МАРЫУ́ПАЛЬСКІ МО́ГІЛЬНІК,

познанеалітычны могільнік 3-га тыс. да н.э. каля г. Марыупаль (Украіна). Даследаваў у 1930 М.​Е.​Макаранка. Выяўлена калектыўнае пахаванне (больш за 120 касцякоў), якое ўяўляла траншэю даўжынёй 28 м і шырынёй каля 2 м. Нябожчыкаў хавалі ў выцягнутым становішчы, каля паловы іх было засыпана чырвонай вохрай. Знойдзены каменныя прылады працы, упрыгожанні з іклаў дзіка, ракавін, касцей і зубоў жывёлы, каменныя навершы булаў і інш.

т. 10, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПНЕЎМАТЫ́ЧНЫ КАНА́Л,

ізаляваны пераход паміж прыстасаваннямі пнеўмааўтаматыкі, які мае адзін уваход і адзін выхад і забяспечвае перадачу пнеўмасігналаў на адлегласць. У якасці П.к. выкарыстоўваюць гумавыя, пластмасавыя або метал. трубаправоды, што злучаюць паміж сабой пнеўматычныя прыстасаванні і прылады. Пры канструяванні прыстасаванняў з асобных пнеўмаэлементаў П.к. робяць таксама ў пласцінах (пячатных платах), на якіх замацоўваюцца пнеўмаэлементы. Такі мантаж надае прыстасаванням кампактнасць, памяншае працягласць каналаў і павышае іх надзейнасць.

т. 12, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РАЦКІ ГІСТО́РЫКА-ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.

Адкрыты ў 1988 у г. Горкі Магілёўскай вобл. Мае 8 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 484 м²), каля тыс. экспанатаў асн. фонду (1997). Аддзелы: археалагічны, гісторыі краю дасав. перыяду, сав. перыяду, Вял. Айч. вайны, этнаграфічны, мастацкі. Сярод экспанатаў стараж. кераміка, прылады працы, жаночыя ўпрыгожанні з археал. помнікаў Горацкага і суседніх раёнаў, карта сял. хваляванняў 1655, матэрыялы пра Горацкі маёнтак, Горы-Горацкія земляробчую школу і інстытут. Шматлікія крыніцы і ўспаміны расказваюць пра падзеі ў Горках у час паўстання 1863—64, пра старшыню першага рэўкома на Чукотцы М.​С.​Мандрыкава, лёсы землякоў, якія ў час калектывізацыі былі беспадстаўна рэпрэсіраваны. У экспазіцыі, прысвечанай Вял. Айч. вайне, матэрыялы пра дзейнасць Горацкага патрыятычнага падполля, воінаў-землякоў — Герояў Сав. Саюза, пра баявыя дзеянні на тэр. раёна польск. дывізіі імя Т.​Касцюшкі, лётчыкаў з авіяэскадрыллі «Нармандыя—Нёман» і інш. У аддзеле этнаграфіі экспануюцца землеапрацоўчыя прылады, адзенне 2-й пал. 19 — пач. 20 ст., вырабы ткацтва, ганчарства і інш. рамёстваў. Мастацкі аддзел аформлены як карцінная галерэя твораў землякоў-жывапісцаў. Філіялы музея працуюць у вёсках Аўсянка, Копцеўка, Леніна і Маслякі.

У.​М.​Ліўшыц.

т. 5, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗДЗЯЛЯ́ЛЬНАЯ ЗДО́ЛЬНАСЦЬ,

здольнасць сістэм, прылад і фотаматэрыялаў адрозніваць (узнаўляць) блізкія ў прасторы, часе ці па фіз. уласцівасцях аб’екты ці працэсы; колькасная мера такой здольнасці.

Р.з. аптычных сістэм — здольнасць аптычных сістэм даваць раздзельны відарыс двух блізкіх адзін ад аднаго пунктаў прадмета. З-за дыфракцыі святла аптычная сістэма адлюстроўвае святлівы пункт у выглядзе светлай плямы, абкружанай папераменна цёмнымі і светлымі кольцамі. Паводле крытэрыя У.Рэлея, 2 дыфракцыйныя плямы, адпаведныя відарысам пунктаў аднолькавай яркасці, лічацца раздзельнымі, калі светлы цэнтр адной з іх прыпадае на сярэдзіну першага цёмнага кольца суседняй. Р.з. спектральнай прылады — здольнасць такой прылады ўзнаўляць 2 спектральныя лініі з блізкімі даўжынямі хваль. Паводле крытэрыя Дж.​Рэлея такія лініі раздзяляюцца, калі адлегласць паміж максімумамі іх інтэнсіўнасцей не меншая за шырыню ліній. Р.з. фотаматэрыялаў — уласцівасць матэрыялу раздзельна ўзнаўляць у фотаматэрыяле дробныя суседнія дэталі аб’екта. Абумоўлена ступенню дысперснасці святлоадчувальных кампанентаў фотаслоя, залежыць ад кантрасту аптычнага відарыса, спектральнага складу аптычнага выпрамянення, часу асвятлення (экспазіцыі), умоў праяўлення і інш. Вызначаецца найб. колькасцю паралельных ліній на 1 мм фотавідарыса штрыхавой міры, якія бачныя паасобку ў мікраскопе.

т. 13, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лама́чча, лама́(ч)чо, ламаччо́, лома́(ч)чэ, лама́че, лама́чʼе ’дробнае галлё, сукі, верхаўё, лом’, ’зношаныя драўляныя прылады, што валяюцца як непатрэбныя’, ’дрэва ад разваленых будынкаў’, ’мала прыгодны для будаўніцтва лес’ (ТСБМ, Сцяшк., Сл. паўн.-зах., Янк. 2, Шат., Сержп., Кліх, КЭС, лаг.). Укр. лома́ччя ’палка, сук’. Зборнае да ламака2. Усх.-слав. утварэнне з суф. ‑ьje.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыла́дзіць ’прымацаваць, прырабіць; падрыхтаваць; падагнаць’ (Нас., ТСБМ), прыла́дзіць, пріла́дзіць ’тс’ (Бяльк.); сюды ж прыла́дзісты ’зручны ва ўжыванні, спрытны’ (Нас.) і аддзеяслоўныя назоўнікі прыла́да ’прыстасаванне, прыбор, механізм’ (Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Яруш., Бяльк., ТСБМ), таксама вытворныя: прыла́дак ’прыбор’ (ТСБМ), пріла́дка ’дастасаванне’ (Бяльк.), зборн. прыла́ддзепрылады’ (Нар. Гом.). Да ла́дзіць (гл.). Рус. дыял. прила́дить ’зрабіць, прыгатаваць’, укр. прила́дити ’прыладзіць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Надоба ’хатнія рэчы, неабходныя гаспадыні’ (карэл., Сцяшк.), ’убранне’ (стаўбц., Нар. сл.), на́даб (надыб) ’патрэба’ (Бяльк.), надобʼе (надобʼя) ’госці’ (чэрв., Нар. лекс.), nadobak, nadobinka, nadobnina ’аздобная рэч, патрэбная рэч’ (Федар.), nadóbnina ’драўніна для вырабу сельскагаспадарчых прылад’ (Арх. Федар.), надобейка ’нагода, падзея’ (Песні сямі вёсак). Укр. надоба ’неабходнасць, патрэба’, надібок ’кавалак дрэва або жалеза, прыдатны для справы’, ’гаспадарчыя прылады’, надібʼя ’рэчы, маёмасць’, рус. надоба ’патрэба, неабходнасць’, надобье ’тс’, надобень ’неабходная ў доме рэч’, польск. nadoba ’хараство, прыгажосць’, ’начынне’, nodobieпрылады’, nadobek ’любы пусты посуд (гаршчок, бутэлька)’, чэш. nádoba ’начынне, посуд’, nádobáпрылады’, славац. nádoba ’посуд’, в.-луж. nadobaпрылады, начынне; даход; багацце’, н.-луж. nadoba ’веліч; дабрабыт; начынне’. Вытворнае ад *doba, гл. даба; першасная форма, відаць, надабе (гл.), што ўяўляе спалучэнне прыназоўніка на з формай дав., месн. скл. адз. л. ад названага назоўніка са значэннем ’на часе, у (патрэбны) час’, адкуль развілася форма надоба ’патрэба, неабходнасць’ і іншыя, больш канкрэтныя значэнні, што ўскосна пацвярджаецца і больш ранняй фіксацыяй прыслоўя ў помніках пісьменнасці. У якасці чэхізма ў Скарыны разглядаецца надобье ’пасуда’ (Булыка, Лекс. запазыч., 206), што неабавязкова, паколькі такая форма і семантыка прадстаўлены ў гаворках. З большымі падставамі ў якасці запазычання, відаць, з польскай мовы можна разглядаць вытворнае ст.-бел. надобный ’прыгожы, зграбны’ (з XVI ст., Жураўскі, SOr, 10, 40; Булыка, Лекс. запазыч., 194), бо, як паказвае семантычная паралель польск. śliczny, чэш. sličný ’падобны, прыгожы’, такое развіццё значэння характэрна для заходнеславянскіх моў (Машынскі, Kultura, II, 1, 101). Зрэшты, некаторыя этымолагі адрозніваюць аманімічныя зыходныя словы і іх вытворныя ад кораня dob‑: doba ’спосаб, від’ (сюды адносяць і падобны, надобны, аздобны і г. д.) і doba ’часавы перыяд’, да якога трэба аднесці астатнія пералічаныя формы (Махэк₂, 121–122; Бязлай, 1, 105). У адпаведнасці з гэтым у якасці зыходнай формы для надоба ’прылада; пасуда’ дапускаецца зборны назоўнік *nadobьje ’патрэба, неабходнасць’, з якога шляхам сінгулярызацыі ён быў утвораны (Махэк₂, 387; Шустар-Шэўц, 13, 980).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рукая́тка, ‑і, ДМ ‑ятцы; Р мн. ‑ятак; ж.

1. Частка якой‑н. прылады (ручнога інструмента, зброі і пад.), за якую трымаюцца пры карыстанні. Рукаятка адвёрткі. Рукаятка кінжала. Рукаятка гранаты. □ [Пятро] дастаў з кішэні пісталет, да болю сціснуў шурпатую рукаятку. Шамякін.

2. Частка машыны, прыбора, за якую бяруцца рукою для перамяшчэння, пераключэння, павароту і пад. Раптам .. [Галіна] схапілася за рукаятку і сцішыла ход паравоза. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВЕ́НЗАЎШЧЫНА,

2 каменныя могільнікі каля в. Вензаўшчына Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. На могільніку канца 10—12 ст. магілы купалападобна абкладзены камянямі ў 3—4 слаі, на могільніку канца 10—15 ст. — у 1 слой. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў ямах (нябожчык абкладзены дошкамі або ў дамавіне), трапляецца трупаспаленне. Пахавальны інвентар: прылады працы, зброя, шматпацеркавыя скроневыя кольцы, сярэбраныя, бронзавыя і медныя ўпрыгожанні, фрагменты керамічнага ляпнога і ганчарнага посуду, цэлыя гаршкі.

т. 4, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТАРЭ́Я ў тэхніцы,

аднолькавыя прылады, прыстасаванні ці збудаванні, аб’яднаныя ў адзіную сістэму (устаноўку) для сумеснага больш эфектыўнага дзеяння. напрыклад, коксавая батарэя — шэраг коксавых печаў для сухой перагонкі каменнага вугалю ў кокс; радыятарная батарэя — злучаныя ў адно ацяпляльнае прыстасаванне радыятары; ахаладжальныя батарэі — сістэмы труб (гладкіх ці з рэбрамі), у якіх выпараецца холадагент або працякае халадзільны раствор. Пашыраны электрычныя батарэі — кандэнсатарныя (з кандэнсатараў), акумулятарныя (з акумулятараў) і з інш. хімічных крыніц току.

т. 2, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)