лірыку ствараў пад уплывам паэзіі Усходу: зб-кі «Селам, або Мова кветак» і «Гінекіён» (1830), «Сізіф і смерць» (1871). Перакладаў на рус. мову творы Хафіза, Нізамі, Саадзі, зах.-еўрап. паэтаў. Склаў першы персідска-рускі слоўнік, зб. матэрыялаў (у 2 тамах) па сялянскай рэформе 1861. Збіраў фальклор народаў Паволжа.
т. 1, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСА́КАЎ (Канстанцін Сяргеевіч) (10.4.1817, с. Новааксакава Арэнбургскай губ. — 19.12.1860),
расійскі гісторык, філолаг, паэт і публіцыст, адзін з ідэолагаў славянафілаў. Сын С.Ц.Аксакава. Скончыў Маскоўскі ун-т (1835). Гал. асаблівасць Расіі бачыў у абшчынным ладзе, гарманічным суіснаванні дзвюх рухаючых сіл гісторыі — народа («зямлі») і дзяржавы («улады»), парушаных рэформамі Пятра I. Выступаў за адмену прыгоннага права і за ліберальныя пераўтварэнні. Яго вершы («Вяртанне», «Пятру», «Масква», «Свабоднае слова») і п’есы «Вызваленне Масквы ў 1612 годзе» (1848), «Алег каля Канстанцінопаля» (1858)] прасякнуты рамантычна-славянафільскім духам. Выступаў супраць крытычнага кірунку ў рус. л-ры. Даследаваў нац. асаблівасці грамат. ладу рус. мовы.
т. 1, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІ́ЕВА (Фазу Гамзатаўна) (н. 5.12.1932, с. Гінічутль Хунзахскага р-на, Дагестан),
аварская паэтэса. Нар. паэтэса Дагестана (1969). Скончыла Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1961). Піша на аварскай і рус. мовах. Лірыка Аліевай тэматычна і вобразна звязана з рэчаіснасцю, метафарычна перадае шматграннасць жыцця (зб-кі «Роднае сяло», 1959; «Вясёлку раздаю», 1963; «Васемнаццатая вясна», 1968; «Вочы дабра», 1983). Раманы «Камяк зямлі вецер не знясе» (1967), «Радавы герб» (1970), «Арол вострыць дзюбу аб камень» (1974), «Восьмы панядзелак» (1978) і інш. пра сучаснае жыццё Дагестана.
Тв.:
Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—3. М., 1990.
т. 1, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСЕ́ЕЎ (Міхаіл Васілевіч) (15.11.1857, Цвярская вобл. — 8.10.1918),
рускі ваенны дзеяч, адзін з арганізатараў белай гвардыі. Генерал ад інфантэрыі (1914). Удзельнік рус.-тур. (1877—78), рус.-яп. (1904—05) войнаў. Скончыў Акадэмію Генштаба (1890). У 1-ю сусв. вайну нач. штаба Паўд.-Зах. фронту, галоўнакамандуючы Паўн.-Зах. фронтам; у жн. 1915 — сак. 1917 нач. штаба Стаўкі вярх. галоўнакамандуючага ў Магілёве. У сак.—маі 1917 вярх. галоўнакамандуючы, потым ваенны саветнік Часовага ўрада, нач. штаба вярх. галоўнакамандуючага. Пасля Кастр. рэв. стварыў разам з Л.Г.Карнілавым і А.І.Дзянікіным і ўзначаліў на Паўн. Каўказе добраахвотніцкую армію і белагвардзейскі ўрад — «Асобую нараду».
т. 1, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКАЯ БІ́ТВА 1564,
адбылася пад Оршай у канцы студз. ці пач. лют. паміж авангардам войска Маск. дзяржавы на чале з ваяводам П.Сярэбраным і атрадам войска ВКЛ на чале з Ф.Кмітам-Чарнабыльскім і Ю.Осцікавічам у ходзе Інфлянцкай вайны 1558—82. Групоўка рус. войска (паводле М.Стрыйкоўскага, 50 тыс. чал.) паспешна адступіла: яе камандаванне палічыла, што ў бой уступілі асн. сілы ВКЛ, якія нанеслі паражэнне другой групоўцы рус. войск у Ульскай бітве 1564. У выніку гэтай бітвы і бітвы на Уле на 1-м этапе вайны была адноўлена ваен. раўнавага паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай.
т. 1, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАРО́ДЗІЦКІ (Васіль Аляксеевіч) (19.4.1857, Йашкар-Ала, Марый-Эл — 23.12.1941),
рускі мовазнавец. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1915), праф. Казанскага ун-та (1893). Вучань І.А.Бадуэна дэ Куртэнэ, прадстаўнік казанскай лінгвістычнай школы. Працаваў у галіне агульнага, рус. і цюрк. мовазнаўства, фанетыкі і параўн.-гіст. граматыкі. Аўтар прац: «Нарысы па мовазнаўстве і рускай мове» (1901; 4-е выд. 1939), «Агульны курс рускай граматыкі» (1904; 5-е выд. 1935), «Уводзіны ў вывучэнне сучасных раманскіх і германскіх моў» (1953) і інш. У працах па рус. мове звяртаў увагу на некаторыя асаблівасці бел. мовы. У 1884 стварыў першую ў Расіі эксперыментальна-фанетычную лабараторыю.
т. 2, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)